epub
 
падключыць
слоўнікі

Францішак Багушэвіч

Быў у чысцы!

Раз у дзень задушны*, якраз апаўночы,

Іду я дадому... а цёмна і ўюга -

Не каб заліўшы саўсім ужо вочы,

Але так, у меру падвыпіўшы туга;

Іду і мяркую: ці то цяпер шчасце,

Як паноў не стала, ці то была доля?

І лічу на пальцах: паншчызны дванасце,

А гадоў да трыццаць, як настала воля...

Там быў аконам, камісар і цівун,

Намеснік, ляснічы, хмістрыня, паны.

І кожны меў права узяць за бізун,

І кожны меў права да нашай спіны...

А цяпер?.. Ой, штосьці кепска выходзе,

Цяпер ці не болей настала паноў,

Не надта свабодна у гэтай свабодзе.

І давай я лічыць паноў новых зноў:

Стараста, соцкі, пісар, старшына,

Пасрэднік, ураднік, асэсар і суд,

З'езд міравы, прысутства і сход...

Аж паднялася са страху чупрына,

Аж пальцаў не стала на весь гэты шчот.

А пальцамі ж трэба карміць гэты люд!..

Іду... калі, шусць, як маланкай спаліць,

Стаіць, так якраз, што умёр, аканом.

Прыгледжуся - ён, тыкі ён і стаіць,

І стрыжаны ж вус, і стаіць з бізуном...

Схудаўшыся толькі: скура ды косць.

А белы весь чыста, белы, як снег,

Толькі на сэрцы плямачкі ёсць

І плямкі на пальцах - мусіць, то грэх?..

«Браціку, - кажа, - браце Мацей!

Ратуй маю грэшную душу

З чысца*, з рук подлых чарцей,

Альбо навекі загінуць я мушу!

Дваццаць пяць лет, што у чысцы я пёкся,

Усе грахі выбыў, усіх жа адрокся,

Толькі на сэрцы вот грэх, як смала,

Прыліп да мяне і не змыты;

То за жонку тваю: саграшыў, як жыла,

За цябе, што нявінне быў біты.

Ох, ідзі ты са мной, зачарпнуўшы вады,

Аж да чысцу таго, аж на дне,

І выбач ты мяне, што як быў малады,

Твая жонка-краса спадабалася мне.

І палій ты вадой мне на сэрца, Мацей,

Буду Бога маліць за цябе, за дзяцей!»

Я заплакаў з жалю, але думаю: досць

Нацярпеўся і ён, балазе што жывы,

Гэтак ссох ад агню - толькі скура ды косць.

Пайду ў чысцец я той, пагляджу на дзівы!

          І дзівы ж, браце мой, у тым чысцу, але!

Чэрці кормяць смалой і гатуюць ў смале,

І цягаюць, і рвуць, запрагаюць у воз,

Кручком цягнуць кішкі і зубамі за нос,

Вочы колюць ражном, пазурамі рвуць твар,

Скрабуць скуру нажом, як на боты тавар.

І каго ж тут няма? - тут і пан, і жабрак,

Ганарал і салдат, аканом і мужык.

А што баб і дзявок - сказаць так -

Ўтрое больш, як мужчын ёсць на лік.

Хто за што, а як баб - дык найбольш за язык.

Языкі ж даўжыні - так, як добры ручнік.

Іх і паляць смалой, і нажамі скрабуць,

І ніяк дабяла прапаліць не магуць.

Надта шмат маладых, што дурылі мужоў;

Чараўніц, а і зводняў старых,

Тут я шмат і знаёмых найшоў,

Але так не чапаў ужо іх.

З мужыкоў тут не надта каб шмат,

А ўсё больш дык багатых паноў.

На зямлі адцярпеўшы, наш брат

На той свет, як па масле, пайшоў.

А панам дык і трудна цярпець

Без прывычкі, дык стогнуць, аж страх!

Глянеш, пан, як, здаецца, мядзведзь,

А чорт дышлам запрог і трах-тарарах,

Бічам б'е, ражном пора у тыл,

Морду круце набок і за кудлы трасе;

Стук і крык, аж віхор круце пыл,

Так пан чортавы воз той нясе.

Там паны і муруюць й аруць,

Вымятаюць і свінні пасуць,

А смалу дык, як мёд, там жаруць,

А камення, як горы, нясуць, -

Усё ў пекле каб дно як зрабіць,

А ўсё толку няма іх работы нігдзе:

Тут яны робяць усё, абы збыць,

І там ім гэтак работа ідзе.

Я ж то думаў, што ксяндзоў тут няма.

Калі зірк! аж і ксёндз тут сядзіць:

Чорт яго аблажыў грашыма,

Запаліў у грашах тых, і ксёндз так гарыць.

А другі дык вісіць, але як? -

Дык і стыдна мне вам гаварыць,

А са стыду чырвоны, як рак,

Вочы жмура, як кот, і гарыць.

А тут баба яго так кляне

Ды так лае з астатніх жа слоў,

Што, каб гэтак хто лаяў мяне,

Я б яго з свету даўно перавёў.

Станавы, старшына і тый тут.

Тым дык чорт усё грошы збярэ,

Скруце цвёрды круцель або жмут

Ды ў горла запрэ і даўбешкай пярэ;

Каласірам* ці чым там паліў,

І жмут той у горле агнём запаліў...

Але ж і ёсць там народу, аж цьма!

І роду ўсякага, і стану, і веку,

Хто не жыў на зямлі, таго тут няма;

Няхай Бог сцеражэ там быць чалавеку!

Ледзь я прайшоў аж у тую кануру,

Гдзе аконам Бізуньскі цярпіць.

Чорт і яго запрагае у фуру.

Спацеўшы бедны, а енча: «Дай піць!»

Я брызнуў крапідлам на твар,

Ён аж зрадзеў, як дзіця,

Як хапіўся рукой за той каламар*,

Што ўзяў я з вадой яму для піцця,

Дык высахла зараз вада аж да дна;

Ён стаў такі светлы, як гэты дымок,

Стаў нікнуць, засталася пара адна,

І знік так, як нікне на слоньцы аблок.

Не помню, як выйшаў я з чысцу таго,

Праснуўся у хаце на печы аж днём.

Усе кругом плачуць, не ведаць чаго,

А пале мяне дык так, як агнём!

Трашчыць галава, баляць усе косці,

І надта вады зажадалася піць.

Напіўся і зноў паў я у млосці!..

От давялося ж у чысцы мне быць.

 

 

Каментары

 

Дзень задушны - дзень памяці памерлых, 1 лістапада.

Чысцец - паводле каталіцызму, месца часовай кары за дробныя грахі па смерці чалавека, куды ён трапляе пасля апошняга «Божага суда» і дзе адбывае пакуты; адпакутаваўшы (з дапамогаю родных і блізкіх, якія ў гэты час моляцца за душу нябожчыка), ён трапляе на неба.

Каласір - газа.

Каламар - чарніліца; тут у сэнсе конаўка або іншая пасудзіна.

 


1886-1891?

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае