epub
 
падключыць
слоўнікі

Графіня дэ Сэгюр

Добры Анры

Раздзел 1. Бедная хворая маці
Раздзел 2. Крумкач, Певень і Жаба
Раздзел 3. Жніво
Раздзел 4. Збор вінаграду
Раздзел 5. Паляванне
Раздзел 6. Рыбалка
Раздзел 7. Кветка жыцця


Раздзел 1. Бедная хворая маці

 

Жыла сабе аднойчы бедная жанчына. Муж у яе памёр, і засталася яна адна з маленькім сыночкам, якога звалі Анры. Сына яна вельмі любіла, дый было за што: Анры быў прыгожы хлопчык, і хоць яму не было і сямі гадоў, ён ва ўсім дапамагаў сваёй маці. Пакуль яна краіла ды шыла ці хадзіла на базар гандляваць, Анры падмятаў, мыў падлогу ў хаце, гатаваў ежу ці працаваў у гародзе і маленькім садочку, а потым браўся цыраваць адзенне, рамантаваць матчыны чаравікі ці рабіў лавы, столікі і ўсё, на што толькі быў здольны. Хатка, у якой яны жылі, стаяла за вёскай, і з яе вокнаў было відаць высокую гару, такую высокую, што ніхто і ніколі не мог дабрацца да яе вяршыні. Гару агінала вірная рака, а за ракой узвышаліся стромыя скалы і чарнелі бяздонныя прорвы.

Сын і маці жылі ў ладзе ды згодзе, але аднойчы бедная кабета моцна захварэла. Знаёмых лекараў у іх не было, дый нават каб і былі, ім усё роўна не было б чым заплаціць. А сам Анры не ведаў, чым дапамагчы сваёй маці. Калі ёй хацелася піць, ён мог даць ёй толькі вады: нічога іншага ў хаце не было. Дзень і ноч ён не адыходзіў ад матчынага ложка. А калі маці засынала, глядзеў на яе і плакаў. Дзень пры дні хвароба мацнела, і ўрэшце бедная кабета зусім сабралася паміраць - яна не магла ні гаварыць, ні есці і нават не пазнавала Анры, які, стоячы на каленях каля яе ложка, заліваўся гаручымі слязьмі. І тады хлопчык крыкнуў у роспачы:

- О Добрая фея! Дапамажыце мне, уратуйце маю бедную маму!

Толькі ён прамовіў гэтыя словы, як акно раптам адчынілася і ў хаце ўзнікла прыгожая жанчына.

- Што вам трэба, маленькі мой сябра? - спыталася яна ласкавым голасам. - Вы клікалі мяне, і вось я тут.

- Пані! - сказаў Анры, кідаючыся на калені і ўмольна сціскаючы рукі. - Калі вы Добрая фея, уратуйце маю бедную маму, іначай яна памрэ, і я застануся адзін.

Чараўніца ласкава зірнула на хлопчыка і моўчкі падышла да ложка, на якім ляжала яго маці. Яна ўважліва агледзела кабету і, дзьмухнуўшы ёй у твар, сказала:

- На жаль, мілае дзіця, мае чары не могуць вылечыць тваю маці. Зрабіць гэта можаш толькі ты сам. Але дзеля гэтага табе трэба быць смелым і пайсці туды, куды я скажу.

- Я згодзен, пані. Скажыце, куды трэба ісці, я ўсё зраблю дзеля сваёй мамы.

- Табе трэба здабыць кветку жыцця. І расце яна на вяршыні гары, якую ты бачыш з акна сваёй хаткі, - прамовіла Чараўніца. - Калі ты здабудзеш кветку і напоіш яе сокам маці, яна адразу ачуняе і будзе зноўку здаровая.

- Я гатовы зараз жа пайсці на пошукі кветкі, пані. Але пакуль я буду яе шукаць, хто будзе даглядаць за маёй маці? Дый яна, напэўна, памрэ раней, чым я паспею вярнуцца.

І хлопчык заплакаў яшчэ мацней.

- Не хвалюйся, беднае дзіцятка, - адказала Добрая фея. - Пакуль ты будзеш шукаць кветку, з тваёй маці нічога не здарыцца. Яна застанецца такая ж, як і цяпер. Але ведай: да таго, як ты знойдзеш кветку, цябе будуць чакаць вялікія выпрабаванні і небяспека. І каб здабыць яе, табе трэба быць вельмі настойлівым і смелым.

- Мне нічога не страшна, пані, - сказаў Анры. - Смеласці ў мяне хопіць. Але скажыце, як мне пазнаць гэтую кветку, бо іх так многа на гэтай гары.

- Калі ты дойдзеш да вяршыні, - адказала Чараўніца, - пакліч доктара, які ахоўвае чарадзейны сад. Ты скажаш яму, што гэта я паслала цябе, і тады ён дасць табе кветку.

Анры падзякаваў чараўніцы, пацалаваў на развітанне хворую маці і, паклаўшы ў кішэню кавалак хлеба, рушыў да гары.

