Гарасьо Кірога

Невідушчая лань

Жыла сабе аднойчы лань, і было ў яе двое дзетак-двайнятак, што ў аленяў бывае рэдка. Але неўзабаве адно яе дзіцё задраў дзікі кот, і засталася ў яе толькі адна дачушка. Усе лані ў лесе вельмі яе любілі і заўсёды ёй казыталі бакі.

Штораніцы, як толькі ўзыходзіла сонца, маці прымушала дачку паўтараць аленеву малітву. Гучала яна так:

Раней чым з'есці лісточак, добра яго панюхай, бо лісточкі бываюць атрутныя.

Раней чым падысці да ракі напіцца, ціхенька пастой і добра агледзь месца, каб упэўніцца, што побач няма кайманаў.

Кожныя паўгадзіны высока-высокенька задзірай галаву і нюхай паветра, каб пачуць пах ягуара.

Калі пасвішся, спачатку заўсёды паглядзі на траву - ці няма ў ёй гадзюк.

Гэтая малітва была ў маленькіх аленяў, як «Ойча наш» у людзей. І калі лань добра яе засвоіла, маці дазволіла ёй хадзіць адной.

І вось адным адвячоркам, калі лань бегала па лесе ды ласавалася далікатнымі лісточкамі, яна раптам убачыла проста перад сабою дупло вялікага трухлявага дрэва, з якога звісала шмат нейкіх склееных між сабою шарыкаў. Шарыкі былі цёмныя - такога колеру, як класная дошка.

Што б гэта магло быць? Лані было трошкі боязна. Але яна была добрай гарэзаю, і бадануўшы шарыкі галавой, адразу маланкай адскочыла прэч.

Азірнуўшыся, яна ўбачыла, што шарыкі трэснулі і з іх выцякаюць цягучыя кроплі. Апроч таго аднекуль выпаўзла шмат нейкіх белых мошак з тонкімі таліямі, якія забегалі па шарыках.

Лань падышла бліжэй. Але мошкі яе не кусалі. Тады яна асцярожна-асцярожненька лізнула адну кропельку кончыкам языка і ад задавальнення ажно прыжмурыла вочы: гэта былі кропелькі мёду, і мёд быў вельмі смачны, бо шарыкі цёмнага колеру былі пчалінымі вуллямі. Але пчолы не кусаліся, таму што ў іх не было джалаў. Ёсць такія пчолы.

За пару хвілін маладзенькая лань высмактала ўвесь мёд і, вельмі задаволеная, пайшла расказваць пра гэта маме. Але мама яе паўшчувала.

- Будзь вельмі асцярожная з пчалінымі гнёздамі, дачушка, - сказала яна. - Мёд вельмі смачны, але шукаць яго вельмі небяспечна. Абыходзь пчаліныя гнёзды, калі іх убачыш.

Лань задаволена крыкнула:

- Мама, але ж яны не кусаюцца! Авадні і мухі кусаюцца, а пчолы не.

- Ты памыляешся, дачушка, - сказала маці. - Сёння табе пашанцавала, і толькі. Але ёсць вельмі паганыя пчолы і восы. Сцеражыся іх, дачушка, а то прынясеш мне вялікае гора.

- Вядома, мама! Вядома! - адказала лань.

Але першае, што зрабіла наступнаю раніцай, - дык гэта пайшла па сцяжынках, зробленых у лесе людзьмі, якія шукаюць пчаліныя гнёзды.

Доўга яна хадзіла ці не, але ўрэшце адно гняздо знайшла. Гэтае гняздо належала цёмным пчолам з жоўтаю палоскай на таліі, і яны поўзалі па гняздзе. Вулей таксама выглядаў іначай, але лань падумала, што калі ўжо гэтыя пчолы большыя, дык і мёд у іх павінен быць смачнейшы.

Яна ўспомніла была матчыну перасцярогу, але падумала, што маці, відаць, перабольшвала, як заўсёды перабольшваюць маткі ў ланяў. І яна моцна баданула гняздо галавой.

Лепей бы яна ніколі гэтага не рабіла! Тут жа з гнязда вылецелі сотні, тысячы восаў, якія кінуліся на яе і пачалі кусаць. Яны пакусалі яе ўсю - і галаву, і жывот, і хвост. І што сама горшае, яны кусалі яе ў самыя вочы. Болей за дзесяць восаў уджалілі яе ў вочы!

Ашалеўшы ад болю, лань з лямантам кінулася прэч. Яна бегла і бегла, пакуль раптам не была вымушаная спыніцца. Яна нічога не бачыла! Яна аслепла, зусім аслепла!

Вочы ў яе страшна распухлі, і яна не бачыла зусім нічога. Яна сцішылася і, дрыжучы ад болю і страху, заплакала ў вялікае роспачы.

- Мама!.. Мама!..

