Гі дэ Мапасан

Тамтэй

8 траўня. - Які цудоўны дзень. Усю раніцу я праляжаў на траве пад вялікім платанам, які хавае ў сваёй лістоце ўвесь мой дом. Я люблю гэты край, люблю тут жыць, бо тут мае карані, глыбокія і далікатныя карані, якімі чалавек звязаны з зямлёй, дзе нарадзіліся і памерлі яго продкі, з усім тым, што тут думаюць, што тут ядуць, са звычаямі, стравамі, з мясцовымі выслоўямі, з гаворкай сялян, з пахамі зямлі, вёскі і самога паветра.

Я люблю дом, дзе я вырас. З вокнаў відаць, як уздоўж саду за дарогай цячэ Сена, зусім побач, вялікая і шырокая Сена, па якой плывуць караблі.

Вунь там злева - Руан, вялікі горад з блакітнымі дахамі, над якімі сям-там высяцца спічастыя гатычныя званіцы. Вышэй за ўсіх узнімаецца чыгунны шпіль катэдры, а вакол яго - незлічоная колькасць званіц і званічак, вялікіх і малых, і гул званоў плыве ў блакітным паветры пагодлівай раніцы. Да мяне даносіцца мяккі далёкі металічны звон, з ветрам далятаюць да мяне медныя спевы, то гучнейшыя, то слабейшыя, залежна ад ветру, які то мацнее, то слабее.

Якая пагода стаяла той раніцай!

Недзе каля адзінаццатай гадзіны па рацэ праплыла доўгая чарада суднаў - іх цягнула маленькая, як муха, баржа, якая хрыпела з напругі, выкідаючы ў неба воблакі густога дыму.

Прайшлі дзве ангельскія шхуны, чырвоныя сцягі на якіх віліся на фоне неба, а за імі плыў цудоўны бразільскі трохмачтавік, увесь белы, незвычайна чысты і бліскучы. І невядома чаму я прывітаў яго - так мне было прыемна яго бачыць.

 

12 траўня. - Ужо некалькі дзён у мяне лёгкая гарачка. Я адчуваю, што хворы, але гэта хутчэй не хвароба, а нейкі смутак.

Адкуль бяруцца тыя таямнічыя павевы, што ператвараюць нашае шчасце ў смутак, нашую шчырасць - у журбу? Здаецца, што паветра, нябачнае паветра прасякнута нейкімі непазнавальнымі Сіламі, таямнічую блізкасць якіх мы адчуваем на сабе. Я прачынаюся, поўны радасці, мне хочацца спяваць. Чаму? Я гуляю па беразе, і раптам, прайшоўшы яшчэ зусім мала, паварочваю назад засмучаны, быццам дома мяне чакае нейкае няшчасце. Чаму? Можа, дрыжыкі холаду, прабегшы па скуры, закранулі нервы і засмуцілі маю душу? Ці, можа, форма аблокаў, ці колер неба, ці хутказменлівыя адценні рэчаў, прайшоўшы перад маімі вачыма, расхвалявалі мой розум? Хто ведае? Усё, што нас акаляе - усё тое, што мы бачым, але не прыглядаемся бліжэй, усё тое, што мы мінаем, але не спазнаём падрабязней, усё тое, да чаго мы дакранаемся, але не абмацваем, усё тое, што мы сустракаем, але не распазнаём - усё гэта імгненна, незвычайна, невытлумачальна адбіваецца на нас, на нашых пачуццях, а праз іх - на думках і нават на сэрцы.

Якая глыбокая гэтая таямніца, таямніца Нябачнага! Мы не здольныя спасцігнуць яе нашымі недасканалымі органамі пачуццяў. Нашы вочы не могуць бачыць ні занадта малое, ні занадта вялікае, ні занадта блізкае, ні занадта далёкае, ні жыхароў далёкае зоркі, ні насельнікаў кроплі вады... Нашы вушы падманваюць нас, бо толькі ператвараюць вібрацыю паветра ў гукавыя сігналы. Гэта феі, якія нейкім цудам робяць з рухаў паветра гукі, і гэтая метамарфоза нараджае музыку, нямыя прыродныя рухі робяцца спевамі... Наш нюх вельмі слабы, намнога слабейшы за сабачы... З нашым адчуваннем смаку мы нават не можам вызначыць век віна!

Каб мы толькі мелі іншыя органы, якія б падаравалі нам іншыя цудоўныя ператварэнні, колькі б рэчаў мы яшчэ адкрылі вакол нас!

 

16 траўня. - Я папраўдзе захварэў! А яшчэ месяц таму я так добра сябе адчуваў! У мяне гарачка, страшная гарачка, ці хутчэй нейкі гарачкавы неўроз, ад якога мая душа пакутуе не менш, чым маё цела. Мяне ўвесь час турбуе жахлівае прадчуванне нейкай неадступнай небяспекі, страх перад блізкім няшчасцем, набліжэннем смерці, і адчуванне гэтае - вынік дзеяння нейкай яшчэ невядомай хваробы.

 

18 траўня. - Толькі што я схадзіў да свайго лекара, бо апошнімі начамі я не мог заснуць. Ён выявіў у мяне пачашчаны пульс, пашырэнне зрэнкаў, паслабленне нерваў, але не ўбачыў ніякіх трывожных сімптомаў і параіў мне прымаць душ і піць бромісты калій.

 

25 траўня. - Ніякіх зменаў! Мой стан сапраўды вельмі дзіўны. З набліжэннем вечара мяне апаноўвае незразумелая трывога, быццам ноч тоіць у сабе страшную небяспеку. Я хутка вячэраю, пасля спрабую чытаць, але не разумею ніводнага слова, я ледзь распазнаю літары. Я ўстаю і пачынаю хадзіць па пакоі, мяне гняце нейкі няясны і неадчэпны страх, я баюся спаць, баюся класціся ў ложак.

Недзе а дзесятай гадзіне я паднімаюся ў спальню. Увайшоўшы, я замыкаюся на два абароты, зачыняю дзверы на засаўкі. Я баюся... Чаго?.. Дагэтуль я не баяўся нічога... Я адчыняю шафу, заглядаю пад ложак, слухаю... Ці не дзіўна, што нейкая маленькая немач, парушэнне кровазвароту, раздражненне нервовай сістэмы, лёгкі прыліў крыві да галавы, зусім незаўважнае парушэнне ў дзейнасці нашага недасканалага і далікатнага арганізма можа зрабіць найвесялейшага з людзей меланхолікам, найсмялейшага - баязліўцам? Пасля я кладуся ў ложак і чакаю сну, як асуджаны на смерць чакае ката. З жахам чакаю я яго прыходу, сэрца маё б'ецца, ногі дрыжаць, усё маё цела сціскаецца пад цёплай коўдрай аж да моманту, калі я раптам падаю ў сон - гэтаксама ныраюць у вір, каб утапіцца. Я ўжо нават не заўважаю, як сон прыходзіць да мяне. Ён падступна хаваецца недзе побач, пільнуе, каб схапіць мяне за галаву, заплюшчыць мне вочы, знішчыць мяне.

Я сплю доўга - дзве ці тры гадзіны, - пасля мяне пачынае душыць жах. Я добра адчуваю, што ляжу і сплю... Я гэта адчуваю і ведаю гэта... Я адчуваю таксама, як нехта падыходзіць, глядзіць на мяне, абмацвае мяне, залазіць у ложак, кленчыць у мяне на грудзях, бярэцца рукамі за шыю і сціскае, сціскае з усяе моцы, каб задушыць мяне.

Я спрабую адбівацца, але мяне нібы звязвае тое страшнае бяссілле, што паралізуе нас у сне, я хачу закрычаць - і не магу, хачу паварухнуцца - і не магу, нялюдскімі намаганнямі, задыхаючыся, я спрабую павярнуцца, скінуць гэтую істоту, што душыць, расціскае мяне - і не магу!

