epub
 
падключыць
слоўнікі

Ігнат Абдзіраловіч

Адвечным шляхам

Дасьледзіны беларускага сьветагляду

Прадмова
І
ІІ
ІІІ
ІV


Прадмова

 

Гісторыя вызначыла гэтай кнізе адмысловы лёс - быць прачытанаю ў наступным, XXI стагодзьдзі. Магчыма, гэта першая беларуская кніга, якая ўжо ТАМ. Там, дзе традыцыя літаратурна-філязофскага плачу па згубленай мове, волі-долі і Бацькаўшчыне непазьбежна зьменіцца сьцьвярджальнай ідэяй тварэньня новае Беларусі. Дзе будзе зразуметая рацыянальная прырода дабра. Дзе запануе філязофія свабоды, асноўныя прынцыпы якой і сфармуляваў па-беларуску Ігнат Абдзіраловіч.

Але сёньня час гэты яшчэ не прыйшоў.

У вашых руках чацьвертае выданьне эсэ Ігната Абдзіраловіча «Адвечным шляхам» - пасьля прыжыцьцёвае віленскае кніжкі 1921 года яго ў 1989-м апублікавала самвыдавецкая «Супольнасьць», а ў 1990-м яно было ўключана ў зборнік «Вобраз-90». У тым жа годзе ў перакладзе на расейскую мову гэты твор выйшаў у часопісе «Нёман». Кніга, якая ўвесь савецкі час праляжала ў спэцсховах, прабівае сабе шлях у друк прыватна і паўафіцыйна, наўзбоч ад шырокіх дзяржаўных праграм. Эсэ, якое сёньня яшчэ знаходзіцца на пэрыфэрыі грамадзкай, літаратурнай і філязофскай думкі, не выклікае вялікае цікавасьці мэтраў сёньняшняга літаратуразнаўства, што зусім беспадстаўна сьпісалі яго ў «рамантызм».

Гэта не рамантычны твор. І будучыня яго забясьпечаная ўзрастаньнем ягонае актуальнасьці. Гутарка ідзе пра іншую якасьць нацыянальнае сьвядомасьці. Тую гаротную сытуацыю, у якую гісторыя завяла Беларусь і зь якой паўстала ўласна традыцыя літаратурна-філязофскага плачу, І.Абдзіраловіч разглядае як зыходныя дадзеныя, якія патрабуюць ня столькі эмацыйнае ацэнкі, колькі наступнага, але ўжо сьцьвярджальнага разьвіцьця.

Самая прырода станоўчага, прывабная і канструктыўная, ставіць гэты твор наўзбоч ад традыцыі стогнаў аб народнай забітасьці, немачы і сьлепаце... Абдзіраловіч - не аналітык разрухі і не плакальшчык над лёсам занядбанае Беларусі. Ён толькі сьцьвярджае, і гэтым - выключны ў сваім часе. Зрэшты, і ў нашым часе таксама. Што і вызначыла ягонае сучаснае пэрыфэрыйнае становішча.

Другая магутная ідэя «Адвечным шляхам» - ідэя нацыянальнае тоеснасьці, адэкватнасьці. Усё, што ў табе, у прыродзе тваёй, ёсьць лепшага і людзкага, ты максымальна можаш выявіць толькі як беларус. «Яны ня ўцямілі, - піша І.Абдзіраловіч, - што разам зь беларушчынай мы трацім і лепшую частку чалавечнасьці».

Нарэшце, трэцяя істотная рыса. «Адвечным шляхам» - вяршыня літаратурна-філязофскай думкі нашаніўства і той беларускай культуры, якая ніколі не была савецкай, якая не адчула на сабе разбуральнага ўзьдзеяньня таталітарнае ідэалёгіі. І яшчэ - гэта твор віленскай беларускай культурнай традыцыі, напісаны віленчуком.

Ігнат Канчэўскі (Абдзіраловіч) (1896-1923) - нарадзіўся ў Вільні. Бацька ягоны быў судовым чыноўнікам. Пасьля школы Ігнат вучыўся ў Пецярбурскім тэхналягічным інстытуце і Маскоўскім унівэрсытэце. З 1916 г. - у войску. Пасьля - каапэратыўныя курсы ў Маскве і праца ў розных каапэратыўных установах у Смаленску і ў Вільні. Пісаў таксама вершы і артыкулы па каапэрацыі.

Дасканаласьць і унівэрсалізм кнігі «Адвечным шляхам» - выключнай і ў беларускай літаратуры і ў даробку самога І.Абдзіраловіча, - наводзяць на думку калі не пра містыфікацыю, дык, прынамсі, пра таямніцу стварэньня гэтага эсэ, пра неадказальную загадку, якой будзе задавацца, бадай, ўжо наступнае пакаленьне чытачоў.

 

Сяргей Дубавец

 

 

Пасьвячаецца У.І.

 

Час, калі трэба журыцца

Душою на сьвежых магілах

      Пуста-пранёсшыхся днёў.

М.Багдановіч

 

Нашы часы - часы агульнай заблутанасьці, часы паўстаньня праменных, быццам, ідэалаў й іх канечнага зьніканьня праз нядаўгі час... Тое, што раней здавалася чыстым і сьветлым, штодзенна аплятаецца жыцьцёвым брудам і пылам. Так зьнікаюць праменныя ідэалы, пакідаючы роспач і безнадзейнасьць. Ў такія часы адзінокая чалавечая душа шукае, пераглядаючы ўсё тое, што здавалася каштоўным, сьвятым і жаданым.

 

 

І

 

Беларусь як граніца паміж Усходам і Захадам. - Грунтоўная ад'знака беларускай гісторыі - духовае ваганьне паміж Усходам і Захадам. - Тыповыя ад'знакі Ўсходу і Захаду. - Мэсыянізм Усходу і Захаду.

 

На беларускую справу прызвычаіліся глядзець як на нешта надта нявыразнае, нявызначанае, ня маючае ў сабе духу жывога, каторы можа даць беларусам права на законнае сярод іншых народаў істнаваньне. Ў нявыразнасьці беларускай культуры хочуць бачыць духовую сьмерць народу, яго няздольнасьць вызначыць свой ўласны ідэал. Фармальна мы павінны згадзіцца, што ў нас неакрэсьлена культура, што ў нас смутны гістарычныя шляхі, але ў гэтым ня можна бачыць духовай беднасьці нашага народу, яго няздольнасьці ўласным крокам ісьці да вытварэньня ўласных формаў жыцьця, - не, жыцьцёвыя акалічнасьці даводзяць аб іншым, што навет меней здольныя, меней сільныя народы вытварылі культурна-вызначанае жыцьцё. Калі беларускі народ не стварыў выразнай культуры, дык гэта дзеля таго, што ў гістарычнай спадчыне яго была вялікая трагэдыя народнага духу, якую перажыць выпала толькі двум-тром эўрапэйскім народам: Беларусь ад Х веку і да гэтай пары фактычна зьяўляецца полем змаганьня двох кірункаў эўрапэйскай, пеўна арыйскай, культуры - заходняга і ўсходняга. Граніца абодвых уплываў, падзяляючы славянства на два станы, праходзіць праз Беларусь, Ўкраіну і хаваецца ў балканскіх краёх.

Дзесяцёхвяковае ваганьне сьведчыць аб тым, што беларусы, як украінцы і балканскія славяны, не маглі шчыра прылучыцца ні да аднаго, ні да другога кірунку. Мы не зрабіліся народам Усходу, але не прынялі й культуры Зах. Эўропы. За ўвесь час нас пачалі зваць цёмным, дзікім народам.

