Гі дэ Мапасан

Пратэктар

Ён і не марыў пра такі высокі ўзлёт! Сын правінцыяльнага судовага выканаўцы, Жан Марэн, як багата на яго падобных маладых людзей, прыехаў у Лацінскі квартал вывучаць юрыспрудэнцыю. У разнастайных піўнушках, у якія па чарзе завітваў, ён завёў сяброўства з мноствам языкатых студэнтаў, якія за куфлем піва пагардліва гаварылі пра палітыку. Жан Марэн горача захапляўся імі, упарта хадзіў следам з адной кавярні ў другую і нават аплачваў іхнія выпіўкі, калі ў яго меліся грошы.

Потым ён стаў адвакатам, абараняў справы ў судзе, але вечна прайграваў працэсы. І вось аднойчы, праглядваючы ранішнія газеты, ён вычытаў, што адзін з былых яго прыяцеляў па Лацінскім квартале абраны дэпутатам.

Жан Марэн зноў зрабіўся яго верным сабакам, сябрам на пабягушках, пра якога згадваюць толькі пры пэўнай патрэбе і з кім зусім не цырымоняцца. Але здарылася так, што па парламенцкай выпадковасці дэпутат стаў міністрам. Прамінула паўгода, і Жан Марэн быў назначаны дзяржаўным саветнікам.

Спачатку ён быццам ашалеў ад гонару. Ён з асалодай прагульваўся па вуліцы толькі дзеля таго, каб людзі пабачылі яго, нібыта па адным ужо яго абліччы яны маглі здагадацца, якую пасаду ён займае. У размове з прадаўцамі ў крамах, з прадаўцамі газет, нават з фурманамі фіякраў ён заўсёды ўлучваў нагоду заўважыць:

- А вось я, як дзяржаўны саветнік...

Потым, неяк само па сабе, ад усведамлення важнасці свайго чыну, прафесійнай неабходнасці, абавязку чалавека ўсемагутнага і шляхетнага, ён адчуў уладную патрэбу рабіць пратэкцыю. З невычэрпнай шчодрасцю ён прапаноўваў сваю падтрымку літаральна ўсім без разбору і ва ўсіх акалічнасцях.

Калі дзе-небудзь на бульвары ён заўважаў якога-ебудзь знаёмага, то адразу ж з радаснай усмешкай ішоў яму насустрач, моцна вітаўся за руку, цікавіўся здароўем і, не чакаючы роспыту, заяўляў:

- Паслухайце, я ж цяпер дзяржаўны саветнік, так што цалкам да вашых паслуг! Калі магу чым-небудзь памагчы, дык вы не саромейцеся, кажыце! На такой пасадзе, як мая, шмат на што паўплываць можна.

І ён цягнуў напатканага прыяцеля ў кавярню, прасіў там ручку, чарніла і паштовай паперы:

- Лісток паперы, гарсон, трэба вось напісаць рэкамендацыйнае пісьмо.

І тут жа ён пісаў тыя рэкамендацыйныя пісьмы - па дзесяць, па дваццаць, па пяцьдзесят штук на дзень. Ён пісаў іх і ў «Амерыканскай кавярні», і ў Біньёна, і ў Тартані, і ў «Мэзон-Дарэ», і ў кавярні «Рыш», і ў Хэльдэра, і ў «Ангельскай кавярні», і ў Неапалітанца - ну літаральна ўсюды. Ён пісаў іх там да ўсіх чыноўнікаў Рэспублікі - ад міравых суддзяў да міністраў.

І быў шчаслівы, папраўдзе шчаслівы.

Аднойчы, калі яму трэба было ісці ў Дзяржаўны савет, сыпануў дождж. Спачатку саветнік намерыўся ўзяць фіякр, але раздумаў, вырашыўшы дабірацца пеша.

Тым часам дождж ператварыўся ў страшэнны лівень, які заліваў тратуары і брук. Пан Марэн змушаны быў забегчы ў бліжэйшае параднае. Там ужо хаваўся ад залевы нейкі поп, стары, сівагаловы кюрэ. Раней, да чыну дзяржаўнага саветніка, пан Марэн цярпець не мог царкоўных служкаў. Але пасля таго, як адзін кардынал пачціва папрасіў у яго парады па адной складанай справе, ён адразу стаў паважаць увесь святы клір.

