Генадзь Туровіч

Радзівілаўскія конікі

Татарынаў Ю.А. Чарадзейныя яблыкі: Аповесьці. - Менск: Юнацтва, 1999.

 

Апошнім часам стала модай дэбютаваць з творамі, якія зьяўляюцца апрацоўкай старых беларускіх легендаў. Тэмаў і сюжэтаў тамака невычэрпная крыніца, хопіць нашым пісьменьнікам, бадай, шчэ не на адно стагодзьдзе. Вось і Ю.А.Татарынаў, багата павандраваўшы ў розных мясьцінах Беларусі, напэўна, быў найбольш уражаны паданьнямі Нясьвіжу, бо прапаноўвае мастацкі твор, навеяны імі. Ён аб'ядноўвае некалькі паданьняў у адно цэлае пад назовам «Сэрца панны Марыі».

Адразу трэба зрабіць рэмарку. Аўтар аповесьці, напэўна, шукае прастору для больш поўнага раскрыцьця характараў сваіх герояў, бо нідзе ў аповесьці няма згадкі пра час дзеяньня. Месцам дзеяньня выступае ў аповесьці замак, у якім лёгка пазнаецца Нясьвіскі. Дзе-нідзе пісьменьнік пакідае таксама сьляды эпохі, па якіх можна заключыць, што часамі дзеяньня зьяўляюцца апошнія гады існаваньня Рэчы Паспалітай абодвух народаў. Гэта бачна з таго, што кароль польскі яшчэ ў Варшаве, а лісты францускага караля Люі ХVІ (якому адцялі галаву ў 1792 годзе) з гонарам захоўваюцца ў замкавым архіве. На гэты ж час указвае й праца мастака Гескага (у аповесьці яго прозьвішча зьменена на Гнезскі) па росьпісе фарнага касьцёла, што адбывалася недзе ў 1750-1770 гадох. Але побач - пералёты ў іншыя эпохі: галоўны герой аповесьці, прыгонны садоўнік, працуе над стварэньнем Марысінага парку, які, як вядома, быў закладзены толькі ў 1892 годзе, калі ні караля ў Варшаве, ні прыгону ўжо даўно не было. Вось гэты прамежак у сотню гадоў паміж рознымі падзеямі, пра якія стварыліся легенды і якія пакінулі па сабе рэальныя праявы чалавечага жыцьця й дзейнасьці (парк, загадкавая бочачка-дамавіна, касьцёльныя фрэскі), не дазваляе аўтару зьяднаць у аповесьці розныя эпохі. Ю.А.Татарынаў становіцца закладнікам пастаўленай перад сабой мэты. Грунтуючыся на паданьнях і маючы перад вачыма цудоўныя сьведчаньні багацьця й калярыту канкрэтнай гістарычнай эпохі, пісьменьнік вымушаны пазьбягаць дэталяў.

І паколькі ўсе падзеі ў аповесьці разгортваюцца на працягу паўтара гадоў, сп.Татарынаў пазбаўлены магчымасьці паказаць каханьне пані Марыі й простага парабка на шырокім гістарычным фоне. Рознасьць эпохаў, дзяржаўных формаў, назваў пасадаў, якія ён робіць спробу зьвесьці ў адно, прымушае яго раз-пораз збочваць з простай дарогі. Радзівілаў ён перайначвае ў Эрдзівілаў і г.д. Жаданьне разьвязаць сабе рукі і пазбавіцца ад неабходнасьці апісваць канкрэтную эпоху і канкрэтны славуты род служыць пісьменьніку далёка ня лепшую службу. Напэўна ж, аповесьць задумвалася й стваралася, каб выхоўваць у чытачоў павагу да ўласнай гісторыі, легендаў і паданьняў свайго народу, каб далучаць да вечных ісьцін, а атрымоўваецца наадварот. Школьнікі будуць лічыць, што гаспадарылі ў Беларусі нейкія няясныя князі са жмудзкімі прозьвішчамі, ледзь ня вылюдкі й ведзьмакі, як гэта паказана ў аповесьці. Гэта сьпеў у старую дуду, стары міт пра заваёву Беларусі жмудзінамі, даўно адпраўлены на сьметнік гісторыі.

