epub
 
падключыць
слоўнікі

Гі дэ Мапасан

Пані Парыс

I
II
III
IV


I

 

Я сядзеў на моле ў маленькім порце Абернон, побач з хутарам Саліс, і глядзеў, як над Анцібамі заходзіць сонца.

Мястэчка, аточанае з усіх бакоў магутнымі крапаснымі мурамі, пабудаванымі п. дэ Вабанам, выдавалася ў мора якраз пасярэдзіне неагляднай Ніцкай затокі. Высокія марскія хвалі разбіваліся аб скалы і адхлыналі, аперазаўшы ўцёс шумавіннем. За ўмацаваннямі адзін за адным караскаліся ўгору цацачныя дамкі і дабіраліся аж да дзвюх вежаў, натапыраных у неба накшталт рагоў старажытнага шлема. І абрысы іх чарнелі на малочнай белізне Альпаў, уздымаліся перад бясконцай далёкай чарадой заснежаных гор, якая затуляла ўвесь далягляд.

Паміж белай пенай каля муроў і белым снегам на небакраі мястэчка, раскінутае ў шызай смузе прыгоркаў, стракацела пірамідай дамоў з рыжымі дахамі і з белымі фасадамі такіх розных адценняў, што яны здаваліся каляровымі ў промнях вячэрняга сонца.

Нават нябесны блакіт нібы збялеў, быццам па ім расплыўся снег; срэбныя хмаркі плылі над бледнымі вяршынямі, а па той бок затокі, каля вады, быццам белая нітка, нацягнутая паміж морам і гарамі, спачывала Ніца. Два шырокія трохкутнікі ветразяў, надзьмутыя пругкім брызам, ляцелі па хвалях. Я, зачараваны, глядзеў на ўсё гэта.

Гэта была менавіта тая - ласкавая, рэдкая, прыемная воку карціна, што застаецца ў душы шчаслівым успамінам і ніколі не забываецца. Жыццё, думкі, пакуты, турботы, каханне - усё прыходзіць праз зрок. Чалавек, які бачыць і разумее хараство ў мёртвых рэчах і ў жывых істотах, адчувае тое ж раптоўнае, глыбокае, бязмежнае захапленне, што і чалавек з тонкім і далікатным слыхам, чыё сэрца рвецца з грудзей ад гукаў музыкі.

Я сказаў свайму сябру пану Марціні - ураджэнцу поўдня: «Гэта, напэўна, самае рэдкае відовішча, якім мне пашчасціла любавацца».

Я бачыў, як на золку з пяску выходзіць гранітны волат-прыгажун Мон-Сэн-Мішэль.

У Сахары я глядзеў, як пад яркім, нібы наша сонца, месячным святлом зіхаціць вялікае, кіламетраў на пяцьдзесят даўжынёй, возера Раянешэргі і як ад яго люстра адлятае ў неба белае воблака, падобнае на малочную пару.

На Ліпарскіх астравах я глядзеў на фантастычны серны кратэр Валканэла - вялізную кветку, якая дыміцца і пячэ, жоўтую кветку, якую ніколі не сарвеш, бо яна расце пасярод мора і цыбур яе - вулкан.

Нічога прыгажэйшага за Анцібы на фоне Альпаў пад вячэрнім сонцам я ніколі не бачыў.

І не ведаю, чаму мне прыгадваецца старажытнасць, усплываюць у памяці Гамеравы радкі; гэта - горад антычнага Ўсходу, гэта - горад з «Адысеі», гэта - Троя! Хоць яна і стаяла далёка ад мора.

Пан Марціні дастаў з кішэні даведнік Сарці і пачаў чытаць: «Горад паходзіць ад калоніі, заснаванай факейцамі з Марселя каля 340 г. да Божага Нараджэння. Яны далі яму грэчаскую назву Анціпаліс, гэта значыць «супрацьгорад», таму што ён сапраўды ляжыць насупраць Ніцы, таксама марсельскай калоніі.

