epub
 
падключыць
слоўнікі

Ібрагім Канапацкі

Татары ў Беларусі. Іх рэлігія

У Беларусі знойдзены і вывучаны цікавыя археалагічныя знаходкі - клады манет, сярод якіх трапляюцца арабскія манеты VIII ст. з надпісамі арабскімі літарамі. Арабскія купцы ў гэты час былі паводле веры мусульманамі, але яны, відаць, нічога не зрабілі для пашырэння Ісламу сярод беларускага народа, які верыў у сілы прыроды. Булгары, якія на пачатку Х ст. жылі паблізу Волгі, у месцы зліцця яе з Камай, у 922 г. прынялі ад арабаў іслам - мусульманскую веру. Гэтыя мусульмане сталі часткай татарскага народа.

У час мангола-татарскага нашэсця заваёўнікі не былі людзьмі адной веры. Сярод іх былі шаманісты, хрысціяне (арыяне), а ў войску Батыя - і мусульмане. Войска Батыя ніколі на тэрыторыі Русі не спрабавала пашыраць сярод хрысціян сваю веру.

Напрыканцы XIV ст. усе татары (акрамя алтайскіх) прынялі іслам. Сярод мусульман былі і крымскія татары, якія жылі на Крымскай паўвыспе і ў Прычарнамор'і ад Кубані да нізоўяў Дуная.

У 1397 г., паводле дамовы вялікага князя літоўскага Вітаўта і звергнутага з трона хана Залатой Арды Тахтамыша, некалькі тысяч татараў накіраваліся з сем'ямі з Прычарнамор'я і Крымскай паўвыспы ў ВКЛ і пасяліліся паблізу Вільні, Наваградка, Ліды. Яны пабудавалі сабе хаты, храмы (мячэці), школы пры мячэцях (мектэбе). У асвячонай зямлі на могілках (мізарах) хавалі нябожчыкаў. На надмагільных помніках, вычасаных з вялікіх камянёў, выбівалі арабскімі літарамі надпіс: «Няма Бога, акрамя Аллага, і Мухаммед - яго Прарок», паўмесяц і зорачку (сімвалы ісламу), а таксама імя маці нябожчыка і нябожчыцы. Іх імёны і прозвішчы выбіваліся арабскімі літарамі, а пазней - кірыліцай або лацінкай.

Беларускія татары верна служылі дзяржаве, у якой яны жылі. Разам з беларусамі, летувісамі, палякамі татары ўнеслі вялікі ўклад у перамогу над крыжакамі ў бітве пад Грунвальдам (1410 г.), актыўна ўдзельнічалі ў многіх войнах і вызваленчым руху.

Становячыся ў шэрагі абаронцаў Радзімы, татары давалі прысягу на сваёй свяшчэннай мусульманскай кнізе - Кур'ане.

Цяпер у Беларусі пражывае 12,5 тысяч татараў. Большасць з іх складаюць вернікі-мусульмане ці нашчадкі татараў-мусульман.

Сярод беларускіх татараў адраджаецца святая вера - іслам. На пачатку 1996 г. у Беларусі было зарэгістравана 23 мусульманскія абшчыны. У гарадскім пасёлку Іўе Гарадзенскай вобласці дзейнічае мячэць, завяршаецца будаўніцтва мячэці ў Смілавічах, а ў Наваградку вядзецца рэстаўрацыя мячэці. Беларускія татары-мусульмане падтрымліваюць сувязь са сваімі адзінаверцамі ў іншых краінах свету. Нашы татары, якія 600 гадоў трымаліся ісламу ў асяроддзі хрысціян, выклікаюць вялікую цікавасць ва ўсім свеце. І гэта робіць гонар талерантнаму беларускаму народу.

У сваіх штодзённых малітвах беларускія татары просяць у Бога літасці і міласэрнасці да зямлі, на якой яны жывуць і якая ім стала Радзімай, і да людзей, якіх яны лічаць сваімі братамі.

На жаль, значная частка насельніцтва Беларусі не разумее іслам і мае скажонае ўяўленне аб нашай рэлігіі - як рэлігіі ваяўнічай. Яно склалася ў выніку шматгадовай антырэлігійнай прапаганды.

Прапаную ўвазе чытачоў невялікае тлумачэнне ісламу ў форме дыялогу - пытанняў і адказаў.

 

Што ёсць іслам?

Іслам - гэта не новая рэлігія, ён ёсць тая ж ісціна, якую Бог адкрыў усім народам праз усіх прарокаў сваіх. Для адной пятай насельніцтва свету іслам з'яўляецца адначасова і рэлігіяй, і ладам жыцця. Мусульмане спавядаюць рэлігію міру, міласэрнасці, міласцівасці і большасць з іх не мае ніякага дачынення да тых крывавых падзей у свеце, з якімі людзі пачалі атаясамліваць іслам.