Толькі па форме мы лічыліся каталікамі або праваслаўнымі, грамадзянамі Масквы і Расеі або Польшчы. Направер мы былі благімі сынамі і цэрквы і касьцёлу і «ojczyzny» і «отечества». Толькі найбольш дрэнныя, духова-распусныя элемэнты нашага народу, як даўней - шляхта, а ў апошнія часы - частка страціўшай сувязь з народам інтэлігэнцыі, ўцяклі ад беларускага карэньня, пакідаючы народ на свой ўласны лёс. І народ застаўся жыць сам па сабе: духовым жыцьцём - з ідэаламі і пераконаньнямі паганскай веры, гаспадарчым - з прадпрадвечнымі прыладамі земляробства: сахой, драўлянай бараной, цэпам і жорнамі, ў тым «вечным бары», аб каторым так жудасна пяе наш беларускі паэт.

Але адмовіўшыся ад карысьці выразнай культуры ў яе поўнасьці, народ схаваў незалежнасьць свайго духу. І вось зараз, калі набліжаецца вялікі крызыс датыхчасовых ідэалаў, калі ўся «культура» знаходзіцца ў небясьпецы і гатова разваліцца ў руіны, беларускі народ - як быццам зьнімаюць з яго векавыя ланцугі - прабуджаецца да жыцьця, да шуканьня новых ідэалаў, да стварэньня новых падставаў чалавечага жыцьця.

Гэта - праўда, што мы мала маем, гэта - праўда, што мы шукалі па чужых дарогах і, не знайшоўшы, або здрадзілі бацькаўшчыну і шлі да чужынцаў, або вагаліся паміж варожымі кірункамі. Але зараз прыходзяць часы, калі багач зрабіўся бедаком і пойдзе на вялікі шлях шукаць з намі, гаротнымі, новага багацьця, новага чалавечага ідэалу. А з глыбіні вякоў пазірае на нас Скарына, такі ж вагаўшыйся, шукаючы, і, жадаючы нас, кажа:

«Над зімнымі хвалямі Дзьвіны я быў візантыйцам - Юрым, а ў Кракаве, куды мяне пацягнула за эўрапэйскаю ведай, - лацінікам Францішкам. А дапраўды, я ня быў ні Юрым, ні Францішкам, а быў вольным, незалежным духам, якога вы шукаеце, духам агульначалавечым толькі ў беларускай скуры. Шукайце ж!»

 

* * *

 

Ваганьне паміж Захадам і Ўсходам і шчырая няпрыхільнасьць ні да аднаго, ні да другога зьяўляецца асноўнаю адзнакаю гісторыі беларускага народу. Прыклад Скарыны, аб якім да гэтай пары няведама, хто ён быў такі, ці каталік, ці праваслаўны, і пеўна, што і той і другі разам, адбівае гэтае зьявішча беларускага духу ў індывідуальнасьці, ў душы нашага першага інтэлігэнта. Гэтую рысу беларуская народная інтэлігэнцыя захавала і да нашай пары, але, як бачым, на тое ёсьць гістарычныя прычыны.

Ў Х веку славяншчына прымае хрэст, а разам шмат чаго як спадчыну з гаспадарсьцьвеннага, эканамічнага і духовага ўстрою Візантыцка-Рымскай Імпэрыі. Заходнія славяны бяруць лацінскі ўзор, ўсходнія - візантыцкі. Беларусь апыняецца паміж варожымі кірункамі. Об'ектыўны стан рэчаў вымагае прыняцьця новае культуры, але гэтая культура ня творыцца арганічна, а накідаецца неперапрацованая народным духам. Ўсходнія і заходнія славяны прымаюць эўрапэйскую культуру з яе формальнага боку. Беларусь з гэтага часу пачынае вагацца. Як тая Рагнеда, ўзятая ў палон кн.Валадзімірам, Беларусь павінна хрысьціць сваіх дзяцей пад прымусам на ўсходні ўзор, але выховавае іх на стары капыл паганцамі, ў нялюбасьці да ўсходняга хрысьціянства. Крывавая барацьба паміж кіеўскімі і полацкімі (беларускімі) князямі вызначае той час беларускай гісторыі і адбіваецца навет ў «Слове аб палку Ігараве», дзе пяецца аб вялікай бойцы на Нямізе, ля Менску. Гэты ж літэратурны памятнік адбівае і другую рысу тагачасных беларусаў: зрабіўшыся хрысьціянамі, яны не запомнілі аб сваіх старых пераконаньнях; князь Усяслаў Чараўнік - добры хрысьціянін: ён слухае утраню ў Полацку, але абяртаецца сівым ваўком і бяжыць да кіеўскай Софіі на абедню.

Прыхільнасьць да старой паганскай веры зрабіла тое, што ў XIII в. Беларусь злучаецца з «паганскай» яшчэ Літвой. Мусібыць, Зьніч літоўскага князя гарэў ярчэй, чымся крыжы кіеўскага князя і польскага караля.

Часы Гэдыміна, калі кругом пачалося зьбіраньне славянскіх земляў: на ўсходзе - Калітой, на захадзе - Лакеткам, а асабліва часы Альгерда і Вітаўта даводзяць, што беларускі народ выказаў шмат гаспадарсьцьвеннай, арганізацыйнай здольнасьці. Пасьпех Масквы сапсаваў Літве-Беларусі зьдзейсьніць аб'яднаньне «ўсея Русі». Візантыцкая культура з яе ідэяй самадзяржаўнасьці дапамагла Маскве стварыць з частак Русі, фінскіх і татарскіх земляў вялікую моцную дзяржаву. Беларускае ваганьне і нявыразнасьць зрабіліся ў тыя часы фатальнымі. Неакрэсьленая палітыка Вітаўта, яго прыхільнасьць да польскага шляхоцтва, яго нявызначаныя адносіны да беларускіх князёў і народу, зрабілі тое, што Беларусь траціць гаспадарсьцьвенную незалежнасьць, а разам і магчымасьць выказаць свой культурны твар.

Паміралі паганскія багі, а новых так і ня прызнаў беларускі народ. Прышла рэфармацыя, кінуліся беларусы шукаць новае слова, але і новае слова іх не задаволіла. Толькі старыя муры па вёсках і мястэчках сьведчаць, што ў самае сэрца Беларусі прыйшло кальвінскае казаньне, але не затрымалася, памёрла. За ім прышло каталіцтва. І вось, прыпадкова, дзеля чыста тэрыторыяльнай стычнасьці то з ўсходняй, то з заходняй культурай беларусы падзяляюцца на дзьве часткі, але застаюцца варожымі і няпрыхільнымі да абедзьвюх.

З гэтага часу ваганьне народнага розуму і сумленьня ня перапыняецца. Гэтаму ваганьню пачынае адпавядаць і блутаньне па нашым краі дзяржаўнай граніцы. То далёка на ўсход заходзіць яна і ў тых паветах, дзе цяпер запомнілі аб польскім панаваньні, захаваліся граматы і гэрбы «Gospodara Korola ego miłości sławnaj pamiaci Żykgimonta» і Ўладыслава і іншых, то наадварот, ў глыбіне Літвы вырастае магільны курган «ваяводы рускага цара» - глыбока ў нашай старонцы гаспадарылі тады казацкія шаблі.