І раптам я прачынаюся, ледзь не звар'яцелы, увесь у поце. Я запальваю свечку - у пакоі нікога няма.

Пасля гэткага прыступу, які паўтараецца кожнае ночы, я спакойна засынаю да раніцы.

 

2 чэрвеня. - Мой стан пагоршыўся. Што ж са мной робіцца? Бромісты калій не памагае, душ не памагае. Неяк, каб трошкі стаміцца, хоць я і без гэтага быў вельмі стомлены, я вырашыў прагуляцца ў Румарскім лесе. Спачатку я думаў, што чыстае, лёгкае і мяккае лясное паветра, поўнае пахаў траваў і лісця, напоўніць мае жылы новай крывёю, а маё сэрца - новаю сілаю. Я ішоў па шырокай дарозе, пасля збочыў на вузенькую сцежку, што вяла ў Лябуй. Абапал сцежкі два доўгія рады незвычайна высокіх дрэваў распасціралі нада мною сваю густую зялёную, амаль чорную лістоту, закрываючы неба.

Раптам я здрыгануўся, не ад холаду, а ад нейкага незразумелага страху.

Я прыспешыў хаду, спалохаўшыся невядома чаго, нейкага глупства, ці, можа, маёй глыбокай самоты. Я баяўся застацца адзін у гэтым лесе. І раптам мне здалося, што за мной нехта ідзе, зусім побач, ледзь не наступаючы на пяткі, здаецца, вось-вось схопіць.

Я рэзка павярнуўся. Нікога не было. Я ўбачыў за мною толькі простыя шырокія прысады - яны былі высокія і пустыя, да жаху пустыя. Я паглядзеў у другі бок - гэткія ж самыя пустыя, вусцішныя прысады, якія вядуць у бясконцую даль.

Я заплюшчыў вочы. Нашто? І пачаў круціцца на пятцы, хутка-хутка, як ваўчок. Ледзь не ўпаў. Пасля расплюшчыў вочы - дрэвы скакалі, зямля плыла. Я сеў. І, о Божа! зразумеў, што не ведаю, з якога боку я прыйшоў! Дзіва! Такое дзіва! Я напраўду зусім заблытаўся. Пайшоў урэшце ў правы бок і выйшаў на дарогу, па якой я быў зайшоў у лес.

 

3 чэрвеня. - Ноч была невыносная. Мне трэба на пару тыдняў некуды з'ездзіць. Маленькае падарожжа павінна мне пайсці на дабро.

 

2 ліпеня. - Я вярнуўся. Здаровы. Зрэшты, вандроўка была выдатная. Я пабачыў гару Сэн-Мішэль, дзе я ніколі яшчэ не быў.

Якое відовішча адкрываецца вачам вандроўніка, які прыязджае ў Аўранш надвячоркам! Сам горад стаіць на ўзгорку. Мяне правялі ў гарадскі парк у самым канцы горада, і там я ўскрыкнуў ад захаплення. Перада мною, як скінуць вокам, распасціралася вялізная бухта між двух берагоў, якія адыходзілі ў далячынь і знікалі ў смузе. Пасярэдзіне гэтай вялікай жоўтай бухты пад зіхатліва залацістым небам змрочна ўздымалася сярод пяскоў дзіўная спічастая гара. Сонца ўжо зайшло, і на вячэрнім гарызонце вырысоўваўся сілуэт гэтай фантастычнай скалы з не менш фантастычнай будынінай на вяршыні.

Як толькі развіднела, я накіраваўся да яе. Быў адліў, як і напярэдадні. Я паволі набліжаўся да гары, і перада мною вырастаў дзівосны кляштар. Праз некалькі гадзін я прыйшоў да гары - вялізнай крушні камянёў. На ёй была маленькая вёсачка, а над усім высілася вялікая царква. Я падняўся вузенькай вулкай і ўвайшоў у гэтую самую прыгожую гатычную пабудову на зямлі, вялікую, як горад, поўную нізенькіх пакояў, амаль расціснутых пад скляпеннямі і высокімі галерэямі, якія трымаліся на далікатных калонах. Я ўвайшоў у гэты велізарны гранітны палац, лёгкі, нібы карункавы, з безліччу вежаў, зграбных званічак, куды вядуць стромкія сходы. Яны ўздымаюць у благат дня або ў цемрадзь ночы свае незвычайныя галоўкі, абсыпаныя хімерамі, д'ябламі, фантастычнымі жывёламі, пачварнымі кветкамі і злучаныя між сабою тонкімі аркамі.

Калі я дабраўся да вяршыні, я сказаў манаху, што ішоў побач са мною: «Мой ойча, як вам тут добра!»

Ён адказаў: «Тут надта дзьме вецер, пане». Мы гаварылі, гледзячы, як прылівае мора - яно набягала на пясок і адзявала бераг у сталёвы панцыр.

І манах пачаў апавядаць мне паданні, звязаныя з гэтымі мясцінамі, старадаўнія легенды.

Адна асабліва мяне ўразіла. Мясцовыя людзі, што жывуць на гары, сцвярджаюць, што ўночы можна пачуць, як у пясках крычаць дзве казы - адна мацней, другая цішэй. Недаверлівыя кажуць, што гэта крычаць марскія птушкі, часам іх крыкі нагадваюць бляянне, а часам - чалавечы стогн. Але рыбакі, якія позна вяртаюцца дадому, клянуцца, што сустракалі ў дзюнах старога пастуха. Твару яго ніхто ніколі не бачыў, бо ён ходзіць, увярцеўшыся з галавою ў плашч. Ён пасвіць казла з тварам мужчыны і казу з тварам жанчыны. У абаіх доўгая белая воўна, яны безупынна гавораць адно з адным, спрачаюцца на невядомай мове, а часам пачынаюць бляяць што стае моцы.

Я спытаўся: «І вы ў гэта верыце?»

«Не ведаю», - прамармытаў ён.

Тады я зноў спытаўся: «Але каб на зямлі апроч нас жылі яшчэ нейкія іншыя стварэнні, дык няўжо ж мы за гэтулькі часу іх не зведалі б? Няўжо б вы іх не ўбачылі? Няўжо б я іх не ўбачыў?»

Ён адказаў: «Ці ж бачым мы хоць бы стотысячную частку таго, што існуе вакол нас? Вось, прыкладам, вецер, наймагутнейшая сіла ў прыродзе, што збівае з ног людзей, бурыць дамы, вырывае з коранем дрэвы, узнімае ў моры вадзяныя горы, валіць скалы і разбівае ўшчэнт вялікія караблі. Вецер забівае, свішча, стогне, раве, але ці бачылі вы яго, ці можаце вы яго ўбачыць? І аднак ён існуе!»

Мне не было чаго адказаць на гэты просты доказ, і я замаўчаў. Мудры быў гэты чалавек ці, наадварот, дурны, не буду сцвярджаць. Але я замаўчаў. Бо я і сам часта думаў пра тое, што ён сказаў.

 

3 ліпеня. - Спаў я кепска. Напэўна, гэтыя мясціны заражаныя, бо мой фурман хварэе на тое самае, што і я. Учора, калі я вярнуўся, я заўважыў яго незвычайную бледнасць. Я спытаўся ў яго:

- Што з вамі, Жан?

- А тое, пане, што я не магу спаць уночы. Мае ночы з'ядаюць мае дні. Як вы паехалі, пане, дык на мяне як нейкае насланнё найшло.

Аднак усе астатнія слугі здаровыя, але я вельмі баюся, што сам зноў захварэю.

