epub
 
падключыць
слоўнікі

Генадзь Прыбытка

Міласцю прыроднаю майстры. Беларускія слабоды ў Маскве

Беларуская гісторыя... Неацэнны скарб, што пакінулі нам нашыя продкі... Колькі ў Беларусі мясцінаў, што нагадваюць чуйнаму сэрцу пра надзеі, удзельнікамі якіх былі нашыя дзяды і прадзеды! Але і за межамі нашае Айчыны вельмі многа такіх мясцінаў. Шмат іх і ў Маскве. Запрашаю Вас, шаноўны чытач, акунуцца ў сівую плынь стагоддзяў ды прайсціся па мясцінах «Беларускае Масквы», якія здавён самі маскавіты называлі «Літоўскімі». (У наш час ужо няма патрэбы даводзіць, што гістарычная Літва асацыявалася ў свядомасці тагачасоўцаў з Беларуссю ды зусім не адпавядала сучаснай Летуве.)

 

Першапрыходцы

 

Прыхадні з Літвы пачалі з'яўляцца ў Масковіі вельмі даўно, а шляхі, якія прыводзілі іх у гэтае гаспадарства, былі розныя. Сярод беларусаў, што наважваліся пакінуць сваю радзіму ды шукаць шчасця на ўсходзе, былі майстры, якія спадзяваліся тут жыць у дастатку, дзякуючы свайму майстэрству ды абазнанасці ў таямніцах эўрапейскіх рамёслаў; былі сярод іх і праваслаўныя святары, якія ішлі да сваіх усходніх братоў со словам Божым; былі ўцекачы, якіх лёс вымусіў кінуць тэрыторыю Вялікага Княства Літоўскага; перасяляліся ў Масковію і воі дружынаў тых князёў, што пераходзілі на службу да маскоўскага гаспадара... З апошнімі і звязана стварэнне першае вядомай нам маскоўскае слабады, населенай беларусамі.

Як сведчыць Герберштайн, вялікі князь маскоўскі Васіль III (1505-1533) меў атрад целаахоўнікаў прыблізна 1500 драбаў (пешых вояў), які складаўся ў асноўным з ліцвінаў. Паводле меркавання гісторыкаў, аснову яго склаў атрад князя Міхала Глінскага, які ў 1506 г. перайшоў на службу да Васіля III разам са сваімі слугамі. Маскоўскі гаспадар стварыў для сваіх целаахоўнікаў асобную слабаду на тэрыторыі Замаскварэчча, якая атрымала назву Налі (Налейка, Наліўкі). Месца для яе было абрана не выпадкова: побач знаходзіўся Крымскі брод - найбольш небяспечны ўчастак у абароне Масквы пад час татарскіх наездаў.

Але не толькі стратэгічныя меркаванні вызначылі выбар месца для Налівак менавіта тут. У Масковіі заўсёды з недаверам ставіліся да «іншаземцаў» ды імкнуліся як мага больш абмежаваць іх кантакты з тубыльцамі, каб апошнія не перанялі ў іх «няправільнай» веры і звычаяў. Паводле сведчання Б.Танера, які наведаў Маскву ў 1678 годзе, іншаземцы «спачатку... сустрэлі гасцінны прыём, але з цягам часу, па нясхожасці ў норавах і асаблівасцях у веры, зрабіліся ненавіснымі тым, каму раней былі прыемныя, - справа даходзіла калі-нікалі да ўзаемных забойстваў». Таму для іх пабудавалі асобнае паселішча Наліўкі, якое знаходзілася «проста насупраць Крамля на тым баку ракі».

Танер прыехаў у Маскву ў той час, калі старадаўняя непрыхільнасць маскавітаў да іншаземцаў яскрава ўвасобілася ў адпаведных загадах тагачаснае царскае ўлады: у 1628 годзе іншаземцам было забаронена наймаць на працу праваслаўных; у 1635 г. - купляць двары ў Кітай-горадзе; у 1649 г. - купляць двары і будаваць свае цэрквы ў межах Землянога горада. Таму ўсе слабоды, якія мы тут прыгадаем, знаходзіліся далёка ад тагачаснага цэнтра Масквы.

 

З лепшых выбралі ліцвінаў

 

Але ўсё ж урад Масковіі быў зацікаўлены ў прытоку людзей з захаду, і таму, як правіла, надаваў новаствораным «іншаземным» слабодам адмысловыя прывілеі. Былі такія прывілеі і ў Налівак. Так, жыхарам гэтае слабады вылучалася зямля пад гароды, выганы і палі, дазваляўся беспадатковы гандаль, яны вызваляліся ад пасадскага «цягла», забяспечваліся грашыма, хлебам, сукном на каптаны і г.д. Адным з прывілеяў быў таксама дазвол жыхарам слабады варыць піва і мёд круглы год, у адрозненне ад астатніх жыхароў Масквы, і таму, паводле меркавання Герберштэйна, назва паселішча ўтварылася ад словаў «налі», «налей-ка», якія часта гучалі.

Гэтая слабада жыла нядоўга: як мяркуецца, яна скончыла сваё існаванне ўжо ў 1571 годзе, пад час наезду хана Дэўлет-Гірэя, калі Маскву вынішчыў вялікі пажар. Але нягледзячы на такое нядоўгае жыццё Налівак, памяць пра іх дайшла да нашага часу, захаваўшыся ў назвах Спаса-наліўкаўскіх завулкаў, названых так па царкве Спаса Пераўтварэння (Преображения), што ў Наліўках, якая была пабудаваная ў XVII ст. Менавіта ў раёне згаданых завулкаў і вуліцы Якіманкі месцілася першая з вядомых нам беларускіх слабодаў у Маскве.

Але тут узнікае пытанне: чаму Васіль III даручыў уласную ахову менавіта воям, якія прыйшлі да яго на службу з земляў Вялікага Княства Літоўскага? Чаму такую важную справу ён даверыў іншаземцам (менавіта так называлі беларусаў маскавіты)? Чаму маскоўскія гаспадары і пасля Васіля III аддавалі перавагу замежным вайскоўцам перад сваімі (згадайма іх імкненне абкружыць сябе палкамі «иноземного строя»)? Адказ можна знайсці ў амаль аднагалосным сведчанні гісторыкаў ды сучаснікаў, якія пісалі пра тагачасную Масковію, пра тое, што маскоўскае войска значна саступала эўрапейскім у вайсковым майстэрстве і не магло весці «правільнага бою», а перамогі маскоўскім войскам удавалася дасягнуць звычайна дзякуючы колькаснай перавазе. І гэта нядзіўна. Набраць велізарнае войска цару было няцяжка, бо ў Масковіі ягоная ўлада была бязмежнаю і распаўсюджвалася ў аднолькавай ступені як на простых сялянаў, так і на радавітых баяраў. Як пісаў Герберштайн: «Уладаю, якую ён (маскоўскі гаспадар - Г.П.) ужывае да сваіх падданых, ён лёгка пераўзыходзіць усіх манархаў усяго свету... усіх аднолькава прыгнятае ён жорсткім рабствам, так што, калі ён загадае каму-небудзь быць пры ягоным двары, ці ісці на вайну, ці спраўляць якое пасольства, той вымушаны будзе выканаць усё гэта за свой кошт: ён ужывае сваю ўладу да духоўных так жа, як і да свецкіх і распараджаецца бесперашкодна і па сваёй волі жыццём і маёмасцю ўсіх».

Таму ні сяляне, ні баяры, якія адолькава называлі сябе халопамі цара ды, звяртаючыся да яго з «челобитными», падпісваліся не інакш як «Івашка, Пятрушка і г.д.», не маглі не выканаць загаду свайго гаспадара. Паводле сведчання Ключэўскага, «Саслоўі адрозніваліся не правамі, а павіннасцямі, якія былі размеркаваныя паміж імі. Былі камандзіры, жаўнеры і работнікі, не было грамадзянаў, г.зн. грамадзянін ператварыўся ў жаўнера і работніка, каб пад кіраўніцтвам камандзіра абараняць бацькаўшчыну ці на яе працаваць».

Але цары і іхнія дарадцы добра бачылі, што войскі заходніх краінаў, у тым ліку Вялікага Княства Літоўскага, маюць не толькі лепшае ўзбраенне, але лепшую вайсковую падрыхтоўку. Таму маскоўскія гаспадары імкнуліся залучыць на сваю службу вайсковыя атрады з заходніх краінаў, і перш за ўсё з Беларусі, паколькі яна геаграфічна ды канфесійна была блізкая да маскоўцаў, і беларусы даволі хутка асіміляваліся ў расейскамоўным асяроддзі.

 

Старапанская

 

І вось у пачатку XVII ст. з выхадцаў з Вялікага Княства Літоўскага ў Маскве «ў Земляным горадзе ў Варацова поля» ізноў была ўтворана вайсковая іншаземная слабада, якая атрымала назву Старапанская або Іншаземная. Трэба зазначыць, што назвы, якія мелі ў сваім складзе слова «Панскі», яшчэ не раз нам сустрэнуцца. Гэта і Панскія слабоды, і Панскі двор, і Панскі рад... Тлумачыцца гэта тым, што насельнікаў Вялікага Княства Літоўскага (і пазней - Рэчы Паспалітае) маскавіты зняважліва называлі панамі, што адлюстравалася ў назвах мясцінаў, звязаных з гэтымі іншаземцамі. Старапанская слабада была адносна невялікай. Паводле попісу 1638 года яна мела 52 двары, з іх толькі адзін належаў «нямчыну», а астатнія - выхадцам з Рэчы Паспалітае. Знаходзілася Старапанская слабада паміж Сырамятнай і Мельніцкай слабодамі і таму цяпер даволі лёгка вызначыць яе месцазнаходжанне, паколькі суседнія слабоды далі назвы завулкам Сырамятніцкаму і Мельніцкаму, што знаходзяцца каля цяперашняй вуліцы Обуха. Якраз паміж імі і трэба шукаць месца, дзе даўней жылі маскоўскія беларусы.