Добрая фея ласкава зірнула ўслед адважнаму хлопчыку, які, хоць яму не было і сямі гадоў, не пабаяўся адзін пайсці на такую небяспечную гару. А гара была сапраўды небяспечная, бо ўсе, хто спрабаваў дайсці да яе вяршыні, немаведама куды знікалі ці гінулі.

 

Раздзел 2. Крумкач, Певень і Жаба

 

Анры рашуча ішоў да гары, але аказалася, яна зусім не так блізка, як гэта здавалася. І замест таго, каб дабрацца да гары за паўгадзіны, яму давялося ісці цэлы дзень.

Калі ён прайшоў ужо амаль трэцюю частку дарогі, ён раптам убачыў Крумкача, які трапіў у пастаўленую нейкім дрэнным хлопчыкам пастку. Бедны Крумкач марна стараўся вызваліцца, увесь час тузаючы пятлю, але пятля толькі яшчэ мацней і балючай сціскала яму лапу. Убачыўшы гэта, Анры жвава падбег да Крумкача, перарэзаў вяроўку і вызваліў небараку. Крумкач узмахнуў крыламі, узляцеў у паветра і крыкнуў:

- Дзякуй табе, слаўны хлопчык, я таксама табе прыдамся!

Анры вельмі здзівіла, што Крумкач размаўляе па-чалавечы, але доўга думаць пра гэта часу ў яго не было, і ён рушыў далей.

Калі трошкі пазней ён спыніўся крыху адпачыць і сядзеў пад кустом, частуючыся кавалачкам хлеба, ён раптам убачыў Пеўня, за якім гналася Ліса. Певень уцякаў з усіх ног, але Ліса ўсё роўна яго даганяла. Тады Анры злаўчыўся і, калі певень прабягаў зусім блізка, спрытна схапіў яго і, сунуўшы за пазуху, схаваў пад курткай. Ліса нічога не заўважыла і, падумаўшы, што Певень павярнуў некуды ўбок, пабегла далей. Калі яна знікла з вачэй, Анры выпусціў Пеўня, і той, вельмі перапалоханы, шэптам сказаў:

- Дзякуй табе, слаўны хлопчык! Я таксама табе прыдамся.

Тым часам Анры адпачыў і, развітаўшыся з Пеўнем, рушыў далей.

Ён прайшоў ужо ладны кавалак дарогі, калі раптам убачыў бедную жабу, якую збіралася праглынуць Змяя.

Жаба дрыжала ад страху і баялася паварушыцца, а Змяя падпаўзала ўсё бліжэй і бліжэй, шырока разяўляючы страшную пашчу. Але ў той самы момант, калі яна была ўжо гатовая праглынуць Жабу, Анры схапіў вялікі камень і так трапна кінуў ім у Змяю, што пацэліў у самую глотку. Змяя задохлася і памерла. А Жаба паскакала прэч, крыкнуўшы на развітанне:

- Дзякуй табе, слаўны хлопчык, я таксама табе прыдамся.

Анры ўжо чуў, як размаўлялі Крумкач і Певень, і таму зусім не здзівіўся, што Жаба таксама размаўляе па-чалавечы. Ён рушыў далей і неўзабаве дайшоў да падножжа гары. Тут ён ўбачыў глыбокую і такую шырокую раку, што другога берага амаль не было відаць.

Спачатку Анры разгубіўся, але потым падумаў: «Можа, мне ўдасца знайсці які-небудзь мост ці брод, ці хоць які човен?» Ён рушыў уздоўж ракі і абышоў кругам усю гару, але рака была паўсюль вельмі шырокая і глыбокая, і нідзе на ёй не было ні моста, ні чоўна. Бедны Анры сеў на беразе і горка заплакаў.

- Дапамажыце мне, Добрая фея! - сказаў ён скрозь слёзы. - Якая карысць мне ведаць, што на вяршыні гары расце кветка, якая можа ўратаваць маю маці, калі я ўсё роўна не здольны да яе дабрацца?!

Не паспеў ён гэтага сказаць, як побач узнік Певень, якога ён уратаваў ад Лісы.

- Добрая фея нічым не можа дапамагчы табе, - сказаў Певень. - Гэтая гара не падпарадкуецца яе чарам. Але ты ўратаваў мне жыццё, і цяпер я хачу табе за гэта аддзячыць. Лезь да мяне на спіну! Слова гонару, я перанясу цябе на той бераг.

Без доўгіх разваг Анры ўскочыў Пеўню на спіну, і яму здалося, што зараз ён упадзе разам з Пеўнем у раку. Але Певень аказаўся такі дужы, што ў яго на спіне Анры адчуў сябе як у сядле на кані. Ён аберуч ухапіў Пеўня за грэбень, і Певень паляцеў. Рака была вельмі шырокая, і ляцець да другога берага ім давялося ажно дваццаць адзін дзень. І ўвесь гэты час Анры не хацелася ні есці, ні піць, ані спаць.