 

4 ліпеня. - Я папраўдзе захварэў зноў. Мае колішнія страхі вярнуліся. Сёння ўночы я адчуваў, як нехта на мне сядзеў і, прысмактаўшыся да майго рота, цягнуў з мяне жыццё. Клянуся, ён смактаў з майго горла, як п'яўка. Напіўшыся, ён устаў, а я прачнуўся такі змучаны, спустошаны, разбіты, што не мог нават варухнуцца. Калі гэта паўторыцца яшчэ некалькі разоў, то мне трэба будзе зноў некуды з'ехаць.

 

5 ліпеня. - Можа, я звар'яцеў? Тое, што адбылося, тое, што я пабачыў мінулай ноччу, такое дзіва, што ў мяне ад адной згадкі пра гэта кружыцца галава!

Я замкнуў дзверы на ключ - цяпер я раблю гэта кожнага вечара. Пасля мне захацелася піць, і я выпіў паўшклянкі вады і выпадкова заўважыў, што графін быў поўны аж да крышталёвага корка.

Пасля я лёг і заснуў звычайным жахлівым сном. Праз дзве гадзіны яшчэ агіднейшы жах абудзіў мяне.

Уявіце сабе чалавека, які спіць, якога забіваюць і які прачынаецца з нажом у грудзях, ён сплывае крывёй, хрыпіць, не можа дыхаць, ён хутка памрэ - але нічога не разумее.

Урэшце я апамятаўся і зноў захацеў піць. Я запаліў свечку і падышоў да стала, дзе стаяў графін. Я падняў яго, нахіліў над шклянкай, але вада не палілася. Графін быў пусты! Зусім пусты! Спачатку я нічога не зразумеў, пасля раптам я так расхваляваўся, што мусіў сесці, я проста ўпаў на крэсла! Пасля я ўскочыў і агледзеўся! Зноў сеў перад празрыстым крышталём графіна, збянтэжаны ад здзіўлення і страху. Я глядзеў на графін не адрываючыся, шукаючы разгадку. Рукі мае дрыжалі. Значыцца, гэтую ваду нехта выпіў? Хто? Я? Ну, вядома ж, я. Апроч мяне ніхто больш не мог. Значыцца, я лунацік, я жыў, сам таго не ведаючы, таямнічым дваістым жыццём. Мімаволі пачынаеш думаць, ці не жывуць у нас адразу дзве асобы або, можа, нейкая іншая істота, чужая, незразумелая і нябачная, што пасяляецца тады, калі душа спіць, у нашае цела, бярэ яго ў палон, і яно падпарадкоўваецца яму, як нам самім, нават больш, як нам самім.

Але хто зразумее мой невыказны страх? Хто зразумее пачуццё нармальнага, разумнага чалавека, які з жахам у вачах глядзіць на графін, з якога знікла трохі вады, пакуль ён спаў!

Я так і праседзеў да раніцы, не наважваючыся вярнуцца ў ложак.

 

6 ліпеня. - Я вар'яцею. Сёння ўночы нехта зноў выпіў поўны графін ці хутчэй - я выпіў! Але ці я гэта? А калі не? Хто ж гэта? Хто? О Божа! Я вар'яцею! Хто мяне выратуе?

 

10 ліпеня. - Я зрабіў некалькі доследаў, і яны далі дзіўныя вынікі.

Папраўдзе, я звар'яцеў!

6 ліпеня, перад тым, як класціся ў ложак, я паставіў на стол віна, малака, вады, хлеба і суніц.

Нехта - напэўна я - выпіў усю ваду і трохі малака. Віно і суніцы засталіся нечапаныя.

7 ліпеня я паўтарыў той самы дослед, і ён даў такі самы вынік.

8 ліпеня я прыняў ваду і малако. Астатняе засталося нечапанае.

Урэшце 9 ліпеня я зноў паставіў на стол вады і малака, але навязаў рыльцы графінаў белай муслінавай тканінай і прывязаў коркі. Пасля я нацёр вусны, бараду і рукі чорным грыфелем і лёг спаць.

Мяне ахапіў непераможны сон, за ім прыйшло жахлівае абуджэнне. Я ні да чога не дакрануўся - нават бялізна ў ложку засталася чыстая. Я кінуўся да стала - на тканіне, што абцягвала графіны, плямаў не было. Я развязаў завязкі, дрыжучы ад страху. Нехта выпіў усю ваду! Нехта выпіў усё малако! О Божа!..

Я неадкладна еду ў Парыж.

 

12 ліпеня. - Парыж. Апошнімі днямі я зусім страціў розум! Напэўна, я зрабіўся цацкай маёй знерваванай фантазіі, а можа, я і напраўду быў лунацік або стаў ахвярай тых усім вядомых, але невытлумачальных уплываў, якія называюць сугестыяй. Ва ўсялякім разе мой стан набліжаўся да вар'яцтва, і дваццаць чатыры гадзіны ў Парыжы дадалі мне ўпэўненасці ў сабе.

Учора, скончыўшы ўсе візіты, якія напоўнілі маю душу новым, жыццядайным паветрам, я прабавіў вечар у Французскім тэатры. Ставілі п'есу Аляксандра Дзюма-сына, і яе бадзёры і здаровы дух канчаткова мяне вылечыў. Напэўна, адзінота вельмі небяспечная людзям інтэлектуальнай працы. Нам трэба, каб вакол нас былі людзі, якія думаюць, размаўляюць. Калі мы на доўгі час застаёмся адны, мы запаўняем пустку вакол нас прывідамі.

Вельмі вясёлы, я вяртаўся ў гатэль бульварамі. Прадзіраючыся праз натоўп, я згадваў з лёгкай іроніяй мае жахі, мае думкі мінулага тыдня. Як я мог верыць у тое, што нейкая нябачная істота жыве разам са мною пад адным дахам! Які ўсё ж слабы наш розум - ён затуманьваецца, як толькі нас уражвае нейкая нават самая маленькая незразумеласць.

Замест таго каб зрабіць простую выснову: «Я не разумею, бо не магу вызначыць прычыны», мы адразу пачынаем уяўляць сабе жудасныя таямніцы і звышнатуральныя сілы.

 

14 ліпеня. - Дзень Рэспублікі. Я гуляў па вуліцах і цешыўся, як дзіця, з ракет і сцягоў. Вельмі недарэчна, калі людзі радуюцца ў пэўны, вызначаны дзень, паводле ўрадавага загаду. Народ - гэта дурны натоўп, які часам бязглузда церпіць, а часам жорстка паўстае. Яму кажуць: «Радуйся!» Ён радуецца. Яму кажуць: «Ідзі біся з суседам». І ён ідзе біцца. Яму кажуць: «Галасуй за імператара». І ён галасуе. Пасля кажуць: «Галасуй за рэспубліку». І ён галасуе за рэспубліку.

Тыя, хто кіруе народам, таксама дурныя, але яны падпарадкоўваюцца не людзям, а прынцыпам. А прынцыпы гэтыя бязглуздыя, няслушныя і нікому не патрэбныя, хоць бы толькі таму, што яны - прынцыпы, гэта значыць ідэі, што лічацца слушнымі і непахіснымі. Непахіснымі ў гэтым свеце, дзе нельга ні ў чым быць пэўным, бо нават святло - ілюзія, гук - ілюзія.

 

16 ліпеня. - Учора я пабачыў рэчы, якія мяне глыбока ўразілі.

Я вячэраў у маёй кузіны, пані Сабле, муж якой камандуе 76-м стралковым палком у Ліможы. Апроч мяне былі запрошаныя яшчэ дзве маладыя жанчыны. Муж адной з іх, доктар Паран, шмат займаецца нервовымі хваробамі і некаторымі незвычайнымі з'явамі. Цяпер ён праводзіць доследы ў галіне гіпнозу і сугестыі.

Ён доўга расказваў нам пра плённыя вынікі доследаў ангельскіх вучоных і лекараў Нансійскай школы.

Рэчы, пра якія ён гаварыў, здаліся мне такімі дзіўнымі, што я адмовіўся ў іх паверыць.

