Гі дэ Мапасан

Прыгода Вальтэра Шнафса

Рабэру Пэншону

Пасля таго, як Вальтэр Шнафс апынуўся разам з захопніцкімі войскамі ў Францыі, ён лічыў сябе самым няшчасным чалавекам на свеце. Ён быў тлусты, хадзіў цяжка, увесь час задыхаўся і пакутаваў ад страшэннага болю ў тоўстых нагах з абсалютна пляскатымі ступакамі. Апроч таго па характары ён быў чалавек мірны, лагодны, і пачуцці ганарлівасці ці жорсткасці былі яму зусім невядомыя. Ён меў чацвёра дзяцей, якіх вельмі любіў, і маладзенькую жонку, бландынку, пяшчоты, мілыя клопаты і пацалункі якой ён кожны вечар прыгадваў з сумным адчаем у душы. Ён любіў уставаць позна і лажыцца рана, няспешна есці далікатныя стравы і піць піва ў ціхіх карчомках. Апроч таго ён лічыў, што ўсё добрае і прыемнае на гэтым свеце знікае разам з жыццём, і таму захоўваў у сэрцы жахлівую, інстынктыўную і, разам з тым, свядомую нянавісць да ўсіх гармат і стрэльбаў, рэвальвераў і шабляў, а больш за ўсё - да штыкоў, бо адчуваў, што не здольны валодаць гэтай гідкаю зброяй з дастатковым спрытам, каб абараніць свой вялізны жывот.

І калі надыходзіла ноч і ён, захінуўшыся ў шынель, лажыўся спаць побач са сваімі франтавымі сябрамі, якія ўжо задавалі храпака на голай зямлі, ён яшчэ доўга думаў пра сваіх, якія былі ад яго так далёка, і пра тую небяспеку, што пільнуе яго на нялёгкім шляху: «Калі заб'юць, што будзе з малымі? Хто іх будзе карміць і гадаваць? Нават і цяпер яны, пэўна, церпяць нястачу, хоць перад тым, як іх пакінуць, ён пазычыў трошкі грошай, каб ім было на што жыць».

І часам Вальтэр Шнафс плакаў.

Перад боем ён адчуваў такую кволасць у нагах, што здавалася, зараз упадзе, і ўпаў бы, каб не баяўся, што пасля ўсё войска прабяжыць па ім. Калі ж вакол чуўся посвіст куль, усе валасы ўставалі дыбам на яго целе.

І гэтак ужо некалькі месяцаў ён жыў у бесперастанным жаху і пакутах.

Армейскі корпус, у якім ён служыў, прасоўваўся да Нармандыі, і аднаго дня Вальтэр Шнафс з маленькім атрадам быў пасланы ў разведку. Яны мусілі проста даследаваць сумежную наперадзе тэрыторыю і вярнуцца назад. Усё ў наваколлі здавалася ціхім, нішто не прадказвала падрыхтаванага нападу ці супраціву.

Прусакі спакойна спускаліся ў невялічкую лагчыну, парэзаную глыбокімі ярамі. Але раптам іх прымусіла спыніцца нечаканая, шалёная пальба. Чалавек дваццаць упалі на месцы. А з маленькага лясочку, велічынёй не болей за далонь, выскачыла кучка французскіх вольных стралкоў, якія кінуліся наперад са штыкамі наперавес.

Спачатку Вальтэр Шнафс застыў, ён быў такі здзіўлены, такі разгублены, што нават не думаў уцякаць. Потым яго апанавала панічнае жаданне задаць драпака, куды-небудзь знікнуць. Аднак, гледзячы на хударлявых французаў, якія подскакам, нібы статак горных коз, ужо набліжаліся да прусакоў, ён адразу сцяміў, што ў параўнанні з імі будзе бегчы не хутчэй за чарапаху. І тут за шэсць крокаў ад сябе ён заўважыў шырокі роў, зарослы густым хмызняком з сухімі лісцямі. Склаўшы ногі, стаўма, як скачуць з моста ў раку, ён скочыў туды, нават не думаючы пра глыбіню.

Ён маланкай праляцеў скрозь шчыльнае покрыва з пераплеценых галін і вострых шыпоў, якія параздзіралі яму рукі і твар, і цяжка чвякнуўся задам на каменную крушню.

