epub
 
падключыць
слоўнікі

Графіня дэ Сэгюр

Казка пра Бландзіну, Добрую Козачку і Катка-Вуркатка

Раздзел 1. Бландзіна
Раздзел 2. Бландзіна згубілася
Раздзел 3. Бэзавы лес
Раздзел 4. Бландзіна прачынаецца першы раз і сустракаецца з Катком-Вуркатком
Раздзел 5. Добрая Козачка
Раздзел 6. Бландзіна прачынаецца другі раз
Раздзел 7. Папугай
Раздзел 8. Раскаянне
Раздзел 9. Чарапаха
Раздзел 10. Падарожжа і вяртанне


Раздзел 1. Бландзіна

 

Жыў сабе аднойчы кароль, на імя Бенэн. Быў ён добры, і ўсе яго вельмі любілі. Баяліся яго толькі злыдні, таму што ён быў справядлівы. Яго жонка, каралева, таксама была вельмі добрая, і звалі яе Дусэта. Была ў караля з каралевай дачка, маленькая прынцэса Бландзіна, якую назвалі так за яе цудоўныя бялявыя валасы, і была яна такая ж добрая і чароўная, як яе бацька і маці.

На няшчасце праз некалькі месяцаў пасля нараджэння Бландзіны каралева памерла, і кароль доўга і многа плакаў ад гора. Бландзіна ж была маленькая і не разумела, што яе мама памерла; яна па-ранейшаму смяялася, гуляла, піла малачко і ціхутка спала. Кароль вельмі любіў Бландзіну, і Бландзіна таксама вельмі любіла свайго бацьку - болей за ўсіх на свеце. Кароль дарыў Бландзіне найпрыгажэйшыя цацкі, найлепшыя цукеркі і найсмачнейшыя ласункі, і дзяўчынка была вельмі шчаслівая.

Ішоў час, і вось аднойчы прыдворныя пачалі прасіць караля, каб ён ажаніўся зноў. Яны хацелі, каб у яго нарадзіўся сын, які пасля свайго бацькі мог бы заняць яго месца на троне. Спачатку кароль адмаўляўся, але ўрэшце такі саступіў настойлівым угаворам прыдворных. Ён паклікаў свайго міністра Лежэ і сказаў:

- Дарагі мой дружа, усе хочуць, каб я ажаніўся зноў. Але пасля смерці маёй дарагой Дусэты на душы ў мяне такі сум, што я не хачу шукаць іншае каралевы. Таму я прашу цябе, знайдзі мне сам такую прынцэсу, якая змагла б прынесці шчасце маёй мілай Бландзіне. Іншага мне не трэба. Ідзі, дарагі дружа, і калі знойдзеш добрую дзяўчыну, прасі ў яе рукі ад майго імя ды вязі да мяне ў палац.

Лежэ адразу выправіўся ў дарогу. Ён аб'ехаў усіх каралёў і бачыў шмат розных прынцэс, але ўсе яны былі брыдкія, гарбатыя ці злыя. Нарэшце прыехаў ён да караля Баламута, у якога, як казалі, была прыгожая, разумная і на выгляд вельмі добрая дачка. Міністру Лежэ яна так спадабалася, што ён адразу ад імя караля Бенэна папрасіў у яе рукі, забыўшыся нават спытаць, ці сапраўды яна такая добрая, як выглядае. Пачуўшы міністраву прапанову, Баламут вельмі ўзрадаваўся: ён быў шчаслівы пазбавіцца ад сваёй дачкі, характар у якой быў злы, зайздрослівы і наравісты. Апроч таго кароль любіў ездзіць у далёкія і блізкія вандроўкі, на паляванне і на скачкі, а з такою дачкой ён не мог сабе гэтага дазволіць. Таму ён адразу пагадзіўся з Лежэ і папрасіў яго нават, каб ён хутчэй вёз прынцэсу да караля Бенэна.

У той жа дзень Лежэ разам з прынцэсай Фур'етай і ўсім яе скарбам, сукенкамі ды аздобамі, пагружанымі аж на чатыры тысячы мулаў, выправіўся дадому.

Пра іхні прыезд кароль Бенэн быў папярэджаны праз пасланца, і калі іх доўгі картэж пад'язджаў да палаца, кароль сам выйшаў сустракаць прынцэсу. Фур'ета здалася яму даволі прыгожай, але ў абліччы ў яе не было такой дабрыні, якая была ў Дусэты. Калі ж Фур'ета ўбачыла Бландзіну, то зірнула на яе такімі злымі вачыма, што маленькая дзяўчынка, якой было ўсяго тры гадкі, спалохалася і заплакала.

- Што з табой? - спытаўся кароль. - Чаму мая добрая, мілая Бландзіна плача, як нейкае дрэннае дзіцё?

- Татачка, тата, - закрычала Бландзіна, хаваючыся ў караля ў абдымках, - не аддавайце мяне гэтай прынцэсе. Я баюся, яна такая злая!

Кароль здзівіўся. Ён зірнуў на прынцэсу Фур'ету, але тая не паспела перамяніць свайго твару, і кароль адразу заўважыў яе страшны позірк, які так напалохаў Бландзіну. У тую ж хвіліну ён вырашыў, што Бландзіна і новая каралева будуць жыць паасобку, а выхаваннем яго дачкі, як і раней, будуць займацца яе мамка і пакаёўка, якія заўсёды і шчыра яе любілі. З гэтага часу каралева мала бачылася з Бландзінай, а калі зрэдку сустракала яе, то не магла схаваць сваёй нянавісці да дзяўчынкі.

Прайшоў год, і нарадзілася ў каралевы дачка, якую назвалі Брунета, таму што ў яе былі чорныя, як смоль, валасы. Брунета была прыгожая, але не такая, як Бландзіна. І апроч таго яна была злосная, як яе маці, і вельмі не любіла Бландзіну, робячы ёй усякія гадасці: яна кусала яе і шчыкала, тузала за валасы, ламала ёй цацкі ды пэцкала яе сама прыгожыя сукенкі. Але добрая Бландзіна ніколі не злавалася на яе, наадварот - яна заўсёды спрабавала знайсці ёй апраўданне.

- Ай, тата, - казала яна каралю, - не сварыцеся на яе, яна ж яшчэ такая маленькая. Яна не разумее, што робіць мне балюча, ламаючы мае цацкі... І за валасы яна мяне торгае, каб падурэць... А кусаецца, проста гуляючы...

Кароль Бенэн абдымаў сваю дачурку Бландзіну і нічога ёй не адказваў. Але ж ён добра бачыў, што Брунета робіць усё гэта толькі праз сваю злосць, а Бландзіна па сваёй дабрыні ўсё ёй даруе. І таму ён любіў Бландзіну ўсё болей і болей, а Брунету - усё менш і менш.

Каралева Фур'ета была не дурная і таксама ўсё добра бачыла, але праз гэта толькі яшчэ больш ненавідзела Бландзіну. І каб яна не баялася караля Бенэна, то ўжо даўно зрабіла б падчарку сама няшчасным дзіцём на свеце. Але кароль забараняў каралеве заставацца сам-насам з Бландзінай, і яна не адважвалася парушыць яго загаду, бо чула, што ён справядлівы і сурова карае за непаслушэнства.

 

Раздзел 2. Бландзіна згубілася

 

Ішоў час, Бландзіне споўнілася сем гадоў, а Брунеце тры. Кароль падарыў Бландзіне чароўную брычку, запрэжаную двума страўсамі, якімі кіраваў маленькі паж. Пажу было дзесяць гадоў, і клікалі яго Гурмандзінэ. Ён быў пляменнік Бландзінінай мамкі і ведаў Бландзіну ад самага яе нараджэння. Ён заўсёды гуляў разам з ёю і вельмі яе любіў, а Бландзіна адказвала яму ўсёй сваёй дабрынёй. Але была ў пажа адна страшная загана: ён быў такі ласун і так любіў розныя слодычы, што за мяшэчак цукерак быў здольны нават на дрэнны ўчынак. Таму Бландзіна часта казала яму:

- Хоць ты і добры хлопчык, Гурмандзінэ, але мне не падабаецца, што ты такі аб'ядайла. Ужо, калі ласка, як-небудзь выпраў гэтую брыдкую сваю загану, іначай ніхто і ніколі цябе не будзе любіць.

Гурмандзінэ цалаваў ёй у руку і абяцаў выправіцца, але ўсё роўна цягаў цесткі з кухні ці цукеркі з буфета і быў часта сцябаны за сваё абжэрства і непаслухмянасць.

Аднойчы пра загану маленькага пажа дачулася каралева Фур'ета. Яна адразу падумала, што зможа выкарыстаць гэтую загану на шкоду Бландзіне. І вось што яна вырашыла зрабіць.

На сваёй брычцы, запрэжанай страўсамі, Бландзіна вельмі любіла катацца па садзе, які шырыўся вакол палаца, і вазіў яе на гэтыя прагулкі Гурмандзінэ. Сад быў абнесены агароджай, а за ёй пачынаўся прыгожы бязмежны лес. Гэты лес называлі Бэзавым, бо круглы год у ім квітнелі чароўныя кусты бэзу. Але ніхто не хадзіў у той лес, бо ўсе ведалі, што ён зачараваны: хто хоць аднойчы туды трапляў, той ніколі ўжо з яго не вяртаўся. Гурмандзінэ ведаў гэтую страшную гісторыю, і яму было строга забаронена вазіць у той бок Бландзіну, каб яна выпадкова не пралезла паміж прутамі ў агароджы і не трапіла ў Бэзавы лес.

Шмат разоў кароль спрабаваў паставіць вакол сада высокі каменны мур ці хоць бы зрабіць шчыльней пруты ў агароджы, каб паміж імі няможна было пралезці, але кожны раз, як муралі завяршалі працу, нейкая невядомая сіла ўсё знішчала, і мур ці агароджа самі сабой знікалі.

І вось, каб паддобрыцца да Гурмандзінэ і ўбіцца яму ў давер, каралева Фур'ета пачала кожны дзень частаваць яго сама рознымі ласункамі. Урэшце Гурмандзінэ так прызвычаіўся да ўсякіх слодычаў, што ўжо й паўдня не мог пражыць без цукеркі, жэле ці пірожнага, якімі яго ўволю карміла каварная гаспадыня. Тады яна паклікала яго да сябе і сказала:

- Гурмандзінэ, я хачу нешта ў цябе папрасіць, і калі ты пагодзішся, у цябе будзе цэлы куфар цукерак і розных ласункаў, калі ж не - ты болей ніколі не будзеш іх есці.

