epub
 
падключыць
слоўнікі

Франсуа Рабле

Гарганцюа і Пантагруэль

(Урыўкі)

Раздзел І
Раздзел XXV
Раздзел XXVI
Раздзел XXVII
Раздзел XXVIII


 

Раздзел І

Пра генеалогію і старажытнасць роду Гарганцюа

 

Усіх, хто хоча пазнаёміцца з генеалогіяй Гарганцюа і запэўніцца ў старажытнасці яго роду, я адсылаю да вялікай Пантагруэльскай хронікі. З яе вы болей падрабязна даведаецеся, як узніклі на свеце першыя волаты і як па простай лініі ад іх пайшоў Пантагруэлеў бацька Гарганцюа; а зараз, няхай гэта вас не ўгнявіць, я не буду асобна спыняцца на гэтай гісторыі, хоць сама па сабе яна і такая, што чым часцей пра яе ўспамінаць, тым больш яна вашым імасцям была б даспадобы. [...]

Дай Божа, каб кожны гэтак дакладна ведаў свой радавод ад Ноевага каўчэга да нашых дзён! Мне ж думаецца, што шмат хто з цяперашніх імператараў, каралёў, герцагаў, князёў ды папоў паходзяць ад якіх-небудзь нікчэмных шалапутаў ды шалахвостаў і, наадварот, шмат гаротных і ўбогіх старцаў у багадзельнях ёсць кроў ад крыві і плоць ад плоці вялікіх каралёў і імператараў...

Што ж датычыць мяне, дык я, пэўна ўжо, паходжу ад якога-небудзь заможнага караля ці князя, які жыў у старадаўні час, бо ва ўсім свеце не знайсці чалавека, якому больш за мяне карцела б стаць каралём і забагацець, каб увесь час банкетаваць, ніколі не працаваць, не мець жаднага клопату і толькі шчодра адорваць сяброў і ўсіх сумленных ды разумных людзей. Пакуль жа я суцяшаю сябе тым, што ў іншым свеце я ўжо абавязкова каралём стану, ды яшчэ такім вялікім, што цяпер і падумаць страшна. Прыдумайце ж і вы сабе такую ці нават якую яшчэ лепшую ўцеху ў сваім няшчасці. [...]

У гэтай кніжцы і была змешчаная памянёная радаслоўная, цалкам запісаная канцылярскім курсіўным пісьмом, але не на паперы, не на пергаменце і не на васкаванай таблічцы, а на кары маладога вяза, якая, зрэшты, так спарахнела, што на ёй цяжка было разабраць нават тры літары запар.

Я, ваш нікчэмны раб, быў туды кліканы і, узброіўшыся акулярамі ды прыкладаючы ўсё майстэрства чытаць адсутныя літары, якому нас навучаў Арыстоцель, усё аднавіў і пераклаў, як вы гэта самі зможаце ўбачыць, калі пачняце пантагруэльнічаць, ці, іначай кажучы, папапіваць гарэлачку ды папачытваць аб прыжахлівых дзеях Пантагруэлевых.

У канцы той кніжачкі быў дададзены невялічкі трактат пад назваю Жыватворныя забаўкі. Пачатак гісторыі пашкамуталі пацукі ды прусакі, а можа (каб толькі не схлусіць), яшчэ якія шкадлівыя жывёліны, а рэшту я, праз пашану да старадаўнасці, прыкладаю тут цалкам. [...]

 

 

Раздзел XXV

Пра тое, як паміж прасначнікамі з Лернэ і сялянамі Гарганцюа ўсчалася звада, якая паклала пачатак вялікім войнам

 

Тымі днямі, калі настала пара збіраць вінаград, - а было гэта на пачатку восені, - пастухі з земляў Гарганцюа выйшлі даглядаць вінаграднікі ды пільнаваць, каб шпакі не дзяўблі свежых ягад.

На той самы час па бальшаку з Лернэ ехалі прасначнікі, якія на дзесяці ці дванаццаці калёсах везлі да горада праснакі.