 

Хто такія мусульмане?

Мусульмане - гэта адзін мільярд людзей розных рас, нацыянальнасцей і культур, якія жывуць на розных канцах зямлі і аб'яднаны агульнай рэлігіяй - ісламам. Каля 18 адсоткаў з іх жывуць у арабскіх краінах. Самая буйная мусульманская абшчына знаходзіцца ў Інданезіі. Значная частка краін Азіі і большая частка Афрыкі таксама з'яўляюцца мусульманскімі. Шмат мусульман жыве на тэрыторыі былога СССР, у Кітаі, Паўночной і Паўднёвай Амерыцы, Эўропе.

 

У што вераць мусульмане?

Мусульмане вераць у аднаго, адзінага непараўнальнага Бога, у анёлаў, якіх ён стварыў, у прарокаў, праз якіх ён перадаў свае адкрыцці чалавецтву, у Дзень суда, калі кожны будзе адказваць за свае ранейшыя справы, у абсалютную ўладу Бога над лёсам чалавецтва, у замагільнае жыццё. Мусульмане вераць у прарокаў, пачынаючы ад Адама, затым Ноя, Абрагама, Ісмаіла, Якава, Язэпа, Майсея, Аарона, Давыда, Саламона, Іллі, Яна Хрысціцеля і Ісуса. Але апошнім пасланнем Бога сталі адкрыцці, перададзеныя прароку Мухаммеду праз анёла Гаўрыіла. Яны з'яўляюцца пацвярджэннем вечнага слова Бога, абагульняючы ўсе ранейшыя пасланні.

 

Як стаць мусульманінам?

Неабходна проста сказаць: «Няма ніякага бажаства, акрамя Бога, а Мухаммед - пасланнік Бога». Гэтымі словамі вернік заяўляе аб сваёй веры ўсім пасланнікам Бога і ў іх свяшчэнныя пасланні.

 

Што трэба разумець пад словам «іслам»?

Слова «іслам» у перакладзе з арабскай мовы азначае «пакорлівасць» і з'яўляецца вытворным ад слова, што азначае «мір». У чыста рэлігійным кантэксце «іслам» тлумачыцца як поўная адданасць сябе Богу і яго волі.

«Магаметанства» - глыбока памылковы тэрмін, таму што пад ім звычайна разумеюць тое, што мусульмане лічаць Мухаммеда бажаством. Бог у перакладзе на арабскую мову - Аллаг - слова, якім карыстаюцца і мусульмане.

 

Чаму іслам здаецца калі-нікалі дзіўным?

Іслам можа падацца экзатычнай або нават экстрэмісцкай рэлігіяй у сучасных умовах. Магчыма, гэта таму, што сёння рэлігія страціла дамінуючую ролю ў паўсядзённым жыцці Захаду. Мусульмане, у сваю чаргу, заўсёды ставілі рэлігію на першае месца. Яны вераць у тое, што людзі павінны сур'ёзна ставіцца да Божага права - шарыяту. Вось чаму ўсё, што датычыцца рэлігіі, так важна да сённяшняга дня.

 

Ці маюць іслам і хрысціянства рознае паходжанне?

Хрысціянства і іслам разам з юдаізмам паходзяць ад агульнага продка - Абрагама. Прарокі гэтых трох рэлігій - прамыя нашчадкі яго сыноў. Мухаммед паходзіць ад старэйшага сына - Ісмаіла, а Майсей і Ісус - ад Ісаака. Абрагам пабудаваў паселішча, дзе стаіць сёння горад Мекка, і свяцілішча Кааба, куды паварочваюць свае твары ўсе мусульмане пад час малітвы.

 

Што такое Кааба?

Кааба - свяцілішча, якое Абрагам пабудаваў больш за 4000 гадоў таму па загаду Бога. Яно было пабудавана з камянёў на тым месцы, дзе, як лічаць многія, раней стаяла сховішча, пабудаванае Адамам. Бог загадаў Абрагаму запаведаць усім народам здзяйсняць да яе паломніцтва. Паломнікі і да сённяшняга дня гавораць словы: «Мы служым Табе, Госпадзі...», як ім запавядаў Абрагам.

 

Хто такі Мухаммед?

