Ігнат Дуброўскі

Аддадзеная дзецям

У наступную нядзелю вяселле. Удава Насця Камелька выдае дачку Ніну. Вунь яны, маладажоны, сядзяць ля стала, схіліўшы галаву да галавы, і шэпчуцца. Жоўтавалосая Ніна ў сіняй, у абцяжку, блузцы і Адзік у выгаралым камбінезоне. У жыцці Насці яшчэ адна вялікая падзея. У яе на сэрцы радасна і сумна... Радасна за шчасце дачкі і сумна, што прайшлі ў самотнасці лепшыя гады яе жыцця. Самае страшнае перажыта даўно, і ўсё ж яно засталося ў яе сэрцы навек.

Гора яе пачалося з паведамлення, якое прыйшло на шэрай шурпатай паштоўцы ў спаленую акупантамі вёску. «...паў смерцю храбрых...» Больш яна з-за слёз не магла нічога прачытаць.

У канцы вайны ёй прывезлі Пятроў ордэн. Чырвоную аксамітавую падушачку, да якой быў прышпілены ордэн, зрабілі і вышылі на ёй вянок з дубовых лісцяў сёстры з палявога шпіталя. Ордэн салдацкай славы ўручыў ёй старшыня аблвыканкома, якога самога акалечыла вайна. Тады Насця думала, што настаў канец яе асабістага шчасця на дваццаць шостым годзе жыцця. Але шчасце не пакінула яе цалкам, яно шчабятала вуснамі маленькай дачушкі Нінусі. Ніне тады ішоў пяты годзік, і яна ўжо адчувала адсутнасць бацькі. Што магла сказаць ёй Насця, апроч святой і балючае праўды?..

Шмат было цяжкага, пакутнага. Цяжка было ёй прывыкаць да раней чужога, нічым не напоўненага халоднага слова - удава. Цяпер яно стала цяжкім, вялікім, усеабдымным. Удава - гэта вечная самотнасць нават у людской гушчы, гэта неперастаннае чаканне таго, хто ўжо ніколі не вернецца, гэта бясконцае і балючае перажыванне перажытага. Колькі разоў у першыя гады, прачынаючыся ўначы, адчувала яна яго побач з сабою... Але яго не было. А найстрашней, што ніколі не будзе. Рабілася ўсцішна, пад сэрцам поўз нікому не знаёмы холад.

Уяўлялася ў тысячах варыянтаў яго пагібель. То ён, паранены, зняможліва павісае на калючым дроце, то, абліваючыся кроўю, у апошніх намаганнях заносіць над ворагам сваю руку з гранатай, то знікае ў слупе агню ад выбуху. Уяўлялася так, як бачыла ў кіно або на малюнках.

Цяжкія былі тыя дні ў цеснай воглай зямлянцы на сваім двары.

Людзі не пакінулі яе, і ў гэтым была вялікая ўцеха. У даўнія часы, застаўшыся адной, удава магла знайсці апірышча толькі ў сваіх крэўных. А калі гэтых крэўных не было, як у Насці, тады заставайся сам-насам са сваім горам. І недарма народ называў удоў і сірат гарохам пры дарозе: хто ідзе, той і ўскубне.

Як толькі з'явіліся дэмабілізаваныя франтавікі і была арганізавана будаўнічая брыгада ў калгасе, Насці першай залажылі падрубы дома. Сама яна працавала звеннявой па льну. Стук тапароў на яе сядзібе надаваў ёй сілы і ахвоты ісці і працаваць лепш. Яна баялася, каб за гэту ўвагу да яе не застацца ў даўгу перад людзьмі.

Да восені вырас дом з сенямі, і на замаразках яна ўсялілася. Праўда, сталярка яшчэ не была скончана, і ў доме трымалася пахучая лясная вільгаць, ён звінеў, як звон, ад крыкаў і голасу Ніны.

А Ніначка радавалася новай прасторнай хаце, бегала з кутка ў куток, скакала на адной назе і ўсё недаверліва перапытвала:

- Мама, а гэта будзе наш дом? Назаўсёды?