З другога боку, карыстаючыся мінімумам гістарычнай інфармацыі і ў той жа час прытрымліваючыся вельмі сьціслых рамак паданьня, пісьменьнік вымушаны адразу раскрыць свае карты. Разгубленасьць, прадбачаньне й прадчуваньне хуткай сьмерці, пра якую кажа галоўная гераіня, пазбаўляе аповесьць інтрыгі. Навошта ж чытаць далей цэлыя дзьвесьце старонак, калі адразу становіцца ясным, што вынік каханьня паміж князёўнай і прыгонным селянінам будзе трагічным, прынясе ім толькі пакуты і сьмерць. Адзінае, што застаецца чытачам, - гэта спадзяваньне, што аўтарам будуць знойдзены нейкія пікантныя падрабязнасьці, нешта незвычайнае... Але ў меру набліжэньня да разьвязкі ўпэўніваемся, што нічога такога няма. Усё заканчваецца, як заплянавана - сьмерцю ўсіх галоўных герояў, нават дзіця пісьменьнік не пашкадаваў.

Каб даць юным чытачам прыклад для перайманьня, узор для паводзінаў, большасьць герояў аповесьці - станоўчыя вобразы. Да іх, безумоўна, адносяцца й панскі садоўнік са сваёй каханкай паннай Марыяй. Зь дзяцінства іх аб'ядноўвае ня толькі родная вёска, аднолькавы век, але й адно гора - абое сіроты. Разам гадаваліся, таму пачуцьцё паміж імі ўзьнікае цалкам натуральна. Ім ня ведамы табу тагачаснага грамадзтва. Хлопец, здольны музыка, хутка спасьцігае навуку садова-паркавага мастацтва. Ён непасрэдны, не хаваецца за чужыя сьпіны, сам трымае адказ за свае справы. Ён - прыклад для перайманьня. Але паслухайце яго мову: «Я, як тая камета, лячу да Зямлі» (с.98) або: «Знікне цывілізацыя, людзі забудуцца словы, аднак навекі застанецца маё пачуццё да Вас» (с.160). Заўважу - гэтыя тырады гучаць з вуснаў простага селяніна, што ніколі не пакідаў межаў сваёй вёскі, што не спасьцігаў навукі ўва ўнівэрсытэтах. Дзіва! Так, ХVІІІ стагодзьдзе ўвайшло ў гісторыю як век адукаванага абсалютызму, але не настолькі ж, каб просты парабак пачаў разважаць пра цывілізацыю! Гэта ня мова селяніна. Узгадайце хоць бы «енеральну парапіцу» з клясыкі, які жах яна наводзіла на мясцовых сялянаў...

Гэта мова аўтара. Не знайшоўшы нейкіх простых і шчырых словаў, а мо наадварот, жадаючы паказаць уласную эрудыцыю, Ю.А.Татарынаў укладвае ў вусны свайго героя гутарковую мову жыхара плянэты Зямля канца ХХ стагодзьдзя, знаёмага ня толькі з астраноміяй, але і з працамі Арнольда Тойнбі. Такім чынам, давер да кніжкі яшчэ больш зьніжаецца. Але вернемся да галоўнага героя. Помнікам садоўніку застаецца ягоная праца - Марысін парк. Садоўнік прымае сьмерць, па-сапраўднаму і ня зьведаўшы шчасьця каханьня, але зрэалізаваўшы сябе на ніве садова-паркавага мастацтва.

Іншым разам высілкі аўтара больш-менш канкрэтна акрэсьліць той ці іншы вобраз увогуле прыводзяць да дзіўных характарыстык. Вось што піша аўтар пра Пахомія Лагафета: «У кампаніі маладых ён (Пахомі. - Аўт.) стаў кімсьці тыпу мясцовага свяшчэнніка» (с.252). Што гэтым хоча сказаць сп.Татарынаў? І што б ён адказаў, калі б пра яго самога нехта напісаў: «Выдаўшы тры кніжкі, Ю.А.Татарынаў стаў кімсьці тыпу мясцовага пісьменьніка»?

Прыкладам самаадданасьці выступаюць хатнія слугі панны Марыі, сярод іх выдзяляецца пакаёўка Люцыя. Яна таксама загіне, ахвяруючы сваё жыцьцё дзеля гаспадыні. Яе вуснамі гаворыць народ, у крытычны момант яна дае найбольш разумную параду, але яе ня слухаюць. На гэтым пералік станоўчых герояў ня скончваецца.

