Францыск Скарына

Прадмова да кнігі «Эклізіяст»

Прамудры Саламон, цар Ізраілеў, напісаў тры кнігі. Першая па-яўрэйску завецца «Маслотг», па-грэчаску — «Парабале», па-латыні — «Правербія», а па-руску — «Прытчы Саламонавы». Другая кніга, якую ён напісаў, па-яўрэйску завецца «Каелеф», па-грэчаску — «Эклезіяст», па-латыні — «Канцыянатар», па-руску — «Зборнік». Трэцяя кніга цара Саламона завецца «Сіра-Сірым», па-латыні — «Канцікум-Кантыкорум», а па-руску — «Песня Песняў».

У першай сваёй кнізе, якая вядома пад назвай «Прытчы», піша Саламон аб навуцы для моладзі, аб тым, як усе бацькі павінны вучыць сваіх дзяцей адзінаму, хаця і кожнага паасобку. Пра гэта напісаў я шырэй у прадмове да самой кнігі «Прытчы Саламонавы».

У другой кнізе, называемай «Эклезіяст», або «Зборнік», дае Саламон навуку, якая патрэбна ўсім людзям, дасягнуўшым паўналецця. Ён напамінае кожнаму аб марнасці, цяжкасцях і бедах зямнога жыцця.

Як вядома, усе людзі на свеце скіроўваюць свой розум і сэрца на пэўныя рэчы. Адны — на царствы і панаванне. Другія — на багацці і скарбы. Трэція — на мудрасць і навуку. Чацвёртыя — на цялесную моц і прыгажосць. Пятыя — на набыццё маёмасці і шматлікіх статкаў. Шостыя — на шчодрыя яствы і неўтаймаваныя пралюбадзействы. Іншыя — на дзяцей, на сяброўства, на службу, на вайсковыя доблесці і многія іншыя рэчы. Такім чынам, кожны чалавек мае штосьці такое, што больш за ўсё астатняе яму даспадобы. Асэнсаваўшы ўсё, прамудры Саламон, як у люстэрку, паказаў у сваёй кнізе кароткімі выслоўямі гэтыя рэчы. Вось які галоўны вывад зрабіў ён у канцы: «Марнасць над марнасцю, усё марнае, нават — прыцясненне духоўнае!»

У гэтай кнізе мы зможам падрабязна пазнаёміцца з тым, што гаворыць цар Саламон аб людскіх мыслях і схільнасцях. Так, у адным месцы ён, напрыклад, піша: «Няма нічога лепшага, чым ежа, пітво і дабро для душы сваёй», а ў іншым — наадварот: «Лепей пайсці ў дом плачу, чым у дом піравання». I яшчэ піша: «Няма вялікай розніцы паміж мудрым і невукам, бо ўсё роўна канец у абодвух аднолькавы». А ў іншым месцы гаворыць супрацьлеглае: «Як свет пераўзыходзіць ноч, так мудры - невука. Мудры мае духоўныя вочы -свой розум, а неразумны - у цьме блукае». I аб іншых рэчах у гэтай кнізе Саламон піша супярэчліва. Прычынай гэтых разыходжанняў з'яўляецца тое, што думкі і схільнасці у розных людзей бываюць розныя: адзін любіць адно, таму і ўхваляе гэта, а другі, наадварот, - супрацьлеглае. Але ўсе прывязанасці людскія і іх ідэйную адданасць цар Саламон палічыў марнасцю і прыцясненнем душы. На заключэнне гэтае кнігі ён выявіў свой розум, калі гаварыў: «Канец гаворкі ўсе разам паслухайце: Бога бойся і запаведзі яго зберажы, тады будзеш сапраўды дасканалым чалавекам!»

Называецца гэтая кніга «Зборнік» таму, што не для нейкага аднаго чалавека напісана, а для ўсяго збору людзей і выяўляе прывычкі і прывязанасці не аднаго чалавека, а ўсяго збору. Менавіта з гэтай прычыны і завецца яна - «Кніга-Зборнік».

Канец прадмовы.




Крыніца: Беларуская літаратура : хрэстаматыя / [складальнікі: У. В. Адамчык, М. В. Адамчык]. - Мінск : Сучасны літаратар, 2004. - 1007 с.

Беларуская Палічка: http://knihi.com