Старапанская слабада таксама праіснавала нядоўга. Ужо да канца XVII ст. падзяліла лёс, які раней ці пазней спатыкаў усе іншаземныя слабоды Масквы - ейнае насельніцтва было цалкам асіміляванае.

Але Старапанская слабада не была апошняй сярод маскоўскіх паселішчаў, заселеных беларусамі-вайскоўцамі. На пачатку XVII ст. у Замаскварэччы, у раёне цяперашняй Якіманкі ўзнікла вайсковая слабада, якая адрознівалася ад астатніх бадай тым, што большасць беларусаў, якія там жылі (паводле попісу 1669 г.), належала да афіцэраў ды служыла ў маскоўскіх палках «иноземного (рэгулярнага) строя». Да канца XVII ст. жыхары слабады страцілі сваю нацыянальную адметнасць, адно некаторы час пра яе існаванне згадвала назва царквы «Мирона, что в Старых Панех». Цікава, што і гэтае паселішча насіла назву Панскай (ці Старапанскай) слабады, як і папярэдняе.

Але на мапе сярэднявечнае Масквы слова «Панскі» было замацаванае не толькі за гэтымі дзвюмя мясцовасцямі. Назва «Панскі» (побач з назвамі «Літоўскі», «Польскі») ужывалася таксама і для назову пасольскага ды купецкага падворкаў, што існавалі ў Маскве ў ХV-ХVІІ стст.

Літоўскі (Панскі, Польскі) падворак упершыню згадваецца ў 1526 г. У той час ён знаходзіўся на Ўспенскім яры, у раёне цяперашніх вуліцаў Бялінскага і Агарова. Звычайна тут спыняліся пасольствы Вялікага Княства Літоўскага, Польшчы і Швецыі, зрэдку - найбольш прадстаўнічыя з імперскіх пасольстваў. Варта зазначыць, што для паслоў з Вялікага Княства Літоўскага (пазней - Рэчы Паспалітае), як і Швецыі, у адрозненне ад дыпламатаў іншых гаспадарстваў, у Масковіі была выпрацавана адмысловая сістэма «бережения». Падворак быў абкружаны высокім плотам. У начны час усе ўваходы туды замыкаліся кратамі, для чаго прызначаліся спецыяльныя «решеточники». На тэрыторыі падворка заўсёды знаходзілася варта, па колькасці прыблізна роўная колькасці пасольства. Не дазвалялася нікому размаўляць з пасламі праз плот, а тых, хто зрабіў такую спробу, было загадана тут жа арыштоўваць ды дастаўляць у Пасольскі прыказ для допыту. Таму ўначы спецыяльная варта патрулявала ўздоўж плота, а ва Ўспенскім яры выстаўляліся дадатковыя пасты. Ніхто, апроч прыставаў і варты, не меў права ўваходзіць на двор. Ніхто з пасольства не меў права выйсці адтуль. Нездарма ў 1517 г. паслы Вялікага Княства Літоўскага скардзіліся, што «як звяроў у пустыні, так іх вартуюць».

На тэрыторыі Ўспенскага яра Літоўскі пасольскі падворак праіснаваў да сярэдзіны XVI ст., калі, паводле загада цара, ён быў перавезены ў раён Паганага стаўка (цяпер - Чистые пруды). Што ж сталася прычынаю перасялення? Справа ў тым, што ў 1565 г. у Масковіі Іванам Жахлівым была абвешчаная апрычніна і дзяржава была падзелена на апрычныя і земскія землі. Была падзеленая і тэрыторыя Масквы. Паводле гэтага падзелу тэрыторыя Ўспенскага яра ўвайшла ў склад земляў, што аддаваліся пад апрычныя двары. Адсюль былі выселеныя ўсе баяры, дваране ды прыказныя людзі, якія не ўвайшлі ў апрычніну. Памяняў сваё месцазнаходжанне і Літоўскі двор. На вялікі жаль, звестак пра перыяд існавання яго ў раёне Паганага стаўка амаль не захавалася. Дый знаходзіўся тут ён зусім нядоўга. На пачатку XVII ст. Літоўскі пасольскі двор быў пераведзены на вуліцу Ільінка, што ў Кітай-горадзе, на тое месца, дзе раней месціўся купецкі Літоўскі двор, пра які размова будзе ніжэй. Новае перасяленне беларуска-польскіх дыпламатычных службаў, відаць, было выклікана падзеямі Смутнага часу, калі, у выніку інтэрвенцыі войскаў Рэчы Паспалітае ў Масковію, роля дыпламатычных стасункаў паміж абедзвюма дзяржавамі значна ўзрасла. Для гэтай мэты на Ільінцы быў пабудаваны новы, каменны пасольскі падворак - трохпавярховы будынак з галерэяй, гульбішчам і вялікай абгароджанай тэрыторыяй, што выкарыстоўвалася як для гаспадарчых патрэбаў, так і для адпачынку.