Мухаммед нарадзіўся ў горадзе Мекка ў 570 г. у той час, калі хрысціянства яшчэ не было распаўсюджана па ўсёй Эўропе. Бацька яго памёр да таго, як Мухаммед з'явіўся на свет, а яго маці памерла, калі ён быў яшчэ малы. Таму Мухаммед гадаваўся ў свайго дзеда, які паходзіў з буйнога, усімі паважанага племені Курайш. Пакуль Мухаммед рос, ён станавіўся вядомым сваёй праўдзівасцю, шчодрасцю і шчырасцю. Людзі прыходзілі да яго, каб ён вырашаў спрэчкі. Гісторыкі апісваюць яго як спакойнага, творчага чалавека.

Мухаммед быў глыбока рэлігійны. Ён ненавідзеў упадніцтва, у якім жыло яго грамадства. Ён меў звычку час ад часу медытаваць (г.зн. разважаць) у пячоры Хіра паблізу вяршыні Джабаль-эль-Нур (гара свету), што непадалёку ад Меккі.

 

Як Мухаммед стаў прарокам і пасланнікам Бога?

Калі Мухаммеду было каля 40 гадоў, пад час аднаго з перыядаў медытатыўнай адзіноты яму з'явілася першае адкрыццё ад Бога ў вобразе анёла Гаўрыіла. Гэтыя адкрыцці, якія доўжыліся на працягу 23 гадоў, вядомы як Кур'ан (чытанне).

Неўзабаве пасля таго як Мухаммед пачаў перадаваць людзям сапраўдныя словы Божыя, якія ён пачуў ад Гаўрыіла, яго і маленькую групу яго паслядоўнікаў пачалі пераследаваць і прыгнятаць. Пераслед рабіўся ўсё больш і больш жорсткім, таму ў 622 г. Бог загадаў яму і яго паслядоўнікам эміграваць. Яны перасяліліся ў Медыну, буйны горад-аазіс, які знаходзіцца прыкладна за 400 км на поўнач ад Меккі. Гэта падзея ўвайшла ў гісторыю пад назваю Хіджра (эміграцыя, перасяленне). Пасля прчбыцця ў Медыну мусульмане пачалі адлічваць гады новай эры па Хіджры, г.зн. ад часу перасялення Мухаммеда з Меккі ў Медыну.

Праз некалькі гадоў прарок і яго паслядоўнікі здолелі вярнуцца ў Мекку, дзе яны даравалі сваім ворагам і канчаткова заснавалі іслам. Яшчэ пры жыцці прарока большая частка насельніцтва Аравіі стала мусульманамі, а праз 100 гадоў пасля яго смерці (памёр ва ўзросце 63 гадоў) іслам распаўсюдзіўся на велізарныя тэрыторыі: да Гішпаніі на захадзе і Кітая на ўсходзе.

 

Як паўплывала распаўсюджванне ісламу на свет?

Прастата ісламскай дактрыны, якая выяўляецца ў закліку абагаўляць аднаго і адзінага Бога, з'яўляецца адной з прычын хуткага распаўсюджвання ісламу. Іслам заклікае чалавека выкарыстоўваць свой розум, свае здольнасці да назірання. Хутка пасля з'яўлення ісламу пачынаецца росквіт навукі і культуры.

Прарок гаварыў: «Імкненне да пазнання - абавязак кожнага мусульманіна і мусульманкі». Спалучэнне ідэй Усходу і Захаду, старога і новага садзейнічала вялікім адкрыццям у галіне медыцыны, матэматыкі, фізікі, астраноміі, геаграфіі, архітэктуры, мастацтва, літаратуры і гісторыі. Сярэднявечная Эўропа праз іслам даведалася пра алгебру, арабскія лічбы і паняцце нуля, што адыграла першаступенную ролю ў развіцці матэматыкі як навукі. Былі вынайдзены і ўдасканалены інструменты і механізмы, без якіх не былі б магчымы вялікія геаграфічныя адкрыцці эўрапейцаў, якія яны здзейснілі праз некалькі стагоддзяў. Гэта і астралябія, і квадрант, і навігацыйныя карты і г.д.

 

Што такое Кур'ан?

Кур'ан - гэта запіс адкрыццяў, якія Бог перадаваў прароку Мухаммеду праз анёла Гаўрыіла. Мухаммед іх запамінаў, затым дыктаваў сваім прыхільнікам. Запісы пісцоў былі пераправераны пры яго жыцці. Ніводнае слова са 114 раздзелаў (сур) не было зменена на працягу стагоддзяў, а таму Кур'ан - гэта той унікальны тэкст, які быў перададзены Мухаммеду Божым цудам 14 стагоддзяў таму.