Дождж ліў як з вядра, брудныя пырскі ляцелі ва ўсе бакі, і гэта змусіла мужчын заскочыць ажно ў пакойчык кансьержкі. Пан Марэн, якога вечна даймаў неадольны сверб прадэманстраваць важнасць сваёй асобы, сказаў:

- Ну і паскуднае надвор'е, пане абат.

Стары свяшчэннік схіліў галаву:

- Ваша праўда, пане, дужа непрыемна. Тым болей, калі завітаеш у Парыж толькі на момант.

- Ах, дык вы з правінцыі?

- З правінцыі, пане, я тут праездам.

- Праўда, вельмі непрыемна, калі акурат у той час, як чалавеку выпадае пабыць у сталіцы, усчынаецца дождж. Мы, сталічныя чыноўнікі, над гэтым неяк і не задумваемся.

Абат прамаўчаў. Ён глядзеў на двор: залева трохі сунімалася. Кюрэ вырашыў, што ўжо можна ісці далей, і падабраў крыссе сутаны - гэтак жанчыны падбіраюць падолы сваіх сукенак, калі пераходзяць ручай.

Пан Марэн, бачачы гэта, усклікнуў:

- Ды вы ж прамокнеце, пане абат! Пачакайце яшчэ трохі, дождж хутка пройдзе.

Святар нерашуча спыніўся і адказаў:

- Але я дужа спяшаюся. Тэрміновае спатканне.

Пан Марэн ажно засмуціўся.

- Але ж вы прамокнеце наскрозь! Дазвольце папытацца, а ў які квартал вы кіруецеся?

Кюрэ павагаўся, але адказаў:

- Ды ў бок Пале-Руаяль.

- У такім разе, пане абат, дазвольце прапанаваць вам мой парасон. Я ж іду ў дзяржаўны савет. Я дзяржаўны саветнік.

Святар ускінуў галаву, паглядзеў на свайго спадарожніка і сказаў:

- Дужа вам удзячны, пане, ахвотна прымаю вашу прапанову.

Пан Марэн мігам падхапіў кюрэ пад ручку і павёў за сабою. Ён выбіраў яму дарогу, аберагаў, даваў парады:

- Асцярожней, пане абат, ручаіна! І трымайцеся, калі ласка, далей ад экіпажаў, а то яшчэ абкідаюць гразёю з галавы да ног. Сачыце за парасонамі прахожых. Там такія вострыя спіцы, што таго і глядзі - вочы павымаць можна. А жанчыны дык проста нясцерпныя: ні на што не звяртаюць увагі, вечна пырскі з іхніх парасонаў ляцяць чалавеку проста ў твар! Ні на кога не зважаюць. Можна падумаць, што ім належыць увесь горад. І на тратуарах іх улада, і на праезнай дарозе. Па-мойму, выхаванне жанчын зусім занядбана, я так мяркую!

І пан Марэн засмяяўся.

Кюрэ маўчаў. Ён ішоў, угнуўшы галаву, старанна выбіраючы мясціны, куды ступаць, каб не запэцкаць ні абутак, ні сутану.

Пан Марэн не сунімаўся:

- А вы, мусіць, прыехалі ў Парыж развеяцца трохі, праўда?

Святар адказаў:

- Не, справа тут у мяне.

- Ах, вось як! І важная? Дазвольце пацікавіцца, а ў чым заключаецца ваша справа? Можа, я магу памагчы вам, дык я цалкам у вашым распараджэнні!

Поп быў у яўным замяшанні. Ён прамармытаў:

- Ды як вам сказаць... Так, дробная асабістая турбота. Невялікае непаразуменне з ... з маім епіскапам. Але гэта вам не цікава. Так, хатнія непаладкі... духоўнага характару.

Пан Марэн загарэўся.

- Ды менавіта Дзяржаўны савет і ўладжвае падобныя справы! У такім разе - я да вашых паслуг.

- Праўда, пане, акурат у Дзяржаўны савет я і іду. Вы вельмі добры чалавек. Мне трэба пабачыцца з панам Лёрэпэрам і панам Савонам, можа, яшчэ і з панам Пэціпа.

Пан Марэн спыніўся як укапаны.

- Ды гэта ж мае сябры, пане абат, мае найлепшыя сябры, цудоўныя калегі, чароўныя людзі! Я пазнаёмлю вас з усімі трыма, і з задавальненнем пазнаёмлю. Можаце разлічваць на мяне!

