epub
 
Падключыць
слоўнікі

Графіня дэ Сэгюр

Зачараваная хатка

Раздзел 1. Хатка
Раздзел 2. Мярзотная варажбітка
Раздзел 3. Чароўны прынц
Раздзел 4. Дрэўца з альтанкі
Раздзел 5. Куфэрак


Раздзел 1. Хатка

 

Жыў сабе адзін чалавек, на прозвішча Прудан, што значыць Асцярожны. Быў ён удавец і жыў адзін са сваёю дачкой, якую клікалі Разалі.

Чалавек ён быў багаты, у яго быў вялікі дом, а вакол дома цудоўны сад, дзе Разалі магла гуляць, колькі хацела.

Бацька выхоўваў дачку з ласкаю і любоўю, але вучыў заўжды і ва ўсім яго слухацца. Ён забараняў Разалі задаваць недарэчныя пытанні ці прасіць, каб ён расказаў пра тое, што, на яго думку, не павінна яе цікавіць. Праз вялікі клопат і добры догляд яму ўдалося амаль цалкам пазбавіць дачку такой, на жаль, частай заганы, як залішняя цікаўнасць.

Разалі ніколі не выходзіла з сада, абнесенага высокім мурам, і нікога, апроч свайго бацькі, ніколі не бачыла. Слуг у іх у доме не было, але ўсё тут рабілася нібыта само сабой. Таму ў Разалі заўжды было ўсё, што ёй было трэба: і адзенне, і кніжкі, і прылады ды ніткі на вышыванне, і цацкі. Бацька выхоўваў яе сам, і Разалі (хоць ёй было ўжо амаль пятнаццаць гадоў) зусім не сумавала і не думала нават, што магла б жыць іначай, сярод іншых людзей.

У глыбіні сада стаяла хатка - зусім без вокнаў і толькі з аднымі маленькімі дзвярыма, якія заўсёды былі зачыненыя. Кожны дзень Разалін бацька туды заходзіў, але ключык заўсёды насіў з сабой. Разалі думала, што гэта, напэўна, клець, у якой складзеныя садовыя прылады, і ў яе ніколі не ўзнікала жадання спытаць пра хатку ў бацькі. Але аднойчы яна шукала лейку, каб паліць свае кветкі, і папрасіла бацьку:

- Бацька, дайце мне, калі ласка, ключык ад хаткі ў садзе.

- Навошта табе гэты ключык, Разалі? - занепакоіўся бацька.

- Мне патрэбная лейка. Я думала, яна ў гэтай хатцы.

- Не, Разалі, лейкі ў той хатцы няма.

Калі бацька казаў гэтыя словы, голас у яго быў такі насцярожаны, што Разалі зірнула на яго і здзіўлена ўбачыла, што ён увесь збялеў і на лбе ў яго выступілі кропелькі поту.

- Што з вамі, бацька? - спалохалася Разалі.

- Нічога, мілая мая дачушка, нічога.

- Вас так узрушыла мая просьба даць мне гэты ключык? Што ж такога страшнага ў гэтай хатцы?

- Разалі, - сказаў бацька, - ты сама не ведаеш, пра што пытаешся. Ідзі лепш пашукай сваю лейку ў шклярніцы.

- Але, бацька, што ўсё ж такое ў той хатцы?

- Нічога, што можа зацікавіць цябе, Разалі.

- Але чаму тады вы ходзіце туды кожны дзень і ніколі не дазваляеце мне пайсці разам з вамі?

- Разалі, ты ж ведаеш, што я не люблю пытанняў і што цікаўнасць - вялікая загана.

Разалі адразу змоўкла, але прызадумалася. Думка пра хатку, на якую яна раней не звяртала вялікай увагі, ніяк не выходзіла ў яе з галавы.

«Што ж там можа такое быць? - думала яна. - І як мой бацька збялеў, калі я папрасіла ключык... Значыць, на яго думку, каб я ўвайшла туды, мяне магла б чакаць небяспека!.. Але чаму ж ён сам туды ходзіць амаль кожны дзень?.. Напэўна, ён носіць ежу якому-небудзь лютаму зверу, якога трымае там пад замком... Але каб гэта быў люты звер, я пачула б, як ён рыкае ды варушыцца, а з гэтай хаткі не чуваць ніводнага гуку... Значыць, гэта не звер! Дый ён даўно ўжо з'еў бы майго бацьку... калі толькі не прывязаны... Але ж каб ён быў прывязаны, дык і мне не было б ніякае небяспекі. Што ж тады там можа быць?.. Вязень!.. Але бацька ў мяне добры, ён ніколі не пазбавіў бы волі і долі бязвіннага чалавека!.. Я павінна абавязкова знайсці разгадку гэтае таямніцы... Але як?.. Вось бы хоць на паўгадзінкі ўзяць у бацькі той ключык! Можа, калі-небудзь ён яго забудзе...»

Гэтыя Разаліны разважанні былі перапыненыя бацькам, які клікаў яе крыху незвычайным голасам.

- Я тут, бацька, - азвалася Разалі, - ужо іду!

І яна пабегла да бацькі. Калі яна падышла да яго, то заўважыла, што твар у бацькі бледны і вельмі занепакоены. Было адразу відаць, што ён нечым дужа ўсхваляваны. Гэта яшчэ больш азадачыла дзяўчынку, і яна вырашыла прыкінуцца вясёлай і бесклапотнай, каб супакоіць бацьку, а потым завалодаць яго ключыкам, калі ён, можа, перастане пра яго ўвесь час думаць, убачыўшы, што Разалі і сама пра яго забыла.

Яны селі абедаць, але бацька еў мала, ён увесь час маўчаў і быў сумны, хоць Разалі вельмі старалася ўдаваць вясёлай. Але ўрэшце сваёй весялосцю і бесклапотнасцю ёй удалося такі супакоіць бацьку, і ён забыў пра сваё хваляванне.