Калі яны нарэшце апусціліся на зямлю, Анры падзякаваў Пеўню, а той прыгожа распусціў пёры, і ў тую ж хвіліну знік. Анры пачаў азірацца, шукаючы, куды ён падзеўся, і заўважыў, што рака некуды знікла таксама.

- Напэўна, які-небудзь чарадзей гэтай гары знарок зрабіў гэтую раку, каб не даць мне дайсці да вяршыні, - падумаў Анры. - Але Добрая фея дапамагла мне, і цяпер я ўжо хутка дабяруся да кветкі.

 

Раздзел 3. Жніво

 

Анры зноў рушыў у дарогу і ішоў яшчэ вельмі і вельмі доўга. Але колькі ён ні ішоў, усё было дарэмна: ён ні на крок не мог наблізіцца да вяршыні ні скрануцца з месца, дзе нядаўна была рака.

Іншы хлопчык на яго месцы даўно павярнуў бы назад, але смелы Анры не адчайваўся і нягледзячы на вялікую стому ішоў цэлыя тры дні запар. І за ўсе гэтыя тры дні так і не здолеў прасунуцца хоць трошкі наперад. Але ўсё ж рашучасць не пакідала яго.

- Няхай мне давядзецца ісці хоць сто год! - сказаў ён. - Я ўсё роўна буду ісці, пакуль не дайду да вяршыні.

І не паспеў ён прамовіць гэтыя словы, як убачыў маленькага Дзядка, які глядзеў на яго хітрымі вачыма.

- Дык табе хочацца на вяршыню? - спытаўся Дзядок. - Што ж табе там такое трэба?

- Мне патрэбна кветка жыцця, добры пане, - адказаў Анры. - Яна патрэбная мне, каб вылечыць маю маму, іначай яна памрэ.

Дзядок заківаў галавой і, упершыся вострым падбародкам у залатую гульку на сваім кійку, доўга глядзеў на Анры. Нарэшце ён сказаў:

- Мне падабаецца твой ясны і шчыры твар, мой хлопча. Я чарадзей гэтай гары, і я дазволю табе прайсці да вяршыні, але пры ўмове, што ты пажнеш і абмалоціш усё маё збожжа, зробіш муку і спячэш з яе хлеб. Калі ж усё будзе зжата, абмалочана, змолата і спечана, пакліч мяне. Прылады, якія спатрэбяцца табе ў працы, ты знойдзеш у тым вунь равочку. А пшанічныя палі перад табой.

Дзядок знік, а Анры спалохана акінуў вокам бязмежныя пшанічныя палі, якія шырыліся па ўсім схіле. Але ён нядоўга стаяў разгублены. Тут жа скінуўшы куртку, ён адшукаў у равочку серп і рашуча ўзяўся за працу. Ён жаў сто дзевяноста пяць дзён і столькі ж начэй.

Калі ж усё было зжата, Анры ўзяў у равочку цэп і пачаў малаціць пшаніцу на млыне, які стаяў на ўскрайку поля. Ён малоў дзевяноста пяць дзён. А калі ўсё было змолата, пачаў мясіць цеста і пячы хлеб. Ён мясіў і пёк яшчэ сто дваццаць дзён, а калі хлябы выпякаліся, складаў іх на палічкі, як кніжкі ў бібліятэцы. Калі ж усё было нарэшце скончана, ён вельмі ўзрадаваўся і паклікаў Дзядка. Дзядок адразу ўзнік перад ім. Ён пералічыў усе чатырыста шэсцьдзесят восем тысяч трыста дваццаць дзевяць хлябоў, пакаштаваў па маленькім кавалачку ад першага і апошняга, потым падышоў да Анры і, ласкава ўсміхнуўшыся, сказаў:

- Ты слаўны хлопчык, і я хачу аддзячыць табе за добрую працу.

Ён выняў з кішэні маленькую драўляную табакерку і, аддаўшы яе Анры, хітра прамовіў:

- Калі вернешся дадому, адчыні гэтую табакерку. Ты знойдзеш у ёй табаку, якой ніколі раней не бачыў.

Анры ніколі не нюхаў табакі, і чарадзееў падарунак здаўся яму зусім не цікавым. Але ён быў добры хлопчык і не хацеў пакрыўдзіць Дзядка. Ён зрабіў задаволены выгляд і горача падзякаваў яму за падарунак.

Дзядок у адказ усміхнуўся і раптам знік.

 

Раздзел 4. Збор вінаграду

 

Анры рушыў далей і з радасцю заўважыў, што цяпер кожны крок набліжае яго да вяршыні. Гадзіны за тры ён прайшоў амаль две трэці дарогі. Але раптам наперадзе вырас высокі мур, якога здалёк было чамусь не відаць. Анры пайшоў уздоўж мура і праз тры гадзіны з жахам заўважыў, што мур агінае ўсю гару і ў ім няма ні дзвярэй, ані шчыліны, праз якую можна было б пралезці.