Так плылі вякі... зноў на нашай памяці пьюць ваду з Дняпра польскія коні, а праз колькі тыдняў над Бугам і Віслай гараць нялічаныя дымныя агні ворагаў і чуваць маркотную валгарскую песьню.

Да нашага часу беларускі народ ня ставіць апору ні ўсходняй, ні заходняй хвалі і яны вольна перакочваюцца над яго галавой. Страціўшы ў сабе вольнага паганца, што маліўся пню, зьліваўся духам з вялікімі сіламі зямлі, пяяў прыгожыя песьні, сустрачаючы вясьнянкамі Вясну або хаваючы Купалу, што мог вольна адпавядаць і вольнаму дыханьню ветру і руху свае душы, - страціўшы ўсё гэта, беларус ня ўбачыў нічога прынаднага і ў новым складзе жыцьця. Ўплывы Захаду і Ўсходу ў перакручаных, спэцыфічна славянскіх, часам карыкатурных выразах круцілі і гвалцілі душу беларуса, толькі прымушаючы яго ўбачыць, што ў чужой скуры заўсёды дрэнна, што трэба вытварыць нешта сваё, роднае, блізкае, арганічнае. Шмат вякоў беларусы вялі змаганьне з чужынскімі варожымі ўплывамі за сваю душу, і, здаецца, прыбліжаюцца часы, што будзе яна вольнай. Жыцьцё ставіць мяжу старажытным ідэалам і кліча беларускі народ, зьняважаны і забіты, ісьці пароўні з іншым на будоўлю новага агульначалавечага ідэалу.

Ў гэты час хай будзе нашым правадыром і сьветачам старажытны Скарына, «доктар лекарскіх навук з слаўнага места Полацку», што хацеў лячыць беларускі народ праменьнямі духовай асьветы. Ён на сабе адчуў гвалт чужацкіх культур і ня прызнаў іх сваімі ў сваім сэрцы. Першы ад усіх пазнаў, што толькі праз разьвіцьцё асабістага і народнага духу дойдзем мы да ўсечалавечага ідэалу, і на мужыцкую простую мову пераклаў Сьв. Кнігу - тады адзіны праменьчык усечалавечнасьці.

За ім цягнецца карагод, што шукалі свайго ўласнага духу, вагаліся, расчароваваліся і гінулі.

Не знайшоў свае праўды вялікі Адам і згінуў на чужыне з болем ў сэрцы; блуталіся романтыкі, ў глыбіне сэрца хаваючы нуду і скаргу. Наша пакаленьне павінна стаць апошняй чарадой пад пахмурным пажагнаньнем Скарыны: «І на ўсходзе і на захадзе - шукайце!».

Даўгія вякі беларусы стаялі на раздарожжы: адзін шлях кіраваўся на захад, другі на ўсход; так нашыя сьцежкі, пачынаючыся разам, расходзіліся ў розныя, праціўныя бакі.

Праўда, вызначанасьць абодвых культурных тыпаў пад ўплывам часу вельмі сапсавалася: ўсходняе жыцьцё прымае заходня-эўрапэйскія адзнакі і наадварот; цяпер трудна казаць аб розьніцы, якая істнавала паміж візантызмам і лацінствам, але, ў кожным разе, і да гэтай пары моцна адчуваюцца культурныя асобнасьці абодвых тыпаў.

Аб духовым выглядзе ўсходніх славянаў казалі шмат. Найболей выразнаю адзнакаю іх характару зьяўляецца нахіласьць да ўсяго скрайнага, выразнага, ясна падкрэсьленага. Ўсходні славянін ня любіць нічога палавіннага, вечна шукае нейкай агульнай, адналітай формы, якой і пасьвячае сваё жыцьцё. Выкаваная на візантыцкіх узорах, так вырасла маскоўская гаспадарсьцьвеннасьць, якой былі пасьвечаны ўсе другія бакі культурнага жыцьця краю. Прыхільнасьць да выразнай аб'яднаўчае формы, да аканчальнага і бязумоўнага правядзеньня яе ў жыцьцё вызначылася ў ідэі адзінай палітычнай улады. «Ўся ўлада цару» - гэты покліч так блізкі па свайму палітычнаму зьместу да лёзунгу сучасных усходніх максімалістаў: «Ўся ўлада саветам», і ў абодвых выпадках паказвае, што іх дух - не затрымлівацца пасярэдзіне, што кожную форму трэба правясьці ў найбольшай чыстаце.

 

«Коль любить - так без разсудку,

Коль ругнуть - так сгоряча,

Коль рубнуть - так уж сплеча...» -

 

вось як характарызуе сябе велікарос. Калі ён незадаволены істнуючым, дык яго абхоплівае зуда перавярнуць ўсё дагары нагамі. Такой рысай адзначавалася ўся чыннасьць Пятра, гэта ж бачым і ў сучаснасьці. Абхапіць ўсё жыцьцё разам, зьмяніць і вялікае і малое, пранікнуць далейшыя куткі жыцьця аднэю прызнанай формай, адмятаючы бяз ніякага жалю ўсё непадобнае, - ідэя Ўсходу ўва ўсіх яго палітычных, соцыяльных і духоўных кірунках.

Ўсходні чалавек лічыць, што жыцьцё павінна быць вызначаным, што ў ім хаваецца нейкая адзіная праўдзівая сутнасьць, каторую і патрэбна вызначыць. Дзеля гэтага на Ўсходзе ня могуць ужыцца дзьве праціўныя ідэі; калі на Захадзе барацьба вынікае толькі ў асобыя часы агульнага спалоху і тады па ўсёй зямлі ідзе забойства, гараць вогнішчы з гэрэтыкамі і ворагамі, але потым, супакоіўшыся, варожыя кірункі мірна істнуюць разам і знаходзяць компраміс, згоду - змаганьне на Ўсходзе ідзе да той пары, пакуль ня згіне апошні адкрыты вораг. Там компрамісу няма, ўступкі ня робіцца ні ў аднэй драбніцы. Дзеля гэтага, на Ўсходзе адвеку садзяць у турмы і зьневажаюць чалавека не за дзеі, а за тое, што ён голіць або ня голіць бараду або ня так, як трэба, носіць вопратку. Ўсе драбніцы, ўсе абставіны жыцьця вымагаюць акрэсьленьня вызначанасьці. Ўва ўсіх павінен быць адзін выгляд, адны пераконаньні, адзін погляд на жыцьцё. Гэтым тлумачыцца дзіцячая самапеўнасьць расейскіх камуністых, што яны ўсё жыцьцё пераробяць на адзін капыл. Чуваць, што яны лічаць неабходным стварыць сваю ўласную рэлігію, каб і ў гэтай галіне жыцьцё мела аднальковы выгляд.

Такія жыцьцёвыя адносіны зусім незразумелы для Захаду; ягоная культура, наадварот, ўся вырасла на барацьбе з скрайнімі кірункамі, якія захацелі абхапіць жыцьцё цалком. У Зах. Эўропе ня вытрымала спробы ідэя адзінай рэлігіі: каталіцтва не апанавала ўсіх краёў, а нарадзіла шмат пратэстанскіх вучэньняў, што далёка разыйшліся як ад свайго карэньня, так і паміж сабой. Не зрэалізавалася ідэя «Сьвяшчэннай Імпэрыі», хоць у працягу сярэдніх вякоў гэтае пытаньне стаяла на чарзе. Імпэрыя рассыпалася на 5-6 неспадобных адзін да аднаго гаспадарсьцьвенных арганізмаў, разлучаных географічна і так сама разлучна пайшоўшых у сваім культурным жыцьці.

