epub
 
падключыць
слоўнікі

Гарасьо Кірога

Абскубены папугай

Жыла ў лесе чарада папугаяў. На досвітку яны ляталі на поле паласавацца маладымі кіяхамі кукурузы, а надвячоркам дзяўблі апельсіны. Сваімі крыкамі яны ўтваралі страшэнны гвалт, але заўсёды на сама высокім дрэве ў іх сядзеў папугай-вартаўнік, які пільнаваў, ці не крадзецца хто-небудзь.

Папугаі - такія самыя шкоднікі, што й саранча, бо калі яны дзяўбуць кіяхі, яны раздзіраюць іх, а потым, у дождж, кіяхі гніюць. А таму што смажаныя папугаі вельмі смачныя, пеоны (так называюць сялян у Лацінскай Амерыцы) палююць на іх.

І вось аднойчы адзін чалавек стрэліў ды збіў вартавога папугая, які, нават паранены, доўга яшчэ не даваў сябе ўзяць. Потым пеон занёс яго гаспадаровым дзецям, а дзеці вылечылі яго, бо ў папугая было перабітае толькі адно крыло. Вельмі хутка папугай ачуняў і зрабіўся зусім свойскі. Назвалі яго Пэдрыта. Ён навучыўся падаваць лапу, і яму вельмі падабалася сядзець у людзей на плячы і дзюбаю казытаць ім за вухам.

Жыў ён вольна і амаль цэлы дзень бавіў на апельсінавых дрэвах ды эўкаліптах у садзе. А яшчэ яму падабалася смяяцца з курэй. Калі ж надвячоркам, а чацвёртай ці пятай гадзіне, дома пілі чай, папугай таксама заходзіў у сталовую і, дапамагаючы сабе дзюбай і лапамі, узлазіў па абрусе на стол паесці размочанага ў малацэ хлеба. А болей за ўсё ён любіў чай з малаком.

Пэдрыту вельмі падабаліся дзеці, і яны расказвалі яму столькі рознага, што ўрэшце папугай навучыўся гаварыць. Ён казаў: «Добры дзень, папугайчык!», «Смачная каша!..», «Каша для Пэдрыты!». Казаў ён і яшчэ сёе-тое, ды лепей пра гэта не згадваць, бо папугаі, як і дзеці, вельмі лёгка запамінаюць паганыя словы.

Калі пачынаўся дождж, Пэдрыта натапырваў пёры і ціхенька нешта сам сабе баяў. Калі ж ладзілася пагода, ён лётаў ды крычаў на ўсё горла.

Як бачым, гэта быў зусім шчаслівы папугай. І апроч таго, што ён быў вольны, як гэтага хочуць усе птушкі, ён, як заможныя людзі, таксама а пятай гадзіне піў чай.

І вось, пры ўсім гэтым шчасці, здарылася так, што адным дажджлівым надвячоркам пасля пяці дзён безупыннай залевы ўрэшце выглянула сонца і Пэдрыта залётаў паўсюль ды загарлапаніў:

- Які цудоўны дзянёк, папугайчык!.. Смачная каша!.. Лапу, Пэдрыта!

І паляцеў ён далёка-далёка, аж пакуль не ўбачыў пад сабой унізе раку Парану, якая была падобная на шырокую белую стужку. А ён ляцеў і ляцеў, пакуль нарэшце не сеў адпачыць на дрэва.

І раптам ён убачыў праз галінкі, што на зямлі блішчаць два зялёныя агеньчыкі, быццам два вялізныя светлякі.

«Што гэта? - падумаў папугай. - «Смачная каша!», «Што гэта будзе?», «Дзень добры, Пэдрыта!..»

Папугай заўсёды гаварыў так, як гавораць усе папугаі, - бязладна блытаючы словы, і часам яго цяжка было зразумець. Апроч таго ён быў вельмі цікаўны і, пераскокваючы з галінкі на галінку, пачаў падсоўвацца ўсё бліжэй і бліжэй. І раптам убачыў, што тыя два агеньчыкі - гэта вочы вялікага ягуара, які ўвесь напружыўся і пільна глядзіць на яго.

Але Пэдрыта быў такі задаволены пагодным днём, што зусім не спалохаўся.

- Дзень добры, ягуар! - сказаў ён. - «Лапу, Пэдрыта!»

А ягуар адказаў яму страшным хрыпатым голасам:

- Дзе-нь-доб-ры!

- Дзень добры, ягуар! - паўтарыў папугай. - «Смачная каша!.. смачная каша!.. смачная каша!..»

Ён паўтарыў столькі разоў «смачная каша», таму што было ўжо чатыры гадзіны і яму вельмі хацелася папіць чаю з малаком. Папугай забыў, што лясныя звяры не п'юць чаю з малаком, і таму запрасіў пачаставацца і ягуара.