Пастухі ветліва папрасілі ў іх прадаць праснакоў - за грошы ды па базарнай цане...

Але просьба пастухоў не сустрэла ў прасначнікаў ніякай спагады - наадварот, яны пачалі бэсціць іх самымі гнюснымі словамі, называючы бяззубымі галадранцамі, рудымі блазнамі, шалудзівымі бугаямі, круцялямі, вісусамі, крывадушнікамі, невукамі, ласунамі, пузанамі, выхвалякамі, няздарамі, хамуламі, пранырамі, абібокамі, цюхцяямі, фертамі, пустабрэхамі, лотрамі, доўбнямі, барыламі-дурыламі, ёлупнямі, абэлтухамі, пудзіламі гарохавымі, выхрыстамі... ды іншымі крыўднымі эпітэтамі, дадаўшы пры гэтым, што не з іхнімі храпамі частавацца такімі смачнымі праснакамі, а няхай, маўляў, душацца хлебам з макухаю ды паловаю і будуць задаволеныя.

На такія абразы адзін пастух, на імя Фарж'е, хлопец сам з сябе вельмі паважны ды знатны, далікатна адказаў:

- Скуль гэта вы такой пыхі набраліся, што ў вас мухі ў носе завяліся? Далібог, раней колькі заўгодна нам прадавалі, а цяпер адмаўляецеся. Так добрыя суседзі не робяць, і мы так з вамі не абыходзімся, калі вы прыязджаеце купляць нашую цудоўную пшаніцу, з якой выпякаеце свае праснакі ды пірагі. А мы яшчэ хацелі былі даць вам нашага вінаграду ў дадатак. Ну ўжо не. Каб мне Бог не памог, калі вам не давядзецца пашкадаваць: будзеце вы яшчэ мець з намі справу, тады і мы абыдземся з вамі гэтак жа. Дасца вам усё гэта ў знакі!

На гэта Маркэ, вялікі жазланосца з цэху прасначнікаў, сказаў яму:

- Нешта ты зранку сёння дужа грэбень свой натапырыў. Мусіць, нанач проса аб'еўся. Ану-ану, хадзі сюды, зараз я табе дам праснака!

Нічога не падазраючы, Фарж'е падышоў да яго і выняў з-за пояса манету ў дванаццаць дэн'е, думаючы, што Маркэ ў адказ дасць яму з торбы праснак. Але той замест гэтага так моцна выцяў яго па нагах пугай, што ў небаракі ажно пісягі павыступалі. Маркэ тут жа хацеў быў падмазаць пяты, але Фарж'е, загаласіўшы: «Забіваюць!» - з усяе, колькі было, сілы запусціў у яго таўшчэзнаю дубінаю, якую трымаў пад пахай, і пацэліў у самае шво лобнае косці. [...]

Тым часам хутаране, якія непадалёк латашылі арэхі, збегліся са сваімі даўжэзнымі жардзінамі і пачалі малаціць прасначнікаў, як недаспелае жыта. Пастухі з пастушкамі, пачуўшы крыкі Фарж'е, таксама прыбеглі са сваімі рагаткамі ды прашчамі і кінуліся за прасначнікамі, засыпаючы іх градам камянёў. Урэшце яны прасначнікаў дагналі і забралі ў іх праснакоў тузінаў чатыры ці пяць; праўда, пры гэтым яны ім заплацілі па звычайнай цане, а ў дадатак надавалі яшчэ добрую сотню арэхаў ды тры кашы белага вінаграду. Тады прасначнікі дапамаглі цяжка параненаму Маркэ ўзлезці зноў на кабылу і памалу рушылі, але ўжо не ў Парылье, а назад у Лернэ. А напаследак яшчэ пракрычалі сэгейскім ды сынэйскім пастухам і хутаранам нейкія страшныя і рашучыя пагрозы.