Кюрэ падзякаваў, папрасіў прабачэння, налепятаў процьму ўсялякіх прыемнасцей.

Пан Марэн быў зачараваны.

- Ах, вы папраўдзе можаце хваліцца, што вам страшэнна пашанцавала, пане абат. Вось убачыце, вось убачыце, пры маім удзеле ваша справа рушыць як па масле!

Яны прыйшлі ў Дзяржаўны савет. Пан Марэн завёў свяшчэнніка ў свой кабінет, прапанаваў яму мяккае крэсла, пасадзіў бліжэй да каміна, дзе гарэў агонь, потым сам сеў за стол і пачаў пісаць:

«Дарагі калега! Дазвольце мне ад усёй душы назваць Вам самага дастойнага, вартага найвялікшай пашаны вялебнага пана абата...»

Ён прыпыніўся і запытаўся:

- Ваша прозвішча, будзьце ласкавыя?

- Абат Сэнцюр.

Пан Марэн застрачыў далей:

«...пана абата Сэнцюра, якому патрэбна ваша паслуга ў адной дробязнай справе, пра якую ён Вам сам раскажа.

Я шчаслівы, што дзякуючы гэтай нагодзе, дарагі калега...»

 

І закончыў адпаведным кампліментам.

Напісаўшы тры падобныя пісьмы, ён перадаў іх свайму пратэжэ, і той пасля бясконцых падзяк выйшаў з кабінета.

Пан Марэн адпрацаваў у Савеце, вярнуўся дахаты, спакойна дабыў да вечара, мірна праспаў ноч, прачнуўся ў выдатным настроі і загадаў падаць газеты.

Першы ў рукі трапіўся лісток радыкальнага зместу. Ён прачытаў:

«Наша духавенства і нашы чыноўнікі.

Цяжка пералічыць злачынствы нашага духавенства. Нейкі святы ойча прозвішчам Сэнцюр, выкрыты як змоўшчык супраць урада, абвінавачаны ў такіх учынках, якія нам нават няёмка выносіць на людзі, болей таго, западозраны ў тым, што ён - былы езуіт, які пераўвасобіўся ў сціплага папа, пазбаўлены сваёй парафіі епіскапам па матывах, якія, як кажуць, аспрэчванню не падлягаюць, і выкліканы ў Парыж для тлумачэння сваіх паводзін, знайшоў сабе гарачага заступніка ў нейкім Марэне, дзяржаўным саветніку, які асмеліўся даць гэтаму зламысніку ў сутане пільныя рэкамендацыйныя пісьмы да ўсіх сваіх калегаў, чыноўнікаў-рэспубліканцаў.

Звяртаем увагу міністра на нечуваную пазіцыю гэтага дзяржаўнага саветніка...»

Пан Марэн ускочыў як уджалены, адзеўся і кінуўся да свайго калегі Пэціпа.

- Ах, гэта вы? - прамовіў той. - Ведаеце, вы проста з глузду з'ехалі - пасылаць да мяне гэтага старога змоўшчыка!

Пан Марэн разгублена залепятаў:

- Але паслухайце... Разумееце... Мяне ашукалі!.. Такі прыстойны з выгляду чалавек... Ён нахлусіў мне... Ён подла ашукаў мяне!.. Прашу вас, загадайце сурова пакараць яго! Я зараз напішу. Скажыце, каму мне напісаць, каб яго аддалі пад суд? Я дайду да генеральнага пракурора, да архіепіскапа Парыжскага або да архіепіскапа...

І ён прымасціўся да стала пана Пэціпа і стаў пісаць:

«Ваша Вялікасць, маю гонар давесці да асобы Вашай Міласці, што я аказаўся ахвяраю інтрыг і ашуканства нейкага абата Сэнцюра, які пакарыстаўся маім даверам.

Ашуканы гэтым царкоўным служкам, я...»

Напісаўшы пісьмо і паклаўшы яго ў канверт, пан Марэн павярнуўся да свайго калегі і сказаў:

- Вось бачыце, дарагі дружа, хай гэта паслужыць вам урокам: ніколі і нікому не давайце рэкамендацыйных пісьмаў!



Пераклад: Ніна Мацяш

Беларуская Палічка: http://knihi.com