Гі дэ Мапасан

Вяроўка

Гары Алісу

 

Па ўсіх дарогах у мястэчка Гадэрвіль цягнуліся сяляне і іх жонкі: сёння быў кірмаш. Мужчыны ішлі павольна, на кожным кроку нахіляючы наперад каржакаватае цела і няспешна перастаўляючы доўгія кульгавыя ногі, скрыўленыя цяжкаю працай, безупынным наляганнем на плуг, ад якога левае плячо пачынае дыбіцца ўверх і горбіцца спіна, і касьбою жыта, якая прыносіць звычку трымаць ногі шырока, каб мець добры ўпор, - усім марудным і нялёгкім сялянскім жыццём. Іх сінія блузы, вышываныя на каўняры і закаўрушах простым арнаментам з белых нітак, былі накрухмаленыя і блішчалі, нібы пацягнутыя лакам. Яны надзімаліся вакол кашчавага сялянскага цела і рабіліся падобнымі да гатовага ўзляцець шара, з якога тырчалі галава, рукі ды ногі.

Некаторыя цягнулі на вяроўцы карову або цяля. А кабеты ішлі ззаду і падганялі жывёлу тонкім дубцом з яшчэ свежымі лісточкамі. На руцэ ў кожнай вісеў вялікі кош, з якога высоўваліся галовы качак ці курэй. Сялянкі ішлі рухавей, дробна перастаўляючы ногі - не так, як мужчыны. Іх нягнуткае сухое цела сціскала вузкая хуста, заколатая шпількай на пляскатых грудзях, а на галаве паверх туга завязанай белай хусткі быў надзеты яшчэ і каптур.

Часам праязджаў шарабан, які няроўнаю рыссю цягнуў худы конь. На ім пацешна трэсліся два мужчыны і кабета, якая сядзела ўсярэдзіне і ўвесь час хапалася за аглабіну пры штуршках на калдобінах.

На Гадэрвільскім пляцы віраваў натоўп людзей і жывёл. Над вялікім скопішчам праплывалі рогі быкоў, вастраверхія калматыя шапкі заможных сялян, каптуры сялянак. Крыкі, віск, роў зліваліся ў адзін няспынны дзікі гармідар, які часам перакрываў гучны рогат падпітага дзецюка ці доўгі рык прывязанай да плота каровы.

Паўсюль пахла стайняй, малаком, гноем, сенам і потам, ад яго патыхаў кіслы, агідны пах быдла і чалавечага цела, уласцівы вёсцы.

Дзядзька Ашкорн з Брэатэ толькі прыйшоў у Гадэрвіль. Ён ужо кіраваўся на пляц, калі раптам заўважыў на зямлі невялікую вяроўчыну. Ашчадны, як і ўсе нармандцы, дзядзька Ашкорн падумаў: тое, што можа спатрэбіцца ў гаспадарцы, трэба падняць. Крэкчучы ад болю ў спіне - бо дзядзька пакутаваў ад раматусу, - ён з цяжкасцю схіліўся і падняў тонкі абрывак з зямлі. Ён ужо збіраўся яго акуратна згарнуць, калі нечакана ўбачыў рымара Маляндэна, які стаяў на ганку свайго дома і глядзеў на яго. Некалі дзядзька Ашкорн хацеў купіць у яго кантар, але яны тады пасварыліся і з таго часу захавалі адзін на аднаго крыўду, бо абодва былі злапомныя. Селяніну зрабілася крыху сорамна ад таго, што вораг заспеў яго за такой справай, калі ён корпаецца ў гразі з нейкім матузком. Ён хутка сунуў знаходку пад блузу, потым у кішэню ў нагавіцы і зрабіў выгляд, быццам нешта шукае на зямлі. Потым, нібы так і не здолеўшы нічога знайсці, рушыў на кірмаш, выцягнуўшы наперад шыю і скурчыўшыся ад болю ў спіне.

Хутка ён згубіўся ў крыклівым і марудным натоўпе, узрушаным ад безупыннага гандлю. Сяляне мацалі кароў, адыходзілі, нерашуча вярталіся назад, заўсёды чакаючы нейкага падману, і, не могучы адважыцца на пакупку, скоса пазіралі на гандляра, увесь час гатовыя выкрыць яго ашуканства і знайсці загану ў жывёле.

Кабеты ўжо паставілі вялізныя кашы ў нагах і чакалі пакупнікоў, дастаўшы птушак, якія ляжалі са звязанымі крыламі і лапамі на зямлі і з жахам глядзелі вакол, трасучы ярка-чырвонымі грабянямі.