Але маскоўскі ўрад, змяняючы месцазнаходжанне Літоўскага пасольскага падворка, не змяняў свае адносіны да пасольстваў з Вялікага Княства Літоўскага. Як і раней, паслоў і іхнюю світу трымалі нібы вязняў. У пачатку XVII ст. пасланцы Жыгімонта III Вазы скардзіліся баярам: «Вся наша волность - видим неба столько, колько над нами, а земли столько, колько на дворе под нами». Цікава, што пасольствы іншых дзяржаваў (апроч ужо згаданай Швецыі) карысталіся адноснаю свабодаю - ім дазвалялася хадзіць па горадзе і па кірмашы, і нават прымаць у сябе на падворку суайчыннікаў-купцоў.

Чым жа быў выкліканы такі суровы падыход да пасольстваў дзвюх суседніх з Масковіяй краінаў? Адказ трэба шукаць у тым, што ў ХV-ХVІІ стст. менавіта з Вялікім Княствам Літоўскім і Швецыяй у Масковіі напружаныя адносіны, якія раз-пораз выбухалі войнамі, былі не выключэннем, а нормаю. Таму, дзеля перадухілення спробаў віжоўства з боку сябраў пасольстваў, а таксама сімвалічна дэманструючы свае непрыхільныя адносіны да згаданых краінаў, маскоўскія ўлады рабілі ўсё магчымае, каб адгарадзіць пасольствы ад знешняга свету. Таму для праваслаўных сябраў пасольстваў, каб яны мелі магчымасць спраўляць свае рэлігійныя патрэбы, не выходзячы за агароджу, на тэрыторыі Літоўскага падворка нават была пабудавана прыходская царква, якой, пэўна, карысталіся і купцы з Вялікага Княства Літоўскага. Як мяркуецца, гэта была царква Касьмы і Даміяна, што ў «Старых Панех». Значна пераробленая, яна знаходзіцца па Старапанскім завулку, 4 (дарэчы, завулак атрымаў назву па гэтай царкве). Пасольскі Літоўскі двор, як і іншыя двары-прадстаўніцтвы замежных краінаў (Ангельскі, Стары гішпанскі і інш.), быў ліквідаваны ў сярэдзіне XVII ст., калі, паводле царскага ўказу 1642 года: артыкулаў «Саборнага ўлажэння» 1649 года, усе іншаземцы былі выселены з цэнтра Масквы, а ўсе каталіцкія ды пратэстанцкія храмы знішчаны. З гэтага часу ўсе замежныя пасольствы мусілі спыняцца на адмысловым Пасольскім двары, што знаходзіўся на вуліцы Ільінка (каля Юшкова завулка, які даўней насіў назву Пасольскае вуліцы). Пасольскі двор праіснаваў да канца XVII ст.

 

«Літоўскі купецкі» двор

 

А цяпер звернем увагу яшчэ на адзін Літоўскі (Старапанскі, Польскі) двор, на які мы згадвалі вышэй, - Літоўскі купецкі двор, які існаваў у Маскве ў ХV-ХVІІ стст. Тут спыняліся купцы ды дыпламаты з Вялікага Княства Літоўскага, а пазней - з Рэчы Паспалітай. Спачатку ён месціўся ў Кітай-горадзе, на Ільінцы, на тым месцы, куды потым быў пераведзены Літоўскі пасольскі двор. Тут, у Кітай-горадзе, у гэтым гандлёвым цэнтры Масквы, нашыя землякі вялі оптавы і паасобкавы гандаль сваімі таварамі, для чаго былі створаны адмысловыя Панскі рад і Смаленскі іншаземны суконны рад. На пачатку XVI ст. Літоўскі купецкі двор быў пераведзены на Варварку, дзе ён месціўся насупраць царквы Св. Варвары. Але пад час Інфлянцкае (Лівонскае) вайны, якую развязаў Іван Жахлівы супраць Вялікага Княства Літоўскага, гандаль паміж дзвюма варагуючымі краінамі быў прыпынены, а будынкам Літоўскага купецкага двара была нададзена новая функцыя - яны сталі выкарыстоўвацца ў якасці вязніцы для знатных палонных, захопленых на тэрыторыі сучаснае Беларусі. Пасля гэтай страшнай для нашае краіны вайны Літоўскі двор на Варварцы ўжо не ўзнавіўся, а на ягоным месцы ўсталі будынкі Старога Манетнага двара. Гандлёвы ж падворак купцоў з Рэчы Паспалітае быў перанесены ў раён Лубянкі, дзе існавалі падворкі купцоў з Арменіі, Ангельшчыны ды іншых краінаў. Гандлёвы Літоўскі двор, які атрымаў тут назву Новы панскі двор - адзіны, выява якога захавалася да нашых дзён.

