Гі дэ Мапасан

Маска

У той вечар у Елісейскім палацы на Манмартры быў баль-маскарад з нагоды святога чацвярга, і людскія ручаі, нібы вада ў адчынены шлюз, імкнулі ў ярка асветлены калідор, які вёў у танцавальную залу. Аглушальны покліч аркестра, што выбухаў у зале, музычнай віхурай вырываўся са сценаў палаца, разлягаўся па ўсім квартале і ўладна абуджаў у прахожых і ў дамаседаў нясцерпнае жаданне пайсці ў скокі, разагрэць сваю кроў, ад душы павесяліцца - жаданне, якое вечна дрэмле ў глыбіні чалавечай істоты.

Самая разнастайная публіка сцякалася сюды з усяго Парыжа - аматары безагляднай весялосці, усе, каму па сэрцы амаль распусныя, на мяжы з разгулам, забавы. Ішлі службоўцы і сутэнёры, прастытуткі і служанкі ў разнастайных - ад просценькага сітцу да вытанчанага батысту - уборах, багатыя, усе ў дыяментах, векавухі і немаёмныя шаснаццацігадовыя дзяўчаткі, ахопленыя прагай «шыкануць», людзей паглядзець ды сябе паказаць. У гэтым узбуджаным натоўпе шмыгалі і юнакі ў чорных элегантных фраках і ўжо не першай свежасці, але ўсё яшчэ юрлівыя дзецюкі, якія нібы вышуквалі там, вынюхвалі нешта, затое ўсе маскі, здавалася, былі апанаваныя адзіным памкненнем - адвесці душу. Аркестр уцінаў славутую кадрылю, і вакол танцораў утварылася пышная карона гледачоў. Усхваляванае кола, жывы замес з мужчынскай і жаночай плоці, які атачыў дзве пары танцораў, то сціскаўся, як удаў, то паслабляўся суладна выкаблучванням танцораў. Абедзве жанчыны вытваралі такое, быццам іх ногі былі гумкамі, прымацаванымі да стану. Яны то з сілай ускідвалі іх угору, быццам намерваліся шпурнуць у неба, то раптоўна, нібы ногі тыя былі на шарнірах, разводзілі іх у «шпагат» і ў незвычайным, адначасова і непрыстойным, і смешным вымаху краналіся пахам падлогі.

Іх кавалеры падскоквалі, імкліва перабіралі нагамі, віхляліся, трэслі і размахвалі рукамі, як куксамі абскубаных крылаў, і хоць былі яны ў масках, адчувалася, што давалася ім гэта нялёгка.

Адзін з танцораў, які ў найпапулярнейшай кадрылі замяніў адсутную знакамітасць - прыгажуна «Мара дзяўчатак» - і сіліўся не саступіць нястомнаму «Цялячаму рабру», рабіў такія няўклюдныя выверты, што гэта выклікала дружны смех і кепікі гледачоў.

Ён быў худы, адзеты, як піжон, з цудоўнай лакіраванай маскай на твары - маскай юнака са светлымі падвітымі вусамі і пышным парыком на галаве.

Ён нагадваў васковую фігуру з музея Грэвэна, нейкую дзіўную, незразумелую карыкатуру на юнага прыгажуна з часопіса мод; танцаваў ён зацята, але нязграбна, з нейкім камічным запалам. Рухі ў яго былі як падмарожаныя ў параўнанні з іншымі, калі ён сіліўся паўтарыць іх выбрыкі; у яго быў выгляд паралітыка, выгляд няўклюднага кудлы-падваротніка ў гульні з чыстакроўнымі хартамі. Здзеклівыя «брава» толькі паддавалі яму жару. І, ахмялелы ад свае заўзятасці, ён так утрапёна дрыгаў нагамі, што пры чарговым шалёным падскоку знячэўку ўрэзаўся галавой у сцяну гледачоў, якая ўміг расступілася, каб даць яму дарогу, і тут жа самкнулася зноў вакол знерухомелага, распластанага на падлозе знежывелага цела танцора.

Мужчыны паднялі яго і панеслі з залы. Пачуліся крыкі: «Доктара! Ці ёсць тут доктар?!» З натоўпу азваўся малады чалавек, вельмі элегантны, у чорным фраку з буйнымі брыльянтамі на святочнай кашулі.

- Я выкладчык на факультэце, - сціпла сказаў ён.

Яму далі прайсці ў пакой, завалены папкамі, бы канторка якога службоўца, дзе на крэслах ужо ляжаў усё яшчэ непрытомны танцор. Доктар найперш памкнуўся зняць маску, але выявілася, што гэта не так проста: мноства танюткіх драціначак старанна знітоўвалі яе з краямі парыка, моцным плецівам акалялі ўсю галаву, і богведама як было яго расплесці. Шыя таксама была апята штучнай скураю, што ішла спадыспаду маскі ўніз ад падбародка, і гэтая пальчаткавая скура цялеснага колеру прыпіналася да каўняра кашулі.

Давялося расцяць усё вялікімі нажніцамі; і калі доктар прайшоўся імі па гэтым дзівотным плеціве, зрабіў разрэз ад пляча да скроні і расхіліў панцыр, пад ім аказаўся выпетраны часам, худы, маршчыністы твар старога чалавека. Уражанне гледачоў ад кантрасту паміж прынесенай імі сюды юнай кучаравай маскай і сапраўдным абліччам было такое вялікае, што ніхто не засмяяўся, не прамовіў ні слова.

Ашаломлена глядзелі яны то на вартае жалю, распасцёртае на саламяных крэслах аблічча з заплюшчанымі вачамі, з клоччам сівых валасоў, доўгіх на лбе і кароткіх на шчоках ды падбародку, то на зграбную, дзівосную бліскучую маску вобак, такую юную і жыццярадасную.

Па доўгім памараку стары, нарэшце, апрытомнеў, але ён яшчэ быў такі слабы, такі нямоглы, што доктар пабойваўся, каб не здарылася чаго горшага.

- Дзе вы жывяце? - запытаўся ён.

Стары танцор з відавочнай цяжкасцю напружваў памяць, урэшце як быццам прыгадаў і назваў вуліцу. Аднак ніхто з прысутных не ведаў, дзе такая знаходзіцца. Давялося распытваць, у якім яна квартале. Стары доўга, разгублена сіліўся ўспомніць, і гэта давалася яму так цяжка, што наводзіла на думку пра расстройства мысліцельных здольнасцей.

- Я сам завяду вас дадому, - вырашыў доктар.

Яму раптам заманулася даведацца, хто ён, гэты дзіўны блазен, захацелася паглядзець, дзе жыве гэты незвычайны танцор.

І вось яны селі ў фіякр і неўзабаве апынуліся на процілеглым канцы Манмартра.

Фіякр спыніўся каля высокага абшарпанага дома з зашмальцаванай лесвіцай - аднаго з тых занядбаных дамоў з безліччу вокнаў, страшэнна самотных на голым пустыры, дзе ў неахайных бярлогах вякуе свой век процьма згалелых, абнядоленых людскіх істот.

Доктар, трымаючыся за парэнчы - драўляныя брускі вінтавой лесвіцы, да якіх прыліпала рука, - завалок ажно на пяты паверх легкадумнага старога, да якога спакваля вярталася сіла.

Дзверы, у якія яны пастукалі, адчыніліся, і на парозе паявілася жанчына, таксама ўжо немаладога веку кабета, чысценькая, у бялюткім начным чэпчыку на пукатай, з рэзка акрэсленымі рысамі твару галаве - вялікай, гожай і строгай, - такія звычайна бываюць у жанок рабочых, жанок працавітых і верных.

- А Божачкі! Што з ім? - крыкнула жанчына.

Калі ёй коратка было растлумачана, што адбылося, яна і сама супакоілася і папрасіла доктара не хвалявацца, бо такое здаралася ўжо не першы раз з яе мужам.

- Яго трэба пакласці ў пасцель, пане, толькі і ўсяго, ён засне, а заўтра ўсё будзе чын чынам.

- Але ж ён ледзьве языком варочае, - усумніўся доктар.

- Э, нічога страшнага, гэта ў яго ад хмелю. Ён жа нічога не еў у абед, каб спрытнейшым быць, затое кульнуў ажно дзве чаркі - для настрою. Гарэлка, уявіце сабе, развязвае яму ногі, але скоўвае думкі і мову. Ах, не ў яго гады ўжо лётаць на танцулькі. Не, папраўдзе, ну хоць ты плач, і калі ўжо адумаецца чалавек?І

- Але чаму ён гэтак утрапёна танцуе ў такія гады? - запытаўся здзіўлены доктар.

Яна паціснула плячыма і пачырванела ад гневу, які спакваля апаноўваў яе.