Дарабляць сталярку кожны дзень прыходзіў Тарас Варанок. Ён відавочна марудзіў з работай, спасылаючыся на тое, што хоча зрабіць як найлепш, бо няма для яго на свеце другога чалавека...

І далей гэтага намёку Тарас не адважваўся ісці. У дзявочыя Насціны гады ён спрабаваў заляцацца да яе наперабой Пятру Камельку і нават сватаўся, але Насця з двух добрых хлопцаў, як гаварыла ўся вёска, выбрала Пятра. Праз гэта Тарас не ладзіў з Пятром, і нават адзін раз яны ледзь не пабіліся на брыгадным двары нібыта за тое, што Пятро запрог калёсы, у якіх Тарас недарабіў білы. Іх развялі мужчыны, але пацехі было на ўвесь калгас: усе ведалі, што не калёсы былі бядой, а Насця Сліжонак, невялічкая рухавая дзяўчына з тоўстаю і светлай, як ручэйка кужалю, касой.

Доўгія і цяжкія гады вайны не патушылі яго пачуццяў да Насці. Цяпер ён гатоў быў рабіць сталярку ў яе хаце хоць цэлы век, абы быць разам з ёй. Але сказаць ёй аб гэтым не адважваўся. Затое доўгія языкі панеслі па вёсцы навіну.

Аднойчы вечарам, гледзячы, як слізгае рубанак па сасновым бруску, Насця сказала Варанку:

- Тарас, канчай ты як-небудзь і не хадзі больш сюды. Языкі бабскія мянташаць чорт ведама што...

Тарас палажыў рубанак, згарнуў рукою стружкі на падлогу, сеў на зэдлік і ўставіўся вострымі зялёнымі вачамі на Насцю:

- Праўду кажуць, Насця. Не магу я без цябе... - з сумам прагаварыў ён.

Насціна сэрца ўспыхнула полымем ад радасці і незразумелага страху. Яна спужалася Тарасавых слоў і таму доўга маўчала. Потым ціха прагаварыла:

- Тарас, у цябе жонка, сын... Як жа гэта?

- Жонка... Нялюба яна мне. Я ўсё на свеце пакіну дзеля цябе. Усё да апошняга рубца, абы жыць з табою. Ты ж ведаеш, я ажаніўся пасля твайго замужжа. А сын... Я яго выгадую.

- Ідзі ты, Тарас, ідзі, - настойліва паўтарыла Насця. - Ідзі і не прыходзь больш. Я з табой не магу абысціся інакш, як з ласкай.

І калі Тарас з гаротным выглядам, сабраўшы ў торбу сваё цяслярскае начынне, выйшаў, у грудзях у яе зашчымела. Усё перад вачамі стаяў яго няголены твар і засмучоныя зялёныя вочы.

- Кахаю я яго, дурная, кахаю, - шаптала сама сабе Насця.

Яна гаварыла гэта сабе, але баялася свайго кахання, як злачынства. Яе стрымлівала светлая памяць аб Пятру. Які ён быў уважлівы да яе, як клапаціўся аб ёй! Не даваў ёй прынесці бярэмя дроў або вынесці ражку запаранай сечкі карове, усё рабіў сам, стараўся, каб ёй было лягчэй.

Але ж, ідучы на вайну і развітваючыся з Насцяй - хто тады ведаў, што гэта назаўсёды! - Пятро сказаў ёй: «Насця, калі здарыцца са мною нядобрае, ты вольна жыць, як сэрца скажа».

Можа, ён і ў тую хвіліну меў на ўвазе Тараса.

Аднойчы ўвечары да Насці заявіўся дарожны дзесяцкі Аўрасім Жыгілевіч. Ён і раней, калі Насця жыла ў зямлянцы, іншы раз заходзіў да яе, і гэта кінулася людзям у вочы. У Насці тады з'явіліся жаночыя здагадкі, і ён стаў ёй агідным. Нешта было чужое і непрыемнае ў яго заўсёды гладзенька прылізаных валасах, прытарна-ліслівых усмешках і недарэчных жартах.