Такі лёс кожнай шырокай ідэі, якая хоча абхапіць усё жыцьцё: яе ў Зах. Эўропе затруць, скароцяць, абцягнуць тысячамі компрамісаў. Яшчэ прыклад: эўрапэйскі соцыялізм. Другі Інтэрнацыянал, разбураны жыцьцём, цяпер шукае службовае пасады ў канцэлярыях капіталізму. Наагул, ў палітычным жыцьці ў праціўнасьць Усходу, дзе ня можа загінуць прынцып концэнтрацыі ўлады ў адных руках, або ў цара, або ў клясы, на Захадзе ўся ўлада падзелена паміж уладаючымі клясамі, але ніхто ня мае поўнасьці ўлады і ня зусім адапхнуты ад яе. Сіла эканамічная таксама падзелена, і ўласнасьці ў народным багацьці зусім не пазбаўлены навет пролетарыят, што зусім немагчыма для забітага, матарыяльна беднага ўсходняга пролетарыяту. Акцыі расейскіх шахтаў, а ў часе вайны і гаспадарсьцьвенных пазычак, куплялі францускія пролетары: кухаркі, пакаёўкі, швайцары, звозчыкі; вось чаму цяпер пасьля нацыяналізацыі расейскіх шахтаў і скасаваньня даўгоў яны адчуваюць сябе пакрыўджанымі гаспадарамі расейскага дабра. Ангельскі работнік, можа ня ведаючы аб тым, карыстаў з эксплёатацыі індуса-земляроба, кафра-быдлавода; карыстаў прыбыткамі імпэрыялістычнага вырабу і гандлю, каб палепшыць свой дабрабыт: мець кватэру ў 3-4 пакоі, электрычнасьць, газавую печ, піаніна, мягкія мэблі. Так само жыцьцё працівілася разьвіцьцю скрайнасьцяў, ставячы ім апор. Навет такая ўмеркаваная ідэя, як Ліга Народаў, радзіўшыся ў Амэрыцы, на эўрапэйскім грунце пацярпела катастрофу, дзеля таго, што здавалася залішне радыкальнай.

Трэба ад'значыць, як цікавае зьявішча заходняга жыцьця, што разьбітае войска прыхільнікаў нейкай ідэі не складае свайго аружжа, а, праграўшы бойку, пачынае істнаваць як звычайны агульна-грамадзкі фактар. Бачым, што па катастрофе каталіцтва яно істнуе і карыстаецца ў нейкай часткі грамадзянства пашанай і падтрыманьнем. Наагул, варожыя кірункі шукаюць паразуменьня, ідуць на згоду, абяцаюцца падтрымліваць адзін аднаго.

З гэтага выплывае нейкі распыл жыцьця, істнаваньне шмат асобных, нічым ня зьвязаных часьцінак. Мір, як асобы, так і грамадзянства, ня зьвязаны нейкім аб'яднаньнем. Ўсё рассыпана, ўсё падзелена, воража настроенае жыве разам, згаджаецца, не протэстуе. Да часу, пакуль няма значнай перавагі, аснова зах.-эўрапэйскіх адносін - компраміс.

 

* * *

 

Мы, беларусы, вагаліся паміж двума культурнымі тыпамі, ня ведаючы, да якога прылучыцца. Нам падабалася ўсходняя прастата, шчырасьць, адпаведнасьць выгляду нутранай сутнасьці, якія вызначаюць чалавека Ўсходу. Калі ён добры да каго, дык можа палажыць за яго сваю душу; калі ён кажа, што любіць, дык ня зробіць ніякае прыкрасьці. Старажытны прыклад - кіеўскі князь Сьвятаслаў: ён ніколі ня ўжываў хітрасьці, здрады. Ідучы на ворагаў, папераджаў іх: «Іду на вы».

Гэта грунтоўная рыса Ўсходу нам вельмі падабалася, але, ўгледжваючыся ў жыцьцёвыя абставіны, мы прыкмецілі, што правесьці яе цалком у жыцьцё - немагчыма. Мы прыкмецілі, што апрача маны карыснай можа быць і ёсьць яшчэ мана сьвятая. Ня толькі дзеля карысьці і з прычыны нізкіх пабуджэньняў нельга называць сваіх ворагаў - ворагамі, а з прычыны грунтоўнай нявыразнасьці жыцьця, калі часта самыя простыя рэчы трудна назваць іх уласнымі іменьнямі. Прыклады на кожным кроку даводзяць нам аб гэтым. Не аб кожнай рэчы можна пеўна сказаць, ці любіш яе, ці не, ці добрая яна, ці благая. Вялікі абшар жыцьця застаецца нявыразным, цёмным і толькі з вялікай тугой гэта шэрае можна назваць белым або чорным.

Тое, што Захад уцяміў гэтую праўду, нам вельмі спадабалася і было вельмі прынадна. Заходняе цьвярозае пачуцьцё здавалася нам зусім адпаведным да сапраўдных абставін жыцьця. З гэтага пачуцьця выплывае зах.-эўрапэйская цярпімасьць да розных кірункаў людзкай думкі і яе праяваў, з гэтага вынікае і тое вельмі прыемнае асабістае захаваньне заходняга эўрапэйца, якое сваей далікатнасьцю так ад'значае яго ад простага і грубога Ўсходу.

Дык вось, нам вельмі падабалася і цягнула шчырасьць і вызначанасьць Усходу, а з другога боку - большая об'ектыўнасьць і болей чалавечае захаваньне Захаду. Жыцьцё вымагала сінтэзу, згарманізаваньня абодвых кірункаў, але гэта, як убачым, зрабілася немагчымым.

Ў сваёй акрэсьленасьці кірунку, нахілу ўсё даводзіць да канчатку, ўсяму даваць аднолькавую форму Ўсход даходзіць да абсурду. Як драбніца, вышла і тое, што Ўсход не прызнаваў нас як беларусаў, а вымагаў ад нас прыняцьця свайго ўсходняга выгляду, які, па ўсходняму разуменьню, быў абавязковым. «Славянские ручьи сольются в русском море» - вось як падгрунтовавалася абавязковасьць абмаскаліцца. 3 гэтага вынікае гвалт і ўціск нашай індывідуальнасьці, з гэтага - гвалтоўнае жаданьне адняць наш твар. Яны ня ўцямлялі, што разам з беларушчынай мы трацім і лепшую частку чалавечнасьці.

Нашага вызваленьня, нашага ратунку ад прымусу Ўсходу мы чакалі ад Захаду. Ён ішоў да нас з прыемнай усьмешкай на рожавых вуснах, і мы гістарычна пазнаёміліся з гэтым ласкавым выглядам. Праўда, нашым бліжэйшым Захадам былі славяне, палякі, і заходнія ўплывы прынялі ў іх спэцыфічна-славянскія выразы, але ўсё ж гэта быў Захад. Прынцып ня толькі ня лічыць шэрае чорным, але сьцерагчыся і белае назваць белым быў прыняты і нашымі суседзямі. І глыбокія народныя гістарычныя дасьледзіны навучылі нас, што калі заходні чалавек робіць вам прыемнасьць, дык гэта ня знача, што з яго боку ня будзе прыкрасьці. Яго пацалунак сьведчыць ня толькі аб прыхільнасьці, але і аб магчымасьці здрады, такія ўжо глыбокія, народныя дасьледзіны.

