epub
 
падключыць
слоўнікі

Гі дэ Мапасан

Аздоба

Гэта была адна з тых чароўных і мілых дзяўчат, якія, нібыта па іроніі лёсу, нараджаюцца ў небагатых чыноўніцкіх сем'ях. У яе не было ні пасагу, ні вялікіх надзей, ніякіх шанцаў на тое, каб з ёю пазнаёміўся і, пакахаўшы, ажаніўся чалавек багаты і самавіты; і яна без нараканняў згадзілася пайсці замуж за дробнага службоўца з Міністэрства народнай асветы.

Яна не магла купляць сабе аздобы і жыла сціпла, але адчувала сябе няшчаснай, адарванай ад таго жыцця, для якога была народжаная, бо сярод жанчын няма падзелу на саслоўі і класы - прыгажосць, прывабнасць і зграбнасць заўжды замяняюць ім радавітасць і сямейныя прывілеі. Уласцівыя ім прыродная чуйнасць, інстынктыўны густ і гнуткасць розуму - вось тая адзіная іерархія, якая дазваляе дзяўчатам з народа раўняцца з самымі знакамітымі панямі.

Яна пакутавала бесперастанна, бо адчувала, што народжана для самага далікатнага жыцця, самай вытанчанай раскошы. Яна пакутавала праз бядоту свайго жытла, праз галізну сцен, праз убоства праседжаных крэслаў і брыдкіх фіранак. Усё тое, чаго б нават не заўважыла іншая жанчына таго ж саслоўя, мучыла і абурала яе. Выгляд маленькай брэтонкі, якая займалася іх невялікаю гаспадаркай, абуджаў у ёй няўцешны жаль і гарачыя, няўрымслівыя мары. Ёй мроілася маўклівая цішыня прыёмных пакояў, абабітых тонкімі ўсходнімі шпалерамі, спакойнае святло высокіх бронзавых кандэлябраў, мажныя лёкаі ў кароткіх штоніках з падвязкамі, якія дрэмлюць у раскошных фатэлях, закалыханыя млявай гарачынёю каміна. Ёй мроіліся прасторныя салоны, драпіраваныя старадаўнім ядвабам, з мудрагелістаю мэбляй, на якой сям-там стаяць нечуванай цаны забаўкі, і какетлівыя салончыкі, поўныя духмянага водару парфумы, у якіх а пятай гадзіне за шклянкаю гарбаты збіраюцца пагутарыць самыя блізкія сябры - людзі славутыя і знакамітыя, завалодаць увагай якіх імкнуцца і мараць усе жанчыны.

Калі яна сядала абедаць за круглым сталом, накрытым абрусам трохдзённай свежасці, насупраць свайго мужа, які, здымаючы накрыўку з супніцы, прамаўляў з зачараваным выглядам: «Ах! Якое выдатнае рагу! З агародніны! Ды з мясам! Не ведаю, што можа быць лепшае...», ёй мроіліся пышныя абеды, бліскучае срэбра прыбораў, сцены з кілімамі, вышыванымі на старажытныя сюжэты або з дзіўнымі птахамі сярод казачнага лесу; ёй мроіліся далікатныя стравы, якія падаюць на тонкім парцалянавым посудзе, лёсткі і іншыя мілыя рэчы, якія вымаўляюць шэптам і слухаюць з загадкаваю ўсмешкай сфінкса на вуснах, адразаючы тым часам кавалачак ружовага мяса стронгі ці адломваючы добра падпечанае рабчыкава крылца.

У яе не было ні ўбрання, ні каштоўнасцяў, нічога. Але яна любіла толькі гэта і адчувала, што толькі дзеля гэтага яна створана. Яна б так хацела ўсім падабацца, выклікаць зайздрасць, быць прывабнай, мець поспех у мужчын.

У яе была багатая сяброўка, былая прыяцелька па дзявочым прытулку, да якой яна цяпер не любіла хадзіць, бо, вяртаючыся дадому, прыносіла з сабой толькі пакуты. І цэлымі днямі яна ліла слёзы ў журбе, жальбе, роспачы і смутку.

 

Аднойчы ўвечары яе муж вярнуўся з працы і з урачыстым выглядам падаў ён нейкі канверт.

- Вось, трымай, - сказаў ён, - тут ёсць нешта табе.

Яна жвава ададрала беражок паперы і дастала картку, на якой было напісана друкаванымі літарамі:

«Міністр народнай асветы і пані Рампано просяць пана і пані Люазэль зрабіць ім ласку і прыйсці на вечар, які адбудзецца ў будынку міністэрства ў панядзелак 18 студзеня».