Кур'ан - апошняе з адкрыццяў Божых, галоўная крыніца веры і жыцця любога мусульманіна. У ім адлюстраваны ўсе хвалюючыя праблемы чалавека: мудрасць, дактрына, богаслужэнне, права, і перш за ўсё адносіны паміж Богам і яго стварэннямі. Ёсць таксама ўказанні чалавеку, як правільна паводзіць сябе і як пабудаваць справядлівае грамадства.

 

Ці ёсць іншыя сакральныя крыніцы?

Сунна - другая пасля Кур'ана сакральная крыніца ісламу - прыклад жыцця Мухаммеда як узор для пераймання і накірунак дзейнасці ўсёй мусульманскай абшчыны. Яна таксама ўключае нявыказаную пахвалу прарока па пэўных пытаннях. Шанаванне Сунны - састаўная частка ісламу. Ёсць яшчэ Хадзіс - надзейным чынам зафіксаванае паданне аб словах і дзеяннях прарока.

 

Што такое пяць стаўпоў ісламу?

Гэта пяць абавязковых прадпісанняў ісламу, асновы мусульманскага ладу жыцця: вера, малітва, міласэрнасць да беднякоў (закят), пост і, калі ёсць магчымасць, паломніцтва ў Мекку.

1. Вера. «Няма ніякага бажаства, акрамя Аллага, а Мухаммед - пасланнік Аллага» - гэта формула называецца шахада. Яна абвяшчаецца ўсімі вернікамі як сімвал веры. Шахада складаецца з дзвюх частак, якія ўяўляюць сабою два першыя дагматы ісламу. Па-арабску першая частка гучыць так: «Ля ілляга ілля Аллаг», што азначае: «Няма ніякага бажаства, акрамя Бога». Другая частка шахады: «Мухаммадун расулу Аллаг», г.зн. «Мухаммед - пасланнік Бога». Такім чынам, Бог перадае нам сваё сапраўднае слова праз такога ж чалавека, як і мы.

2. Малітва. Штодзённы малітоўны цыкл (ас-Салят) складаецца з пяці абавязковых малітваў, якія чытаюцца на досвітку, апоўдні, пасля абеду, пасля захаду сонца і з наступленнем ночы. Малітва вызначае рытм дня. Пад час малітвы чытаюцца малітоўныя формулы і некалькі аятаў (урыўкаў з Кур'ана) альбо цэлых сур (раздзелаў з Кур'ана). Усе малітоўныя формулы і словы павінны гучаць толькі на арабскай мове, мове Кур'ана. Акрамя таго, магчымы прамы зварот да Бога, які чытаецца на любой мове.

Ас-Салят з'яўляецца тым сродкам, які непасрэдна звязвае верніка і Бога. У ісламе няма богаслужэбнай іерархіі, як і няма святароў. Маленне звычайна праводзіць добра эрудзіраваны чалавек, які глыбока ведае Кур'ан. Ён выбіраецца вернікамі. Рэкамендуецца чытаць малітву калектыўна ў мячэці. Тым не менш яе можна таксама чытаць індывідуальна ў любым зручным месцы: на полі, у офісе, на заводзе, ва ўніверсітэце і г.д. Турыстаў, што наведваюць мусульманскі свет, часта здзіўляе тое, якую важную ролю адыгрывае малітва ў жыцці мусульман.

3. Закят. Мусульмане вераць, што ўсё належыць Богу і што ён даверыў людзям свае багацці. Слова «закят» азначае «ачышчэнне», або «духоўны рост». Наша маёмасць ачышчаецца, калі мы раздаём частку яе тым, хто мае патрэбу, і наша багацце расце таксама, як растуць і дрэвы, калі іх падрэжуць.

Кожны мусульманін або мусульманка вызначае памер свайго закята індывідуальна. Звычайна гэта складае штогод 2,5% ад усяго прыбытку.

Набожны чалавек можа раздаць колькі захоча міласціны ў якасці «садака». Рэкамендуецца рабіць гэта тайна. Хоць слова «садака» часта перакладаецца як «добраахвотнае ахвяраванне» (міласціна, міласэрнасць), але яно мае больш шырокае значэнне - можа тлумачыцца як «добрая справа».

4. Пост. Кожны год на працягу месяца рамазана ўсе мусульмане трымаюць пост ад усходу да захаду сонца. Мусульманскі пост заключаецца ў поўным устрыманні ў светлыя часы сутак ад ежы, піцця і выканання шлюбных абавязкаў. Ад посту вызваляюцца састарэлыя людзі, цяжарныя жанчыны і жанчыны, якія кормяць дзіця, а таксама тыя, хто не можа трымаць яго па нейкіх іншых прычынах (далёкае падарожжа, знаходжанне ў чужой краіне, хвароба і г.д.). Вызваленыя ад посту па часовых прычынах, павінны яго трымаць потым у зручны час (роўнай колькасцю прапушчаных дзён). Дзеці пачынаюць пасціцца, калі дасягнуць узросту палавой спеласці, але многія пачынаюць і раней.

