І. Шчарбовіч

Гельмінтозоонозы

(галоўнейшыя глістныя хваробы, агульныя ў жывёлы і чалавека)

УВОДЗІНЫ
  Агульнае паняцце аб паразітычных чарвях (глістах)
  Шкодны ўплыў паразітычных чарвей (глістоў) на арганізм жывёлы і чалавека
ТРЫХІНЕЛЁЗ
  Цыкл развіцця паразіта
  Прызнакі і распазнаванне хваробы
  Лячэнне і прафілактычныя мерапрыемствы
ТЭНІОЗ АЛЬБО ХВАРОБА, ВЫКЛІКАЕМАЯ СВІНЫМ САЛІТЭРАМ У ЛЮДЗЕЙ
  Узбуджальнік хваробы і шляхі заражэння
  Шкодны ўплыў тэнія соліум (свінога салітэра) на арганізм чалавека
  Прызнакі і распазнаванне хваробы
ФІНОЗ СВІНЕЙ
  Прызнакі і распазнаванне фінозу ў свіней і чалавека
  Прафілактыка фінозу і тэніозу
ТЭНІАРЫНХОЗ І ФІНОЗ (КРУПКА) БУЙНОЙ РАГАТАЙ ЖЫВЁЛЫ
  Цыкл развіцця
  Шкодны ўплыў бычачага салітэра на арганізм чалавека і прызнакі хваробы
  Прафілактычныя мерапрыемствы
ЭХІНАКАКОЗ (ПУЗЫРЧАТА-ГЛІСТНАЯ ХВАРОБА) СЕЛЬСКАГАСПАДАРЧЫХ ЖЫВЁЛ І ЧАЛАВЕКА
  Цыкл развіцця паразітаў
  Прызнакі і распазнаванне хваробы
  Лячэнне і прафілактычныя мерапрыемствы


 

УВОДЗІНЫ

 

Глістныя хваробы, агульныя чалавеку і жывёле, яшчэ пакуль што шырока распаўсюджаны ў некаторых рэспубліках і абласцях Савецкага Саюза. Прычынай такога распаўсюджання з'яўляецца тое, што ў дарэвалюцыйны час вывучэннем глістных хвароб і мерамі барацьбы з імі ніхто не займаўся і адпаведных спецыялістаў не было. На такія хваробы, як трыхінелёз, фіноз (крупка), эхінакакоз (вадзянка) і інш., глядзелі як на звычайную з'яву і не лічылі іх за хваробы. Амаль заўсёды людзі скарыстоўвалі ў ежу фінознае і трыхінелёзнае мяса, а эхінакокавыя пузыры (вадзянкі) аддавалі сабакам. У выніку чаго адзначаныя вышэй хваробы ўсё больш і больш пашыраліся.

У паслярэвалюцыйны час погляд на гэтыя хваробы змяніўся. Шляхам дэтальнага вывучэння ўстаноўлена, што як трыхінелёз, так фіноз і эхінакакоз з'яўляюцца надзвычайна сур'ёзнымі хваробамі. Жывёлы і людзі цяжка пакутуюць ад гэтых хвароб і ў некаторых выпадках паміраюць.

З гэтымі хваробамі трэба весці самую рашучую барацьбу і дабіцца іх знішчэння ў самы кароткі тэрмін.

Правядзенню гэтай барацьбы ў БССР надта многа перашкаджалі ворагі народа, засеўшыя ў Ветупраўленні і ў Наркамземе. Яны імкнуліся скрыць наяўнасць гэтых хвароб у БССР, не наладжвалі дакладнага ўліку іх і наогул стваралі ўмовы для пашырэння цэлага раду хвароб, у тым ліку трыхінелёзу, фінозу і эхінакакозу. У сувязі з гэтым нам прадстаіць вялікая работа - ліквідаваць вынікі шкодніцтва ў жывёлагадоўлі наогул і ўзяцца па-баявому за ліквідацыю такіх хвароб, як трыхінелёз, фіноз і эхінакакоз.

Для гэтага ў нас ёсць усе магчымасці. Спосабы барацьбы з гэтымі хваробамі ў нашых руках. Кожнаму работніку жывёлагадоўлі неабходна толькі вывучаць гэтыя хваробы і аўладаць метадамі барацьбы з імі.

 

Агульнае паняцце аб паразітычных чарвях (глістах)

 

Пад паразітычнымі чарвямі разумеюць тых чарвей, якія жывуць у большасці выпадкаў ва ўнутраных органах чалавека і жывёлы. Паразітычныя чэрві, або глісты, знаходзячыяся ў тым ці іншым арганізме, жывяцца яго крывёй, тканкамі (часткамі цела) і існуюць за кошт гэтага арганізма. Гэтакі спосаб існавання ў біялогіі называецца паразітызмам. Тая істота, якая жыве за кошт другога арганізма, называецца паразітам, а тая жывёла альбо чалавек, у якіх жывуць гэтыя паразіты, называюцца іх гаспадарамі. Пры гэтым трэба адзначыць, што не ўсе вядомыя нам паразіты могуць жыць ва ўсіх жывёлах і чалавеку.

Ёсць цэлы рад такіх паразітычных чарвей, якія жывуць выключна толькі ў аднаго якога-небудзь гаспадара. Побач з гэтым ёсць шмат і такіх паразітаў, якія могуць жыць як у арганізме жывёл, так і ў арганізме чалавека. Кожны з гэтых паразітаў мае сваю асабістую будову цела, мае свой асабісты спосаб развіцця і ў сувязі з гэтым выклікае своеасаблівае захворванне.

Такім чынам, становіцца відавочным, што гаварыць аб глістных хваробах жывёл альбо чалавека наогул нельга, а трэба ведаць заўсёды, якімі паразітычнымі чарвямі яны выкліканы. У сучасны момант нам вядома, што некаторыя віды жывёл падвяргаюцца дзесяткам асабістых захворванняў. Калі ўзяць чалавека, то ў яго сустракаюцца і хваробы, выклікаемыя паразітамі, якія жывуць толькі ў арганізме чалавека, і хваробы, выклікаемыя паразітамі, якія перадаюцца ад жывёл чалавеку.

 

Шкодны ўплыў паразітычных чарвей (глістоў) на арганізм жывёлы і чалавека

 

Паразітычныя чэрві ў арганізме чалавека і жывёлы сустракаюцца даволі часта. Шкода, якую прыносяць паразіты як у сваёй лічынкавай, так і дарослай форме чалавеку і жывёле, надзвычай вялікая. Лічынкі, папаўшы ў арганізм чалавека альбо жывёлы, вандруюць па крывяноснай сістэме, пераходзяць з аднаго органаў другі, раняць гэтыя органы, у выніку чаго ўзнікае ўспаленне, з'язваванне і іншыя ўскладненні ў розных найважнейшых органах, напрыклад, печані, лёгкіх, мазгу, сэрцы і інш.

Дарослыя формы паразітаў, жывучы ў тым ці іншым органе, сваімі фіксацыйнымі органамі - кручкамі, прысоскамі і рэжучымі пласцінкамі - наносяць розныя раненні, з якіх сачыцца кроў і пачынаюцца ўспаленні.

У радзе выпадкаў паразітычныя чэрві фіксіруюцца (прымацоўваюцца) у органах чалавека альбо жывёлы так, што пранікаюць сваім галаўным канцом у глыбіню тканкі. Так вядзе сябе ўсім вядомы власаглаў, які прашывае сваім ніцепадобным пярэднім участкам цела слізістую абалонку тоўстых кішак і часта можа выклікаць успаленне адростка сляпой кішкі, так званы апендыцыт. Амаль таксама вядзе сябе трыхінела спіральная і астрыца, якія сваімі галаўнымі канцамі пранікаюць углыб слізістай абалонкі кішэчніка і выклікаюць вострае альбо хранічнае ўспаленне яе.

Часта паразітычныя чэрві скапляюцца ў якім-небудзь органе ў такой вялікай колькасці, што могуць утварыць цэлы клубок, які закупорвае прасвет, напрыклад, у кішэчніку, пасля чаго можа наступіць разрыў альбо заварот, што заўсёды прыводзіць арганізм да смерці. Лёгачныя паразіты таксама могуць скручвацца ў клубкі і закупорваць прасветы сярэдніх і буйных бронхаў і выклікаць задушэнне жывёлы. Нярэдка паразітычныя чэрві могуць пападаць у выводныя пратокі залоз, механічна закупорваць прасветы апошніх і выклікаць вельмі сур'ёзныя расстройствы. Закупоранымі могуць аказацца жоўчны праток мачаточнікі і інш.

Адначасова з гэтым трэба адзначыць, што некаторыя паразіты могуць з'явіцца прычынай утварэння так званых каменняў у мачавым пузыры і печані, што вядзе да вельмі цяжкага захворвання, якое можа быць вылечана толькі хірургічным шляхам.

Усе гэтыя моманты спрыяюць пранікненню ў арганізм жывёлы і чалавека шкодных мікробаў, мноства якіх знаходзіцца ў акружаючым нас асяроддзі, а вельмі часта і на скуры альбо ў поласці тых ці іншых органаў, як, напрыклад, кішэчніка, лёгкіх. Гэтыя мікробы не выклікаюць захворвання толькі таму, што скура і слізістыя абалонкі, высцілаючыя поласці цела, не пашкоджаны. Але як толькі скура альбо слізістыя абалонкі атрымліваюць раненні ад паразіта альбо іншым якім-небудзь шляхам, зараз жа мікробы пранікаюць у кроў, хутка размнажаюцца і выклікаюць тую ці іншую заразную хваробу.

Працэнт смяротнасці ад такіх хвароб як халера, брушны тыф сярод людзей, заражаных паразітычнымі чарвямі, значна вышэйшы, чым сярод незаражаных. Паводле даных амерыканскіх гельмінтолагаў за 1921 г., на падставе абследавання 22.842 салдат знойдзена, што захворванне і смяротнасць у асоб, заражаных паразітычнымі чарвямі, вышэй, чым у незаражаных, на 87,5%.

На падставе гэтага можна сказаць, што паразітычныя чэрві «адчыняюць вароты для мікробаў», апрача таго, жывучы ў тым ці іншым органе, яны харчуюцца, аднімаюць значную частку каштоўных спажыўных матэрый ад свайго гаспадара, што вядзе да пахудання і слабасці арганізма. Усё гэта пагаршаецца яшчэ тым, што паразіты выдзяляюць некаторыя атрутныя матэрыі, якія дрэнна дзейнічаюць на асобныя органы і на ўвесь арганізм цалкам. Атрута некаторых паразітаў настолькі моцная, што дастаткова бывае ўвесці ў кроў жывёлы некалькі кропель атрыманай з паразіта атруты для таго, каб выклікаць у жывёлы хваравітыя з'явы. Атрута паразітычных чарвей найбольш шкодна адбіваецца на крывяноснай і нервовай сістэмах, выклікаючы малакроўе, бледнасць, жаўтушнасць, цяжкія нервовыя расстройствы.

У тых выпадках, калі паразітычныя чэрві паступаюць у арганізм чалавека альбо жывёлы ў невялікай колькасці, хваробныя з'явы цягнуцца доўга, хранічна, паступова ўсё ўзрастаючы, прыводзячы нарэшце да смерці. У другіх выпадках пад уплывам некаторых відаў паразітаў гэтыя з'явы працякаюць востра і часта заканчваюцца смерцю. Як адна, так і другая форма цячэння глістных хвароб прыносіць нам вялікія эканамічныя страты.

Хворыя глістнымі хваробамі жывёлы значна трацяць у сваёй вазе, якасць мяса пагаршаецца, удой малака ў хворых жывёл паніжаецца на 1/3, а іншы раз і напалову. Пры ўбоі жывёл, хворых глістнымі хваробамі, прыходзіцца выбракоўваць вялікую колькасць заражаных печаней, лёгкіх, а таксама і туш цалкам. Апрача таго, розныя віды жывёл пры сільным заражэнні паразітычнымі чарвямі могуць гінуць. З усіх глістных хвароб найбольшую небяспеку для чалавека і жывёлы прадстаўляюць такія хваробы, як трыхінелёз, фіноз (крупка), эхінакакоз і інш., на якіх мы дэтальна і спынімся ў нашай кніжцы.

 

ТРЫХІНЕЛЁЗ

 

Пад трыхінелёзам разумеюць хваробу, якая выклікаецца маленькім круглым паразітычным чарвяком - спіральнай трыхінелай. Спіральнай яна называецца таму, што, пасяляючыся ў мышцах жывёл і чалавека, лічынкавая форма трыхінелы амаль заўсёды закручваецца ў спіраль. Трыхінела прадстаўляе сабой надта маленькага паразітычнага чарвяка, даўжынёй ад адной дзесятай да адной чацвёртай сантыметра.

Дарослая трыхінела жыве ў кішэчніку чалавека, свінні, пацука, сабакі, кошкі і раду дзікіх мясажэрных жывёл, а лічыначная спіральная форма жыве ў мышцах гэтых жа жывёл і чалавека.

 

Цыкл развіцця паразіта

 

Трыхінела большую частку свайго жыцця праводзіць у лічыначнай стадыі, знаходзячыся ў папярэчна-паласатых мышцах. Тут лічынка закручана ў спіраль і акружана шчыльнай злучальна-тканкавай абалонкай - капсулай. У такім інкапсуліраваным выглядзе лічынкі надзвычай доўга захоўваюць сваю жыццяздольнасць - каля 25-40 год. І толькі тады калі гэтыя лічынкі разам з мясам пападаюць у кішэчнік адпаведных гаспадароў (чалавека, свінні, сабакі і інш.), з іх вырастаюць дарослыя формы, якія сваім актыўным штопарападобным рухам укараняюцца ў сценкі кішэчніка. Прыблізна праз 24 гадзіны пасля пападання трыхінелы ў кішэчнік гаспадара ўжо можна адрозніваць самак паразіта ад самцоў. Самцы апладняюць самак і гінуць. Праз 70-90 гадзін пасля пападання трыхінелы ў кішэчнік дарослая самка пачынае нараджаць жывых лічынак. У часе нараджэння лічынак самка амаль заўсёды ўкараняецца ў сценку кішэчніка гаспадара настолькі, каб палавая адтуліна была ўнутры сценкі, у выніку чаго лічынкі, выходзячы з палавой адтуліны, адразу пападаюць у кроў альбо ў лімфу. Гэтыя лічынкі, маючы малую велічыню, прыблізна 60-70 мікронаў, рухаюцца па лімфатычных сасудах, пападаюць у правую частку сэрца, адкуль яны ідуць праз малы кровеабарот у лёгкія. З лёгкіх лічынкі пападаюць у левую частку сэрца, а адсюль ужо вялікім кровеабаротам разносяцца па ўсіх органах і тканках арганізма чалавека альбо жывёлы. Але ні ў адным органе і ні ў адной тканцы, апрача папярэчна-паласатых мышц, лічынкі трыхінелы доўга не затрымліваюцца. Толькі папаўшы ў паласатыя мышцы, лічынкі развіваюцца і тут жа жывуць. Да гэтакіх мышц адносяцца: дыяфрагма (перагародка паміж грудной і брушной поласцю), міжрэбравыя, жавальныя мышцы, мышцы шыі, канечнасцей і інш. Папаўшы ў тую ці іншую групу паласатых мышц, лічынкі прасвідроўваюць абалонку мышачных клетак, закручваюцца ў спіраль, жывяцца і выдзяляюць атрутныя матэрыі, якія шкодна дзейнічаюць як на мышцы, так і на ўвесь арганізм цалкам. У арганізме, у адказ на гэтае раздражэнне, вакол лічынак утвараюцца капсулы, якія ўжо можна заўважыць у пачатку 4-га тыдня пасля заражэння. Потым праз 5-6 месяцаў у капсулах пачынаюць адкладвацца вапенныя солі, якія часта прапітваюць самога паразіта і знішчаюць яго. Але не ўсе паразіты знішчаюцца вапеннымі солямі, частка з іх астаецца і жыве каля некалькіх дзесяткаў год.