Адразу падняўшы вочы, ён убачыў над сабой, у прасечанай яго целам дзірцы, чыстае неба. Гэтая здрадніцкая дзірка магла яго выдаць, і Вальтэр Шнафс асцярожліва, ракам, як мага хутчэй папоўз у глыб зарослай густым хмызняком канавы, аддаляючыся ад месца бойкі. Нарэшце ён спыніўся, сеў і прытаіўся, як трус у высокай сухой траве.

Нейкі час ён яшчэ чуў стрэлы, крыкі і енк. Потым шум бойкі пачаў згасаць і нарэшце змоўк. Усё вакол зноў стала ціха і спакойна.

Раптам нешта варухнулася побач з ім. Ён з жахам падскочыў. Гэта была маленькая птушка, - галінка, на якую яна села, шапацела леташнім лісцем. Амаль гадзіну сэрца Вальтэра Шнафса шалёна калацілася ад спалоху.

Набліжалася ноч, яр запаўняўся змрокам. І салдата пачалі апаноўваць думкі. Што ж з ім цяпер будзе? Што яму рабіць? Вярнуцца ў войска, да сваіх?.. Але як? І кудой? І тады яму зноў давядзецца пачаць гэта жудаснае жыццё, якім ён жыў ад самага пачатку вайны, - жыццё, поўнае кашмараў і жахаў, стомы і пакут! Не! Ён быў няздольны адважыцца на гэта! Яму не стане сілы, каб зноў перажыць гэтыя доўгія маршы, зноў штохвіліны рызыкаваць сваім жыццём.

А што ж тады? Не можа ж ён заставацца ў гэтым яры і чакаць, пакуль скончацца ваенныя дзеянні. Вядома, не. Каб не трэба было есці, такая перспектыва не вельмі засмуціла б яго, але есці было трэба, і кожны дзень.

А ён быў адзін, са зброяй, апрануты ў уніформу, на варожай тэрыторыі, далёка ад тых, хто мог бы яго абараніць. Дрыготка прабягала па яго целе.

Раптам ён падумаў: «Хай бы мяне ўзялі ў палон!»

І яго сэрца забілася ад жадання, шалёнага, нястрымнага жадання стаць палонным французаў. Трапіць у палон! Тады ён будзе ўратаваны, накормлены, прытулены, схаваны ад куль і шабляў, пазбаўлены ўсякага страху, у добрай турме, з добраю вартай! Трапіць у палон! О якая мара!

І рашэнне было прынята адразу:

- Я здамся.

Ён падняўся з рашучым намерам не адкладаючы ні на хвіліну здзейсніць свой план. Але так і застаўся стаяць, апанаваны прыкрымі думкамі і новымі засцярогамі.

Дзе ж ён здасца? Як? Каму? І жахлівыя карціны, карціны смерці напоўнілі яго душу.

Яго можа чакаць страшэнная небяспека, калі ён вось так, у сваёй касцы з шышаком, пойдзе адзін па палях.

Раптам ён натрапіць на сялян? Гэтыя сяляне, калі яны ўбачаць прусака, заблуднага і безабароннага прусака, - яны заб'юць яго, як бадзяжнага сабаку! Яны папрапорваюць яго сваімі віламі, пасякуць матыкамі, рыдлёўкамі, парэжуць косамі! Яны зробяць з яго катлету, кашу, будуць біць апантана, з роспаччу, як гэта робяць пераможаныя людзі.

А раптам ён натрапіць на вольных стралкоў? Гэтыя вольныя стралкі, злыдні, якім няма ні закону, ні парадку, яны застрэляць яго проста так, каб пасмяяцца, каб забавіць гадзіну, каб пацешыцца, гледзячы на яго тоўстую і спалоханую фізіяномію. І ён ужо бачыў, як яго ставяць да сцяны, а насупраць падымаецца тузін ружэйных руляў, якія, здаецца, глядзяць на яго вачыма сваіх круглых і чорных дзірак.

А раптам ён натрапіць на цэлую французскую армію? Салдаты з авангарда палічаць яго за лазутчыка, за якога-небудзь дзёрзкага і хітрага ваяку, які адважыўся пайсці ў разведку адзін, яны пачнуць у яго страляць. І ён ужо чуў бязладную пальбу салдатаў, залеглых за хмызамі, уяўляў, як ён, стоячы пасярод голага поля, валіцца прадзіраўлены, як друшляк, кулямі, і адчуваў, як яны ўваходзяць у яго цела.

З адчаем ён зноў сеў на зямлю. Яго становішча здавалася яму безвыходным.