Але з маскоўскіх паселішчаў беларусаў, бадай, лепш за ўсё вядомая Мяшчанская слабада. І гэта невыпадкова, бо, па-першае, у свой час яна была ці не найбуйнейшай сярод маскоўскіх слабодаў, а па-другое, унёсак мяшчанаў у матэрыяльнае ды культурнае жыццё тагачаснае Масковіі цяжка перабольшыць. Да таго ж, гісторыя станаўлення ды развіцця гэтае слабады даволі добра вывучана. Таму мы разгледзім тут толькі самыя істотныя моманты ў развіцці Мяшчанскае слабады. Адзінае пытанне, якое замоўчвалася ў названых даследаваннях - гэта пытанне пра тое, якім чынам такая велізарная колькасць беларусаў трапіла ў Маскву, дый не толькі туды. Гэтае пытанне вельмі вялікае і складанае і, безумоўна, чакае на свой грунтоўны дослед. Не прэтэндуючы на паўнату, паспрабуем тэзісна акрэсліць тыя варункі, што вымусілі многіх нашых землякоў асесці на чужой зямлі.

Як вядома, у 1654 годзе Масковія распачала вайну з Рэччу Паспалітай за «исконнорусские земли», пад якімі разумеліся землі Беларусі, Украіны і, як ні дзіўна, Прыбалтыкі. Афіцыйнай падставаю для гэтае вайны абвяшчалася абарона праваслаўнага адзінакроўнага «рускага» насельніцтва ад каталіцкага прыгнёту. Наколькі абгрунтаванай была гэтая падстава, можна меркаваць хаця з таго факту, што маскавіты ніколі не лічылі беларусаў ды ўкраінцаў роднаснымі сабе народамі. Пра гэта можна меркаваць, згадаўшы, што ў Маскве іх называлі чужынцамі, а слабоды, у якія яны сяліліся, лічыліся іншаземнымі.

Пра жахі, што ўчынялі маскоўскія акупацыйныя войскі на землях нашае Бацькаўшчыны, гаварылася і пісалася ўжо шмат. Але тут нас цікавіць зусім іншы аспект гэтае страшнае для Беларусі вайны, а менавіта - шляхі, якія ўводзілі тысячы і тысячы беларусаў ад іх роднага парогу.

Яшчэ перад пачаткам паходу на Рэч Паспалітую маскоўскі цар, паводле сведчання П.Алепскага, меў намер вывезці ў Масковію, апусцелую ад паморку 1654 года (калі толькі ў Маскве загінула каля 80% цяглага насельніцтва), каля 300 тысяч чалавек з Вялікага Княства Літоўскага. I, варта прызнаць, выконваўся гэты план вельмі паспяхова. Агульнавядома, што пад час вайны Беларусь страціла каля 53% свайго насельніцтва. Частка яго была знішчана, частка трапіла ў Масковію. Безумоўна, сярод апошніх былі тыя, хто добраахвотна ішоў у Масковію, што нядзіўна, улічваючы рэзрух, галадоўлю ды эпідэміі, якія існавалі на абшарах Беларусі пасля таго, як чужынскія войскі прайшліся тут агнём і мячом. Але нават расейскія сумленныя гісторыкі з сумненнем ставяцца да звесткаў пра пераход падданых Вялікага Княства Літоўскага ў варожую дзяржаву «из воли», па выкліку цара. Няма сумніву, што непараўнальна большая частка беларусаў, што апынуліся ў Масковіі, трапіла туды не па сваёй волі, а ў якасці палонных. Прычым палонных бралі не толькі на боішчы, але і па вёсках, мястэчках і гарадах Беларусі. Ёсць сведчанні, што іх бралі не толькі воі, а нават і праваслаўныя святары. Асноўная частка палонных станавілася ў Маскоўскай дзяржаве халопамі (цікава, што яны маглі стаць халопамі чават у... халопаў! Так, у попісах часам можна сустрэць запісы накшталт: «У боярских людей белорусцев 25 человек»), а меншая - прыгоннымі сялянамі. Звычайна афармленне прыгону адбывалася тут жа, пры войску, у «разрадным намёце», а тых, хто не паспеў замацаваць за сабою захопленых на пабоішчы, чакала працэдура замацавання за сабою палонных у Прыказе халопяга суда, які звычайна нікому не адмаўляў у афармленні. Нарэшце, цікава, што адным са спосабаў запрыгоньвання палоннага быў ягоны хрост. Так, у тагачасных перапісных кнігах ёсць запісы кшталту: «крепки по полонному взятию и крещению», «тут живут поляки работники, а крепки они по крещению»... А калі згадаць, што ў тагачаснай Масковіі перахрышчвалі не толькі каталікоў ды вуніятаў, але і праваслаўных, якія былі хрышчаныя ў Беларусі ды на Ўкраіне (бо лічылася, што тут праваслаўе было «няправільнае»), то можна сабе ўявіць, як лёгка было атрымаць «крэпасць» на палоннага беларуса. Расейскі даследнік на падставе вывучаных дакументаў сцвярджае, што «ў адным толькі Замаскоўным краі (палонных беларусаў - ГЛ.) было больш за адзін дзесятак тысяч», і ў выніку ў халопскага насельніцтва Замаскоўя з'явілася «беларускае адценне». Але беларусаў можна было сустрэць не толькі там. Так, вядома, што іх сялілі далей на ўсход. Бывала, што шлях іх ляжаў яшчэ далей - палонных беларусаў, як быдла, масава прадавалі ў мусульманскія краіны. Немалая колькасць беларусаў трапіла тады і ў саму Маскву. Асабліва гэта тычыцца майстроў разных спецыяльнасцяў, бо ў Масковіі чым далей, тым болей адчувалася патрэба ў перадавой эўрапейскай культуры, у тым ліку і матэрыяльнай. І немалая роля ў рэфармаванні расейскае культуры і ў падрыхтоўцы рэформаў Пятра І належыць беларусам, выселеным ў Масковію ў другой палове ХVІІ ст.