- Як не буду?! О, пані, без іх я памру ад тугі. Скажыце хутчэй, што я павінен зрабіць, і я ўсё выканаю.

Тады каралева пільна зірнула на яго і прамовіла:

- Ты павінен завезці прынцэсу Бландзіну ў канец сада, дзе пачынаецца Бэзавы лес.

- Але я не магу зрабіць гэтага, пані, кароль мне строга забараніў, - адказаў няшчасны хлопец.

- Ах, ты не можаш? - незалюбіла каралева. - Ну што ж, тады бывай. Больш ты не ўбачыш ад мяне ніводнае слодычы, і я забараню ўсім, каб табе іх давалі.

- О, пані, - плачучы, пачаў прасіць Гурмандзінэ, - не будзьце такою жорсткай! Дайце мне любы іншы загад, які я змагу выканаць.

- Паўтараю табе яшчэ раз: я хачу, каб ты завёз Бландзіну да Бэзавага лесу і зрабіў так, каб яна сышла з брычкі, пералезла за агароджу і ўвайшла ў гэты лес.

- Але, пані, - увесь збялеўшы, зноў пачаў маліць Гурмандзінэ, - калі прынцэса ўвойдзе ў той лес, яна ўжо ніколі з яго не выйдзе. Вы ж ведаеце, што гэты лес зачараваны. І пасылаць туды прынцэсу - значыць пасылаць яе на немінучую смерць.

- Трэці і апошні раз я пытаюся ў цябе: павязеш ты Бландзіну да лесу ці не? Выбірай жа - або поўны куфар цукерак, які я буду напаўняць кожны месяц, або ўвогуле і назаўжды ніякіх слодычаў ды ласункаў.

- Але як я потым здолею пазбегнуць той страшнае кары, якую мне прызначыць кароль?

- Пра гэтае не турбуйся. Як толькі табе ўдасца завабіць Бландзіну ў Бэзавы лес, прыязджай да мяне. Я дам табе абяцаныя цукеркі і падрыхтую ўсё, каб ты адсюль з'ехаў.

- О, пані, пашкадуйце, не прымушайце мяне губіць маю дарагую прынцэсу. Яна была са мною заўсёды такая добрая!

- Ты яшчэ не рашаешся, нягоднік! Якая табе розніца, што будзе з Бландзінай? Я абяцаю табе, што потым зраблю ўсё, каб цябе ўзялі на службу да Брунеты, і буду сама сачыць, каб у цябе заўсёды было ўдосталь цукерак.

Некалькі хвілін Гурмандзінэ ўсё яшчэ не рашаўся, але ўрэшце, як гэтага не шкада, пагадзіўся ахвяраваць сваёю добрай маленькаю гаспадыняй, прамяняўшы яе на некалькі фунтаў цукерак. Увесь вечар і ўсю ноч ён мучыўся ад думкі, што павінен зрабіць вялікае злачынства. Але ж адмовіўшыся выканаць загад каралевы, ён ніколі ўжо не змог бы паласавацца смачнымі слодычамі! Такая перспектыва яго палохала яшчэ болей, і таму, паспадзяваўшыся, што аднойчы, з дапамогаю якой-небудзь магутнай чараўніцы, ён усё роўна здолее адшукаць Бландзіну ў зачараваным лесе, ён адкінуў усе сумненні і вырашыў падпарадкавацца каралеве.

Назаўтра, гадзіне а чацвёртай, Бландзіна папрасіла, каб ёй падалі яе маленькую брычку. Сеўшы ў яе, яна развіталася з бацькам і паабяцала, што праз дзве гадзіны вернецца дадому. Сад быў вялікі. І спачатку Гурмандзінэ накіраваў страўсаў у адваротным напрамку ад таго месца, дзе пачынаўся Бэзавы лес.

Калі ж яны ад'ехаліся так далёка, што з палаца іх ужо было не відаць, ён перамяніў напрамак і паехаў проста да агароджы, за якой шырыўся Бэзавы лес. Па дарозе ён увесь час быў маўклівы і сумны: злачынства, якое ён мусіў учыніць, увесь час не давала яму спакою і кроіла сэрца.

- Што з табой, Гурмандзінэ? - спытала ў яго Бландзіна. - Ты ўвесь час маўчыш. Ты часам не захварэў?

- Не, прынцэса, - адказаў Гурмандзінэ, - я адчуваю сябе добра.

- Але ж ты такі бледны! Скажы, што з табой, бедны Гурмандзінэ. Я абяцаю, што зраблю ўсё, каб табе было лепей.

Расчуліўшы Гурмандзінэ сваёй дабрынёй, Бландзіна сябе амаль уратавала. Але ўспамін пра цукеркі, паабяцаныя каралевай Фур'етай, прымусіў хлопца прагнаць свае добрыя пачуцці.

І не паспеў ён нічога адказаць, як страўсы ўпёрліся ў агароджу, за якой рос зачараваны Бэзавы лес.

- Ах! - ускрыкнула Бландзіна. - Які прыгожы бэз! І як ён чароўна пахне! Вось добра было б сабраць вялікі букет і падарыць яго тату! Гурмандзінэ, калі ласка, злезь з брычкі і прынясі мне некалькі галінак.

- Я не магу, прынцэса, - азваўся маленькі паж. - Пакуль мяне не будзе, страўсы могуць уцячы.

- Ну і што? - сказала Бландзіна. - Я і сама магу на іх даехаць да палаца.

- Але тады кароль будзе сварыцца, што я вас пакінуў адну. Можа, вы лепей самі сходзіце па гэтыя кветкі ды выбераце, якія вам больш спадабаюцца.

- І праўда, - пагадзілася Бландзіна. - А то мне будзе вельмі непрыемна, калі на цябе, мой бедны Гурмандзіне, будуць з-за мяне сварыцца.

І сказаўшы гэта, Бландзіна саскочыла з брычкі, пралезла паміж прутоў у агароджы і пачала збіраць кветкі.

Як толькі яна гэта зрабіла, у Гурмандзінэ ўсё ўсярэдзіне здрыганулася і яго пачалі мучыць згрызоты. Яму захацелася выправіць сваё злачынства, паклікаць Бландзіну назад. Але хоць прынцэса была ўсяго за дзесяць крокаў, і ён яе выдатна бачыў, яна зусім не чула ягоных крыкаў і ўсё глыбей заходзіла ў зачараваны лес. Гурмандзінэ доўга яшчэ глядзеў, як яна збірае прыгожыя кветкі, пакуль прынцэса зусім не знікла з вачэй.

Не ведаючы, што рабіць, хлопец горка заплакаў, ён праклінаў сваю ненаеднасць і ненавідзеў каралеву Фур'ету. Але прыгадаўшы, што час, калі Бландзіна павінна вярнуцца ў палац, ужо зусім блізкі, ён нарэшце паехаў назад і задворкамі прыбег да каралевы, якая яго чакала. Убачыўшы, які ён бледны і якія ў яго чырвоныя і заплаканыя ад нячыстага сумлення вочы, каралева здагадалася, што Бландзіна прапала.

- Ты ўсё зрабіў? - спытала яна.

У адказ Гурмандзінэ толькі кіўнуў галавой, бо гаварыць у яго не было сілы.

- То хадзі за мной, - сказала яму каралева. - Вось твая ўзнагарода.

І яна паказала пажу на вялікі куфар, поўны сама розных цукерак. Потым яна паклікала служку і загадала яму пагрузіць гэты куфар на аднаго з тых мулаў, на якіх прывезлі яе каштоўнасці і аздобы.

- Гурмандзінэ завязе гэты куфар майму бацьку, - сказала каралева і дадала, павярнуўшыся да пажа. - Выязджай зараз жа, а праз месяц прыедзеш зноў і завязеш яшчэ адзін куфар.

У тую ж хвіліну яна неўпрыкмет сунула хлопцу ў руку мяшэчак з залатымі манетамі. Гурмандзінэ нічога не адказаў і моўчкі залез на мула. Доўга не думаючы, ён адразу пусціў наўзгалоп; але мул быў вельмі натурысты і ўпарты, і, хутка стаміўшыся ад цяжкага куфра, ён пачаў кідацца з боку ў бок, брыкацца і нарэшце такі скінуў Гурмандзінэ разам з усімі яго цукеркамі. Хлопец яшчэ не ўмеў добра ездзіць нават на кані, не тое, што на муле, і, зляцеўшы на зямлю, ударыўся галавой аб камень і тут жа памёр. Ён так і не змог скарыстацца ўзнагародаю за сваё злачынства, бо не паспеў з'есці ніводнае цукеркі, падоранай яму каралевай.

Ніхто яго не пашкадаваў, бо ніхто яго й не любіў у палацы, апроч беднай Бландзіны, якая ў гэты самы час блукала па зачараваным Бэзавым лесе.

 

Раздзел 3. Бэзавы лес

 

Апынуўшыся ў лесе, Бландзіна пачала збіраць прыгожыя кветкі. Яна радавалася, што іх так многа і што ў іх такі добры пах. Збіраючы, яна заходзіла ўсё далей і заўважала яшчэ прыгажэйшыя кветкі, тады яна вытрасала фартух і шапку і пачынала збіраць новыя.

Так прайшла цэлая гадзіна. Бландзіне ўжо зрабілася горача, а букет быў такі цяжкі, што яна пачала стамляцца. І тады яна вырашыла, што пара вяртацца ў палац. Яна павярнулася і ўбачыла, што з усіх бакоў яе абступае бэз.

Яна паклікала Гурмандзінэ, але ніхто не адказаў. «Здаецца, я адышлася трошкі далей, чым думала, - сказала Бландзіна. - Што ж, хоць я і стамілася, давядзецца ісці назад. Гурмандзінэ пачуе мяне і выйдзе насустрач.»

Яна рушыла назад па сваіх слядах, але колькі ні йшла, дрэвы і кусты не радзелі і ўскрайку леса было не відаць. Яна зноў доўга клікала Гурмандзінэ, але ёй зноў ніхто не адказаў. І тады ёй зрабілася страшна.