Хоць пост спрыяльна ўплывае на арганізм, ён разглядаецца ў першую чаргу як спосаб самаачышчэння. Устрыманне ад усіх мірскіх прыемнасцей - нават на кароткі тэрмін - прымушае чалавека, які трымае пост, спачуваць галадаючым і дапамагае яму расці духоўна.

5. Паломніцтва. Паломніцтва (хадж) у Мекку мусульманін абавязаны здзейсніць хоць раз у жыцці. Штогод з усіх канцоў зямлі ў Мекку прыязджаюць каля 2 млн. чалавек. Такім чынам, ёсць унікальная магчымасць сустрэцца людзям розных нацыянальнасцей і больш даведацца адзін пра аднаго. Нягледзячы на тое, што ў Мецы заўсёды шмат наведвальнікаў, хадж здзяйсняецца ў дванаццатым месяцы ісламскага календара (ісламскі каляндар - месячны, а не сонечны, таму хадж і рамазан калі-небудзь прыпадаюць на лета, а іншы раз на зіму). Паломнікі апранаюць спецыяльную вопратку - вельмі простую, каб усе былі роўныя перад Богам.

Абрады хаджу ідуць ад часоў Абрагама. Яны ўключаюць сяміразовы абход Каабы і сяміразовы бег паміж узгоркамі Сафа і Марва - так, як рабіла калісьці Агар (жонка Абрагама) у пошуках вады. Затым паломнікі стаяць усе разам у даліне Арафа, звяртаючыся з малітвай да Бога. Многія лічаць, што ў Дзень суда людзі гэтак будуць стаяць і перад Усявышнім.

У мінулым хадж быў вельмі цяжкім выпрабаваннем. Але сёння паломнікі могуць карыстацца паслугамі сучаснага транспарту і органаў аховы здароўя.

Хадж заканчваецца вялікім святам - Ід аль-Адха, пад час якога ў мячэцях чытаюць малітвы і на працягу якога людзі ва ўсіх мусульманскіх абшчынах абменьваюцца падарункамі. Гэтае свята, разам са святам Ід аль-Фітр, з'яўляецца галоўным святам мусульман.

 

Ці талерантны іслам да людзей іншай веры?

У Кур'ане, у суры 60-й, аяце 8-м, сказана:

«Аллаг не забараняе вам праяўляць дабрыню і справядлівасць да тых людзей, хто супраць вашай веры з вамі не ваяваў, не выганяў вас з дому. Сапраўды, Аллаг любіць справядлівых!»

Ісламскае заканадаўства абараняе статус рэлігійных меншасцей. Таму немусульманскія святыні нідзе ў ісламскім свеце не зневажаліся. Гісторыя ведае шмат выпадкаў праяўлення талерантнасці мусульман да іншай веры. Вось адзін з іх: калі халіф Амар увайшоў у Ерусалім у 634 г., мусульманскі правіцель даў свабоду веры ўсім рэлігійным абшчынам горада. Ісламскае заканадаўства таксама дазваляе немусульманскім меншасцям мець свой суд, які забяспечвае выкананне сямейных законаў у адпаведнасці з рэлігійнымі пастулатамі абшчыны.

 

Што думаюць мусульмане пра Ісуса?

Мусульмане шануюць Ісуса і чакаюць яго другое прышэсце. Яны лічаць Ісуса адным з найвялікшых прарокаў, пасланых Богам чалавецтву. Мусульманін ніколі не скажа імя яго проста як «Ісус», а абавязкова нагадае: «Мір з ім». Марыя лічыцца самай чыстай з усіх жанчын, створаных Богам. У Кур'ане расказваецца пра тое, як Марыя, застаючыся цнатлівай, нарадзіла сына (адна з сур Кур'ана называецца «Марыя»).

 

Чаму сям'я такая важная для мусульман?

Сям'я з'яўляецца асноўнай адзінкай ісламскага грамадства. Высока цэняцца дружалюбства і пачуццё адказнасці, якія забяспечваюць сямейныя повязі. Лічыцца, што гэта неабходна для духоўнага развіцця сябраў сям'і. Гармонію грамадскага парадку стварае саюз розных пакаленняў і галін сям'і. Нараджэнне кожнага дзіцяці сустракаецца з радасцю, дзеці рэдка пакідаюць сям'ю да жаніцьбы ці замужжа.