 

Мяшчане ў пашане

 

Спачатку нашыя землякі, узятыя «на государево имя», жылі па розных маскоўскіх слабодах і сотнях. Але паводле царскага ўказа ў верасні 1672 г. на тэрыторыі «дварцовай» Напруднай слабады і Троецкага падворка ўтвараецца новая іншаземная слабада - Мяшчанская, прызначаная адмыслова для беларусаў, вывезеных у Маскву пад час згаданае вайны. Сама назва слабады паказвала на замежнае паходжанне ейных насельнікаў, бо «мяшчанамі» тады называлі ў Масковіі толькі месцічаў тагачаснае Рэчы Паспалітае, на расейскіх жа гараджанаў назва «мяшчане» распаўсюдзілася толькі ў другой палове XVIII ст.

Міжволі ўзнікае пытанне: якая неабходнасць прымусіла цара перасяляць беларусаў у адно месца? Чаму яны не маглі жыць, як жылі спачатку, у розных кутках Масквы? Адказ, відаць, трэба шукаць у «непрымірымай варожасці да літвы і палякаў», як і ўвогуле да іншаземцаў. Адсюль скаргі масквічоў цару на тое, што на царскім указе «ставят в сотнях и слободах выходцев Панов, и Немец, и разных земель всяких иноземцев», бо ад іх, па словах скардцаў, робіцца расейскаму гандлю «великая теснота», і з-за іх «лукавого умыслу» маскоўскія купцы маюць «убытки многие». Як лічыць гісторык, варожыя адносіны маскавітаў да іншаземцаў грунтаваліся на «раздражняўшым рускага смутным адчуванні перавагі перад імі людзей заходняй культуры». Гэтыя абставіны, відаць, і паслужылі прычынаю збору ўсіх іншаземцаў з Беларусі ў адной слабадзе, што знаходзілася за Земляным валам, вельмі далёка ад цэнтра тагачаснае Масквы. Паводле згаданага ўказа, усе мяшчане павінны былі перасяліцца на новыя землі, што адводзіліся пад указ, апроч бяздворных беларусаў, шмат хто з майстроў, якія працавалі пры царскім двары і жылі ў дварцовых і чорных слабодах і сотнях, а таксама кабальныя халопы. Але надзяліць усіх астатніх зямлёю не ўдалося, таму шмат хто з беларусаў застаўся жыць на сваім ранейшым месцы. Ужо праз чатыры гады слабодскім старастам была пададзена «чалабітная» з просьбаю далучыць да Мяшчанскае слабады частку суседняе Троецкае слабады. Але гэта не выратавала становішча. Так, паводле попісу 1676 года, згодна са звесткамі С.Багаяўленскага, спіс бяздворных у слабадзе складаў каля 255 імёнаў. Значная колькасць мяшчанаў жыла і ў іншых слабодах і сотнях. Таму ў 1688-1689 гадах адбылося яшчэ адно узбуйненне Мяшчанскае слабады за кошт незаселеных земляў. Царскім указам загадвалася даць мяшчанам, якія раней не атрымалі надзелаў у слабадзе, зямлю па новапрымежаванай тэрыторыі, прычым тыя, хто адмовіцца сяліцца тут, мусілі «быть за то в жестоком наказанье и в ссылке в Ново-Богородицкой город на Самару». Аднак і гэты ўказ не быў выкананы - не ўсе мяшчане атрымалі зямлю ў Мяшчанскай слабадзе. Ды інакш і быць не магло, бо змясціць у адной слабадзе пятую частку насельніцтва Масквы (менавіта лічбу 20% прыводзяць даследнікі) - было фактычна немагчыма. Але Мяшчанская слабада, у якой жыло каля 10% жыхароў Масквы, усё роўна з'яўлялася найбуйнейшай сярод маскоўскіх слабодаў. Так, у 1684 годзе ў 477 дварах (што складала каля 10% двароў Маскоўскага пасаду) жыло 612 сем'яў беларусаў.