- Што са мной будзе ў гэтым лесе? І што падумае мой бедны тата, убачыўшы, што я не вярнулася? А небарака Гурмандзінэ? Ён жа не адважыцца вярнуцца ў палац без мяне: на яго будуць сварыцца, а можа нават адлупцуюць! І ўсё гэта з-за мяне, з-за таго, што мне захацелася назбіраць гэтага бэзу... Ах, якая я няшчасная! Цяпер я памру ў гэтым лесе ад смагі і голаду, калі ўначы мяне не задзяруць злыя ваўкі.

Бландзіна кінулася пад высокім дрэвам на зямлю і горка заплакала. Яна плакала вельмі доўга, але ўрэшце стома перамагла яе смутак, і, паклаўшы пад галаву букет, яна моцна заснула.

 

Раздзел 4. Бландзіна прачынаецца першы раз і сустракаецца з Катком-Вуркатком

 

Так Бландзіна праспала ўсю ноч. Ніводзін драпежны звер не патрывожыў яе спакойнага сну, і холад яна не адчула. Назаўтра яна прачнулася позна і, калі працерла вочы, здзіўлена ўбачыла, што з усіх бакоў яе абступаюць нейкія дрэвы і што ляжыць яна зусім не ў сваім ложку і не ў сваім пакоі. Яна паклікала пакаёўку і пачула ў адказ ціхае мяўканне. Здзівіўшыся і амаль спалохаўшыся, яна пачала азірацца вакол і ўбачыла каля сваіх ног прыгожага белага ката, які ласкава глядзеў на яе і мяўкаў.

- Ах, ты, Каток-Вуркаток, які ж ты прыгожы! - сказала Бландзіна і пагладзіла ката па яго белай, як снег, ільснянае поўсці. - Я вельмі радая цябе бачыць. Ты ж завядзеш мяне да сваёй хаткі? Але я такая галодная, што напэўна, нікуды не змагу дайсці, пакуль не паем.

Толькі яна сказала гэтыя словы, як Каток-Вуркаток мяўкнуў яшчэ раз і паказаў сваёй маленькаю лапкай на невялікі пакунак, які ляжаў побач з ёй. У чыстай белай тканіне было нешта загорнута. Бландзіна разгарнула тканіну і ўбачыла некалькі лусценяў з маслам.

Яна пакаштавала адзін і адразу адчула, што лусцені вельмі смачныя. Тады яна адламала некалькі кавалачкаў Катку-Вуркатку, і той з вуркатаннем пачаў іх есці. Было відаць, што лусцені яму таксама вельмі падабаюцца.

Калі Бландзіна добра пад'ела, яна нахілілася да Катка-Вуркатка, палашчыла яго і сказала:

- Дзякуй табе, Каток-Вуркаток, за тое, што ты прынёс мне сняданак. Можа, цяпер ты завядзеш мяне да майго бацькі? Бо ён, напэўна, вельмі хвалюецца, што мяне так доўга няма.

Каток-Вуркаток зірнуў на Бландзіну і апусціў галаву.

- Ах, Каток-Вуркаток, дык ты мяне разумееш? - здагадалася Бландзіна. - Тады, калі ласка, пашкадуй мяне, завядзі хоць да якой-небудзь хаткі. Бо адна я загіну ў гэтым страшным лесе ад холаду, голаду і розных жахаў.

Каток-Вуркаток зноў зірнуў на Бландзіну і, кіўнуўшы ў знак таго, што ўсё разумее, устаў, ступіў некалькі крокаў і азірнуўся, каб паглядзець, ці ідзе Бландзіна за ім.

- Я іду-іду, Каток-Вуркаток, - сказала Бландзіна, - іду за табой. Але як мы зможам прабрацца скрозь гэты гушчар? Тут жа няма ніякай сцяжынкі.

Замест адказу Каток-Вуркаток смела рушыў наперад. І раптам кусты пачалі самі сабой расступацца, даючы ім дарогу, а потым зноў злучаліся ў іх за спінаю, утвараючы непралазны гушчар. Так Бландзіна ішла цэлую гадзіну.

Лес паступова пачынаў святлець, трава рабілася болей мяккая, вакол раслі рознакаляровыя кветкі, спявалі, хаваючыся ў лістоце, прыгожыя птушкі, па галінках бегалі вавёркі. Бландзіна не сумнявалася, што хутка ўжо зможа выйсці з гэтага лесу і ўбачыць свайго дарагога бацьку. Усё, што яна цяпер бачыла вакол, вельмі радавала яе. Ёй нават хацелася спыніцца і назбіраць трошкі кветак, але Каток-Вуркаток увесь час бег наперадзе і кожны раз, як яна спынялася, пачынаў жаласна мяўкаць.

Так прайшла яшчэ гадзіна, і нарэшце Бландзіна ўбачыла велічны замак. Каток-Вуркаток падвёў яе да мура з магутнымі залачонымі кратамі і спыніўся. Але краты былі апушчаныя, і Бландзіна не ведала, як увайсці, бо нідзе не было нават званка. Яна пачала азірацца і ўбачыла, што Каток-Вуркаток знік і яна засталася адна.

 

Раздзел 5. Добрая Козачка

 

А Каток-Вуркаток прайшоў у маленечкую фортку, якая была зроблена, відаць, спецыяльна дзеля яго. Ён, напэўна, кагосьці папярэдзіў у замку, бо краты раптам падняліся, і Бландзіна ўвайшла на двор.

Тут зноў нікога не было, і дзверы ў замак адчыніліся самі сабой, прапускаючы Бландзіну ў вялікую залу, дзе ўсё было з рэдкага белага мармуру. Бландзіна пайшла наперад і пачала пераходзіць з аднаго пакоя ў другі, і ўсе дзверы, як і раней, самі адчыняліся перад ёю. Нарэшце яна трапіла ў чароўную залу, пафарбаваную ў блакітны і залацісты колер, і ўбачыла ў дальнім куце козачку, якая адпачывала на ложы з духмяных траваў. Побач з Козачкай сядзеў і Каток-Вуркаток. Убачыўшы Бландзіну, Козачка ўстала, падышла да яе і прамовіла:

- Шчыра вітаю цябе, Бландзіна. Мы з маім сынам Катком-Вуркатком даўно ўжо чакаем цябе.

Ад нечаканасці Бландзіна крыху спалохалася. І таму Козачка ёй сказала:

- Не бойся, Бландзіна, мы твае сябры. Я ведаю твайго бацьку-караля і люблю яго гэтаксама, як і ты.

- О, пані! - адказала Бландзіна. - Калі вы ведаеце майго бацьку, завядзіце мяне да яго. Ён, напэўна, вельмі хвалюецца, што мяне так доўга няма.

- Дарагая Бландзіна, - прамовіла Добрая Козачка, уздыхнуўшы, - я не магу вярнуць цябе твайму бацьку. Ты знаходзішся тут пад уладаю чарадзея Бэзавага леса. І мы з Катком-Вуркатком таксама яму падпарадкуемся, бо ён магутнейшы за мяне. Але я магу паслаць твайму бацьку сны, якія яго супакояць і раскажуць пра ўсё, што з табою здарылася. У сне я паведамлю яму, што цяпер ты знаходзішся ў мяне.

- Як?! - ускрыкнула з жахам Бландзіна. - Няўжо я болей ніколі не ўбачу майго дарагога бацьку, майго беднага бацьку, якога я так горача і моцна люблю?

- Дарагая Бландзіна, - сказала Добрая Козачка, - не будзем цяпер гаварыць пра будучыню. Дабрыня і паслухмянасць заўсёды бываюць узнагароджаныя. Ты ўбачыш яшчэ свайго бацьку. А пакуль - будзь добрая і паслухмяная, а мы з Катком-Вуркатком зробім усё, што ад нас залежыць, каб ты адчувала сябе шчасліваю.

Бландзіна ўздыхнула, і з вачэй у яе выкацілася некалькі маленькіх слязінак. Але тут жа яна падумала, што будзе не вельмі ветліва ўвесь час заставацца сумнай побач з Добраю Козачкай у падзяку за яе дабрыню. І яна пастаралася быць вясёлай.

Каток-Вуркаток з Добраю Козачкай павялі Бландзіну паказваць, дзе яна будзе жыць. Сцены ў Бландзінінай спальні былі абабітыя ружовым ядвабам, гафтаваным золатам, а мэбля - белым аксамітам, на якім бліскучымі рознакаляровымі ніткамі былі вышытыя сама розныя жывёлы, птушкі, матылькі ды жучкі. Побач быў кабінет, у якім Бландзіна магла вучыцца. Сцены ў кабінеце былі зацягнутыя нябесна-лазуркавым адамашкам, расшытым дробнымі перлінкамі, а мэбля пакрыта срэбна-муараваю тканінай, падбітай цвічкамі з буйнымі бірузовымі галоўкамі. На адной сцяне віселі дзве цудоўныя карціны, на якіх былі намаляваныя нейкая маладая, вельмі прыгожая жанчына і чароўны юнак. Мяркуючы па іх вопратцы, яны належалі да каралеўскага роду.

- Чые гэта партрэты, пані? - спыталася Бландзіна ў Добрай Козачкі.

- Мне забаронена адказваць на гэта пытанне, - сказала Козачка. - Ты даведаешся пра гэта пазней. А цяпер хадзем абедаць. Ты ж, Бландзіна, напэўна, прагаладалася?

Бландзіне сапраўды вельмі хацелася есці. Яна пайшла за Добраю Козачкай і неўзабаве апынулася ў прасторнай зале, дзе быў даволі дзіўна накрыты стол: з аднаго боку ад яго ляжаў белы сацінавы матрац для Добрае Козачкі, а перад матрацам быў пакладзены ахапак свежай, сакавітай травы і стаяла залатое карытца з празрыстай крынічнай вадою. З другога боку стаяў высокі зэдлік для Катка-Вуркатка, і перад ім у залатой місе ляжала смажаная рыба, запечаныя бакасікі і стаяла вялікая конаўка з горнага крышталю з цёплым яшчэ сырадоем.

Паміж Катком-Вуркатком і Добраю Козачкай было падрыхтаванае месца і для Бландзіны: ёй паставілі невялікі фатэль, зроблены з разной слановае косткі і абцягнуты пунсовым аксамітам, які па беражках быў замацаваны цвічкамі з дыяментавымі галоўкамі; на стале стаяла прыгожая залатая талерка з вельмі смачным рагу з рабчыкаў і лясных жаўрукоў, а побач з талеркай ляжалі залатыя відэлец з лыжкай і стаялі шклянка з графінам (таксама, як у Катка-Вуркатка, з горнага крышталю). Не забыліся пакласці Бландзіне і сурвэтку - з такога тонкага бацісту, што раней Бландзіна такога не бачыла. Слугавалі за абедам вельмі спрытныя і прыгожыя газэлі: яны прыносілі і выносілі стравы, угадваючы ўсе жаданні Бландзіны, Добрай Козачкі і Катка-Вуркатка.