Праз тры тыдні Разалі павінна было споўніцца пятнаццаць гадоў, і бацька паабяцаў ёй зрабіць на свята прыемны сюрпрыз. І вось, калі прайшло яшчэ некалькі дзён і да дня нараджэння заставалася тыдні два, бацька аднойчы ранкам прыйшоў да Разалі і сказаў:

- Дарагое маё дзіця, я вымушаны на гадзіну ад'ехаць. Мне трэба падрыхтаваць падарунак на твой дзень нараджэння. Чакай жа мяне дома і будзь паслухмяная, не давай волі сваёй цікаўнасці. Праз два тыдні ты даведаешся пра ўсё, што табе хочацца ведаць: я ўмею чытаць твае думкі і знаю, што іх займае. Цяпер жа я з табою развітваюся і яшчэ раз прашу: сцеражыся сваёй цікаўнасці.

Прудан ласкава пацалаваў дачку і пайшоў, але выгляд у яго быў такі, быццам яму вельмі не хацелася яе пакідаць. Калі ён знік з вачэй, Разалі пабегла ў бацькаў пакой, і якая ж была ў яе радасць, калі яна ўбачыла, што ключык ад хаткі ляжыць на стале!

Яна схапіла яго і хуценька пабегла ў глыбіню сада. Калі яна была ўжо каля самае хаткі, ёй прыгадаліся бацькавы словы: «Сцеражыся сваёй цікаўнасці». Яна завагалася і была гатовая ўжо занесці ключык назад і не заходзіць у хатку, калі раптам адтуль даляцеў ціхі стогн. Яна прыпала вухам да дзвярэй і пачула, як нехта вельмі танюткім галаском спявае:

 

- Я пад замком, гаротная,

Сяджу адна, самотная,

Загіну я ў няволі,

Не выйсці мне ніколі.

 

«Цяпер усё ясна, - падумала Разалі, - там сядзіць нейкая няшчасная нябога, якую пасадзіў пад замок мой бацька».

І ціхутка пастукаўшы ў дзверы, Разалі сказала:

- Хто вы, і што я магу дзеля вас зрабіць?

- Адамкніце мяне, Разалі. Злітуйцеся, адамкніце.

- Але чаму вас пасадзілі пад замок? Ці не ўчынілі вы якога зладзейства?

- Што вы, не-не, Разалі. Мяне трымае тут адзін чарадзей. І калі вы мяне ўратуеце, я ў падзяку за гэта раскажу вам пра сябе ўсю праўду.

Усе ваганні ў Разалі зніклі, і цікаўнасць перамагла яе паслухмянасць яна ўсунула ключык у замок... Але рукі ў яе так дрыжалі, што яна не магла адчыніць дзверы. Яна была гатовая ўжо ўсё кінуць, калі танюткі галасок сказаў:

- Разалі, тое, што я вам раскажу, навучыць вас вельмі многаму і такому, што вас вельмі цікавіць; ваш бацька зусім не такі, якім ён здаецца.

Пачуўшы гэта, Разалі з астатняе сілы налегла на ключык. Ключык павярнуўся, і дзверы адчыніліся.

 

Раздзел 2. Мярзотная варажбітка

 

Разалі прагна ўтаропіла вочы, але ў хатцы было цёмна, і яна нічога не магла разгледзець. А са змроку да яе зноў даляцеў танюткі голас, які сказаў:

- Дзякуй, Разалі, я абавязаная табе сваёю свабодай.

Голас, здаецца, ішоў ад зямлі. Разалі зірнула долу і заўважыла ў куце пару бліскучых маленькіх вачэй, якія глядзелі на яе з насмешкай.

- Удалася такі мая хітрасць, - сказаў танюткі голас, - ты паддалася сваёй цікаўнасці. Каб я не спявала ды маўчала, ты, напэўна, вярнулася б назад і мне быў бы канец. Але цяпер, калі ты мяне вызваліла, - і ты, і твой бацька, вы абое будзеце ў маёй уладзе.

Разалі яшчэ не разумела ўсяго няшчасця, якое ўтварыла сваім непаслушэнствам. Але яна здагадалася, што перад ёй нейкі вельмі небяспечны вораг. Менавіта таму яе бацька трымаў яго пад замком. Яна хацела хутчэй выйсці з хаткі і зачыніць за сабою дзверы, але танюткі голас крыкнуў:

- Стой, Разалі, цяпер ты ўжо не здольная трымаць мяне ў гэтым брыдкім вязенні. Я ніколі з яго не выбралася б, каб табе споўнілася пятнаццаць гадоў.

У тое ж імгненне хатка знікла, і ў руках у перапалоханай Разалі застаўся толькі маленькі ключык. Яна ўбачыла перад сабой шэрую Мыш, якая глядзела на дзяўчынку сваімі бліскучымі вочкамі і смяялася танюткім траскучым галаском.

- Хі-хі-хі! Якая ты спалоханая, Разалі! Далібог, мне вельмі смешна на цябе глядзець. Якая ты малайчына, што была такая цікаўная! Ужо амаль пятнаццаць гадоў я сядзела ў гэтым брыдкім вязенні і не магла зрабіць нічога кепскага твайму ненавіснаму бацьку і табе. А цябе я таксама ненавіджу, бо ты ягоная дачка!

- Але хто вы, злосная Мыш?

- Я вораг тваёй сям'і, мая любачка! Мяне завуць Мярзотная варажбітка, і можаш паверыць, мне нездарма дадзена такое імя. Усе ненавідзяць мяне, і я ненавіджу ўсіх. І цяпер, Разалі, я буду хадзіць за табой паўсюль.

- Адчапіцеся ад мяне, мярзотная Мыш! - крыкнула Разалі. - Вы ўсё роўна мяне не спалохаеце. І я ўжо як-небудзь прыдумаю, як ад вас пазбавіцца.

- Гэта мы пабачым, мая любачка! Куды б ты не пайшла, я не адстану ад цябе ні на крок.

Разалі кінулася да дома, але кожны раз, азіраючыся, бачыла, што Мыш подскакам бяжыць следам і толькі кпліва пасмейваецца. Калі дзяўчынка дабегла да дома, яна хацела раздушыць Мыш дзвярмі, але колькі яна ні старалася, дзверы не зачыняліся, і Мыш спакойна ўвайшла ў дом.

- Ах ты нягодніца! - сярдзіта і спалохана крыкнула Разалі. - Ну, пачакай!

Яна схапіла дзяркач і хацела была моцна выцяць ім Мыш, але дзяркач раптам успыхнуў і апаліў ёй рукі. Дзяўчынка выраніла яго і ледзьве паспела адкінуць нагой у камін, каб не загарэўся ўвесь дом. Тады яна зняла з агня поўны вару кацёл і выкуліла яго на Мыш. Але кіпень ператварыўся ў смачнае свежае малако, і Мыш пачала яго хлябтаць, прыгаворваючы:

- Якая ты добрая, Разалі! Мала, што вызваліла мяне, дык яшчэ так смачна частуеш!

Бедная Разалі горка заплакала. Яна зусім не ведала, што рабіць, калі раптам пачула бацькавы крокі.

- Гэта мой бацька вяртаецца, - спалохана сказала яна. - О, Мыш, калі ласка, злітуйся, пайдзі адсюль куды-небудзь, каб мой бацька цябе не бачыў!

- Нікуды я не пайду, - адказала Мыш, - але я магу схавацца ў цябе за абцасам, каб паглядзець, як твой бацька здагадаецца пра тваё непаслушэнства.

Ледзь толькі Мыш паспела схавацца ў Разалі за спінай, як у пакой увайшоў Прудан. Ён зірнуў на Разалі і заўважыў, што яна ўся бледная і вельмі спалоханая.

- Разалі, - сказаў Прудан дрыготкім голасам, - я забыў узяць ключык ад хаткі. Ты знайшла яго?

- Так, бацька, вось ён, - адказала Разалі, вяртаючы ключык, і моцна пачырванела.

- А чаму тут разлітае малако?

- Гэта кот, бацька, - сказала Разалі.

- Кот? - здзівіўся бацька. - Няўжо кот мог зняць з агня поўны кацёл з малаком і разліць яго пасярод пакоя?

- Не, бацька. Гэта я сама несла кацёл і выпадкова перакуліла яго.

Разалі гаварыла ледзь чутна і не асмельвалася зірнуць на бацьку.

- Вазьмі дзяркач, - сказаў Прудан, - ды прыбяры ўвесь гэты бруд.

- Дзеркача болей няма, - прызналася дзяўчына.

- Няма дзеркача? Але ж калі я выходзіў, ён быў.

- Я спаліла яго, выпадкова, калі... калі...

Яна змоўкла. Бацька пільна паглядзеў на яе, потым неспакойным вокам прабег па пакоі і паволі рушыў да хаткі ў садзе.

Разалі апусцілася на крэсла і зарыдала. А Мыш сядзела моўчкі і ні разу не паварушылася. Праз колькі хвілін Прудан вярнуўся, на твары ў яго быў вялікі спалох.

- Разалі, няшчасная, што ты зрабіла? - прамовіў ён. - Ты паддалася сваёй злачыннай цікаўнасці і выпусціла на волю нашага сама лютага ворага!

- Бацька, даруйце мне, даруйце, - пачала прасіць Разалі і кінулася бацьку ў ногі. - Я не ведала, што раблю так дрэнна.

- Так заўсёды бывае з тымі, хто не слухаецца, Разалі. Яны думаюць, што калі і робяць дрэнна, дык толькі трошкі, а ўрэшце прычыняюць вялікае гора і сабе, і іншым.

- Але, бацька, што ж гэта за Мыш і чаму вы яе гэтак баіцеся? Калі яна такая магутная, то як вы маглі так доўга трымаць яе пад замком і чаму не можаце пасадзіць зноў?

- Гэтая Мыш, дачушка, - злая і магутная варажбітка. А сам я - чарадзей Прудан. І калі ўжо ўсё роўна ты выпусціла майго ворага, то цяпер я магу раскрыць табе праўду, якую мусіў хаваць пятнаццаць гадоў. Дык вось, як я ўжо сказаў, я чарадзей. А твая маці была звычайная смяротная. Але яе добры характар і прыгажосць так спадабаліся каралеве феяў і каралю чарадзеяў, што яны дазволілі мне з ёй ажаніцца. На вяселле я зладзіў вялікі банкет, але на няшчасце забыў запрасіць на яго Мярзотную варажбітку, якая і без таго вельмі злавалася, што я выбраў звычайную прынцэсу і не захацеў ажаніцца з яе дачкой. І таму яна прысягнулася люта адпомсціць маёй жонцы і дзецям. Яе пагрозы мяне не спалохалі, бо я быў амаль такі сама магутны, як і яна, і апроч таго мяне вельмі любіла каралева феяў. Не раз я сваімі чарамі не даваў здейсніцца помсце Мярзотніцы. Але пасля твайго нараджэння твая маці адчула сябе вельмі блага, і я быў няздольны ёй дапамагчы. На хвіліну я адлучыўся, каб паклікаць на дапамогу каралеву феяў.

А калі вярнуўся, тваёй маці ўжо не было: злая варажбітка скарысталася з маёй адсутнасці і забіла яе, а цябе збіралася надзяліць найгоршымі заганамі ў свеце. На шчасце, маё вяртанне не дазволіла здейсніцца яе злым намерам. Я паспеў спыніць яе як раз у той момант, калі яна надзяліла цябе цікаўнасцю. Праз сваю цікаўнасць ты ў пятнаццаць год павінна была падпасці пад яе поўную ўладу. Але каралева феяў і я, злучыўшы нашу агульную магутнасць, здолелі ўраўнаважыць варажбіткіна злое наканаванне. Было вырашана, што ты падпадзеш пад варажбіткіну ўладу толькі тады, калі да пятнаццаці год тройчы саступіш сваёй цікаўнасці. Разам з гэтым рашэннем каралева феяў пакарала Мярзотніцу, абярнуўшы яе ў шэрую мыш і зачыніўшы ў той хатцы, якую ты бачыла. Тады ж яна абвясціла, што варажбітка не зможа выйсці з свайго вязення, пакуль ты, Разалі сама і па сваёй волі не адчыніш ёй дзверы; што яна не набудзе свайго ранейшага выгляду, пакуль ты тройчы да пятнаццаці год не саступіш цікаўнасці, а калі ты хоць раз устаіш перад гэтай заганай, то будзеш вызваленая назаўжды ад чараў Мярзотнае варажбіткі і вызваліш ад іх мяне. Мне шмат чаго каштавала дабіцца такой апекі ад каралевы феяў, і я здолеў гэта толькі таму, што паабяцаў падзяліць твой лёс і таксама зрабіцца рабом Мярзотніцы, калі ты тройчы саступіш сваёй цікаўнасці. Я вырашыў выхоўваць цябе так, каб знішчыць гэтую страшную загану - цікаўнасць, якая павінна была прынесці табе столькі гора.