Такім чынам мы бачым, што чалавек заражаецца трыхінелёзам, паядаючы трыхінелёзную свініну, свіння ж заражаецца, паядаючы трыхінелёзных пацукоў і адкіды трыхінелёзнай свініны. Сабакі і кошкі заражаюцца, паядаючы трыхінелёзную свініну і заражаных трыхінелёзам пацукоў.

Узбуджальнік гэтага захворвання, спіральная трыхінела, а таксама і цыкл развіцця яе выяўлены не так даўно. Упершыню гэты паразіт быў знойдзены ў 1835 годзе зусім выпадкова. Адзін студэнт медыцынскага інстытута пры вывучэнні мышц чалавека заўважыў, што ў яго надта хутка тупіцца нож (скальпель). Каб высветліць прычыны гэтага, ён пачаў даследаваць мышцы пад мікраскопам і пры даследаванні ўбачыў у мышцах абвапненыя капсулы, у якіх знаходзіліся маленькія паразіты-чарвячкі, закручаныя ў спіраль. З гэтага часу трыхінелу пачалі знаходзіць і ў мышцах жывёл, у прыватнасці свіней. Пачалося высвятленне цыкла развіцця трыхінелы і шляхоў заражэння чалавека і жывёлы. Кармілі трыхінелёзным мясам сабак і інш. жывёл і праз некалькі месяцаў у мышцах гэтых жывёл былі знойдзены спіральныя трыхінелы. Больш доўгі час аставалася нявысветленым пытанне, як заражаецца чалавек і ці аднолькава трыхінела чалавека і жывёл.

Вырашыць гэтае пытанне ўдалося вучонаму Цэнкеру, калі ён ускрываў труп 20-гадовай дзяўчыны, якую лічылі памёршай ад брушнога тыфу. Пры ўскрыцці Цэнкер заўважыў, што змены ў органах не падобны на змены пры тыфе. Шукаючы іншай прычыны смерці, праводзячы розныя даследаванні змесціва кішэчніка, ён у апошнім знайшоў маленькіх чарвякоў дарослых трыхінел, а пры даследаванні мышц знайшоў лічынкі гэтай жа трыхінелы. Тады Цэнкер заняўся высвятленнем пытання, чым харчавалася гэтая дзяўчына, і запатрабаваў прынесці яму на даследаванне свініну, якую яна ела. Аказалася, што ў вёсцы, дзе жыла дзяўчына, захварэла яшчэ некалькі асоб, якія елі гэтую самую свініну. Даследаванне паказала, што ў свініне знаходзяцца акружаныя капсулай трыхінелы. Такім чынам у 1860 годзе вучонаму Цэнкеру ўдалося ўстанавіць факт смерці дзяўчыны ад трыхінелёзу і высветліць, што ў жывёлы і ў людзей адна і тая ж спіральная трыхінела, і што людзі заражаюцца, паядаючы трыхінелёзную свініну, недастаткова правараную.

 

Прызнакі і распазнаванне хваробы

 

Мы ўжо ведаем, што вызваленыя з капсулы трыхінелы ў кішэчніку адразу прысосваюцца да слізістай абалонкі, раняць яе, выклікаюць кровацячэнне, а потым і ўспаленне. У выніку гэтага паяўляюцца болі ў жываце, павышэнне тэмпературы, нудота, адрыжка, ванітаванне, адсутнасць апетыту, непрыемны смак у роце, панос, часта вадзяністы. У некаторых выпадках панос, ваніты і наогул расстройствы з боку кішэчніка так значна выражаны, што лекары кішэчны трыхінелёз прымаюць за брушны тыф альбо нават за халеру.

Праз некалькі дзён, калі дарослыя самкі пачынаюць нараджаць лічынак, якія рухам крыві заносяцца ў мышцы, хвароба ўскладняецца і становіцца больш цяжкай. Лічынкі трыхінелы, пранізваючы мышачныя валокны і выдзяляючы атрутныя матэрыі, выклікаюць у чалавека і жывёлы надта моцныя болі, якія выражаюцца ў ламотах, цяжкім дыханні, павышэнні тэмпературы. Апрача гэтага ў хворага чалавека паяўляюцца ацёкі розных органаў, асабліва твару (чалавек ходзіць з адутлым тварам). Не так даўно гэтую хваробу называлі адутлаваткаю. Хвароба з падобнымі прызнакамі цягнецца 15-20 дзён, пры ўмове, калі чалавек перастаў ужываць заражаную свініну. Калі за гэты час чалавек не памірае, то ў далейшым пачынаецца паступовае паляпшэнне становішча хворага. Апошняе супадае з тым часам, калі лічынкі пасяліліся ў мышцах арганізма.

Для лепшага азнаямлення з прызнакамі трыхінелёзу прывядзем два выпадкі цячэння хваробы.

1) Грамадзянка Б. захварэла трыхінелёзам раптоўна 01.12.1926. Праз 10 дзён хворая была дастаўлена ў бальніцу для высвятлення характару хваробы. Хворая бледная, скардзіцца на агульнае недамаганне, боль у канечнасцях, расказвае аб тым, што ў яе быў вялікі ацёк твару, які толькі нядаўна прайшоў. Страты прытомнасці не было. У такім стане хворая была да 20.12. Тэмпература амаль увесь час была павышана. 20.12. зроблена даследаванне кавалачкаў мышц, выразаных з рукі, і знойдзены ў мышцах інкапсуліраваныя трыхінелы. К канцу месяца наступіла паступовае паляпшэнне і хворая выпісана з бальніцы 30.12.1926.

2) Хворая К., 34 год, паступіла 14.12.1925 у клініку Беларускага Медыцынскага ўніверсітэта са скаргамі на болі ў правым баку пры дыханні, боль у мышцах усяго цела, асабліва ікраножных, міжрэбравых мышц, частыя колікі прыступамі ў верхняй частцы жывата, боль пры глытанні. За 2 тыдні да паступлення ў клініку хворая адчула раптам, у часе працы, моцны азноб, потым наступіў жар. Праз тры дні ў хворай паявіліся рэзкія болі ў верхняй частцы жывата, пераходзіўшыя ў спіну і бакі. Тэмпература не паніжалася. Хворая была паложана ва ўчастковую бальніцу, дзе ў яе паўторна паяўляліся ваніты з кроўю. У бальніцы хворая праляжала 7 тыдняў, крыху паправілася і выпісалася. Дома наступіла рэзкае пагоршанне, зноў паявіўся моцны жар, болі ў жываце і спіне, твар і канечнасці ацяклі. Сваякі хворай указваюць, што ў сям'і хворай амаль адначасова з ёю захварэла яшчэ некалькі членаў сям'і, якія адчувалі нейкае недамаганне на працягу некалькіх дзён. Пры глытанні ў хворай паяўляецца боль у роце, жывот некалькі ўздуты, мышцы напружаны. Пры пастукванні і ашчупванні - боль між рэбрамі абодвух бакоў; рукі напалову сагнуты, поўнасцю не выпростваюцца, пры рухах і націсканні ў іх адчуваецца боль. Ногі ацёчны. Адчуваецца боль у нагах, асабліва ў вобласці ікраножных мышц.

Тэмпература павышалася, даходзіла да 40°. Хворая вельмі пацела, страціла прытомнасць, стала санлівай. 23.12. зроблена даследаванне кавалачкаў мышц, выразаных з рукі вышэй локця; знойдзена вялікая колькасць спіральных трыхінел.

Хворую лячылі. Але паколькі радыкальнага лячэння пры гэтай хваробе няма, то з прычыны вялікай колькасці трыхінел хваробныя з'явы ўсё нарасталі, ускладняліся і хворая 05.03.1926 памерла.

Гэтыя два прыклады паказваюць, якой небяспечнай хваробай з'яўляецца трыхінелёз і прымушаюць кожнага працоўнага нашай краіны звярнуць сур'ёзную ўвагу на забеспячэнне ад заражэння ім.

 

Лячэнне і прафілактычныя мерапрыемствы

 

Радыкальнага лячэння супроць трыхінелёзу пакуль што няма. Прабавалі і прабуюць прымяняць розныя сродкі, але дадатныя вынікі пакуль што яшчэ не атрыманы. Вось чаму неабходна звярнуць самую сур'ёзную ўвагу на прафілактычныя мерапрыемствы па барацьбе з трыхінелёзам.

У нашай краіне барацьбе з трыхінелёзам у сучасны момант удзяляецца надзвычай вялікая ўвага, і пытанне стаіць так, каб у найкарацейшы тэрмін зусім ліквідаваць гэтую хваробу. Для гэтага ў нас ёсць усе магчымасці. Мерапрыемствы прафілактычнага характару распрацаваны зусім дакладна. Кожнаму трэба памятаць аб тым, што людзі звычайна заражаюцца пры ўжыванні неправаранага свінога мяса, паражонага трыхінелёзам.

Трыхінелы гінуць пры тэмпературы не ніжэй 75°, а пры звычайным гатаванні мяса, асабліва вялікімі кавалкамі, унутры іх тэмпература бывае не вышэй 45-50°. Значыцца, трыхінелы не забіваюцца і пры паяданні такога мяса чалавек можа заразіцца.

Ад капчэння мяса трыхінелы не гінуць. Звычайная прасолка мяса альбо сала, у праслойках якога ёсць трыхінелы, таксама не знішчае іх.

Адрозніць трыхінелёзную свініну ад нетрыхінелёзнай звычайным вокам немагчыма, бо трыхінелы, якія жывуць у мясе, надта маленькія - каля міліметра. Выявіць заражонасць мяса можна толькі мікраскопам альбо спецыяльна прыстасаваным для гэтага прыборам - трыхінелескопам - мікраскопам з малым павелічэннем.

Самы агляд праводзіцца даволі проста: бяруцца мышцы, якія больш за ўсё паражаюцца трыхінелёзам (ножкі дыяфрагмы, міжрэбравыя мышцы і інш.), у адпаведных лабараторыях альбо мясакантрольных станцыях спецыяльныя работнікі-трыхінелескапісты вырэзваюць кавалачкі мышц і кладуць іх паміж двума тоўстымі пласцінкамі шкла, спрасоўваюць і разглядаюць пад трыхінелескопам. Звычайна нарэзваюць 24 кавалачкі мяса, але калі даследуюцца тушы з небяспечных гаспадарак, то колькасць зрэзаў павялічваецца да 48, а часам і да 72.

Не заражанай трыхінелёзам лічыцца тая туша, у мышцах якой пры аглядзе 24-48 проб не знойдзена ніводнай трыхінелы.

У сучасны момант пры аглядзе свіных туш карыстаюцца трыхінелескопам новай канструкцыі, які забяспечаны спецыяльным ліхтаром для праектыравання адбіткаў трыхінел на экран. Гэты трыхінелескоп аблягчае, паскарае і ўдасканальвае агляд свіных туш.

Такім чынам, меры, ужываемыя для забеспячэння людзей ад заражэння трыхінелёзам, зводзяцца да наступнага:

1) Усе свінні павінны забівацца на ўбойных плашчадках, бойнях і мясакамбінатах.

2) Кожная свіная туша павінна быць дасканала агледжана на трыхінелёз, гэта значыць павінна прайсці праз трыхінелескопію бойні альбо гарадской мясакантрольнай станцыі, альбо ўбойнай плашчадкі.

3) Заражаныя тушы не павінны залежвацца, іх неабходна адразу бракаваць і знішчаць альбо адпраўляць на салатопку.

4) Уся здаровая свініна павінна быць кляймёнай, без чаго яна не можа дапускацца ў продаж.

Каб папярэдзіць свіней ад заражэння трыхінелёзам, трэба ўлічыць шляхі заражэння іх, а іменна: паяданне пацукоў, паяданне свіных адкідаў і калавых мас чалавека, і ў адпаведнасці з гэтым правесці наступныя мерапрыемствы:

1) Весці барацьбу з беспрытульнасцю свіней, бо ўтрыманне іх без усякага нагляду на базарных плошчах, месцах звалак не выключае магчымасці заражэння іх трыхінелёзам.

2) Неабходна арганізаваць барацьбу з пацукамі і мышцамі ў свінаводчых гаспадарках, на бойнях, на складах харчовых прадуктаў і ў каўбасных установах.

Хворыя людзі павінны своечасова звяртацца да лекара. Выпаражненні хворага чалавека спальваюцца альбо закапваюцца глыбока ў зямлю.

Ажыццяўленне ўсіх гэтых пунктаў ва ўмовах гаспадарак соцсектара больш чым магчыма. Астаецца толькі пажадаць кожнаму работніку той ці іншай гаспадаркі ўявіць сабе сур'ёзнасць гэтай хваробы і ўзяцца як належыць за ажыццяўленне пералічаных мерапрыемстваў. Толькі пры належнай свядомасці і актыўнасці шырокіх мас мы зможам знішчыць гэтую хваробу.

 

ТЭНІОЗ АЛЬБО ХВАРОБА, ВЫКЛІКАЕМАЯ СВІНЫМ САЛІТЭРАМ У ЛЮДЗЕЙ

 

Хвароба называецца тэніозам таму, што яна выклікаецца паразітам, які мае навуковую (лацінскую) назву тэнія соліум.

Усім вядома назва паразітычнага чарвяка - салітэр. Гэта таксама іншакраіннае слова і пры перакладзе на нашу мову азначае адшэльнік. Атрымаў ён гэтую назву таму, што ўпершыню ў арганізме чалавека яго знаходзілі толькі па аднаму экземпляру. У сучасны момант устаноўлены рад такіх выпадкаў, калі ў адным арганізме іх знаходзілі дзесяткамі, так што назва гэтая не зусім адпавядае сапраўднасці.

Свіным завуць яго з прычыны таго, што людзі заражаюцца ім ад свіней, паядаючы непрасоленую і недастаткова правараную, заражаную фінкамі (крупкамі) свініну.

 

Узбуджальнік хваробы і шляхі заражэння

 

Свіны салітэр з'яўляецца характэрным прадстаўніком лентачных чарвей. Цела яго лентападобнае, дасягае ў даўжыню 1,5-2 метры і складаецца з галоўкі, шыйкі і членікаў. Даўжыня спелых членікаў перавышае іх шырыню. На галоўцы ёсць прысоскі ў выглядзе выступаў з кручочкамі, якія служаць паразіту выключна для прымацавання.

Тэнія соліум, альбо свіны салітэр у сваёй дарослай форме жыве выключна толькі ў тонкім аддзеле кішэчніка чалавека, а лічынкавая стадыя яго, так званая фінка (крупка) жыве, галоўным чынам, у міжмышачнай злучальнай тканцы свінні, але можа быць і ў чалавека, сабакі, кошкі, дзікага кабана і вярблюда.

Як адбываецца заражэнне чалавека дарослай формай і заражэнне пералічаных вышэй жывёл і чалавека лічынкавай формай свінога салітэра?

Мы ўжо гаварылі, што чалавек заражаецца праз паяданне непрасоленай, неправаранай, паражонай фінкамі свініны. Абалонка пузыра-фінкі ў страўніку чалавека ператраўляецца і вызваляецца галоўка, якая пераходзіць у тонкі кішэчнік, прымацоўваецца да сценкі апошняга і там вырастае ў дарослую форму лентачніка. Заражаны чалавек разам з выпаражненнямі выдзяляе членікі ў надворнае асяроддзе. Свіння, як усеядная жывёла, падбірае чалавечыя выпаражненні, рассеяныя па дварах, па гародах, па хлявах, па полі, і заражаецца. З яечка, папаўшага ў стрававальны апарат свінні, выходзіць лічынка з шасцю кручкамі, якая пры дапамозе гэтых кручкоў пранізвае слізістую абалонку кішкі, пападае ў кроў і рухам крыві заносіцца ў мышцы сэрца. Тут лічынка спыняецца і праз 2,5-4 месяцы ператвараецца ў лічынку-фінку (крупку), якая прадстаўляе сабой пузыр велічынёю з гарошынку, напоўнены вадкасцю. Унутры пузыра прасвечваецца галоўка будучага салітэра. Такая фінка ў арганізме свінні можа жыць некалькі год.

Сабака і кошка заражаюцца фінкай таксама праз паяданне яечак свінога салітэра, рассеяных чалавекам.

Што ж датычыцца чалавека, то ён можа заражацца фінкаю дваякім шляхам. Па-першае, заражаны чалавек у часе выпаражнення можа забрудзіць яечкамі салітэра свае рукі і па сваёй неахайнасці ўнесці гэтыя яечкі ў рот і праглынуць. Па-другое, у чалавека, заражанага свіным салітэрам, можа наступіць ванітаванне, у выніку якога змесціва тонкага кішэчніка можа вярнуцца ў страўнік і прынесці сюды членікі свінога салітэра.

У страўніку абалонка членіка ператраўляецца і вызваляюцца яечкі, з якіх вылупляюцца лічынкі. Гэтыя лічынкі, таксама як і лічынкі, папаўшыя ў страўнік са знадворнага асяроддзя, пранізваюць слізістую абалонку кішэчніка, пападаюць у кроў і рухам крыві заносяцца ва ўсе органы і тканкі чалавечага арганізма, а там ператвараюцца ў фінкі.

Часцей за ўсё фінкі ў чалавека пасяляюцца ў мазгу, вачах, жавальных мышцах, мышцах канечнасцей і інш.

 

Шкодны ўплыў тэнія соліум (свінога салітэра) на арганізм чалавека

 

Папаўшы ў кішэчнік, паразіт перш за ўсё ўядаецца кручкамі ў слізістую абалонку, раніць яе і выклікае кровацячэнне і запаленне кішэчніка. Пры вялікім скапленні паразіты могуць закупорыць кішэчнік і прывесці да разрыву яго.

Апрача таго, свіны салітэр спажывае шмат карысных матэрый у кішэчніку, неабходных для арганізма чалавека, а замест іх выдзяляе атрутныя матэрыі, якія шкодна дзейнічаюць на кроў, разбураючы чырвоныя крывяныя шарыкі, і на нервовую сістэму.

 

Прызнакі і распазнаванне хваробы

 

У чалавека свіны салітэр выклікае самыя разнастайныя хваробныя з'явы. Перш за ўсё заўважаецца нязначнае малакроўе, хворы скардзіцца на адсутнасць апетыту, некаторае недамаганне, галаўную боль.

Людзі, назіраючыя за хворым, заўважаюць у яго нервознасць, раздражымасць. У далейшым усе гэтыя прызнакі ўзмацняюцца. Паяўляюцца ацёкі на канечнасцях, жывот пры націсканні баліць, асабліва ў вобласці пупка. Паяўляецца расстройства з боку стрававальна-кішэчнага апарата - у адных выпадках панос, у другіх запор. Наогул чалавек, хворы салітэрам, скардзіцца на агульную слабасць, галаўную боль, абамленні, шум у вушах, адсутнасць апетыту, а часам наадварот паяўляецца пражорлівасць, ваніты, слюнацячэнне; у дзяцей часта заўважаюцца прыпадкі з сударгамі і расшырэнне зрэнак. Прыпадкі бываюць рознай частаты - ад аднаго ў некалькі месяцаў да 3-6 разоў у дзень. Прыпадак прадаўжаецца ад 4-5 хвілін да 3-6 гадзін. Часта дзеці пасля прыпадку засыпаюць моцным сном на некалькі гадзін. Часам заўважаецца непраізвольнае мачэнне не толькі ўночы, але і ўдзень. Жывот уздуты, боль у заднім праходзе, у выпаражненнях слізь і крыху крыві. Усе гэтыя з'явы ў большасці выпадкаў працякаюць з павышэннем тэмпературы да 39-40° і больш. Бывае брэд. Цікава, што ўсе гэтыя з'явы, якія робяць уражанне надта цяжкага захворвання (успалення мозгу, туберкулёзу і інш.), даволі хутка знікаюць з удаленнем паразіта. Для азнаямлення з прызнакамі хваробы прывядзем два выпадкі з практыкі:

1) Хворая М. - на працягу некалькіх месяцаў скардзіцца на слабасць, біццё сэрца, адсутнасць апетыту, перыядычны панос, глухату, малакроўе; пры даследаванні ў выпаражненнях знойдзены членікі паразіта. Пасля ўдалення паразіта - паступовае выздараўленне, а праз некаторы час адсутнасць усякіх прызнакаў захворвання.

2) Хворы Т. - 26 год, паступіў у нервовую клініку 18.01.1926 па поваду падучай хваробы (эпілепсіі); хварэў 2-3 гады; прыступы 2-3 разы ў месяц з перарывам у адзін месяц. Падрабязным апытаннем хворага, а таксама даследаваннем выпаражненняў устаноўлена прысутнасць членікаў свінога салітэра. Назначана лячэнне. У наступныя 7 месяцаў прыпадкаў не было.

Па клінічных прызнаках, апісаных вышэй, можна падазраваць наяўнасць салітэра. Дакладна ж распазнаць хваробу можна тады, калі ў выпаражненнях будуць знойдзены членікі паразіта. Членікі можна бачыць у выпаражненнях і простым вокам, але лепш за ўсё разглядаць іх пад лупаю альбо мікраскопам, для чаго кожнаму захварэўшаму неабходна звяртацца да лекара, які дакладна ўстановіць хваробу і правядзе належнае лячэнне.

 

ФІНОЗ СВІНЕЙ

 

Цяжка сабе ўявіць чалавека, які б не ведаў аб тым, што ў свіным мясе часта сустракаюцца фінкі альбо так званыя крупкі. Амаль кожны грамадзянін раскажа аб яе велічыні і форме. Але не ўсе ведаюць аб тым, што гэтая фінка прадстаўляе сабой лічынкавую форму паразіта, што яна небяспечна для чалавека, што з яе ў кішэчніку чалавека вырастае свіны салітэр, аб якім мы вышэй гаварылі. Таксама мала хто ведае аб тым, адкуль і з чаго яна ўзнікае ў арганізме свінні.

Трэба раз назаўсёды запомніць, што фіноз свіней выклікаецца лічынкавай формай свінога салітэра, які ў сваёй дарослай форме жыве выключна ў кішэчніку чалавека (падрабязна мы аб ім гаварылі вышэй). Заражаюцца свінні фінкамі выключна праз паяданне членікаў, альбо яечак салітэра, якія разам з калам хворага чалавека выдзяляюцца ў знешняе асяроддзе.

 

Прызнакі і распазнаванне фінозу ў свіней і чалавека

 

У свіней пры слабым паражэнні амаль ніякіх прызнакаў не заўважаецца. Пры вялікім заражэнні свіння худнее, мае хрыплы голас, затрудненае глытанне, праяўляецца слабасць зада, моцны боль у канечнасцях, асабліва пры руху і пры націсканні. Пры дэталёвым даследаванні часам можна ўбачыць светлыя вузялкі-фінкі, як на вачах пад векамі, так і на языку хворай свінні. Бывае, што фінкі ў свінні развіваюцца ў мазгу, - тады яна верціцца, шалее, пасля чаго наступае параліч і смерць. У большасці выпадкаў у свінні пры жыцці ўстанавіць фіноз трудна. Дакладна можна распазнаць фіноз толькі пасля забою свінні, зрабіўшы надрэзы на сэрцы, на мышцах паясніцы, на языку і шынках.

У чалавека фіноз распазнаецца больш-менш лёгка толькі тады, калі фінкі пасяляюцца ў вачах альбо блізка пад скураю. Калі фінкі пасяляюцца ў мышцах, тады хворы скардзіцца на боль у апошніх. Паяўленне фінкі ў мазгу чалавека суправаджаецца рознымі нервовымі расстройствамі: галаўнымі болямі, галавакружэннем, ванітамі і нават прыпадкамі, падобнымі да падучай хваробы (эпілепсіі). У гэтых выпадках зноў такі наяўнасць фінозу ўстанаўліваецца лекарам пасля смерці чалавека, калі пры ўскрыцці галавы ў мазгу знаходзяць фінкі.

 

Прафілактыка фінозу і тэніозу

 

У свіней фіноз не лечаць. Хворую свінню забіваюць на бойні і калі пры аглядзе тушы выявіцца вялікае заражэнне, адпраўляюць на салатопку, а калі невялікае, то мяса засольваюць на працягу 21 дня альбо праварваюць.

У чалавека фіноз лечыцца аперацыйным шляхам. Мы ведаем з літаратуры рад выпадкаў удалення фінак з вачэй і з падскурнай клятчаткі. Хімічныя сродкі (лякарствы) для лячэння фінозу ў чалавека не ўжываюцца, бо яны не даюць ніякіх вынікаў.

Рашаючую ролю ў барацьбе з фінозам і тэніозам (свіным салітэрам) мае прафілактыка, якая павінна складацца з наступнага:

1) Калі на ферме саўгаса альбо калгаса выяўлены захварэўшыя фінозам свінні, неабходна правесці даследаванне сярод людзей для выяўлення хворых свіным салітэрам. Усіх хворых адразу ж накіраваць у бальніцу для лячэння.

2) Выдзеленыя паразіты, а таксама і ўсе выпаражненні хворага да сканчэння лячэння павінны знішчацца спальваннем. Дэзінфіцыруючыя сродкі не забіваюць яечак паразіта і таму прымяненне іх нямэтазгодна.

3) Для таго, каб быць упэўненым у поўным удаленні ўсіх паразітаў, неабходна праводзіць даследаванне калавых мас людзей два-тры разы з двухтыднёвымі прамежкамі.

4) Пабудаваць у кожнай гаспадарцы прыбіральні і агарадзіць іх шчыльным плотам. Катэгарычна забараніць усім выпаражняцца дзе папала, на задворках, у свіным хлеве альбо ў кароўніку.

5) Весці рашучую барацьбу з «брадзячымі» свіннямі. Гэта значыць не пускаць свіней разгульваць дзе папала - па дварах, на сметніках, падыходзіць да адхожых месцаў, бо яны там у некаторых выпадках могуць з'ядаць выпаражненні чалавека. У саўгасах і калгасах свінні павінны выпасацца ўлетку на адпаведных участках, а зімой для прагулкі яны павінны мець спецыяльныя дворыкі.

6) Калавых мас з уборных не вывозіць на гароды і наогул пад караняплоды і клубняплоды.

7) Дабіцца поўнага знішчэння падворнага забою свіней. Усе свіныя тушы павінны абавязкова праходзіць праз ветэрынарна-санітарны агляд. Тушы, вельмі заражаныя фінкамі, накіроўваюцца ў салатопкі, утыльзаводы для скарыстання на тэхнічныя мэты. Туша слаба заражаная можа быць скарыстана ў ежу пасля адпаведнай яе апрацоўкі, якая заключаецца альбо ў дасканальнай праварцы дробнымі кавалкамі, альбо ў засолцы на працягу трох тыдняў.

8) Забараняецца прадаваць некляймёнае мяса на базарах. Вінаватыя караюцца згодна крымінальнага кодэкса.

9) Для поўнага забеспячэння сябе ад заражэння салітэрам і фінкамі чалавек павінен захоўваць чыстату і акуратнасць і не ўжываць у ежу сырой або дрэнна прасмажанай і праваранай свініны ў якім бы то ні было выглядзе (каўбаса, сала з мяснымі праслойкамі, шынкі і інш.).

Поўнае знішчэнне гэтай хваробы як сярод людзей, так і сярод свіней будзе дасягнута толькі тады, калі ўсе працоўныя саўгасаў, калгасаў і індывідуальных гаспадарак аўладаюць зааветтэхмінімумам і будуць прымяняць яго ў сваёй штодзённай працы.

 

ТЭНІАРЫНХОЗ І ФІНОЗ (КРУПКА) БУЙНОЙ РАГАТАЙ ЖЫВЁЛЫ

 

Тэніарынхозам гэтая хвароба называецца таму, што яна выклікаецца паразітам, маючым навуковую назву тэніарынхус сагінатус.

Звычайна гэтага лентачнага паразітычнага чарвяка называюць бычачым салітэрам толькі таму, што чалавек заражаецца ім пры паяданні неправаранага і непрасоленага фінознага мяса буйной рагатай жывёлы.

Паразіт у дарослай форме мае лентападобнае цела, якое складаецца з галоўкі, шыйкі, членікаў і дасягае ў даўжыню 10-16 метраў. Адрозніваецца бычачы салітэр ад свінога большаю даўжынёй, а таксама і тым, што галоўка бычачага салітэра не ўзброена кручкамі.

