Гі дэ Мапасан

Мартэнава дачка

Гэта здарылася з ім у нядзелю, пасля абедні. Ён выйшаў з царквы, скіраваў на пралеглую ярам дарогу, якая вяла дадому, і тут уперадзе заўважыў Мартэнаву дачку: яна таксама вярталася дахаты.

Побач з дзяўчынаю паважнай ступою заможнага фермера ішоў бацька. Ён заўсёды надзяваў нейкі шэры суконны сурдут - не любіў блузаў: на галаве ў яго быў шыракаполы капялюш.

Дзяўчына была ў туга зашнураваным гарсэце, які надзявала яна толькі ў нядзелю; тонкая і шыракаплечая, яна стройна ішла, пакалыхваючы крутымі клубамі.

На галаве ў яе красаваўся ўпрыгожаны букецікам кветак капялюшык, выштукаваны гарадской мадысткай з Івэто; дужая, гладкая, гнуткая шыя была голая, на патыліцы пяшчотна трапяталіся кароценькія кудзеркі, зруселыя на ветры ды сонцы.

Бэнуа бачыў дзяўчыну толькі ззаду; але ён выдатна помніў яе з твару, хоць ніколі асабліва і не прыглядаўся да яе.

«Чорт вазьмі, такая красуня Мартэнава дачка!» - падумалася яму раптам. Ён залюбавана глядзеў на яе хаду і нечакана адчуў, як яго апаноўвае гарачае жаданне. Яму нават не было патрэбы, каб яна азірнулася, не! Яго вочы былі прыкаваны да дзявочага стану, а ў думках вілося тое самае: «Чорт вазьмі, такая красуня!»

Дзяўчына павярнула направа, у кірунку да «Мартэнёўкі» - фермы Жана Мартэна, бацькавай фермы, - і азірнулася. Яна ўбачыла Бэнуа, які чамусьці да смеху дзівакавата, як ёй здалося, глядзеў на яе, і гукнула:

- Дабрыдзень, Бэнуа!

- Дабрыдзень, васпані, дабрыдзень, васпані Мартэн, - адказаў ён і пашыбаваў далей.

Калі ён прыйшоў дадому, суп ужо стаяў на стале. Ён сеў насупраць маці, побач з парабкам і наймітам, а служанка пабегла нацадзіць сідру.

Бэнуа пасёрбаў трохі і адсунуў талерку.

- Ці не захварэў ты часам? - запыталася маці.

- Ды не, жывот нешта пучыць, не хочацца есці, - адказаў ён.

Ён глядзеў, як елі іншыя, сам час ад часу адломваў кавалачак хлеба, няспешна клаў яго ў рот і паволі жаваў. Яго думкі былі заняты Мартэнавай дачкой: «Папраўдзе-такі красуня...» І як толькі ён дасюль не заўважаў гэтага? Адкрыццё прыйшло так знянацку і ўзрушыла так моцна, што ў яго ажно прапаў апетыт.

Да смажаніны ён і не даткнуўся.

- Ну, з'еш хоць кропельку, Бэнуа, - угаворвала маці. - Гэта ж бараніна, табе палепшае. Ну і хай сабе не хочацца, а ты цераз сілу паеш.

Бэнуа пракаўтнуў адзін-другі кавалачак і адставіў талерку: не, папраўдзе нішто не лезла ў горла.

Папоўдні ён вырашыў прагуляцца і адпусціў найміта, сказаў, што па дарозе сам загоніць худобу.

У полі было бязлюдна: людзі нядзелькавалі. Сям-там у канюшыне на ўгрэве палежвалі, жавалі жуйку разамлелыя, з разбухлым вымем каровы. Пры ворыве чакалі прыткнутыя збоку плугі; шырокія чорныя шнуры пераплужаных ужо, гатовых да сяўбы палеткаў перамяжоўваліся з жоўтымі палосамі свежага пшанічнішча і аўсянішча.