Пасля захопу Галіі рымляне зрабілі з Анцібаў муніцыпію - яго жыхары карысталіся аднолькавымі з рымскім горадам правамі.

З эпіграмы Марцыяла мы ведаем, што ў свой час...»

Ён казаў далей. Я спыніў яго: «Мне ўсё роўна, што тут было. Я кажу вам, што ў мяне перад вачыма горад з «Адысеі». Берагі Азіі і Эўропы падобныя, але тут, на другім канцы Міжзем'я, усё інакш, і ўва мне абуджаюцца ўспаміны пра гераічныя часы».

Я пачуў чыесьці крокі і павярнуўся - жанчына, высокая чарнявая жанчына ступала па дарозе, якая вядзе ўздоўж мора на мыс.

Пан Марціні прашаптаў, гучна націскаючы на апошнія склады: «Ведаеце, гэта пані Парыс!»

Не, я не ведаў яе, але гэта імя, імя траянскага пастуха, сугучна злілося з маімі марамі.

Я ўсё ж спытаўся: «А хто яна, пані Парыс?» Ён, здавалася, абрадаваўся, што я не чуў гэтай гісторыі.

Я паўтарыў, што зусім не ведаю яе, і паглядзеў услед засяроджанай жанчыне, якая, важка, павольна ступаючы - так, пэўна, хадзілі старажытныя кабеты, - аддалялася, не заўважыўшы нас. Ёй было недзе пад трыццаць пяць, і яна заставалася прыгожая, вельмі прыгожая, хоць і трохі поўная. Вось што мне расказаў пан Марціні.

 

II

 

Пані Парыс, да замужжа Камбеломб, за год да вайны 1870 г. выйшла за пана Парыса, чыноўніка. Маладая дзяўчына была настолькі танюткая і вясёлая ў той час, наколькі мажная і сумная цяпер.

На жаль, ёй дастаўся пан Парыс - адзін з тых пузатых мужчын на маленькіх нагах, якія шпарка ходзяць у заўсёды абвіслых штанах.

Пасля вайны ў Анцібах стаяў толькі адзін лінейны батальён пад камандай пана Жана дэ Кармелена. Малады афіцэр меў узнагароды за кампанію і зусім нядаўна атрымаў чатыры галуны.

Ён вельмі нудзіўся ў крэпасці - душнай кратоўні за двайным непарушным мурам, і таму часта хадзіў гуляць на мыс у сасняк, які выстаяў пад усімі марскімі вятрамі.

Тут ён напаткаў пані Парыс, бо яна таксама ў летнія вечары прыходзіла сюды падыхаць свежым паветрам пад шатамі дрэў. Як пакахаліся яны? Хто ведае? Яны сустракаліся, глядзелі адно на адно, а калі не бачыліся, напэўна, згадвалі свае спатканні. Успамін пра чарнавокую, цёмнавалосую, белатварую маладую жанчыну, вобраз прывабнай і свежай дачкі поўдня з прыгожай белазубай усмешкай доўга не ішлі з галавы афіцэра, які крочыў далей і замест таго, каб дакурыць цыгару, пачынаў жаваць яе. А аблічча ладнага каменданта ў залатым мундзіры і ў чырвоным галіфэ, яго твар з завітымі светлымі вусамі мусілі паўставаць перад вачыма пані Парыс, калі яе дрэнна паголены і неахайны, куртаты і пузаты муж сядаў вячэраць.

Яны сустракаліся і, магчыма, пачалі ўсміхацца на кожным спатканні; яны бачыліся і падумалі, што ведаюць адно аднаго. Неяк ён, мусіць, прывітаў яе. Яна здзівілася і ледзь-ледзь, якраз настолькі, каб не быць няветлівай, кіўнула яму. Але праз два тыдні яна ўжо здалёк, а не зблізу адказвала на яго вітанні.

Ён загаварыў першы. Пра што? Напэўна, пра захады сонца. І яны разам любаваліся імі, часцей пазіраючы ў вочы адно аднаму, чым на небасхіл. І штовечар два тыдні гэта заставалася адзінай і звычайнай прычынай для кароценькай размовы.