 

Цыкл развіцця

 

Развіццё бычачага салітэра падобна да развіцця свінога. Калі чалавек ужывае недастаткова праваранае і прасоленае фінознае мяса буйной рагатай жывёлы, то ў яго страўніку абалонка фінкі ператраўляецца, галоўка яе выварочваецца, прымацоўваецца (прысосваецца) 4-ма прысоскамі да слізістай абалонкі тонкай кішкі і ад яе паступова вырастаюць членікі паразіта. Колькасць членікаў бычачага салітэра даходзіць да 3.000. У бычачага салітэра праз увесь час яго жыцця каля шыйкі ўтвараюцца ўсё новыя маладыя членікі і адрываюцца заднія спелыя. Спелыя членікі адрываюцца як па аднаму, так і па некалькі адразу і з выпаражненнямі чалавека выкідваюцца ў знадворнае асяроддзе. Кожны са спелых выкінутых членікаў запоўнены маленькімі, бачнымі толькі пад мікраскопам, амаль круглымі яечкамі, якія, дзякуючы вялікай устойлівасці да холаду і гніення, могуць доўга захоўваць сваю жыццяздольнасць. Для свайго далейшага развіцця яечкі павінны тым ці іншым шляхам папасці ў стрававальны апарат буйной рагатай жывёлы, якая з'яўляецца прамежкавым гаспадаром для гэтага паразіта. Магчымасці для гэтага шырокія. Буйная рагатая жывёла, ходзячы ў розных месцах, забруджаных выпаражненнямі чалавека, можа з кормам і вадою праглынуць яечкі, з якіх у стрававальным апараце вылупляюцца лічынкі з шасцю кручкамі. Апошнія самастойна пранізваюць слізістую абалонку кішкі, пападаюць у кроў і рухам крыві заносяцца ў мускулы сэрца, языка, глытальныя, жавальныя, міжрэбравыя і іншыя. Папаўшы ў злучальную міжмышачную тканку, лічынка праз 3-6 месяцаў ператвараецца ў фінку (крупку), якую можна ўбачыць пры разрэзе мускула простым вокам. Калі чалавек з'есць у сырым выглядзе такое мяса, дык у яго стрававальным апараце з кожнай крупкі вырасце дарослы бычачы салітэр, які сваімі яечкамі зноў будзе заражаць буйную рагатую жывёлу.

Такім чынам у цыкле развіцця бычачага салітэра прымаюць удзел толькі два гаспадары - чалавек і буйная рагатая жывёла, прычым чалавек з'яўляецца сталым (дэфінітыўным) гаспадаром, а буйная рагатая жывёла - прамежкавым.

 

Шкодны ўплыў бычачага салітэра на арганізм чалавека і прызнакі хваробы

 

Шляхам назірання за хворымі людзьмі ўстаноўлена, што гэты паразіт выклікае розныя хваробныя з'явы, падобныя па свайму праяўленню да тых, якія выклікаюцца свіным салітэрам і апісаны намі вышэй.

З агульных расстройстваў найбольшую ўвагу звяртаюць на сябе нервовыя з'явы: галаўныя болі, млоснасць, неахвота да працы, узбуджальнасць, дрэнны сон, ускрыкванне ў часе сну і нават брэд. Заўважаюцца некаторыя змены з боку органаў слыху, зроку і розныя сударжныя і прыпадачныя з'явы.

Пры наяўнасці гэтакіх хваробных з'яў у чалавека можна толькі прадпалагаць, што чалавек хворы тэніарынхозам (бычачым салітэрам). Для дакладнай пастаноўкі дыягназу неабходна звярнуцца да лекара. Апошні ўстанаўлівае яго толькі тады, калі зробіць даследаванне калавых мас і знойдзе ў іх спелыя членікі бычачага салітэра.

У буйнай рагатай жывёлы распазнаць фіноз пры жыцці амаль немагчыма. Звычайна ўстанаўліваюць гэтае захворванне пасля забою жывёлы на бойні.

 

Прафілактычныя мерапрыемствы

 

Прафілактыка, у адпаведнасці з цыклам развіцця, павінна праводзіцца ў двух напрамках:

а) Не дапускаць у ежу чалавека мяса буйной рагатай жывёлы, заражанае фінкамі.

б) Не даваць магчымасці буйной рагатай жывёле паядаць чалавечыя калавыя масы.

У мэтах аховы чалавека ад заражэння бычачым салітэрам, неабходна спыніць забой жывёлы ў гаспадарках, на дварах, а забіваць яе на бойнях, якія абслугоўваюцца ветэрынарнымі лекарамі. Тушы, вельмі паражоныя фінозам, неабходна зусім знішчаць альбо перадаваць на салатопку, а слаба паражоныя не выпускаць з бойні без папярэдняга абясшкоджвання (грунтоўнай праваркі, салення на працягу 21 дня).

У сувязі з тым, што слабае заражэнне тэніарынхозам нават пры самым дасканальным аглядзе тушы не можа быць выяўлена, неабходна ў мэтах папярэджання чалавека ад заражэння бычачым салітэрам ўсё мяса ўжываць у правараным выглядзе.

Уберагчы буйную рагатую жывёлу ад заражэння фінозам магчыма толькі тады, калі ў кожнай гаспадарцы будуць пабудаваны добраякасныя прыбіральні і калі людзі не будуць рассейваць сваіх выпаражненняў дзе папала, а ў асаблівасці ў месцах, дзе знаходзіцца буйная рагатая жывёла (у кароўніках, на дварах, на вуліцах і на месцах выпасаў).

Людзі, хворыя тэніарынхозам, падвяргаюцца лячэнню. Лячэнне праводзіцца абавязкова пад кантролем лекара.

 

ЭХІНАКАКОЗ (ПУЗЫРЧАТА-ГЛІСТНАЯ ХВАРОБА) СЕЛЬСКАГАСПАДАРЧЫХ ЖЫВЁЛ І ЧАЛАВЕКА

 

Узбуджальнікам эхінакакоза з'яўляецца пузырчатая лічынка лентачнага гліста, які называецца эхінакокам.

Гэтая пузырчатая лічынка жыве ў розных органах амаль усіх нашых хатніх жывёл і чалавека. Найбольш часта яна паражае печані, лёгкія і селязёнку свіней, кароў, авечак, коней і чалавека. Эхінакокавыя пузыры ў печані, селязёнцы і лёгкіх бываюць розных размераў - ад велічыні гарошыны да гаршка сярэдняга размеру. Так, напрыклад, эхінакокавыя пузыры ў печані адной каровы важылі 60 кілаграмаў. Кожны эхінакокавы пузыр напоўнены вадкасцю, а ўнутры гэтай вадкасці да сценак пузыра прымацаваны галоўкі будучых глістоў.

Дарослая лентачная форма эхінакокаў паразітуе ў кішэчніку сабак, ваўкоў, шакалаў, лісіц і пясцоў. Цела яго плоскае і складаецца з галоўкі, узброенай кручкамі, шыйкі і трох-чатырох членікаў. Даўжыня дарослага лентачнага эхінакока каля паловы сантыметра.

 

Цыкл развіцця паразітаў

 

Сабакі, ваўкі і шакалы, заражаныя лентачнай формай эхінакока, выдзяляюць разам са сваім калам членікі гэтага гліста. У кожным членіку знаходзіцца вялікая колькасць яечак, якіх нельга разглядзець простым вокам.

Праз некаторы час членікі разрываюцца і з іх выпадаюць яечкі, якія забруджваюць траву на выпасах, ваду ў лужах і іншых адкрытых вадаёмах і т.п.

І вось розныя жывёлы (свінні, авечкі, каровы, коні і інш.), ходзячы па заражанай пашы, праглынаюць разам з травой або вадой яечкі лентачнага эхінакока. Чалавек таксама можа праглынаць яечкі эхінакока з вадой і пры паяданні сырога шчаўя. Але найчасцей чалавек заражаецца эхінакакозам непасрэдна ад сабак. Сабака з'яўляецца такой жывёлай, для якой даступны не толькі двор, але часта і жыллёвыя памяшканні чалавека: кухня і спальня. Пашыраюць эхінакакоз не толькі заражаныя сабакі, але і здаровыя, калі яны сустракаліся з хворым. Надта многа яечак эхінакакозу знаходзіцца на мордзе і шэрсці сабак. Чалавек, які асабліва любіць сабаку, гладзіць яе, нават цалуе, можа надта лёгка праглынуць яечкі лентачнага эхінакока і заразіцца лічынкавай (пузырчатай) формай эхінакока.