А яе мама ўжо шукала яе паўсюль, бо заўважыла, што дачкі доўга няма. Калі ж яна ўрэшце яе знайшла, яна таксама прыйшла ў адчай, зразумеўшы, што яе дачка аслепла. Яна паклала яе галаву сабе на шыю і крок за крокам павяла дадому, а ўсе лясныя жыхары, якія сустракаліся ім па дарозе, падыходзілі і глядзелі, якія ў гаротнай лані распухлыя вочы.

Маці не ведала што рабіць. Якія прыкладаць лекі? Яна добра памятала, што ў паселішчы за лесам жыве чалавек, у якога лекі ёсць. Але той чалавек быў паляўнічы, і часам ён паляваў на аленяў. Праўда, казалі, што чалавек ён добры.

І хоць маці баялася весці дачку да чалавека, які палюе на аленяў, ды выйсця ў яе не было. І тады яна вырашыла спачатку схадзіць да мурашкаеда і папрасіць у яго рэкамендацыйны ліст, бо мурашкаед быў таму чалавеку блізкім сябрам.

І вось яна добра схавала сваю маленькую дачку і трушком пабегла праз лес. Па дарозе яна ледзь не патрапіла ў кіпцюры ягуару і, калі дабралася да логава свайго сябра, дык да таго стамілася, што не магла ўжо ступіць ні кроку.

Як мы ўжо казалі, гэты яе сябар быў мурашкаед. Але ён быў з дробнай пароды: гэтыя жывёлы - жоўтага колеру, а на жоўтую шкурку ў іх нібыта надзета нешта накшталт чорнай майкі на дзвюх шлейках, перакінутых паверх плеч. І яшчэ ў іх хвост як зачапка, бо яны заўсёды жывуць на дрэвах і вісяць на хвасце.

Адкуль жа ўзялася такая шчырая дружба паміж мурашкаедам і паляўнічым? У лесе пра гэта ніхто не ведаў, але мы калі-небудзь даведаемся пра прычыну.

І вось няшчасная маці дабралася нарэшце да мурашкаедава логвішча.

«Стук-стук!» - пастукалася яна, цяжка дыхаючы.

- Хто там? - спытаўся мурашкаед.

- Гэта я, лань!

- Ага! Ну і што ж лань хоча?

- Я прыйшла папрасіць у цябе рэкамендацыйны ліст, каб схадзіць да паляўнічага. Мая маленькая лань, мая дачка, аслепла.

- Як! Твая маленькая лань?! - ускрыкнуў мурашкаед. - Яна добрая жывёліна. І калі ўжо з ёй здарылася такое, дык я дам ёй усё, што яна хоча. Але ніякіх лістоў не трэба. Пакажыце паляўнічаму вось гэта, і ён дапаможа.

І мурашкаед кончыкам хваста падаў ёй сухую, зусім ссушаную галаву гадзюкі, з якой яшчэ тырчалі атрутныя зубы.

- Пакажыце яму гэта, - паўтарыў паядальнік мурашак, - і болей нічога не трэба.

- Дзякую табе, мурашкаед! - сказала задаволеная лань. - Ты таксама добрая жывёліна.

І яна хутчэй пабегла назад, бо было ўжо позна і пачынала брацца на дзень. Дабегшы да сховішча, яна забрала дачку, і яны разам пайшлі ў пасёлак. Маленькая лань увесь час жалілася ад болю. Але ўрэшце яны дайшлі. У пасёлку ім давялося ісці вельмі ціхенька і прыціскацца да сцен, каб іх не пачулі сабакі. І вось яны апынуліся ля дзвярэй паляўнічага.

«Стук-стук!» - пастукаліся яны.

- Хто там? - пачуўся з хаты голас чалавека.

- Гэта мы, лані!.. Мы прынеслі галаву гадзюкі!

Маці паспяшалася сказаць гэта, каб чалавек ведаў, што яны мурашкаедавы сяброўкі.

- Вунь як! - сказаў чалавек, адчыняючы дзверы. - А што здарылася?

- Мы прыйшлі папрасіць, каб вы палячылі маю дачку - вось гэтую маленькую лань, бо яна аслепла.

І яна расказала паляўнічаму ўсю гісторыю з пчоламі.

- Гм!.. - сказаў паляўнічы. - Давайце пабачым, што з гэтай паненкаю.

Ён вярнуўся ў хату, вынес адтуль высокае крэсла і пасадзіў у яго маленькую лань, каб, не згінаючыся, добра паглядзець яе вочы. Ён аглядаў вочы, блізенька падносячы вялікае круглае шкло, а мама свяціла ліхтарыкам, які вісеў у яе на шыі.

- Нічога страшнага, - урэшце сказаў паляўнічы, дапамагаючы лані злезці. - Але трэба будзе пацярпець. Кожную ноч прыкладайце на вочы вось гэтую мазь і трымайце вашую дачку дваццаць дзён у цемры. А потым адзеньце ёй гэтыя жоўтыя акуляры, і яна вылечыцца.

- Шчыра дзякуем вам, паляўнічы! - вельмі задаволена адказала маці. - Колькі я вам вінаватая?

- Ніколькі, - усміхаючыся адказаў паляўнічы. - Але, ідучы назад, сцеражыцеся сабак, бо ў суседнім квартале жыве чалавек, у якога сабакі, навучаныя браць след аленяў.

Лані вельмі былі напалоханыя. Яны ішлі назад, ледзь дакранаючыся да зямлі, і кожную хвіліну спыняліся. Але сабакі ўсё роўна іх вынюхалі і пагналіся за імі. Лані кінуліся ўцякаць па шырокай лясной сцяжынцы, і маленькая лань, якая бегла паперадзе, увесь час жаласна бляяла ад страху. Але нарэшце, прагнаўшы іх па лесе амаль паўмілі, сабакі адсталі.

Маці лячыла дачушку так, як патлумачыў ёй паляўнічы. Толькі яна адна ведала, якіх намаганняў ёй каштавала дваццаць бясконцых дзён трымаць дачку ў дупле вялікага дрэва. Усярэдзіне там было так цёмна, што зусім нічога было не відаць. Але аднойчы раніцай маці нарэшце адсунула галавою вецце, якое затуляла дупло і не давала ў яго трапіць святлу. Маленькая лань выбегла і закрычала:

- Бачу, мама! Я ўсё бачу!

А лань, убачыўшы, што яе дачка здаровая, паклала галаву на галіну і заплакала ад радасці.

Маленькая лань цалкам вылечылася. Але хоць яна вылечылася і была здаровая ды ўсім задаволеная, быў у яе адзін сакрэт, які яе засмучаў. А сакрэт быў у тым, што яна вельмі хацела аддзячыць чалавеку, які быў з ёю такі добры; яна хацела аддзячыць ды не ведала як.

І вось аднойчы ёй здалося, што яна прыдумала спосаб. Яна пачала хадзіць па берагах балот і затокаў, каб назбіраць чапліных пёраў і занесці іх паляўнічаму. А паляўнічы часам таксама ўспамінаў невідушчую лань, якую ён вылечыў.

Аднойчы дажджлівым вечарам чалавек чытаў у сваім пакоі. Ён быў вельмі задаволены, бо толькі што паправіў саламяную страху, і цяпер яна больш не цякла. Ён чытаў, калі раптам пачуў, як нехта стукаецца. Адчыніўшы дзверы, ён убачыў маленькую лань, якая трымала клуначак - прамоклы наскрозь скрутак з пёрамі чаплі.

Паляўнічы засмяяўся, а лань, засаромеўшыся, пабегла прэч. Яна была засмучаная, думаючы, што паляўнічы смяяўся таму, што яе падарунак быў вельмі бедны. Тады яна назбірала вялікіх, сухіх і чыстых пёраў і праз тыдзень прыйшла да паляўнічага зноў. Але гэты раз чалавек ужо не смяяўся: пасля мінулага разу, калі ён засмяяўся ад расчуленасці, ён убачыў, што маленькая лань не разумее смеху. І цяпер ён падараваў ёй у адказ бамбукавую трубку, поўную мёду, які лань выпіла з вялікім задавальненнем.

З таго часу лань і паляўнічы вельмі пасябравалі. Лань заўсёды старалася прынесці чалавеку чапліных пёраў, якія каштуюць вялікіх грошай, і яны, гутарачы, бавілі разам цэлыя гадзіны. Чалавек заўсёды ставіў на стол горшчык з мёдам і падсоўваў сваёй сяброўцы высокае крэсла. А часам ён частаваў яе цыгарамі, якія лані ахвотна ядуць і гэта ніяк ім не шкодзіць. Так яны і бавілі час, седзячы каля печы, якую паляўнічы паліў дрывамі, ды пазіраючы на полымя, а за сцяною ліў дождж і вецер скаланаў саламяную страху хаты.

Баючыся сабак, лань звычайна прыходзіла да чалавека тымі начамі, калі была навальніца. І таму кожны раз, калі з надыходам ночы пачынаўся дождж, паляўнічы загадзя ставіў на стол горшчык з мёдам і сцяліў сурвэтку, а сам браў кнігу ды, сёрбаючы каву, чакаў, калі ў дзвярах пачуецца такі знаёмы стук ягонай сяброўкі лані.

 

Пераклад зроблены з выдання: Quiroga H. Cuentos de la selva. Editorial Losada, SA Buenos Aires, 1973.



Пераклад: Мікола Бусел

Беларуская Палічка: http://knihi.com