«Мы знаходзімся на шляху, - казаў ён, - да адкрыцця адной з найвялікшых таямніц прыроды, ці, лепей кажучы, найвялікшых таямніц у гэтым свеце, бо ёсць напэўна і іншыя, на іншых планетах. З таго часу, як чалавек навучыўся думаць, з таго часу, як ён навучыўся выказваць думкі словамі або пісьмова, ён адчувае, што побач з ім існуе нейкая таямніца, недаступная яго грубым і недасканалым органам пачуццяў. Чалавек імкнецца кампенсаваць слабасць пачуццяў напружаннем свайго розуму. Калі гэты розум быў яшчэ ў зародкавым стане, залежнасць чалавека ад нябачных з'яў прыняла проста жахлівыя формы. Якраз тады нарадзіліся народныя вераванні ў звышнатуральнае, легенды, духі, феі, гномы, прывіды. Я б дадаў сюды і легенду пра Бога, бо нашыя ўяўленні пра творцу, з якой рэлігіі яны б ні паходзілі, - гэта самыя пасрэдныя, самыя бязглуздыя, самыя непрымальныя прадукты розуму напалоханых істот. Лепей за ўсіх сказаў Вальтэр: «Бог стварыў чалавека паводле свайго падабенства, але чалавек адплаціў яму тым самым».

Але вось ужо трохі болей за стагоддзе адчуваецца набліжэнне адкрыцця чагосьці новага. Месмер і некаторыя іншыя вывелі нас на нечаканы шлях, і мы дасягнулі, асабліва за апошнія чатыры-пяць гадоў, незвычайных вынікаў».

Мая кузіна, таксама вельмі недаверлівая, усміхнулася. Доктар Паран сказаў ёй:

- Хочаце, я паспрабую вас усыпіць?

- Ну,вядома.

Яна села ў фатэль. І ён пачаў пільна глядзець ёй у вочы, гіпнатызуючы яе. Раптам я адчуў нейкае хваляванне, сэрца маё забілася, горла сціснулася. Я бачыў, як павекі ў пані Сабле цяжэюць, вусны сціскаюцца, дыханне робіцца перарывістае.

Праз дзесяць хвілін яна ўжо спала.

- Сядзьце за ёй, - сказаў лекар.

Я сеў за ёй. Ён даў ёй у рукі візітную картку і сказаў:

- Гэта люстэрка. Што вы ў ім бачыце?

Яна адказала:

- Я бачу свайго кузена.

- Што ён робіць?

- Ён падкручвае вус.

- А цяпер?

- Ён дастае з кішэні фотакартку.

- Хто на здымку?

- Ён сам.

Гэта была праўда! І здымак гэты я атрымаў у той самы вечар, у гатэлі...

- Які ён на гэтым партрэце?

- Ён стаіць з капелюшом у руцэ.

Яна і праўда глядзела на картку, на кавалак белага кардону, як у люстэрка.

Напалоханыя жанчыны ўсхапіліся: «Досыць! Даволі! Хопіць!»

Але доктар загадаў: «Заўтра вы ўстанеце а восьмай гадзіне, пойдзеце ў гатэль да вашага кузена і папросіце, каб ён вам пазычыў пяць тысяч франкаў, якія чакае ад вас муж і якія ён ад вас патрабуе на сваё чарговае падарожжа». Пасля ён яе абудзіў.

Вяртаючыся ў гатэль, я думаў пра гэты дзіўны сеанс, і мяне апаноўвала сумненне. Маёй кузіне я верыў, бо ведаў яе з дзяцінства, і яе выключная сумленнасць была вышэйшая за ўсе падазрэнні, а вось доктар, магчыма, быў махляром. Ці не схаваў ён у руцэ ў кузіны, калі яна спала, акрамя візітнай карткі яшчэ і люстэрка? Прафесійныя фокуснікі здатныя яшчэ і не на такое.

Я вярнуўся і лёг спаць.

А ўранку, а палове дзевятай, слуга пабудзіў мяне і сказаў:

- Пані Сабле хоча неадкладна з вамі пагаварыць.

Я хутка адзеўся і сустрэў яе. Яна села. Вельмі хвалюючыся, апусціўшы вочы, не здымаючы вуалі, яна сказала:

- Мой дарагі кузен, я прашу зрабіць мне вялікую ласку.

- Якую, мая кузіна?

- Мне вельмі няёмка вам пра гэта казаць, і ўсё ж трэба. Мне патрэбныя, вельмі патрэбныя пяць тысяч франкаў.

- Вам?

- Ага, мне ці, правільней, майму мужу, гэта ён папрасіў мяне іх знайсці.

Я быў так уражаны, што здолеў толькі нешта прамармытаць у адказ. Ці не насміхаюцца яны з мяне разам з гэтым доктарам Паранам, можа, усё гэта - звычайны жарт, падрыхтаваны загадзя і вельмі добра праведзены.

Але калі я ўважліва на яе паглядзеў, усе мае сумненні развеяліся. Яна дрыжала ад страху, учынак гэты быў ёй вельмі балючы, яна была гатовая расплакацца.

Я ведаў, што яна даволі багатая, і сказаў:

- Як гэта ваш муж не мае на свае патрэбы пяць тысяч франкаў? Ну, падумайце самі. Ці вы верыце, што ён даручыў вам папрасіць іх у мяне?

Яна нейкі час вагалася, быццам шукала ў сваёй памяці, пасля адказала:

- Я веру.

- Ён вам напісаў?

Яна зноў задумалася. Я здагадаўся пра пакутлівыя намаганні яе розуму. Яна не ведала. Яна ведала толькі, што павінна пазычыць у мяне пяць тысяч франкаў мужу.

І яна наважылася зманіць.

- Ага, ён мне напісаў.

- Калі ж гэта? Учора вы мне нічога пра гэта не казалі.

- Я атрымала ліст сёння раніцай.

- Вы можаце мне яго паказаць?

- Не... не... не... у ім ёсць інтымныя рэчы... вельмі асабістыя... я... я спаліла яго.

- Тады, значыцца, у вашага мужа ёсць даўгі.

Яна трохі падумала і сказала:

- Я не ведаю.

І я нечакана заявіў:

- Справа ў тым, што ў гэты момант у мяне няма пяці тысяч франкаў, мая дарагая кузіна.

У яе з грудзей вырваўся пакутлівы крык.

- О! О, я прашу вас, прашу вас, знайдзіце іх...

Яна вельмі расхвалявалася і сашчапіла рукі, быццам папраўдзе ўпрошвала мяне! Я адчуў, як змяніўся тон яе голасу. Яна плакала, гаварыла запінаючыся, яна пакутавала пад уладай няўмольнага загаду.

- О! Я прашу вас... каб толькі ведалі, як я пакутую... яны патрэбныя мне сёння.

Я злітаваўся над ёй.

- Зараз яны ў вас будуць, я вам прысягаю.

Яна закрычала:

- О, дзякую, дзякую! Які вы добры.

Я спытаўся:

- Ці памятаеце вы, што адбылося ў вас учора?

- Памятаю.

- Памятаеце, як доктар Паран вас усыпіў?

- Памятаю.

- Дык вось, ён загадаў, каб вы прыйшлі сёння раніцай пазычыць у мяне пяць тысяч франкаў, і ў гэты момант вы дзейнічаеце пад гіпнозам.

Яна трошкі падумала і адказала:

- Але гэтыя грошы патрэбныя майму мужу.

Цэлую гадзіну я спрабаваў яе пераканаць, але не здолеў.

Калі яна пайшла, я пабег да доктара. Ён выйшаў да мяне і выслухаў з усмешкай. Пасля спытаўся:

- Цяпер вы верыце?

- Напэўна, веру.

- Хадземце да вашай кузіны.

Яна, стомленая, драмала ў шэзлонгу. Лекар намацаў пульс, паднёс руку да яе вачэй і нейкі час глядзеў на яе. Яна павольна заплюшчыла вочы, скарыўшыся непераможнай магнетычнай сіле.