- Ах, Божачкі, чаму?! Ды таму, смех сказаць, каб думалі, што ён і пад маскаю маладзён, каб жанчыны ліплі да яго ды нашэптвалі ўсялякую брыду яму на вушка, каб ён мог хоць даткнуцца да іх, да іх паскуднага цела, хоць падыхаць іх пахамі, пудрамі ды памадамі... Во дзеля чаго ж яшчэ?! Ах, пане, во якая ў мяне жытка, цэлыя сорак гадоў ужо ўсё гэта цягнецца... Але найперш трэба ўкласці яго ў пасцель, каб яму не стала кепска. Ці не памаглі б вы мне? Вельмі цяжка спраўляцца адной, калі ён у гэтакім стане.

Стары сядзеў на ложку, асалавелы, з доўгімі сівымі валасамі, звіслымі на твар.

Яго палова і абурана, і замілавана глядзела на яго.

- Ну, гляньце, хіба ён не прыгожы на свае гады? - зноў загаварыла яна. - Дык не, трэба строіць з сябе блазна, каб людзі думалі, што ён яшчэ малады. Гора дый годзе! А праўда, ён харошанькі, пане? Адну хвілінку, зараз убачыце, пакуль ён не лёг.

Яна падышла да стала, дзе месціліся тазік, збан з вадою, грэбень і шчотка, узяла шчотку, вярнулася да ложка, адкінула ўгору зблытаныя кудлы п'янага мужа - і вось ужо яны, як на мадэлі мастака, буйнымі кучарамі леглі на патыліцу. Старая адступіла на крок і залюбавалася:

- Праўда, ён харошанькі на свае гады?

- Вельмі, - пацвердзіў доктар, якога ўсё гэта пачынала дужа забаўляць.

- А каб вы толькі бачылі, які ён быў дваццаціпяцігадовы! - дадала яна. - Але ж трэба хутчэй укласці яго, пакуль тая гарэліца не вывернула вантробаў. Калі ласка, пане, памажыце сцягнуць рукаў... трохі вышэй... во гэтак... добра... цяпер штаны... пачакайце, я зараз скіну чаравікі... Ну вось і ўсё. А цяпер пастаўце яго на ногі і хвіліначку патрымайце, пакуль я рассцялю пасцель... вось так... цяпер паложым... Вы, можа, думаеце, што зараз ён пасунецца, каб і мне было дзе легчы? То дзіва. Мне ўжо трэба шукаць сабе месца абы-дзе. Гэта ўжо яго зусім не цікавіць. Ну, спі, гулёна!

Як толькі стары адчуў, што ляжыць у пасцелі, ён адразу ж заплюшчыў вочы, потым расплюшчыў, заплюшчыў зноў, і на ўсім яго здаволеным абліччы вымаляваўся рашучы намер спаць.

Доктар разглядваў яго з растучай зацікаўленасцю.

- Значыць, ён ходзіць на маскарады, каб прыкідвацца там юнаком? - перапытаў ен.

- Ніводнага не прамінае, пане, а раніцаю вяртаецца ў такім стане, што і ўявіць немагчыма. А ўсё ад роспачы! І ляцець туды ён мусіць, і на свой твар гэтую кардонку напінаць мусіць. Ад роспачы, што ён ужо не той, які быў, і што ўжо не карыстаецца поспехам, як некалі!

Стары цяпер ужо спаў і нават пачынаў пахропваць. Яна са шкадаваннем глядзела на яго і прадаўжала:

- О, а поспехам ён карыстаўся, гэты чалавек! Такім, што і не падумаў бы, пане! Большым, чым усе на свеце прыгажуны, спевакі ды генералы!

- Няўжо? Чым жа ён займаўся?

- О, вас гэта, канешне, можа здзівіць, тым болей што вы не былі знаёмыя з ім у яго маладосці. Мы ўпершыню сустрэліся таксама на балі, ён адвеку любіў іх. Калі я першы раз убачыла яго, адразу зразумела: ну ўсё, хана мне, як рыбцы на гачку. Ах, які ён быў прыгожы, пане, да таго прыгожы, што плакаць хацелася, гледзячы на яго смуглявыя такія валасы, чорныя як смоль, кучаравыя-кучаравыя, а вочы таксама чорныя і вялізныя - бы вокны! Дзівосны хлопец! Ён у той жа вечар павёў мяне з сабою, і я засталася з ім назаўжды, ніколі і на дзянёк не кінула, нягледзячы ні на што! А колькі ўсяго перажыць давялося!..

- Вы павянчаліся? - запытаўся доктар.