Абед быў вельмі багаты: ім падавалі сама розную птушку, сама рэдкую дзічыну, сама далікатную рыбу і сама духмяныя пірагі і ласункі. Бландзіна была галодная і таму пакаштавала кожную страву - і ўсе яны падаліся ёй незвычайна смачнымі.

Пасля абеда Каток-Вуркаток з Добраю Козачкай павялі Бландзіну ў сад і гулялі там па чароўных прысадах, у якіх раслі раскошныя дрэвы са спелымі сакавітымі пладамі. Набегаўшыся ды нагуляўшыся, Бландзіна нарэшце стамілася і пайшла са сваімі новымі сябрамі назад у палац. Там Добрая Козачка прапанавала ёй пайсці спаць, і Бландзіна з радасцю пагадзілася.

У спальні яе ўжо чакалі дзве газэлі, якія павінны былі ёй прыслугоўваць. Яны спрытна дапамаглі ёй распрануцца, паклалі ў ложак і засталіся побач сачыць, каб нішто не патрывожыла яе сну. У ложку Бландзіна прыгадала пра бацьку і трошкі паплакала, шкадуючы, што яго няма побач. Але неўзабаве яна моцна заснула.

 

Раздзел 6. Бландзіна прачынаецца другі раз

 

Бландзіна доўга спала глыбокім сном, а калі прачнулася, ёй падалося, што яна зусім не такая, якая была, калі засынала: яна вельмі вырасла, і думкі ў яе зрабіліся болей дарослыя. У яе было такое ўражанне, быццам яна вельмі паразумнела. Ёй здавалася, што ў сне яна прачытала шмат розных кніжак, шмат пісала, малявала, спявала, грала на арфе і піяніна.

Але пакой быў той самы, у які яшчэ ўчора яе прывяла Добрая Козачка і ў якім яна лягла спаць.

З хваляваннем Бландзіна ўстала з ложка і, падбегшы да люстра, сапраўды ўбачыла, што зрабілася намнога вышэйшая і, што таксама трэба прызнаць, сто разоў прыгажэйшая, чым раней, калі засынала. Яе прыгожыя бялявыя валасы спадалі да самай падлогі, у яе быў чароўны бялюткі твар, вялікія блакітныя вочы, маленькі роўненькі носік, пунсовыя губкі, ружовыя шчочкі і вельмі стройны і зграбны стан з тонкаю таліяй. Усё гэта рабіла яе такою прыгожай, што другой такое красуні ёй ніколі яшчэ не даводзілася бачыць.

Усхваляваная амаль да спалоху тымі зменамі, якія ў ёй адбыліся, Бландзіна хуценька апранулася і пабегла да Добрае Козачкі, якую знайшла ў тым самым пакоі, дзе ўбачыла першы раз.

- Добрая Козачка! Добрая Козачка! - закрычала яна. - Калі ласка, растлумачце мне, як магла са мной здарыцца такая дзіўная перамена? Учора ўвечары, кладучыся спаць, я была маленькай дзяўчынкаю, а сёння раніцай прачнулася ўжо амаль дарослай! Можа, мне гэта толькі здаецца? Ці я сапраўды так вырасла за адну ноч?

- Усё сапраўды так і ёсць, дарагая Бландзіна, - адказала ёй Добрая Козачка. - Цяпер табе ўжо чатырнаццаць гадоў, бо ты спала сем год. Мы з Катком-Вуркатком вырашылі аберагчы цябе ад першых і сама цяжкіх крокаў у вучобе (бо калі ты прыйшла да нас, ты нічога не ўмела, нават чытаць). Таму я ўсыпіла цябе на сем год, і ўвесь гэты час мы з Катком-Вуркатком вучылі цябе і выхоўвалі ў сне. Як відаць па тваіх вачах, ты ўжо адчуваеш, што шмат чаго ведаеш. Хадзем жа ў твой кабінет, і ты сама пераканаешся, што многаму навучылася.

Бландзіна пайшла за Добраю Козачкай у свой кабінет, падбегла да піяніна і, як толькі пачала граць, пачула, што з-пад пальцаў у яе ліецца чароўная музыка. Яна ўзяла арфу і таксама ўпэўнілася, што грае на ёй цудоўна. Заспяваўшы, яна заўважыла ў сябе дзівосны голас; узяўшы ў рукі алоўкі і пэндзлі, пачала маляваць, ды так добра, што ў яе малюнках адчуваўся сапраўдны талент; яна пісала зусім без памылак і вельмі прыгожым почыркам; а зірнуўшы на назвы кніг, якія стаялі на паліцах, прыгадала, што многія з іх ужо чытала. Здзіўленая і вельмі радая, яна кінулася на шыю Добрае Козачцы, ласкава пацалавала Катка-Вуркатка і сказала:

- О, мае добрыя, дарагія, мае сапраўдныя сябры! Як я вам удзячна за тое, што вы пра мяне так паклапаціліся, шмат чаму навучылі й так добра выхавалі! Я адчуваю, што зрабілася цяпер нашмат лепшая, і ў гэтым я абавязаная вам.

Добрая Козачка прытуліла да сабе Бландзіну, а Каток-Вуркаток ласкава лізнуў ёй руку. Калі першая радасць прайшла, Бландзіна апусціла вочы і сціпла спытала:

- Мілыя мае, добрыя сябры, вы не палічыце мяне няўдзячнаю, калі я папрашу вас зрабіць мне яшчэ адну паслугу? Скажыце, што з маім бацькам? Ці ён дагэтуль смуткуе без мяне? Ці быў ён хоць трошкі шчаслівы з таго дня, калі я згубілася ў лесе?

- Твая просьба вельмі зразумелая, дарагая Бландзіна, і мы выканаем яе, - адказала Добрая Козачка. - Зірні ў гэтае люстра, і ў ім ты адразу ўбачыш усё, што адбылося з тваім бацькам пасля твайго знікнення і што з ім цяпер.

Бландзіна падняла вочы і ўбачыла ў люстры бацькаў пакой. Кароль хадзіў па ім вельмі ўсхваляваны. Здавалася, ён некага чакае. Потым да яго зайшла каралева Фур'ета і пачала расказваць, што Бландзіна, нягледзячы на ўсе ўгаворы Гурмандзінэ, захацела сама пакіраваць страўсамі, але тыя не падпарадкаваліся ёй і пабеглі да Бэзавага лесу; там брычка перакулілася, і Бландзіна, пераляцеўшы цераз агароджу, апынулася ў лесе; ад адчаю і жаху, Гурмандзінэ ледзь не страціў розум, і таму каралева адправіла яго да сваіх бацькоў. Пачуўшы гэтую навіну, кароль быў у роспачы, ён кінуўся да Бэзавага лесу шукаць Бландзіну, і яго толькі сілай удалося ад гэтага ўтрымаць. Яго прывялі назад у палац, і ён яшчэ доўга пакутаваў ад скрухі, увесь час клічучы сваю мілую дачурку. Але нарэшце ён заснуў і ў сне ўбачыў Бландзіну ў палацы ў Добрае Козачкі і Катка-Вуркатка. Добрая Козачка супакоіла яго і сказала, што Бландзіна ў яе жыве добра і шчасліва і аднойчы настане дзень, калі яна вернецца да свайго бацькі.

Потым люстра пацьмянела, і ўсё знікла. А калі засвяцілася зноў, Бландзіна зноў убачыла бацьку. Ён пастарэў, валасы ў яго пасівелі. Ён сумна сядзеў, трымаючы ў руцэ Бландзінін партрэт, цалаваў яго і ціха плакаў. Ён быў адзін, ні каралевы, ні Брунеты Бландзіна не ўбачыла. Бедная Бландзіна горка заплакала.

- Чаму мой бацька адзін? - спытала яна. - Чаму з ім нікога няма? Дзе каралева з маёй сястрою Брунетай?

- Каралева зусім мала смуткавала з-за тваёй смерці (а ўсе лічаць, што ты памерла), і ўрэшце кароль узненавідзеў яе за гэта і паслаў назад да ейнага бацькі, караля Баламута, які загадаў пасадзіць яе ў вежу, дзе яна неўзабаве памерла ад нуды і шаленства. А твая сястра Брунета зрабілася такая злая і невыносная, што летась кароль хуценька аддаў яе замуж за прынца Жарсткена, які ўзяўся выправіць яе злы і зайздрослівы нораў. Прынц абыходзіцца з Брунетаю вельмі жорстка, і яна пачынае ўжо разумець, што злосць не прыносіць ніякага шчасця. Таму яна патроху пачала выпраўляцца. Ты з ёю яшчэ пабачышся і сваім узорам канчаткова выправіш яе.

Бландзіна ласкава падзякавала Добрай Козачцы за навіны і хацела спытаць, калі ж нарэшце зможа ўбачыцца са сваім бацькам? Але падумала, што лепей для гэтага пытання пачакаць іншага выпадку. Бо цяпер Добрай Козачцы можа здацца, што яна спяшаецца пакінуць яе, а гэта будзе няветліва.

Цэлымі днямі Бландзіна была нечым занятая, і часу нудзіцца ў яе не было. Але зрэдку яна ўсё ж сумавала: пагутарыць яна магла толькі з Добраю Козачкай, а Добрая Козачка бывала з ёй толькі на ўроках ды падчас ежы. Каток-Вуркаток не ўмеў размаўляць і, каб Бландзіна яго разумела, усё паказваў на мігах. І газэлі, якія старанна прыслугоўвалі Бландзіне, таксама заўсёды маўчалі.

На шпацыр Бландзіна заўсёды хадзіла з Катком-Вуркатком, які паказваў ёй найлепшыя прысады і найпрыгажэйшыя кветкі. Добрая Козачка ўзяла з Бландзіны слова, што яна ніколі не будзе выходзіць за агароджу парка і ніколі не захоча пайсці пагуляць у лес. Бландзіна часта пыталася ў Добрай Козачкі, чаму ёй нельга туды схадзіць.