Таму я і трымаў цябе за гэтымі мурамі, таму і не дазваляў нікога ўбачыць, і не меў нават слуг. Сваёю ўладай я стараўся даць табе ўсё, што ты толькі хацела, і пачынаў ужо радавацца, што ўсё ідзе гэтак добра. Заставалася ўсяго тры тыдні да твайго дня нараджэння, пасля якога ты была б вызваленая ад страшных варажбіткіных чараў. Але ў той дзень ты спытала ў мяне пра ключык, пра які раней, здавалася, і не думала. Я не здолеў схаваць ад цябе хвалявання, выкліканага тваёй просьбай, і гэта яшчэ больш распаліла тваю цікаўнасць. Хоць ты ўдавала вясёлай і бесклапотнай, я ведаў твае сапраўдныя думкі. Таму - сама можаш уявіць, як мне было цяжка, калі каралева феяў загадала мне пакінуць цябе адну і пакласці ключык на відным месцы, каб твая спакуса была яўнай і тым больш заслужанай магчымая перамога! Я вымушаны быў пакінуць ключык і даць табе за маёю адсутнасцю вырашаць самой.

Уяві, Разалі, як я пакутаваў усю тую гадзіну, пакуль ты была адна, а тым больш калі вярнуўся і ўбачыў тваю разгубленасць і пачырванелыя шчокі. Я адразу здагадаўся, што ты не здолела стрымацца. Да таго дня, пакуль табе не споўніцца пятнаццаць гадоў, я вымушаны быў хаваць ад цябе праўду і нічога не казаў пра тое, хто ты і якая небяспека цябе чакае. Іначай ты адразу апынулася б пад уладай Мярзотнае варажбіткі.

Але і цяпер, Разалі, не ўсё яшчэ страчана. Ты можаш выправіць сваю віну, калі за астатнія два тыдні да твайго дня нараджэння хоць раз устаіш перад варажбіткінымі чарамі. У пятнаццаць год ты павінна была заручыцца з Чароўным прынцам, які таксама паходзіць з нашага роду. І гэтыя заручыны яшчэ магчымыя. Ах, мілае маё дзіця, Разалі, пашкадуй, калі не мяне, то хоць бы саму сябе, набярыся мужнасці і болей не саступай сваёй прыхамаці.

Разалі слухала бацьку, седзячы ў яго на каленях, і горка плакала, схаваўшы твар у далонях. Але апошнія бацькавы словы яе крыху падбадзёрылі, яна ласкава пацалавала яго і сказала:

- Бацька, клянуся вам, я выпраўлю сваю віну, але не пакідайце мяне болей адну. Побач з вамі ў мяне на ўсё стане мужнасці, а без вас, без вашага мудрага бацькоўскага догляду мне можа зноў яе не хапіць.

- Ах, Разалі, - адказаў бацька, - на жаль, я больш не магу заставацца з табою. Цяпер я ва ўладзе Мярзотнае варажбіткі, свайго лютага ворага, а яна ніколі не пагадзіцца, каб я быў побач з табой і засцерагаў цябе ад яе вераломства. Мне нават дзіўна, чаму дагэтуль яе не відаць: ёй, вядома ж, было б вельмі прыемна паглядзець на маю скруху.

- Я тут, каля ног тваёй любай дачкі, - прарэзліва віскнула шэрая Мыш і вылезла, каб яе мог убачыць няшчасны чарадзей. - Мне было вельмі забаўна паслухаць расказ пра пакуты, якія я табе прычыніла. Таму я і не паказвалася, каб даць табе скончыць. А цяпер, развітвайся са сваёй даражэнькаю Разалі, я забіраю тваю прыгажуню з сабой і забараняю табе ісці за намі.

Сказаўшы гэта, яна ўхапіла сваімі маленькімі вострымі зубамі Разалі за прыпол і моцна пацягнула за сабой. Разалі пачала крычаць, чапляцца за бацьку, але яе цягнула нейкая неадольная сіла. Гаротны чарадзей не вытрымаў, схапіў палку і замахнуўся ёю на Мыш, але не паспеў ён апусціць рукі, як Мыш дакранулася да яго сваёй маленькаю лапкай, і ён знерухомеў, зрабіўшыся падобным да статуі. Разалі абедзвюма рукамі абхапіла бацькавы калені і закрычала, молячы Мыш злітавацца, але тая засмяялася сваім страшным прарэзлівым смехам і адказала:

- Хадзем, хадзем, мая любачка, табе яшчэ двойчы трэба паддацца тваёй мілай цікаўнасці, але гэта будзе не тут. За два тыдні, што засталіся да твайго дня нараджэння, мы з табой шмат дзе пабываем і я шмат чаго табе пакажу.

Мыш яшчэ мацней пацягнула дзяўчынку, але Разалі з такою сілай абхапіла бацьку рукамі, што нават нягледзячы на ўсю незвычайную варажбіткіну моц, тая не магла яе ададраць. Тады Мыш раптам рэзка і пранізліва віскнула, і ўвесь дом разам патануў у агні. Разалі не разгубілася, яна здолела зразумець, што калі застанецца тут і згарыць разам з домам, то астатняя надзея ўратаваць бацьку будзе страчаная і ён назаўжды застанецца рабом Мярзотнае варажбіткі. А калі яна захавае сабе жыццё, то захавае і магчымасць уратаваць бацьку.

- Бывай, мой бацька! - закрычала яна. - Мы абавязкова ўбачымся праз два тыдні. Вашая Разалі прынесла вам многа гора, але яна вас і ўратуе, абяцаю вам!

І яна кінулася ўпрочкі, ратуючыся ад полымя. Яна доўга бегла, сама не ведаючы куды, потым яшчэ некалькі гадзін ішла і нарэшце, не адчуваючы ног ад стомы і паўжывая ад голаду, адважылася падысці да нейкай добрай кабеты, якая сядзела на парозе сваёй хаты.

- Пані, - сказала ёй Разалі, - ці не дасцё вы мне прытулак? Я паміраю ад стомы і голаду, дазвольце ж мне ўвайсці ў вашу хату і правесці ў вас ноч.

- Але чаму такая прыгожая дзяўчынка цягаецца адна па дарогах? - здзівілася кабета. - І што гэта з вамі за брыдкая мыш з такой страшнаю пысай?

