epub
 
падключыць
слоўнікі

Ганна Ахматава

Адасабленне

Так шмат камення кінута ў мяне,

Што ні адзін не страшыць, не бянтэжыць,

І стала пастка стройнай вежай мне,

Высокаю сярод высокіх вежаў.

Будаўнікам я дзякуй гавару,

Хай клопат, сум іх болей не хвалюе:

Адсюль – раней страчаю я зару,

Апошніх промняў свет – даўжэй лікуе.

І тут нярэдка з вокнаў і дзвярэй

Заглядвае ў жытло маё барэй,

З далоні падбірае голуб зерне...

А слова запаветнага радка –

Па-боскаму і стрымана, і верна

Дапіша Музы смуглая рука.



Пераклад: Пятро Макарэвіч