Але Добрая Козачка, уздыхаючы, заўсёды адказвала:

- Ах, Бландзіна, нават і не думай хадзіць у гэты лес, ён прыносіць толькі няшчасце. І я зычу, каб ты ніколі болей туды не трапіла!

Выправіўшыся на шпацыр, Бландзіна часам заходзіла ў альтанку, што стаяла на ўзгорку каля самае агароджы, за якой пачынаўся лес. Адтуль яна бачыла прыгожыя высокія дрэвы, чароўныя кветкі, тысячы птушак, якія спявалі, пералятаючы з галінкі на галінку, і нібыта заклікалі яе прыйсці да іх пагуляць. «Ну чаму Добрая Козачка не хоча адпусціць мяне пагуляць у лесе? - думала яна. - Хіба мне можа там што-небудзь пагражаць, калі яна сама мяне абараняе?»

Кожны раз, як яна гэта думала, Каток-Вуркаток, здавалася, прачытваў яе думкі і, ухапіўшы яе за прыпол, адразу пачынаў цягнуць прэч з альтанкі і жаласна мяўкаў.

Тады Бландзіна ўсміхалася і йшла за Катком-Вуркатком гуляць далей па прыгожым, але бязлюдным парку.

 

Раздзел 7. Папугай

 

З таго дня, як Бландзіна прачнулася ад сямігадовага сну, прайшло амаль паўгода. Цяпер ёй здавалася, што час ідзе вельмі марудна. Яна часта ўспамінала бацьку, і гэты ўспамін напаўняў яе сэрца сумам. Добрая Козачка і Каток-Вуркаток, напэўна, здагадваліся пра яе думкі. Каток-Вуркаток пачынаў жаласна мяўкаць, а Добрая Козачка глыбока ўздыхала. Бландзіна рэдка гутарыла з імі пра тое, што яе хвалявала, - яна баялася пакрыўдзіць Добрую Козачку, бо тая і так ужо тры ці чатыры разы казала ёй: «Ты ўбачыш яшчэ свайго бацьку, Бландзіна. Гэта здарыцца, калі табе споўніцца пятнаццаць гадоў. А пакуль, павер, не трэба думаць пра будучыню. І сама галоўнае - не трэба спрабаваць ад нас уцячы.»

Аднойчы раніцай Бландзіна сядзела самотная, разважаючы пра сваё незвычайнае і аднастайнае жыццё. І тут яе думкі развеяліся, бо нехта ціхутка тройчы пастукаў у шыбу. Яна падняла галаву і ўбачыла прыгожага зялёнага папугая з аранжавымі шыйкаю і грудзінкай. Здзівіўшыся нечаканаму незнаёмцу, Бландзіна адчыніла акно і ўпусціла Папугая ў пакой. І здзівілася яшчэ болей, калі птушка загаварыла танюткім траскучым галаском.

- Дзень добры, Бландзіна. Я ведаю, што ты часта сумуеш, бо табе няма з кім пагутарыць. Вось я і прыляцеў пагаварыць з табою. Але, калі ласка, не кажы нікому, што ты мяне бачыла, іначай Добрая Козачка скруціць мне шыю.

- Ды ну, што ты, мілы Папугай, - адказала Бландзіна. - Добрая Козачка нікому не робіць ліха. Яна не любіць толькі злыдняў ды злоснікаў.

- Не, Бландзіна, калі ты не паабяцаеш, што нічога не будзеш расказваць пра мяне Катку-Вуркатку і Добрай Козачцы, то я зараз жа палячу адсюль і ніколі больш не вярнуся.

- Ну добра, мілы Папугай, калі ты ўжо так гэтага хочаш, я абяцаю. Давай трошкі пагутарым: я ўжо так даўно ні з кім не гаварыла! Мне здаецца, што ты вельмі вясёлы і вельмі дасціпны. І я ўпэўненая, што ты чым-небудзь мяне пазабавіш.

І Бландзіна пачала слухаць Папугаевы байкі, а той, як умеў, узяўся расхвальваць Бландзіну за яе прыгажосць, яе таленты і вялікі розум. Бландзіна была зачараваная. Калі прайшла гадзіна, Папугай паляцеў і паабяцаў вярнуцца назаўтра. Так ён прылятаў яшчэ некалькі дзён запар і кожны раз расхвальваў Бландзіну і цешыў яе рознымі байкамі. І вось аднойчы ранкам ён пастукаўся ў шыбу і сказаў:

- Бландзіна, Бландзіна, адчыняй хутчэй, я прынёс табе вестку ад твайго бацькі. Толькі, калі ласка, не шумі, калі не хочаш, каб мне скруцілі шыю.

Бландзіна хуценька адчыніла акно і спытала:

- Няўжо ты сапраўды прынёс мне навіны ад майго бацькі? Кажы хутчэй: што з ім і як ён?

- З тваім бацькам усё добра, Бландзіна, - адказаў Папугай. - Але ён вельмі журыцца, што цябе няма побач. Я паабяцаў яму зрабіць усё, што ў маёй невялікай сіле, каб вызваліць цябе з твайго вязення. Але я змагу зрабіць гэта, толькі калі ты мне дапаможаш.

- З майго вязення? - здзівілася Бландзіна. - Дык ты проста не ведаеш, што Добрая Козачка і Каток-Вуркаток са мной заўсёды вельмі добрыя і ласкавыя і вельмі клапацяцца пра маё выхаванне! Яны вельмі ўзрадаваліся б, каб у іх была магчымасць вярнуць мяне майму бацьку. Мілы Папугай, калі ласка, хадзі са мной, і я пазнаёмлю цябе з Добрай Козачкай.

- Ах, Бландзіна, - адказаў Папугай сваім траскучым галаском, - ты не ведаеш яшчэ Добрае Козачкі і Катка-Вуркатка. Яны ненавідзяць мяне, бо мне ўжо некалькі разоў удавалася ратаваць іхніх ахвяраў. Ніколі табе не ўбачыць свайго бацькі, Бландзіна, і ніколі не выйсці з гэтага леса, калі ты сама не здымеш таго талісмана, які цябе тут трымае.

- Якога талісмана? - зноў здзівілася Бландзіна. - Я ніякага талісмана не ведаю. Дый якая карысць Добрай Козачцы і Катку-Вуркатку трымаць мяне тут у палоне?

- А тая карысць, Бландзіна, што ім тут сумна жыць у адзіноце. Што ж да талісмана, дык гэта звычайная Ружа. Калі ты яе сарвеш, яна вызваліць цябе з твайго вязення, і ты зноў апынешся ў абдымках у свайго бацькі.

- Але ж у садзе няма ніводнае Ружы... Як жа мне яе сарваць?

- Прыйдзе дзень, і я скажу табе гэта. Але сёння мне болей нельга з табою гутарыць: хутка сюды прыйдзе Добрая Козачка. Але каб ты магла пераканацца ў цудадзейнай якасці Ружы, спытай пра яе ў Добрае Козачкі, і ты ўбачыш, які ў яе будзе выгляд. А цяпер - да заўтра, Бландзіна, да заўтра.

І Папугай паляцеў задаволены, што яму ўдалося закінуць у душу Бландзіне першыя зярняткі няўдзячнасці і непаслушэнства.

Як толькі Папугай знік, у пакой увайшла Добрая Козачка. Было відаць, што яна вельмі ўсхваляваная.

- З кім гэта ты тут гутарыла? - спытала яна, насцярожана пазіраючы на расчыненае акно.

- Ні з кім, пані, - адказала Бландзіна.

- Але я ўпэўненая, што чула тут галасы.

- Гэта я, відаць, размаўляла сама з сабою.

Добрая Козачка нічога не адказала, але твар у яе быў сумны, і з вачэй нават выкаціліся некалькі слязінак.

Бландзіна таксама была вельмі ўсхваляваная: Папугаевы словы прымусілі яе зусім іначай зірнуць на тое, што яна робіць у Добрай Козачкі і Катка-Вуркатка. І замест таго, каб падумаць, што козачка, якая ўмее гаварыць па-чалавечы і надзяляць розумам іншых жывёл; якая змагла на сем год усыпіць дзяўчынку і ўвесь гэты час прысвяціла яе выхаванню; якая жыве ў палацы, дзе ёй прыслугоўваюць, як сапраўднай каралеве, што гэтая козачка - незвычайная; і замест таго, каб адчуць да яе ўдзячнасць, Бландзіна слепа паверыла Папугаю, якога зусім не ведала і верыць словам якога ў яе не было ніякай прычыны, як і ў Папугая не было ніякай прычыны дапамагаць Бландзіне, рызыкуючы сваім жыццём. Яна паверыла яму толькі таму, што ён увесь час расхвальваў яе таленты. Цяпер яна ўжо не глядзела з былой удзячнасцю на прыемнае і шчаслівае жыццё, якое ёй падарылі Каток-Вуркаток і Добрая Козачка: яна вырашыла зрабіць усё так, як параіў ёй Папугай.

У той жа дзень, нібы незнарок, яна спытала ў Добрае Козачкі:

- Скажыце, Добрая Козачка, чаму ў Вашым садзе столькі розных прыгожых кветак, а сама чароўнай і сама прыгожай - Ружы - няма?

Пачуўшы гэтае пытанне, Добрая Козачка чамусьці вельмі збянтэжылася і з дрыготкаю ў голасе адказала:

- Бландзіна, ах, Бландзіна, не думай пра гэтую каварную кветку, якая коле кожнага, хто да яе дакранецца. І ніколі не гавары са мною пра Ружу. Ты не ўяўляеш, якая небяспека крыецца для цябе ў гэтае кветцы.

У Добрае Козачкі быў такі суровы выгляд, што Бландзіна не асмелілася болей нічога спытаць.

Дзень скончыўся сумна. Бландзіна адчувала сябе няёмка, Добрая Козачка была незадаволеная, а Каток-Вуркаток - журботны.

Назаўтра Бландзіна, прачнуўшыся, падбегла да акна і ледзь паспела яго адчыніць, як у пакой уляцеў Папугай.

- Ну, што, Бландзіна, - спытаў ён, - бачыла, як збянтэжылася Добрая Козачка, калі ты спытала ў яе пра Ружу? Я абяцаў табе расказаць, як здабыць гэту чароўную кветку, дык вось: табе трэба выйсці з парка і пайсці ў лес. Я палячу разам з табой і пакажу месца, дзе расце найпрыгажэйшая Ружа ў свеце.