Сялянкі слухалі даваную цану, суха адмаўлялі і з непахісным выглядам настойвалі на сваёй ці наадварот - раптам згаджаліся і крычалі наўздагон свайму пакупніку, які ўжо паволі пачынаў адыходзіць:

- Добра, пане Анціму. Бярыце, я згодная.

З часам пляц патроху пачаў пусцець, і апоўдні, калі, запрашаючы на малітву, прабілі званы, тыя, каму да хаты было далёка, паразыходзіліся па корчмах.

У шынку ў Журдэна вялікая зала была поўная едакоў, а на панадворку было поўна ўсякіх павозак: тут стаялі падводы, брычкі, таратайкі, кабрыялеты, вазочкі з нікому не вядомымі назвамі, запэцканыя жоўтай граззю, пакрыўленыя, з падобнымі на дзве рукі паднятымі ў неба аглоблямі ці наадварот - носам уторкнутыя ў зямлю і з паднятым дагары задам.

Акурат насупраць сталоў з едакамі гарэў вялікі камін. Яго зыркае полымя аблівала жарам спіны тых, хто сядзеў справа. Над агнём на трох ражнах смажыліся куры, галубы, барановыя сцегнякі; далікатны водар смажаніны і мяснога соку, які сцякаў па падпечанай румянай скурцы, надаваў усім весялосці, гнаў асцу.

Уся знаць ад плуга абедала тут, у Журдэна, спрытнага і хітрага шынкара, у якога заўсёды вяліся грошы.

Стравы мяняліся і знікалі адна за адной, як і збаны жоўтага сідру. Кожны гаманіў пра сваё, пра тое, што набыў ці прадаў. Абменьваліся думкамі пра ўраджай. На гародніну надвор'е было добрае, а вось на збажыну, бадай, крыху волкае.

Раптам на двары загрукатаў бубен. Усе, акрамя некалькіх нецікаўных, адразу паўскоквалі з-за сталоў і, хто як быў - з поўным ротам, з сурвэткай у руцэ, - кінуліся да вокан і да дзвярэй.

Вяшчальнік скончыў лупіць у бубен і закрычаў рэзкім голасам, неўпапад раздзяляючы фразы:

- Даводзіцца да ведама жыхароў Гадэрвіля і наогул усіх - асоб, прысутных на кірмашы, што сёння ўранку на дарозе ў Бёзвіль паміж дзевятай і дзесятай гадзінамі быў згублены пулярэс з чорнай скуры, у якім было пяцьсот франкаў і справовыя паперы. Той, хто знойдзе названы пулярэс, мусіць неадкладна прынесці яго - у мэрыю ці пану Фарцюнэ Ульбрэку з Манвіля. Таго, хто знайшоў, чакае ўзнагарода на дваццаць франкаў.

Пасля гэтага чалавек пайшоў далей, і здалёк зноў пачуліся барабанны грукат і пацішэлы крык вяшчальніка.

Усе пачалі гаманіць пра пачутае здарэнне і меркаваць, удасца ці не пану Ульбрэку атрымаць свой пулярэс.

Тым часам абед скончыўся.

Усе ўжо дапівалі каву, калі на парозе ўзнік жандар.

Ён запытаўся:

- Пан Ашкорн з Брэатэ тут?

- Гэта я, - адгукнуўся дзядзька Ашкорн, які сядзеў з другога краю стала.

Жандар павярнуўся да яго:

- Пане Ашкорн, зрабіце ласку прайсці са мной у мэрыю. З вамі хоча гутарыць мэр.

Селянін, здзіўлены і адначасова занепакоены, адным залпам дапіў каву, устаў і, скурчыўшыся яшчэ больш, як раніцай - бо зрабіць першы крок пасля доўгага спачынку асабліва цяжка, - рушыў у дарогу, паўтараючы сабе пад нос:

- Гэта я, гэта я.

Так ён і ішоў за жандарам.

Мэр чакаў яго, седзячы ў фатэлі. Гэта быў тутэйшы натарыус, чалавек тоўсты, паважны і вялікі аматар напышлівых фраз.

- Пане Ашкорн, - сказаў ён, - сёння раніцай на дарозе ў Бёзвіль людзі бачылі, як вы паднялі пулярэс, згублены панам Ульбрэкам з Манвіля.