А пастухі і пастушкі, застаўшыся адны, дадушы паласаваліся праснакамі з цудоўным вінаградам ды пачалі весяліцца-гуляць пад гукі валынкі, пасміхаючыся з фанабэрыстых прасначнікаў, якія добра зарабілі на абаранкі, бо ўсталі, відаць, не з тае нагі. Фарж'е тым часам дбайна абмылі ногі сокам турэнскага вінаграду, і ўсё ў яго адразу прайшло.

 

 

Раздзел XXVI

Пра тое, як лернэйцы пад камандаваннем свайго караля Пікрахола нечакана напалі на пастухоў Гарганцюа

 

Вярнуўшыся ў Лернэ, прасначнікі адразу, не піўшы, не еўшы, скіраваліся ў Капітолій да свайго караля Пікрахола Трэцяга і склалі перад ім скаргу, паказваючы свае паламаныя кашы, патаптаныя капелюшы, пашкуматаныя плашчы ды рассыпаныя праснакі, а галоўнае - моцна параненага Маркэ, заявіўшы, што ўсё гэта ўчынілі ім пастухі і хутаране Гарганцюа на бальшаку непадалёк ад Сэйі.

Гэтая навіна страшэнна караля разлютавала, і ён, нават не распытваючы далей ні як, ні чаму, загадаў абвясціць па ўсёй краіне пагоню, каб кожны, і стары і малы, пад страхам павешання з'явіўся апоўдні са сваёю зброяй на плошчу перад каралеўскім палацам. [...]

Калі ж войска збольшага ўшыкавалася, было вырашана, перад тым як выступаць у паход, паслаць наперад атрад лёгкай кавалерыі з трохсот коннікаў пад камандаю военачальніка Разявака, каб яны агледзелі мясцовасць ды высветлілі, ці няма дзе якой засады. Але старанная разведка паказала, што вакол пануюць цішыня ды спакой і ніякіх вайсковых злучэнняў не выяўлена. Пачуўшы гэта, Пікрахол даў загад зараз жа выступаць кожнаму пад сваёй харугвай. Тут адразу ўсё перамяшалася, і войска без складу і ладу паваліла па палях, ломячы й нішчачы ўсё на сваім шляху, не шкадуючы ні беднага, ні багатага, ні храмаў, ні сялянскіх хат; яны цягнулі за сабою быкоў, кароў, валоў, цялят, цялушак, авечак, бараноў, коз і казлоў, курэй, каплуноў, куранят, гусянят, гусей, гусакоў, вепрукоў, свіней і парасят, латашылі арэхі, абдзіралі вінаград, зносілі з сабою цэлыя лозы і абтрасалі ўсе пладовыя дрэвы. Няма з чым параўнаць, якія разруху і вэрхал яны ўчынялі, але ніхто ім ніяк не супраціўляўся; усе сяляне адразу здаваліся ім на літасць і прасілі толькі аднаго: каб пераможцы абыходзіліся з імі па-людску, прымаючы пад увагу, што яны спрадвеку былі ім добрымі і дружнымі суседзямі і ніколі не ўчынялі ніякай абразы ні крыўды, каб вось гэтак знячэўку цярпець гэткія здзекі, але ж Божанька ўсё бачыць і за ўсё іх пакарае. У адказ на такія папрокі і перасцярогі ваякі адказвалі сялянам, што яны, маўляў, прыйшлі навучыць іх, як праснакі есці.

 

 

Раздзел XXVII

Пра тое, як адзін манах з Сэйі ўратаваў манастырскі сад ад варожых рабункаў

 

Гэтак шалеючы ды лютуючы, крадучы ды рабуючы, дабраліся яны да Сэйі, дзе пачалі абдзіраць ды абабіраць мужчын і жанчын і хапаць усё, што траплялася пад руку: нічога яны не цураліся і нічым не грэбавалі. [...]

Разрабаваўшы такім чынам мястэчка, войска з жудасным грукатам рушыла да манастыра, але манастыр аказаўся з усіх бакоў зачынены на замкі ды запоры, і таму галоўныя сілы выступілі далей, да Вэдскага броду, а сем дружынаў пяхоты і дзвесце коннікаў з дзідамі засталіся, каб праламаць манастырскія муры ды, залезшы ў сад, спляжыць усе вінаграднікі. [...]