Іслам глядзіць на жанчыну, незалежна ад таго, замужам яна ці не, як на самастойную асобу, якая мае права на ўласнасць. Яна мае права распараджацца сваёй маёмасцю і заробкам так, як пажадае. Нявеста атрымлівае ад жаніха пасаг (калым) для асабістага карыстання, і яна захоўвае сваё дзявочае прозвішча нават пасля замужжа.

Лічыцца, што і мужчыны, і жанчыны павінны апранацца сціпла і адпаведным чынам. Тое, як апранаюцца жанчыны ў некаторых мусульманскіх краінах, часта з'яўляецца адлюстраваннем мясцовых традыцый і звычаяў.

Прарок Аллага сказаў: «Самы дасканалы сярод вернікаў той, які лепш за ўсіх паводзіць сябе і самы добры да сваёй жонкі».

 

Ці можа мусульманін мець больш чым адну жонку?

Паводле Кур'ана, у залежнасці ад абставін, можна мець больш чым адну жонку пры ўмове, што муж будзе справядлівы ў адносінах да кожнай.

Мусульманскі шлюб не ўяўляе сабою сакраманту («таямніцы»). Гэта простае праўнае пагадненне, у якое кожны бок можа ўключыць якія-небудзь умовы. Зыходзячы з гэтага, шлюбныя звычаі адрозніваюцца ў кожнай краіне. Скасаванне шлюбу - нярэдкая з'ява як апошняе выйсце са становішча. Скасаванне шлюбу не рэкамендуецца, але і не забараняецца. Паводле ісламу, ні адна мусульманская дзяўчына не можа быць прымушана ўступіць у шлюб супраць яе волі.

 

Як ставяцца мусульмане да пажылых людзей?

У ісламскім свеце няма дамоў для састарэлых. Клопат пра бацькоў у самы цяжкі перыяд іх жыцця лічыцца за гонар і нагоду для найбольшага духоўнага развіцця. Бог патрабуе, каб мы не толькі маліліся за сваіх бацькоў, але і ставіліся да іх з любоўю і пяшчотай і памяталі, што, калі мы самі былі малымі дзецьмі, яны любілі нас больш, чым сябе. Маці карыстаецца павагай і пашанай. Прарок вучыў, што «рай знаходзіцца каля ног маці».

У ісламе служэнне бацькам з'яўляецца абавязкам. Лічыцца недапушчальным выказваць якое-небудзь незадавальненне, калі пажылыя - не па сваёй віне - становяцца «цяжкімі». У Кур'ане сказана: «І рашыў твой Гасподзь, каб вы не пакланяліся нікому, акрамя яго, і будзьце добрымі да бацькоў. Калі дасягне ў цябе старасці адзін з іх ці абое, то не кажы ім словы, якія могуць выклікаць агіду, і не папракайце іх, але звяртайцеся да іх з добрым словам» (Кур'ан, сура 17-я, аят 24-ы).

 

Што думаюць мусульмане пра смерць?

Мусульмане вераць, што жыццё на гэтым свеце не што іншае, як выпрабаванне, падрыхтоўка да будучага жыцця ў царстве нябесным. Вера ў Дзень суда, уваскрэшанне, рай і пекла з'яўляецца адной з асноў ісламу. Калі мусульманін (або мусульманка) памірае, яго (ці яе) мые адзін з сямейных, затым загортвае ў чыстую белую тканіну. Пахаванне адбываецца пасля простай малітвы, пажадана ў той жа дзень. Мусульмане лічаць, што гэта адна з апошніх паслуг, якую яны аказваюць свайму родзічу і якая служыць напамінкам аб нашым кароткім знаходжанні на зямлі. Прарок вучыў, што ёсць тры рэчы, якія дапамагаюць чалавеку пасля яго смерці: міласціна, якую ён даваў, веды, якія ён перадаваў іншым, малітвы, якія чытаюць за яго набожныя дзеці.

 

Што гаворыцца ў ісламе пра вайну?

Як і хрысціянства, іслам дазваляе ваяваць для самаабароны, абароны веры і тых, хто быў сілай вымушаны пакінуць свой дом. Іслам устанавіў суровыя правілы вядзення вайны, забараняе знішчэнне мірных грамадзян, ураджаю, дрэў і жывёлы. З пункту гледжання ісламу, несправядлівасць панавала б, каб добрыя людзі не былі гатовыя рызыкаваць жыццём за справядлівую справу. У Кур'ане сказана: «Змагайцеся на шляху Аллага з тымі, хто змагаецца з вамі, але не пераступайце мяжы дазволенага, - сапраўды, Аллаг не любіць тых, хто пераступае!» (Кур'ан, сура 2-я, аят 190-ы).

