epub
 
падключыць
слоўнікі

Гі дэ Мапасан

Вязні

У лесе - ні гуку, толькі лёгкі шолах снегу, які падае на дрэвы. Ён ішоў ад самага паўдня - дробны мяккі сняжок, які пудрыў голле золкім мохам, нацярушваў на сухое лісце кустоўя лёгкія сярэбраныя каптурыкі, усцілаў сцяжынкі бясконцым пухкім белым дываном і згушчаў бязмежную цішу ляснога акіяна.

Каля леснічоўкі маладая жанчына з закасанымі рукавамі калола дровы на вялікім камені. Гэта была высокая, хударлявая, дужая дачка лясоў - леснікова дачка і леснікова жонка.

- Сёння мы адны, Бэрціна, ідзі лепей у хату, ноч на дварэ, а вакол, напэўна, бадзяюцца і прусы, і ваўкі, - данёсся з леснічоўкі голас.

Маладзіца вялікімі ўзмахамі сякеры расколвала пень, і яе стан пругка распростваўся пры кожным узмаху рук.

- Я ўжо накалола, мама. Зараз, зараз іду, не бойся, яшчэ відно, - адказала яна.

Потым яна занесла на кухню бярэмак сушняку і дроў, кінула яго каля прыпечка, зноў выйшла, зачыніла аканіцы - таўшчэзныя аканіцы з суцэльнага дубу, - а вяртаючыся, замкнула за сабою дзверы на цяжкую засоўку.

Яе маці, спярэшчаная маршчакамі старая, сядзела каля агню і прала; з гадамі яна стала палахлівая.

- Не люблю я, калі бацькі няма дома, - сказала яна. - Ад дзвюх кабет толку мала.

- Ну, я дык укладу на месцы і ваўка, і пруса, - адказала маладзіца.

І паказала вачыма на вялікую пістолю, што вісела на вушаку.

Яе мужа забралі ў армію на самым пачатку прускага нашэсця, і абедзве жанчыны засталіся толькі з бацькам, старым палясоўшчыкам Нікаля Пішонам, які наадрэз адмовіўся пакінуць сваё жытло і перабрацца ў горад.

Найбліжэйшым горадам быў Рэтэль - старажытная крэпасць, збудаваная на скале. Гараджане былі патрыётамі, яны вырашылі не здавацца захопнікам, замкнуцца ў сценах і па даўняй традыцыі горада з гонарам вытрымаць аблогу. Ужо двойчы - за Генрыхам IV і за Людовікам XIV - жыхары Рэтэля праславіліся гераічнай абаронай свайго паселішча. Яны і цяпер, ліха на іх, будуць змагацца гэтаксама, хіба спапяляць іх у родных сценах!

Яны закупілі гарматы і стрэльбы, узброілі апалчэнне, сфарміравалі роты і батальёны і цэлыя дні праводзілі вучэнні на пляцы.

Булачнікі, бакалейшчыкі, мяснікі, натарыусы, адвакаты, сталяры, кнігапрадаўцы, нават аптэкары - усе, па чарзе, у вызначаны час праходзілі страявыя заняткі пад камандай пана Лявіня, былога драгунскага унтэр-афіцэра, а цяпер уласніка галантарэйнай крамы: ужо ў адстаўцы ён ажаніўся з дачкою пана Равадана-старэйшага і атрымаў у спадчыну яго краму.

Ён набыў званне каменданта крэпасці і, калі ўся моладзь пайшла ў армію, стварыў апалчэнне з рэшты гараджан, якое ўзялося ўвішна рыхтавацца да абароны. Таўстуны хадзілі па вуліцы не інакш як трушком, каб растрэсці сала і збавіцца ад задышкі; нядужыя цягалі ўсялякі цяжар, каб умацаваліся мускулы.

Горад чакаў прусакоў. Але прусакі не паказваліся. І ўсё-такі яны былі недзе паблізу: ужо двойчы іх разведчыкі праточваліся праз лес ажно да сядзібы Нікаля Пішона, празванага Велягурам.

Стары палясоўшчык, жвавы, як ліс, прыбягаў у горад папярэдзіць пра гэта жыхароў. Тыя панаводзілі гарматы, але вораг не з'яўляўся.

Велягурава леснічоўка служыла Рэтэлю аванпостам у Авялінскім лесе. Двойчы на тыдзень гаспадар хадзіў у горад па харчы і расказваў гараджанам пра тое, што робіцца ў наваколлі.