- Смачны чай з малаком! - сказаў ён. - «Дзень добры, Пэдрыта!» Ці не хочаш папіць са мной чаю, сябра ягуар?

Але ягуар раз'юшыўся - яму здалося, што папугай здзекуецца з яго. Ён быў галодны і захацеў з'есці гаваркую птушку. Ягуар адказаў:

- Доб-ра! Па-ды-дзі тро-хі, я не чу-ю!

Ягуар быў не глухі, ён хацеў, каб Пэдрыта падышоў бліжэй і яго можна было схапіць адным махам. А папугай думаў толькі пра тое, як будзе прыемна прыйсці дадому і піць чай з малаком з такім цудоўным сябрам. Ён пераляцеў на другую галінку, бліжэй да зямлі.

- Дома смачная каша! - зноў крыкнуў ён на ўсё горла.

- Блі-жэй! Не чу-ю! - прахрыпеў у адказ ягуар.

Папугай зляцеў яшчэ трошкі ніжэй і сказаў:

- Смачны чай з малаком!

- Яш-чэ блі-жэй! - паўтарыў ягуар.

Няшчасны папугай падсунуўся зусім блізка, і ў гэтую хвіліну ягуар так высока скочыў, што мог бы пераляцець цэлы дом. Ён зачапіў Пэдрыту кончыкамі кіпцюроў, і хоць забіць яго яму не ўдалося, але ён выдраў у папугая ўсё пер'е на спіне і ўвесь хвост. На хвасце ў небаракі не засталося ніводнага пёрка.

- Вось табе! - рыкнуў ягуар. - Ідзі цяпер, пі сам свой чай з малаком.

Папугай закрычаў ад болю і жаху і паляцеў, але добра ляцець не мог, бо ў яго ж не было хваста, які ў птушак служыць стырном. Ён ляцеў, куляючыся з боку на бок, і ўсе птушкі, якія сустракаліся яму па дарозе, спалохана кідаліся ўпрочкі, убачыўшы такую дзіўную істоту.

Урэшце ён усё ж дабраўся дадому і адразу паляцеў на кухню паглядзецца ў кухарчына люстэрка. Небарака Пэдрыта! Ён быў сама дзіўная й сама брыдкая птушка на свеце - увесь абскубены, бясхвосты, сіні ад холаду. Як ён пакажацца ў сталовай у такім выглядзе? І тады ён вырашыў схавацца ў дупле, што было ў ствале вялікага эўкаліпта. Дупло было велічынёю з цэлую пячору. Ён залез у яго і лёг на дне, дрыжучы ад холаду й сораму.

Тым часам усе ўжо сабраліся ў сталовай і вельмі дзівіліся, што папугая няма.

- Дзе ж гэта Пэдрыта? - казалі яны і клікалі. - Пэдрыта! Смачная каша! Пэдрыта! Пэдрыта! Чай з малаком!

Але Пэдрыта й дзюбы не высоўваў са сваёй пячоры, ён ляжаў ціха, моўчкі і нічога не адказваў. Яго шукалі паўсюль і нідзе не маглі знайсці. І тады ўсе падумалі, што Пэдрыта загінуў. І дзеці заплакалі.

Кожны дзень, надвячоркам, калі наставаў час піць чай, яны ўспаміналі папугая і прыгадвалі, як яму падабаўся хлеб, размочаны ў чаі з малаком. Бедны Пэдрыта! Яны ўжо ніколі яго не ўбачаць, бо ён нежывы.

Але Пэдрыта не памёр, ён сядзеў у сваёй пячоры, нікому не паказваючыся, бо яму было вельмі сорамна, што яго абскублі як нейкае мышанё. Ён вылазіў толькі ўначы, каб пад'есці, і тут жа вяртаўся назад. А на досвітку асцярожна вылазіў зноў і ляцеў паглядзецца ў кухарчынае люстэрка. Але пер'е расло марудна, і гэта кожны раз вельмі яго засмучала.

І вось нарэшце настаў дзень ці вечар, калі ўся сям'я, сабраўшыся за сталом, піла чай, і раптам усе ўбачылі Пэдрыту. Нібыта нічога і не здарылася, той, спакойна перавальваючыся з нагі на нагу, увайшоў у пакой.

- Пэдрыта, папугайчык! - закрычалі яму. - Што з табою здарылася, Пэдрыта?! І якія бліскучыя ў цябе пёры!

Ніхто не ведаў, што пёры ў Пэдрыты - новыя. А Пэдрыта напусціў на сябе вельмі сур'ёзны выгляд і не адказваў ні слова. Ён еў намочаны ў чаі з малаком хлеб і ўвесь час маўчаў.

Тым большае было здзіўленне ў гаспадара дома, калі ранкам наступнага дня папугай падляцеў і, безупынна балбочучы, сеў яму на плячо. За дзве хвіліны ён расказаў гаспадару ўсё, што з ім адбылося: і як ён лятаў у Парагвай, і як сустрэўся з ягуарам, і ўсё астатняе. І ледзь не кожную фразу ён канчаў, напяваючы:

- Ні пёрка ў хвасце ў Пэдрыты! Ні пёрка! Ні пёрка!