Як толькі яна заснула, доктар сказаў:

- Вашаму мужу больш не патрэбныя пяць тысяч франкаў. Забудзьцеся, што прасілі вашага кузена пазычыць іх, а калі ён вам пра гэта нагадае, вы нічога не зразумееце.

Пасля ён абудзіў яе. Я выцягнуў з кішэні бумажнік:

- Вось, мая дарагая кузіна, тое, што вы ў мяне прасілі сёння раніцай.

Яна так здзівілася, што я не наважыўся настойваць. І ўсё ж я паспрабаваў нагадаць ёй пра яе просьбу, але яна ўпарта адмаўляла, думаючы, што я з яе насміхаюся, і ўрэшце ледзь не раззлавалася.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .

Вось. Я толькі што вярнуўся ў гатэль, але не магу нават есці - так уразіў мяне гэты эксперымент.

 

19 ліпеня. - Шмат хто з тых, каму я расказаў пра гэтае здарэнне, смяяліся з мяне. Я ўжо нават не ведаю, што падумаць. Як сказаў мудрэц: «Можа быць?»

 

21 ліпеня. - Я павячэраў у Бужывалі, пасля прабавіў вечар на балі весляроў. І праўда, усё залежыць ад месца і асяроддзя. Верыць у звышнатуральнае на выспе Грэнуйер было б самым дзікім вар'яцтвам... А на вяршыні гары Сэн-Мішэль?.. А ў Індыі? Усё тое, што нас акаляе, робіць на нас велізарны ўплыў. Наступным тыднем я вяртаюся дамоў.

 

30 ліпеня. - Учора я вярнуўся дамоў. Усё ў парадку.

 

2 жніўня. - Нічога новага. Стаіць пагода. Цэлымі днямі я баўлюся тым, што гляджу, як цячэ Сена.

 

4 жніўня. - Мае слугі пасварыліся між сабою. Яны сцвярджаюць, што ўночы нехта б'е шклянкі ў шафах. Камердынер вінаваціць кухарку, тая вінаваціць касталянку, а гэтая вінаваціць абаіх. Хто вінаваты? Ды хіба ж разбярэшся?

 

6 жніўня. - Гэтым разам я не вар'ят. Я бачыў... Бачыў! Нельга больш сумнявацца... я бачыў! Яшчэ і цяпер холад праймае мяне да кончыкаў пальцаў... яшчэ і цяпер я дрыжу ад страху... я бачыў!

А другой гадзіне, сярод белага дня, я гуляў у сваім ружоўніку... Я ішоў абсадамі асенніх ружаў, якія пачыналі расцвітаць.

Я спыніўся, каб паглядзець на «Асілка бітваў», на якім красаваліся тры надзвычай прыгожыя кветкі, і выразна ўбачыў, як зусім побач са мной сцябло адной кветкі сагнулася, быццам сціснутае нябачнай рукой, і зламалася, быццам тая рука яго адшчыкнула. Кветка ўзнялася ў паветра, апісала крывую, быццам нябачная рука паднесла яе да твару, і павісла ў празрыстым паветры нерухомай жахлівай чырвонай плямай перад самым маім тварам.

Без памяці, я кінуўся, каб схапіць яе! Але я нічога не схапіў - яна знікла. І тады я страшэнна раззлаваўся сам на сябе, бо хіба ж можна, каб разумны і сур'ёзны чалавек меў такія галюцынацыі.

Але ці была гэта галюцынацыя? Я павярнуўся і стаў шукаць сцябло - хутка я знайшоў: паміж дзвюх кветак, што засталіся на кусце, тырчаў канец толькі што абламанай сцябліны.

Дамоў я вярнуўся ашаломлены. Бо цяпер я веру, гэтаксама веру, як і ў тое, што дзень змяняе ноч, - побач са мною жыве нейкая нябачная істота, якая корміцца малаком і вадой, якая можа дакранацца да рэчаў, браць іх, перасоўваць з месца на месца. Такім чынам, істота гэтая з натуры сваёй матэрыяльная, хоць і недаступная нашым пачуццям. І жыве яна пад адным дахам са мною...

 

7 жніўня. - Я спаў спакойна. ЁН выпіў ваду з графіна, але не турбаваў майго сну.

Звар'яцеў я ці не? Толькі што я гуляў уздоўж рэчкі, ярка свяціла сонца. І мяне пачалі браць сумненні наконт майго розуму - не тыя няясныя сумненні, як раней, але сапраўдныя, сур'ёзныя. Я бачыў розных вар'ятаў. Ведаў і такіх, што заставаліся разумныя, разважлівыя і нават прадбачлівыя ва ўсіх выпадках акрамя аднаго. Яны маглі ясна, умела, з развагай гаварыць на любую тэму, але раптоўна іх розум, быццам натрапіўшы на рыфы вар'яцтва, разбіваўся, рассыпаўся на кавалкі і патанаў у тым страшным, раз'юшаным акіяне, поўным імклівых хваляў, туманаў і вятроў, імя якому - шаленства.

І я без сумненняў лічыў бы сябе вар'ятам, каб не разумеў, не ведаў дакладна свайго стану, не вывучаў яго, не аналізаваў яго пры поўнай памяці. Значыць, усё гэта - толькі галюцынацыі зусім здаровага ў разумовым плане чалавека. Мозг мой напэўна пашкоджаны нейкім невядомым парушэннем - сучасныя фізіёлагі спрабуюць вызначыць і вывучыць гэтыя з'явы. І з-за гэтага парушэння ў маім розуме, у лагічным парадку думак узнікла глыбокая расколіна. Падобныя рэчы здараюцца падчас сну, калі перад намі паўстаюць самыя неверагодныя фантасмагорыі, і мы з іх нават не дзівімся, бо наш спраўджальны апарат, пачуццё кантролю, таксама спіць, а ўяўляльныя механізмы прадаўжаюць працаваць. Хіба не можа быць, каб адна з непрыкметных клавішаў клавіятуры майго мозга спаралізавалася? Часам людзі з прычыны няшчасных выпадкаў трацяць памяць на імёны, або на дзеясловы, або на лічбы, ці на даты. Сёння ўжо даказана, што кожны від разумовай дзейнасці злакалізаваны на пэўным участку мозга. І таму няма ніякага дзіва, што мая здольнасць кантраляваць нерэальнасць некаторых галюцынацый на нейкі час прытупілася.

Я думаў пра ўсё гэта, пакуль ішоў уздоўж берага. Сонца напаўняла ззяннем раку, упрыгожвала зямлю навокал, выклікала ў маёй душы замілаванасць жыццём, ластаўкамі, спрыт якіх радуе вока, травамі на беразе, шапаценне якіх - асалода вушам.

Але памалу мяне апаноўвала нейкая незразумелая няёмкасць. Здавалася, нейкая незямная сіла скоўвае, стрымлівае мяне, не дае ісці далей, кліча мяне назад. Я адчуваў пякучую патрэбу вярнуцца - такое самае пачуццё мае той, хто пакінуў дома хворага, вельмі яму дарагога, і раптам адчувае пагоршанне яго стану.

Так я і вярнуўся дамоў насуперак сваёй волі. Я быў упэўнены, што тут мяне чакае якая-небудзь дрэнная навіна, ліст ці тэлеграма. Але нічога не было, і я здзівіўся і ўсхваляваўся больш, чым калі б зноў убачыў нейкую фантастычную галюцынацыю.

 

8 жніўня. - Учора быў страшны вечар. ЁН больш не з'яўляецца, але я адчуваю, што ён недзе побач, пільнуе мяне, глядзіць на мяне, уваходзіць у мяне, авалодвае мною. Схаваны гэтак, ён яшчэ страшнейшы, чым тады, калі нагадвае пра сваю нябачную і заўсёдную прысутнасць звышнатуральнымі праявамі. Зрэшты, я заснуў.