На прыволлі гуляў востры восеньскі вецер, як знак таго, што ўвечары па захадзе сонца будзе халаднавата. Бэнуа сеў каля рова, зняў капялюш, паклаў яго на калені, быццам яму было трэба асвяжыць галаву, і ў поўнай цішыні галосна сказаў:

- Што красуня яна, то красуня!

Ён думаў пра гэта і ўночы, калі ўжо ляжаў у пасцелі, і раніцаю, як толькі прачнуўся.

Ён не быў маркотны ці незадаволены; ён і сам не змог бы растлумачыць, што з ім такое сталася. Нешта завалодала ім, нешта запала яму ў душу, Бог ведае якая драбязюлька чэпка сядзела там і паказытвала яго сэрца. Гэтак часам заляціць у пакой вялікая муха. З гучным бзынкатам кідаецца яна то ў адзін, то ў другі бок, і гэты бзынкат не дае вам спакою, раздражняе. Раптам муха прыпыняецца, сціхае; вы ўжо нават забываеце пра яе, але тут жа яна зноў зрываецца ў лёт, і вы міжволі гледзіце ёй услед. Ні злавіць, ні выгнаць, ні забіць, ні ўтаймаваць яе немагчыма. Яна ж толькі на нейкі момант супыніцца - і зноў усчынае сваё надаеднае бзынканне.

Гэтак і згадка пра Мартэнаву дачку не давала спакою Бэнуа, нібы назолістая муха.

Потым яму закарцела яшчэ раз убачыць дзяўчыну, і ён закружляў паблізу Мартэнёўкі. І ўрэшце-такі ўбачыў: яна развешвала бялізну на вяроўцы, напятай паміж дзвюма яблынямі.

Дзень быў цёплы; Мартэнава дачка была адно ў кароткай ніжняй спадніцы; надзетая на голае цела, кашуля шчыльна аблягала пругкія дзявочыя грудзі, як толькі яна ўзнімала рукі, каб павесіць ручнік.

Бэнуа як прыкіпеў за ровам; прамінула з гадзіну часу, ужо і дзяўчына даўно знікла ў хаце, а ён усё не кранаўся з месца. Дадому ён вярнуўся ўзрушаны яшчэ мацней, чым пры першай сустрэчы.

Цэлы месяц яго думкі былі заняты адной Мартэнавай дачкой; ён ажно ўздрыгваў, калі пры ім згадвалася яе імя. У яго дарэшты прапаў апетыт, па начах ён абліваўся потам і амаль не спаў.

Штонядзелі, у час абедні, ён не зводзіў з яе вачэй. Яна заўважыла гэта і стала яму ўсміхацца, палашчаная такім непрыхаваным залюбаваннем.

Неяк вечарам ён зусім неспадзявана сустрэўся з ёю на палявой дарозе. Яна ўбачыла яго і спынілася. Ад спалоху і ўсхваляванасці ў яго ажно перацяло дыханне, але ён усё-такі цвёрда рушыў да яе з намерам сказаць усё. І, запінаючыся, загаварыў:

- Ну вось, васпанна Мартэн, самі бачыце, далей так цягнуцца не можа.

- Што далей так цягнуцца не можа, Бэнуа? - перапытала дзяўчына з усмешкаю.

- Што я цэлымі днямі думаю пра вас.

Яна паставіла рукі ў бокі:

- А хіба я прымушаю вас?

- Прымушаеце... - Бэнуа запнуўся. - Прымушаеце; я ўжо ні піць, ні есці не магу, ні сну, ні пярэдыху не маю.

- То чым жа тады вылечыць вас ад гэтага? - прашаптала яна.

Ён разгубіўся: рукі яго абвіслі, вочы скруглелі, рот прыадкрыўся.

Яна моцна адштурхнула яго і ўцякла. З гэтага дня яны пачалі сустракацца - то каля межавых равоў, то на дарозе ў ярах, то ў прывечарэлым полі, калі ён пасля працы вёў дадому коней, а яна гнала з пашы сваіх кароў.