Заняткі мяшчанаў былі вельмі разнастайныя. Паводле попісу 1676 года, рамесніцкаю працаю займалася 306 мяшчанскіх сем'яў, ці то 43,5% з сем'яў Мяшчанскае слабады, тут жылі прадстаўнікі больш за 60 спецыяльнасцяў. І калі па наменклатуры гэтых спецыяльнасцяў яны мелі не вельмі вялікія адрозненні ад маскоўскіх рамеснікаў (сярод іх варта адзначыць такіх рэдкіх для Масковіі спецыялістаў, як карэтнікі, насоснікі, ставеннікі («пруды делает») і некаторых іншых), то значна розніліся ад апошніх па колькасных ды якасных паказчыках. Так, сярод жыхароў Мяшчанскае слабады было вельмі многа краўцоў - на 17-18 двароў прыходзіўся адзін кравец, шмат было сярод іх і майстроў залатой ды срэбнай справы і гандляроў. Адпаведна параўнаўча больш рэдкімі былі прафесіі хлебніка, блінніка, калачніка.

 

На ўсе рукі майстры

 

Але найбольшая адметнасць тавараў ды паслугаў, што прапаноўваліся беларускімі рамеснікамі, заключалася ў іх якасці. І гэта нядзіўна, бо, паводле сведчання гісторыка, «прыхадні з заходняе мяжы прынеслі з сабою новыя густы і навыкі, водгукі заходне-эўрапейскае культуры». Таму звычайна беларускія рамеснікі займаліся больш тонкімі рамёствамі за расейскіх. Яскравым прыкладам гэтаму можа служыць дзейнасць пераплётчыкаў. Хаця ў Маскве іх было адносна многа, але яны рабілі больш простыя пераплёты, а заказы на прыгажэйшыя, скураныя, асабліва для царскага двара, даваліся звычайна беларусам. Вельмі адметнаю была праца краўцоў, сярод якіх пераважалі спецыялісты па шыцці адзення ды абутку на заходні лад. Сярод іх тыя, хто «делает околы шапочные на немецкую руку», «делает чулки польские», «делает рукавицы перстчатые», «шьёт сапоги немецкие». Тут былі спецыялісты больш тонкае справы - падчэрніваць футра куніцаў ды фарбаваць шоўк. У Мяшчанскай слабадзе былі тыя, хто «витушки литовские печёт», «делает сахары ряженыя» (кандытарскія вырабы)... Жылі тут і «часовники» (спецыялісты па вырабу гадзіннікаў)... Характэрна, што сярод жыхароў Мяшчанскае слабады, у параўнанні з іншымі маскоўскімі слабодамі, было вельмі мала жабракоў. Увогуле, як сведчыць С.Багаяўленскі, беларусы прынеслі з сабою ў Маскву «больш развітую прадпрымальнасць у гандлі, больш развітую тэхніку ў рамёствах»... Але не толькі ў галіне матэрыяльнай беларусы зрабілі значны ўплыў на маскоўскую культуру канца XVII ст., але і ў галіне духоўнай. Менавіта мяшчане стаяць ля вытокаў расейскага тэатра. Менавіта беларусы паставілі ў Маскве першыя спектаклі на зразумелай расейцам мове. «Камедыйнаму дзейству» вучыў маладых мяшчанаў «бакаляр» Іван Валашэнінаў, родам з Нежына, які быў узяты «к Москве в воспеваки».