Ужо зусім сцямнела, прыйшла маўклівая, чорная ноч. Вальтэр Шнафс не варушыўся і толькі ўздрыгваў пры кожным невыразным, незразумелым гуку, што даносіўся да яго з цемры. Тупаценне труса каля сваёй нары ледзь не прымусіла яго кінуцца наўцёкі. Кугаканне савы кроіла яму сэрца, працінала душу раптоўным жахам, аддавалася болем ва ўсім целе, бы незагоеная рана. Ён з усяе моцы таропіў вочы, намагаючыся нешта ўбачыць у змроку; і ўвесь час яму вярзлося, што побач нехта ходзіць.

Пасля доўгіх, бясконцых гадзін і пачварных жахаў ён нарэшце заўважыў, што неба над страхой з пераблытанага галля пачынае святлець. Ён адчуў неймаверную палёгку, усё яго цела расслабілася, напружанне адразу знікла, сэрца ўлеглася, вочы заплюшчыліся.

Ён заснуў.

Калі ён прачнуўся, сонца было ўжо амаль у зеніце, быў поўдзень. Змрочная цішыня палёў не парушалася ніякімі гукамі, і Вальтэр Шнафс раптам заўважыў, што яго мучыць шалёны голад.

Яму пачало пазяхацца, успаміны пра кілбасу, добрую салдацкую кілбасу наганялі поўны рот асцы; у страўніку шчымела.

Ён устаў, прайшоў некалькі крокаў, але адчуў вялікую слабасць у нагах і зноў сеў, каб падумаць. Яшчэ гадзіны дзве ці тры ён узважваў усе за і супраць, сто разоў мяняў рашэнне, адчуваў сябе няшчасным, змагаючыся з сваёю нерашучасцю, і зноў пакутаваў ад самых супярэчлівых довадаў.

Нарэшце яму прыйшла, здаецца, лагічная і разумная думка - дапільнаваць на дарозе адзінокага вяскоўца, у якога не будзе ні зброі, ні якой-небудзь небяспечнай прылады працы, кінуцца да яго і як мага даходлівей растлумачыць, што ён здаецца.

Ён зняў каску, шышак якой мог яго выдаць, і з вялікаю засцярогай высунуў галаву праз дзірку ў сваім сховішчы.

Нідзе, да самага далягляду, не было відаць ніводнай жывой душы. Справа стаяла вёска, над стрэхамі хат у неба падымаўся лёгкі дымок - гатавалі ежу! А злева па-над верхавінамі дрэў, пасаджаных абапал шырокага гасцінца, узвышаўся вялізны замак з вежамі па баках.

Ён чакаў да самага вечара, страшэнна пакутуючы ад голаду, але бачыў толькі варон і чуў толькі глухое бурчанне ў пустым жываце.

І зноў над ім згусцілася ноч.

Ён зашыўся глыбей у сваёй схованцы, лёг на зямлю і заснуў. Усю ноч яго калаціла, нібы ў ліхаманцы, яго даймалі кашмары - гэта быў сон галоднага, спакутаванага чалавека.

Над галавой пачынала займацца на новы дзень. Ён вярнуўся на свой назіральны пункт. Але, як і ўчора, у палях было пуста; і розум Вальтэра Шнафса працяў новы жах - жах памерці з голаду! Ён ужо бачыў: вось ён ляжыць на дне гэтай канавы, на сліне, з назаўжды заплюшчанымі вачыма. І звяры, усялякія маленькія звярочкі збягаюцца да яго трупа і пачынаюць яго раздзіраць, грызуць, лезуць пад адзенне, каб адкусіць яшчэ адзін кавалак халоднага цела. І вялізны чорны крумкач дзяўбе яму вочы востраю глюгай.

Ён прыйшоў у страшэнную роспач, яму здавалася, што ён зараз страціць прытомнасць ад слабасці, што ён ужо нікуды адсюль не здолее пайсці. І ён быў гатовы ўжо кінуцца ў вёску, пайсці на ўсё, адважыцца на любы самы дзёрзкі ўчынак, калі заўважыў трох сялян, якія ішлі ў поле з косамі на плячы, і зноў прытаіўся ў сваёй нары.

Аднак, калі вечар ахінуў раўніну цемрай, ён марудна вылез з рова і, скурчыўшыся, баязліва, са сціснутым ад жаху сэрцам рушыў у дарогу. Ён ішоў да далёкага замка, бо лічыў, што лепей зайсці туды, чым у вёску, якая здавалася яму небяспечнейшай за тыгровае логава.