Замест таго каб узрадавацца, як таго чакаў яе муж, яна з прыкрасцю кінула запрашэнне на стол і ціха прамовіла:

- І што, па-твойму, я мушу з гэтым рабіць?

- Але, дарагая, я думаў, цябе гэта неяк усцешыць. Ты ж нікуды не выходзіш, а тут такі выпадак, проста выдатны! Мне было страшэнна цяжка яго прыдбаць. У нас за гэтым запрашэннем усе ганяюцца - дужа ж будзе раскошны вечар, дробных службоўцаў і не надта каб запрашалі. Усё найвышэйшае чыноўніцтва будзе там, сама ўбачыш.

Яна са злосцю зірнула на мужа і раздражнёна сказала:

- А што я адзену, ты падумаў? У чым я туды пайду?

Гэтай думкі не прыходзіла яму ў галаву, і ён прамармытаў:

- Але, ну, тую сукенку, што ты ходзіш у тэатр. Яна ж, здаецца, вельмі добрая, па-мойму...

Ён змоўк, узрушаны і разгублены тым, што ўбачыў, - яго жонка плакала. Дзве вялікія слязіны паволі сцякалі з яе вачэй да куточка рота. Неяк заікаючыся, ён забалбатаў:

- Ды ну што ты, што з табой?

Але рэзкім намаганнем яна адолела свой боль і, абцёршы вільготныя шчокі, сказала паспакайнелым голасам:

- Нічога. Але ўбораў у мяне няма, і таму на гэтае свята я пайсці не магу. Сваю картку можаш аддаць якому прыяцелю, чыя жонка здолее прыбрацца лепш за мяне.

Яго апанавала роспач. Ён кінуўся ўгаворваць:

- Ну, добра, Мацільда. Ну, колькі ён будзе каштаваць, такі ладны гарнітур, каб ты магла яго яшчэ калі надзяваць, ну, на які іншы выпадак, такі, каб не надта, ну, папрасцей?

Яна крыху задумалася, прыкідваючы ў думках суму і адначасова ўзважваючы, колькі можа папрасіць у свайго ашчаднага мужа, каб не выклікаць у яго адразу адмаўлення і спалоханага крыку.

Нарэшце яна прамовіла не вельмі ўпэўнена:

- Дакладна не ведаю, але, мусіць, чатырохсот франкаў мне было б досыць.

Ён крыху збялеў, бо менавіта такія грошы ў яго былі прызапашаны на куплю стрэльбы, з якой ён налета меўся ездзіць з кампаніяй некуды пад Нантэр, - яго сябры кожную нядзелю палявалі там на жаўрукоў.

Аднак ён сказаў:

- Добра. Я дам табе чатырыста франкаў. Але ўжо ты пастарайся, каб сукенка была добрая.

 

Святочны дзень набліжаўся, а пані Люазэль гэта, здаецца, не радавала, яна мела сумны, неспакойны, заклапочаны выгляд. Яе ўбранне, аднак, было ўжо гатовае. Неяк увечары муж сказаў ёй:

- Ды што з табой такое? Ужо трэці дзень ты нейкая дзіўная.

І яна адказала:

- Мяне засмучае, што ў мяне няма ніякай аздобы, хоць бы якой брошкі ці каменя. Так я буду мець дужа мізэрны выгляд. Ужо лепей зусім не ісці на гэты вечар.

Ён запярэчыў:

- Прышпіліш сабе жывыя кветкі. Цяпер, узімку, гэта будзе глядзецца нават шыкоўна. За дзесяць франкаў можна купіць дзве ці тры выдатныя ружы.

Гэта яе зусім не пераканала:

- Не... Няма большай знявагі, як глядзецца жабрачкай сярод багатых паняў.

Раптам муж аж крыкнуў:

- Ну і дурніца ж ты! Ідзі да сваёй сяброўкі, пані Фарэсцье, ды папрасі ў яе, хай пазычыць табе якую аздобу. Ты ж яе даволі блізка ведаеш, каб зрабіць гэта.

Яна радасна схамянулася:

- І праўда. А я і не падумала нават.

Назаўтра яна пайшла да сяброўкі і расказала ёй пра сваю бяду.

Пані Фарэсцье падышла да шафы з люстрам, дастала адтуль вялікі куфэрак і прынесла яго да пані Люазэль. Адчыніўшы яго, яна прапанавала:

- Выбірай сама, дарагая.