- Але як жа я выйду з парка? Са мной на шпацыр заўсёды ходзіць Каток-Вуркаток.

- Пастарайся яго адаслаць, - сказаў Папугай. - А калі ён заўпарціцца, усё роўна не слухай яго і выходзь за агароджу.

- Але ж калі гэтая Ружа расце далёка, у палацы абавязкова заўважаць, што мяне надта доўга няма.

- Ісці трэба сама большае адну гадзіну. Добрая Козачка паклапацілася, каб Ружа была як мага далей і каб ты ніколі не змагла вырвацца з яе палону.

- Але нашто ёй мяне трымаць? Яна такая магутная, няўжо яна не магла знайсці сабе іншых уцех, апроч майго выхавання?

- Гэта ты зразумееш потым, Бландзіна, калі вернешся да свайго бацькі. А цяпер табе трэба быць вельмі рашучаю. Пасля снедання пазбаўся ад Катка-Вуркатка і выходзь у лес. Я буду цябе там чакаць.

Бландзіна паабяцала, што ўсё так і зробіць, і хуценька зачыніла акно, баючыся, каб іх не ўбачыла Добрая Козачка.

Пасля снедання Бландзіна, як зазвычай, пайшла на шпацыр у сад, і Каток-Вуркаток пайшоў разам з ёю. Некалькі разоў яна прасіла Катка, каб ён пакінуў яе адну, але той жаласна мяўкаў і ішоў следам. Калі яны збочылі на дарожку, якая вяла да выхаду з парка, Бландзіна зноў паспрабавала пазбавіцца ад Катка-Вуркатка.

- Я хачу пагуляць адна, - сказала яна. - Ідзі адсюль, Каток-Вуркаток, чуеш?

Але Каток-Вуркаток зрабіў выгляд, быццам не разумее. Тады Бландзіна зусім раззлавалася і, забыўшыся, што яна робіць, ударыла Катка-Вуркатка нагой.

Ад моцнага ўдару Каток-Вуркаток страшна крыкнуў і стрымгалоў кінуўся да палаца.

Роспачны крык Катка-Вуркатка прымусіў Бландзіну апамятацца; яна была ўжо гатовая паклікаць Катка-Вуркатка назад, адмовіцца ад Ружы і расказаць усё Добрай Козачцы. Але зрабіць гэта яна пасаромелася і, павярнуўшыся, рушыла да паркавай агароджы. Дрыготкай рукой яна адчыніла браму і выйшла ў лес.

Да яе зараз жа падляцеў Папугай.

- Смялей, Бландзіна! - закрычаў ён. - Яшчэ гадзіна, і ты атрымаеш Ружу, а потым зможаш нарэшце ўбачыць свайго дарагога бацьку.

Гэтыя словы зноў надалі Бландзіне рашучасці, якую яна пачала была траціць. І яна смела рушыла па сцяжынцы, якую ёй паказваў Папугай, пералятаючы наперадзе з галінкі на галінку. Лес, які з паркавай альтанкі здаваўся такім прыгожым, усё болей гусцеў і ператвараўся ў непралазную нетру. Вакол раслі калючкі, сцежку перагароджвалі вялізныя камяні. Птушак было ўжо не чуваць, і кветкі кудысьці зніклі. Бландзіна пачала адчуваць незразумелую млосць, але Папугай прыспешваў яе:

- Хутчэй, Бландзіна, хутчэй! Час ідзе! Калі Добрая Козачка заўважыць, што цябе няма ў парку, яна кінецца ў пагоню і скруціць мне шыю, а ты ніколі ўжо не ўбачыш свайго бацькі.

Бландзіна была стомленая, яна задыхалася, рукі ў яе былі падрапаныя, чаравікі падраліся. Яна была гатовая ўжо сказаць, што нікуды болей не пойдзе, калі Папугай закрычаў:

- Ну, вось мы й прыйшлі, Бландзіна! Вунь за тым невысокім плотам і расце твая Ружа.

І сапраўды за павароткай сцяжыны Бландзіна ўбачыла невысокі плот. Папугай падляцеў да яго і адчыніў маленькія дзверцы.

Зямля за плотам была сухая і камяністая, але пасярэдзіне буйнеў цудоўны ружовы куст з найпрыгажэйшаю ў свеце Ружай.

- Бяры яе, Бландзіна, цяпер яна па праву належыць табе, - сказаў Папугай.

Болей не разважаючы, Бландзіна ўзялася за галінку і, хоць у пальцы ёй балюча калолі шыпы, сарвала прыгожую кветку.

Як толькі Ружа апынулася ў яе ў руце, пачуўся нечый гучны смех. Ружа выслізнула ў яе з рук і закрычала:

- Дзякуй табе, Бландзіна, што ты вызваліла мяне ад чараў Добрае Козачкі! Я твой злы дух, і цяпер ты належыш мне!

- Ха-ха-ха! - засмяяўся Папугай. - Дзякуй табе, Бландзіна! Цяпер і я нарэшце магу набыць свой звычайны выгляд - выгляд чарадзея. Угаварыць цябе аказалася зусім не так цяжка, як я ўяўляў. Досыць было толькі трошкі пацешыць тваё самалюбства, як ты адразу зрабілася злая і няўдзячная. Ты сама прынесла пагібель сваім сябрам, якія былі мае смяротныя ворагі. Бывай, Бландзіна!

І прамовіўшы гэтыя словы, Папугай разам з Ружай знік і пакінуў Бландзіну адну пасярод дрымучага леса.

 

Раздзел 8. Раскаянне

 

Ад нечаканасці таго, што адбылося, Бландзіна стаяла, не ведаючы, што рабіць. Толькі цяпер яна зразумела, як дрэнна сябе паводзіла, якою аказалася няўдзячнай сваім сябрам, якія былі ёй настолькі адданыя і цэлыя сем гадоў прысвяцілі яе выхаванню і навучанню. Ці захочуць яны цяпер убачыцца з ёю зноўку, ці даруюць ёй гэты ганебны ўчынак? Што з ёй будзе, калі яны не захочуць яе ўпускаць? І што азначала гэтая фраза, прамоўленая брыдкім Папугаем: «Ты сама прынесла пагібель сваім сябрам»?

Бландзіна вырашыла як мага хутчэй вяртацца да Добрае Козачкі. Шыпы і калючкі раздзіралі ёй рукі, ногі і твар, але яна ўпарта прабіралася скрозь непралазны гушчар і праз тры гадзіны няспыннай хады дайшла нарэшце да замка Катка-Вуркатка і Добрае Козачкі.

Але што яна адчула, убачыўшы, што на месцы чароўнага замка ляжалі адны руіны, а замест прыгожых кветак і дрэваў раслі брыдкія калючкі, ваўчкі ды крапіва?!

У жаху і вялікае роспачы Бландзіна паспрабавала прабрацца паміж руінаў, каб паглядзець, што сталася з яе сябрамі. Але раптам з-пад каменя вылезла вялікая Жаба, якая села перад ёй і прамовіла:

- Што табе трэба? Ці не ты сваёю няўдзячнасцю прынесла пагібель сваім сябрам? Ідзі ж прэч і не зневажай іхняй памяці сваёю прысутнасцю!

- Ах! - закрычала Бландзіна. - Бедныя мае сябры, Добрая Козачка і Каток-Вуркаток! Няхай я лепей памру, толькі б гэта магло выправіць гора, якое я вам прычыніла!

І горка заплакаўшы, яна ўпала на зямлю сярод камення і калючага пустазелля. На душы ў яе быў такі боль, што яна не адчувала ўколаў вострых камянёў і шыпоў. Яна плакала вельмі доўга, але нарэшце села і пачала шукаць якога-небудзь прытулку, дзе можна было б схавацца. Але вакол былі толькі камяні ды калючкі.

- Ну, што ж, - сказала яна, няхай мяне раздзяруць лютыя звяры, няхай я памру ад голаду і пакуты, але я ўсё роўна застануся тут, на магіле маіх мілых Катка-Вуркатка і Добрае Козачкі!

І толькі яна прамовіла гэтыя словы, як аднекуль пачуўся голас, які сказаў: «Раскаянне акупае шмат якія грахі!»

Яна падняла галаву і ўбачыла вялікага чорнага Крумкача, што кружыў па-над ёю ў небе.

- Шкада! - адказала яна. - Але ж як бы я ні раскайвалася, гэта наўрад ці верне жыццё Добрай Козачцы і Катку-Вуркатку.

- Будзь мужная, Бландзіна! - зноў пачуўся голас з вышыні. - Акупі свой ганебны ўчынак сваім раскаяннем, не давай нудзе і маркоце завалодаць табою!

Бедная Бландзіна ўстала і рушыла прэч з гэтага месца, якое навявала на яе вялікую роспач. Па маленькай сцяжынцы яна дабралася да той часткі леса, дзе высокія, магутныя дрэвы не давалі разрасціся калючкам. Увесь дол тут быў пакрыты мяккім імхом. Бландзіна зусім знемаглася ад тугі і стомы і, упаўшы пад высокім дрэвам на зямлю, зноў горка заплакала.

- Будзь мужная, Бландзіна! Не страчвай надзеі! - зноў крыкнуў ёй голас.

Яна азірнулася і ўбачыла побач Жабу, якая глядзела на яе са спагадай.

- Мілая Жаба, - сказала Бландзіна. - Ты мне спачуваеш. Але, Божа, што цяпер са мной будзе, калі я засталася адна ў цэлым свеце?

- Захоўвай надзею і мужнасць! - паўтарыў голас.

Бландзіна ўздыхнула і пачала шукаць які-небудзь плод ці ягадку, каб наталіць смагу і голад. Але нічога вакол не было, і яна зноў пачала ліць горкія слёзы.

Раптам яе сумныя думкі развеяла дзіліньканне грамкоў; яна падняла вочы і ўбачыла дзябёлую карову, якая паволі падыходзіла да яе. Карова спынілася і, нахіліўшыся, паказала Бландзіне місу, якая вісела ў яе на шыі.

Узрадаваўшыся нечаканаму паратунку, Бландзіна адчапіла місу і, падаіўшы карову, пачала з асалодаю піць свежае малачко. Малако было такое смачнае, што Бландзіна выпіла ажно дзве місы запар.