Анры сеў на зямлю і задумаўся - як яму быць? Ён вырашыў чакаць і чакаў сорак пяць дзён, але мур стаяў, і нічога з ім не рабілася. Тады Анры сказаў:

- Няхай мне давядзецца чакаць хоць сто год! Я ўсё роўна не сыйду з гатага месца!

І не паспеў ён прамовіць гэтыя словы, як кавалак мура са страшным грукатам абрынуўся і з пралому да яго выйшаў Асілак з паліцаю ў руцэ.

- Ты хочаш прайсці, мой хлопчык? - спытаўся Асілак. - Але што табе трэба за гэтым мурам?

- Мне патрэбна кветка жыцця, спадар Асілак, - адказаў Анры. - Яна патрэбная мне, каб вылечыць маму, бо яна памірае. Калі вы прапусціце мяне, я зраблю ўсё, што вы загадаеце.

- Праўда? - узрадаваўся Асілак. - Ты мне падабаешся. Я адзін з чарадзеяў гэтай гары, і я прапушчу цябе да вяршыні, калі ты напоўніш віном мае скляпы. Вінаграднікі перад табой: збяры вінаград, выцісні сок, разлі сок у бочкі, а бочкі складзі ў скляпы. Усё, што спатрэбіцца табе ў працы, ты знойдзеш пад мурам. А калі ўсё будзе зроблена, пакліч мяне.

Анры паглядзеў вакол і ўбачыў, што ва ўсе бакі, колькі хапае вачэй, цягнуцца вінаграднікі.

- Што ж, - падумаў Анры, - сабраў жа я Дзядку яго збожжа, то і Асілкаў вінаград сабраць здолею. Дый віно з вінаграду зрабіць не так цяжка, як хлеб з пшаніцы.

Ён зняў куртку, знайшоў каля мура садовы нож і пачаў рэзаць гронкі ды складаць іх у цэбры. Ён збіраў вінаград цэлыя трыццаць дзён. А калі ўсё было сабранае, пачаў выціскаць сок і заліваць яго ў бочкі, а поўныя бочкі складаць у скляпы. Усё гэта заняло яшчэ дзевяноста дзён. Калі ж віно было зробленае, бочкі складзеныя і скляпы поўныя, Анры паклікаў Асілка, і той адразу ўзнік перад ім. Агледзеўшы ўсе бочкі, Асілак пакаштаваў віна з першай і апошняй і, павярнуўшыся да Анры, сказаў:

- Ты слаўны хлопчык, і я хачу аддзячыць табе за працу. Тады ніхто ўжо не скажа, што ты працаваў на Асілка дарма.

Ён выняў з кішэні кветку калючага чартапалоху і, аддаўшы яе Анры, сказаў:

- Калі ты вернешся дадому і табе чаго-небудзь захочацца, панюхай гэты чартапалох.

Асілкаў падарунак здаўся Анры не надта шчодрым, але хлопчык узяў яго з удзячнай усмешкаю. У тое ж імгненне Асілак свіснуў так, што ўся гара скаланулася; мур разам з Асілкам зніклі, і Анры рушыў далей.

 

Раздзел 5. Паляванне

 

Калі да вяршыні заставалася ісці ўсяго паўгадзіны, дарогу Анры перагарадзіла шырокая прорва. Яна была такая шырокая, што пераскочыць цераз яе было ніяк немагчыма, і такая глыбокая, што дна ў яе было зусім не відаць. Але Анры гэта не напалохала. Ён пайшоў па беразе і ішоў вельмі і вельмі доўга, але ўрэшце вярнуўся на тое самае месца, дзе быў упачатку. І тады ён зразумеў, што прорва агінае ўсю гару.

- Што рабіць? - падумаў Анры. - Ледзь толькі мне ўдаецца адолець адну перашкоду, як узнікае другая. Як жа мне перабрацца на той бок?

На вочы беднаму хлопчыку набеглі горкія слёзы. Ён пачаў разважаць ды меркаваць, як яму перайсці цераз прорву, але колькі ні думаў, так і не змог нічога прыдумаць. Ён, сумна сеў на беразе каля прорвы, і ў тую ж хвіліну пачуў страшны рык. Азірнуўшыся, ён убачыў усяго за дзесяць крокаў ад сябе вялізнага Воўка, які глядзеў на яго вогненнымі вачыма.

- Што ты робіш у маіх уладаннях? - спытаўся Воўк сярдзітым голасам.

- О, спадар Воўк! - адказаў яму Анры. - Я шукаю кветку жыцця, каб вылечыць маю маму, бо яна памірае. І калі вы дапаможаце мне перабрацца на той бок, я абяцаю зрабіць усё, што вы загадаеце.