З яечак, папаўшых у кішэчнік жывёлы альбо чалавека, выходзяць лічынкі, якія пранізваюць сценку кішэчніка, пападаюць у кроў і рухам крыві заносяцца ў розныя органы, галоўным чынам у печань і лёгкія. У гэтых органах лічынкі спыняюцца, растуць і ператвараюцца ў вялікія эхінакокавыя пузыры. Калі жывёла, хворая эхінакакозам, будзе забіта альбо здохне, і калі органы, паражоныя эхінакокавымі пузырамі, будуць скормлены сабакам, то ў кішэчніку апошніх вырастуць лентачныя эхінакокі.

Пасля гэтага сабакі зноў пачнуць заражаць жывёлу і чалавека эхінакокавымі пузырамі.

Такім чынам, мы бачым, што сабакі, ваўкі і шакалы з'яўляюцца галоўнымі пашыральнікамі эхінакакозу сярод сельскагаспадарчых жывёл і чалавека.

 

Прызнакі і распазнаванне хваробы

 

У чалавека эхінакакоз працякае ў больш цяжкай форме, чым у жывёл. Чалавек скардзіцца на моцныя болі ў печані альбо ў лёгкіх, у залежнасці ад таго, дзе эхінакокавы пузыр развіўся. Агульнае недамаганне. Парушэнне дзейнасці стрававальнага апарата. Нярэдка ў людзей гэтая хвароба канчаецца смерцю.

Ва ўсіх сельскагаспадарчых жывёл эхінакакоз працякае хранічна. Жывёлы паступова пачынаюць худзець. У кароў, авечак і коз памяншаецца дача малака. У коней і валоў паніжаецца працаздольнасць. Свінні адстаюць у росце. Пры адкормліванні жывёла не папраўляецца. Сільна заражаныя эхінакакозам жывёлы хоць і жывуць, але не маюць ніякай гаспадарчай каштоўнасці. У некаторых выпадках жывёлы ад эхінакакозу падаюць.

Распазнаць эхінакакоз у людзей можа толькі лекар з дапамогай праменняў Рэнтгена, а таксама шляхам прымянення алергічнай рэакцыі. Распазнаць• эхінакакоз пры жыцці жывёлы надта цяжка. Звычайна нават лекары распазнаюць гэтую хваробу толькі пасля ўскрыцця трупаў паўшых жывёл. Пры ўскрыцці знаходзяць у розных органах, галоўным чынам у печані, лёгкіх і селязёнцы, эхінакокавыя пузыры рознай велічыні.

 

Лячэнне і прафілактычныя мерапрыемствы

 

Лячэнне эхінакокавай хваробы ў жывёл зусім не праводзіцца.

Людзей ад эхінакакозу лечаць аперацыйным шляхам.

Не маючы надзейных лячэбных сродкаў супроць пузырчатай формы эхінакока, мы павінны звярнуць асаблівую ўвагу на прафілактычныя мерапрыемствы, правядзенне якіх поўнасцю забяспечвае і людзей і жывёл ад захворвання эхінакакозам.

Прымаючы пад увагу, што эхінакакоз асабліва пашыраецца там, дзе не вядзецца барацьба з брадзячымі сабакамі, дзе адсутнічае правільная ўборка трупаў паўшых жывёл і дзе сабакам скормліваюцца ўнутраныя органы забітых жывёл, паражоных эхінакокавым пузыром, мы павінны выконваць наступнае:

1) Знішчаць усіх брадзячых, некаштоўных для гаспадаркі сабак.

2) Усіх каштоўных сабак - аўчарак, службовых, паляўнічых і інш. - узяць на ўлік, перыядычна, не менш 4-х раз у год, даследаваць іх на глістанашэнне і заражаных лячыць. Лячэнне праводзіць ветлекар альбо ветфельчар. Перад лячэннем сабакам на працягу 12-16 гадзін не даюць ніякага корму. Пасля лячэння сабакі на працягу 1-3 дзён трымаюцца на прывязі альбо ў клетцы. Гэта робіцца для таго, каб лечаныя сабакі, у якіх з калам выдзяляецца вялікая колькасць глістоў, не заражалі пашаў, двароў і вадаёмаў.

3) Калавыя масы, выдзяляемыя сабакамі на працягу 1-3 дзён пасля лячэння, збіраюцца лапатай і спальваюцца альбо закапваюцца ў зямлю на глыбіню не менш аднаго метра. Работнікі ў часе такой уборкі павінны асцерагацца забруджвання і пасля работы старанна вымываць свае рукі.

4) Усякая новапаступаючая ў гаспадарку сабака павінна падвяргацца даследаванню і, калі патрэбна, лячэнню.

5) Людзі, якія маюць сваіх уласных сабак або даглядаюць іх, павінны выконваць наступныя гігіенічныя правілы:

         а) не пускаць сабак у памяшканне, дзе захоўваюцца прадукты;

         б) не дапускаць судакранання сабак з дзецьмі;

         в) не дапускаць сабак да пасцелі;

         г) не карміць сабак з агульнай пасудзіны;

         д) пасля кожнага дакранання да сабакі вымываць рукі.

Выконваючы пералічаныя мерапрыемствы мы не дапусцім заражэння сельскагаспадарчых жывёл і чалавека лічыначнай пузырчатай формай эхінакока.

Для таго, каб вылечаныя сабакі зноў не заражаліся дарослымі лентачнымі эхінакокамі, неабходна ўжыць наступныя меры:

1) Забой сельскагаспадарчых жывёл на мяса павінен праводзіцца ў спецыяльна прызначаных месцах (мясакамбінаты, бойні і забойныя плашчадкі), куды ні ў якім разе не дапускаюцца сабакі. Туша забітай жывёлы разам з усімі ўнутранымі органамі павінна быць агледжана ветэрынарным лекарам.

2) Паражоныя эхінакокавымі пузырамі органы (печань, лёгкія і інш.) ад прырэзаных хворых жывёл павінны спальвацца ці кіпяціцца ў печы альбо перапрацоўвацца на ўтыльустаноўках. Трупы жывёл, паўшых ад эхінакакозу, павінны перапрацоўвацца на ўтыльустаноўках, а пры адсутнасці гэтакіх накіроўваюцца на скотамагільнікі.

3) Жывёлагадоўчыя саўгасы і калгасы павінны мець утыльустаноўкі для перапрацоўкі трупаў жывёл, а дробныя гаспадаркі - скотамагільнікі. Як на ўтыльустаноўкі, так і на скотамагільнікі трупы паўшых жывёл павінны адпраўляцца як мага хутчэй і на спецыяльна прыстасаваных закрытых цялегах, каб іх не маглі расцягваць сабакі. Месцы забою жывёл, утыльустаноўкі і скотамагільнікі павінны быць забяспечаны ад сабак.

Правядзенне ў жыццё азначаных мерапрыемстваў залежыць ад нас саміх. Чым лепш мы будзем ажыццяўляць гэтыя мерапрыемствы, тым хутчэй ліквідуем эхінакокавую хваробу як сярод людзей, так і сярод жывёл.




Крыніца: І. Шчарбовіч. Гельмінтозоонозы. Менск, Дзяржаўнае выдавецтва Беларусі, 1939.

Беларуская Палічка: http://knihi.com