epub
 
падключыць
слоўнікі

Генрых Далідовіч

З подступам да сённяшняй рэчаіснасці

 

Гэтай аповесцю зацікавяцца бацькі і дзеці, настаўнікі і вучні — прадстаўнікі розных пакаленняў. Уласна ім і прысвечаны твор, і кожны чытач — сталы, малады — зможа зірнуць на жыццё, на сваё месца ў ім, на хвалюючыя праблемы рэчаіснасці праз прызму сённяшняй школы і ўсяго таго, што вакол яе.

З’явы, пра якія піша аўтар, былі і ёсць у нашым жыцці. Пра некаторыя з іх гаварылася, пра іншае, так званае негатыўнае, замоўчвалася. Маўляў, яго, негатыўнага, не павінна быць у нашым грамадстве. А калі так, то яго і няма...

Яўген Хвалей, да яго гонару, даволі пранікнёна і сур’ёзна даследаваў існасць, дзейнасць сённяшняй школы, жыццё і працу настаўнікаў, навучальны і выхаваўчы працэс, духоўны свет вучняў, бацькоў, адлюстраваў рэчаіснасць, на жаль, горкую і трывожную, такую, якая ёсць яна на самай справе. Адпаведна, ён напісаў не зусім традыцыйны твор. Не, у ім ёсць «правільныя» — гэта значыць, станоўчыя вобразы педагогаў лабановічаўскага характару, вобразы «добрых» і «дрэнных» вучняў, складаныя ўзаемаадносіны паміж настаўнікамі і вучнямі, але разам з тым ёсць і іншы, малавядомы ранейшай літаратуры фон, звязаны з паніжэннем пэўных духоўных пачаткаў у моладзі. Сапраўды, дасюль мы амаль не чыталі пра гэтыя вучнёўскія «рок-гурты», «тусоўкі», пра раннюю разбэшчанасць, злачынствы юнакоў і дзяўчат — адным словам, пра тое, што ёсць у нашым не зусім здаровым грамадстве, пра што нельга далей замоўчваць, а неабходна тэрмінова, як кажуць, лячыць, клапоцячыся пра духоўнае здароўе маладога пакалення. Прыкладаць намаганні ў гэтым накірунку, безумоўна, нялёгка, дабівацца зрухаў — яшчэ цяжэй. Патрэбны не толькі большая ўвага да школы, да яе праблем, да лёсу нашай моладзі, але і новыя падыходы ў гэтай досыць тонкай і далікатнай справе.

Трэба сказаць, што Яўген Хвалей дасюль пісаў вершы, гэтая аповесць — ягоны першы твор у жанры прозы. Пераход да іншых сродкаў асэнсавання жыцця і яго адлюстравання амаль заўсёды суправаджаецца пэўнымі выдаткамі. Але спрактыкаваны чытач зразумее пісьменніцкія цяжкасці, не зможа не ўбачыць, што аўтар ішоў па цаліку, пракладваў сваю сцежку, засведчыў тое, што раней ці пакідалі без увагі, ці пра што гаварылі не зусім поўна, рашуча. Урэшце, зацікаўлены чытач па-належнаму ацэніць спробу аўтара заклікаць грамадства да большай адказнасці за лёс нашых дзяцей, якім наканавана не толькі прадоўжыць тое добрае, што стварылі старэйшыя пакаленні, але і сваімі рукамі будаваць новае, гуманнае.

Генрых ДАЛІДОВІЧ,

лаўрэат Літаратурнай прэміі імя І. Мележа


1991

Тэкст падаецца паводле выдання: Хвалей Я. Пацукі, або Таямнічы дзённік: Аповесць. Для ст. шк. узросту / Маст. Ю.Э.Калядэнка. - Мн.: Юнацтва, 1991. - 191 с.: іл.
Крыніца: скан