Гі дэ Мапасан

Вяртанне

Нізкія хвалі аднастайна хвошчуць бераг. Белыя хмаркі таропка бягуць па бяскрайнім небасхіле, падхопленыя рэзкім ветрам, быццам чайкі. А ўнізе, на дне лагчыны, якая спускаецца да мора, грэецца на сонцы вёска.

На далёкім канцы пры дарозе адзінока стаіць хата Мартэн-Левекаў. Гэта маленькая рыбацкая мазанка пад страхою з мяцёлкай блакітнага касачу на вільчыку. Да ганка прыткнуўся маленькі, з лапік, агарод, дзе расце цыбуля, некалькі качаноў капусты, пятрушка і цьмянец. Жываплот адгароджвае яго ад дарогі.

Мужчына цяпер у моры, а жанчына нацягнула на сцяне шырокую бурую сетку, падобную на вялізнае павуцінне, і цыруе вочкі. Каля веснічак у адкінутым назад і прыстаўленым більцам да плота плеценым крэсле сядзіць дзяўчынка чатырнаццаці гадоў і латае пералатаную бядняцкую бялізну. Другое дзяўчо, на год маладзейшае, гушкае на руках дзіця, якое яшчэ не ўмее ні хадзіць, ні гаварыць; а двое малых - двух і трох гадоў - сядзяць проста на зямлі носам у нос, грабуцца ў зямлі нязграбнымі ручкамі і кідаюцца адно аднаму ў твар пяском.

Усе маўчаць. Толькі немаўля не можа заснуць і ўсё кугакае. На акне дрэмле кот, а пад сцяною красуецца ляўконія, і над прыгожай купкай яе белых кветак зумкае мушыны рой.

Дзяўчынка, што шые каля веснічак, кліча:

- Матуля!

Маці адказвае:

- Чаго табе?

- Зноў ён.

Абедзве непакояцца ад самай раніцы, бо нейкі чалавек швэндаецца вакол хаты: стары чалавек падобны на жабрака. Яны заўважылі яго, калі хадзілі праводзіць бацьку на карабель. Ён сядзеў на краі рова насупраць іх дзвярэй. І калі яны вярнуліся з берага, ён усё сядзеў там і глядзеў на дом.

З выгляду ён быў хворы і вельмі гаротны. Чалавек не ўставаў з месца цэлую гадзіну, але, заўважыўшы, што да яго прыглядаюцца, як да злодзея, падняўся і, кульгаючы, пайшоў.

Але неўзабаве яго марудная і стомленая постаць паказалася другі раз, і ён зноў сеў, толькі крыху зводдаль, быццам сцерагчы іх.

Маці з дочкамі спалохаліся. Асабліва трывожылася маці, бо па натуры была палахлівая, а таксама ад таго, што яе муж Левек меўся вярнуцца толькі за поўнач.

Яе мужа звалі Левек, а яе - Мартэн, і іх ахрысцілі Мартэн-Левекамі. І вось чаму: першы раз яна выйшла за марака Мартэна, які штолета плаваў да Ньюфаўндленда лавіць траску.

За два гады жыцця яна нарадзіла дзяўчынку і шосты месяц хадзіла другою, калі мужаў карабель «Дзве сястры» - трохмачтавік з Дзьепа - недзе знік.

Ніхто больш ніколі не чуў пра яго, ніводзін марак, які ступіў на яго палубу, не вярнуўся, і ўсе палічылі, што ён загінуў.

Мартэнава жонка дзесяць гадоў чакала мужа і ў змаганні з галечай гадавала двое дзяцей. Аднойчы мясцовы рыбак Левек, які пасля смерці жонкі застаўся з сынам на руках, прапанаваў пажаніцца смелай і добрай жанчыне. Яны ўзялі шлюб, і за тры гады ў яе нарадзілася яшчэ двое дзяцей.

Жыццё іх было горкае і працавітае. Хлеб каштаваў дорага, а мяса было зусім рэдкім госцем у хаце. Парой, падчас зімовых шквалаў і навальніц, яны бралі пазыку ў пекара. Нягледзячы на ўсё, дзеці не хварэлі. Вяскоўцы казалі:

- Добрыя яны людзі, Мартэн-Левекі. Мартэн увішная гаспадыня, а над Левекам рыбака няма.