Такім чынам, ваяваць можна толькі ў крайнім выпадку, і нават тады неабходна выконваць умовы, вызначаныя Божым правам. Паняцце джыхад (ці свяшчэнная вайна) літаральна азначае «намаганне», «барацьба». Мусульмане вераць, што ёсць два тыпы джыхаду. У другім значэнні ён усведамляецца як унутраная барацьба з эгаістычнымі жаданнямі, як мэта дасягнення ўнутранага спакою.

 

Пра ежу

Мусульманскія законы харчавання больш простыя, чым хрысціянскія і юдэйскія. Аднак іслам забараняе людзям есці свініну і піць алкагольныя напоі. Прарок вучыў: «Ты маеш абавязкі перад сваім целам». У ісламе ўмеранае харчаванне і здаровы лад жыцця лічацца рэлігійным прадпісаннем. Прарок сказаў: «Прасіце ў Аллага ўпэўненасці (у веру) і здароўя, бо пасля ўпэўненасці няма дару лепшага за здароўе!»

 

Як іслам гарантуе правы чалавека?

Свабода веры ўзгадываецца і гарантуецца ў самім Кур'ане: «Няма прымусу да веры» (Кур'ан, сура 2-я, аят 256-ы).

Жыццё і маёмасць любога грамадзяніна ісламскай дзяржавы недатыкальныя незалежна ад таго, з'яўляецца ён (ці яна) мусульманінам ці не.

Іслам несумяшчальны з расізмам, бо ў Кур'ане гаворыцца пра роўнасць паміж людзьмі: «О людзі! Мы стварылі вас як мужчын і жанчын і зрабілі вас народамі і плямёнамі, каб вы ведалі адно аднаго. Бо самы высакародны з вас перад Аллагам - самы набожны» (Кур'ан, сура 49-я, аят 13-ы).

 

Што такое куфр?

Куфр азначае нявер'е, непрызнанне ісламу ці адыход ад яго нормаў. Да куфра адносяцца злачынствы і сур'ёзныя ганебныя ўчынкі верніка: шматбожжа, адмова ад малітвы, самагубства, п'янства, азартныя гульні, пазашлюбныя адносіны з жанчынай.

 

Што такое Аль-Кітабы?

Кітабы, Аль-Кітабы (Аль-Кітаб) - адна з назваў свяшчэннага Кур'ана, рэлігійныя кнігі беларускіх татараў, напісаныя на беларускай мове арабскім пісьмом. Ствараліся з XVI ст. татарамі-мусульманамі, што пасяліліся ў ВКЛ у XIV-XV стст. і паступова забыліся пра сваю родную мову.

Для захавання рэлігіі яны вымушаны былі перакласці Кур'ан і іншыя кнігі ісламу на беларускую мову (нярэдка з вялікім дамешкам польскіх слоў), пакінуўшы пры гэтым арабскі алфавіт з дапаўненнем асобных літар, якія не ўжывалі арабы. Змест Кітабаў - апісанне мусульманскіх рытуалаў, падзей, звязаных з жыццём прарока Мухаммеда, маральна-этычныя павучанні для моладзі пра шанаванне бацькоў, госця, сірот, старых і вучоных, суседзяў, варажба па літарах Кур'ана, разгадка сноў, усходнія легенды, казкі, прыгодніцкія аповесці.

Акрамя Кітабаў існуюць Тэфсіры (Кур'ан з парадкавым каментаром па-беларуску ці па-польску), Тэджвіды (правілы чытання Кур'ана), Хамаілы (малітоўнікі).

У XVI-XVII стст. большая частка татараў не ведала сваёй мовы. Паводле «Аповяда пра польскіх татараў» (па-арабску гучыць: «Рысале-і-татар-і Лех»; гэта памятная запіска 1557-1558 гг. невядомага татарына турэцкаму султану Сулейману Пышліваму пра татараў-перасяленцаў у Беларусі і Польшчы), родную мову ў гэты час ведалі толькі тыя татары, якія перасяліліся значна пазней. Тым, хто не разумеў па-татарску, прапаноўвалася: «Калі хто па-татарску не ўмее, то па-руску няхай абракаецца (гаворыць)». Гэта акалічнасць прымусіла тутэйшых татараў перакласці мусульманскую літаратуру на беларускую мову, захаваўшы знешняе афармленне без змен.