Разалі азірнулася і ўбачыла побач шэрую Мыш, якая глядзела на яе кплівым позіркам.

Яна хацела яе прагнаць, але Мыш упарта стаяла на месцы. Убачыўшы іх барацьбу, добрая кабета заківала галавой і сказала:

- Ідзіце, красуня, сваёй дарогай. Я не даю ў сябе прытулку нячыстай сіле і тым, хто з ёй знаецца.

Заплакаўшы, Разалі пайшла далей, і паўсюль, дзе яна ні пыталася, яе не хацелі пускаць, таму што ўсе бачылі брыдкую Мыш, якая ні на крок не адставала ад дзяўчынкі. Неўзабаве Разалі ўвайшла ў дрымучы лес. На шчасце, яна знайшла ў ім чыстую ручаіну і змагла наталіць смагу. У лесе было шмат арэхаў і ягад; і вось, папіўшы ды паеўшы, Разалі села, прытулілася да дрэва і з трывогай пачала думаць пра свайго бацьку ды пра тое, што ёй рабіць і як быць адной усе гэтыя два тыдні. Думаючы так, Разалі заплюшчыла вочы, каб не бачыць праклятае шэрае Мышы; стома і прыцемак пачалі наганяць на яе дрымоту, і яна заснула глыбокім сном.

 

Раздзел 3. Чароўны прынц

 

Пакуль Разалі спала, у лес на паляванне з паходнямі прыехаў Чароўны прынц. Ён сабакамі атутаваў аленя, і той, перапалоханы, схаваўся ў хмызах непадалёк ад месца, дзе спала Разалі. Сабачая зграя і мысліўцы былі ўжо зусім блізка, яны гатовыя былі накінуцца на аленя, калі сабакі раптам перасталі брахаць і ціха скупіліся вакол Разалі. Прынц сышоў з каня, каб пусціць сабак зноў у пагоню. Але якое ж было яго здзіўленне, калі ён убачыў прыгожую маладую дзяўчыну, якая спакойна спала пасярод дрымучага леса! Ён паглядзеў вакол, але нікога болей не ўбачыў: яна была адна, зусім адна, пазабытая ўсімі. Разгледзеўшы яе ўважлівей, прынц заўважыў на яе твары сляды ад слёз, якія і цяпер каціліся з яе заплюшчаных вачэй. На Разалі была простая сукенка, але пашыта яна была з вельмі дарагога ядвабу, яе прыгожыя белыя ручкі, тонкія пальчыкі, акуратныя каштанавыя валасы, дбайна зашпіленыя залатым грабянцом, зграбныя чаравічкі і нізка дробных перлаў на шыі - усё сведчыла пра яе высокае паходжанне.

Дзяўчына спала, хоць вакол тупалі капытамі коні, брахалі сабакі, шумна перагукаліся загоншчыкі і мысліўцы. Здзіўлены прынц не мог звесці вачэй з Разалі, але ніхто з прыдворных не ведаў, хто яна і адкуль. Прынц пачаў хвалявацца, чаму дзяўчына спіць такім непрабудным сном? Ён ціхутка ўзяў яе за руку, але Разалі не прачнулася. Тады ён крыху пакратаў яе за плячо, але ўсё роўна не змог пабудзіць.

- Я не магу пакінуць тут гэтае няшчаснае дзіця, - сказаў прынц сваім афіцэрам. - Нехта, відаць, наўмысна завёў яе ў гэты лес і кінуў. Яна, напэўна, ахвяра нейкага злоснага ашуканства. Але як яе можна адсюль забраць, каб не пабудзіць?

- Прынц, - сказаў яму галоўны мысліўца Губэр, - мы маглі б зрабіць з галля насілы і занесці на іх дзяўчыну ў які-небудзь заезны двор па суседстве. А вы тым часам маглі б паляваць далей.

- Ты ўсё добра прыдумаў, дарагі Губэр, - ухваліў прынц. - Аддавай загад! Няхай зробяць насілы і на іх пакладуць дзяўчыну, але вы панесяце яе не ў заезны двор, а да мяне ў палац. Гэтая асоба, як відаць, знатнага роду. І апроч таго, яна прыгожая, як анёлак. Я сам буду сачыць, каб ёй прыслугоўвалі, як гэта належыць яе сану.

Губэр з афіцерамі хутка зрабілі насілы, а прынц паслаў на іх сваю накідку і акуратна паклаў на яе Разалі, якая па-ранейшаму спала. Якраз у гэтую хвіліну Разалі, напэўна, прысніла сон, яна ўсміхнулася і шэптам прамовіла: «Бацька, мой бацька!.. Ты будзеш уратаваны!.. Каралева феяў... Чароўны прынц... я бачу яго... які ён прыгожы!»

Прынц вельмі здзівіўся, калі пачуў, што дзяўчына прамовіла яго імя. Цяпер ён ужо не сумняваўся, што яна прынцэса і што на яе насланыя нечыя злыя чары. Ён загадаў, каб слугі, якія трымалі насілы, ішлі вельмі ціха і каб ніводзін іх рух не пабудзіў Разалі. Сам ён сеў на каня і таксама паехаў побач, ні на хвіліну не адлучаючыся ад насілаў.

Неўзабаве яны прыбылі ў палац. Чароўны прынц загадаў, каб Разалі падрыхтавалі каралевіну спальню, і, не дазваляючы нікому да яе дакрануцца, сам панёс у пакой і паклаў там на ложак. Ён сказаў фрэйлінам, якія павінны былі ёй прыслугоўваць, каб яны адразу папярэдзілі яго, калі дзяўчына прачнецца.

Разалі праспала ўсю ноч і ўвесь ранак, і калі нарэшце прачнулася, на двары ўжо быў новы дзень. Яна здзіўлена зірнула вакол і нідзе не ўбачыла шэрае Мышы, тая некуды знікла.

«Няўжо я пазбавілася ад гэтае Мярзотнае варажбіткі? - радасна падумала Разалі. - Можа быць, я трапіла да чараўніцы яшчэ магутнейшай за яе?»

Яна падышла да акна і ўбачыла на двары жаўнераў і афіцераў, апранутых у прыгожую ўніформу. Яшчэ болей здзівіўшыся, яна хацела была каго-небудзь паклікаць, бо падумала, што ўсё гэта чараўнікі ды чарадзеі, але раптам пачула ў сябе за спінай чыюсьці хаду. Яна азірнулася і ўбачыла Чароўнага прынца. Ён быў у раскошным гарнітуры і глядзеў на дзяўчыну, не хаваючы свайго захаплення. Разалі адразу пазнала прынца са сваіх сноў і мімаволі ўскрыкнула:

- Чароўны прынц!

- Вы ведаеце мяне? - здзівіўся прынц. - Але, калі мы ўжо бачыліся, то як жа я мог забыцца на вашае прозвішча і аблічча?

- Прынц, - чырванеючы адказала яму Разалі, - я вас бачыла ў сваіх снах. І майго прозвішча вы ведаць не можаце, бо я сама даведалася пра яго толькі ўчора ад свайго бацькі.

- Што ж гэта за прозвішча, якое ад вас так доўга хавалі?

І тады Разалі распавяла яму ўсё, пра што даведалася ад бацькі. Яна шчыра прызналася ў сваёй злачыннай цікаўнасці і расказала пра тое вялікае няшчасце, якое яна прынесла.

- Можаце ўявіць сабе, прынц, як я пакутавала, калі была вымушаная пакінуць бацьку, каб уратавацца ад полымя, якое наслала на наш дом нягодная варажбітка, калі памірала ад холаду і голаду, і ніхто не хацеў пусціць мяне на начлег! Але потым мной авалодаў глыбокі сон, і я не ведаю, як апынулася тут, у вашым палацы.

Чароўны прынц расказаў Разалі, як знайшоў яе ў лесе, дзе яна спала, і як пачуў яе словы, якія яна прамовіла ў сне. І потым дадаў:

- Ваш бацька не сказаў вам яшчэ аднаго, Разалі. Каралева феяў, наша сваячаніца, вырашыла, што пасля таго, як вам споўніцца пятнаццаць гадоў, вы зробіцеся маёй жонкай. Таму я не сумняваюся, што менавіта яна паслала мне думку паехаць на паляванне з паходнямі, каб я мог знайсці вас у тым лесе, дзе вы заблудзілі. І калі ўжо ўсё роўна да вашага дня нараджэння застаецца зусім нямнога, я прашу вас лічыць гэты палац вашым і загадваць у ім, як сапраўдная каралева. Хутка ваш бацька зноў будзе з вамі, і мы зможам адсвяткаваць наша вяселле.

Разалі шчыра падзякавала прынцу і пайшла ў свой туалетны пакой, дзе яе чакалі фрэйліны, трымаючы напагатоў незлічоныя сукенкі ды сама розныя капялюшыкі. У Разалі зусім не было звычкі да пышных убранняў, і таму яна надзела першую ж сукенку, якую ёй падалі. Сукенка была з тонкай ружовай тканіны з карункамі, і капялюшык таксама з карункамі, упрыгожаны раскошнымі вялікімі ружамі. Фрэйліны заплялі яе прыгожыя каштанавыя валасы ў касу і ўклалі яе каронай. Калі Разалі была гатовая, прынц прыйшоў запрасіць яе да сняданку.

Разалі ела так, што было адразу відаць, што напярэдадні яна была галодная цэлы дзень. Пасля снедання прынц павёў яе ў сад і паказаў свае цудоўныя шклярніцы. У адной шклярніцы, у самае глыбіні была маленькая альтанка, абвітая прыгожымі кветкамі, а пасярод альтанкі стаяў вялікі вазон, у якім расло, напэўна, нейкае дрэўца, але яго было не відаць, бо з усіх бакоў яго закрывала шчыльная тканіна. Скрозь покрыва можна было ўбачыць толькі, як нешта ўсярэдзіне незвычайна блішчыць.

 

Раздзел 4. Дрэўца з альтанкі

 

Разалі доўга любавалася на розныя кветкі і думала, што зараз прынц здыме покрыва і пакажа ёй таямнічае дрэўца, але ён пайшоў са шклярніцы, нават не загаварыўшы пра яго з Разалі.

- Скажыце, прынц, - спыталася тады сама дзяўчына. - А што гэта за дрэўца там пад покрывам?

- Гэта вясельны падарунак, які я падрыхтаваў для вас, - вясёла адказаў прынц. - Але пакуль вам не споўніцца пятнаццаць гадоў, вы не павінны яго бачыць.

- А што там такое блішчыць пад тканінай? - зноў спытала Разалі.

- Вы даведаецеся пра гэта праз некалькі дзён. І я спадзяюся, што гэты мой падарунак акажацца для вас нечаканым і зусім не звычайным.

- А ці не магу я ўбачыць яго раней?

- Не, Разалі. Каралева феяў забараніла мне паказваць яго вам, іначай здарыцца вялікае няшчасце. Але я спадзяюся, што вы досыць мяне кахаеце, каб на некалькі дзён утрымаць сваю цікаўнасць.

Апошнія словы прымусілі Разалі ўздрыгануцца. Яна зноў успомніла пра шэрую Мыш і няшчасці, якія пагражалі ёй і яе бацьку, калі яна зноў саступіць спакусам Мярзотнае варажбіткі. Яна болей не згадвала пра таямнічае дрэва і пайшла з прынцам далей.

Увесь дзень прайшоў вельмі вясёла. Прынц пазнаёміў Разалі з прыдворнымі панямі і сказаў ім, каб яны паважалі Разалі, як яго жонку, якую абрала яму каралева феяў. Разалі была з усімі вельмі прыязная, і прыдворныя радаваліся, што хутка ў іх будзе такая добрая каралева. Назаўтра і ў наступныя дні былі наладжаны шумныя балі, паляванні ды вясёлыя прагулкі, і прынц з Разалі шчасліва чакалі ўжо блізкага Разалінага дня нараджэння, які адначасова павінен быў стаць днём іх вяселля. Прынц чакаў яго таму, што вельмі кахаў Разалі, а Разалі - таму, што вельмі кахала прынца, і таму, што хацела хутчэй зноў пабачыцца з бацькам. Але яшчэ і таму, што ёй дужа карцела даведацца, што ж такое расце ў той альтанцы! Думка пра гэта не пакідала яе ні на хвіліну, і нават уначы яна бачыла альтанку ў сне. Калі ж удзень яна заставалася адна, ёй каштавала вялікага намагання стрымліваць сябе, каб не пайсці ў шклярніцу ды не прыўзняць покрыва над загадкавым дрэўцам.

Нарэшце апошні дзень чакання настаў: назаўтра Разалі павінна было споўніцца пятнаццаць гадоў. Прынц быў вельмі заняты падрыхтоўкаю да вяселля, на якое запрасіў усіх чараўніц з акругі і саму каралеву феяў. Сталася так, што на ўвесь час да абеду Разалі засталася адна. Яна пайшла пагуляць і так, ідучы па дарожцы і думаючы пра свой шчаслівы заўтрашні дзень, неўпрыкмет павярнула да таго месца, дзе стаяла альтанка. Усміхаючыся, у задуменні яна ўвайшла ў шклярніцу - і раптам заўважыла, што стаіць якраз перад вялікім вазонам, у якім пад покрывам хаваецца скарб.

- Заўтра нарэшце я даведаюся, што там такое, - сказала яна сабе. - Дый каб я захацела, я магла б даведацца пра гэта і сёння... бо ў гэтым покрыве такія дзіркі, што я магу спакойна прасунуць у іх некалькі пальцаў... а калі потым крыху пацягнуць... Ніхто ўсё роўна пра гэта не даведаецца... А пасля я трошкі пагляджу і папраўлю ўсё на месца... Заўтра ж гэта ўсё роўна будзе маё, дык чаму б мне не зірнуць ужо сёння?..

Яна паглядзела вакол, але нікога не ўбачыла. І тады, абсалютна пра ўсё забыўшы: і пра добрага прынца, і пра небяспеку, якая яе чакала, - адчуваючы толькі пякучае жаданне задаволіць сваю цікаўнасць, яна прасунула пальцы ў дзірку і ціхенька пацягнула. Покрыва раптам разадралася з пачварным трэскам, і здзіўленая Разалі ўбачыла перад сабой цудоўнае дрэва, ствол у якога быў з каралаў, а лісце са смарагдаў. Яно ўсё было абсыпанае пладамі, і кожны плод быў з суцэльнага каштоўнага каменя: дыяменту, рубіну, перлу, сапфіру, апалу, тапазу... - і ўсе яны пераліваліся рознымі колерамі. Такі бляск асляпіў Разалі. Але толькі яна паспела ўбачыць гэта чароўнае дрэва, як пачуўся яшчэ болей жудасны грукат. Разалі ачнулася ад свайго захаплення і адчула, як нейкая неадольная сіла падняла яе над зямлёй і панесла ў поле. Адтуль Разалі ўбачыла, як прынцаў палац абрынуўся, і з-пад абломкаў пачуліся страшныя стогны. Праз імгненне з руін выйшаў прынц. Ён быў увесь акрываўлены, у лахманах. Сумна зірнуўшы на Разалі, ён сказаў:

- Ах, Разалі, няўдзячная Разалі! Бачыш, што ты зрабіла са мной і з маім палацам. Цяпер, калі ты гэта ўтварыла, я не сумняваюся, што і трэці раз ты саступіш сваёй цікаўнасці і асудзіш на вялікае гора і мяне, і сябе, і свайго бацьку. Бывай, Разалі, і няхай пакаянне акупіць тваю няўдзячнасць да няшчаснага прынца, які цябе так кахаў і хацеў табе толькі дабра!

З гэтымі словамі ён пайшоў прэч. А Разалі кінулася на калені і, заліваючыся слязьмі, пачала клікаць, прасіць, але прынц знік з вачэй, так ні разу і не азірнуўшыся, каб убачыць Разаліну роспач. Дзяўчына была ўжо гатовая страціць прытомнасць, калі раптам зусім побач пачула прарэзлівы смех шэрае Мышы.

- Падзякуй мне, Разалі, - сказала Мыш. - Гэта я табе так цудоўна дапамагла. Гэта я пасылала табе прыемныя сны пра чароўнае дрэўца і прагрызла дзіркі ў покрыве, каб пад яго можна было зазірнуць. Каб мне не ўдалася гэтая хітрасць, я, напэўна, ужо назаўжды страціла б і цябе, і твайго бацьку, і Чароўнага прынца. Але цяпер мне засталося ашукаць цябе яшчэ ўсяго толькі раз, і вы ўсе назаўжды зробіцеся маімі рабамі.

Мыш радасна пачала скакаць вакол Разалі, але яе здзеклівыя словы зусім не раззлавалі дзяўчынку.

«Гэта я ва ўсім вінаватая, - падумала Разалі. - Каб не мая злачынная цікаўнасць, Мышы ніколі не ўдалося б прымусіць мяне зрабіць такі дрэнны ўчынак. Я павінна выправіць яго сваімі пакутамі, сваім цярпеннем і нязломнаю волей. Я павінна вытрымаць трэцяе выпрабаванне, якое б цяжкае яно ні было. Дый чакаць мне застаецца ўсяго некалькі гадзін. Няўжо я не здолею? Цяпер, як сказаў Чароўны прынц, ад адной мяне залежыць яго, маё і бацькава шчасце».

Падумаўшы гэтак, Разалі вырашыла стаяць на месцы і больш нікуды адсюль не ісці. І колькі Мыш ні старалася, яна так і засталася каля разбуранага палаца.

 

Раздзел 5. Куфэрак

 

Так прайшоў увесь дзень. Разалі страшна хацелася піць, але яна казала сабе:

- Не, я павінна яшчэ болей пакутаваць у пакаранне за тое, што прымусіла пакутаваць бацьку і прынца. І пакуль мне не споўніцца пятнаццаць гадоў, я нікуды адсюль не пайду.

Пачынала цямнець, калі на дарозе з'явілася старая кабета. Яна падышла да дзяўчынкі і папрасіла:

- Маё мілае дзіцятка, ці не зробіце вы мне такую паслугу і ці не даглядзіце за маім куфэркам? А то ён такі цяжкі, а мне яшчэ трэба зайсці да адной сваячаніцы тут непадалёку.

Разалі была дзяўчынка спагадлівая, і таму адказала:

- Калі ласка, бабулька, пакідайце куфэрак, я за ім дагляджу.

Старая кабета падала ёй куфэрак і сказала:

- Дзякуй, маё мілае дзіцятка. Я пайду ненадоўга. Але вы не адчыняйце куфэрка і не глядзіце, што ў ім, бо там такое... такое, чаго вы не бачылі і ніколі не ўбачыце... Трымайце яго вельмі асцярожна і не стукніце, калі захочаце паставіць на зямлю, бо ён вельмі нетрывалы і можа разламацца... І тады вы ўбачыце, што ў ім ляжыць... А гэтага ніхто не павінен бачыць!

Сказаўшы гэта, старая кабета пайшла. А Разалі акуратна паставіла куфэрак побач з сабой на зямлю і пачала думаць пра ўсё, што з ёй здарылася. Ужо зусім сцямнела, а бабулька ўсё не вярталася. Разалі скінула вокам на куфэрак і са здзіўленнем убачыла, што зямля вакол яго свеціцца.

«Што гэта за святло ідзе з гэтага куфэрка?» - падумала яна.

Яна ўзяла куфэрак у рукі, пакруціла яго, агледзеўшы з усіх бакоў, але так і не зразумела, ад чаго ідзе такі незвычайны бляск. Тады яна паклала яго зноў на зямлю і сказала:

- Якая розніца, што ў ім ляжыць? Ён жа не мой, а той бабулькі, якая мне яго даручыла. Не буду болей пра яго думаць, а то мне захочацца яго адчыніць.

І яна сапраўды перастала на яго глядзець і нават пастаралася болей пра яго не думаць. Заплюшчыўшы вочы, яна вырашыла чакаць новага дня.

- Калі настане дзень і мне споўніцца пятнаццаць гадоў, я зноў убачу Чароўнага прынца і бацьку, і мне болей не трэба будзе баяцца нягоднае варажбіткі.

У тую ж хвіліну Разалі пачула танюткі Мышыны галасок, які насмешліва віскнуў:

- Разалі! Разалі, я тут! Я болей табе не вораг. Каб давесці гэта, я нават магу, калі хочаш, паказаць табе, што ў гэтым куфэрку!

Разалі нічога не адказала.

- Разалі, ты што - не чуеш, што я сказала? - зноў завішчала Мыш. - Я твой сябар! Калі ласка, павер!

Але дзяўчына маўчала.

Тады Мыш, якой трэба было спяшацца, кінулася на куфэрак і пачала грызці ў яго вечка.

- Ах ты нягодніца! - крыкнула Разалі, выдзіраючы куфэрак у Мышы і прыціскаючы яго да грудзей. - Калі ты хоць раз яшчэ да яго дакранешся, я зараз жа скручу табе галаву!

Мыш злосна зірнула на Разалі, але ўгнявіць яе пабаялася. Пакуль яна прыдумляла, як бы распаліць Разаліну цікаўнасць, гадзіннік прабіў паўночы. У тое ж імгненне Мыш страшна завішчала і крыкнула:

- Усё, Разалі, твой дзень нараджэння настаў! Цяпер табе споўнілася пятнаццаць, і ты можаш болей мяне не баяцца. З гэтай хвіліны вы ўжо не залежыце ад маіх чараў, ні ты, ні твой агідны бацька, ні брыдкі прынц. А я назаўжды застануся гадкаю шэраю мышшу, пакуль не здолею завабіць у свае пасткі якую-небудзь іншую такую ж прыгожую дзяўчыну, як ты. Бывай, Разалі! Можаш цяпер адчыніць свой куфэрак.

Сказаўшы гэта, шэрая Мыш знікла. Але Разалі не дала веры варажбіткіным словам і не зрабіла, як тая раіла. Яна вырашыла не адчыняць куфэрка, пакуль не настане дзень. І толькі яна прыняла гэтае рашэнне, як Пугач, што пралятаў над Разалі, выпусціў з лапаў камень і трапіў ім якраз у самы куфэрак. Куфэрак разляцеўся на тысячы кавалкаў! Разалі крыкнула ад жаху і раптам убачыла перад сабой каралеву феяў, якая сказала:

- Не бойцеся, Разалі. Вы нарэшце перамаглі свайго жорсткага ворага, і цяпер я вярну вас да вашага бацькі. Але раней паешце ды папіце.

І чараўніца падала ёй плод, аднаго кавалачка якога Разалі хапіла, каб наталіць і смагу, і голад. У тое ж імгненне перад чараўніцай узнікла калясніца, запрэжаная парай прыгожых, белых у шэрыя яблыкі, коней, яна села ў яе і запрасіла з сабой дзяўчыну.

Апамятаўшыся ад здзіўлення, Разалі шчыра падзякавала чараўніцы за яе апеку і спытала, ці хутка можна будзе ўбачыцца з бацькам і Чароўным прынцам.

- Бацька ўжо чакае вас у палацы ў прынца, - адказала каралева феяў.

- Як? А я думала, што прынцаў палац разбураны, а сам прынц паранены і стаў жабраком.

- Усё гэта было не па-сапраўднаму і было зроблена толькі дзеля таго, каб вы мацней спалохаліся сваёй цікаўнасці і не саступілі ёй трэці раз. А прынцаў палац вы ўбачыце такім, які ён і быў, пакуль вы не падралі покрыва, пад якім хавалася каштоўнае дрэва, прызначанае вам у падарунак.

Пакуль чараўніца прамаўляла гэтыя словы, калясніца пад'ехала да палаца. На ганку Разалі ўжо чакалі бацька і прынц разам з усёю дворняй. Разалі кінулася да іх, і яны шчасліва абняліся. Прынц, здавалася, зусім забыў пра дрэнны ўчынак, які Разалі ўтварыла напярэдадні. Усё было ўжо гатовае да вяселля, і яго тут жа адсвяткавалі. На банкеце, які доўжыўся некалькі дзён, былі чараўніцы з усяе акругі. Разалін бацька застаўся жыць разам са сваімі дзецьмі. Разалі назаўжды пазбавілася сваёй цікаўнасці і пражыла з Чароўным прынцам у каханні ды шчасці ўсё жыццё. У іх нарадзіліся прыгожыя дзеці, і за хросніц ім былі абраныя добрыя чараўніцы, якія заўжды абаранялі іх ад злых варажбітак і чарадзеяў.

 

Пераклад зроблены з выдання: Comtesse de Segur. La cabane enchantee. Casterman. Tournai, 1979.



Пераклад: Зьміцер Колас

Беларуская Палічка: http://knihi.com