Калі яна нарэшце напілася, карова паказала знакам, каб яна прычапіла місу назад, і Бландзіна, усё так і зрабіўшы, пацалавала карове ў шыю і сумна прамовіла:

- Дзякуй, Бяляначка. Я ведаю, цябе, напэўна, паслалі мне ў дапамогу мае няшчасныя сябры. Яны, відаць, з таго свету бачаць раскаянне іх беднай Бландзіны і хочуць палегчыць яе бяду.

- Раскаянне акупае шмат якія грахі! - зноў пачуўся голас.

- Ах! - сказала Бландзіна. - Нават калі я праплачу цэлую сотню гадоў - усё роўна я нічога сабе не дарую. Мне ніколі не будзе прабачэння.

Тым часам набліжалася ноч. І нягледзячы на скруху, Бландзіна падумала, што трэба паклапаціцца пра сховішча, у якім можна было б уратавацца ад лютых звяроў, рык якіх ўжо чуўся ў лясное нетры.

На шчасце, за некалькі крокаў ад сябе яна ўбачыла нешта накшталт невялічкай хаткі, якую ўтваралі шчыльна пераплеценыя галіны густых хмызоў. Трошкі схіліўшыся, яна пралезла пад імі і, калі выпрасталася, убачыла, што тут можна зрабіць вельмі добры прытулак.

Пакуль дзень канчаткова не згас, Бландзіна ўзялася ўладкоўваць сваю каморку: яна прынесла трошкі моху і зрабіла з яго матрац і падушку, а потым, наламаўшы галінак, уторкнула іх у зямлю і схавала ўваход. Скончыўшы працу, яна раптам адчула вялікую стому і ледзь толькі лягла спаць, як адразу заснула.

Прачнулася яна, калі ўжо зусім развіднела. У першую хвіліну яна нават не магла добра ўспомніць, як тут апынулася, але сумная праўда хутка нагадала пра сябе, і Бландзіна зноў, як і ўчора, горка заплакала.

Неўзабаве яе пачаў мучыць голад, і яна занепакоена задумалася, дзе знайсці ежу. І тут да яе зноў даляцела ціхае дзіліньканне. Праз некалькі хвілін карова была каля Бландзінінай каморкі. Бландзіна, як і ўчора, адчапіла місу, надаіла малачка і напілася яго, колькі хацела. Потым павесіла місу карове на шыю і, пацалаваўшы Бялянку, яшчэ доўга глядзела ёй услед з надзеяй, што і заўтра яна прыйдзе таксама.

Так яно і здарылася: кожны дзень раніцай, апоўдні і ўвечары Бяляначка прыходзіла да Бландзіны і частавала дзяўчынку сваёю простаю ежай.

А Бландзіна ўвесь час аплаквала сваіх няшчасных сяброў і горка папракала сябе за свае памылкі.

- Сваёю непаслухмянасцю я прынесла вялікае гора і цяпер ніколі не здолею яго выправіць, - казала яна. - Я не толькі страціла сваіх добрых і мілых сяброў, але і сябе пазбавіла адзінай магчымасці вярнуцца да бацькі. Бедны мой бацька! Ён, напэўна, яшчэ чакае сваю няшчасную Бландзіну, але цяпер ёй наканавана навечна застацца тут і памерці адной у гэтым страшным лесе, якім кіруе злы чарадзей.

Бландзіна старалася чым-небудзь развеяць свае цяжкія думкі і займала сябе сама рознаю працай. Яна ўладкавала ўсё ў сваёй хатцы: зрабіла ложак з моху і лісця; спляла з тоўстых прутоў крэсла; з доўгіх і тонкіх калючак зрабіла голкі і шпількі, а раскудзеліўшы некалькі сцяблін высокай травы, што расла каля хаткі, спляла нешта накшталт тоўстай ніткі і зацыравала свае падраныя шыпамі чаравікі і вопратку. Так яна жыла цэлых шэсць тыдняў. І ўвесь гэты час яе не пакідала туга.

Але журылася яна зусім не з-за таго, што жыццё ў яе было сумнае і самотнае, а з-за таго, што яе па-ранейшаму мучыў папрок і яна шчыра шкадавала свайго ганебнага ўчынку. Яна з радасцю пагадзілася б правесці ўсю рэшту свайго жыцця ў гэтым лесе, каб толькі гэта магло вярнуць жыццё Катку-Вуркатку і Добрай Козачцы.

 

Раздзел 9. Чарапаха

 

Аднойчы Бландзіна сядзела перад сваёю хаткай і, як зазвычай, думала пра сваіх сяброў і пра бацьку. І раптам проста перад сабой яна ўбачыла вялікую Чарапаху.

- Бландзіна, а Бландзіна, - сказала ёй Чарапаха хрыпатым старэчым голасам. - Калі хочаш, я магу ўзяць цябе пад сваю апеку і вывесці з гэтага небяспечнага лесу.

- Дарагая Чарапаха, - адказала Бландзіна. - Нашто мне пакідаць гэты лес? Тут па маёй віне памерлі мае сябры, і я таксама хачу тут спаткаць сваю смерць.

- А ты ўпэўненая, што твае сябры памерлі?

- Як? Хіба не?.. Але ж я сама бачыла руіны іхняга замка. Дый Папугай і Жаба казалі, што іх болей няма. Вы па сваёй дабрыні, напэўна, хочаце мяне супакоіць. Але я, на жаль, не спадзяюся іх калі-небудзь убачыць. Каб яны не памерлі, хіба яны кінулі б мяне адну ў такой страшнай роспачы, каб я думала, што паслужыла прычынай іхняе смерці?

- А хіба, па-твойму, яны не маглі быць вымушаныя кінуць цябе? Хіба іх не мог прымусіць да гэтага чарадзей, які мае болей магутную ўладу? Але ж ты ведаеш, Бландзіна, што раскаянне акупае шмат якія памылкі.

- Ах, дарагая Чарапаха, калі яны сапраўды жывыя і ў вас ёсць ад іх вестка, скажыце, што я не вінаватая ў іх смерці і яшчэ змагу ўбачыцца з імі. Я згодная на любое выпрабаванне, каб толькі заслужыць гэтае шчасце.

- Бландзіна, мне не дазволена казаць табе пра лёс, які напаткаў тваіх сяброў. Але калі ў цябе стане мужнасці залезці да мяне на спіну і паўгода, пакуль не скончыцца нашае падарожжа, не злазіць з мяне і не прамаўляць ні слова, то я занясу цябе туды, дзе ты пра ўсё даведаешся.

- Я абяцаю зрабіць усё, што вы скажаце, дарагая Чарапаха, толькі б ведаць, што сталася з маімі сябрамі.

- Сцеражыся ж, Бландзіна! Шэсць месяцаў ты павінна будзеш не сыходзіць з маёй спіны і ўвесь час маўчаць! Калі ж па дарозе ты не вытрымаеш выпрабавання, ты навечна застанешся пад уладаю чарадзея Папугая і ягонае сястры Ружы. І тады я не змагу ўжо даць нават той малой дапамогі, якая дазволіла табе выжыць у гэтыя апошнія шэсць тыдняў.

- Я згодная, дарагая Чарапаха, і гатовая зараз жа выправіцца ў дарогу. Няхай я лепей памру ад нуды і стомы, чым ад хвалявання і тугі. Цяпер, калі вашыя словы адрадзілі ўва мне надзею, я адчуваю ў сабе сілу выцярпець нават яшчэ цяжэйшае падарожжа, чым тое, пра якое вы кажаце.

- Няхай жа будзе па-твойму, Бландзіна. Сядай да мяне на спіну і не бойся ні смагі, ні голаду, ні сну і ніякага ліха. Пакуль мы будзем ісці, нічога гэтага ты можаш не апасацца.

Бландзіна хуценька ўзлезла Чарапасе на спіну, і тая прамовіла:

- А цяпер - болей ні слова! Маўчы да той самай хвіліны, пакуль мы не прыйдзем і я сама першая не загавару з табой.

 

Раздзел 10. Падарожжа і вяртанне

 

Як і казала Чарапаха, падарожжа доўжылася цэлыя шэсць месяцаў. Калі мінулі першыя тры месяцы, яны выйшлі з леса і апынуліся на высушанай раўніне, па якой ішлі яшчэ шэсць тыдняў. Нарэшце на даляглядзе ўзнік велічны замак, вельмі падобны да таго, які быў у Катка-Вуркатка з Добраю Козачкай. Яшчэ месяц яны дабіраліся да шырокай дарогі, што вяла да замкавай брамы. Бландзіна згарала ад нецярпення. «Няўжо гэта і ёсць той замак, дзе я даведаюся пра лёс маіх дарагіх сяброў?» - думала яна. Але нягледзячы на вялікае жаданне, яна баялася спытаць пра гэта ў Чарапахі. Каб яна магла злезці на зямлю з Чарапахінай спіны, яна дабегла б да замка ўсяго за дзесяць хвілін, але Чарапаха ўсё йшла і йшла, і Бландзіна памятала, што ёй нельга гаварыць і злазіць са спіны. Таму, нягледзячы на пякучае жаданне, яна вырашыла чакаць. Але замест таго, каб паскорыць хаду, Чарапаха, здавалася, пачала яшчэ марудней перастаўляць ногі і йшла да замка яшчэ доўгіх пятнаццаць дзён, якія падаліся Бландзіне пятнаццаццю гадамі. Бландзіна не зводзіла з замка вачэй і ўвесь час глядзела на яго браму. Замак здаваўся пакінутым: з яго не далятала ніводнага гуку, быццам за яго мурамі зусім не было жыцця. Нарэшце, на сто васьмідзесяты дзень падарожжа Чарапаха спынілася і сказала Бландзіне:

- Ну вось, Бландзіна, цяпер ты можаш злезці з маёй спіны. Сваёю смеласцю і паслухмянасцю ты заслужыла ўзнагароду, якую я абяцала. Ідзі ж у замак праз гэтыя маленькія дзверцы, што перад табой, і ў першага, каго сустрэнеш, папрасі, каб цябе завялі да Чароўнай феі. Яна й раскажа табе пра лёс тваіх дарагіх сяброў.