Гэтая рыса Захаду моцна адчувалася ў яго адносінах да нас. Ён прынёс нам найлепшыя ідэі: гуманістычныя, лібэральныя, дэмакратычныя, але разам з пекнымі словамі заўсёды зьмяшчаліся гвалт духоўны і эканамічны, эксплёатацыя, ўціск, зьнявага. Пекныя словы і благія дзеі неяк дзіўна і незразумела для нас ужываліся ў заходнім жыцьці.

Ўсход гвалціў нас у імя шырокіх заданьняў: ў імя зьліцьця ўсіх славянаў, ў імя аб'яднаньня пролетарыяту ўсяго сьвету. І гэта ня толькі ад'знака маскалёў, а ўсяго Ўсходу наогул, бо навет адзін харвацкі паэт і той кажа, што харваты абновяць сьвет, пойдуць на чале паўстаньня проці «гнілога захаду» і створаць вялікі ўсясьветны культурны сінтэз. А Захад не такі, Захад такой абмылкі ня зробіць: ён ведае няздольнасьць, немагчымасьць рэалізацыі такіх ідэй. Але практычна адносіны да нас Усходу і Захаду розьняцца толькі ў драбніцах: не па сутнасьці, а толькі па колькасьці, велічыні. Ўсход адразу захоплівае шмат, Захад - па сваёй далікатнасьці - меней. Ніводзін эўрапэйскі імпэрыялізм не параўнаецца ў сваіх замерах і плянах з маскоўскім Інтэрнацыяналам, так сама і Варшава ніколі ня квапілася на Маскву або Прагу, тады як Масква зусім шчыра ў сваім славянафільсьцьве хоча валадаць і Прагай, і Варшавай, і Белградам, і Софіяй.

Затое Захад - вялікі чалавек на малыя справы, і яго здольнасьці моцна адбіваюцца на беларускай шыі. Польшча ня верыць у сваё славянскае прызваньне, яе мэсыянізм - ўсходняга капылу, яго творца - беларус па крыві - Міцкевіч. Але для сапраўднага паляка яго мары - так, пекныя словы, а арганічна зразумелай і прыемнай польскаму сэрцу засталася «idea jagiełłońska», вельмі далёкая ад міцкевічаўскага мэсыянізму, толькі штучна ім прыаздобленая. Тут справа не ідзе аб усім сьвеце, аб усіх славянах, не - Польшча хоча быць «od morza do morza».

І вось ідзе гвалт над нашымі душамі, бо мы прыпадкова апыніліся так сама паміж абодвымі морамі. Тут Захад ідзе з ўсей жорсткасьцю Ўсходу: гвалт, прымус, зьдзек, вырываньне душы беларуса ідзе разам з усімі атрыбутамі прыемнага заходняга твару.

 

* * *

 

За даўгія вякі гнёту і зьдзеку над нашай душой мы ўцямілі, што якую скуру сілком не накінь чалавеку, ён застанецца незадаволеным, бо заўсёды ён захоча перш-наперш быць самім сабой, чалавекам, а не замарожаным каталіком або праваслаўным, выгаленым на адзін капыл расейцам, ці паляком, прававерным буржуём, ці камуністым. Ў гэтыя цесныя мізэрныя рамкі не ўсадзіць вялікай душы чалавека. Векавое дасьвядчэньне кажа нам, што вольнага разьвіцьця нашага духу не запяўняе ні заходняя ні ўсходняя культура, бо яны абяртаюцца ў формах гвалтоўнага, людаежнага мэсыянізму і розьніца між імі толькі ў назовах, лёзунгах, а іх аціскаючыя ланцугі - аднолькавы для нашага духу.

Трэба шукаць на другіх шляхох...

Каб запеўніць нашаму народу вольную творчасьць ува ўсіх галінах жыцьця, трэба стварыць і адпаведныя, свае, беларускія, формы жыцьця. Гэта ж зусім ясна, але ў сьветлым імкненьні духовага адраджэньня хаваецца і вялікая небясьпека: каб як замест чужацкіх мэсыянізмаў не стварыць свайго, ўласнага, каб як знойдзеныя формы новага беларускага жыцьця не зрабіліся для нас саміх вялікай турмой і зьдзекам. Бо на прыкладзе чужацкіх мэсыянізмаў мы бачылі, як страшэнна сьціскае жыцьцё адтрымаўшая неакрэсьленую ўладу форма. 3 нашага высокага парыву індывідуальнага і народнага адраджэньня ня створым жа гвалту і енку ні для іншых, ні для саміх сябе: не павінна быць беларускага мэсыянізму. І ў вялікім і малым, і для сваіх і чужых ён - прымус, зьдзек і сьмерць. Ўласным коштам - мільёнамі сьмерцяў, хваробы, нуды служылі мы чужацкім мэсыянізмам. Не на гэтай падставе збудуем нашу будучыню.

Трэба шукаць на другіх шляхох.

Трэба пазнаць, дзеля чаго сучаснае жыцьцё нашых суседзяў прыняло такія сьціскаючыя, гвалтаўнічыя, бяздушныя формы.

 

 

ІІ

 

Стварэньне формаў і змаганьне з імі - гістарычны зьмест эўрапэйскага жыцьця. - Жывучасьць соцыяльнай формы. - Духовае мяшчанства. - Патрэба зьменнай, ліючайся формы.

 

Сучасныя эўрапэйскія народы адтрымалі сваю культуру як спадчыну антычнай імпэрыі. Духу эльліна-рымскіх народаў прыняць яны не маглі; толькі жыцьцёвая патрэба выразнае формы ў гаспадарсьцьвеннасьці, рэлігіі і іншых галінах быту прымусіла прыняць рымскі прыклад адміністрацыі, войска, рэлігіі, права, наагул большасьць палітычных, рэлігійных, эканамічных і іншых бытавых формаў.

Рымскае, а яшчэ раней Грэцкае гаспадарства згінулі з прычыны духовай распусты, дэморалізацыі. Апошняя ж была вынікам конфлікту паміж асобай і хаўрусам, гаспадарствам. Хаўрус не адпавядаў жаданьням асобы сваімі захопліваючымі імкненьнямі, барацьба асобы проціў уціску хаўрусу здэморалізавала і асобу і хаўрус, і яны загінулі. Ў змаганьні між сабой гарадоў, гарадзкіх партыяў і жадаючых бязумоўнай волі адзінак развалілася эльлінскае гаспадарства. Рымская імпэрыя, наадварот, задавіла, згвалціла асобу, пашыраючы рабства, душачы грамадзянскае пачуцьцё, творачы саладкаваты шовінізм: «dulce et docorum est pro patria mori». Так згінуў і Рым, вырадзіўшыся ў вялікі хаўрус незадаволеных, узбаламучаных рабоў. Ні антычная думка, ні антычнае рэлігійнае пачуцьцё справы зносін асобы і хаўрусу ня вырашылі, як ня вырашылі пытаньня аб адносінах вечнага і смертнага, канечнага і безканечнага. Гэтыя пытаньні разам з выпрацаванымі формамі жыцьця перайшлі да сучасных народаў.