Спачатку, зверху, тая ўбачыла нейкія бранзалеткі, пад імі - перлавыя пацеркі, пасля - выдатны крыж венецыянскай работы, увесь з золата, абсыпаны каштоўным каменнем. Яна прымярала аздобы, седзячы перад люстрам, і ўсё не магла што-небудзь выбраць, не рашалася ні ўзяць, ні пакінуць іх, пакласці на месца. Яна ўсё пыталася:

- А болей у цябе нічога няма?

- Ну, ёсць, вядома. Шукай. Я ж не ведаю, што можа табе спадабацца.

Раптам у чорнай атласнай скрынцы яна ўбачыла дзівосныя дыяментавыя каралі, і яе сэрца закалацілася ад шалёнага жадання. Яна ўзяла іх дрыготкімі рукамі і прымерала на шыі, паверх сукенкі з высокім каўняром, і застыла, зачараваная сваім адбіткам у люстры.

Пасля, нерашуча, з нейкім адчаем яна папыталася:

- Ты можаш пазычыць мне гэта, толькі гэта, больш нічога?

- Ну, вядома ж, бяры.

Яна кінулася сяброўцы на шыю, пацалавала яе і хутчэй пабегла са сваім скарбам дахаты.

 

Дзень балявання настаў. Пані Люазэль мела вялікі поспех. Зграбная, элегантная, яна была прыгажэйшая за ўсіх, яна ўвесь час усміхалася і не знаходзіла сабе месца ад шчасця. Усе мужчыны глядзелі на яе, пыталіся яе імя, імкнуліся з ёй пазнаёміцца. Прайсціся з ёй у вальсе хацелі найвышэйшыя чыноўнікі з сакратарыята. Яе прыкмеціў сам міністр.

Яна танцавала заўзята, з запалам, ап'янелая ад радасці, забылася на ўсё ў трыумфе сваёй прыгажосці, у славе свайго поспеху, нібыта ў воблаку шчасця ад столькіх знакаў увагі, ад усяго гэтага захаплення і пакланення, што яна выклікала ў мужчын, ад поўнай сваёй перамогі, што заўжды так соладка грэе жаночае сэрца.

Адно а чацвёртай гадзіне ночы яна сабралася пайсці дамоў. Яе муж ад поўначы спаў у маленькай пустой зале з трыма іншымі чыноўнікамі, жонкі якіх дужа весяліліся на баляванні.

Муж накінуў ёй на плечы паўкажушок, сціплае пахажалае адзенне, убоства якога не стасавалася з элегантнасцю вячэрняга ўбрання. Яна адчула гэта, і ёй захацелася хутчэй уцячы, каб яе не заўважылі іншыя жанчыны, якія захіналі свае плечы ў дарагія футры.

Люазэль затрымаў яе:

- Ды чакай жа. Прастудзішся на вуліцы. Я зараз клікну фіякр.

Але яна не слухала яго і ўжо хутка спускалася па лесвіцы. Калі яны выйшлі на вуліцу, свабодных брычак там не было, яны пачалі шукаць, крычалі наўздагон рамізнікам, але тыя былі ўжо далёка.

Яны спускаліся да Сены, змерзлыя, не спадзеючыся ўжо ні на што. Нарэшце, каля рэчкі, ім трапіўся адзін з тых лядашчых начных вазочкаў, якія можна сустрэць у Парыжы толькі ўночы, нібыта яны саромеюцца свайго ўбоства, каб ездзіць па горадзе днём.

Ён прывёз іх дадому, на вуліцу Пакутнікаў, і яны самотна падняліся да сябе. Для яе ўсё было скончана. А ён думаў пра тое, што а дзесятай гадзіне яму трэба быць у міністэрстве.

Яна падышла да люстра і зняла паўкажушок, каб яшчэ раз убачыць сябе ва ўсім харастве. Але раптам ускрыкнула. Караляў на шыі не было!

Муж, ужо паўраздзеты, спытаўся:

- Што там у цябе?

Вельмі разгубленая, у роспачы, яна павярнулася да яго:

- У мяне... я... я згубіла каралі пані Фарэсцье.

Ён збянтэжана падскочыў:

- Што!.. Як?.. Гэтага не можа быць!

Яны кінуліся шукаць у складках сукенкі, у складках паўкажушка, у кішэнях, паўсюль. Але нічога не знайшлі.

Ён запытаўся:

- Ты ўпэўнена, што, калі адыходзіла з балю, яны ў цябе яшчэ былі?

- Але, я іх кратала ў вестыбюлі міністэрства.