 

9 жніўня. - Нічога. Але мне страшна.

 

10 жніўня. - Нічога. Што чакае мяне заўтра?

 

11 жніўня. - Зноў нічога. Я не магу больш заставацца дома з гэтым страхам і гэтымі думкамі, што ўвайшлі ў маю душу. Я ад'язджаю.

 

12 жніўня. - Дзесятая гадзіна ўвечары. Увесь дзень я выбіраўся паехаць і не здолеў. Я хацеў выканаць гэты такі просты акт свабоды - выйсці, сесці ў экіпаж і паехаць у Руан - і не здолеў. Чаму?

 

13 жніўня. -Некаторыя хваробы дзейнічаюць на чалавека такім чынам, што ўся яго псіхічная і фізічная энергія вычэрпваецца, мышцы слабнуць, косці робяцца мяккія, як плоць, а плоць становіцца вадою. Са здзіўленнем і роспаччу я адчуваю ўсё гэта ў сабе. Я не маю больш ніякай сілы, адвагі, я не валодаю сабою, не магу кіраваць сваёй воляй. Я больш не ўмею хацець - нехта хоча замест мяне, і я падпарадкоўваюся.

 

14 жніўня. - Мне канец! Нехта валодае маёй душой і загадвае ёй! Нехта кіруе ўсімі маімі ўчынкамі, рухамі, думкамі. Я ўжо не належу сам сабе, я толькі пакорліва і спалохана гляджу на ўсё тое, што раблю. Я хачу паехаць - і не магу. ЁН не хоча - і я ашалелы застаюся сядзець у фатэлі, ён прымушае мяне. Я хачу аднаго - устаць, прыўзняцца, каб толькі ўпэўніцца ў сабе. Але я не магу! Мяне нібы прыкулі да фатэля, а яго - прыклеілі да падлогі так, што ніякая сіла нас не адарве.

Пасля раптам я павінен, ПАВІНЕН ісці ў дальні куток саду, збіраць трускаўкі і есці іх. І я іду. Збіраю трускаўкі і ем іх! О, Божа! Божа мой! Ці ёсць Бог? Калі ёсць - хай вызваліць мяне! Хай ратуе мяне! Даруе мне! Злітуецца! Выратуе! О! Якія пакуты! Які жах!

 

15 жніўня. - Пэўна, у такім самым стане была мая кузіна, калі яна прыйшла да мяне пазычыць пяць тысяч франкаў. У яе ўвайшла чужая воля, нібы другая душа, паразітычная і ўладарная. Ці, можа, ужо настае канец свету?

Але які ж ён, гэты нябачны, непазнавальны бадзяка з пароды звышнатуральных, што мною кіруе?

Значыць, нябачнікі існуюць! Тады чаму яны ніколі яшчэ, як створаны свет, нікому не з'яўляліся гэтак ясна, як мне? Я ніколі не чытаў нічога, што нагадвала б тое, што адбылося ў маім доме. О, каб я толькі мог яго пакінуць, каб я мог пайсці адсюль, уцячы і не вярнуцца. Я б уратаваўся, але я не магу.

 

16 жніўня. - Сёння я здолеў вырвацца ад яго на дзве гадзіны, як вязень, які выпадкова заўважае, што дзверы ў яго камеры адчыненыя. Раптам я адчуў, што я вольны, а ЁН недзе далёка. Я загадаў хутка запрэгчы коней і паехаў у Руан. О, якое шчасце, калі можна некаму загадаць: «У Руан!» - і цябе паслухаюць!

Я заехаў у бібліятэку і папрасіў, каб мне далі вялікі трактат доктара Гэрмана Гэрэстаўса пра невядомых насельнікаў старажытнага і сучаснага свету.

Пасля, калі я садзіўся ў экіпаж, я хацеў сказаць: «На вакзал!», але замест гэтага крыкнуў, не сказаў, а крыкнуў так моцна, што ўсе, хто праходзіў міма, азірнуліся: «Дамоў!» - і ўпаў, знямеўшы ад страху, на сядзенне ў экіпажы. ЁН знайшоў мяне і зноў запанаваў нада мною.

 

17 жніўня. - Ах, якая ноч! Якая ноч! Мне здаецца, я магу парадавацца - я чытаў аж да першай гадзіны ночы! Гэрман Гэрэстаўс, доктар філасофіі і тэагоніі, апісаў гісторыю і праявы дзейнасці ўсіх нябачных істот, якія блукаюць наўкола наяве ці ў марах. Ён апісвае іх паходжанне, іх уладанні, іх магутнасць. Але ніводная з іх не падобная да таго, хто не дае мне жыць. Здаецца, у чалавека з таго часу, як ён навучыўся думаць, нарадзілася прадчуванне і страх перад новай істотай, дужэйшай за яго, якая станецца яго спадкаемцам на гэтым свеце. Адчуваючы набліжэнне гэтае істоты, але не могучы прадбачыць яе прыроды, чалавек стварыў пад уплывам страху таямнічы свет фантастычных істотаў, няясных зданяў, спароджаных жахам.

І вось, скончыўшы чытаць а першай гадзіне ўначы, я сеў каля адчыненага акна, каб асвяжыць твар і думкі пад ціхім ветрыкам, што дзьмуў з начной цемры.

Было цёпла і ціха! Як бы я радаваўся гэткай ночы ў ранейшыя часы!

Месяца не было. У глыбіні чорнага неба дрыготка зіхацелі зоркі. Хто на іх жыве? Якія там краявіды, жывыя істоты, жывёлы, расліны? Ці ведаюць жыхары тых далёкіх сусветаў больш за нас? Ці могуць яны тое, што мы не можам? Ці бачаць яны нешта такое, пра што мы не ведаем? Можа, калі-небудзь хтосьці з іх праляціць праз космас, высадзіцца на нашай Зямлі і заваюе яе, як некалі нарманы пераплылі праз мора і заняволілі слабейшыя за іх народы.

Мы такія слабыя, бяззбройныя, недасведчаныя і маленькія на нашай планеце, на гэтым зярнятку бруду, разведзеным у кропельцы вады.

З гэткімі думкамі я і заснуў пад свежым начным ветрыкам.

Аднак, паспаўшы хвілін сорак, я расплюшчыў вочы. Нейкае невядомае, няяснае і незвычайнае пачуццё абудзіла мяне. Спачатку я нічога не ўбачыў, пасля мне раптам здалося, што ў кнізе, што засталася разгорнутая на стале, сама па сабе перагарнулася старонка. Я здзівіўся і стаў чакаць. Хвіліны праз чатыры я ўбачыў на свае вочы, як наступная старонка паднялася і адкінулася на папярэднюю, нібы перагорнутая нябачным пальцам. Мой фатэль быў пусты ці здаваўся пустым. Але я зразумеў, што ЁН быў там, сядзеў у маім фатэлі і чытаў. Адным шалёным скачком, як скача раз'юшаны звер, кідаючыся на свайго ўтаймавальніка, я пераскочыў праз увесь пакой, каб схапіць яго, задушыць, забіць!.. Але калі я ўжо быў побач з фатэлем, ён раптам упаў, быццам нехта ўцёк у мяне з-пад носа... Стол пахіснуўся, лямпа ўпала і патухла. Акно раптам зачынілася, быццам нейкі злачынец скокнуў у ноч, бразнуўшы аканіцамі.

Значыць, ён уцёк, ён спалохаўся мяне! Дык... тады... заўтра ці калі-небудзь я здолею схапіць яго і задушыць! Ці ж часам сабакі не кусаюць і не душаць сваіх гаспадароў?

 

18 жніўня. - Я марыў увесь дзень. Добра, я буду яго слухацца, падпарадкоўвацца яго загадам, выконваць усе яго жаданні, прыніжацца, паддавацца, выдыгаць перад ім. Ён мацнейшы. Але прыйдзе час...