Барбарская няўмеласьць спраўляцца з усею грамадаю і рознасьцю жыцьцёвых праяваў выклікае прыхільнасьць да заўсёднай, выразнай, вызначанай формы. Ў такой форме барбары пачулі патрэбу ў той час, калі іх соцыяльнае жыцьцё пашырылася і ўзмацавалася. Для індывідуальнасьці ня трэба формы. Дух жыве пачуцьцём, яму ня трэба сымболяў: «дух дышыць, гдзе хоча». Толькі ў зносінах з падобнымі да сябе, з сьветам надворным робіцца патрэбным вызначанасьць - форма. Закон уласнага сумленьня замяняецца агульнаабавязковай моральлю, фармальным, абычаевым правам, з якога разьвіваюцца ўсе іншыя формы прававога жыцьця. Калі барбары стыкнуліся з выпрацаванай эльлінскай культурай, дык адразу на іх соцыяльнай творчасьці моцна адбіліся антычныя ўплывы, але, нажаль, толькі з выгляднага боку. Спачатку бедныя барбары зусім ня ведаюць духоўнай спадчыны старажытнасьці, і толькі паволі з ёю знаёмяцца. І гэта няведаньне старога духу становіць сапраўдную нядолю новай Эўропы. Тое, што толькі цяпер пазнаў сучасны філёзоф Бэргсон, казаў 25 вякоў назад Гэракліт Цёмны: «Ўсё рушыцца, ўсё цячэ, нельга два разы плёхнуцца ў тую самую рэку», а прыхільнасьць да заўсёднай зьдзеравянеўшай, зьмярцьвелай формы, да нязьменных рэчаў і ідэяў высьмеяў у сваіх камэдыях Арыстафан.

І вось, эўрапэец стараецца зьдзейсьніць сваю прыхільнасьць да цьвёрдых формаў: Ўсход рыпаецца ўзяць візантыйскую спадчыну, як вала за рагі, і ў аднальковасьць формы ўціснуць усё жыцьцё, ня гледзячы на тое, што такі спосаб прыгнятае, губіць усё жывое; Захад карыстае багацьцём рымскае культуры і ў сваім жаданьні ўсё ўсталяваць, вызначыць, спарадкаваць хоча зафіксаваць вечную зьменнасьць і цякучасьць жыцьця, аб якіх казаў Гэракліт, у вялікім ліку няжывых, затое цьвёрдых, прыемных эўрапэйскаму пачуцьцю формах. Сярэднія вякі праходзяць пад знакам устаноўленай формы, догмату, падпарадкаваньня аўторытэтам.

З векам Адраджэньня пачынаецца протэст: у рэлігіі проціў догмату і формаў, ў філёзофіі і мастацтве - проці дазволенага і ўстаноўленага, ў палітыцы - проці суровых формаў людзкога прыгону. Апошнія настроі выліваюцца ў цэлы рад паўстаньняў па ўсёй Эўропе, пачынаючы ад паўстаньня ў Англіі 1381 г. і канчаючы «Сялянскай вайною» 1525 г. Зьяўляецца вучэньне аб самацэннасьці чалавека, яўляецца новы сьвяты - Францішак з Асізіі, каторы кажа ў праціўнасьць офіцыяльным перакананьням, што сутнасьць чалавека і яго імкненьня ня грэшныя і паскудныя, а добрыя і сьветлыя, што ня трэба ланцугоў пакуты, што жыцьцё павінна быць радасным і прыгожым.

Адраджэнскі протэст ня зьдзейсьніўся да канца дзеля сапсаванасьці эўрапэйца. Яму ізноў захацелася цьвёрдай формы, ён не пазнаў яшчэ, што кожная гэткая форма - ланцуг для жыцьця. Зноў ён зьвяртаецца да клясычнай формы і будуе па яе падставе ложна-клясычнага мастацтва асьвету і мораль да новага протэсту - Францускай Рэвалюцыі, ня ўцяміўшы таго, што старое ад'жыло, спарахнела, што нельга жывога ўкладаць у труну ад'жыўшага. На вогнішчах, запаленых рукой Кальвіна, гіне протэстуючы дух протэстанскіх рэлігіяў; яны, паўсталыя з абурэньня проці няжывой літары, хаваюцца ў плашч догмату і формы. Зноў усё, як быццам, замірае да новага спалоху.

Ўсход спазьніўся блізка на два вякі. І ў Маскве вынікае протэст проці душагубчай формы і разьліваецца Смутным Часам, рэлігійным расколам, разінаўскім паўстаньнем. Там справа не даходзіць ні да якіх вынікаў, бо протэст ня вылупляецца далей анархічных выпадаў. Заместа шуканьня іншых формаў Усход, с усёю сваёю скрайнасцю, адмаўляецца ад іх, і, ясна, што жыцьцё, якое ня можа ні момэнту абыйсціся бяз формы, перамагае.

 

* * *

 

Можа, гэтае зацьверджаньне гучыць крыху абстрактна, але зусім зразумела, што немаль уся жыцьцёвая нядоля мае сваёй падставай неадпаведнасьць жыцьцёвага зьместу тым формам, ў якія ён уложаны. Ўсе няшчасьці, як індывідуальныя, так і соцыяльныя, залежаць якраз ад таго, што формы жыцьця заместа таго, каб служыць чалавеку, маюць сілу валадаць над ім, сціскаючы і затрымліваючы яго духовыя імкненьні.

Формы жыцьця нам не накідаюцца, мы самі творым іх, мы самі, ў часе патрэбы, надзявалі нашы ланцугі, але тады яны былі неабходнымі: стварылі сямью, гаспадарства, суд, касьцёл, партыю; гэта стварылі мы самі; шмат чаго ўжо сьціскае, душыць нашу вольнасьць, але створаныя формы маюць сілу вялікай жыцьцёвасьці. Заместа таго, каб служыць чалавеку ў яго жыцьцёвых патрэбах, форма сядае яму на шыю, пачынае кіраваць чалавекам, заціскаючы сваей уладай праўдзівае чалавечае жыцьцё.

Змаганьне духу проціў запанеўшай формы становіць зьмест жыцьця й яго нядолю; патрэбна ліючаяся, зьменная, заўсёды адпаведная жыцьцёвым праявам форма, але гэтага - няма.

Форма - вынік чалавечай творчасьці, а чалавек творыць заўсёды кахаючы, ён любіць дзіця свае творчасьці, жадае яму вечнага істнаваньня: ў гэтым - першая падстава жыцьцёвасьці і сілы формы. Моральны закон, абычаёвае права, ў творчасьці якога прымае чын амаль што ўвесь народ, заўсёды мае ад'знаку боскасьці. Творацца легэнды і казкі, што Бог сходзіў на зямлю і даў людзям гэты закон. Першы людзкі моральны кодэкс - Дзесяць запаведзяў - прышоў з маланкаю і грамніцамі ад самаго Бога, каторы ў хмарах сходзіў на гару Сінай. Так, ад'знакаю боскага натхненьня народ надзяляе кожную абычаёвую форму. Ў гэтым яе сіла, магчымасьць валадаць людцамі, гвалтаваць іх, калі форма навет страціць свой сэнс і запатрабуецца новае.

Другая падстава жыцьцёвасьці і сілы формы - карысьць. Калі чалавеку або грамадзе істнуючая форма здаецца карыснай, тады заўсёды эгоістычныя мэты аздабляюцца істнуючай формай. Так, формай касьцёлу карысталася духавенства. Ідэя хрысьціянскай любасьці прыкрывала самыя дрэнныя карысныя замеры: «Хто дарыць цэркві - таму вечнае спасеньне, хто адніме ад другога і дасьць цэркві - так сама спасеньне душы, а хто адніме ад цэрквы, таму - пракленства і вечныя мукі». Так духавенства ўсходняе і заходняе карысталася прыхільнасьцю народу да хрысьціянства, каб павялічаваць свой маёнтак. Ў свой час ідэя гаспадарства зрабілася канечнай, неабходнай: яе зрэалізавалі ў пеўных формах. Цяпер жа невялікія кучкі буржуазіі, шляхэцтва ці палітычных бадзякаў напінаюць горла ад каханьня да бацькаўшчыны. Справа ў тым, што форма сучаснага гаспадарства з яго паліцыяй, прымусам і турмамі запяўняе ўдачу іх цёмных справаў, і пратэст проціў вяльможнага машэнства раўняецца да здрады бацькаўшчыны і бяз літасьці караецца. У парывах соцыяльнага натхненьня родзяцца палітычныя партыі, а праз колькі гадоў, бачыш, жменька здольных хлапцоў круціць чалавечыя галовы, а разам не запамінае і аб сваёй кішэні.