- Ну што ж, хлопча, калі ты здолееш пералавіць усю дзічыну ў маіх лясах, усіх жывёл і птушак, а пасля іх спячэш ці падсмажыш, клянуся гонарам чарадзея гэтай гары - я прапушчу цябе на той бок. Усё, што спатрэбіцца табе ў паляванні й кухарстве, ты знойдзеш пад гэтым дрэвам. Калі ж усё будзе зроблена, пакліч мяне. І, прамовіўшы гэтыя словы, Воўк знік. Анры зноў акрыяў духам. Ён узяў пад дрэвам лук са стрэламі і пайшоў у лес біць курапатак, чэпікаў, рабчыкаў ды цецерукоў. Але страляць ён не ўмеў і не мог ні ў кога пацэліць. Так прайшло цэлыя восем дзён. Ён пачаў быў ужо траціць надзею, калі раптам убачыў Крумкача, якога ўратаваў, калі йшоў да гары.

- Ты ўратаваў мне жыццё, - пракаркаў Крумкач, - і я абяцаў, што таксама табе прыдамся. Вось я і прыляцеў, каб дапамагчы. Бо, калі ты не выканаеш Воўчага загаду, ён з'есць цябе замест дзічыны. Хадзі за мной: я буду паляваць, а ты будзеш напаляванае збіраць ды смажыць.

Сказаўшы гэта, Крумкач паляцеў наперад і глюгай ды пазурамі пачаў забіваць усякую жывёлу ці птушку, што траплялася яму па дарозе. Так ён паляваў сто пяцьдзесят дзён і набіў за гэты час мільён васемсот шэсцьдзесят тысяч семсот дваццаць шэсць казуляў, курапатак, чэпікаў, рабчыкаў, цецерукоў ды перапёлак.

Калі Крумкач забіваў іх, Анры адразу іх разбіраў, абскубаў ці абельваў, а потым пёк або смажыў. Калі ж усё было скончана, Анры расклаў нагатаваную дзічыну на ўзлеску, і Крумкач сказаў яму:

- Бывай, Анры, цяпер перад табой засталася апошняя перашкода. І хоць я не змагу табе дапамагчы, не страчвай надзеі. Чараўніцы бароняць сыноўскую любоў!

І не паспеў Анры падзякаваць Крумкачу, як той знік. Тады Анры паклікаў Воўка і сказаў яму:

- Вось, спадар Воўк, гэта ўся дзічына з вашых лясоў. Я згатаваў яе, як вы мне загадвалі. Калі ласка, прапусціце цяпер мяне цераз прорву.

Воўк агледзеў дзічыну, пакаштаваў смажанага і печанага, аблізнуўся і адказаў Анры:

- Ты добры і слаўны хлопчык, і я хачу аддзячыць табе за працу. Тады ніхто ўжо не скажа, што ты працаваў на Воўка дарма, і ён нічым табе не сплаціў.

Сказаўшы гэта, Воўк пабег у лес, прынёс палку і паклаў яе перад Анры.

- Вось табе мой падарунак, - сказаў ён. - Калі ты здабудзеш кветку жыцця і табе захочацца апынуцца дзе-небудзь далёка, сядай на гэтую палку, як на каня, і яна перанясе цябе, куды ты пажадаеш.

Анры хацеў закінуць дурацкую палку ў лес, але падумаў, што гэта будзе няветліва, і падзякаваў Воўку.

- А цяпер сядай мне на спіну, - сказаў Воўк.

Анры залез Воўку на спіну, той разбегся і так моцна скочыў, што пераляцеў над усёю прорвай і апынуўся на другім беразе. Анры злез на зямлю, падзякаваў Воўку і рушыў далей.

 

Раздзел 6. Рыбалка

 

Нарэшце ён заўважыў агароджу сада, дзе расла чароўная кветка. Яго сэрца зайшлося ад шчасця, і, задраўшы галаву ўгору, ён пабег, колькі хапала сілы. Але раптам адчуў, што некуды падае. Ён адразу адскочыў назад і ўбачыў перад сабой роў, поўны вады. Роў быў шырокі і вельмі доўгі, так што не было відаць, дзе ён канчаецца.

- Напэўна, гэта і ёсць апошняя перашкода, пра якую казаў Крумкач, - падумаў Анры. - Але ж змог я адолець усе ранейшыя перашкоды, значыць, і гэтую адолею. Я ўпэўнены, што Добрая фея мне дапаможа. Гэта ж яна паслала мне Пеўня і Крумкача, а потым Дзядка, Асілка і Воўка. Значыць, я дачакаюся яе дапамогі і гэты раз.

Падумаўшы гэтак, Анры пайшоў уздоўж рова, спадзеючыся знайсці, дзе ён канчаецца. Але праз два дні ён вярнуўся на тое самае месца, дзе быў упачатку.

Анры гэта не засмуціла, і ён зусім не разгубіўся. Ён сеў на беразе і сказаў:

- Я не сыйду з гэтага месца, пакуль які-небудзь чарадзей не дазволіць мне перабрацца цераз гэты роў.

І толькі ён сказаў гэтыя словы, як перад ім узнік вялізны Кот, які пачаў так страшна мяўкаць, што ледзь не аглушыў беднага хлопца.

- Што табе трэба, і навошта ты сюды прыйшоў? - сказаў Кот. - Ці ведаеш ты, што я адным сваім кіпцюром магу разадраць цябе на шматкі?

