epub
 
падключыць
слоўнікі

Гі дэ Мапасан

У моры

Анры Сэару

Надоечы ў газетах можна было прачытаць такія радкі:

Булёнь-сюр-Мэр, 22 студзеня. - Нам падаюць: «Насельніцтва нашых узбярэжных раёнаў, якое так папакутавала апошнія два гады, прыгнечана новым жахлівым няшчасцем. Пры ўваходзе ў гавань рыбацкае судна, якім кіраваў яго ўладальнік Жавэль, было адкінута на захад і раструшчана аб скалы каля хвалярэза дамбы.

Нягледзячы на намаганні ратавальнага судна і на выкінутыя канаты, чацвёра рыбакоў і юнга загінулі.

Непагадзь трывае. Небяспека новых стыхійных няшчасцяў застаецца».

Хто гэты судаўладальнік Жавэль? Ці не брат аднарукага?

Калі гэты небарака, які быў знесены хвалямі і, відаць, загінуў пад рэшткамі свайго разбітага на трэскі карабля, і ёсць той, пра каго я думаю, дык васемнаццаць гадоў таму ён быў сведка другой драмы, таксама простай і жахлівай, як і ўсе векапомныя трагедыі ў моры.

 

Жавэль-старэйшы быў тады ўладальнікам траўлера. Траўлер - гэта выдатнае судна, найлепшым чынам прыстасаванае для рыбацтва. Моцна збудаваны, так што яго не страшыць ніякая непагадзь, з пукатым сподам, ён гайдаецца на хвалях і заўсёды, як корак, застаецца на паверхні. Пад бясконцымі ўдарамі рэзкіх, салёных вятроў Ла-Манша ён нястомна працуе ў моры, на надзьмутых ветразях цягнучы збоку вялізную сетку, якая шкрабе дно акіяна, адрывае і валочыць за сабой усялякіх жывёлін, што паснулі сярод скал, пляскатых рыб, што папрытульваліся да жвіру, цяжкіх крабаў з крукастымі клюшнямі, гамараў з вострымі вусамі.

Калі дзьме не вельмі моцны вецер і спакайнеюць хвалі, судна пачынае ловы. Яго сетка, умацаваная на доўгай, абабітай бляхаю жардзіне, спускаецца на двух канатах, якія слізгочуць па калаўротах з абодвух канцоў судна. І траўлер, дрэйфуючы па волі ветру і плыні, цягне за сабой гэтую прыладу, якая пустошыць і вынішчае марскія нівы.

На борце разам з Жавэлем былі яго малодшы брат, чатыры рыбакі і юнга. Калі выходзілі з Булоні на ловы, стаяла яснае надвор'е.

Аднак неўзабаве ўзняўся вецер, і яго шалёныя шквалы прымусілі траўлер кінуцца наўцёкі. Яны падышлі да берагоў Ангельшчыны, але ўздыбленае мора абрушвалася на скалы, кідалася на сушу, і ўвайсці ў гавань магчымасці не было. Невялічкае судна зноў выйшла ў мора і вярнулася да берагоў Францыі. Навальніца па-ранейшаму не давала магчымасці прайсці між молаў, яна агарнула пенай, грукам і небяспекай усе падыходы да якога-колечы прыстанку.

Траўлер ізноў павярнуў назад, закуляўся па марскіх валах, загайдаўся, захістаўся, захлынаючыся пад моцнымі ўдарамі хваляў, але, не зважаючы на гэта, бадзёры, звыклы да бур, якія яго часам прымушалі па пяць-шэсць дзён блукаць між дзвюх суседніх краін, не маючы магчымасці прыстаць да якога-небудзь берага.

Нарэшце, калі судна было ў вольным моры, ураган утаймаваўся, і, хоць хвалі былі яшчэ даволі высокія, гаспадар загадаў закінуць сетку.

І вось вялізная рыбацкая прылада была перакінута цераз борт, і рыбакі - двое на носе і двое на карме, - круцячы калаўроты, пачалі выпускаць канаты, якія яе трымалі. Раптам сетка даткнулася да дна, малодшы Жавэль, які стаяў на носе і кіраваў спускам сеткі, пахіснуўся, і яго рука апынулася паміж канатам, які на хвіліну аслабіўся ў момант штуршка, і калаўротам, па якім той слізгаў. Жавэль зрабіў адчайнае намаганне, спрабуючы другой рукой падняць канат, але сетка ўжо адышла, і напяты канат не паддаваўся.