А потым ён прапанаваў гаспадару пайсці ўдвух папаляваць на ягуара.

Гаспадар дома якраз збіраўся ў той час купляць ягуаравую шкуру, якую хацеў павесіць над камінам. Таму ён вельмі ўзрадаваўся, што зможа займець яе задарма. Ён зайшоў у хату, узяў стрэльбу і разам з Пэдрытам выправіўся ў Парагвай. Яны дамовіліся, што Пэдрыта, убачыўшы ягуара, адцягне яго ўвагу сваёй балбатнёй, а чалавек тым часам зможа асцярожна падкрасціся да яго са стрэльбай.

Так яны і зрабілі. Папугай сеў на галіну на высокім дрэве і пачаў балбатаць ды балбатаць, паглядаючы па баках, ці не відаць дзе ягуара. І вось пачуўся нарэшце трэск разламанага вецця, і пад самым дрэвам папугай раптам убачыў два ўтаропленыя на яго зялёныя агеньчыкі: гэта былі ягуаравы вочы.

Тут папугай закрычаў яшчэ гучней:

- Цудоўны дзянёк!.. Смачная каша!.. Смачны чай з малаком!.. Хочаш чаю?

Ягуар быў страшна раз'юшаны, убачыўшы, што перад ім той самы абскубены папугай, якога ён лічыў нежывым і які раптам зноў узяўся аднекуль з такімі прыгожымі новымі пёрамі. І ён пакляўся, што гэты раз папугай ужо не ўцячэ! Яго вочы заіскрыліся гнеўнымі маланкамі, і ён адказаў хрыплым голасам:

- Па-ды-дзі блі-жэй! Не чу-ю!

Папугай зляцеў ніжэй і зноў закрычаў:

- Смачна, хлеб з малаком! Ён тут пад дрэвам!

Пачуўшы гэтыя словы, ягуар страшна рыкнуў і ўскочыў на лапы.

- З кім ты га-во-рыш? - прахрыпеў ён. - Ка-му ты ска-заў, што я тут пад дрэ-вам?

- Нікому, нікому! - засакатаў папугай. - Дзень добры, Пэдрыта! Лапу, папугайчык!

Не змаўкаючы ні на хвіліну, ён пераскокваў з галіны на галіну і падсоўваўся ўсё бліжэй да ягуара. А тое, што ён тут пад дрэвам, папугай крыкнуў, каб папярэдзіць чалавека, які, прыгнуўшыся, цішком падкрадаўся са стрэльбаю на плячы.

Але ўрэшце папугай ужо не мог болей набліжацца да ягуара, іначай ён трапіў бы яму ў самую пашчу. І тады ён крыкнуў:

- Смачная каша!.. Увага!

- Яш-чэ блі-жэй! - зароў ягуар і выгнуўся для скачка.

- Смачна, чай з малаком!.. Асцярожна, ён зараз скочыць!

І ягуар сапраўды скочыў. Ён скочыў вельмі высока, але папугай стралой узляцеў у паветра і не даў сябе зачапіць. А ў гэтае самае імгненне чалавек абапёрся руляю стрэльбы аб дрэва, каб ямчэй было цэліць, націснуў на курок, і дзевяць шрацінак велічынёю з гарошыну кожная маланкаю ўпіліся ў ягуарава сэрца. Ягуар зароў так, што ажно скалануліся горы, і потым упаў нежывы.

А папугай - як ён крычаў ад радасці! Ён быў страшна задаволены, што адпомсціў - дый як адпомсціў! - ненавіснаму зверу, які выдраў у яго пер'е.

І чалавек таксама застаўся задаволены, бо забіць ягуара цяжкая справа, дый апроч таго ў яго цяпер была шкура, якую ён мог павесіць над камінам у сталовай.

Калі яны вярнуліся дадому, усе нарэшце змаглі даведацца, чаму Пэдрыта так доўга хаваўся ў дупле. І ўсе павіншавалі яго з мужным учынкам.

З той пары яны зажылі вельмі шчасліва. Але папугай не забываў той гісторыі з ягуарам, і кожны дзень, надвячоркам, прыляцеўшы ў сталовую папіць чаю, ён падыходзіў да ягуаравай шкуры, што вісела над камінам, і запрашаў яе да стала.

- Смачная каша! - казаў ён. - Хочаш чаю з малаком?.. Каша для ягуара!..

І ўсе ажно заходзіліся ад смеху. І Пэдрыта разам з усімі.

 

Пераклад зроблены з выдання: Quiroga H. Cuentos de la selva. Editorial Losada, SA Buenos Aires, 1973.



Пераклад: Мікола Бусел