epub
 
падключыць
слоўнікі

Генрых Бёль

Смяяч

Калі ў мяне пытаюцца пра маю прафесію, я адчуваю збянтэжанасць: чырванею, пачынаю заікацца - і гэта я, якога ўсе звычайна ведаюць як чалавека саліднага. Я зайздрошчу людзям, якія могуць сказаць пра сябе: «Я - муляр». Мне зайздросна перад цырульнікамі, бухгалтарамі і пісьменнікамі за простасць іх занятку; бо ўсе гэтыя прафесіі тлумачацца самі сабою і не патрабуюць доўгіх апісанняў. Але я вымушаны адказваць на такія пытанні: «Я - смяяч». Гэткае прызнанне патрабуе далейшых, бо я мушу адказваць і на другое пытанне - «Вы жывяце з гэтага?» - адпаведным чынам: «Ага, з гэтага». Я напраўду жыву са свайго смеху, і жыву добра, бо на мой смех - кажучы па-гандлярску - ёсць попыт. Я добры, вывучаны смяяч, ніхто іншы не смяецца гэтак, як я, ніхто так не валодае нюансамі майго ўмельства. Доўгі час я - каб пазбягаць лішніх тлумачэнняў - называў сябе акторам, але мае здольнасці да мімікі і дэкламацыі настолькі малыя, што мне падалося непраўдзівым ужываць гэтую назву ў дачыненні да сябе; я люблю праўду, а праўда такая, што я - смяяч. Я не клоўн і не актор-комік, я не весялю людзей, а ўдаю з сябе вясёлага. Я смяюся, як рымскі імператар альбо як уразлівы шкаляр, я валодаю смехам семнаццатага стагоддзя гэтаксама, як смехам стагоддзя дзевятнаццатага; і, калі трэба, я смяюся ўсімі стагоддзямі, усімі грамадскімі класамі, усімі ўзростамі: я проста навучыўся гэтаму так, як навучваюцца рабіць падэшвы да чаравікаў. У маіх грудзях ёсць смех Амерыкі, смех Афрыкі, белы, чырвоны, жоўты смех - і за адпаведную ўзнагароду я выдаю яго такім, як прадугледжвае сцэнарый.

Я зрабіўся неад'емнай часткай сусвету; мой смех запісваецца на плыты, на магнітафонныя стужкі; і гукарэжысёры ставяцца да мяне з павагай. Я смяюся сумна, памяркоўна, істэрычна - смяюся, як трамвайны кандуктар або як вучань майстра харчовай прамысловасці; смех з раніцы, смех увечары, начны смех і смех шарай гадзіны, карацей, там, дзе заўсёды і, як звычайна, смяюцца, я раблю гэта.

Мне збольшага вераць, што гэтая прафесія патрабуе шмат высілкаў, хоць я - а гэта ж мой фах - валодаю таксама заразлівым смехам; гэтак я стаў неабходным таксама для комікаў трэцяга і чацвёртага гатунку, якія справядліва баяцца за трапнасць сваіх жартаў; таму я амаль штовечара сяджу ў розных вар'етэ як напалову прыхаваны клакёр, каб у слабых месцах праграмы заразліва смяяцца. Гэта павінна быць вывераная работа: мой шалёны смех, смех ад душы не можа прагучаць раней або пазней, чым трэба: ён павінен прарывацца ў адпаведны момант - тады я, згодна з праграмай, узрываюся смехам, уся публіка рагоча разам са мною, і трапнасць жарту цяпер уратаваная.

Ды я тут жа стомлена сыходжу ў гардэроб, шчаслівы ад таго, што мой працоўны дзень нарэшце скончыўся. Дома звычайна знаходжу тэлеграмы з запрашэннямі: «Тэрмінова патрабуецца Ваш смех. Чакаем у аўторак», і праз пару гадзін я ўжо тырчу ў перагрэтым хуткім цягніку, наракаючы на сваю долю.

Кожнаму зразумела, што пасля дня працы або калі я ў адпачынку, у мяне амаль няма ахвоты смяяцца: даяр шчаслівы, калі можа забыцца пра кароў, муляр рады, калі можа забыцца пра раствор, а ў сталяроў дома звычайна паламаныя дзверы альбо шуфляды ў сталах, якія выцягваюцца з цяжкасцю. Кандытары-цукернікі любяць салёныя гуркі, разнікам даспадобы марцыпаны, а пекару, больш за хлеб, да смаку кілбасы; тарэадоры любяць займацца галубамі, баксёры палатнеюць ад жаху, калі ў іх дзяцей носам ідзе кроў; я гэта ўсё разумею, бо пасля работы ніколі не смяюся. Я страшэнна сур'ёзны чалавек, і людзі лічаць мяне - магчыма, справядліва - песімістам.

У першыя гады пасля нашага шлюбу жонка часцяком казала мне: «Ну, засмейся ж!» - але за гэты час ёй стала зразумела, што я не магу здзейсніць гэтага яе жадання. Я шчаслівы, калі мне ўдаецца глыбокай сур'ёзнасцю зняць напружанасць з перанапружаных мускулаў свайго твару, са сваёй змучанай душы. Ды і смех іншых людзей нервуе мяне, бо надта напамінае мне пра маю прафесію. Наш шлюб ціхі і міралюбны, бо мая жонка таксама развучылася смяяцца, здараецца, я нечакана для яе заўважаю ў яе на вуснах усмешку - тады я таксама ўсміхаюся. Мы ціха размаўляем паміж сабою, бо я цярпець не магу гоману вар'етэ, ненавіджу шум у студыях гуказапісу. Людзі, што мяне не ведаюць, лічаць мяне за дзіклівага чалавека. Можа, я і ёсць такі, бо зачаста мушу разяўляць рот, каб смяяцца.

З нерухомым тварам іду я па сваім жыцці, дазваляючы сабе раз-пораз адно лёгкую ўсмешку; і часта думаю: а ці ўвогуле я калі-небудзь смяяўся? Мяркую, што не. Мая радня пераканана распавядае, што я заўжды быў сур'ёзным хлопцам.

Гэтак вось - я смяюся шматлікімі спосабамі, але свой уласны смех мне невядомы.

 



Пераклад: Лявон Баршчэўскі