У вокнах на першым паверсе гарэла святло. Адно з іх было нават адчыненае, і з яго струменіўся моцны пах смажанага мяса, які адразу ўдарыў Вальтэру Шнафсу ў нос і працяў аж да самых вантробаў. Вальтэр Шнафс пачаў задыхацца, усё ўсярэдзіне ў яго напялася, пах уладна вабіў да акна, напаўняў яго сэрца адчайнаю адвагай.

Ён бяздумна кінуўся наперад і нечакана, з каскай на галаве, узнік у акне.

Вакол шырачэзнага стала за абедам сядзела восем чаляднікаў. Але раптам адна з пакаёвак знерухомела, шклянка выпала ў яе з рук, і вочы ўтаропіліся ў адну кропку. Усе погляды павярнуліся ў той бок!

Усе заўважылі ворага!

Божачкі! Прусакі аблажылі замак!..

Спачатку пачуўся толькі крык - восем галасоў на розны лад зліліся ў адзіны роў, поўны пачварнага жаху і страшэннага спалоху; потым усе разам ускочылі, пачалася мітусня, штурханіна, чаляднікі беспарадкава кінуліся да дзвярэй. На падлогу ляцелі крэслы, мужчыны штурхалі жанчын, тыя падалі, мужчыны прабягалі па іх наперад. У імгненне вока пакой быў пусты, пакінуты, і перад здзіўленым Вальтэрам Шнафсам, які па-ранейшаму стаяў каля акна, застаўся толькі стол, устаўлены рознымі стравамі.

Яшчэ некалькі секунд Вальтэр Шнафс стаяў нерашуча, потым пералез цераз падаконнік і рушыў да поўных талерак. Ад лютага голаду яго трэсла, нібы ў ліхаманцы, але страх яшчэ стрымліваў яго, скоўваў яго рухі. Ён прыслухаўся. Увесь дом, здавалася, дрыжаў: рыпелі і зачыняліся дзверы, над яго галавой чулася хуткае шорганне ног. Пры кожным невыразным гуку прусак з трывогай напружваў слых і хутка пачуў, быццам нешта цяжкае ўпала на мяккую зямлю пад замкавым мурам: з другога паверха праз вокны скакалі людзі.

Потым уся валтузня скончылася, і ў вялікім замку запанавала магільная цішыня.

Вальтэр Шнафс сеў перад поўнай талеркай і пачаў есці. Ён еў, набіваў поўны рот, нібыта баяўся, што яго перапыняць і ён не паспее як след напакаваць свае вантробы. Ён абедзвюма рукамі закідаў у разяўлены, як прорва, рот вялізныя кавалкі, якія паволі апускаліся ў страўнік, распіраючы горла. Часам ён спыняўся, гатовы лопнуць накшталт перапоўненай, забітай трубы. Тады ён браў збан сідру і прамываў сабе глотку, як прачышчаюць засмечаную рыну.

Ён апаражніў усе талеркі, усе місы, усе бутэлькі; потым, п'яны ад выпітага і з'едзенага, ачмурэлы, чырвоны, трасучыся ад безупыннай ікаўкі, з затлумленай галавой і зашмальцаванымі губамі, расшпіліў мундзір, каб трохі аддыхацца, але быў ужо няздольны зрабіць нават крок. Яго павекі зліпаліся, думкі дранцвелі; ён цяжка апусціў лоб на скрыжаваныя на стале рукі і паволі забыўся на тое, дзе ён і хто ён.

Ветах па-над паркавымі дрэвамі цьмяна асвятляў далягляд. Гэта была тая золкая гадзіна, што заўжды настае перад світанкам.

У густым зарасніку мільгалі маўклівыя цені; і часам у цемры месячны промень бліскаў на вастрыі сталёвага клінка.

Замак стаяў спакойна, узвышаючы над акругай свой магутны і чорны абрыс. Адно на першым паверсе яшчэ свяціліся два акны.

 

Раптам зычны голас зароў:

- Наперад! Каб ім трасца! На штурм, дзеці мае!