- Дарагі Кот, я не сумняваюся ў вашай сіле, - адказаў Анры. - Але ж вы не зробіце мне нічога дрэннага, калі даведаецеся, што я прыйшоў па кветку жыцця. Яна патрэбная мне, каб уратаваць маю маму, бо яна памірае. Калі ласка, дазвольце мне перабрацца цераз гэты роў, і я зраблю ўсё, што вы загадаеце.

- Праўда? - сказаў Кот. - Ты мне падабаешся. Ну, дык слухай: калі ты вылавіш усю рыбу, што водзіцца ў гэтым рове, а потым падсмажыш яе ці пасоліш, я даю табе слова гонару, што прапушчу цябе на той бок. Усё, што спатрэбіцца табе ў працы, ты знойдзеш тут, на пяску. Калі ж усё будзе зроблена, пакліч мяне.

Кот знік, а Анры агледзеўся і ўбачыў побач шмат розных сетак, вудаў ды рыбалоўных зазубняў. Падумаўшы, што вудай лавіць будзе доўга, ён узяў сетку і закінуў яе ў ваду. Ён спадзяваўся, што зловіць адразу шмат рыбы. Але выцягнуўшы сетку на бераг, убачыў, што ў ёй нічога няма. Ён з прыкрасцю падумаў, што, напэўна, зрабіў нешта не так. І зноў закінуў сетку, але калі зноў яе выцягнуў, яна аказалася зноў пустая. Набраўшыся цярпення, Анры закідваў і выцягваў сетку яшчэ цэлыя дзесяць дзён, але так і не злавіў ніводнае рыбіны. Тады ён адклаў сетку і закінуў вуду.

Ён чакаў гадзіну і дзве, але ніводная рыбіна не бралася на зазубень. Тады ён перайшоў трошкі далей, потым яшчэ далей і яшчэ, і так, пераходзячы з месца на месца, абышоў усю гару. Але так і не злавіў ніводнае рыбіны, патраціўшы яшчэ пятнаццаць дзён. Не ведаючы, што рабіць, ён прыгадаў Добрую фею і падумаў, што яна, відаць, забылася на яго. Ён сумна сеў на беразе і пачаў глядзець на ваду. Вада раптам забулькала, і на паверхню высунулася Жабіна галава.

- Анры, - прамовіла Жаба, - ты ўратаваў мне жыццё, і ў падзяку я хачу ўратаваць жыццё табе. Бо калі ты не выканаеш загаду, Кот з'есць цябе замест рыбы. Сам ты, на жаль, нічога злавіць не зможаш: роў вельмі глыбокі, і ўся рыба хаваецца на самым дне. Але я табе дапамагу: я буду лавіць рыбу, а ты, пакуль тое, раскладай агонь ды рыхтуй бочкі - будзеш яе саліць або смажыць.

Прамовіўшы гэтыя словы, Жаба дала нырца, і Анры ўбачыў, як вада ў рове адразу забурліла, нібыта на дне пачалася вялікая бойка. Праз хвіліну Жаба вынырнула, трымаючы ў лапах тоўстага ласося. Не паспеў Анры яго падабраць, як Жаба прынесла новую рыбіну: гэта быў карп. Так яна лавіла рыбу шэсцьдзесят дзён. Вялікіх рыбін Анры смажыў на патэльні, а малых складаў у бочкі ды саліў. Калі мінула два месяцы, Жаба выскачыла на бераг і сказала:

- Ну вось, цяпер у рове не засталося ніводнае рыбіны. Можаш клікаць Ката.

Анры шчыра падзякаваў Жабе і паціснуў ёй мокрую лапу. Жаба ўсміхнулася і знікла.

Яшчэ пятнаццаць дзён Анры смажыў рыбу ды саліў яе ў бочках. А калі ўсё было зроблена, паклікаў Ката, і той адразу ўзнік перад ім.

- Вось, спадар Кот, - сказаў яму Анры, - я пасаліў і пасмажыў усю вашу рыбу. Цяпер, калі ласка, выканайце і вы сваё абяцанне - прапусціце мяне на той бераг.

Кот агледзеў горы смажанай рыбы і бочкі з салёнай, пакаштаваў і той, і другой, аблізнуўся і сказаў Анры:

- Ты слаўны хлопчык, і я хачу аддзячыць табе за працу. Тады ніхто не скажа, што ты працаваў на мяне дарма.

Прамовіўшы гэта, Кот выдраў у сябе адзін кіпцюр і, аддаўшы яго Анры, сказаў:

- Калі ты захварэеш ці адчуеш блізкую старасць, дакраніся гэтым кіпцюром да лба: боль, хвароба ці старасць адразу адступяць. А калі ты дакранешся ім да таго, каго ты любіш і хто любіць цябе, то і з ім будзе тое самае.

Анры шчыра падзякаваў Кату і, узяўшы ў яго чарадзейны кіпцюр, вырашыў адразу пакарыстацца ім, бо вельмі стаміўся і быў зусім змораны. Ледзь ён дакрануўся кіпцюром сабе да лба, як стома знікла, і ён адчуў сябе бадзёрым і свежым, быццам толькі што ўстаў пасля добрага сну.