- Канешне, пане, інакш ён і мяне кінуў бы, як іншых кідаў, - проста адказала яна. - Я была яму і жонка, і служанка, і - усім, усім, кім ён толькі хацеў... Колькі слёз я праліла з-за яго. Але пры ім я век бы не заплакала!.. Ён мне расказваў пра ўсе свае прыгоды, разумееце, пане?.. Мне, мне... Да яго проста не даходзіла, як балюча мне было ўсё гэта слухаць...

- Ды чым жа ён урэшце займаўся, што рабіў?

- Ой, праўда!.. Я і забылася сказаць. Ён быў першы Мартэлеў падручны - другога такога на ўсім свеце не было... Сапраўдны мастак, зарабляў па дзесятку франкаў за гадзіну...

- Мартэль? Хто такі Мартэль?

- Цырульнік, пане, знакаміты цырульнік оперы, у яго прычэсваліся ўсе актрысы. Усе-ўсенькія, нават самыя шыкоўныя жадалі, каб прычоску рабіў ім Амбруаз, а потым адвальвалі яму такія чаявыя, што ён стаў страшэнна багаты. Ах, пане, усе жанчыны з аднаго цеста, праўда-праўда. Калі яны ўжо ўпадабаюць сабе мужчыну, дык ідуць на ўсё... Так проста зразумець усё гэта і так цяжка... Бо ён расказваў мне ўсё... Ён проста не мог змаўчаць... Не мог - і ўсё тут. Гэта ж такая асалода мужчынам! А пасля яшчэ і расказаць каму-небудзь пра гэта - дык, можа, нават яшчэ большая асалода!

Калі ён вечарам вяртаўся дахаты, трохі бляднейшы, чым звычайна, такі самазадаволены, вясёлы, я адразу ж думала: «Ну вось, яшчэ адна. Напэўна яшчэ адну падчапіў». Мяне апаноўвала жаданне выпытаць у яго ўсё, ажно сэрца папялела ад гэтага жадання, але было і другое: не ведаць нічога, не даць яму гаварыць пра гэта, калі пачне. І мы толькі паглядвалі адно на адно.

Я добра ведала, што ён не вытрывае, не абыдзе гэтага. Я бачыла гэта па ім, такі ён быў смешны ў сваім намаганні, каб я сама ўсё зразумела. «Я такі ўсцешаны сёння, Мадлен!» - гаварыла ўсё яго аблічча. Я прыкідвалася, што нічога не заўважаю, не здагадваюся; я ставіла на стол вячэру, сядала насупраць яго...

У такія хвіліны мне здавалася, што ў маю душу ляцяць камяні і разбіваюць маю любоў да яго. Так балюча было мне, пане, страшэнна. А яму і не ў галаве было, ён і не здагадваўся; яму трэба было падзяліцца з кім-небудзь, пахваліцца, паказаць, як усе падаюць за ім... А дзяліцца не было з кім, адна я была ў яго, адна я... Вось і... Мусіла выслухоўваць, мусіла каўтаць усё, як атруту...

Ён браўся вячэраць, а потым казаў:

- У мяне новенькая, Мадлен.

А я думала: «Значыць, праўда. Божа мой, што за чалавек?! І навошта толькі я яго спаткала?!»

А ён прадаўжаў:

- Новенькая і - дужа прывабненькая...

І гэта была якая-небудзь актрысачка з вадэвіля ці з вар'етэ, а потым пайшлі і важнейшыя, і самыя знакамітыя пані. Ён называў мне іхнія імёны, абмалёўваў іх спальні і ўсё іншае, усё дарэшты, пане... Такія драбніцы, што як толькі трывала маё сэрца. А ён перабіраў іх, зноў і зноў прыгадваў усё ад пачатку да канца, і гэтакі быў усцешаны, што я мусіла смяяцца, каб ён не зазлаваўся на мяне.

Можа, не ўсё там было праўда! Ён так любіў павыхваляцца, што мог і навыдумляць усё! А можа, і праўда ўсё! Бо выгляд у яго тады быў стомлены, пасля вячэры ён адразу ішоў спаць. Вячэралі мы позна, пане, каля адзінаццаці, бо ён ніколі не вяртаўся раней: вечарамі ў цырульні асабліва шмат работы было.

Выгаварыўшыся, ён закурваў, пахаджаў туды-сюды па пакоі, і гэтакі прыгожы быў са сваімі вусамі ды кучарамі, што я думала: «Канешне, усё гэта праўда, што ён расказвае. Калі страціла галаву я ад гэтага мужчыны, дык чаму яшчэ нехта не можа вар'яцець праз яго?» Пакуль ён курыў, я прыбірала са стала і ледзьве стрымлівалася, каб не загаласіць, залямантаваць, збегчы адсюль, выкінуцца праз акно!.. А ён шырока пазяхаў, каб паказаць мне, які ён стомлены, і потым, калі ўжо клаўся спаць, усё прыгаворваў: «Ну і спаць буду сёння - як забіты!»