- Але каб ты іх згубіла на вуліцы, мы б пачулі, як яны ўпалі. Мусіць, яны засталіся ў фіякры.

- Хутчэй за ўсё. Ты запомніў нумар?

- Не. А ты? Таксама не паглядзела?

- Не.

Яны ўзіраліся адно ў аднаго, прыгнечаныя сваім горам. Тады Люазэль пачаў зноў адзявацца.

- Пайду, - сказаў ён, - прайдуся, дзе мы ішлі пешкі, пагляджу, можа, яшчэ пашанцуе знайсці.

І ён выйшаў. А яна так і засталася сядзець у вячэрнім убранні, не могучы ні пайсці спаць, ні падняцца з крэсла, каб запаліць агонь, не могучы ні пра што думаць.

Муж вярнуўся пад сёмую гадзіну. Ён нічога не знайшоў.

Зранку ён пабег у паліцэйскую прэфектуру, хадзіў па рэдакцыях газет, даваў аб'явы, абяцаючы ўзнагароду, завітаў у вазоўні да рамізнікаў - хадзіў паўсюль, куды толькі яго штурхала надзея.

Яна чакала ўвесь дзень, у такім самым здранцвенні, прыбітая жахлівай бядою, што іх напаткала.

Люазэль вярнуўся ўвечары, змарнелы, са збялелым тварам; даведацца ён нічога не здолеў.

- Трэба напісаць тваёй сяброўцы, - сказаў ён, - што на каралях зламаўся замочак, і ты іх аддала адрамантаваць. Гэта нам дасць яшчэ крыху часу, а тады, можа, выкруцімся.

Яна напісала ліст пад яго дыктоўку.

 

Праз тыдзень яны страцілі ўсе надзеі. І Люазэль, які выглядаў пастарэлым на пяць гадоў, заявіў:

- Трэба пастарацца іх неяк замяніць.

Назаўтра яны ўзялі футарал, у якім некалі ляжалі каралі, і пайшлі да ювеліра, імя якога было пазначана на накрыўцы. Той прагартаў свае кнігі:

- Гэтыя каралі, пані, куплены не ў мяне. Мусіць, я прадаў толькі футарал.

Тады яны пачалі хадзіць ад ювеліра да ювеліра, спадзеючыся знайсці дакладна такую ж аздобу, капаліся ў памяці, прыгадваючы, як выглядала згубленая, ужо ледзь дыхалі, змардаваныя абодва праз скруху і гора.

Нарэшце ў адной з крамаў Пале-Руаяля яны знайшлі дыяментавыя пацеркі, якія здаліся ім акурат такімі, як яны шукалі. Каштавалі яны сорак тысяч франкаў. Ім саступалі за трыццаць шэсць тысяч.

Яны папрасілі ювеліра тры дні іх нікому не прадаваць і дамовіліся, што гэтыя каралі ў іх прымуць назад за трыццаць чатыры тысячы франкаў, калі першыя будуць знойдзены да канца лютага.

У Люазэля было васемнаццаць тысяч франкаў, якія пакінуў яму бацька. Рэшту ён меўся пазычыць.

І ён пачаў пазычаць, выпрошваў тысячу франкаў у аднаго, пяцьсот у другога, сто франкаў тут, шэсцьдзесят франкаў там. Ён падпісваў вэксалі, згаджаўся на самыя вялікія працэнты, звязаўся з ліхвярамі, з самымі рознымі пазыччыкамі. Ён укрыў даўгамі ўсё сваё жыццё да самых апошніх дзён, даваў распіскі, не ведаючы нават, ці здолее іх калі аплаціць, і, прыгнечаны страхам перад пакутліваю будучыняй, перад непрагляднаю нэндзай, якая насоўвалася на яго, і перад сумнаю перспектывай матэрыяльных нястач і маральных нягод, ён паехаў па новыя каралі і вылажыў перад гандляром трыццаць шэсць тысяч франкаў.

Калі пані Люазэль прынесла аздобу пані Фарэсцье, тая сказала незадаволеным голасам:

- Магла б прынесці мне іх і раней, бо мне яны таксама маглі спатрэбіцца.

Яна нават не раскрыла футарала, чаго так баялася яе сяброўка. Што б яна магла падумаць, каб заўважыла падмену? Што б яна сказала? Можа, яна палічыла б яе за зладзейку?

 

Пані Люазэль спазнала жахлівае жабрацкае жыццё. Зрэшты, яна адразу і гераічна скарылася перад сваім лёсам. Трэба было плаціць гэты пачварны доўг. І яна плаціла. Яны развіталіся з пакаёўкай, з'ехалі з кватэры, знялі ўбогі катух на паддашку.