Самы загадкавы зь іх - гаспадар замка князь Эрдзівіл. Усемагутны магнат, безь якога кароль ня можа ступіць ані кроку, бо ўвесь час тэрмінова выклікае яго да сябе ў сталіцу, уражвае сваёй інфантыльнасьцю. Гэты глыбока няшчасны ў шлюбе чалавек зычыць сваёй пляменьніцы толькі дабра, але кожны раз пакідае яе ўва ўладзе сваёй жонкі-вядзьмаркі. Дзіўная роля адведзена яму аўтарам. Магчыма, перад тым як сасватаць родзічку за прынца, князь хоча ўпэўніцца, ці вартая яна таго? Ён ня мае сумневу наконт выгляду, але, пакідаючы Марыю сам-насам са сваёй жонкай і прыдуркаватым сынам, напэўна, спрабуе высьветліць, ці цьвёрды характар тая мае. Ці здольная яна высака, з гонарам пранесьці па жыцьці знакамітае імя Радзівілаў (ай, прабачце, высокашаноўнае спадарства, канечне ж, Эрдзівілаў). Інакш немагчыма вытлумачыць паводзіны князя ў дачыненьні да Марыі, бо, маючы такую ўладу й такія грошы, ён не схацеў забраць яе з сабой у вялікі сьвет, а пакінуў на верную сьмерць.

Завяршаюць кагорту станоўчых вобразаў прадстаўнікі творчай інтэлігенцыі: мастак Гнезскі й архіварыюс Кржыш (зноў небеларускія прозьвішчы). Яны добрыя майстры, але цалкам засяроджаныя кожны на сваёй справе. Яны ўсьведамляюць, што ў замку пануе зло, але ня здольныя супрацьдзейнічаць яму. Жыцьцё нясе іх па плыні, іхні лёс - гэта захаваньне для нашчадкаў лістоў Пятра І, Карла ХІІ, Люі ХV і ХVІ, а таксама чамусьці сьмяртэльнага ворага польска-літоўскай шляхты Б.Хмяльніцкага, ды таксама росьпіс касьцёльных сьценаў.

Часам здаецца, што аўтар аповесьці будуе яе на тых самых прынцыпах, што й знакаміты мультсэрыял пра Чабурашку, дзе ў першай сэрыі той чытае па складах, а ўжо к чацьвертай у яго гэта звычка страчваецца, і ён шчыра прызнаецца кракадзілу Гену, што не сустрэў яго, бо ня здолеў прачытаць тэлеграму. Гэтак сама паньне Марыі ў 17-гадовым веку зьбіраюцца даць адукацыю (гэта галоўны довад яе тэрміновага пераезду ў замак), а ўжо перад сном у першы ж дзень, каб неяк бавіць час, яна раскрывае кніжку. Яшчэ ж праз колькі старонак «вясковая прынцэса» зьдзіўляе мастака Гнезскага параўнаньнем кветак німфэі са знакамі ангельскай кароны. Цікава было б даведацца, няўжо пра форму ангельскай кароны раней ёй распавядалі вясковыя пастушкі? Каб перадаць ні з чым не параўнальны калярыт кніжкі, навяду шчэ колькі прыкладаў: «Жадаючы хутчэй скончыць сумны рытуал, ён (князь Эрдзівіл. - Аўт.) раптам павярнуўся, звякнуў шпорамі, пакрочыў да карэты. Слуга адчыніў перад ім дзверку» (с.161). Дазвольце папытацца, навошта Ю.А.Татарынаў начапіў на боты шпоры, калі князь зьбіраўся ехаць ня верхам, а фурманкай?

Шчэ з кніжкі можна даведацца, што «губы» - прыналежнасьць мужчынская, а «вусны» - жаночая («Намагаючыся пацалаваць яе, той дакрануўся губамі да яе вуснаў»). У кніжцы можна знайсьці й «каталіцкі манастыр», і «прыказчыка».

Новая кніжка Ю.А.Татарынава пабачыла сьвет у сэрыі «Бібліятэка прыгод і фантастыкі». Выдавецтва «Юнацтва» шчэ ў 1982 годзе распачало друкаваць найлепшыя творы сусьветнай літаратуры для дзяцей. Стаяць на адной паліцы з А.Дзюма ганарова для любога пісьменьніка, але гэта таксама накладае на яго пэўную адказнасьць. Сама менш трэба адпавядаць стандартам забаўляльнай літаратуры. Ці здолеў дасягнуць гэткай вышыні аўтар «Чарадзейных яблыкаў» і «Сэрца панны Марыі», рашаць, зразумела, маленькім чытачом, калі ім не перашкодзіць зрабіць гэта цвырканьне конікаў. Гэтыя маленькія жывёліны стракацяць ня толькі ў парках Нясьвіжу, але й на бачынах кніжкі - старонках 10, 12, 17, 92, 95, 141, 175, 204... Ад гэтага стракаценьня хочацца згарнуць «Яблыкі» і перачытаць «Паданьні Нясьвіжу» сп.Шышыгінай-Патоцкай.

 

2000




Беларуская Палічка: http://knihi.com