Быў на той час у манастыры адзін манах, празываны братчык Жан Бікрышы, чалавек малады, абыходлівы, жыццярадасны, спрытны, адважны, бясстрашны, рашучы, высокі, хударлявы, не абдзелены глоткаю, не пакрыўджаны носам, майстар адсмаліць імшу, адчасаць ютрань ды адшпарыць нешпар, - адным словам, самы сапраўдны манах, якога бачыў свет з тае пары, як пачаў па-манаску манахамі абманашвацца. А яшчэ дадамо, што кантычку ён ведаў усю як ёсць назубок.

І вось, калі гэты самы манах пачуў шум, які ўтваралі ў манастырскім садзе ворагі, і выйшаў паглядзець, што ж там такое, ён убачыў, што злодзеі абдзіраюць вінаград, ад якога залежыць увесь гадавы манастырскі запас віна. Тады ён што было духу паляцеў назад да касцёла. [...]

Тут наперад выступіў ігумен.

- Што тут робіць гэты п'янюга? - сказаў ён. - Ану, кіньце яго ў вязніцу. Як можа ён замінаць, калі мы славу Богу пяем?!

- Але, Вашая правялебнасць, - адказаў манах, - якраз тады мы, слава Богу, пап'ем, калі нам ніхто замінаць не будзе... З чаго, скажыце, у час жніва і збору вінаграду нашыя набажэнствы кароткія, а ўзімку доўгія? Добрай памяці брат наш Масэ Пэлюс, шчыры руплівец нашае веры (каб мяне чэрці ўбрыкнулі, калі я хлушу), тлумачыў мне, як прыгадваецца, прычыну гэтага тым, што ўлетку і ўвосень мы выціскаем сок і робім віно, а ўзімку гэтым віном частуемся.

Дык слухайце, шаноўныя, усе, хто аматар да выпіўкі: з намі Бог - за мной! [...]

З гэтымі словамі ён скінуў з сябе габіт і ўхапіў здаравенную пярэчыну ад рабінавага крыжа - яна была даўжэзная, як кап'ё, таўшчэзная, як добры кулак, і сям-там размаляваная лілейкамі, якія, праўда, ужо амаль сцерліся. І так, у адным падрасніку, павязаўшы габіт цераз плячо і патрасаючы пярэчынаю ад крыжа, ён неспадзеўкі рынуўся на ворагаў, якія, страціўшы баявы парадак, без сцягоў, без трубаў ды бубнаў абдзіралі сабе ў садзе вінаград: значканосцы са сцяганосцамі папрыпіралі свае значкі ды сцягі да мура, бубначы папрапорвалі з аднаго боку бубны, каб было куды ссыпаць вінаград, а ўсе трубы былі напханыя цэлымі гронкамі - ворагі разбрыліся па садзе каму куды собіла. І тут на іх без ніякага папярэджання са страшэннаю сілаю наляцеў манах; асабліва не разводзячы цырымоніяў, ён пачаў пярэсціць злоснікаў па чым давядзецца і раскідаць іх, як куранят. [...]

А калі хто з былых знаёмцаў крычаў: «Гэй, братка Жан, дружа добры! Братка Жан, я здаюся!» - таму ён адказваў: «А дзе ты дзенешся! Але здавай ужо разам і душу сваю ўсім чарцям!» - і адным махам яго агаломшваў.

Калі ж раптам трапляўся хто трошкі смялейшы і спрабаваў з ім падужацца, тут ужо ён паказваў усю моц сваіх цягліц... Паверце, відовішча было найжахлівейшае з усіх, якія калі-небудзь даводзілася ўбачыць.

Адны крычалі: «Святая Барбара!»

Другія: «Святы Юрый!»

Трэція: «Святая Незачэпа!»