Чым слабей разьвіта духовасьць чалавека, тым большую вагу набірае форма: звычай, догмат, дактрына, незразумелы лёзунг. Добра ведама сіла абычаёвага права ў сялянскіх масах, фанатычная рэлігійнасьць у цёмных малаасьвечаных народаў, іх прыхільнасьць да патаемных рэлігійных формулаў у незразумелай мове. На нашых вачох вырастала дзіўная сіла палітычных лёзунгаў, так сама незразумелых, а часам і пазбаўленых зьместу, характару, як самага рэакцыйнага, так і ультра-радыкальнага, якія маса сустрачала дружнымі воплескамі.

Чым душа цямней, тым панаваньне формулы непадзельней. На канчатках форма перакручаваецца ў старажытнага Малоха, ў вогненнае жарало каторага маткі кідалі сваіх дзяцей. Сколькі малохаў захавалася да нашага часу? Сколькі ім прынесена незразумелых, непатрэбных ахвяр. Псыхічная прыхільнасьць масы, спрытная агітацыя - і зноў вантроба малохаў жарэ лепшыя сьветлыя, маладыя сілы чалавецтва, пеўныя ў тым, што яны гінуць за лепшыя ідэі чалавецтва, што яны прыносяць сваё жыцьцё на аўтар агульна-сьветавой праўды.

 

* * *

 

Валаданьне формы над жыцьцём накладае на яго сваю пячатку: забірае сілу патрэба нярухомасьці і спакою. Заўсёднасьць і цьвёрдасьць робіцца душы прыемнай і неабходнай, як патрэба хадзіць па цьвёрдай зямлі, а не па вульканічным грунце.

І вось большасьць эўрапэйскага грамадзянства набывае ідэялёгію, якую можна назваць духовым мяшчанствам. Яно ня лічыцца са зьменнасьцю, вечнай цякучасьцю жыцьця; вечная патрэба зьмяняцца, шукаць новага - надта марудная і клапатлівая праца. Адсюль выплывае прыхільнасьць да рознага роду аўторытэтаў, пашана да пісаных законаў і констытуцыяў, зацьверджаньне доктрын, ўстаноўленай моралі; паважаньне сваіх і чужых «цьвёрдых» перакананьняў, здольнасьці чалавека пасьвяціць ім сваё жыцьцё, ня гледзячы на тое, ці адпавядаюць яны яго ўнутранаму перакананьню, ці не: ўсё гэта ня робіць клопату ў кожным выпадку думаць, як трэба рабіць, і зьвяртацца да ўласнага сумленьня.

Культура духовага мяшчанства выгадавала дзьве сапраўдныя сілы: моду і дысцыпліну. Мода моцна трымае жыцьцё ў сваёй уладзе: яе дыктатура пачынаецца ад выгляду вопраткі і канчаецца на перакананьнях чалавека. Мода прымушае яго падпарадкавацца яе ўказам, угрунтаваўшыся ў самым сэрцы чалавека. Ён пачынае сароміцца свае вопраткі папярэдняга сэзону, баіцца паказацца адсталым у сваіх перакананьнях: рэлігійных, палітычных, філёзофскіх. Мода стварае псыхоз на кіданьне ў пратэстанства, вяртаньне на старую веру, прымушаючы кожны раз чалавека заставацца ортодоксам. Мода прымушае быць соцыялістым ці роялістым, гледзячы па настрою масы. Працівіцца модзе - небясьпечна, за гэта можна страціць галаву. Толькі адзінкі, вышэйшыя за масы, адважваюцца, ў часы рэвалюцыяў і наагул масавага псыхозу, заставацца самі сабой. Ці ж можна было рызыкаваць пры трэцяй Імпэрыі быць камуністым, а пры камуне - прыхільнікам імпэрыі?

Калі не памагае мода, на сцэну выплывае дысцыпліна. Апошняя павінна бараніць выпрацаваныя адэалы, берагчы істнуючыя падставы жыцьця. Дысцыпліна, вельмі паважаная праз грамадзянства, гэта - здольнасьць пераламаць сябе і маўчаць, прымаючы тое, проці чаго дух пратэстуе, з чым сумленьне не згаджаецца. Дысцыпліна пранікае ўсе куткі жыцьця; яна бывае рэлігійная, грамадзянская, партыйная, моральная, навуковая; ў кожным разе забараняе чалавеку рабіць па яго ўласнаму сумленьню, а толькі па выпрацаванай форме. Гэта - ланцугі, каторымі сьвядома апутаны чалавек, каб ён сядзеў ціха і ня рыпаўся.

Здаваленьне істнуючым і сабой асабліва характэрызуе духовае мяшчанства, адсюль выплывае інэрцыя і непатрэба ў зьмене старога новым. Заўсёды самае імкненьне да такой зьмены разглядаецца як праступак, годны кары. Ад духовага мяшчанства не ратуе ні нацыянальнасьць, ні рэлігія, ні кляса, ні партыя, ні прафэсія.

Як толькі ідэя хаваецца ў драўлянасьць формы, няма ратунку, яна трухлявее, зьнікае. Паглядзеце, што зрабілася з хрысьціянствам і яго кірункамі, калі яно прыняло форму цэрквы. Дух яго зьнік, яго няма ў сучасных мураваных сьвятынях. Дух нацыянальны заўсёды мацнейшы і чысьцейшы ў народаў прыгнечаных. Разам з пачаткам рэалізацыі ўласнай гаспадарсьцьвеннасьці, з яе ўціскам нацыянальны дух прыніжаецца або і зусім гіне (прыклад Расеі, Польшчы).

Здавалася, што соцыялістычны, рэвалюцыйны рух вольны ад духовага мяшчанства. Жыцьцё даводзіць, што - не, што самая рэвалюцыйная ідэя, зрэалізаваная формулай, памірае ў сваёй сутнасьці, траціць сваю жыцьцёвасьць. Прыхільнасьць да пісаных праграмаў, зацьверджаных доктрын і лёзунгаў так моцна навет у рэвалюцыянэраў, што яны зараз жа накідаюць жыцьцю свае формулы і заместа таго, каб яго разьвіваць, мардуюць яго, зачараваныя гукам знаёмых лёзунгаў, ня бачачы, што ў труне формул калісь сьвятыя ідэі змарнелі, сплясьнелі, што час прайшоў і вымагае новай творчасьці.