Я не дакараю яго, ён жа зусім не ведаў, як ён мяне мучыў! Ды і не павінен быў гэтага ведаць! Ён гэтак любіў выхваляцца сваімі перамогамі над жанчынамі, бы паўлін - хвастом сваім. Ён шчыра верыў, што ўсе любуюцца з яго і ўсе прагнуць яго.

Яшчэ нясцерпней стала, калі ён пастарэў.

Ах, пане, калі я першы раз заўважыла ў яго сівы волас, я ледзьве не самлела ад страху! А потым мяне ахапіла такая радасць - подлая, але такая вялізная, бязмежная радасць! «Вось і ўсё, - падумала я, - вось і ўсё!..» Мяне быццам з турмы выпусцілі! Нарэшце ён будзе толькі мой, бо другім ён будзе ўжо не патрэбен!

Тым ранкам я прачнулася першая. Ён яшчэ спаў, і я нахілілася, каб пабудзіць яго пацалункам, і раптам заўважыла ў яго кучарах на скроні маленькую нітачку, якая зіхацела, як серабро. А Божачкі! Быць не можа! Мне і ў галаву не прыходзіла, што такое быць можа! Спачатку я хацела вырваць яе, каб ён і не бачыў, але, калі прыгледзелася, вышэй заўважыла яшчэ адну. Сівыя валасы! Ён ужо сівее! Сэрца маё калацілася, ажно ў пот кінула ад страху, але ў глыбіні душы я вельмі, вельмі цешылася!

Нягожыя былі мае думкі, праўда, але тады я з радасцю займалася сваімі хатнімі справамі, яго не будзіла. Калі ж ён сам расплюшчыў вочы, я сказала:

- Ведаеш, што я выявіла, пакуль ты спаў?

- Што?

- Што ў цябе ўжо ёсць сівыя валасы.

Яго ажно падкінула на ложку ад прыкрасці, ён усхапіўся, быццам яго ўшчыкнулі, і злосна крыкнуў:

- Няпраўда!

- Праўда. На левай скроні. Чатыры валаскі.

Ён ускочыў з пасцелі і падбег да люстэрка. Глядзіць, шукае, а не знаходзіць. Тады я паказала яму той валасок, што быў найніжэй, тоненькую такую завітушку, і заўважыла:

- Пры такім жыцці, як у цябе, гэта і не дзіва. Гады праз два будзеш белы як лунь.

І што ж вы думаеце, пане? Як у ваду глядзела. Праз два гады яго нельга было пазнаць. Як хутка жыццё мяняе чалавека! Ён быў яшчэ прыгожы дзяцюк, але колішняй свежасці ўжо не было, і жанчыны сталі астываць да яго. Ах, што я толькі не зажыла ў тыя гады!.. Які жорсткі быў ён са мною!.. І тое яму не гэтак, і гэта не так... Пакінуў сваю цырульню, узяўся капелюхі рабіць, ды ўсе грошы на гэтым і прамантачыў. Потым яму зарупіла стаць акторам - нічога з гэтага, вядома, не выйшла. А пасля зачасціў на ўсялякія гулянні. Добра, што хапіла розуму хоць трохі зберагчы грошай, на іх і жывём цяпер. Не дужа разгонішся, вядома, але на пражытак хапае. А гэта ж падумаць толькі, што некалі ён быў амаль багацеем!

Цяпер самі бачыце, што з ім сталася. Як утрапенец нейкі. Мусіць, годзе быць маладым, танцаваць з жанчынамі ў парфумах ды памадах. Ах ты, бедны мой дзядулька!

Расхваляваная, са слязьмі на вачах глядзела яна на свайго сівага мужа, які ўжо моцна хроп. Потым ціха наблізілася да яго і пацалавала ў галаву. Доктар устаў і моўчкі падаўся да выхаду: не мелася слоў перад абліччам гэтых дзіўных старых.

Ён быў ужо каля дзвярэй, калі старая спыніла яго.

- Ці не далі б вы мне ваш адрас на ўсялякі выпадак? - папрасіла яна. - А раптам яму пагоршае? Тады я паслала б па вас.



Пераклад: Ніна Мацяш

Беларуская Палічка: http://knihi.com