Чацвёртыя: «Маці Боская Кюноская! Ларэцкая! Дабравесніца! Ленуская! Рыўерская!»

Адны прасілі ратунку ў святога Якуба.

Другія - у шамберыйскае плашчаніцы, якая, дарэчы, трыма месяцамі пазней згарэла, так што і нітачкі ад яе ўратаваць не ўдалося.

Трэція - у кадуінскіх мошчаў.

Чацвёртыя - у святога Яна Анжэрыйскага. [...]

Адны паміралі, не гаворачы, другія гаварылі, не паміраючы. Адны паміралі і гаварылі, другія гаварылі і паміралі...

Пачуўшы голасны лямант параненых, ігумен з усімі манахамі выйшлі ў сад, і, убачыўшы бедных-няшчасных, што ляжалі сярод вінаграднікаў і гатовыя ўжо былі выпусціць з цела душу, яны ўзяліся некаторых з іх спавядаць. А пакуль духоўнікі прабаўляліся споведзямі, маладыя паслушнікі пабеглі да братчыка Жана і папыталіся, ці могуць яны чым-небудзь яму дапамагчы. [...]

Братчык Жан тым часам са сваёю пярэчынаю дабраўся да пралому, зробленага непрыяцелем. А паслушнікі, хто ўвішнейшы, пачалі расцягваць сцягі па келлях, каб пасля зрабіць сабе з іх падвязкі. Калі ж тыя, хто спавядаўся, хацелі шмыгануць у пралом, братчык Жан адным ударам уходваў іх, прымаўляючы:

- Хто спавядаўся, пакаяўся і дастаў даравання грахоў, таму простая дарога ў рай - нацянькі два дзянькі ды пасля ўлукаткі.

Так дзякуючы яго адвазе была пагалоўна вынішчаная частка варожага войска, якая пранікла ў сад, а было ў ёй трынаццаць тысяч шэсцьсот дваццаць два чалавекі, і гэта, як ужо яно павялося, без уліку жанчын і дзяцей.

Сам пустэльнік Мажыс, пра якога пісана ў Подзвігах чатырох сыноў Эмонавых, не выявіў такой мужнасці, ідучы са сваім посахам на сарацынаў, якую паказаў братчык Жан, выйшаўшы супраць ворагаў з пярэчынаю ад крыжа.

 

 

Раздзел XXVIII

Пра тое, як Пікрахол прыступам узяў Лярош-Клермо, і пра тое, як цяжка і горка было Грангузье пачынаць вайну

 

Тым часам як братчык Жан, згодна з вышэй апісаным, дубасіў ворагаў, што ўлезлі ў манастырскі сад, Пікрахол з вялікай паспешнасцю перайшоў са сваімі людзьмі Вэдскі брод і аблажыў Лярош-Клермо, дзе, зрэшты, ні ад кога не сустрэў ніякага супраціву; а таму, што пачынала ўжо цямнець, ён вырашыў пераначаваць з усім войскам у гэтым горадзе ды даць крыху суцішыцца свайму гнеўнаму свербу.

Раніцай ён узяў прыступам абарончыя валы і гарадскі замак і пачаў яго як след умацоўваць ды забяспечваць усімі патрэбнымі прыпасамі, вырашыўшы - на той выпадак, калі раптам на яго нападуць, - абсталяваць тут сабе прытулак, бо месца гэтае дзякуючы свайму становішчу і размяшчэнню мела не толькі збудаваныя, але і натуральныя ўмацаванні.

Тут мы яго пакуль што пакінем, а самі вернемся да нашага добрага Гарганцюа, які рупліва вывучае ў Парыжы навукі ды ў прамежках займаецца атлетычнымі практыкаваннямі, і да ягонага бацькі Грангузье, які пасля вячэры якраз сядзіць цяпер і грэе задніцу каля вясёлага, светлага і цёплага агню ды чакае, пакуль падпражацца каштаны, выводзячы нешта на падлозе каля агменю абгарэлым канцом палкі, якой варушаць вуголле, ды баячы жонцы і ўсім сямейнікам пра добрыя старыя часы.