Вясковец збянтэжана глянуў на мэра і, сам не ведаючы чаму, спалохаўся ўжо аднаго толькі падазрэння, якое павісла над ім.

- Што, як гэта? Я падняў пулярэс?

- Так, менавіта вы.

- Слова гонару, я і ведаць пра яго нічога не ведаю.

- Але вас бачылі.

- Мяне бачылі? Ды хто, хто мог мяне бачыць?

- Рымар Маляндэн.

І тады стары прыгадаў, ён усё зразумеў і, пачырванеўшы ад гневу, крыкнуў:

- Ага! Вось хто мяне бачыў! Стары ёлуп! Ён бачыў, як я падняў вось гэтую во вяроўку - вось, глядзіце, пане мэр.

Ён пашнырыў у кішэні і дастаў адтуль абрывак вяроўкі.

Але мэр недаверліва крутануў галавой.

- Не, пане Ашкорн, вам не ўдасца переканаць мяне, што рымар Маляндэн, чалавек, варты ўсякага даверу, зблытаў гэтую вяроўку з пулярэсам.

Стары селянін як ашалеў. Ён падняў руку і, плюнуўшы ўбок, каб пацвердзіць сваю сумленнасць, паўтарыў:

- Але гэта праўда, далібог, гэта святая праўда, пане мэр. Клянуся ратункам маёй душы!

Мэр нібы не пачуў:

- І нават пасля таго, як вы паднялі гэтую рэч, вы яшчэ доўга шукалі, ці не выпала нейкая манетка ў гразь.

Бедны стары задыхаўся ад знявагі і страху.

- Ды... ці можна такое казаць... ці ж можна такое казаць... якую хлусню выдумляюць, каб зганьбіць сумленнага чалавека! Ці ж можна такое казаць!..

Але колькі ён ні пратэставаў, усё было дарма, яму не верылі.

Яму зрабілі вочную стаўку з Маляндэнам, і той паўтарыў і пацвердзіў свае словы. Яны лаяліся і бэсцілі адзін аднаго добрую гадзіну. Па асабістай просьбе Ашкорна абшукалі. Але нічога не знайшлі.

Нарэшце, дужа расчараваны, мэр мусіў яго адпусціць, але папярэдзіў, што перадасць справу пракурору і будзе чакаць яго рашэння.

Навіна хутка разышлася. На выхадзе з мэрыі старога абступіў натоўп, усім было цікава, у яго распытвалі - хто сур'ёзна, хто з усмешкай, але без абурэння. І тады ён пачаў расказваць гісторыю з вяроўкай. Яму не давалі веры. Усе толькі смяяліся.

Ён ішоў па вуліцах мястэчка, яго ўвесь час спынялі, ён сам спыняў сваіх знаёмых і ўжо каторы раз паўтараў сваю споведзь, апраўдваўся і выварочваў кішэні, каб давесці, што ў яго нічога няма.

Яму казалі адно:

- Ідзі, ідзі, стары шэльма.

Гэта яго злавала, ён нерваваўся, кіпеў, кідаўся ў роспач ад таго, што яму не вераць, і, не ведаючы, што рабіць, зноў і зноў паўтараў сваё.

Цямнела. Трэба было вяртацца дахаты. Ён рушыў у дарогу з трыма сваімі суседзямі і паказаў ім тое месца, дзе падабраў вяроўку. Увесь час, пакуль яны ішлі, ён толькі і гаманіў пра сваю бяду.

Позна вечарам, калі яны вярнуліся ў вёску, ён абышоў усе двары ў Брэатэ і ўсім расказваў пра сваё няшчасце. Яго слухалі з недаверам.

Ён пакутаваў праз гэта ўсю ноч.

На другі дзень, прыкладна а першай гадзіне дня, Марыюс Памэль, парабак імавільскага фермера Брэтона, вярнуў пулярэс з усім, што там было, яго ўладальніку, пану Ульбрэку з Манвіля.

Хлопец запэўніваў, што сапраўды знайшоў гэтую рэч на дарозе, але таму, што сам чытаць не ўмеў, занёс яе дадому і паказаў гаспадару.

Навіна абляцела ўсё наваколле. Стары Ашкорн даведаўся пра гэта таксама. Ён адразу пачаў хадзіць па вёсцы і зноў расказваў усім сваю гісторыю, да якой дадаваў цяпер шчаслівы канчатак. Ён трыумфаваў.

