Гі дэ Мапасан

Завяшчанне

Полю Эрвіё

Я ведаў гэтага высокага юнака, якога звалі Рэнэ дэ Бурнэваль. Ён быў лагодны і таварыскі, хоць і трохі сумны, і, здавалася, нішто на свеце не хвалявала яго. Скептык па натуры, ён пачынаў бязлітасна і з'едліва кпіць, калі нарываўся на свецкую крывадушнасць, і адным словам нішчыў кожную яе праяву. Ён часта паўтараў: «Сумленных людзей няма, прынамсі, яны ёсць толькі ў параўнанні з нягоднікамі».

У яго былі два браты - пп. дэ Курсіль, але ён з імі ніколі не бачыўся. Розніца ў прозвішчах наводзіла мяне на думку, што Рэнэ нарадзіўся ад другога шлюбу. Я няраз чуў, што ў іх у сям'і адбылося нейкае дзіўнае здарэнне, але акалічнасці заставаліся невядомыя.

Гэты чалавек мне вельмі падабаўся, і неўзабаве мы пасябравалі. Неяк за вячэрай у яго, калі мы былі адны, я незнарок спытаўся: «Вы нарадзіліся ад першага ці ад другога шлюбу вашай шаноўнай маці?» Ён трохі збялеў, пасля пачырванеў і некалькі хвілін маўчаў, відаць, збянтэжаны. Пасля ўсміхнуўся сваёй невясёлай лагоднай усмешкай і сказаў: «Дарагі сябра, калі вам гэта цікава, я раскажу не зусім звычайную гісторыю свайго паходжання. Я ведаю, што вы разумны чалавек, і таму не баюся, што гэта пашкодзіць нашым добрым адносінам, а не - мы з вамі развітаемся».

 

Мая маці пані дэ Курсіль была ціхая сціплая жанчына, з якой ажаніліся з разлікам. І ўсё жыццё яна, такая пяшчотная, далікатная і сарамлівая, пакутавала ад хамскіх здзекаў мужа - выхадня з шарачковых панкоў, - які мог бы стаць маім бацькам. Праз месяц пасля вяселля ён пачаў жыць з пакаёўкай. Апрача таго, ён не абмінаў жонак і дачок сваіх фермераў, зрэшты, гэта не перашкодзіла яму мець дваіх дзяцей ад жонкі. Маці маўчала, яна жыла, як мышка ў склепе, у нашым заўсёды шумным доме. Зняважаная, знядоленая, запалоханая мужам, яна трывожна пазірала на гасцей яснымі трапяткімі вачыма да смерці зацкаванай істоты. Аднак яна была прыгожая, вельмі прыгожая жанчына, але папялістыя валасы яе рана пасівелі ад вечнага страху.

Сярод шматлікіх прыяцеляў пана дэ Курсіля, якія часта гасцявалі ў замку, да нас прыходзіў былы кавалерыйскі афіцэр, удавец, пан дэ Бурнэваль, чыё прозвішча я нашу. Гэта быў высокі хударлявы мужчына з доўгімі чорнымі вусамі, смелы, добры і рашучы, здатны на самы адчайны ўчынак. Я вельмі на яго падобны. Розумам і выхаваннем ён стаяў вышэй за сваё асяроддзе. Яго прабабка сябравала з Ж.-Ж. Русо, і здавалася, што яму нешта перадалося ад вальнадумства продкаў. Ён ведаў на памяць «Грамадскі дагавор», «Новую Элаізу» і іншыя філасофскія творы, што падрыхтавалі глебу да непазбежнага перавароту ў нашых састарэлых звычаях, забабонах, у нашых спарахнелых законах і ідыёцкай маралі.

Здаецца, яны закахаліся, але так хавалі свае пачуцці, што ніхто ні пра што не здагадваўся. Напэўна, няшчасная, гаротная, заўсёды сумная жанчына самааддана пакахала яго і з гэтага часу пачала думаць яго думкамі, засвоіла тэорыю незалежнасці пачуцця і пагадзілася са смелымі разважаннямі пра свабоду кахання. Але запалоханая маці ніколі не падымала голасу, і ўсё гэта хавалася ў самых патаемных куточках яе душы, якую яна нікому не адкрыла.

Абодва браты ўслед за бацькам не шанавалі і крыўдзілі маці, ледзь віталіся з ёю і ставіліся нібы да прыслугі.

Толькі я шчыра любіў яе, і яна мяне таксама. Мне было васемнаццаць, калі яна памерла. Каб вы зразумелі далейшыя падзеі, мушу дадаць, што пан дэ Курсіль знаходзіўся пад юрыдычнай апекай, а пастанова пра падзел маёмасці паміж мужам і жонкай была вынесена на карысць маці, і, дзякуючы адмысловым правілам закона і сумленнасці натарыуса, яна магла завяшчаць усё па сваёй волі.

Нам паведамілі, што завяшчанне захоўваецца ў натарыуса, і запрасілі на яго абвяшчэнне.

Я добра памятаю той дзень. У мяне і цяпер перад вачыма гэтая ўзнёслая, драматычная і нечаканая сцэна, калі з магілы быццам паўстала мёртвая і гнеўна патрабавала свабоды жанчыне, якую ўсё жыццё катавалі нашы звычаі і якая са сваёй наглуха забітай труны кінула безнадзейны заклік да незалежнасці.