Чаму менавіта беларусы прычыніліся да стварэння расейскага тэатра? Хіба нельга было ў першую расейскую трупу набраць карэнных жыхароў Масквы? Справа ў тым, што на працягу сотняў год праваслаўная царква ў Маскоўскай дзяржаве вяла безлітасную барацьбу супраць усялякага тэатральнага дзейства і іншага «всякого мятежного бесовского действа, глумления и скоморошества со всякими бесовскими играми». І расейскае грамадства было заражана пачуццём недаверу і непрыняцця «игор бесовских». Цікава, што нават цар Аляксей Міхайлавіч, які стаўся заснавальнікам прафесійнага тэатра ў Масковіі, на працягу двух дзесяцігоддзяў упарта змагаўся супраць тэатралізаваных дзеяў, выдаючы шматлікія ўказы аб пакаранні іх удзельнікаў і пагражаючы апалаю. І толькі пад час вайны з Рэччу Паспалітай, калі «тишайший» цар пабачыў на свае вочы культуру эўрапейскае краіны, і асабліва пасля наведвання Вільні, якую потым ён называў сваім «стольным горадам», ён «стаў падражаць каралю польскаму і кола паняццяў яго пашырылася». У выніку ў расейскае культурнае жыццё былі прыўнесеныя элементы заходняе культуры, якія так варожа ўспрымаліся расейскім душпастырствам і, праз ягоны ўплыў - насельнікамі Масковіі. І таму для ажыццяўлення эўрапеізацыі расейскае культуры Аляксей Міхайлавіч (як потым і ягоны сын Пётр I) вымушаны былі звяртацца да пасрэдніцтва іншаземцаў. Менавіта з гэтае прычыны для стварэння расейскага тэатра былі ўзятыя жыхары іншаземных слабодаў - спачатку з Нямецкае, а потым - і Мяшчанскае. Немцы ды беларусы, у чыіх краінах тэатр быў звычайным і папулярным відовішчам і не мелі перадузятага пункту погляду на гэты род мастацтва, ды былі знаёмыя з прыёмамі і спосабамі акторскае гульні.

У Мяшчанскай слабадзе быў даволі вялікі адсотак пісьменных людзей. Па даных на 1677 г., ён складаў 36%. Цікава, што і на пісьме некаторыя беларусы, якія апынуліся на чужыне, доўга захоўвалі асаблівасць пісьмовасці сваёй радзімы. Так, С.Багаяўленскі налічыў 9 чалавек, якія распісваліся, выкарыстоўваючы лацініцу. Сярод іх быў Цімох Іваноў Мядзведка родам са Шклова, які трапіў у Расею ў 1670 годзе, але і ў 1696, пасля 26-гадовага жыцця на чужыне, падпісваўся лацінскімі літарамі.

Яскравую адметнасць Мяшчанскай слабадзе надавалі таксама асаблівасці яе забудовы. У адрозненне ад маскоўцаў, беларусы ў Мяшчанскай слабадзе не рабілі дамы на падклецях і не ставілі зрубы адзін на адзін. Паказальна, што калі мяшчане перавезлі з Барашэўскае слабады на сваю зямлю школьную хату на падклеце, яны паставілі абодва зрубы двухпавярховага будынка асобна, так, што атрымаліся дзве хаты «паземныя».

Мяшчане ў цэлым жылі больш заможна за маскоўцаў, на іх дварах было болей склепаў і невялікіх пабудоваў - клецяў, камораў, навесаў і г.д.

Дый планіроўка Мяшчанскае слабады была вельмі адметнай, нязвыклай для тагачаснае Масковіі. Тут упершыню ў Маскве (побач з Нямецкай ды Хамоўніцкай слабодамі) пры пабудове была выкарыстана лінейная планіроўка, якая захавалася да нашага часу, у чым можна пераканацца, знайшоўшы на мапе горада чатыры былыя Мяшчанскія вуліцы (цяпер - Праспект Міру, вул. Гіляроўскага, вул. Шчэпкіна і Мяшчанская вул.). Ёсць падставы меркаваць, што Пётр І пры забудове Пецярбурга выкарыстаў вопыт забудовы іншаземных маскоўскіх слабодаў.

 

Належаць гісторыі

 

Як бачым, Мяшчанская слабада займала сярод іншых слабодаў маскоўскага пасаду вельмі адметнае месца. Нельга недаацэньваць той уплыў, што аказалі мяшчане на развіццё тагачасных расейскіх рамёстваў, гандлю ды культуры. Але, на жаль, Мяшчанскую слабаду напаткаў лёс усіх папярэдніх маскоўскіх паселішчаў, заселеных беларусамі, - да сярэдзіны XVIII ст. ейныя жыхары былі цалкам русіфікаваныя.

... Вось і скончылася нашае невялікае падарожжа па старажытнай «Беларускай Маскве». Калі, шаноўны чытач, Вам давядзецца трапіць у сталіцу суседняе дзяржавы, прайдзіце па гэтых мясцінах, згадайце нашых землякоў, якія ў даўнія часы воляю лёсу закінутыя далёка ад роднага парога, жылі і працавалі тут. Згадайце іх, бо іх жыццё і праца належаць гісторыі... Гісторыі Беларусі.

 


1992-1993?

Тэкст падаецца паводле выдання: часопіс «Беларуская Мінуўшчына», 3-4, 1993.
Крыніца: скан