Бэнуа адчуваў, як неадольная сіла вабіць яго да Мартэнавай дачкі, ён цягнуўся да яе і душой, і целам. Яму праглася сціснуць яе ў абдымках, задушыць, з'есці, зрабіць яе часткай сябе самога. І яго ажно калаціла ад бяссілля і нецярплівасці, ад шалу, што яна не дарэшты належыць яму, што яны не створаны адзінай істотай.

Па наваколлі пра іх пайшла пагалоска. Іх ужо лічылі жаніхом і нявестай. Аднойчы ён і сам папытаўся ў яе, ці хацела б яна стаць яго жонкаю, і яна адказала: «Хацела б».

Яны чакалі моманту, каб пагаварыць з бацькамі. І раптам ні з таго ні з сяго яна перастала хадзіць на спатканні. Ён падоўгу блукаў вакол іхняй фермы, але так ні разу і не ўгледзеў дзяўчыны. Давялося чакаць нядзелі, каб убачыцца з ёю ў царкве. А ў нядзелю, адразу пасля абедні, кюрэ з амбона абвясціў пра заручыны Вікторыі-Адэліны Мартэн з Жазэфанам-Ізідорам Валэнам.

У Бэнуа абвялі рукі, нібыта з іх раптоўна спусцілі ўсю кроў. У вушах шумела, ён як аглух; толькі па нейкім часе ён заўважыў, што плача, уткнуўшыся ў малітоўнік.

Цэлы месяц ён не паказваўся на людзях. Потым зноў улёг у работу.

Аднак загою не было, ён думаў і думаў пра дзяўчыну. Штодня, зранку і ўвечары, ён падоўгу гуляў у полі, але пазбягаў хадзіць дарогамі паблізу Мартэнёўкі, далёка абыходзіў яе, каб не бачыць нават абсады тае сядзібы.

Яна была ўжо замужам за Валэнам, самым багатым фермерам у кантоне. Бэнуа перастаў размаўляць з Валэнам, хоць яны таварышавалі з самага маленства.

Неяк вечарам, праходзячы паўз мэрыі, Бэнуа пачуў, што Мартэнава дачка цяжарная. Гэта навіна чамусьці зусім не прычыніла яму болю - наадварот, ён адчуў нават пэўную палёгку. Ну, вось і ўсё, вось і ўсё нарэшце. Гэта разлучала іх яшчэ болей, чым сам шлюб. Папраўдзе, гэтак было нават лепей.

Прамінаў месяць за месяцам. Бывалі выпадкі, што ён бачыў яе на дарозе, калі яна ацяжэлай паходкай ішла ў сяло. Угледзеўшы яго, яна чырванела, угінанала галаву і прыспешвала хаду. А ён увогуле зварочваў убок, каб не сутыкацца з ёю, не сустрэцца позіркам.

Яго жахала думка, што ў любы дзень ён можа апынуцца з ёю з вока на вока, і тады давядзецца загаварыць. А што ён мог сказаць ёй цяпер пасля ўсяго, што было сказана некалі, калі ён браў яе рукі ў свае і цалаваў яе валасы на скронях? Зноў і зноў прыгадваліся яму спатканні каля равоў. Подла ўсё-такі яна зрабіла - і гэта пасля ўсіх яе абяцанак!

І ўсё ж маркота спакваля ў яго сэрцы саступала месца лёгкай журбе. Нарэшце настаў і такі дзень, калі ён упершыню зноў, як некалі, рушыў на прагулку па дарозе, якая пралягала паблізу Мартэнавай фермы. Неўзабаве завіднеўся дах яе дома. Вось тут, тут жыве яна - з другім!.. Пышна цвілі яблыні, на сметніку кукарэкалі пеўні... Сядзіба выглядала спусцелаю: гаспадары выправіліся ў поле - быў разгар вясенніх работ. Бэнуа спыніўся каля загароды, абвёў позіркам падвор'е. Каля будкі драмаў сабака, да копанкі нетаропка ішлі адно за адным трое цялят. Тоўсты індык распускаў хвост каля парога, фасоніста, як спявак на сцэне, пахаджаў перад чарадой курэй.

