epub
 
падключыць
слоўнікі

Францішак Багушэвіч

Хрэсьбіны Мацюка

Калісь, як у нас казакі-то стаялі,

У «шнурах» за горкай раз мяне спаткалі.

Сказаў «пахвалёны», а яны смяюцца,

Адзін штось спявае, іншы дзьме на дудца,

А старшы скіпеўся: «Ты што за адзін?»

Думаю: хто ж я? - ужо ж Юркаў сын!

«Тутэйшы, - кажу я, - свой чалавек:

Сын бацькі свайго, а бацька дзяцей,

Тут і радзіўся, тут жыву век;

Юркам зваць бацьку, я дык Мацей.

Вун гдзе і хата, і выган, і сад;

Там жнець мая жонка, а тут гарэць брат!..»

          Ён кіпіць горай, пытаючы, лае,

Крычыць, і б'ецца, і ў твар штурхае.

«Да хто ты, да хто ты, ці рускі, ці не?»

Я дай круціцца туды і сюды,

Думаю: што б тут сказаць яму мне?

«Я не нашу, - кажу, - барады».

«Да ты, - ён кажа мне, - веры якой?

Ці ты праслаўны, ці ты - паляк?»

«А дайце ж, паночку, - кажу, - мне пакой,

Да я ж тутэйшы, я ж казаў так!..»

          Як сцебане, пракляты, мяне, -

Аж у вачах чырвона здалося!

Каб я ж чым-кольвек ў якой віне,

А то не ведаць, скуль узялося?

Я кажу гэтак: «Калі ж ужо так,

Што васпан б'ешся без дай прычыны,

То, мусіць, і праўда, што я і паляк

І буду паляк я ад гэтай гадзіны!..»

          Ну і далі ж мне добра на знак:

Цягнулі, біўшы, у Замаслаў*,

Каб помніў крэпка, што я паляк,

Каб і вам гэта здарэнне сказаў!

          Тое прайшлося, пайшлі і казакі,

Калі пад восень завуць нас у збор.

«Прыехаў, - кажуць, - начальнік такі,

Сам князь Хаванскі, ідзіце у двор!»

Трэба ўсё кідаць (хоць святам было).

          Народам, як макам, весь двор заліло:

Князь у палетах, васолы такі!

«Эх, - кажа, - рыбяты! - вы дуракі,

Што ў рускай зямлі ды каталікі!

Ну, цар вас прымае ў сваю веру;

Дасць зямлі многа!.. Вы на паперу

Тут падпішыце, а поп пасвенце, -

Будзе ўсё добра, усюды пашэнце.

Ну, братцы, вып'ем па чарцэ усе;

Бацюшка крыж і крапідла нясе!»

          Мы ж толькі зірк адзін на другога,

Маўчым, трасёмся, не кажым нічога:

Ён Міруна за плечы узяў,

Вядзець да стала, гарэлкі падаў:

«Пій на здароўе і так пішы:

- Вот сабраліся дзве тысяч душы;

Рускую веру хочым прыняць,

Каб каталіцкай не ведаць, не знаць...»

          Мірун папярхнуўся, як хуста, збялеў,

Глянуў на ўсіх, на мяне паглядзеў.

«Як, - кажа, - людзі, так, - кажа, - я,

Спытайце, - кажа, - вун Мацяя;

Як ён ды скажа перавярнуцца,

Дык усе вёскі на яго здадуцца».

          Цягнуць мяне да таго князя,

А тут аж мурашка за скурай лазе.

«Ну што, маладзец, нап'ёмся водкі?»

Даець мне грошы, такі салодкі:

Усё гавора, радзе, пытае,

Жонку цалуе, дзяцей гайдае.

«Ну што ж, надумаўся, гатоў?..»

«Надумаўсь, - кажу, - каб сто катоў

Дралі мне скуру, пяклі на агню,

Я веры сваей тыкі не змяню!»

          Іх! закіпеў той князь, аж зароў,

Аж вылупіў вочы, счырванеў ён, як кроў...

«Розаг падайце, нагаек, сто лоз!

Ён з веры смяецца мне тут пад нос!»

          Хапілі мяне якісьць гайдукі,

І розаг падалі чатыры пукі,

І б'юць - не баліць, хоць за сэрца бярэ:

За што ж ён мне гэта ды скуру дзярэ?!

Як крыкну гэта: «Эй, бійце ж мацней,

Мацнейшы ад веры вашай Мацей!»

          О так-то хрысцілі мяне казакі

З тутэйшага ды у палякі!

 

 

Каментары

 

Замаслаў - мястэчка Жэмаслаў (Жамаслаўе) у колішнім Ашмянскім павеце (цяпер Іўеўскі раён). Вясной і ўлетку 1861 г. тут адбыліся сялянскія хваляванні, якія скончыліся сутычкай з войскам; непакорлівых цягнулі на пакаранне ў Замаслаў, дзе стаялі казакі. У Замаслаўі жыў Багушэвічаў знаёмы Казімір Умястоўскі.

 


1886-1891?

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае