epub
 
падключыць
слоўнікі

Гаўрыіл Угараў

Вярнуць адкрыццё

- Ненавіджу сціпласць, - раптам сказаў наш субяседнік. Сказаў сярдзіта, з болем, яго дабрадушны твар спахмурнеў. - Ненавіджу!

Мы азадачана прыціхлі. Вагон мякка патрэсвала, за вокнамі сінеў змрок, але ніхто не запальваў святло, без яго было неяк утульней, і размова да той хвіліны ішла ціхая, даверлівая, якая часта ўзнікае ў цягніку дальняга накірунку між незнаёмымі пасажырамі. І вось... Не памятаю, што папярэднічала сказанаму, але ж і пажар пачынаецца з іскры.

- Дазвольце... э... Пётр Мікалаевіч, - першы апомніўся мой сусед, сівенькі, бародка клінком дзядок. - Як жа так? Яно, вядома, сціпласць, як і любое іншае пачуццё свае годнасці, калі празмернае, можа і... Але згадзіцеся, сціпласць упрыгожвае чалавека, і як яе можна адмаўляць, ніяк не разумею!

- Можна, - жорстка сказаў Пётр Мікалаевіч. - Можна і патрэбна, калі з-за яе страчаны сродак выратавання тысяч людзей.

- Ды што вы кажаце? - ахнуў стары. - Вы... вы не перабольшваеце?

- Калі б так! На маіх вачах сціпласць аднаго цудоўнага чалавека абярнулася, можна сказаць, у злачынства перад чалавецтвам. Прабачце... Каб вы мяне правільна зразумелі, давядзецца расказаць падрабязна.

- Так, так, адпаведна, у галаве, ведаеце, неяк не ўкладваецца...

- Разумею, гэтаксама калісьці думаў. Памыліўся! Слухайце: перасадка ўнутраных органаў да гэтай пары невырашальная, увогуле, праблема, і ніхто не скажа, калі яна будзе вырашана канчаткова. А яна, між іншым, ужо была - і бліскуча! - вырашана больш дзесяці гадоў назад!

- Не можа быць! - вырвалася ў мяне. Я, біёлаг, не мог стрымаць свайго недаверу.

- Ах, не можа... - нават у прыцемку вочы Пятра Мікалаевіча бліснулі іроніяй. - Удвайне сумна, што гэта гаворыце вы. Не толькі як біёлаг. Вы па нацыянальнасці, здаецца, якут?

- Якут. А што?

- Нічога. Імя Томата Іванавіча Даўгунова вам што-небудзь гаворыць?

- Не...

- А ён мог бы стаць гонарам нашага народа, усяго чалавецтва. Не стаў, з-за сціпласці не стаў. Паслухайце! У чым галоўная, нават адзіная невырашальнасць праблемы перасадкі ўнутраных органаў? У тканкавай несумяшчальнасці. Перасадзіць можна хоць ад бабы-ягі лесуну, справа тэхнікі; арганізм, дурань, не прымае, фактычна трэба зламаць, заглушыць імунную сістэму засцярогі; гэта ўдаецца, але самі ведаеце, якою цаною. Не, не падумайце, я не медык, не фізіёлаг, наогул не вучоны - будаўнік я. Проста... Вось пра што і гаворка.

Ён змоўк на імгненне. Святло ліхтароў нейкага паўстанка прабеглася па яго твары рухам ценяў, нібыта павялічыўшы яго, акрэсліўшы змрочнасць выгляду.

- Печань у мяне забалела гадоў у дваццаць. Але ведаеце, як гэта бывае ў маладосці: каб мяне - ды аніколі! Шмат хто ў юнацтве жыве з адчуваннем асабістага амаль ці не бяссмерця. Гэта значыць абстрактна ўсведамляеш, што і цябе не праміне, але гэта настолькі далёка, што нават непраўдападобна. Адным словам, да доктара я не пайшоў, інстытут скончыў - і пачало мяне па будоўлях насіць! Клопату было шмат, ну пабаліць ды перастане, здаровы ж мужык... Нарэшце дапякло. Так дапякло, што я ўжо быў гатовы маліцца на белы халат. Ну мясцовая бальніца, абследаванні там, лекі, аднак заўважаю я па выразу твараў маіх анёлаў-выратавальнікаў, што, відаць, дарэмныя мае надзеі на сілу маладосці, а заадно і на ўсемагутнасць медыцыны. Папраўкай і не пахне, хоць і прафесара аднекуль запрашалі, і ўвесь іншы арсенал запушчаны ў ход. Карацей, давялося свайго доктара выклікаць на шчырасць. Душэўны быў чалавек і смелы, з тых дактароў-вайскоўцаў, якія прывыклі не хавацца за чужыя спіны, а дзейнічаць рашуча і ў адпаведнасці з абставінамі.

Так... Сказаў ён мне, як на духу акрэсліў перспектыву. Чорт, нават цяпер страшна ўспамінаць! Але шчырасць яго была не без намеру, таму што надзею меў. Так, маўляў, і так: пакоціцца ўсё звычайным шляхам, ну і... Медыцына, як кажуць, бяссільная, раней бы спахапіліся на тваю хваробу - выратавалі б, а цяпер... Але ёсць мосцік, ёсць. Ніхто па ім яшчэ не хадзіў, толькі мост ужо пабудаваны, чакае пэўным чынам смельчака. На жывёлах усе доследы праведзены, поспех стопрацэнтны, цяпер добраахвотнік патрэбен. Рызыкі, варта сказаць, хапае. Праўда, упэўнены, яе крыху менш, чым у Барнарда, таго самага, што першы якраз у тыя гады сэрца перасадзіў. Але гэта, кажуць, мая ўпэўненасць і Томата Іванавіча.

«Гэта што яшчэ за свяціла?» - пытаюся. Грубавата пытаюся, самі разумееце, якія ў мяне думкі. «Не свяціла, - адказвае. - Хірург нашай бальніцы. Толькі справа не ў тым, дзе ён працуе і якія ў яго тытулы, - вялікі Кох, дый не ён адзін, спачатку яшчэ далей ад навукі быў. Сутнасць у тым, якая ў чалавека галава і якія рукі. Томат Іванавіч з якутаў, ажаніўся з расейкай, тут, на яе радзіме, і асеў і аперыруе так, што калі б не яго сціпласць, то даўно быў бы ў Маскве, можа, ужо і прафесарам стаў бы, галава ў яго светлая, такіх пашукаць. А не стаў ён прафесарам, я ўпэўнены, таму, што даследаванні, якімі займаўся, ні ў які навуковы профіль не ўпісваюцца. Недысертабельныя яны». - «Ну а канкрэтней?» - «Канкрэтней. Вас можа выратаваць толькі перасадка печані, чаго, увогуле, нідзе ў свеце не робяць, а калі і робяць, то... (Тут ён мяне наконт імуннай несумяшчальнасці і прасвяціў.) А Томат Іванавіч даўно выношваў ідэю, што пры ўсёй бясконцай разнастайнасці фізіялагічных індывідуальнасцей павінен жа і ў гэтай бясконцасці быць нейкі парадак, адзіны, ці што, закон. Падзяляецца ж на групы кроў! Пакуль гэтага не ведалі, за адной удачай ішлі дзесяткі няўдач. А цяпер усё на сто працэнтаў. Смелы ў Томата Іванавіча ход думкі, але гісторыя навукі яго пацвярджае. Скрозь ёсць заканамернасць груповак: і ў атамах, і ў раслінах, і ў зорках, і ў элементарных часціцах яе з часам знойдуць. Чаму імунная сістэма абавязкова павінна быць выключэннем? Томат Іванавіч вылучыў сем груп ці тыпаў цел і цяпер гатовы ўжо на самыя складаныя аперацыі».

«Чаму сем, а, скажам, не семнаццаць?» - пытанне маё прагучала даволі недарэчна, але мне, разумееце, было неяк не да логікі, хацелася высветліць сваю перспектыву.

Доктар развёў рукамі...

«Гэтага і Томат Іванавіч не ведае, хоць і захапляўся прыхаванаю гармоніяй прыроды: вясёлка з сямі колераў, музыка з сямі нотаў, арганізмы дзеляцца на сем груп - ці выпадкова гэта? Але справа не ў лічбе. Томат Іванавіч адшукаў спосаб распазнання «груп сумяшчальнасці». Ён упэўнены, што з завяршэннем яго работы перасадка ўнутраных органаў стане справай такой самай надзейнай, як і пераліванне крыві. І, ведаеце, я яму веру, інакш не прапаноўваў бы вам у яго аперыравацца. Зрэшты, падумайце да раніцы...»

Якая ў мяне была ноч, памаўчу. Раніцай даў згоду. А што заставалася рабіць? Тут хоць нейкая перспектыва, а калі адмовіцца - ніякай, гэта я ўжо і без медыцыны адчуваў.

Пад вечар мой доктар прыйшоў з незнаёмым лекарам. Так, знешне нічога асаблівага: невысокага росту, сярэдніх гадоў, стрыманы, вочы вузкія, карыя, разумныя, трымаецца ціха, словам, з тых інтэлігентаў, якія і кошку на «вы» называюць...

«Хвалюецеся? Няварта, вы для нас як першы касманаўт, пабачыце, усё будзе добра...»

Размаўляў ён мякка, з ледзь прыкметным, даволі прыемным акцэнтам, і была ў яго словах такая ўпэўненасць, што і ў мяне на душы адразу палягчэла. Давер ён выклікаў, не магу сказаць чым, але ў адказ на яго ўсмешку і я таксама ўсміхаўся. Бывае ж такое: сустрэнеш каго-небудзь і з першых яго слоў зразумела - цудоўны чалавек, добры, надзейны. І нават дзіўныя яго потым маніпуляцыі ані не пахіснулі маю веру. Бо што ён зрабіў? Дастаў з партфеля шкляны, шчыльна закаркаваны сасуд, пінцэтам выняў адтуль лапік марлі, пацёр ім маю пятку, паклаў назад і зноў шчыльна заткнуў коркам. Усё! Загаварыў да майго доктара: «Што ж, будзем шукаць...» Той кіўнуў.

Пайшлі абодва. Ну, думаю, гэта толькі пачатак, галоўныя аналізы і абследаванні наперадзе. Ідзе час - аніякіх аналізаў ці яшчэ якіх там прыгатаванняў! Што донара трэба чакаць, гэта я ведаю. Павінна з некім здарыцца няшчасце, каб я новую печань атрымаў, такая ўжо тут агідная ўмова, што толькі нечая пагібель можа мне аказацца выратаваннем. Так... Кажуць, збіраюцца дзеля гэтага малпаў разводзіць, усё ж такі лепш, хоць таксама... Зрэшты, я не пра тое... Ведаю, што трэба чакаць, але дзе ж падрыхтоўка, аналізы і ўсё астатняе? Ды Томат Іванавіч не паказваецца. Няўжо адмовіўся?!

Доктар як мог мяне супакоіў: «Аналізы, кажаце? Яны ўсе ўжо зроблены. Памятаеце, той раз Томат Іванавіч марляй пацёр вам пятку? Больш яму нічога не трэба. Чакайце».

Дзіва! Але ведаеце, ад гэтага дзіва мне, дарэчы, стала лягчэй. Не, што ні кажыце, а ў доктара і абаяльнасць павінна быць, і нейкая таямнічасць, загадкавасць. Крыху ён павінен выглядаць цудатворцам, вось што скажу.

Аднак я не пра тое... Аднойчы раніцай па мяне нарэшце прыйшлі. Адразу ў аперацыйны пакой. Томат Іванавіч кіўнуў мне, як даўняму знаёмаму, зноў праманіпуляваў з марляй, толькі на гэты раз пацёр пад пахамі і на жываце, дзе печань. Выйшаў, але хутка вярнуўся.

- Так, усё адпавядае. Пачынаем.

Зрабілі аперацыю. Ніякага потым заглушэння імунітэту, ніякіх асаблівых лекаў, а печань прыжылася як міленькая. З тае пары вось ужо больш за дзесяць гадоў прайшло - ані-ні, нават думаць пра яе перастаў. Каму-небудзь з вас такі выпадак вядомы?

Хоць пытанне, здавалася, было адрасавана ўсім, на мяне зірнуў Пётр Мікалаевіч.

- Ну, - сказаў я. - Ёсць звесткі, што ва ўсім свеце на сённяшні дзень перасаджана больш за трыццаць тысяч нырак, каля двухсот дваццаці сэрцаў і ста васьмідзесяці печаней. Праўда, пасля перасадкі сэрца - і то, калі ўсё прайшло паспяхова, - чалавек жыве чатыры-пяць гадоў, печані - чатыры, з ныркамі лепш - да дзесяці гадоў дацягваюць.

- І гэта пры ўсіх хітрыках медыцыны перад аперацыяй і, галоўнае, пасля! А ў мяне...

- Але адзінкавы выпадак яшчэ ні пра што не сведчыць. І яго абставіны... як бы вам сказаць...

- Ды кажыце ўжо проста - сумніцельныя! Не-е, шаноўны скептык, усё не так. Я ў Томата Іванавіча быў першы, але не апошні. І ўсе цудоўна сябе адчуваюць ужо больш за дзесяць гадоў! Што вы на гэта скажаце?

- Але калі гэта сапраўды адкрыццё, - я расхваляваўся, - то мы пра яго даўно б ведалі! Аднак нават у медыцынскім асяродку...

- Пачакайце! Я нездарма гаварыў пра сціпласць, як пра злачынства. Слухайце, што было далей. Пакуль я папраўляўся, можна сказаць, пасябраваў з Томатам Іванавічам. Што я на яго як на бога глядзеў, гэта само па сабе, але ведаеце, акрамя фізічнага, так бы сказаць, падабенства ёсць і духоўнае. Мабыць, тут людзі таксама падзяляюцца на групы, напэўна, падзяляюцца. Томат Іванавіч... Цудоўны чалавек. Сказаць, што ён быў разумны, таленавіты, нават геніяльны, значыць нічога не сказаць. Хто такі разумны чалавек, у якім сэнсе разумны? Іншы геній у простых жыццёвых справах такі, выбачайце, дурань, што любы хітрун яго вакол пальца абвядзе; хто не верыць, хай біяграфіі вялікіх больш пачытае. Не, Томат Іванавіч прасцяком не быў. Але сэрца ў яго было неабароненае, ці што. Нібыта само ўвасабленне спакою, а крыху прыгледзішся... Так, мы, яго пацыенты, гэтую ранімасць Томата Іванавіча нутром адчувалі, і нават подлыя па сваёй натуры і тыя імкнуліся яго не крыўдзіць, утойвалі ад яго свае дробязі. Розум і душэўнасць, яны, ведаеце, свецяцца, да іх нават нядобры чалавек цягнецца, яму адагрэцца хочацца. Дабаўце да гэтага сціпласць. Ранімасць стала бядою самога Томата Іванавіча, сціпласць - для навукі, для медыцыны, для ўсіх, каго мог бы выратаваць яго метад...

- Ды ў чым жа метад? - не вытрымаў я. - І пры чым тут сціпласць?

- А што ж, па-вашаму, адкрыццё можна аддзяліць ад асобы вучонага? Ці так? Пра адкрыццё і метад мне, як і іншым, вядома няшмат. Пэўна, Томат Іванавіч адрозніваў роднасць арганізмаў па паху...

- Па паху? - Я нават ахнуў. - Прабачце, але гэта не зусім праўдападобна. Нос - ніякі не інструмент, а сучасныя дэтэктары і аналізатары пахаў, за рэдкім выключэннем, такая недасканалая нікчэмнасць... Увогуле гэта адна з самых цьмяных галін навукі. І распазнаванне імуннай роднасці па паху... Не, гэта фантастыка.

- І-і, малады чалавек! - падаў голас дзядок, які ўвесь час маўчаў. - Я, наадварот, скажу, што фантастыка цяпер і ёсць рэальнасць. Для вас, не буду гаварыць ужо пра банальны тэлевізар, нават касмічныя палёты звычайныя. А я вось у вашых гадах, не кажучы ўжо пра палёты на іншыя планеты, пра кішэнныя радыёпрыёмнікі толькі ў фантастычных раманах чытаў. Вось як! Новае, сапраўды новае, яно і павінна выглядаць неверагодным. Гэтаму і практыка гісторыі вучыць, і Пятру Мікалаевічу я чым далей, тым больш веру, хоць да гэтай пары ніяк не ўцямлю, пры чым тут сціпласць і чаму ён яе лічыць злачынствам?

Я не знайшоў, чым бы мог запярэчыць. Водпаведзь дзядка мяне ўразіла. Самы малады з усіх, я стаў у іх вачах кансерватарам! Праўда... Гэта ж трэба! Спецыяліст называецца... Можа, якраз у гэтым і прычына? У тым, што я - малады спецыяліст, яшчэ назапашанага толкам не засвоіў і трымаюся за яго, як за плот, каб незнарок не паслізнуцца?

- Не, - прамармытаў я. - Дапусціць усё можна. Толькі... Няма інструмента, які ж гэта метад?

- А ў мяне ёсць адна здагадка! - падсунуўся да мяне Пётр Мікалаевіч так, што пад грузам яго мажнога цела ў купэ штосьці зарыпела. - У Томата Іванавіча была сібірская лайка, разумніца такая, без перабольшання, сапраўдны яго сябар. Басыргасам звалі. Між іншым, калі Томат Іванавіч выводзіў сабаку гуляць, відавочна, наперакор нават інструкцыям, браў яго з сабою ў палаты і кожны раз чамусьці завязваў яму нос марляю з ватаю. Мы дык жартавалі: «Басыргас ідзе, дзверы зачынянце, а то нос прастудзіць!» Ці не дзіўна - так берагчы нюх сабакі і ў дадатак парушаць правілы, якіх, трэба сказаць, ва ўсім астатнім Томат Іванавіч прытрымліваўся цвёрда? Аднойчы я спытаўся ў яго пра гэта адкрыта. І ведаеце, што ён адказаў? «Белку і Стрэлку, якіх людзі раней за ўсіх у космас пасылалі, памятаеце? Заслуга Басыргасава большая»...

- Гэта значыць, вы хочаце сказаць, што сабака...

- Вось, вось! Я спецыяльна пачытаў сёе-тое з літаратуры. Насавыя клеткі ў чалавека могуць адрозніваць пяць тысяч пахаў, а ў нямецкай аўчаркі - дзвесце дваццаць пяць тысяч! Розніца... Па паху слядоў сабакі ловяць злачынцаў, вынюхваюць наркотыкі; нават радовішчы адшукваюць. Ці цяжка навучыць сабаку адрозніваць спектр пахаў, які характэрны людзям фізіялагічна аднатыпным? Тады зразумела, чаму Томат Іванавіч так старанна аберагаў Басыргасаў нос, чаму яго вадзіў у палаты, чаму не карыстаўся ніякай асабліваю апаратурай. Ды яшчэ адно становіцца зразумелым. Томат Іванавіч...

Голас Пятра Мікалаевіча асекся. Нарэшце ёндаў сабе рады і загаварыў абрывіста, але спакойна.

- Томат Іванавіч загінуў так. Распараджэнне ў раёне выйшла - ліквідаваць усіх бадзяжных сабак. Можа, і патрэбная пастанова, шмат іх развялося, былі выпадкі шаленства. Але бадзяжных сабак палавіць няпроста. А план, некаму ж справаздачы трэба. І адзін з такіх тыпаў, каму даручылі адлоў, застрэліў Басыргаса, хоць сабака быў з ашыйнікам, дый Томат Іванавіч стаяў паблізу, ён гэтаму тыпу яшчэ і крычаў... Застрэлілі. На вачах у Томата Іванавіча. Інфаркт. Не выратавалі. Пачакайце... Трагедыя яшчэ ў тым, што Томат Іванавіч ні слова пра свае дасягненні не надрукаваў. Вось яна, сціпласць! Іншы на капейку зробіць, а трубіць на ўвесь свет. Ён жа... А, што казаць! «Рана, не пара яшчэ, паспеецца...» Паспелася. Засталіся ўдалыя аперацыі, запісы чарнавыя, ды што з таго? Аперацыі ў сусветнай практыцы не новыя, сам падыход больш чым сумніцельны, трэба яшчэ паглядзець, як што атрымаецца... Запісы і зусім... Аддаленымі вынікамі аперацый, зразумела, ніхто не пацікавіўся; той доктар, што мяне лячыў, таксама ў хуткім часе памёр, начальства ў бальніцы змянілася, так усё і канула. Дзіва што, глуш, перыферыя, хірург без ступені, занятак яго знахарствам аддае... З такой настырнасці нам бы сцены будаваць, трывалейшых не было б! Вось у што сціпласць ператварылася.

Боль, які адчуваўся ў словах Пятра Мікалаевіча, перадаваўся нам. Гаварыць пасля яго было цяжка, нядобра, але я ўсё ж пачаў:

- Выбачайце за мой скепсіс, Пётр Мікалаевіч, вы прымусілі мяне паверыць... Толькі ў адным, здаецца, вы не маеце рацыі. Дарэмна вы Томата Іванавіча вінаваціце. Не ў сціпласці справа, працу ён пашкодзіць баяўся.

- Чым жа гэта? Пабудаваў я дом - я яго і здаць павінен! Зрабіў чалавек адкрыццё - не будзь сціплы - абнародуй, абвясці свет. У тым вось і справа!

- Што вы! Самі ж казалі, што за вылечанымі трэба прасачыць...

- Не бачу розніцы. Дом таксама нельга пакідаць без дагляду, і з ім можа што-небудзь здарыцца. Гэта абавязкаў «здаць - прыняць» не адмяняе, гэта ўжо другая фаза, а тут і першай не было. Не было!

- Але дом жа адпаведна праекту будуецца! А адкрыццё - заўсёды навінка, часта яно штосьці і адмаўляе...

- Ага! Вось і я пра тое самае. Быццам найлепшы спосаб з ім змагацца - гэта маўчаць. Няхай сабе з-за сціпласці.

- Ды не мог жа Томат Іванавіч раней часу гаварыць, не мог! І гэта лепш за ўсе вашыя клятвы пераконвае, што ён быў сапраўдны вучоны. Бо тут што? Вялікі недавер ён тады выклікаў бы, метад жа вельмі... нестандартны. Маглі б пад гарачую руку аперацыі і прыкрыць, вось што ён нарабіў бы дачасным сваім паведамленнем. А людзей ратаваць трэба... Каб гаварыць, Томату Іванавічу неабходна была вялікая статыстыка. І не проста паспяховых аперацый. Патрэбна было іх вынікі прасачыць на працягу пэўнага часу. Вось тады і супраць метаду было б цяжка пярэчыць. Так, шкада... Ці захаваліся хоць запісы Томата Іванавіча?

- На жаль, нічога не ведаю. Неўзабаве накіравалі мяне далёка на будоўлю. А што... Вы каго-небудзь ведаеце, хто зможа, хто паверыць?..

- Не ведаю... Але калі паспрабаваць, калі даць запісы майму ленінградскаму выкладчыку, прафесару Кержанцаву, то можа быць...

- Толькі не ленінградскаму, не маскоўскаму ці там харкаўскаму! - раптам падаў голас чацвёрты папутнік, які дагэтуль маўчаў і якога за самапаглыблены выгляд мы празвалі між сабою «філосафам». - Дзіва будзе, калі вучоны з гараджан паверыць у метад Томата Іванавіча, таму што вы, баюся, выпусцілі з-пад увагі адну вельмі важную акалічнасць.

«Філосаф» высунуўся наперад, і якраз за акном прамілынулі агні і высвецілі яго худы з запалымі вачыма твар.

- Акалічнасць вось якая, - вымавіў ён, нібыта друкуючы кожнае слова. - Існуе пашыраная думка, што творцы ў навуцы ўзаемазамяняльныя. У тым сэнсе ўзаемазамяняльныя, што калі і не было б, скажам, Энштэйна, то тэорыю адноснасці ўсё роўна б стварылі, можа, крыху раней ці пазней, таму што навуковая ісціна аб'ектыўная. Памылка. Не буду прыводзіць прыклад з тэлескопам, які мог быць вынайдзены яшчэ за тры стагоддзі да назіранняў Галілея, не буду тлумачыць і таго, што славутыя доследы самога Галілея з падзеннем цел цалкам маглі ажыццявіць старажытныя грэкі. Усё гэта дэталі. Галоўнае добра выказаў адзін навуковец: «Магчымасць назіраць залежыць ад таго, якой тэорыяй вы карыстаецеся». Пункт погляду даследчыка залежыць, па-першае, ад часу, у якім жыве (грэкі праз шэраг сацыяльна-эканамічных прычын цураліся доследаў, таму заканамерна, што давялося чакаць Галілея). Па-другое, гэты пункт погляду залежыць ад асобы самога даследчыка. Усё? Толькі што расказаная гісторыя пацвярджае, што не, не ўсё. Ваш Томат Іванавіч зрабіў адкрыццё не толькі дзякуючы свайму таленту, але яшчэ і таму, што ён быў якутам.

- Як? - сумеўся я. - Якое гэта мае значэнне?

- Не здагадваецеся? Зрэшты, гэта мог зрабіць неабавязкова якут, з такім поспехам гэта мог ажыццявіць таленавіты мансі, ненец, чукча. Пётра Мікалаевіч, што для вас ёсць сабака?

- Як што? Ну жывёліна, сябар чалавека...

- Вось так ці прыкладна так адказаў бы любы жыхар горада, любы нашчадак спрадвечных земляробаў. Ну а вы, шаноўны, - ён загаварыў да мяне, - што вам, нашчадку многіх пакаленняў паляўнічых, той самы сабака? Увогуле ўсё жывое? Не вам асабіста, а якуту, таму ж Томату Іванавічу, чалавеку пажылому, які, пэўна, цудоўна памятаў іншае, негарадское жыццё? Ну?

- Ага, вось вы пра што... - сказаць, што я здзівіўся, азначала нічога не сказаць. - Паслухайце... няўжо?..

- Я нічога не сцвярджаю дакладна, я толькі прапаную гіпотэзу. Лепшай вопраткі, чым прыдумалі эскімосы, у палярнікаў не было і няма. Пры ўсім размаху навукова-тэхнічнай рэвалюцыі. Байдарка... Пералічваць можна доўга. Што, своеасаблівасць народнага таленту - справа толькі мінулага? Не, таварышы, і будучыні таксама. Адзінства і адначасова нацыянальная асаблівасць савецкай культуры. Як часта мы вымаўляем гэтыя словы, не задумваючыся над глыбінёй іх сэнсу, або зводзім усё да своеасаблівасці архітэктуры, рамяства, песень, танцаў і да таго падобнага. Не, усё куды больш складана. Цяпер раскажыце, што такое вам, якуту, прырода, што вам жывёла і ўсё іншае.

- Ну... - я сумеўся. А, было не было! - Наогул, так. Прыроду, жывёл і птушак мы ачалавечвалі, гэта нашае зусім нядаўняе мінулае... Што вы хочаце, прырода - гэта наш дом, дзе праходзіла і цяпер праходзіць большая частка жыцця! Ці любім мы яе? Не тое слова... Яна і мы - гэта ўсё адно... Па нашых нядаўніх уяўленнях, жывёлы радуюцца, гаруюць, думаюць, як чалавек, у іх свае клопаты і пацехі, ёсць і пачуццё справядлівасці. Яны могуць размаўляць з чалавекам, разумець яго настолькі, што, гаворачы, напрыклад, пра мядзведзя, на яго нельга сварыцца - можа пачуць і адпомсціць. Нельга без дай прычыны прычыняць боль жывёлам і птушкам. Дрэвы плачуць, калі ў лес уваходзіць няўмека з сякерай... Наадварот, яны радуюцца, калі бачаць майстра. І гэтак далей. Вядома, цяпер шмат што здаецца наіўным...

- А шмат што ой як не пашкодзіла б пераняць усім у цяперашняй нашай экалагічнай сітуацыі... - уздыхнуў дзядок. - Так, цяпер і гісторыя Томата Іванавіча паўстае зусім іначай.

Я з захапленнем глядзеў на «філосафа», хоць амаль нічога не мог адрозніць у цемры. Гэта ж трэба - скеміў тое, што павінен, абавязаны быў уцяміць я!

- Што ж, - прамовіў той. - Мая гіпотэза, як бачыце, не зусім абсурдная. Гэта каму-небудзь сабака - «інструмент», а ў Томата Іванавіча Басыргас быў ледзь не сааўтарам. Менавіта такі чалавек павінен быў апярэдзіць свой час, пайсці на супрацоўніцтва з жывёлай, адважыцца на такі «ненавуковы» падыход, які, я ўпэўнены, калі-небудзь, калі мы зблізімся з прыродаю (інакш нам не жыць), стане звычайным. Так, Томат Іванавіч трохі іначай глядзеў на свет, чым усе мы. Гэтым ён абавязаны сваім продкам, сваёй культуры, якая ў ім знітавалася з сучаснай, увабраўшы ўсё лепшае з абедзвюх. Перад ім не стаялі тыя псіхалагічныя бар'еры, якія ў гэтай праблеме былі б амаль непазбежныя і цяжкавыканальныя. Але канчатковы вынік, на жаль, сумны. Нехта, вядома, паўторыць адкрыццё Томата Іванавіча, але здзейсніць гэта з большым спазненнем, таму што навука рухаецца інструментальным, у дадзеным выпадку доўгім шляхам. Тысячы і тысячы памруць заўчасна, калі толькі...

- Што? - выдыхнуў Пётр Мікалаевіч, які разам з намі заварожана сачыў за нязвыклым ходам думкі «філосафа».

- Справа паскорыцца, - апусціў руку на маё плячо, - калі па слядах Томата Іванавіча пойдзе ён. Ці хто-небудзь накшталт яго. Знайдзіце, Кэскіл, свайго Басыргаса, вярніце нам страчанае, хворыя не павінны чакаць.

Я здрыгануўся ад нечаканасці. Але тут жа паабяцаў здзейсніць усё. Ці мог я зрабіць іначай? З таго часу на мне ляжыць гэтая адказнасць. Ці падзеліць яе хто-небудзь са мною?



Пераклад: Рычард Саматыя
Падрыхтавана: Уладзімір Васькоў