Тоўсты, паўнакроўны, падобны на мясніка чалавек - той, хто лічыўся маім бацькам, - і абодва дужыя браты - дваццаці і дваццаці двух гадоў - спакойна чакалі ў крэслах. Раптам увайшоў і сеў побач са мной таксама запрошаны пан дэ Бурнэваль, зацягнуты ў вузкі сурдут. Твар яго спалатнеў, і ён штохвіліны пакусваў трохі ссівелыя вусы. Ён напэўна ведаў, што тут мелася адбыцца.

 

Раптам мой сябар змоўк, падышоў да шафы, узяў адтуль нейкую жоўтую паперу, разгарнуў яе, пачціва пацалаваў і сказаў: «Вось завяшчанне маёй дарагой матулі».

«Я, што ніжэй падпісалася, Анна-Катрына-Жэнэўева-Мацільда дэ Круалюс, законная жонка Жана-Леапольда-Жазэфа-Гантрана дэ Курсіля, пры сваім розуме і ў цвёрдай памяці выказваю тут сваю апошнюю волю.

Перш за ўсё прашу прабачэння ў Бога, а пасля ў свайго сына Рэнэ за мой учынак. Я ведаю, што ў майго сына добрае сэрца і ён зразумее і даруе мне. Я пакутавала ўсё жыццё. Муж узяў мяне з разлікам і ўвесь час пагарджаў мной, зневажаў, здзекаваўся і здраджваў мне.

Дарую яму, але я нічога яму не вінная.

Старшыя сыны зусім не любілі мяне, былі няўдзячныя і наўрад ці лічылі за родную маці.

У жыцці я была ім, чым мусіла быць; пасля смерці я нічога ім не вінная. Крэўныя сувязі не могуць існаваць без штодзённай, пастаяннай, святой любові. Няўдзячны сын горшы за чужынца: ён здраднік, бо не мае права быць абыякавым да сваёй маці.

Я заўсёды баялася мужчын, іх спракаветных парадкаў і нялюдскіх звычаяў, іх брыдкіх забабонаў. Перад Богам мне больш няма чаго баяцца. З труны я выракаюся сваёй ганебнай баязлівасці; я не баюся сказаць, што думаю, магу адкрыць сэрца і скінуць цяжар з душы.

Такім чынам, усю прыналежную мне паводле закона маёмасць я пакідаю свайму дарагому каханку П'еру-Жэрмеру Сімону дэ Бурнэвалю з умовай перадачы яе нашаму любімаму сыну Рэнэ.

(Апроч гэтага, мая воля падрабязна выкладзена ў натарыяльным акце.)

І, перад найвышэйшым суддзёй, які цяпер слухае мяне, я сцвярджаю, што пракляла б неба і само жыццё, калі б не напаткала глыбокага, адданага, шчырага кахання і непахіснай падтрымкі майго мілага, калі б у яго абдымках не зразумела, што Творца пусціў людзей на свет, каб яны любілі, суцяшалі адзін аднаго і разам плакалі ў час нядолі.

Бацькам двух маіх старшых сыноў з'яўляецца пан дэ Курсіль, Рэне абавязаны жыццём пану дэ Бурнэвалю. Я малю Валадара над людзьмі і іх лёсам абараніць бацьку з сынам ад чалавечага непаразумення, завяшчаю ім узаемную любоў і пашану да маёй памяці. Гэта мая апошняя думка і апошняе жаданне.

Мацільда дэ Круалюс».

Пан дэ Курсіль падскочыў і крыкнуў: «Гэта завяшчанне вар'яткі!» Тады падняўся пан дэ Бурнэваль і гучна, выразна сказаў: «Я, Сімон дэ Бурнэваль, сведчу, што кожнае слова ў гэтым дакуменце - праўда. Гатовы давесці гэта любому і нават магу паказаць лісты».

Пан дэ Курсіль кінуўся на яго. Я падумаў, што яны задушацца. Высокія, адзін худы, другі тоўсты, яны стаялі твар у твар і трэсліся ад лютасці. Муж маёй маці пралапатаў: «Вы - нягоднік!» Другі, як і раней, смела і выразна сказаў: «Мы сустрэнемся ў іншым месцы, пане. Вы б даўно атрымалі поўху і стаялі на дуэлі, калі б я не баяўся за здароўе гаротнай жанчыны, якая ўсё жыццё цярпела вашы здзекі».

Ён павярнуўся да мяне: «Вы мой сын. Пойдзеце са мной? Я не маю права прымусіць вас, але, калі хочаце, хадземце разам».

Я моўчкі паціснуў яму руку, і мы пайшлі. Я ледзь не вар'яцеў.

Праз два дні пан дэ Бурнэваль забіў на дуэлі пана дэ Курсіля. Мае браты, баючыся, каб не выбухнуў скандал, трымалі язык за зубамі. Я аддаў ім палову матчыных грошай, і яны ўзялі іх.

Я абраў прозвішча свайго сапраўднага бацькі і выракся ад законнага, але не майго імя.

Пан дэ Бурнэваль памёр праз пяць гадоў. Я і цяпер плачу па ім.

Ён устаў, прайшоўся і стаў супроць мяне: «Вось так! Я сцвярджаю, што матчына завяшчанне - самы прыгожы, высакародны і вялікі ўчынак, на які здольная жанчына. Вы згодныя?»

Я падаў яму абедзве рукі: «Цалкам, сябра».



Пераклад: Сяргей Мурашка

Беларуская Палічка: http://knihi.com