Кот усміхнуўся і прамовіў:

- А цяпер сядай мне на хвост.

Анры сеў і адразу здзіўлена ўбачыў, што хвост у Ката пачаў хутка расці і выцягвацца, і неўзабаве перанёс яго на другі бераг.

 

Раздзел 7. Кветка жыцця

 

Анры пачціва развітаўся з Катом і пабег да сада, дзе расла кветка жыцця. Да сада заставалася яшчэ метраў сто, і Анры баяўся, каб нейкая новая перашкода не спыніла яго. Але неўзабаве ён дабраўся да садовае агароджы.

Ён пашукаў фортку і хутка яе знайшоў, бо сад быў зусім невялікі. Але ў ім расло столькі розных незнаёмых раслін, што знайсці сярод іх кветку жыцця было немагчыма.

На шчасце Анры прыгадаў, што Добрая фея сказала яму паклікаць доктара, які даглядае за чарадзейным садам. Ён голасна крыкнуў і не паспеў нават вокам міргнуць, як расліны побач з ім заварушыліся, і з іх выйшаў маленькі чалавечак ростам не большы за дзяркач. Ён быў у доўгай чорнае мантыі, з круглымі акулярамі на гарбатым носе і трымаў пад пахай тоўстую кнігу.

- Што вам трэба, мой хлопча? - спытаўся Доктар, пазіраючы на Анры. - І як вам удалося дасюль дабрацца?

- Пане Доктар, - адказаў Анры, - мяне паслала да вас Добрая фея. Мне патрэбна кветка жыцця, каб вылечыць маю маму, бо яна памірае.

- Ну што ж, - сказаў Доктар, пачціва прыўзнімаючы шапку, - кожны, каго пасылае сюды Добрая фея, для мяне добры госць. Хадзіце, хлопча, за мной, я дам вам тое, што вы шукаеце.

Ён павярнуўся і пайшоў у глыбіню сада, ды так хутка, што Анры ледзь паспяваў за ім. Ён увесь час баяўся, што адстане ад Доктара, і болей яго не знойдзе, бо Доктар быў такі маленькі, што цалкам знікаў за сцяблінамі высокіх раслін.

Але нарэшце яны падышлі да нейкай расліны, якая стаяла асобна і была ўся абсыпаная прыгожымі кветкамі. Доктар выняў з кішэні садовы нож, зрэзаў адну галінку з кветкай і, аддаўшы яе Анры, сказаў:

- Вось, бярыце і рабіце ўсё так, як сказала вам фея. А вяртаючыся дадому, не выпускайце кветкі з рукі, бо калі вы яе пакладзеце, яна адразу і назаўсёды знікне.

Анры хацеў падзякаваць маленькаму Доктару, але той ужо знік сярод раслін ды лекавых траваў. Застаўшыся адзін, Анры падумаў:

- Як жа мне цяпер хутчэй вярнуцца дадому? Бо калі я, спускаючыся з гары, сустрэну тыя самыя перашкоды, якія сустрэў, пакуль сюды падымаўся, я згублю сваю каштоўную кветку. А без яе мне не ўратаваць маёй беднае мамы!

І тут ён на шчасце ўспомніў пра палку, якую падараваў яму Воўк.

- Зараз паглядзім, - падумаў Анры, - ці праўда, што яна можа перанесці мяне дадому.

Ён сеў верхі на палку і не паспеў падумаць, што хоча апынуцца дома, як адчуў, што падымаецца ў паветра і ляціць некуды з маланкавай хуткасцю.

Праз імгненне ён быў ужо каля ложка, у якім ляжала яго хворая маці.

Ён кінуўся да яе, і пачаў цалаваць ды абдымаць, але маці не варушылася. Тады ён хуценька выціснуў ёй на вусны сок чарадзейнае кветкі, і ў тую ж хвіліну маці расплюшчыла вочы і, абняўшы Анры, ускрыкнула:

- Мілае маё дзіця, мой добры Анры! Дзякуй табе, я была такая хворая, але цяпер я адчуваю сябе цудоўна. І мне вельмі хочацца есці.

Тут яна ўважліва зірнула на сына і са здзіўленнем сказала:

- Але ж ты вельмі вырас, мой мілы хлопчык! Што здарылася? Як ты мог так вырасці за некалькі дзён?

Анры сапраўды падрос на цэлую галаву, бо з таго часу, як ён выйшаў з хаты, прайшло два гады сем месяцаў і шэсць дзён. Цяпер яму было ўжо амаль дзесяць гадоў. Але раней, чым Анры паспеў што-небудзь растлумачыць, акно ў хаце адчынілася, і ў пакоі ўзнікла Добрая фея. Абняўшы Анры, яна падышла да матчынага ложка і расказала кабеце пра ўсё, што зрабіў Анры, каб яе ўратаваць, пра тое, колькі яму давялося адолець цяжкасцяў і перажыць небяспекі, і які ён увесь гэты час быў мужны, цярплівы і добры. Анры чырванеў, слухаючы, як яго хваліць Добрая фея, а маці яшчэ мацней прыціскала яго да сэрца і ўвесь час цалавала. Парадаваўшыся разам з маці і сынам, Добрая фея сказала:

- А цяпер, Анры, можаш пакарыстацца падарункамі, якія далі табе Дзядок і Асілак.