Скурчыўшыся ад болю, ён пачаў крычаць. Усе збегліся. Старэйшы брат пакінуў стырно. Усе налеглі на канат, намагаючыся выслабаніць заціснутую руку. Але ўсё было дарэмна. «Трэба рэзаць», - сказаў адзін матрос і выняў з кішэні доўгі нож, які мог бы за два ўдары выратаваць руку малодшаму Жавэлю.

Але рэзаць канат азначала згубіць сетку, а сетка каштавала грошай, шмат грошай - паўтары тысячы франкаў; і належала яна Жавэлю-старэйшаму, які шанаваў свой набытак.

З сэрцам, поўным роспачы, ён крыкнуў: «Не, не рэж, чакай! Зараз, я павярну бокам да ветру». Ён пабег да стырна і рэзка павярнуў яго.

Але судна падпарадкоўвалася з вялікаю цяжкасцю, паралізаванае сеткай, яно страціла рухавасць, і, акрамя таго, яго несла ветрам і плынню.

Сашчапіўшы зубы, Жавэль-малодшы ўкленчыў, вочы яго блукалі. Ён маўчаў. Зноў падбег старэйшы брат, з апаскай зірнуў на нож у матроса: «Чакай, чакай, не рэж! Трэба кінуць якар!»

Якар быў кінуты, увесь ланцуг выпушчаны, тады пачалі круціць калаўрот, каб паслабіць канаты, што трымалі сетку. Нарэшце яны паслаблі, і змярцвелая рука ў скрываўленым ваўняным рукаве была вызваленая.

Жавэль-малодшы, здавалася, ачмурэў. З яго сцягнулі нацельнік і ўбачылі нешта пачварнае, куламесу з мяса і крыві, якая лілася ракой, нібы яе гнала помпай. Хлопец зірнуў на сваю руку і прашаптаў: «Гамон».

Урэшце, заўважыўшы, што на мосце карабля ўтварылася цэлая лужына крыві, адзін матрос крыкнуў: «Ён гэтак увесь сплыве, трэба перавязаць вену».

Яны ўзялі аборку, тоўстую, чорную, прасмоленую аборку і, агарнуўшы ёю руку вышэй за рану, як найтужэй нацягнулі яе. Цурок патроху пачаў меншаць, і нарэшце кроў спынілася зусім.

Жавэль-малодшы ўстаў, яго рука бяссільна матлялася збоку. Ён памацаў яе, прыўзняў, пакруціў, патрос. Усё было ўшчэнт разадранае, косці пераламаныя; толькі цягліцы яшчэ трымалі гэты кавалак яго цела. Ён задуменна глядзеў на руку згаслым позіркам. Потым сеў на згорнуты ветразь, і прыяцелі параілі яму ўвесь час паліваць рану, каб не было агнявіцы.

Перад ім паставілі вядро, і ён, чэрпаючы з яго конаўкай, пачаў прамываць жахлівую рану тонкім цурком празрыстай вады.

- Табе б лепей пайсці ўніз, - сказаў яму брат. Ён спусціўся, але праз гадзіну падняўся зноў, бо ў адзіноце адчуваў сябе ніякавата. Ды і наогул, яму лепш было на вольным паветры. Ён ізноў усеўся на ветразь і пачаў паліваць руку.

Ловы ішлі добра. Вялікія белабрухія рыбіны каля яго ног біліся ў смяротных сутаргах. Ён глядзеў на іх, безупынку абмываючы знявечаную плоць.

 

Калі ўжо падплывалі да Булоні, наляцеў новы парыў ветру; невялічкае судна зноў шалёна загойсала, пачало падскокваць і куляцца, трасучы параненага небараку.

Настала ноч. Навальніца не ўтаймоўвалася да світанку. Калі ж сонца ўзышло, яны зноў убачылі ўзбярэжжа Ангельшчыны, але мора было ўжо не такое грознае, і яны, лавіруючы, паплылі да Францыі.

Надвячоркам Жавэль-малодшы паклікаў прыяцеляў і паказаў ім чорныя плямы, брыдкую адзнаку гніення на той частцы рукі, якая ўжо ледзь трымалася.

Пазіраючы на іх, рыбакі выказвалі свае думкі.