 

19 жніўня. - Я ведаю... ведаю... я ўсё ведаю! Толькі што я прачытаў наступнае ў «Аглядзе навуковага свету»:

«З Рыо-дэ-Жанейра нам даслалі даволі цікавае паведамленне. Шаленства, нават цэлая эпідэмія шаленства, якую можна параўнаць з тымі хвалямі ўсеагульнага шаленства, што ў сярэднявеччы абрыналіся на эўрапейскія народы, лютуе цяпер у правінцыі Сан-Паўла. Людзі ў роспачы пакідаюць жытло, сходзяць з вёсак, развітваюцца са сваімі палямі. Яны кажуць, што за імі гоняцца, валодаюць імі, кіруюць, нібы жывёлай, нейкія нябачныя, але адчувальныя на дотык істоты, нейкія вампіры, што патроху адбіраюць у людзей жыццё, пакуль тыя спяць. Апроч гэтага яны п'юць ваду і малако і, здаецца, не цікавяцца ніякай іншай ежай.

Пан прафесар Дон Пэдра Энрыкес, а разам з ім некаторыя іншыя вучоныя-медыкі, накіраваўся ў правінцыю Сан-Паўла, каб даследаваць на месцы прычыны і праявы гэтага дзіўнага шаленства і прапанаваць імператару захады, якія, на думку прафесара, дапамаглі б заклікаць да развагі насельніцтва, ахопленае хваробай».

А! А! Я памятаю, памятаю той прыгожы бразільскі трохмачтавік, што праплыў 8 траўня міма маіх вокнаў, паднімаючыся на Сене! Ён здаўся мне такім прыгожым, такім белым, такім вясёлым! ГЭТЫ быў там, ён прыплыў адтуль, дзе з'явіўся яго род! Ён мяне ўбачыў! Ён убачыў таксама мой белы дом і скочыў з карабля на бераг. О, Божа!

Цяпер я ведаю, я здагадваюся. Панаванню чалавека настаў канец.

Ён прыйшоў, Той, каго баяліся старажытныя людзі, Той, каго закліналі неспакойныя святары, каго цёмнымі начамі выклікалі ведзьмакі, ніколі яго не бачачы. Той, каму фантазія часовых гаспадароў Зямлі надавала найпачварнейшыя або, наадварот, найпрывабнейшыя формы гномаў, духаў, геніяў, феяў, дамавікоў. У адрозненне ад грубых паняццяў, народжаных жывёльным страхам, празорлівыя людзі ўяўлялі яго больш выразна. Яго разгадаў Мэсмэр, і ўжо дзесяць гадоў таму медыкі дакладна вызначылі прыроду яго магутнасці, перш чым ён сам яе выявіў. Яны гулялі са зброяй Новага Ўладара, з панаваннем таямнічай волі над заняволенай чалавечай душой. Яны назвалі гэта магнетызмам, гіпнатызмам, сугестыяй... ці як там. Я бачыў, як яны забаўляліся, нібы неасцярожныя дзеці, з гэтай страшнай сілай! Гора нам! Гора людзям! Ён прыйшоў, гэты, як жа ён завецца... гэты... мне здаецца, ён крычыць сваё імя, але я не чую... ага, ён крычыць, я слухаю... я не магу... паўтары... Тамтэй... Я пачуў: Тамтэй... гэта ён... Тамтэй... ён прыйшоў!

О, гора! Каршун упаляваў голуба, воўк з'еў авечку, леў зжор вастрарогага буйвала, чалавек забіў льва стралою, мячом, порахам. Але чалавек зробіцца Тамтэю тым, чым зрабіліся нам конь ці бык: яго майном, яго служкам і яго жыўленнем, праз магутнасць яго волі. Гора нам!

 

Аднак часам звер паўстае і забівае свайго ўтаймавальніка... я таксама хачу... я здолею... Але трэба яго зведаць, убачыць, дакрануцца да яго! Вучоныя кажуць, што вочы жывёл, рознячыся ад нашых сваёй будовай, бачаць усё інакш... А мае вочы не могуць убачыць гэтага новага прыхадня, што мяне прыгнятае...

Чаму? О, цяпер мне згадваюцца словы манаха з гары Сэн-Мішэль: Ці ж бачым мы хоць бы стотысячную частку таго, што існуе вакол нас? Вось, прыкладам, вецер, наймагутнейшая сіла ў прыродзе, што збівае з ног людзей, бурыць дамы, вырывае з коранем дрэвы, узнімае ў моры вадзяныя слупы, валіць скалы і разбівае ўшчэнт вялікія караблі. Вецер забівае, свішча, стогне, раве, але ці бачылі вы яго, ці можаце вы яго ўбачыць? І аднак ён існуе!

Я яшчэ думаў: мой зрок такі слабы, такі недасканалы, што зусім не ўспрымае цвёрдых рэчываў, калі яны празрыстыя, як шкло!.. Калі на маім шляху будзе стаяць вялікая шыбіна, я дамся аб яе, як птушка, што заляцела ў пакой і б'ецца галавой у шыбы. Дый колькі яшчэ ўсяго, што падманвае наш зрок, збівае з тропу. Ці ж дзіва, што я не магу заўважыць нейкае новае цела, праз якое свабодна праходзіць святло.

Новая істота! А чаму не? Яна абавязкова павінна была прыйсці! Не мы ж апошнія на Зямлі! Мы не заўважаем гэтай істоты, як не заўважалі яе і тыя, хто жыў да нас. Справа ў тым, што яе прырода больш дасканалая, яе цела больш складанае і далікатнае, чым нашае, такое слабое, так нязграбна створанае, абцяжаранае органамі, якія заўсёды стамляюцца, заўсёды хібяць, заўсёды псуюцца, як старыя рысоры. Наша цела жыве, як расліна, як жывёла, яно з цяжкасцю жывіцца паветрам, травой, мясам, яно - жывы механізм, падуладны хваробам, нявечанням, гніенню, дрэнна адладжаны, наіўны і дзіўны, ненатуральна няўдалы. Наш арганізм - нязграбнае вытанчанае стварэнне, чарнавы эскіз нейкай разумнейшай і дасканалай істоты.

Нас так мала на гэтым свеце, пачынаючы ад вустрыцы і канчаючы чалавекам. Дык чаму не можа з'явіцца яшчэ адна істота, калі прайшоў час, дастатковы для з'яўлення новага віду?

Чаму ж не можа з'явіцца яшчэ адна істота? Чаму ж не могуць з'явіцца новыя, зусім іншыя дрэвы з вялізнымі кветкамі, якія б ззялі і поўнілі пахам цэлыя краіны? Чаму б не з'явіцца новым рэчывам апроч агню, паветра, зямлі і вады? Іх чатыры, усяго толькі чатыры, гэтых жыццядайных пачаткаў усяго існага! Як шкада, што іх не сорак, не чатырыста, не чатыры тысячы! Якое ўсё навокал беднае, нікчэмнае, убогае, скупа дадзенае, абыякава прыдуманае, з цяжкасцю зробленае! Во - слон, гіпапатам - якая грацыя! Вярблюд - якая элегантнасць!

Вы спытаецеся: а матылёк? Жывая кветка, якая лётае. Але я ўяўляю матылька велічынёй з сотню сусветаў, з крыламі, што я не магу нават выказаць іх формы, прыгажосці, колеру, руху. Але я яго бачу... ён лётае між зорак, агортваючы іх свежасцю і духмянасцю. А людзі там, угары, глядзяць на яго з замілаваннем і захапленнем!..

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .

Што са мною робіцца? Гэта ён, ён, Тамтэй, ён гняце мяне, ён падказвае мне гэтыя вар'яцкія думкі! Ён ува мне, ён робіцца маёй душой. Я заб'ю яго!