Дзяўчынка каля веснічак сказала:

- Мусіць, ён ведае нас. Можа, гэта які жабрак з Эпрэвіля ці Азбоска.

Але маці не магла памыліцца. Не, не, ён не тутэйшы!

Чалавек нібы аслупянеў, пільна ўглядаючыся на жытло Мартэн-Левекаў; Мартэн узлавалася, ад страху асмялела, схапіла рыдлёўку і выйшла на ганак.

- Што вы тут робіце? - крыкнула яна бадзягу.

Ён хрыпла адказаў:

- Сяджу і дыхаю паветрам! Я што, замінаю вам?

Яна сказала:

- А чаму гэта вы шпігуеце за маім домам?

Той азваўся:

- Я нікому не раблю зла. Хіба нельга пасядзець пры дарозе?

Жанчына не знайшла, што сказаць, і вярнулася ў хату.

Дзень доўга не канчаўся. Апоўдні мужчына знік, але а пятай зноў прыйшоў. Вечарам яго таксама не было.

Левек вярнуўся позна ўночы. Яму ўсё расказалі.

- Гэта нейкі прайдзісвет ці круцель, - заключыў ён. І спакойна лёг спаць, а жонка ўсё думала пра бадзягу, які так дзіўна прыглядаўся да яе.

Раніцай задзьмуў моцны вецер, выйсці ў мора не было як, і марак сеў памагаць жонцы ладзіць сеткі.

А дзевятай старэйшая дачка Мартэн, якая хадзіла па хлеб, прыбегла напалоханая і крыкнула:

- Мама, зноў ён!

Маці захвалявалася, збялела і сказала мужу:

- Пагавары з ім, Левек, хай не пільнуе нас, бо мне страшна.

І Левек, высокі марак з цагляным тварам у густой рыжай барадзе, з блакітнымі, у чорную крапінку вачыма і дужай, заўсёды захутанай шалікам шыяй - каб акрыцца ад марскога дажджу і ветру - спакойна выйшаў да валацугі.

Яны загаварылі.

Маці з дзецьмі трывожна і палахліва здалёк паглядала на іх.

Раптам незнаемы падняўся і разам з Левекам пайшоў да хаты.

Мартэн спалохана адступілася. Муж сказаў ёй:

- Дай яму хлеба і шклянку сідру. Ён не еў два дні.

Мужчыны, а следам за імі жанчына з дзецьмі ўвайшлі ў хату. Жабрак сеў і, схіліўшы галаву пад позіркамі сям'і, пачаў есці.

Маці стоячы ўглядалася ў яго, дзве дачкі Мартэн - адна з немаўлём на руках - прагна сачылі за кожным яго рухам, нават двое малых, што сядзелі ў попеле, кінулі гуляць з чорным чыгуном, каб паглядзець на чужынца.

Левек сеў у крэсла і спытаўся:

- Дык вы здалёк?

- З Сэта.

- Вось гэтак, пеша?

- Але, пеша. Як грошай Бог не даў, дык што ж.

- І куды ж гэта вы?

- Сюды.

- Ці ёсць тут у вас хто?

- Можа.

Мужчыны змоўклі. Бадзяга еў нетаропка, хоць і быў галодны, і кожны кус хлеба запіваў глытком сідру. Яго запалы твар быў скрозь у маршчынах, драпінах, і здавалася, што чалавек шмат пакутаваў. Нечакана Левек спытаўся:

- Як вас завуць?

Той, не падымаючы галавы, адказаў:

- Мяне завуць Мартэн.

Маці неяк дзіўна скаланулася. Яна ступіла крок, каб бліжэй разгледзець жабрака, і, апусціўшы рукі, з разяўленым ротам спынілася насупраць яго. Усе маўчалі.

Нарэшце Левек сказаў:

- Вы адсюль?

Ён адказаў:

- Я адсюль.

Ён усё ж падняў галаву, позіркі жанчыны і жабрака сустрэліся, спыніліся, змяшаліся, быццам зачапіліся адзін за адзін.

І раптам яна другім, ціхім трапяткім голасам прашаптала:

- Ці ты гэта, мужычок?

Ён вымавіў па складах:

- Гэта я.