І вось ён сёння зайшоў у яе новы дом. Было позна ўжо, Ніначка спала, і сама Насця, ухадзіўшыся па хаце, збіралася легчы, як нехта далікатна пастукаў у дзверы.

- Жыгілевіч, Жыгілевіч, Настулька, не бойся, свой, - адказаў ён на яе запытанне.

Ён усеўся ля стала, асядлаўшы зэдлік. Насця стаяла, прытуліўшыся спіной да напаленай, яшчэ непабеленай грубкі.

- Вось табе, Настулька, і дом уга які, - акінуўшы позіркам сцены і столь, сказаў ён так, нібы сам, сваім гарбом паставіў гэты дом і цяпер аддаваў Насці. Памаўчаўшы, ён дадаў: - Цяпер у нас і ўдовы шчаслівыя. Жыць можна ўга як, - і ён чамусьці падміргнуў.

«Не зычу табе такога шчасця», - падумала яна і ўголас прамовіла:

- Дзякаваць добрым людзям, што на двары не пакінулі!

- Бач як, у цябе новы дом, а я пад адкрытым небам... То ж я і зайшоў, каб на пастой прыняла. Месца ж у цябе ўга колькі.

- На пастой?! - Насця паціснула плячыма. - Чаму гэта да мяне ўздумалі? Вам жа далёка. Вы ж недзе аж за Чабарцамі дарогу вядзеце. Гэта ж кіламетраў з восем.

- Восем кіламетраў - далёка? Уга! - ускінуў ён рукі і пляснуў імі сябе па каленях. - Ад хаты ды... - ён хацеў сказаць нешта другое, але перамяніў словы, - да добрых людзей ногі не баляць. Настулька, дзе ж цяпер хату знойдзеш? Усё спалена. Людзі, як краты, сядзяць у зямлянках. Дарогу ж вядзём у гэты бок, з часам яно бліжэй будзе, - ужо сур'ёзна абгрунтаваў ён сваю просьбу.

Жыгілевіч устаў, пакруціўся па хаце, падышоў да Насці і стаў побач з ёю. Насця глыбока ўздыхнула і апусціла галаву ў задуме.

- Чаго ж ты задумалася, Настулька? - спагадліва спытаў ён і палажыў руку ёй на плячо.

Насця рухам пляча скінула яго руку, адхінулася і сказала:

- За мяне няма каму думаць.

- Жыць трэба, Настулька, жыць! Трэба сваё браць. А ўмеючы... Табе многа дадзена... - Жыгілевіч снаваў па хаце і, не выказваючы да канца сваіх думак, намёкамі даваў Насці парады. Спыніўшыся перад ёю і зыбаючыся на нагах, развязна спытаў:

- Ну дык як, Настулька, прымеш? Ці, можа, мне ісці на дождж?

- Калі ўдвух з кім, то пушчу, - падумаўшы, адказала гаспадыня.

- А чаму гэта ўдвух, я табе аплачу і за трох.

- А я не збіраюся ў вас плату браць. Сказала: калі ўдвух з кім, то стойце, - цвёрда паўтарыла Насця.

- Удвух, дык удвух. А дзе б мне сёння прымасціцца? - здымаючы паліто, прагаварыў ён нібы сам сабе, вачамі шукаючы месца.

- А сёння, выбачайце, у мяне начаваць не будзеце. Сказала: прыходзьце ўдвух, а хочаце, утрох, яшчэ лепш, - ужо з гневам паўтарыла Насця і чамусьці ўзяла і завязала хустку.

Жыгілевіч пакруціўся, ускінуў паліто на плечы і выйшаў. Насця ўслед за ім грымнула засаўкай сенечных дзвярэй і пайшла спаць.

