epub
 
падключыць
слоўнікі

Гі дэ Мапасан

Воўк

Гісторыю гэту пачуў я ад старога маркіза д'Арвіля, калі на дзень св. Гюбэра - заступніка ўсіх паляўнічых - мы сабраліся на вячэру ў барона дэ Равэля.

Цэлы дзень мы палявалі аленя, і толькі маркіз застаўся ў замку, бо ніколі не паляваў.

Вячэра зацягнулася, і ўсе гаварылі пра спосабы знішчэння жывёл. Нават жанчыны захапіліся крывавымі і часта няскладнымі апавяданнямі мужчын, а тыя гучна гаманілі, размахвалі рукамі, каб паказаць, як паляўнічы ловіць і б'е звера.

Пан д'Арвіль быў добры апавядальнік, хіба што гаварыў трошкі напышліва, але ж і вельмі цікава. Адчувалася, што ён няраз расказваў гэту гісторыю, бо гаварыў хутка, трапна і дасціпна.

- Панове, ні я, ні мой бацька, ні дзед, ні прадзед ніколі не палявалі, хоць прадзед і быў сынам чалавека, які паляваў больш за вас усіх. Ён памёр у 1764 годзе, і я раскажу, як гэта здарылася.

Яго звалі Жан, у яго былі жонка і сын, які мне стаў прапрадзедам, і разам з малодшым братам Франсуа д'Арвілем яны жылі ў нашым лясным замку ў Латарынгіі.

Праз паляванне Франсуа д'Арвіль так і не ажаніўся.

Круглы год браты няспынна, нястомна, без адпачынку палявалі. Яны любілі і разумелі толькі паляванне, гаварылі і жылі толькі полем.

Дзікая, неўтаймаваная прага забрала іх душы, спапяляла іх, не пакінуўшы месца іншым пачуццям.

Яны забаранілі трывожыць іх на паляванні, што б там ні рабілася на свеце. Прапрадзед мой нарадзіўся, калі яго бацька гнаўся за лісам, але Жан д'Арвіль не спыніў каня, а толькі крыкнуў: «А каб цябе! Гэты нягоднік мог бы дачакацца канца ловаў!»

Брат Франсуа быў яшчэ больш апантаны. Устаўшы з ложка, ён ішоў аглядаць сабак і коней, страляў птушак над замкам перад выправай на якога буйнога звера.

У наваколлі іх звалі пан Маркіз і Паніч, і гэта было натуральна, бо тагачаснае, спадчыннае дваранства адрознівалася ад сённяшняй выпадковай знаці, якая ў тытулах імкнецца замацаваць сыходную іерархію. Тады разумелі, што ад нараджэння сын маркізаў з'яўляецца такім самым графам, а дзіця віконта баронам, як генералава немаўля - палкоўнікам. А ў наш час пустыя славалюбцы ганарацца гэткай прыдумкай.

Вернемся, аднак, да продкаў.

Казалі, што былі яны вельмі высокія, кашчавыя, калматыя, утрапёныя і мужныя. А малодшы брат, на галаву вышэйшы за старэйшага, паводле легенды, якой ён хваліўся, меў такі моцны голас, што ў лесе трымцеў кожны лісток, калі ён крычаў.

Вось, мусіць, цікава было паглядзець, калі абодва волаты ў шпорах, абжаргаўшы коней, ехалі паляваць.

І вось, у зіму 1764 года, затрашчалі сіберныя маразы, і ваўкі залютавалі.

Яны нават нападалі на запозненых сялян, бегалі па вуліцах, вылі ад золку да золку і спусташалі хлявы.

А неўзабаве пайшлі чуткі. Людзі расказвалі пра вялізнага ваўка светла-шэрай, амаль белай масці, які з'еў двое дзяцей, адгрыз руку ў жанчыны, перарэзаў усіх вартавых сабак у наваколлі, без страху пераскокваў цераз платы і гойсаў па дварах. Усе бажыліся, што ад яго дыхання трапяталі агеньчыкі ліхтароў. І жах пасяліўся ў вёсках. Ніхто больш не адважваўся ў прыцемках ступіць за парог сваёй хаты, бо, здавалася, з цемры штомомант мог выслізнуць грозны цень.