 

У той дзень ён выправіўся ў горад, каб паведаміць каменданту, што трэцяга дня гадзіне а другой папаўдні ў яго на момант спыняўся невялікі атрад нямецкай пяхоты, - прыпыніўся і амаль адразу рушыў далей. Унтэр-афіцэр, што камандаваў немцамі, гаварыў па-французску.

Асцерагаючыся ваўкоў, якія ўсё болей лютавалі, стары, калі выбіраўся ў дарогу, браў з сабой двух сабак - двух вялізных вартавых сабак з ільвінымі пашчамі, і наказваў кабетам старанна замыкацца з надыходам ночы.

Дачка не баялася нічога на свеце, але старая вечна калацілася ад страху ды ўсё паўтарала тое самае:

- Дабром гэта не скончыцца, вось пабачыце, дабром гэта не скончыцца.

У той вечар яна, як ніколі, была апанаваная трывогай.

- Ты не ведаеш, калі вернецца бацька? - спыталася яна.

- Ды напэўна не раней адзінаццаці. Калі ён вячэрае ў каменданта, дык заўсёды вяртаецца позна.

Дачка акурат прыладавала над агнём саган, каб згатаваць вячэру, але раптам замерла, услухоўваючыся ў невыразныя гукі, якія даляталі да яе праз комін.

- Нехта ідзе лесам, - прашаптала яна. - Чалавек сем-восем, не меней.

Маці напалохалася, спыніла калаўрот і пралепятала:

- О Божухна! І бацькі няма дома!

Не паспела яна дагаварыць, як нехта моцна загрукаў у дзверы.

Жанчыны не адазваліся.

- Атшыніць! - пачуўся гучны гартанны голас.

Па хвіліне маўчання той самы голас паўтарыў:

- Атшыніць, алпо мой ламаф цвэры!

Бэрціна паклала ў кішэню ў спадніцу пістолю, што вісела на вушаку, падышла да дзвярэй, прыклала да іх вуха і спыталася:

- Хто там?

- Мой ёсць атрат, што быф тут пасафчора, - адказалі знадворку.

- Што вам трэба? - зноў запыталася маладзіца.

- Мой саплукаф ф лес, і мой атрат. Атшыніць, алпо мой ламаф цвэры.

Выбару не было; леснічыха адкінула завалу, прачыніла цяжкія дзверы і ў бялёсым ад снегу прыцемку ўбачыла шасцёх чалавек, шасцёх прускіх салдатаў - тых самых, якія прыходзілі ўжо да іх. Яна цвёрдым голасам папыталася:

- Што гэта вам тут трэба ў такі час?

Унтэр-афіцэр паўтарыў:

- Мой саплюціф, сусім саплюціф, але мой паснаф том. Мой нітшога не еф ат ранак, і мой атрат тожа.

- Але сёння мы з маткаю адны ў хаце, - заявіла Бэрціна.

Салдат, які на выгляд быў прыстойным чалавекам, адказаў:

- Нітшога. Мой не сропіць кепска, але фы мус накарміць нас. Мы патай ат голят і стома.

Леснічыха адступіла ўбок.

- Заходзьце, - сказала яна.

Салдаты ўвайшлі ў хату; усе яны былі абсыпаны снегам; іх каскі, здавалася, былі ўкрыты ўзбітаю смятанаю і нагадвалі безэ; ва ўсіх быў стомлены, знясілены выгляд.

Маладзіца паказала на драўляныя лавы па абодва бакі вялікага стала.

- Сядайце, - сказала яна, - зараз я згатую есці. Вы і напраўду нейкія выматляныя.

І яна зноў узяла дзверы на завалу.

Потым яна даліла вады ў саган, укінула туды масла і бульбы, пасля зняла кавалак сала, якое вісела каля печы, адрэзала палову і паклала ў булён.

Шасцёра дзецюкоў галоднымі вачыма цікавалі за кожным яе рухам. Свае стрэльбы ды каскі яны паскладвалі ў куток і цяпер чакалі вячэры, слухмяныя, нібы дзеці за школьнымі партамі.

Маці зноў стала прасці, часта спалохана паглядаючы на салдатаў-захопнікаў. Чулася толькі нягучнае гудзенне калаўрота, патрэскванне агню ды пошапт вады, якая пачынала ўжо закіпаць.

Раптоўна ўсе ажно ўздрыгнулі ад нейкага дзіўнага гуку за дзвярыма, які нагадваў хрыплае дыханне, гучнае, шумнае дыханне звера.

Унтэр-афіцэр маланкава скочыў да зброі. Леснічыха ўсміхнулася і жэстам рукі спыніла яго.

- Гэта ваўкі, - растлумачыла яна. - Яны - як вы: таксама бадзяюцца па лесе і таксама галодныя.

Недаверлівы немец захацеў на свае вочы ўпэўніцца, што гэта напраўду ваўкі; ён асцярожна прачыніў дзверы і адразу заўважыў двух вялікіх шэрых звяроў, якія імкліва рынуліся прэч ад леснічоўкі.

- Ніколі п не паферыф, - прамармытаў прусак і зноў усеўся на сваё месца ў чаканні, пакуль згатуецца варыва.

Яны паглыналі яго прагна, як мага шырэй разяўлялі раты, каб ухапіць паболей; у лад разяўленым зяпам ажно выпіналіся круглыя вочы, а ў горле ў іх клекаталі гукі, падобныя на бульканне ў вадасцёку.

Жанчыны моўчкі глядзелі на хуткія рухі шырокіх рыжых барод; здавалася, бульбіны правальваюцца ў гэтых рухомых зарасніках.

Салдатам захацелася піць, і леснічыха спусцілася ў склеп, каб нацадзіць сідру. Яна прабыла там даволі доўга. Гэта было невялікае скляпеністае сутарэнне; калі верыць чуткам, у гады рэвалюцыі яно служыла і турмой, і сховам. Спускацца туды даводзілася праз люк у кутку кухні па вузкай вінтавой лесвічцы.

Калі Бэрціна вярнулася, хітраватая ўсмешка так і блукала на яе твары. Маладзіца падала немцам збан з пітвом. Потым і сама разам з маці стала вячэраць у другім кутку кухні.

Салдаты паелі і тут, за сталом, задрамалі - усе шасцёра. Час ад часу чый-небудзь лоб глуха бомкаўся аб стол, і знянацку абуджаны салдат выпростваўся.

- Ды кладзіцеся вы каля агню, хопіць вам там месца ўсім шасцём. А мы з мамаю пойдзем у мой пакой, - сказала Бэрціна унтэр-афіцэру.

І жанчыны падняліся на другі паверх. Было чуваць, як яны замыкаліся на ключ, як хадзілі па пакоі; потым усё сціхла.

Прусакі палеглі на падлозе, нагамі да агню, паклаўшы пад галовы паскручваныя шынялі, і неўзабаве ўсе шасцёра захраплі на ўсе лады, - хто пісклява, хто басавіта, але аднолькава працяжна і страхотліва.

Яны праспалі даволі доўга, як раптам грымнуў стрэл, такі гулкі, што можна было падумаць, быццам стрэлілі ў сцяну дома. Салдаты ліхаманкава ўскочылі. І тут зноў бухнула двойчы, потым яшчэ тройчы запар.

Дзверы наверсе расчыніліся, і на парозе паявілася са свечкай у руцэ перапалоханая леснічыха, босая, толькі ў кашулі і ў ніжняй спадніцы.

- Гэта французы, іх чалавек дзвесце, не меней, - пралепятала яна. - Калі яны знойдуць вас тут, дык спаляць і хату. Хутчэй спускайцеся ў склеп, ды не шуміце! Крый Божа, яны пачуюць вас - тады мы прапалі!

- Топра, топра, - разгублена прашаптаў унтэрафіцэр, - кута мус ісці?

Маладзіца паспешліва адчыніла вузкі квадратны люк, і шасцёра салдатаў адзін за адным таропка сталі спускацца ў склеп па вінтавой лесвічцы.

Але як толькі схавалася вастрыё апошняй каскі, Бэрціна апусціла цяжкае дубовае века, таўшчэзнае, што сцяна, моцнае, што жалеза, умацаванае на шарнірах, з турэмным замком, двойчы павярнула ў ім ключ і засмяялася бязгучным, пераможным смехам; яе апанавала вар'яцкае жаданне пайсці ў скокі над галовамі сваіх вязняў.

Прусакі стоена сядзелі, замкнёныя ў гэтай скрыні, у гэтай моцнай каменнай скрыні, куды паветра сачылася толькі праз закратаваную прадуху.

Бэрціна ўміг распаліла агонь, падвесіла над ім саган і зноў узялася гатаваць суп.

- Натоміцца бацька сёння ўночы, - прамармытала яна.

Пасля яна ўселася і стала чакаць. Толькі гулкі маятнік насценнага гадзінніка парушаў цішыню сваім раўнамерным «цік-так».

Час ад часу маладзіца нецярпліва паглядвала на гадзіннік, і ў гэтым позірку можна было вычытаць: «Ох, як марудна цягнецца час».

Неўзабаве ёй падалося, што пад нагамі ў яе шэпчуцца. Ціхая, цьмяная гаворка далятала да яе з мураванага сутарэння. Прусакі пачалі здагадвацца, што жанчына абхітрыла іх, і праз нейкі момант унтэр-афіцэр падняўся па лесвічцы і загрукаў кулаком у века.

- Атшыніць! - зноў загарланіў ён.

Бэрціна ўстала, падышла да люка і, перакрыўляючы немца, папыталася:

- Што фам трэпа?

- Атшыніць!

- Мой не атшыняф.

Афіцэр разлютаваўся.

- Атшыніць, алпо мой ламаф цвэры!

Яна зарагатала:

- Ламай-ламай, галубок, ламай!

Ён пачаў дубасіць руляю стрэльбы ў дубовае века, узятае на замок у яго над галавою. Але гэткае века вытрымала б і ўдары тарана.

Леснічыха пачула, што унтэр-афіцэр спусціўся назад. Потым усе салдаты па чарзе падымаліся па лесвічцы, выпрабоўвалі сваю сілу і вывяралі моц замка. Але пераканаўшыся, што іх намаганні марныя, яны зноў зграмадзіліся ў склепе і сталі раіцца.

Маладзіца трохі паслухала іх, потым выйшла з кухні, адамкнулася і стала ўслухоўвацца ў начную цемру.

Да яе данеслася далёкае гаўканне. Яна свіснула па-паляўнічаму, і амаль у той самы момант два вялізныя сабакі выскачылі з цемені і радасна кінуліся да яе. Яна моцна ўхапіла іх за аброжкі, каб яны не ўцяклі. Пасля штосілы крыкнула:

- Эгэй, тата!

Далёка-далёка адгукнуўся голас:

- Эгэй, Бэрціна!

Яна счакала трохі і зноў крыкнула:

- Эгэй, тата!

Той самы голас, але ўжо бліжэй, адказаў:

- Эгэй, Бэрціна!

- Не ідзі каля прадухі! - крыкнула леснічыха. - У нас у склепе прусы!

Нечакана здаравенная мужчынская постаць вырысавалася злева і спынілася паміж двума дрэвамі.

- У нас у склепе прусы? - занепакоена перапытаў стары. - Чаго гэта іх туды занесла?

Дачка засмяялася:

- Ды гэта тыя, пазаўчарашнія. Яны заблудзіліся ў лесе, вось я іх і пасадзіла ў каталажку!

І яна расказала яму ўсю гісторыю: як яна напалохала іх стрэламі з пістолі і як замкнула ў склепе.

- Ну і што ж мне, па-твойму, рабіць з імі цяпер, га? - пахмура запытаўся стары.

- Схадзі па пана Лявіня, хай ён прыйдзе са сваім атрадам, - адказала дачка. - Ён возьме іх у палон. От узрадуецца!

Цяпер ужо ўсміхнуўся і стары Пішон:

- Што праўда, то праўда, узрадуецца.

- Суп гатовы, - сказала дачка. - Ідзі паеш хутчэй дый адпраўляйся.

Стары палясоўшчык сеў за стол і пачаў есці, паставіўшы спачатку на падлогу дзве поўныя міскі сабакам.

Прусакі, пачуўшы галасы, прыціхлі.

Праз чвэрць гадзіны Велягур зноў рушыў у дарогу. А Бэрціна падперла галаву рукамі і стала чакаць.

Вязні зноў заварушыліся. Цяпер яны крычалі, клікалі, бесперастанку шалёна дубасілі рулямі ў цяжкае века.

Потым яны пачалі страляць у прадуху, пэўна, спадзеючыся, што іх пачуе які-небудзь нямецкі атрад, калі акажацца паблізу.

Леснічыха сядзела нерухома, але ўвесь гэты галас непакоіў і раздражняў яе. Злы гнеў апаноўваў яе; яна гатовая была пазабіваць гэтых падлаў, толькі б яны змоўклі.

Трывога жанчыны ўсё нарастала, яна часта паглядвала на гадзіннік і нецярпліва лічыла хвіліны.

Бацька пайшоў паўтары гадзіны назад. Цяпер ён ужо ў горадзе. Яна быццам бачыла яго там. Вось ён расказвае пра ўсё пану Лявіню, які бляднее ад хвалявання, звоніць пакаёўцы і загадвае прынесці мундзір і зброю. Яна, здавалася, чуе, як на вуліцах б'е барабан. З вокнаў вытыркаюцца перапалоханыя галовы жыхароў. З дамоў выбягаюць у наспех накінутай апратцы задыханыя дабравольцы, зашпільваюць партупеі і подбегам прастуюць да дома каменданта.

Пасля атрад на чале з Велягурам выпраўляецца ў дарогу - у ноч, у снег, у лес.

Яна глянула на гадзіннік. «Яны будуць тут не раней чым праз гадзіну».

Яе нервовае напружанне стала гранічнае. Кожная хвіліна здавалася ёй вечнасцю. Так доўга ўсё гэта цягнецца!

Нарэшце настаў час, калі, паводле яе разліку, французскі атрад павінен быў дабрацца да леснічоўкі.

Бэрціна адамкнула дзверы, намерваючыся паслухаць, ці ёсць ужо хто ў лесе. Раптам яна заўважыла нейкі цень, які асцярожна рухаўся да хаты. Маладзіца спалохана ўскрыкнула. Але гэта быў яе бацька.

- Яны паслалі мяне глянуць, ці не перайначылася тут што, - сказаў ён.

- Не, нічога.

Тады стары пранізліва і працяжна свіснуў у начную цемру. І неўзабаве паміж дрэў узнікла нейкая цёмная пляма, якая павольна пасоўвалася да сядзібы: гэта быў авангард з дзесяці чалавек.

- Не хадзіце каля прадухі, - бесперастанку папярэджваў Велягур.

І тыя, хто ішоў наперадзе, паказвалі наступным на небяспечную шчыліну-прадуху.

Нарэшце падышла асноўная сіла атрада - усе дзвесце чалавек, і ў кожнага мелася па дзвесце патронаў.

Усхваляваны - да дрыжыкаў - пан Лявінь расставіў сваіх людзей так, каб дом быў ачэплены з усіх бакоў; адкрытая заставалася толькі шырокая мясціна перад маленькай чорнай адтулінай пры самай зямлі, праз якую ў склеп заходзіла паветра.

Пасля гэтага пан Лявінь зайшоў у хату і стаў распытваць пра сілу і размяшчэнне ворага, а вораг між тым гэтак прыціх, што можна было падумаць - ён прапаў, знік, выпарыўся цераз прадуху.

Пан Лявінь пастукаў нагою ў века і крыкнуў:

- Пан прускі афіцэр!

Немец не адгукнуўся.

- Пан прускі афіцэр! - зноў аклікнуў камендант.

Глухое маўчанне. Дваццаць хвілін заклікаў ён знямелага афіцэра здацца разам са зброяй і рыштункам, абяцаючы жыццё яму і яго салдатам і па-воінску пашанаваць іх, а ў адказ аніякай праявы ні мірных, ні варожых намераў. Становішча ўскладнялася.

Дабравольцы патупвалі ў снезе, з размаху ляпалі сабе рукамі па плячах, як гэта робяць фурманы, каб сагрэцца, паглядвалі на прадуху, і ў іх усё нарастала спакуслівае свавольнае жаданне прабегчы паўз яе.

Урэшце адзін, Патдэвэн, дужа рухавы дзяцюк, рызыкнуў. Ён сабраўся з духам і, як алень, прамчаўся міма прадухі. Спроба ўдалася. Вязні, здавалася, сканалі.

- Ды там нікога няма! - крыкнуў нехта.

Тады яшчэ адзін салдат прабег перад небяспечнай шчылінай. І гэта ператварылася ў забаву. Раз-пораз, то адзін дзяцюк, то другі стрымгалоў нёсся ад адной групы людзей да другой - гэтак дзеці ганяюцца наперагонкі - і так хутка перабіраў нагамі, што толькі камякі снегу ляцелі ва ўсе бакі. Каб сагрэцца, апалчэнцы распалілі вялікія вогнішчы з сушняку, і пры перабежцы з аднаго лагера ў другі постаць бегуна асвятлялася полымем.

- Цяпер давай ты, Малуазон! - пачуўся нечы голас.

Малуазон быў таўстун булачнік, з яго чэрава вечна насміхаліся таварышы.

Таўстун завагаўся. Пасыпаліся кепікі. Тады ён набраўся адвагі і пабег, задыхана сапучы, дробным размераным трушком, ад якога трэслася яго пуза.

Увесь атрад рагатаў да слёз.

- Брава, брава, Малуазон! - крычалі апалчэнцы, каб падбадзёрыць бегуна.

Ён адолеў амаль дзве чвэрці свайго шляху, як раптам з прадухі шуганула доўгая чырвоная пасма полымя. Грымнуў стрэл, і грузны булачнік з дзікім крыкам паляцеў потырч у снег.

Ніхто не кінуўся яму на дапамогу. Усе няўцямна глядзелі, як ён поўз на карачках па снезе і стагнаў, а калі прамінуў страшную мясціну - страціў прытомнасць.

Куля патрапіла яму акурат у самае мяккае месца.

Па першай разгубленасці і перапудзе зноў грымнуў смех.

На парозе леснічоўкі з'явіўся камендант Лявінь. Ён ужо распрацаваў план атакі.

- Лудзільшчык Пляншу і яго падручныя! - звонка выгукнуў ён.

Трое чалавек падышлі да яго.

- Паздымайце з хаты вадасцёкі!

Праз чвэрць гадзіны перад камендантам ляжала дваццаць метраў вадасцёкавых труб.

Ён загадаў асцярожна пракруціць невялікую дзірку з краю ў люку, і калі праз дзірку можна было пампаваць ваду, радасна абвясціў:

- Цяпер дамо панам немцам трохі вадзіцы!

Грамавое, усцешанае «ўра», радасныя воклічы і выбухі шалёнага рогату былі яму адказам. Камендант разбіў атрад на рабочыя групы, якія павінны былі падменьваць адна адну кожныя пяць хвілін, і скамандаваў:

- Пампуйце.

Жалезнае каромысла запрацавала, усярэдзіне ў рукаве з труб глуха забулькала, і вось ужо гэты булькат рынуўся па прыступках у склеп, нагадваючы плёскат фантана, плёскат у басейне з залатымі рыбкамі.

Запанавала чаканне.

Прамінула гадзіна, потым другая, трэцяя.

Камендант узбуджана хадзіў сюды-туды па кухні, раз-пораз прыпадаў вухам да падлогі і прыслухоўваўся, намагаючыся зразумець, што робіць чужынец, і пытаючыся ў сябе, ці хутка ён капітулюе.

Нарэшце чужынец заварушыўся. Было чуваць, як у склепе перасоўвалі бочкі, перагаворваліся, плёхалі па вадзе.

І вось гадзіне а восьмай ранку з прадухі данёсся голас:

- Мой хацеф хафарыць пан францускі афіцір.

Не дужа высоўваючы з акна галаву, Лявінь адказаў:

- Здаяцеся?

- Стаюс.

- У такім разе спачатку выкіньце зброю.

І тут жа ўсе ўбачылі, як у дзірку выткнулася і ўпала на снег стрэльба, потым другая, трэцяя - усе шэсць стрэльбаў. Той самы голас крыкнуў:

- Польш няма! Хушэй: мой патануф.

Камендант скамандаваў:

- Адставіць!

Рычаг помпы апусціўся і замёр.

Калі кухню запоўнілі насцярожаныя салдаты са стрэльбамі напагатове, камендант нетаропка падняў дубовае века.

Спачатку з'явіліся чатыры мокрыя галавы, чатыры бялявыя галавы з доўгімі выцвілымі валасамі, і вось са склепа адзін за адным вылезлі шасцёра мокрых, разгубленых немцаў.

Іх схапілі і звязалі. Потым, баючыся якой-небудзь неспадзяванкі, усе адразу рушылі назад у горад, раздзяліўшыся на дзве групы: адна суправаджала вязняў, другая - Малуазона, якога паклалі на сяннік, а сяннік - на жэрдкі.

У Рэтэль вярнуліся з перамогай.

Пан Лявінь быў узнагароджаны ордэнам за тое, што ўзяў у палон прускі авангард, а таўстун булачнік атрымаў медаль за раненне ў баі з ворагам.



Пераклад: Ніна Мацяш