Назаўтра Жыгілевіч прыйшоў з сакваяжыкам і прывёў з сабой старога Данілу Рачкевіча, дарожнага вартаўніка. Трошкі пануры, з сівой шчэццю на твары, Даніла ўвесь час перхаў, захінаючы рукою рот, і недаверліва азіраўся наўкол, як бы не ведаючы, дзеля чаго яго сюды прывялі. З другога вечара ён здружыўся з Нінай, паліў з ёй грубку, пёк бульбу ў прысаку і бясконца расказваў пра звяроў і птушак.

На другім тыдні пастою Даніла прывёз да Насцінага ганка вазы са тры бітага камення, якім брукуюць дарогу. Прыйшлі два хлопцы і ўзяліся нацягваць шнур ад ганка да вуліцы. Вярнуўшыся ўвечары з работы і ўбачыўшы людзей на яе двары, лоўж камення пад сцяною дома, Насця спытала хлопцаў, што яны ўздумалі рабіць.

- Дарожку брукаваць. Ад ганачка да вулкі. Вашы ножкі трапілі ў пашану, - хітравата і трошкі брыдка падміргнуўшы, адказаў чубаты хлопец у скураной шапцы.

- Збірайцеся, хлопцы, адсюль, пакуль я на вас сабак не нацкавала! - гнеўна крыкнула Насця. Шчокі яе разружавеліся ад злосці.

- Каманда выразная, - працягнуў той жа хлопец і ўзяўся скручваць шнур. Ён увесь час надаражліва круціў галавой, нібы ад моцнага здзіўлення.

Даніла падышоў да Насці, узяў яе за руку вышэй локця і сказаў:

- Бачу, дачка, чысты ты чалавек. Турнеш таго - яшчэ лепш зробіш. Нядобрае ён задумаў. Мне загадана больш на тваю кватэру не хадзіць. Адзін, кажа, буду кватараваць. Справа, думаю, ваша. А цяпер бачу... Канешне, скажам, ты ўдава. Трапіцца табе чалавек, які сэрца сваё прынясе, а не каменні, - кіўнуў ён на лоўж пад сцяною, - ніхто цябе, кабеціна, не асудзіць.

Даніла закурыў самакрутку, глыбока зацягнуўся, заперхаўся, прыўзняў шапку, згробшы яе жменяю каля вуха, зірнуў на Насцю пачырванелымі суровымі вачамі, ледзь прыкметна кіўнуў і паехаў, не разгружаючы воза.

Позна ўвечары з'явіўся Жыгілевіч. Ён быў незвычайна вясёлы, развязны і, відаць, добра выпіўшы. Ёмка, па-гаспадарску, ён паставіў на стол бутэльку, закручаную ў кавалак шпалераў, і палажыў вялікі вялікі скрутак.

- Настулька, сёння ў мяне дзень нараджэння, а ў цябе ўваходзіны не адгуляны. Давай вячэраць.

Апошнія словы былі сказаны так, што ў іх прагучаў і загад, і просьба, і як бы нешта сяброўскае, блізкае.

- Навошта вы загадалі вазіць каменні да мае хаты? - стрымліваючы хваляванне, спытала Насця і ўставілася калючымі сінімі вачамі на Жыгілевіча.

- Настулька, будзеш ласкавай - не тое зраблю. Ножкі сухія будуць, двор дравамі завалю, склеп вымурую. Не пакрыўджу, - прычэсваючы намазаныя валасы і падступаючыся да Насці, ліслівіў ён.

- Не надта я дамся ў крыўду, не спадзявайцеся, не патрэбны мне вашы абяцанкі. Тут нічога не прадаецца. Збірайце рэчы і прэч з хаты! - звёўшы бровы і крыўдна наморшчыўшы лоб, скамандавала Насця.

- Уга, расхадзілася. Чаго ты? Ці ты, баба, разумееш што на свеце? Ты ж - во! - і ён, угнуўшыся, выставіў палец перад яе носам, падкрэсліваючы яе адзіноцтва. - Змарнееш, як асенняя трава.

- Вон, прэч! - у адзін дух крычала Насця, прыціскаючы далоні да грудзей, як бы ратуючыся сама ад непрыемнай навалы.