 

19 жніўня. - Я заб'ю яго! Я яго бачыў! Учора я сеў за стол і прыкінуўся, што нешта вельмі ўважліва пішу. Я ведаў, што ён будзе хадзіць вакол мяне, зусім побач, так блізка, што можна будзе памацаць, схапіць яго. І тады... тады ў безнадзейнай роспачы я збяру ўсю сваю моц і рукамі, каленямі, грудзямі, ілбом, зубамі я задушу яго, расцісну, увап'юся ў яго, раздзяру на шматкі.

Я пільнаваў яго, напружыўшы да немагчымага ўсе пачуцці.

Я запаліў быў дзве лямпы і восем свечак, быццам спадзеючыся хутчэй яго заўважыць у гэткай светласці.

Проста перада мной стаіць мой стары дубовы ложак, справа - камін, злева - дзверы, якія я шчыльна замкнуў, патрымаўшы доўгі час адчыненыя, каб завабіць яго. Ззаду - высачэзная шафа з люстрам, перад якім я кожнага дня галюся, адзяюся і ў якім я разглядваю сябе з галавы да ног кожнага разу, калі я яго мінаю.

Так я і сядзеў, прыкідваючыся, што пішу, каб увесці яго ў зман, бо ён таксама сачыў за мною. І раптам я адчуў, я быў упэўнены, што ён чытае з-за майго пляча, што ён там, побач з маім вухам.

Я ўскочыў, выставіўшы рукі, і павярнуўся так хутка, што ледзь не ўпаў. І што? Было светла, як удзень, але я не ўбачыў сябе ў люстры! Яно было пустое, яснае, глыбокае, поўнае святла! Мяне там не было, хоць я стаяў насупраць! Я глядзеў, вытрашчыўшы вочы, на чыстае шкло і баяўся падысці бліжэй. Я баяўся паварушыцца, хоць і адчуваў, што ён недзе тут, што ён зноў уцячэ, той, чыё нябачнае цела паглынула маё адлюстраванне.

Я так напалохаўся! Пасля раптам я ўбачыў сябе ў глыбіні люстра, але няясна, нібы ў тумане, нібы праз слой вады, і мне здавалася, што гэтая вада павольна цячэ злева направа - з кожнай секундай адлюстраванне рабілася выразнейшае. Зацьменне канчалася. Тое, што мяне засланяла, здаецца, не мела выразных контураў, гэта была нейкая празрыстая непразрыстасць, якая паволі прасвятлялася.

Урэшце я зноў убачыў усяго сябе, як кожнага дня, калі гляджуся ў люстра.

Я яго бачыў! Я так напалохаўся, што і цяпер яшчэ дрыжу.

 

20 жніўня. - Забіць яго! Але як? Я ж не магу яго схапіць. Атрута? Але ён убачыць, як я кладу яе ў ваду. І яшчэ: ці нашыя яды здолеюць пашкодзіць яму? Не, вядома ж, не... Тады... што ж тады?..

 

21 жніўня. - Я выклікаў з Руана слесара і заказаў яму металічныя жалюзі на вокны майго пакоя, якраз такія, якія можна бачыць у Парыжы на вокнах першых паверхаў прыватных гатэляў, якімі бароняцца ад зладзеяў. Апроч гэтага ён зробіць такія самыя яшчэ і на дзверы. Я здаўся яму баязліўцам, але мне на гэта напляваць!..

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .

10 верасня. - Руан, гатэль «Кантыненталь». Гатова... гатова, але ці ён памёр? Тое, што я ўбачыў, перавярнула мне душу.

Значыць, так. Учора, калі слесар паставіў жалюзі і жалезныя дзверы, я пакінуў іх адчыненыя да апоўначы. Пачало рабіцца халодна.

Раптам я адчуў, што ён тут, і мяне ахапіла шалёная радасць. Я павольна падняўся і пачаў хадзіць з кута ў кут. Хадзіў я наўмысна доўга, каб ён ні пра што не здагадаўся. Пасля я зняў чаравікі і абуў старыя пантофлі. Тады я зачыніў жалюзі і, спакойна падышоўшы да дзвярэй, замкнуў іх на два абароты. Вярнуўшыся да вокнаў, я зачыніў іх яшчэ на замок і паклаў ключы ў кішэню.

І раптам я зразумеў, што ён круціцца недзе вакол мяне, што ён таксама баіцца, што ён загадвае, каб я яму адчыніў. Я ледзь не саступіў, але не саступіў, а, прыціснуўшыся да дзвярэй, трошкі прачыніў іх якраз настолькі, каб праскочыць самому. Я быў перакананы, што ён не паспеў праслізнуць разам са мною. Я зачыніў яго ў пакоі. Якое шчасце! Ён быў у маіх руках! Я збег па сходах у салон, што пад маім пакоем, узяў абедзве лямпы і выліў з іх увесь алей на дыван, на мэблю, паўсюль. Пасля я падпаліў і ўцёк, добра зачыніўшы вялікія ўваходныя дзверы.

Я схаваўся ў глыбіні саду, у зарасніку лаўру. Чакаць давялося так доўга! Я пачаў ужо думаць, што агонь патух сам або ён яго патушыў. І тут раптам адно акно на першым паверсе лопнула пад націскам пажару, і полымя, вялікае чырвона-жоўтае, доўгае, мяккае, пяшчотнае полымя ўзнялося ўздоўж белага муру аж да даху і пачало цалаваць яго. Па дрэвах, па галінах, па лісці прабеглі водбліскі полымя і дрыжыкі страху. Птушкі прачнуліся, сабака пачаў выць. Здавалася, што пачынае днець! Выбухнулі яшчэ два акны, і я ўбачыў, што ніжняя частка майго дома ператварылася ў вялізнае, страшнае вогнішча. І тут начную цішыню разарваў жахлівы, немы, прарэзлівы жаночы крык, і расчыніліся дзве мансарды. Я забыўся пра маіх слуг! Я бачыў іх ашалелыя твары, яны махалі рукамі!..

І тады, ашалеўшы ад страху, я кінуўся бегчы ў вёску з крыкам: «Ратуйце! Ратуйце! Пажар! Пажар!» Па дарозе я сустрэў людзей, якія ўжо беглі сюды. Я пабег разам з імі, каб паглядзець!

Цяпер дом мой быў ужо страшным і раскошным вогнішчам, пачварным вогнішчам, што асвятляла ўсю зямлю, вогнішчам, дзе гарэлі людзі, але дзе гарэў таксама і ЁН, ЁН, мой вязень, Новая Істота, Новы Гаспадар, Тамтэй!

Раптам увесь дах праваліўся, і цэлы вулкан полымя пыхнуў аж да неба. Праз вокны я бачыў вогненнае пекла і думаў, што ён там, што ён згарэў...

Згарэў? Можа быць... Але яго цела? Цела, праз якое свабодна праходзіць святло, ці можна яго знішчыць тымі самымі сродкамі, што і нашае?

А калі ён не памёр? Што, калі гэтая нябачная і страшная істота падуладная толькі Часу? Чаго б было вартае гэтае нябачнае, непазнавальнае цела, цела Духу, калі б яно таксама баялася хваробаў, раненняў, немачаў, заўчаснага разбурэння?

Заўчаснае разбурэнне? Ад яго ідуць усе людскія страхі! Пасля чалавека прыйдзе Тамтэй. Пасля таго, хто можа памерці ў любы дзень, у любую гадзіну, у любую хвіліну, ад любога няшчаснага выпадку, прыйдзе той, які памрэ толькі ў вызначаны дзень, гадзіну, хвіліну, дайшоўшы крэсу свайго існавання!

Не... не... Ён не памёр... Тады... тады... тады памерці павінен я!..

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .



Пераклад: Сяргей Шупа

Беларуская Палічка: http://knihi.com