Потым яны асмялелі і, размаўляючы, прайшлі некалькі крокаў разам. Але вочы іх казалі ўжо безліч патаемных, запаветных, салодкіх слоў, рэха якіх чуецца ў пяшчоце, ва ўзрушаным позірку, слоў, ад якіх мацней б'ецца сэрца, таму што вочы лепш за прызнанне гавораць пра тое, што хаваецца ў душы.

Пасля ён узяў яе за руку і шапнуў тыя зразумелыя кожнай жанчыне словы, пра якія яна даўно здагадваецца, хоць і робіць выгляд, што не чуе іх.

Яны дамовіліся, што будуць любіць адно аднаго, але не пераступяць мяжы цнатлівасці і сяброўства.

Яна б так ніколі і не пайшла далей гэтых пяшчотных адносін, але ён, ён хацеў большага і штодня ўсё настойлівей прагнуў яе і патрабаваў саступіць.

Яна не саступала, адмаўляла яму, здавалася непахіснай.

Зрэшты, аднаго вечара яна быццам незнарок сказала:

- Мой муж паехаў у Марсель. Ён там прабудзе чатыры дні.

Жан дэ Кармелен укленчыў каля яе ног, молячы сёння ж у адзінаццаць вечара прыняць яго. Але яна і слухаць ні пра што не захацела і раззлаваная вярнулася дамоў.

Цэлы вечар камендант быў не ў гуморы. А на другі дзень ад самай раніцы ён у лютасці сноўдаўся па ўмацаваннях ад школы барабаншчыкаў да школы пехацінцаў і караў спагнаннямі афіцэраў і салдатаў, быццам кідаў каменнем у натоўп.

Але за снеданнем у канверце пад сурвэткай ён знайшоў тры словы: «Вечарам, у дзесяць». І без дай прычыны ён падарыў пяць франкаў афіцыянту.

Дзень здаваўся яму бясконцым. І ўвесь вольны час ён аддаў таму, каб добра адзецца і надушыцца парфумай.

Калі ён сядаў абедаць, яму перадалі другі канверт. У ім была тэлеграма: «Дарагая, справы скончаны. Вяртаюся цягніком дзевятай. - Парыс».

Камендант так вылаяўся, што афіцыянт выпусціў супніцу на паркет.

Што яму рабіць? Канечне, ён прагнуў яе, гэтым жа вечарам, любой цаной; і ён возьме яе. Ён гатовы на ўсё, ён пойдзе нават на тое, каб арыштаваць і пасадзіць мужа ў турму. Раптам вар'яцкая думка прабегла ў яго галаве. Ён папрасіў паперы і напісаў:

«Пані,

Клянуся Вам, што гэтым вечарам ён не вернецца, а я буду ў Вас а дзесятай там, дзе вы ведаеце. Нічога не бойцеся, я адказны за ўсё, зарукай - мая афіцэрская годнасць.

Жан дэ Кармелен».

Ён загадаў занесці ліст і спакойна давячэраў. А восьмай ён паклікаў свайго намесніка капітана Грыбуа і, качаючы між пальцаў скамечаную тэлеграму пана Парыса, сказаў:

- Капітан, я атрымаў вельмі дзіўную тэлеграму, зместу якой не магу перадаць нават вам. Вы неадкладна замкняце і паставіце варту на ўсе гарадскія брамы, каб ніводзін чалавек, я паўтараю, ніхто не ўвайшоў і не выйшаў да шостай раніцы. Накіруйце на вуліцы патрулі, жыхары павінны быць у сваіх дамах не пазней за дзевятую. Спозненых прыводзіць дахаты пад прымусам. Калі вашы людзі спаткаюць мяне сёначы, яны павінны адразу пайсці прэч, быццам не пазнаўшы мяне. Вам усё зразумела?

- Усё, мой камандзір.

- Назначаю вас адказным за спаўненне ўсіх маіх загадаў, дарагі капітане.