І ў адзін момант дзверы, аканіцы, шыбы разляцеліся пад напорам людскога натоўпу, які рынуў усярэдзіну, ламаў, трушчыў усё на сваім шляху, запаланіў увесь дом. У адзін момант пяцьдзесят жаўнераў, узброеных да зубоў, ускочылі на кухню, дзе мірна адпачываў Вальтэр Шнафс, уткнулі яму ў грудзі пяцьдзесят зараджаных стрэльбаў, скінулі з крэсла, павалілі на падлогу, схапілі, звязалі з ног да галавы.

Ён задыхаўся ад вялікага здзіўлення, зусім ачмурэў, не мог нічога зразумець, чаму яго б'юць, чаму зневажаюць, яго апанаваў шалёны страх.

І раптам перад ім узнік нейкі тоўсты, абвешаны залатымі бляхамі вайсковец, які паставіў яму нагу на жывот і закрычаў:

- Вы мой палонны, здавайцеся!

Прусак, які пачуў толькі адзінае слова «палонны», адразу заенчыў: «Я-а, я-а, я-а!»

Яго паднялі, прывязалі да крэсла і пачалі разглядаць з вялікай цікаўнасцю. Пераможцы запыхаліся, дыхалі цяжка, нібы валы. Некаторыя расселіся вакол, не могучы трымацца на нагах ад усхваляванасці і стомы.

А ён усміхаўся, ён цяпер усміхаўся, бо быў упэўнены, што нарэшце трапіў у палон!

Увайшоў яшчэ адзін афіцэр, ён сказаў:

- Мой палкоўнік, ворагі кінуліся наўцёкі; мяркуючы па ўсім, многія з іх паранены. Гаспадарамі становішча ў акрузе застаёмся мы.

Тоўсты вайсковец, які выціраў сабе лоб, закрычаў:

- Перамога!

І занатаваў у сваёй запісной кніжачцы, якую выняў з кішэні: «Пасля бязлітаснай бойкі прусакі вымушаны былі адступіць, несучы на сабе забітых і параненых, колькасць якіх дасягала прыкладна пяцідзесяці чалавек. Некаторыя трапілі да нас у палон».

Малады афіцэр загаварыў ізноў:

- Ці мушу я даць яшчэ нейкія распараджэнні, мой палкоўнік?

Палкоўнік адказаў:

- Зараз нам трэба будзе адысці, каб пазбегчы ўдару, які вораг, безумоўна, мяркуе нам нанесці ў адказ больш магутнымі сіламі і з дапамогай артылерыі.

І ён аддаў загад выступаць.

У прыцемку пад замкавымі мурамі ўсе зноў ушыкаваліся ў калону і рушылі наперад, з усіх бакоў абступіўшы звязанага па руках і па нагах Вальтэра Шнафса, якога цягнулі шэсць жаўнераў з рэвальверамі ў руках.

Наперад, даследаваць дарогу, высылалася разведка. Ішлі асцярожліва, час ад часу рабілі прыпынкі.

Калі пачало світаць, калона ўвайшла ў галоўнае мястэчка акругі Лярош-Уазэль, атрад нацыянальнай гвардыі якой здзейсніў гэты подзвіг.

Узрушанае, занадта ўсхваляванае насельніцтва ўжо чакала. Калі ўсе ўбачылі каску палоннага, падняўся страшэнны гвалт. Кабеты ўскідалі рукі, старыя бабулькі плакалі, нейкі сівы дзед кінуў у прусака сваёй мыліцай, але толькі параніў яго ахоўніку нос.

Палкоўнік крычаў на ўсю моц:

- Сачыце за бяспекаю вязня!

Нарэшце дабраліся да гарадской ратушы. Турэмны пакой быў адчынены, Вальтэра Шнафса развязалі і кінулі ўсярэдзіну.

На варту вакол будынка было пастаўлена дзвесце ўзброеных салдатаў.

І тады, нягледзячы на голад, які мучыў яго доўгі час, прусак, звар'яцелы ад радасці, пачаў скакаць; ён скакаў утрапёна, ускідваючы рукі і ногі, ён крычаў нешта немым голасам і скакаў - заўзята, нястрымна, пакуль не паваліўся, знямоглы, на каменную падлогу каля сцяны.

Ён быў палонны Ўратаваны!

 

Вось так, усяго праз шэсць гадзін акупацыі, замак Шампінье быў адбіты ў ворага.

Гандляр-суконшчык, палкоўнік Рацье, які ўзначальваў у гэтай аперацыі лярош-уазэльскі атрад нацыянальнай гвардыі, быў узнагароджаны.



Пераклад: Зміцер Колас

Беларуская Палічка: http://knihi.com