Яна схапіла ватоўку і кінулася ў дзверы. На двары дзьмуў халодны вецер, шумела лісце дрэў, у небе кудысьці нёсся ашчэпак бледнага месяца, мільгаючы ў разрывах хмар, якія, здавалася, стаялі. Насця зайшла за хату, прыхілілася да халоднай сцяны і надрыўна, балюча зарыдала.

Ацверазіў яе дзікі крык перапужанай Ніны, які яна глуха пачула праз сцяну.

Вярнуўшыся ў хату, Насця не застала Жыгілевіча. Яна кінулася да Ніны, абняла яе і, лежачы побач, дробна ўсхліпвала разам з дачкой.

- Мамачка, чаго ты? - абняўшы маці за шыю, супакоіўшыся, пытала Ніна. - На цябе дзядзя крычаў? А дзе ты была? Я напужалася.

- Спі, дачулька мая, спі. Я хадзіла на двор. Каза з хлеўчука вырвалася. Ледзь я злавіла. А дзядзя паехаў, яму некуды трэба. Спі, родная мая.

Ніна заснула. Устаўшы гасіць лямпу, Насця падышла да невялічкай фотакарткі Пятра, якая вісела на сцяне. Пятро глядзеў на яе з ледзь улоўнай, такой знаёмай і роднай усмешкай вачэй.

- Пятрок, мой дарагі, не прыйдзеш, не абароніш. - Яна глыбока ўздыхнула і панікла галавой.

...Вось ты, Насця, удава. Адна з маленькай дачкой у пустой халоднай хаце. Паляцеў гэты Жыгілевіч, закружыўся над табой, як той каршун над перапёлкай. Адбівайся, як здолееш, барані сваю ўдавіную чэсць сама. А ці ад аднаго Жыгілевіча адбівалася яна. Спрабаваў рабіць залёты нарыхтоўшчык Вагуль, апрануты і зімой і летам у два плашчы - пад нізом сіні штапельны, а паверх руды брызентавы. Вечна п'яны і вечна няголены. Панадзіўся ляснік, які знарок цягаўся па балоце, каб абмокнуць, а тады, як смоўж, прыпаўзаў у Насціну зямлянку, у якой на падлозе стаяла вада, сушыцца, пакуль не вытурыла. Былі і яшчэ.

З усіх адзін Тарас прыходзіў з чыстым сэрцам. І ў яе сэрцы да Тараса... Але не!

Яна доўга не спала ў тую ноч, перадумала многа дум пра сваё гаротнае жыццё і яшчэ досвіткам, узяўшы з сабою Ніну, пайшла трапаць і сартаваць лён. Удзень было лягчэй, супакойвала работа, а ўначы, застаючыся адна са сваёй несагрэтай падушкай, не магла заснуць ад неспакойных думак.

Не выходзіў з галавы Тарас, як ні старалася яна прагнаць думкі аб ім. Тарас... Ён бы абараніў яе, быў бы яе надзейным апірышчам. Яна кахае яго. А Пятро? Пятро жыве толькі ў яе сэрцы. Але ж ён сам сказаў ёй, што яна вольна жыць, як сэрца скажа. А сэрца не толькі кажа, патрабуе, баліць. Хто мае права адабраць у яе і гэта каханне? І чаму яна, кахаючы, павінна пакутаваць? Жонку ж сваю Тарас не любіць, і ён таксама пакутуе. І Насця вырашыла сказаць Тарасу, каб рабіў так, як людзі: няхай развядзецца з Дар'яй, калі яна нялюба яму, потым пойдзем з ім у сельсавет. І пляткаркі перастануць плявузгаць.

У тую раніцу яна была вельмі ласкавай да сваёй Нінусі, цалавала яе, гладзіла па галоўцы, трымала ў час снедання на каленях і ўсё хацела расказаць дачцэ пра сваё важнае рашэнне, якое кранецца і яе лёсу, але не ведала, як гэта зрабіць.