Браты д'Арвіль вырашылі знайсці і забіць ваўка. Яны склікалі ўсю мясцовую знаць на вялікае паляванне.

Ды ўсё было марна. Дарма аб'язджалі яны лясы, прадзіраліся праз зараснікі - воўк знік. Часам яны забівалі шэрага, але не таго. А на другую ноч, быццам з помсты, воўк кідаўся на падарожнага ці рэзаў карову і заўсёды далёка ад мясціны, дзе яго шукалі.

Нарэшце, аднае ночы, ён дапаў да замкавага свінарніка і зарэзаў двух самых вялікіх япрукоў.

Абодва браты запаліліся гневам, палічылі, што гэтым дзёрзкім нападам пачвара здзекуецца з іх і кідае выклік. Яны ўзялі моцных, звычных да ловаў на буйнога драпежнага звера ганчакоў і, шалеючы ад лютасці, кінуліся ў пагоню.

Ад світання да тае пары, калі высокія дрэвы голым галлём працінаюць чырвоны сонечны дыск, яны прадзіраліся праз густыя лясы, але нічога не знайшлі.

Нарэшце, злыя і расчараваныя, яны пусцілі павады і ехалі па зарослай прасецы, збянтэжаныя ад таго, што воўк здолеў абвесці вакол пальца такіх спрактыкаваных паляўнічых, як раптам іх ахапіў несвядомы страх.

Старэйшы брат сказаў:

- Нейкі надта незвычайны звер. Ён думае па-чалавечы.

Малодшы адказаў:

- А можа, варта, каб наш стрыечнік біскуп блаславіў кулю альбо які святар замовіў яе.

Яны змоўклі. Жан зноў пачаў:

- Бач, сонца заходзіць. Зноў сёння ўночы ваўчуга кінецца на некага.

Ён не дагаварыў, як яго конь стаў дыба, а братаў пачаў неспакойна кідацца. Перад імі раскінуўся голы хмызняк, і менавіта адтуль выйшаў вялізны звер і пабег да лесу.

Браты радасна зацюгакалі, схіліліся над грывамі моцных коней, усім целам штурхнулі іх уперад, і тыя ад крыку, прымусу, галасу і шпораў пусціліся ў такі галоп, што здалося, быццам дужыя верхаўцы нагамі заціскалі цяжкіх коней і ляцелі ў паветры.

Што было духу імчалі яны, прадзіраліся праз гушчары, адольвалі яры, падымаліся на ўзгоркі, спускаліся ў лагчыны і штосілы трубілі ў рог, гукаючы слуг і сабак.

І раптам у разгар гэтай шалёнай пагоні мой прашчур стукнуўся галавою аб вялікае рала, якое рассекла яму чэрап. Мёртвы, ён зляцеў на зямлю, а спуджаны конь памчаўся далей і знік у лясным змроку.

Малодшы д'Арвіль саскочыў з каня, падхапіў брата на рукі і заўважыў, што з раны на галаве цякуць кроў і мазгі.

Ён сеў побач з целам, паклаў сабе на калені разбітую, чырвоную ад крыві галаву і моўчкі глядзеў на нерухомы братаў твар. Потым яго ахапіў нечуваны дагэтуль страх, страх перад цемрай, перад самотай у бязлюдным лесе, а таксама страх перад жахлівым ваўком, які, помсцячы за сябе, толькі што забіў яго брата.

Згусціліся прыцемкі, ад пранізлівага холаду патрэсквалі дрэвы. Франсуа калаціла, ён больш не мог тут ні хвіліны заставацца, ён устаў і ледзь не самлеў. У лесе было ціха, не чулася ні сабачага брэху, ні спеву рога; нябачны абшар маўчаў, і штосьці жахлівае, вусцішнае вісела ў змрочнай цішыні сцюдзёнага вечара.

Ён падхапіў на свае магутныя рукі вялікае Жанава цела, падняў яго і паклаў на сядло, каб везці ў замак. Ён няспешна паехаў па лесе, здурнелы ад страшных, пагрозлівых, неадступных прывідаў.

І раптам на ахутанай ноччу сцежцы прамільгнуў чыйсьці вялікі цень. Гэта быў звер. Паляўнічы скалануўся ад жаху, кроплі халоднага поту скаціліся ў яго па спіне, ён шырока, як апанаваны д'яблам манах, перажагнаўся, напалоханы нечаканым вяртаннем злавеснага прыхадня. Але тут яго позірк упаў на нерухомае цела, і раптам, перайшоўшы ад страху да шаленства, Франсуа страсянуўся ад неўтаймоўнай лютасці.

Ён прышпорыў каня і пагнаўся за ваўком.

Ён цкаваў яго ў гушчары, у ярах, у барах і гаях, якіх больш не пазнаваў, бо не зводзіў вачэй са светлага ценю, што ў густой начной цемры бег наперадзе.

Здавалася, яго конь таксама набыў незвычайную моц і запал. З выцягнутай храпай, з нябожчыкам упоперак сядла, ён нёсся наперад і чапляўся бакамі аб дрэвы, біў нагамі па камянях. Калючкі выдзіралі ў яго шэрсць, храпа натыкалася на тоўстыя ствалы і пакідала на іх кроў, шпоры выдзіралі шматкі скуры.

І раптам, калі над пагоркамі заззяла поўня, воўк і коннік выскачылі з лесу і рынуліся ў лагчыну. Дно яе было завалена каменнем, а з бакоў уздымаліся высокія скалы, выйсця адтуль не было; зацкаваны, воўк азірнуўся.

Франсуа радасна крыкнуў, а рэха надхапіла і пракаціла па скалах яго зычны крык, ён саскочыў з каня з цесаком у руцэ.

Гатовы змагацца, воўк натапырыўся і выгнуў хіб, вочы ў яго ззялі, як зоркі. Але перад тым як пачаць, дужы паляўнічы падхапіў брата, пасадзіў яго на валун, абклаў каменнем скрываўленую галаву і закрычаў яму ў самыя вушы, быццам глухому: «Глядзі, Жан, глядзі!»

І ён кінуўся на пачвару. Ён мог бы перакуліць гару, голымі рукамі раструшчыць камень. Звер хацеў глэмнуць яго і выпусціць вантробы, але Франсуа ўхапіў ваўка за хіб і, нават не скарыстаўшы зброі, пачаў павольна сціскаць яму горла, адчуваючы, як цішэе дыханне і спыняецца сэрца. Ён смяяўся ад дзікай радасці, усё мацней сціскаючы ваўка ў смяротных абдымках, і ў захапленні крычаў: «Глядзі, Жан, глядзі!» Воўк перастаў змагацца, яго цела абмякла. Ён сканаў.

Тады Франсуа ўзяў яго на рукі, падышоў і кінуў брату пад ногі, пяшчотна паўтараючы: «Глядзі, глядзі, глядзі, Жан, вось ён!»

Пасля адно на адно ён паклаў целы на сядло і паехаў дамоў.

У слязах і радасці - зусім як Гарганцюа, калі нарадзіўся Пантагруэль, - ён вярнуўся ў замак. Ён заходзіўся пераможным крыкам і тупаў нагамі ад радасці, што забіў звера; ён енчыў і рваў бараду ў адчаі ад братавай смерці.

І часта пазней, калі яму даводзілася расказваць пра гэты выпадак, ён гаварыў са слязамі на вачах: «Каб толькі бедны Жан змог паглядзець, як я задушыў ваўка, ён бы памёр спакойна, я веру!»

Удава майго продка выхавала ў сына-сіраты агіду да палявання, і гэтае пачуццё праз пакаленні перадалося і мне.

Маркіз д'Арвіль змоўк. Нехта спытаўся:

- Тое, што вы расказалі, гэта легенда?

Ён адказаў:

- Клянуся, усё ад самага пачатку праўда.

А адна жанчына ціха сказала:

- Праўда ці не, але добра, што бываюць на свеце такія апантаныя людзі.



Пераклад: Сяргей Мурашка