Вывучэнне Кітабаў пачалося ў XIX ст. Першаадкрывальнікам іх для навукі лічыцца прафесар Пецярбургскага ўніверсітэта ўсходазнавец Антон Мухлінскі, які ў працы «Даследаванне пра паходжанне і стан літоўскіх татар» (СПб., 1857) надрукаваў урыўкі з Кітабаў і адзначыў, што «можна было б стварыць з такіх кніг маленькую бібліятэчку». Пасля смерці вучонага ў 1877 г. вывучэнне тэкстаў спынілася. Пра іх узгадалі толькі на пачатку XX ст. і пазней Іван Луцкевіч, Яўхім Карскі, Ігнацы Крачкоўскі, Ян Станкевіч, Акінэр Шырын, Галіна Александровіч-Мішкінене і іншыя.

Грунтоўна даследаваў тэксты Кітабаў Антон Антановіч. У кнізе «Беларускія тэксты, напісаныя арабскім пісьмом...» (Вільня, 1968 г.) ён разгледзеў 24 арыгінальныя тэксты Кітабаў XVI-XIX стст.

Кітабы напісаны і чытаюцца справа налева, тэкст пачынаецца там, дзе ў заходніх кнігах заканчваецца. Колькасць старонак неаднолькавая ў кожным Кітабе - ад 70-300 (паўкітаб) да 1000. Радок суцэльны, няма падзелу на словы, няма вялікай літары і знакаў прыпынку. Перанос слоў падпарадкоўваецца аднаму правілу: кожны наступны радок павінен быць роўны з папярэднім. Новы твор (раздзел) пачынаецца словам «баб» (раздзел, пачатак новага зместу) ці «хікыйет» (аповесць, апавяданне). Іншы раз гэтых слоў няма. Тады на полі выпісваюцца першапачатковыя словы (першы сказ), якія таксама паказваюць на пачатак новага зместу.

Мова Кітабаў адрозніваецца ад мовы старадаўніх беларускіх пісьмовых помнікаў, але яна блізкая да беларускай народнай мовы. У тэкстах адлюстравалася беларуская лексіка (спрэчка, заранак, прысмакі, згода, гадаваць), фразеалогія (як вокам міргнуць, як слова сказаць, на свет пусціць, на ногаць, шлюб браць), беларускі сінтаксіс (пайшоў па прароцкую душу, дзякаваць таварышу) і г.д. З дапамогай арабскай графікі, прыстасаванай да беларускай фанетыкі, больш дакладна, у параўнанні з пісьмовымі помнікамі, напісанымі кірыліцай, перадаюцца некаторыя гукавыя асаблівасці беларускай мовы, у першую чаргу дзеканне і цеканне.

У Кітабах выкарыстоўваюцца ўсходнія словы, што абазначаюць разнастайныя мусульманскія рытуалы: селям (салям) - мусульманскае прывітанне ў фразеалагізме даць селям; васійят (весійят) - духоўны запавет; джаназе - малітва на могілках і інш. Пераважная большасць такіх слоў, якія ўключаны ў тэкст, падпарадкоўваецца граматычнаму ладу беларускай мовы (назоўнікі скланяюцца, дзеясловы спрагаюцца). Нямала ўсходніх слоў пад уплывам беларускай мовы атрымліваюць іншыя формы.

Вывучэнне Кітабаў дае каштоўны матэрыял для гісторыкаў, філолагаў, этнографаў, фалькларыстаў, ісламістаў, цюрколагаў, арабістаў. Кітабы зберагаюцца ў бібліятэках, знаходзяцца ў карыстанні вернікаў. Кожны Кітаб мае вялікую цікавасць для навукі.

Сёння татарскае насельніцтва нашай краіны ў пераважнай большасці размаўляе на беларускай мове. Пад час перапісу 1989 г. 8 тысяч назвалі роднай мовай беларускую. Каля 2 тысяч чалавек запісалі сабе родную мову татарскую, бо яны пасля вайны прыехалі ў Беларусь з Крыма, Паволжа і Сібіры.

У беларускіх татараў захаваліся адметныя антрапалагічныя рысы, свая рэлігія, шматлікія традыцыі і звычаі, што з'яўляюцца характэрнай асаблівасцю гэтага нешматлікага народа. Яны глыбока вывучаюць гісторыю свайго народа, паважаюць нацыянальныя сімвалы, пад якімі разам з беларускім і іншымі народамі змагаліся супраць чужаземных захопнікаў, жывуць у міры і згодзе з усімі людзьмі. І гэта вельмі важна ва ўмовах нацыянальнага нігілізму пэўнай часткі беларускага грамадства да сваёй нацыянальнай спадчыны.

 

Цытаты з Кур'ана даюцца ў перакладзе І.Крачкоўскага.


1996?

Тэкст падаецца паводле выдання: «Беларускі гістарычны часопіс», No.2, 1996.
Крыніца: скан