Якраз гэтай парою прыбег да Грангузье пастух, на імя Піло, - з тых, што вартавалі вінаграднікі, - і падрабязна, нічога не выпускаючы, пачаў расказваць яму, якія зладзействы і рабункі чыніць у яго ўладаннях і землях лернэйскі кароль Пікрахол, як ён абабраў, абадраў і спляжыў увесь яго край (апроч Сэйільскага манастыра, уратаванага дзякуючы геройству манаха братчыка Жана Бікрышы) і што цяпер, маўляў, гэты самы Пікрахол засеў з усім сваім войскам у Лярош-Клермо і з вялікай паспешлівасцю яго ўмацоўвае.

- О гора мне, гора! - адказаў на гэта Грангузье. - Што ж гэта робіцца, людцы добрыя? Ці сніцца мне, ці ўсё гэта праўда? Каб мой стары, нязменны мой сябар Пікрахол, з якім нас лучаць сваяцкія і кроўныя повязі, ды раптам на мяне напаў? Ды хто ж яго на гэта штурхнуў? Хто падгаварыў-падбухторыў? Хто яму гэта параіў? Вох-вох-вох-вох-вох! Божа ж мой, Божа Збавіцель, дапамажы мне, навучы ды парай, што мне рабіць! Будзь да мяне літасцівы, бо клянуся-прысягаюся перад табою, што ніколі я не рабіў яму ніякай нялюбасці, ніколі не чыніў ніякага ліха ягоным сялянам, не шкоднічаў у ягоных землях, - наадварот, я заўсёды яму дапамагаў і людзьмі, і грашыма, і прыхільнасцю, і парадай, ва ўсіх выпадках жыцця стараўся быць яму карысны. Відаць, нячысцік яго падаткнуў, калі ён здолеў гэтак мяне пакрыўдзіць. Божа мілы, ты ведаеш усе мае думкі, бо нічога немагчыма ад цябе ўтаіць! Калі выпадкам ён звіхнуўся з розуму і ты накіраваў яго да мяне, каб уставіць яму мазгі, дык дай жа мне сілы і ўмення праз добрую навуку вярнуць яго ва ўлонне тваёй святой волі.

Вох-вох-вох! Людцы мае добрыя, сябры мае і верныя мае слугі, няўжо мне давядзецца дакучаць вам сваімі просьбамі аб дапамозе? Ах ты, гора, маё гора! На старасці год я ўжо толькі пра спачынак і марыў і ўсё жыццё хацеў аднаго - каб вакол былі мір ды спакой. Ды, відаць, давядзецца мне зноў цяпер надзець панцыр на мае чэзлыя, нямоглыя плечы і ўзяць у дрыготкія рукі дзіду і булаву, каб заступіцца і абараніць маіх бедных падданых. Так загадвае мне справядлівасць, бо іхняю працаю я жыву і іхнім потам кармлюся - і я сам, і дзеці мае, і ўсе мае сямейнікі.

І ўсё ж вайны я не распачну, пакуль не выпрабую ўсіх мірных сродкаў і спосабаў, - такое маё рашэнне.

Пасля гэтага ён загадаў склікаць раду, на якой расказаў усё, што да чаго ды як, і было на ёй вырашана паслаць да Пікрахола якога-небудзь разважнага чалавека, каб той даведаўся, з чаго гэта раптам сусед так раз'юшыўся ды захапіў землі, на якія не мае ніякага права, ды паслаць таксама па Гарганцюа з ягонымі прыбліжанымі, каб яны, вярнуўшыся, падтрымалі і абаранілі краіну ў такі цяжкі час. Усё гэта спадабалася Грангузье, і ён пастанавіў, каб так усё і зрабілі.

Зараз жа ён паклікаў свайго лёкая-баска і загадаў, каб той, не марудзячы, выпраўляўся да Гарганцюа ды завёз яму яго, бацькаў, ліст.

 



Пераклад: Зьміцер Колас