Пасля абеду, адвёўшы дачку да суседкі, Насця пайшла на луг падымаць лён. Згортваючы трасту і ставячы яе ў кіты, яна пачула непадалёку дзіцячы гвалт. Разагнуўшыся, Насця ўбачыла дзяцей пад дзічкай на высокім узмежку. Яны перапужана сумяціліся, махалі рукамі і крычалі на ўсё горла, гледзячы ўгару на дрэва. Насця ўбачыла на дрэве хлапчука, які вісеў, зачапіўшыся сарочкай за сук. Яна кінулася туды, але, пакуль дабегла, хлопчык сарваўся і грымнуўся аб дзірваністы дол. Гэта быў Адзік, шасцігадовы Тарасаў сын. У Насці абмерла ўсё ў сярэдзіне. Яна хвіліну-другую стаяла разгубіўшыся, не ведаючы, што рабіць. У Адзіка з рота цякла кроў, было разбіта калена і вывіхнута рука. Насця ўсхапіла хлопчыка на рукі і подбегам панесла ў вёску.

Адзік ашчаперыў яе адной рукой за шыю, другая вісела вывіхнутым локцем наперад. Ён не плакаў і пераконваў цёцю Насцю, што яму не баліць, і часта, горача дыхаў ёй у твар. На сенечных дзвярах Варанковай хаты вісеў замок, і Насця панесла Адзіка да сябе. Неўзабаве прыбегла Адзікава маці, Дар'я, якую знайшлі і паклікалі хлапчукі. Плачучы, яна кінулася да сына.

- Мамачка, не плач, мне ані не баліць, - упрошваў ён маці. - Прыйдзе тата, мне руку паправіць. Ён ўсё можа.

- Тата... Твайго тату хочуць адабраць у цябе, - і Дар'я з нянавісцю бліснула на Насцю мокрымі ад слёз вачамі, узяла на рукі сына і, выходзячы з хаты, сказала: - Хочаш маё дзіця асіраціць? Мала табе тых...

Гэтыя словы вострым нажом ударылі ў Насціна сэрца.

- Дар'я, Дар'ечка, - ірванулася яна за ёй. - Няпраўда, няпраўда пра тых! І на шчасце тваіх дзяцей я не пазаруся. Не, не, не хачу я такога шчасця. У мяне свая сірата. - Ёй было страшна, цяжка і крыўдна ад усяго, што здарылася. У гаротнасці яна апусцілася на парог і задумалася.

- Добра, што я не паспела сказаць Тарасу пра свой ранішні намер. Добра, што гэтага не здарылася.

Яна доўга сядзела ў расчыненых дзвярах, спустошаная, адзінокая, бездапаможная. Устаўшы, яна бязмэтна хадзіла па хаце, змахваючы хвастачом пыл з падаконнікаў і лавак. Потым падышла да Пятровага фота, выцерла шкло і сумна глядзела на яго ўсмешлівы твар.

- Пятрок мой, з табой мне суджана было шчасце, з табой мне і гора дзяліць. Вечна...

Праз некалькі дзён, калі Адзіка прывезлі з бальніцы, да Насці зноў прыйшоў Тарас. Яна сустрэла яго на парозе, засланіўшы сабою дзверы.

- Тарас, не заходзь! Скажы мне, што ты ніколі не пераступіш майго парога.

- Насця, я цябе кахаю. Шчыра, - гаварыў разгублены Тарас, прыціскаючы кулак да грудзей.

- Тарас, і я не буду таіцца перад табой. Але я не хачу сіраціць тваіх дзяцей.

- Насця! - і Тарас падаўся да яе.

- Не, не, Тарас, - замахала рукамі Насця. - Не адным сэрцам ты жывеш, і не адным я. Свайго ты сэрца не згубіш, бойся, каб не згубіць тое. А я не хачу мець шчасця на дзіцячым горы.

 

Прайшло многа гадоў. Вырасла Ніна. Узмужнеў Адзік. У наступную нядзелю іх вяселле...

 

1960 г.




Беларуская Палічка: http://knihi.com