Яна спазнала цяжкую хатнюю працу, агіднае корпанне каля кухоннай пліты. Яна мыла посуд, заломваючы свае выпешчаныя ружовыя пазногці аб тлустыя гаршкі і закураныя рондалі. Прала брудную бялізну, мыла кашулі, церла мылам анучы і пасля развешвала ўсё гэта сушыцца на дроце; кожную раніцу яна выносіла на двор смецце і цягнула наверх ваду, спыняючыся перадыхнуць на кожным паверсе. І адзетая, як звычайная, простая кабета, з кашом у руцэ, яна хадзіла купіць чаго-небудзь спажыўнага, садавіны ці хлеба, і заўсёды спрачалася з крамнікамі, сварылася, бараніла кожнае су з сваіх мізэрных грошай.

Кожны месяц трэба было плаціць па вэксалях і, каб выйграць час, падпісваць новыя.

Муж не шкадаваў сябе, увечары ён перапісваў начыста рахункі гандлярам, а ўночы часам рабіў копіі з рукапісаў па пяць су за старонку.

І гэтак яны жылі дзесяць гадоў.

Праз дзесяць гадоў усё было выплачана - усё, разам з незлічонымі ліхвярскімі надбаўкамі і шматлікімі складанымі працэнтамі.

Пані Люазэль вельмі пастарэла. Яна стала цяпер нязграбная, і дужая, і грубая, як усе гаспадыні ў згалелых сем'ях. Яна хадзіла заўжды непрычасаная, у збітай набок спадніцы, з чырвонымі рукамі, размаўляла голасна і мыла падлогу, плёскаючы ваду проста з вядра. Але часам, калі муж быў на службе, яна сядала каля акна і прыгадвала той колішні вечар, той баль, на якім яна мела такі поспех, на якім яна была такая прыгожая і чароўная.

Што было б, калі б яна не згубіла гэтай аздобы? Хто ведае? Хто ведае? Жыццё такое капрызнае і такое зменлівае! Як мала трэба, каб знайсці адразу ўсё ці ўсё адразу згубіць!

 

Неяк у нядзелю, калі пані Люазэль пайшла прагуляцца па Елісейскіх Палях, каб крыху адпачыць ад тыднёвай стомы, яна заўважыла жанчыну, якая вяла за руку дзіця. Гэта была пані Фарэсцье, па-ранейшаму маладая, па-ранейшаму прыгожая і прывабная.

Нечаканая сустрэча ўсхвалявала пані Люазэль. Падысці да яе, загаварыць? Ну але, вядома! Цяпер, калі яна ўжо расплацілася з даўгамі, ёй можна расказаць усё.

І яна падышла.

- Дзень добры, Жана.

Але пані Фарэсцье не пазнала яе, яна была здзіўленая, што нейкая простая мяшчанка звяртаецца да яе, як да блізкай сяброўкі, і прамармытала:

- Але... пані!.. Не ведаю... Вы, мусіць, памыліліся.

- Не. Я Мацільда Люазэль.

Яе прыяцелька аж ускрыкнула:

- Ах!.. Бедная Мацільда, як ты змянілася!..

- Мне давялося перажыць нялёгкія дні з таго часу, як мы з табой бачыліся апошні раз. Я зведала, што такое нястача... і ўсё праз цябе!..

- Праз мяне?.. Але якім чынам?

- Ты памятаеш тыя дыяментавыя каралі, што ты мне пазычыла, каб схадзіць на вечар у міністэрства?

- Памятаю. Дык што?

- Дык вось, я іх тады згубіла.

- Як! Ты ж мне іх аддала.

- Аддала, але другія, такія самыя. І нам пасля давялося за іх плаціць дзесяць гадоў. Сама разумееш, нам прыйшлося даволі цяжка, у нас нічога не было... Але цяпер усё нарэшце скончана, і я шалёна гэтаму рада.

- Дык ты кажаш, што замест маіх вы купілі другія дыяментавыя каралі?

- Ага. А ты гэтак нічога і не заўважыла, га? Яны былі вельмі падобныя.

І яна ганарліва і прастадушна ўсміхнулася, поўная радасці.

Пані Фарэсцье ўзрушана ўзяла яе за рукі.

- Ах! Мая бедная Мацільда! Але ж мае каралі былі фальшывыя. Яны каштавалі самае большае пяцьсот франкаў!..



Пераклад: Зьміцер Колас