- І што мяне асабліва засмучала, - казаў ён, - дык гэта, разумееце, не так тое, што мяне там у нечым вінавацілі, як што ўсё гэта быў чысты паклёп. Няма нічога горшага, як цябе пачынаюць вінаваціць праз усялякую хлусню.

Увесь дзень ён гаварыў пра сваю прыгоду. Ён расказваў яе тым, хто сустракаўся яму на дарозе, тым, хто піў побач з ім у карчме, а ў нядзелю - парафіянам, якія выходзілі з царквы. Ён спыняў нават незнаёмых. Нарэшце стары нібыта супакоіўся, хоць у душы яго па-ранейшаму яшчэ нешта турбавала. Яго слухалі з прыхаванай усмешкай. Яго словы быццам нікога не пераконвалі. І яму здавалася, што людзі за яго спінай тайком перашэптваюцца.

На другі тыдзень, у аўторак, ён ізноў пайшоў на Гадэрвільскі кірмаш, адзіная патрэба штурхала яго - расказаць сваю гісторыю.

Калі ён праходзіў паўз рымараў дом, Маляндэн, які стаяў на ганку, убачыў яго і засмяяўся. Чаго?

Ён пачаў быў расказваць сваю гісторыю аднаму фермеру з Крыкто, але той не даў яму скончыць і, ляпнуўшы па пузе, кінуў проста ў твар: «До ўжо табе, хітры шэльма, ідзі!» - і павярнуўся да старога спінай.

Дзядзька Ашкорн збянтэжыўся ад нечаканасці, і яго хваляванне яшчэ больш павялічылася. Чаму гэта яго назвалі «хітрым шэльмаю»?

Седзячы за сталом у шынку ў Журдэна, ён ізноў пачаў тлумачыць, як яно было.

Нейкі гандляр коньмі з Манцівілье крыкнуў:

- Ну ўжо, ну, стары круцель, ведаю я, што гэта была за вяровачка!

Ашкорн прамармытаў:

- Але яго ж знайшлі, пулярэс гэты.

Але той не сціхаў:

- Маўчы ўжо, дзядзька! Адзін знайшоў - адзін аддаў, і шыта-крыта, камар носу не падаткне.

У селяніна ажно заняло дых. Нарэшце ён сцяміў. Яго абвінавачвалі ў тым, што ён аддаў пулярэс свайму прыяцелю-хаўрусніку, каб той занёс яго ў мэрыю.

Ён пачаў быў пярэчыць, але за сталом усе толькі зарагаталі.

Стары так і не здолеў даесці свой абед і пайшоў. У спіну яму ляцелі кпіны.

Ён вярнуўся дахаты, разгублены і прысаромлены, задыхаючыся ад абурэння і гневу, і больш за ўсё прыгнечаны тым, што, як і ўсякі хітры нармандзец, ён сапраўды быў здольны зрабіць тое, у чым яго абвінавачвалі, і пасля б нават выхваляўся, якую добрую ён выкінуў штуку. Падсвядома ён разумеў, што даказаць сваю невінаватасць яму не ўдасца - яго ашуканства было ўсім добра вядомае. І несправядлівасць такога падазрэння кроіла яму сэрца.

Ён ізноў пачаў расказваць сваю гісторыю і з кожным днём падаўжаў апавяданне. Кожны раз ён дадаваў да яго новыя запэўненні, прыводзіў усё больш рашучыя довады, бажыўся ўсім святым, што толькі мог прыдумаць за тыя доўгія гадзіны самоты, калі ўсе яго думкі былі заняты адно гэтай гісторыяй з вяроўкай. Але чым больш складаныя рабіліся яго апраўданні, чым больш тонкія ён высоўваў доказы, тым менш яму верылі.

- Усе гэтыя ашуканцы так выкручваюцца, - казалі ў яго за спінай.

Ён гэта адчуваў, нерваваўся і нясілеў ад марных намаганняў.

Стары чаўрэў на вачах.

Каб пацешыцца, жартаўнікі прасілі яго цяпер расказваць «пра вяровачку», як просяць салдата расказаць пра бітву, у якой ён удзельнічаў. Яго ўжо кволыя душэўныя сілы слабелі.

У канцы снежня дзядзька Ашкорн злёг. Ён памёр першымі днямі студзеня. І ў перадсмяротным трызненні, нібы ўсё яшчэ стараючыся давесці сваю невінаватасць, ён паўтараў:

- Вяровачка... вяровачка... вось, глядзіце, вось яна, пане мэр.



Пераклад: Зміцер Колас

Беларуская Палічка: http://knihi.com