Анры выняў табакерку і адчыніў яе; з табакеркі адразу выйшаў цэлы натоўп маленькіх рабочых - такіх маленькіх, што рост у кожнага быў не большы, чым у пчалы; але іх было так многа, што яны запоўнілі ўвесь пакой. Рабочыя адразу пачалі працаваць, ды так спрытна і хутка, што ўжо праз чвэртку гадзіны збудавалі і абставілі мэбляй прыгожы дом пасярод вялікага сада, да агароджы якога з аднаго боку падыходзіў лес, а з другога - цудоўны поплаў.

- Усё гэта цяпер тваё, мой слаўны Анры, - сказала Добрая фея. - Калі табе будзе чаго не хапаць, то здабыць гэта табе дапаможа падораны Асілкам чартапалох. Падораная Воўкам палка перанясе цябе, куды ты толькі захочаш, а кіпцюр, які падарыў табе Кот, захавае табе і тваёй маці здароўе і маладосць. А цяпер, Анры, бывай, жыві шчасліва і не забывайся, што дабрыня і сыноўская любоў заўсёды прыносяць узнагароду.

Анры кінуўся Добрай феі ў ногі; яна дазволіла яму пацалаваць сабе ў руку, усміхнулася і знікла.

Маці Анры вельмі хацелася ўстаць ды пайсці палюбавацца на новы дом, сад, лес і поплаў, але ў яе не было ніводнай сукенкі: калі яна хварэла, яна вымушаная была пасылаць сына на базар, каб ён прадаў там што-небудзь з яе адзення і хоць трошкі зарабіў ім на хлеб. Таму цяпер у яе зусім нічога не засталося.

- Ах, дарагі сыночку, - сказала яна, - на жаль, я не магу ўстаць, бо ў мяне няма ні спадніцы, ні сукенкі, ні чаравікаў.

- Не бядуйце, мама, - адказаў Анры. - Зараз усё ў вас будзе.

Ён выняў з кішэні чартапалох і, панюхаўшы яго, пажадаў, каб у іх з маці былі чаравікі і добрая вопратка, а ў хаце - абрусы ды бялізна на ложках.

У тую ж хвіліну шафы ў доме напоўніліся адзеннем, маці аказалася апранутаю ў чароўную сукенку з тонкае воўны, а Анры ў цудоўны блакітны гарнітур, і на нагах у іх узніклі прыгожыя чаравікі. Абое ажно ўскрыкнулі ад радасці; маці саскочыла з ложка і разам з Анры пайшла аглядаць новы дом. Тут усяго было ўдосталь: паўсюль стаяла прыгожая і зручная мэбля, на кухні было шмат сама розных каструль, рондаляў і місаў. Але ўсе яны былі пустыя. Тады Анры панюхаў чартапалох і пажадаў, каб на стале быў накрыты добры абед. У тую ж хвіліну перад імі ўзніклі гарачы суп, смажаная бараніна, запечаная курыца і вельмі смачная салата. Яны адразу селі за стол і пачалі есці з такім смакам, што, гледзячы на іх, любы здагадаўся б, што яны не елі цэлыя тры гады. У адзін момант яны праглынулі і суп, і бараніну, і курыцу, а потым і ўсю салату. Наталіўшы голад, маці з дапамогай Анры прыбрала са стала, яны памылі посуд і падмялі ў кухні. А потым заслалі ложкі чыстай бялізнай, якую знайшлі ў шафах, і ляглі спаць, падзякаваўшы Богу і Добрае феі. А маці шчыра падзякавала яшчэ і свайму сыну Анры. Так яны і зажылі ў шчасці ды згодзе: дзякуючы чартапалоху ў іх заўжды было ўсяго ўдосталь; дзякуючы кіпцюру яны ніколі не хварэлі і не старэлі, а палкай яны не карысталіся, бо ў сваім доме ім было добра і нікуды ў іншае месца зусім не хацелася.

У чартапалоха Анры папрасіў толькі парачку добрых кароў, парачку коней ды яшчэ сама неабходнае ў звычайным вясковым жыцці. Ён ніколі не прасіў нічога лішняга - ні з вопраткі, ні з ежы, і таму чартапалох захаваўся ў яго на ўсё жыццё. Колькі ён так пражыў са сваёй маці, ніхто не ведае. Але кажуць, што Каралева феяў зрабіла іх пазней несмяротнымі і забрала да сябе ў палац, дзе яны жывуць і цяпер.

 

Пераклад зроблены з выдання: Comtesse de Segur. La cabane enchantee. Casterman. Tournai, 1979.



Пераклад: Зьміцер Колас