- Добра, мой камандзір.

- Ці не хочаце чарачку шартрэзу?

- З ахвотаю, мой камандзір.

Яны чокнуліся, выпілі залацістага лікёру, і капітан Грыбуа пайшоў.

 

III

 

Марсельскі цягнік прыбыў на вакзал роўна а дзевятай, высадзіў на перон двух пасажыраў і пайшоў далей - у Ніцу.

Адзін з іх, высокі і худы, быў пан Сарыб - алейнік, другі, маленькі і тоўсты - пан Парыс.

Узяўшы ў рукі сакваяжы, яны шпарка папраставалі ў горад, да якога было з кіламетр.

Але калі яны апынуліся перад партовай брамай, варта скрыжавала штыкі і загадала ім ісці адсюль.

Разгубленыя, збянтэжаныя, аслупянелыя ад здзіўлення, яны адышліся параіцца і, пашаптаўшыся, рахманыя вярнуліся, назваліся і хацелі пачаць перамовы.

Але ў салдатаў, мусіць, былі жорсткія загады, бо яны прыгразілі стрэліць, і ад перапуду, забыўшыся на свае занадта цяжкія рэчы, падарожнікі кінуліся наўцёкі.

Яны абмінулі ўмацаванні і апынуліся перад Канскай брамай. Яна таксама была зачыненая і ахоўвалася грозным пастом. Паны Сарыб і Парыс, людзі асцярожныя, не рызыкнулі ісці далей і вярнуліся пад вакзальны дах, бо начное блуканне вакол крэпасці было небяспечнае.

Сонны служка здзівіўся і дазволіў ім пераначаваць у зале пасажыраў.

У цемры яны леглі на абабітую зялёным аксамітам канапу, занадта напалоханыя, каб думаць пра сон. Ноч цягнулася бясконца.

А палове сёмай ім сказалі, што брамы расчынены і дарога ў Анцібы, нарэшце, свабодная.

Яны зноў пайшлі ў горад, але не знайшлі на дарозе сваіх кінутых сакваяжаў.

Калі яны, яшчэ неспакойныя, апынуліся за брамай, сам камендант Кармелен, з хітрыкамі ў вачах і з закручанымі вусамі, выйшаў сустрэць і распытаць у іх.

Ён павітаўся і папрасіў прабачэння, што ім выпала благая ноч. Але ён мусіў выконваць загад.

Анцібы перапалохаліся. Адны казалі пра гвалтоўную вылазку італьянцаў, другія - пра высадку прынца-спадкаемца, трэція - пра арлеанісцкую змову. Праўда раскрылася пазней, пасля таго, як каменданцкі батальён быў накіраваны вельмі далёка, а на пана дэ Кармелена накладзена жорсткае спагнанне.

 

IV

 

Пан Марціні скончыў. Пані Парыс вярталася з прагулкі. Яна праплыла блізка ад мяне, не адводзячы вачэй ад ружовых пад апошнімі сонечнымі промнямі альпійскіх грабянёў.

Мне хацелася павітацца з сумнай гаротнай жанчынай, якая, пэўна, заўсёды помніла сваю, такую сёння далёкую ноч кахання, смелага мужчыну, які за яе пацалунак асмеліўся абвясціць у горадзе аблогу і закрэсліць сваю кар'еру.

А ён, ён, можа, забыўся на яе і, мусіць, дзе за чаркай хваліцца сваім смелым, смешным і палкім учынкам.

Ці ўбачыліся яны другі раз? Ці кахае яна яго, як некалі? І мне падумалася: «Вось яно якое, сучаснае каханне - блазенскае і ўсё ж гераічнае. Гамер, які апеў бы гэтую Алену, павінен быў бы мець душу Поль дэ Кока. Але ж які ён адчайны, смелы, прыгожы і дужы, нібы Ахіл, хітрамысны больш за Уліса, герой гэтай кінутай жанчыны!»



Пераклад: Сяргей Мурашка