- Напэўна-такі, вогнік, - меркаваў адзін.

- Мо трэба б яе салёнай вадой, - прапанаваў Другі.

Прынеслі салёнай вады і палілі рану. Паранены ўвесь збялеў, заскрыгатаў зубамі, скурчыўся, але не закрычаў.

Калі пякота сціхла, ён сказаў брату: «Дай нож».

Той падаў.

- Трымай мне руку на вісу, выпрастай, так, цяпер цягні.

Усё было зроблена, як ён прасіў.

Тады ён сам узяўся рэзаць. Ён рэзаў паціху, з развагай, адцінаючы астатнія жылы вострым, як галец, лязом; нарэшце ад рукі засталася адна кукса. Ён глыбока ўздыхнуў і прамовіў:

- Так было трэба. Усё роўна ўжо ёй быў гамон.

Мяркуючы па ўсім, яму палегчала, ён дыхаў цяпер вальней. І зноў пачаў паліваць ваду на абсечаны кавалак, які застаўся замест рукі.

Ноч здарылася ліхая, і падысці да берага па-ранейшаму было немагчыма.

Калі развіднела, Жавэль-малодшы ўзяў сваю адцятую руку і доўга яе разглядаў. Праявы гніення былі відавочныя. Прыяцелі таксама падышлі паглядзець, перадавалі яе адзін аднаму, мацалі, круцілі, нюхалі.

Брат сказаў:

- Ну, усё, трэба выкінуць яе ў мора.

Але Жавэль-малодшы незалюбіў:

- Э, ну не! Ну ўжо не! Не дам! Тут ужо мне вырашаць - ці не? - рука мая!

Ён узяў руку і паклаў яе паміж ног.

- Усё роўна ж яна згніе, - сказаў старэйшы.

Тады параненаму прыйшла ідэя. Каб захаваць рыбу падчас доўгіх вандраванняў у моры, яе кладуць у бочкі з соллю. Ён спытаўся:

- А што, калі яе пакласці ў лёк?

- Але, праўда, - згадзіліся астатнія.

Адну з бочак, ужо поўную ўловам апошніх дзён, апаражнілі і на самае дно паклалі руку. Зверху яе засыпалі соллю, а потым адну за адной заклалі рыбу назад.

Адзін з матросаў пажартаваў:

- Толькі не прадаць бы яе на кірмашы.

Усе засмяяліся, маўчалі толькі два Жавэлі.

Вецер дзьмуў гэтак жа моцна. І яны зноў лавіравалі непадалёку ад Булоні сама да дзесятай гадзіны наступнага дня. Паранены бесперастанку абмываў рану вадой.

Час ад часу ён уставаў і пачынаў хадзіць туды-сюды па судне.

Стоячы каля стырна, яго брат сачыў за ім і моўчкі ківаў галавой.

Нарэшце яны ўвайшлі ў порт.

Лекар агледзеў рану і сказаў, што справа ідзе на папраўку. Ён наклаў глухую павязку і прызначыў адпачынак. Але Жавэль не захацеў легчы ў ложак, не забраўшы сваёй рукі, і паспяшаўся ў порт, каб знайсці бочку, якую пазначыў крыжам.

Пры ім бочка была вывернута, і ён зноў завалодаў кавалкам свайго цела, які добра захаваўся ў лёку, зморшчыўся, пасвяжэў. Ён загарнуў руку ў сурвэтку, якую прынёс наўмысна, і пайшоў дадому.

Жонка і дзеці доўгі час разглядалі адсечаную бацькаву руку, мацалі пальцы, вымалі з-пад пазногцяў драбінкі солі; потым паклікалі сталяра, каб той зрабіў невялічкую дамавіну.

Назаўтра на пахаванні адцятай рукі прысутнічаў увесь экіпаж траўлера. На чале жалобнай працэсіі поплеч ішлі два браты. Парафіяльны дзяк нёс пад пахай труну з нябожчыкам.

Плаваць Жавэль-малодшы перастаў. Ён атрымаў невялікую пасаду ў порце і, калі пазней расказваў пра гэтае здарэнне, ціхутка прызнаваўся свайму слухачу:

- Каб мой брат згадзіўся перарэзаць той канат, далібог, у мяне б і цяпер была рука. Але ён занадта тросся над сваім скарбам.



Пераклад: Зьміцер Колас