Ён не кратаўся, усё жаваў свой хлеб. Левек хутчэй здзіўлена, чым усхвалявана прамармытаў:

- Гэта ты, Мартэн?

Той проста адказаў:

- Але, гэта я.

Другі муж спытаўся:

- Адкуль жа ты ўзяўся?

Першы загаварыў:

- З Афрыканскага берага. Мы наляцелі на плытнечу і пачалі тануць. Выратаваліся ўтрох: Пікар, Вацінэль і я. Нас схапілі дзікуны і трымалі дванаццаць гадоў. Пікар і Вацінэль загінулі. Нейкі ангельскі вандроўнік вызваліў мяне і давёз да Сэта. І вось я тут.

Мартэнава жонка заплакала, уткнуўшыся тварам у фартух.

Левек сказаў:

- Што ж нам цяпер рабіць?

Мартэн спытаўся:

- Ты яе муж?

Левек адказаў:

- Я!

Яны зірнулі адзін на аднаго і змоўклі. Мартэн абвёў вачыма дзяцей і кіўнуў на дзвюх дзяўчынак:

- Мае?

Левек адказаў:

- Твае.

Той не ўстаў, не пацалаваў іх, адно сказаў:

- Божа мой, якія вялікія!

Левек паўтарыў:

- Што ж нам рабіць?

Збянтэжаны Мартэн ведаў не лепш за яго. Урэшце ён вырашыў:

- Я зраблю, як ты захочаш. Я не хачу пакрыўдзіць цябе. Але гэта складана, бо ёсць хата. У мяне двое дзяцей, у цябе трое, у кожнага свае. Жонка? Ці то твая, ці то мая? Будзе, як скажаш, але хата - хата мая, бо гэта бацькаўшчына, у ёй я нарадзіўся, і ўсе паперы ў натарыуса.

А Мартэніха ўвесь час плакала, хаваючы ціхія слёзы ў блакітны прыпол. Абедзве вялікія дачкі падышлі бліжэй і трывожна пазіралі на свайго бацьку.

Ён паеў і сам спытаўся:

- Што нам рабіць?

Левек надумаўся:

- Трэба ісці да кюрэ, ён дарадзіць.

Мартэн падняўся, ступіў да жонкі, а тая кінулася яму на грудзі і загаласіла:

- Мужычок ты мой! Вярнуўся! Мартэн, мой бедны Мартэн вярнуўся!

І яна абхапіла яго рукамі, раптам наскрозь працятая подыхам мінулага, болем успамінаў пра свае дваццаць гадоў і іх першыя абдымкі.

Гэтак жа ўсхваляваны Мартэн цалаваў яе ў каптур. Абое малыя, пачуўшы матчын плач, разам завылі, а немаўля на руках у малодшай Мартэн запішчала пранізлівым, як разладжаная дудка, галаском.

Левек чакаў каля дзвярэй.

- Хадзем, - сказаў ён, - трэба парадкавацца.

Мартэн адпусціў жонку, а калі ён глядзеў на дачок, яна сказала:

- Пацалуйце вы хоць вашага татку.

Яны падышлі разам, без слёз, здзіўленыя, трохі спалоханыя. І ён кожную цмокнуў у шчаку смачным сялянскім пацалункам. Немаўля, зусім блізка ўбачыўшы чужога, так заплакала, што ледзь не зайшлося.

Мужчыны пайшлі з хаты.

Калі яны міналі «Карчму гандляроў», Левек прапанаваў:

- Ці не выпіць па шклянцы?

- Можна, - сказаў Мартэн.

Яны ўвайшлі, селі ў бязлюдным яшчэ шынку, і Левек крыкнуў:

- Гэй, Шыко, дзве гарэлкі, дыхтоўнай, Мартэн вярнуўся. Мартэн, маёй жонкі, ведаеш, Мартэн з «Дзвюх сясцёр», які быў прапаў.

І пузаты, сыты, з чырвоным тварам карчмар узяў адной рукой тры шклянкі, другой кварту, падышоў і спакойна спытаўся:

- Бач! Вярнуўся, Мартэн?

Мартэн адказаў:

- Вярнуўся.



Пераклад: Сяргей Мурашка

Беларуская Палічка: http://knihi.com