Бландзіна жвава саскочыла на зямлю. Шэсць месяцаў праседзеўшы нерухома, яна баялася, што ногі ў яе будуць зусім здранцвелыя. Але яна адчула ў іх такую самую лёгкасць, як у тыя шчаслівыя часы, калі жыла ў Добрай Козачкі з Катком-Вуркатком і цэлымі гадзінамі бегала па парку, збіраючы кветкі і ганяючыся за матылькамі. Шчыра падзякаваўшы Чарапасе, яна хуценька адчыніла маленькія дзверцы і адразу апынулася перад прыгожай дзяўчынай, апранутай ва ўсё белае. Дзяўчына спытала ў Бландзіны, каго яна тут шукае.

- Мне трэба пабачыць Чароўную фею, - адказала Бландзіна. - Калі ласка, перадайце ёй, што прынцэса Бландзіна вельмі просіць яе прыняць.

- Хадзіце за мной, прынцэса, - сказала дзяўчына.

І Бландзіна з хваляваннем пайшла за ёй. Яны праходзілі па прыгожых залах і сустракалі шмат маладых дзяўчат, якія таксама былі ва ўсім белым, як і тая, якую Бландзіна сустрэла на дварэ. Дзяўчаты прыязна ўсміхаліся Бландзіне і глядзелі на яе з такім выглядам, быццам некалі ўжо бачылі. Нарэшце Бландзіна ўвайшла ў залу, кропля ў кроплю падобную да той, што была ў Добрай Козачкі ў Бэзавым лесе.

Гэты ўспамін быў Бландзіне такі балючы, што яна нават не заўважыла, як маладая дзяўчына некуды знікла. Яна сумна пачала разглядаць мэблю, якая стаяла ў зале, і заўважыла, што толькі адна рэч тут не такая, як у Добрай Козачкі ў Бэзавым лесе. Гэта была вялікая шафа, аздобленая золатам і тонкай разною косткай. Шафа была зачыненая. І тут Бландзіна адчула, як шафа вабіць яе з неадольнаю сілай, яна не магла звесці з яе вачэй. Раптам дзверы ў залу адчыніліся, і ў яе ўвайшла прыгожая, яшчэ маладая жанчына ў раскошным убранні. Яна падышла да Бландзіны і прамовіла мяккім, ласкавым голасам:

- Што ты хацела, мілае дзіцятка?

- О, пані! - закрычала Бландзіна і кінулася жанчыне ў ногі. - Мне сказалі, што вы можаце расказаць пра лёс, які напаткаў маіх мілых, чароўных сяброў Добраю Козачку і Катка-Вуркатка. Вы ж, напэўна, ведаеце, як я страціла іх праз сваё злачыннае свавольства. Я шмат праплакала, думаючы, што яны памерлі. Але Чарапаха падарыла мне надзею, сказаўшы, што аднойчы я здолею іх убачыць. І вось яна прывезла мяне сюды. Калі ласка, пані, скажыце, што яны жывыя. І загадайце, што я павінна зрабіць, каб заслужыць вялікае шчасце ўбачыць іх зноўку.

- Бландзіна, - сумна адказала Чароўная фея, - ты даведаешся, што здарылася з тваімі сябрамі. Але што б ты не ўбачыла, не адчайвайся і не страчвай надзеі.

З гэтымі словамі яна падняла бедную Бландзіну з каленяў і падвяла да шафы, якая так прывабіла яе позірк.

- Вось, мілая Бландзіна, - сказала фея, - вазьмі гэты ключык і адчыні гэтую шафу. Але будзь мужная!

І яна аддала Бландзіне залаты ключык.

Бландзіна адчыніла шафу дрыготкай рукою... І што яна магла адчуць, калі ўбачыла, што ў шафе вісяць шкуры Добрае Козачкі і Катка-Вуркатка, прыбітыя дыяментавымі цвікамі?!

Няшчасная Бландзіна роспачна крыкнула і ў непрытомнасці ўпала на рукі Чароўнае фее.

У тое ж імгненне дзверы ў залу зноў адчыніліся і на парозе ўзнік прыгожы, як сонейка, прынц. Ён кінуўся да Бландзіны і сказаў:

- Ах, маці, гэтае выпрабаванне было занадта моцнае для нашай мілай Бландзіны.

- Я таксама шкадую, сынку, і мне таксама баліць за яе сэрца. Алё ты ведаеш, што гэтае пакаранне было патрэбнае, каб ужо назаўсёды вызваліць яе з-пад улады злога чарадзея Бэзавага леса.

З гэтымі словамі, Чароўная фея дакранулася да Бландзіны сваёю палачкай, і Бландзіна адразу ачнулася. Але ўспомніўшы ўбачанае, яна зноў горка заплакала і ў роспачы закрычала:

- Дайце мне памерці, мне не хочацца болей жыць. Няма больш надзеі, і мне ніколі не ўбачыць шчасця. Мілыя мае, дарагія сябры, ваша Бландзіна хутка ўжо будзе з вамі!

- Бландзіна, дарагая, - сказала фея, моцна абняўшы дзяўчынку, - твае сябры жывыя і любяць цябе. Я і ёсць Добрая Козачка, а гэта - мой сын, Каток-Вуркаток. Некалі злы чарадзей Бэзавага лесу скарыстаўся няўважлівасцю майго сына, і яму ўдалося ператварыць нас у жывёл. У гэтым выглядзе ты з намі й пазнаёмілася. Свой нармальны выгляд мы маглі набыць толькі тады, калі б ты вызваліла Ружу, якую я ператварыла ў куст. Я ведала, што яна твой сама злы вораг, і таму пасадзіла яе як мага далей ад замка, каб ты не магла яе ўбачыць. Я ведала, якія няшчасці ты можаш на сябе наклікаць, выпусціўшы яе на волю. І неба мне сведка, мы з сынам былі гатовыя ўсё жыццё заставацца Добраю Козачкай і Катком-Вуркатком, толькі б аберагчы цябе ад страшнай пакуты, якую табе давялося перажыць. На жаль, нягледзячы на ўсе нашыя перасцярогі, Папугаю ўдалося цябе ашукаць. А ўсё астатняе ты сама ведаеш. Магу толькі дадаць, што мы таксама вельмі пакутавалі, ведаючы, што ты засталася зусім адна і так горка плачаш.

Бландзіна кінулася цалаваць ды абдымаць фею, і дзякаваць ёй і прынцу. І няспынна задавала пытанні.

- А што сталася з газэлямі, што нам прыслугоўвалі?

- Ты іх усіх бачыла, дарагая Бландзіна. Гэта тыя дзяўчаты, што прывялі цябе ў гэтую залу. Яны таксама абярнуліся зноў у людзей.

- А адкуль узялася карова, што прыносіла мне кожны дзень малако?

- Нам з сынам удалося ўгаварыць каралеву феяў паслаць табе гэтую невялікую дапамогу. І Крумкача, які падбадзёрваў цябе сваімі словамі, таксама паслалі мы.

- Дык значыць, і Чарапаху вы да мяне прыслалі?

- І Чарапаху, Бландзіна. Каралеву феяў вельмі расчулілі твае роспач і скруха, і яна вырашыла пазбавіць ляснога чарадзея ўсёй улады над табою. Але дзеля гэтага ты павінна была яшчэ раз даказаць сваю паслухмянасць, вытрымаўшы доўгае і нуднае падарожжа, і ў знак пакарання паверыць у нашу смерць, убачыўшы гэтыя шкуры. Я прасіла, маліла каралеву феяў пазбавіць цябе ад такога суровага выпрабавання, але яна была няўмольная.

Бландзіна ўсё слухала і слухала, і глядзела, і абдымала сваіх сяброў, якіх так даўно згубіла і ўжо не спадзявалася ўбачыць. Але нарэшце яна прыгадала пра бацьку. Прынц зразумеў яе думкі і нешта шапнуў сваёй маці.

- Збірайся, Бландзіна, - сказала фея. - Хутка ты ўбачыш бацьку. Я ўжо яго папярэдзіла, і ён цябе чакае.

У тую ж хвіліну Бландзіна апынулася ў калясніцы, аздобленай золатам і перламі. Побач з ёй села фея, а насупраць прынц. Прынц быў вельмі шчаслівы і не зводзіў з Бландзіны вачэй. Калясніца была запрэжаная чацверыком белых-бялюткіх лебедзяў. Яны падняліся ў паветра і паляцелі так хутка, што ўсяго праз пяць хвілін былі ўжо каля палаца караля Бенэна.

Уся каралеўская дворня стаяла на шырокім ганку і чакала Бландзіну. І як толькі ў небе ўзнікла калясніца, пачуліся такія радасныя воклічы, што лебедзі перапалохаліся і ледзь не павярнулі ў іншы бок. Але прынц, які кіраваў імі, здолеў, на шчасце, іх супакоіць, і калясніца апусцілася каля самага ўваходу ў палац.

Кароль Бенэн кінуўся да Бландзіны, і тая, саскочыўшы на зямлю, адразу апынулася ў абдымках у бацькі. Яны доўга не выпускалі адно аднаго. А ўсе вакол стаялі і плакалі, але цяпер гэта былі слёзы радасці.

Калі хваляванне ад сустрэчы крыху прайшло, кароль ласкава пацалаваў феі ў руку і падзякаваў за тое, што яна так аберагала яго дачку і так добра яе навучыла і выхавала. Потым ён абняў прынца і заўважыў, што ён вельмі і вельмі прыгожы.

Цэлы тыдзень усе святкавалі Бландзініна вяртанне. А калі тыдзень прайшоў, фея сабралася дадому. Але прынцу й Бландзіне было так сумна расставацца, што кароль дамовіўся з феяй, каб яны нікуды не ад'язджалі і заставаліся жыць у іх. Кароль ажаніўся з феяй, а Бландзіна выйшла замуж за прынца, які так і застаўся для яе на ўсё жыццё Катком-Вуркатком з Бэзавага леса.

Брунета, якая ўрэшце здолела выправіць свой характар, часта прыязджала да Бландзіны ў госці.

Яе муж, прынц Жарсткен, таксама крыху палагоднеў, убачыўшы, што Брунета зрабілася намнога дабрэйшая. І жылі яны даволі шчасліва.

А Бландзіне болей ніколі не даводзілася сумаваць. Яна нарадзіла некалькі дачок, якія былі вельмі да яе падобныя, і некалькі сыноў, якія былі вельмі падобныя да прынца. Усе іх любілі, і ўсе вакол былі шчаслівыя.

 

Пераклад зроблены з выдання: Comtesse de Segur. La cabane enchantee. Casterman. Tournai, 1979.



Пераклад: Зьміцер Колас