Бэнуа прыпёрся да слупка: нечакана чамусьці страшэнна захацелася плакаць. Але тут з дома да яго даляцеў крык, доўгі адчайны лямант. Бэнуа стаў як укапаны, ашчаперыў жэрдку, напята ўслухаўся. І зноў доўгі, роспачны лямант упіўся яму ў вушы, у самае сэрца, працяў яму ўсю істоту. Гэта крычала яна! Ён сарваўся з месца, перабег лужок, рыўком расчыніў дзверы і ўбачыў яе - на падлозе: пасінелая, з ашалелымі ад болю вачыма, яна сутаргава курчылася ў перадродавых схватках.

Ён так і прырос да парога, спалатнеў, залекацеў мацней, чым яна, і пралепятаў:

- Гэта я, тут я, тут, васпанна Мартэн.

Яна задыхаючыся адказала:

- Ох, не пакідайце мяне адну, толькі не пакідайце мяне, Бэнуа!

Ён глядзеў на яе і не ведаў, што рабіць, што казаць. Яна закрычала зноў:

- Вой, вой! Проста на частачкі разрывае! Вой, Бэнуа!

Яна ажно вілася ад болю.

І тады Бэнуа раптам ахапіла апантанае жаданне паратаваць яе, суцішыць боль, збавіць яе ад пакут. Ён нагнуўся, узяў яе на рукі, падняў і занёс на ложак; яна не пераставала стагнаць, а ён хутка раздзяваў яе, скідаў кофтачку, спадніцу, кашулю. Яна кусала сабе рукі, каб стрымаць крык. А ён зрабіў тое, што звычайна рабіў сваёй жывёле - каровам, авечкам, кабылам: памог ёй нарадзіць, і неўзабаве трымаў у руках пісклявае немаўлятка.

Ён абцёр яго, увярцеў у палатніну, якая сушылася каля печы, паклаў на стол на яшчэ не прасаваную бялізну і вярнуўся да парадзіхі.

Ён зноў паклаў яе на падлогу, памяняў прасціны і пасля перанёс на пасцель. Яна прашаптала:

- Дзякуй, Бэнуа, слаўны ты чалавек.

І, як ад нейкага запозненага жалю, ціха заплакала.

А ён - ён ужо не кахаў яе, зусім не кахаў. З каханнем было кончана. Якім такім чынам? Чаму? Ён і сам не змог бы растлумачыць. Але тое, што цяпер адбылося, вылечыла яго так, як не вылечылі б і дзесяць гадоў разлукі.

Яна - зняможаная, усхваляваная - папыталася:

- Хто хоць у мяне?

Ён спакойна адказаў:

- Дзяўчынка, ды такая гожанькая!

Яны памаўчалі. Неўзабаве парадзіха ціха папрасіла:

- Пакажы мне яе, Бэнуа.

Ён узяў немаўля на рукі і, нібы пасвянцоны бохан хлеба, падаў маці - і раптам дзверы расчыніліся і на парозе стаў Ізідор Валэн.

У першы момант ён ніяк не мог уцяміць, што тут да чаго; нарэшце, зразумеў усё.

Збянтэжаны Бэнуа залепятаў:

- Я праходзіў міма... Іду гэта сабе міма і раптам чую - крычыць... Ну, я і прыбег... Вось тваё дзіця, Валэн!

Муж са слязьмі на вачах ступіў да Бэнуа, узяў у яго з рук пакуначак, пацалаваў немаўлятка ды так і замёр, не могучы вымавіць слова; потым паклаў дзіця на ложак і падаў Бэнуа абедзве рукі:

- Дай руку, Бэнуа, дай руку! Цяпер між намі, сам бачыш, усё сказана... Хочаш - будзем сябрамі, вернымі сябрамі, га?

І Бэнуа адказаў:

- Хачу, вядома, хачу!



Пераклад: Ніна Мацяш

Беларуская Палічка: http://knihi.com