Духовае мяшчанства было заўсёды, дзе заховаваліся сьвятыя традыцыі, сьвятыя асобы, рэчы і ідэі, прымусовае здавальненьне істнуючым, быццам «ўсе добра, лепей ня трэба», - а ўсе гэта было адвеку. Ў нашы часы такі духовы сьветагляд зрабіўся блізка што агульным. Вольная творчасьць уцякла ў навуковыя кабінэты і студыі, а жыцьцё цалком аддана ў працу формаў для самых формаў. Запраўды, што робяць нашы парлямэнты, ўрады, суды, цэрквы, партыі, як не ўганяюць жыцьцё ў труну формаў? І якім чынам ідзе сама праца? - Характэрным зьявішчам Эўропы зьяўляецца канцэлярыя. Праца яе сьціснута статутамі, інструкцыямі, палажэньнямі, і гэтай жа самай стравай яна трактуе тых, хто да канцэлярыі зьвернецца. Ўціснуць жыцьцё ў формулу - вось яе заданьне. І з гэтым спраўляецца вельмі шчыра. Трэба прызнаць, што ня толькі ўрады ўжываюць канцэлярыю; яе дух прабіваецца туды, дзе павінна была б працаваць творчая сіла: ў перадавыя партыі, профэсыянальныя саюзы, каапэратывы. Дух зьмярцьвеласьці вісіць над усёй грамадзянскай працай.

 

* * *

 

Час пераканацца, што няма формаў унівэрсальных, формаў, абхопліваючых усё жыцьцё і яму адпаведных. Не затрымалася чалавечае сумленьне ні на аднэй форме, цудоўны цяг імкне яго далей, вышэй. Ўпалі ўсе формы, якія хацелі панаваць над чалавекам, бо ня можна з чыстым сумленьнем пасьвячаць ім свае душы. Ляжаць разьбітыя і растрэсканыя каля ног чалавека Малох рэлігіі, гаспадарства, пісанай моралі і яшчэ, і яшчэ.

Ня мёртвыя формы, а сам чалавек - гаспадар свайго жыцьця. Ён творыць усе формы жыцьця, яны залежны ад чалавека, а не чалавек мусіць заставацца пад мёртвай уладай струхлеўшых формаў: рэлігіі, моралі, законаў, агульных зданьняў. Час зразумець, што жыцьцё кіруець формамі, а не наадварот, што сам чалавек, яго вялікая, родная сонечным косам душа, яе натуральныя імкненьні да сьвятла, хараства, праўды - зьмест жыцьця, што ў праўдзівым незалежным жыцьці няма месца ні ідэалам, ні ахвярам.

Трэба памятаць, што жыцьцё цячэ, што душа чалавека не стаіць, што чалавек павінен укладаць сваё жыцьцё так, як яно разьвіваецца і ліецца. Нажаль, гэта - незразумела і нячутна. Гэтае права гвалцяць і над ім зьдзекуюцца ад часоў, калі палалі жывыя вогнішчы Нэрона і сьв. інквізыцыі і да нашых часоў кулямёту і гумовай палкі.

Ў абедзьвюх культурах Эўропы над жыцьцём зьдзекуецца форма: ў аднэй - моноліт, ў другой - рассыпаная ў крышталы. Бальзамаваць жа можна ня жывых, а толькі трупы. Прырода нам даводзіць, што еднасьць формы і сутнасьці - неабходная ўмова жыцьця. Форма павінна быць, без яе жывое ня можа абыйсьціся. Толькі бесканечнае, вечнае ня мае формы. У форме - сутнасьць матар'яльнага жыцьця. А яно ліецца, як рака, зьмяняецца, як косы сонца ў каплях расы. Чалавечая душа - такая ж капелька, іграючая кветкамі косаў. Трэба ж ня сьціскаць, не хаваць футлярамі гэтай ігры, трэба даць поўную магчымасьць зіхацець нялічаным багацьцем фарбаў. Ў гэтым сэнс жыцьця і яго хараство.

Ў прытарнаваньні формаў жыцьця да гэтай зьменнасьці, ліючасьці, ў шуканьні формаў жыцьця элястычных, цякучых, зьменных - зьмест будучыны, зьмест індывідуальнага і соцыяльнага ідэалу.

 

 

ІІІ

 

Творчасьць як жыцьцёвая падстава. - Творчасьць як косьмічная сіла. - Сучасная палітычная чыннасьць не запэўняе соцыяльнай творчасьці. - Незалежніцкае імкненьне. - «Ўсё істнуючае - разумна»... - «Ўсё істнуючае - неразумна»... - «Ўсё істнуючае - творча».

 

Да нашай пары мэтай выхаваньня было навучыць жыцьцю: гэта знача даць чалавеку гатовыя шаблёны, як кіравацца ў тых ці іншых выпадках. Выхаваньне імкнула, каб выпрацаваць у чалавеку пашану да прызнаных праўд, каб імі кіравалася чалавечае сумленьне. Істнавала і істнуе перакананьне, што ёсьць нейкі філёзофскі камень, які памагае на ўсіх шляхох і сьцежках.

І вось што выпрацавалі такія зданьні: таннае самаздаваленьне, духовае мяшчанства, стаячае балота, адсутнасьць творчасьці. Праўда, трудней кожную часіну тварыць, чым ужываць гатовае, лягчэй здаваляцца зацьверджаным прыкладам, чым шукаць адпаведнейшага, але хараство і шчасьце жыцьця якраз залежаць ад таго, ці прытарнаваны да яго, ці адпавядаюць яму формы, ў якія жыцьцё ўкладаецца. Тут ня можа быць нічога гатовага, навучанага, зацьверджанага. Тут не падойдуць старыя шаблёны, бо яны зробяцца толькі гвалтоўнымі, непатрэбнымі і цяжкімі.

Сапраўднай падставай жыцьця можа быць толькі творчасьць. Творчасьць на кожным кроку: у штодзеннай працы, ў сямейных адносінах, ў грамадзянскім руху. Толькі тады жыцьця ня будзе сьціскаць форма і чалавек здаволіць сваё прыроднае імкненьне быць тварцом. Цяпер жыцьцё поўна нядолі, бо мы ня ўмеем быць тварцамі. Мы робім з нашага жыцьця нямілую ні сабе, ні каму іншаму турму, і нярухомы, нятворчы дух пануе ў нашай панурай штодзеннасьці. Нятворчыя рабы, мы лёгка схіляемся прад кожным ідалам-формай. Толькі невялічкая частка людзей хочуць быць сапраўднымі творцамі, ды заказаны ім творчыя шляхі ў абшары грамадзянскай і асабістай штодзеннасьці, і ўся іх творчая энэргія кіруецца ў вольныя даліны мастацтва і навукі.

Сапраўды, што такое - мастацтва? Гэта, перш-на-перш, тварэньне чыстай формы, безканечнае, невычарпанае тварэньне. Чым вышэй мастацтва, тым ясьней у ім самастойнае шуканьне і стварэньне формы. Зьмест усё болей адрываецца ад жыцьця, абасабляецца. Літэратура пераходзіць у музыку, малярства, ў скульптуру; і ў музыцы гук пачынае жыць самастойным жыцьцём; нас цікавіць гармонія гукаў у тэй форме, якую яны прымаюць у музычным творы. Ў скульптуры асобную значнасьць мае цела, маса, каторая пад рукой мастака пачынае жыць уласнай гармоніяй, якой няма ў сапраўдным жыцьці.

Праўда, такой гармоніі паміж зьместам і формай у жыцьці няма, і мастацтва нам дае толькі прыклад таго творчага жыцьця, якое павінны тварыць і людзі.

Што мы далей бачым у мастацтве? Ці яно калі-небудзь здаволена, ці мастак калі-небудзь схінае галаву перад споўненым творам, ці пакланяецца ён створанай форме? - Не!..

Твор скончаны, душа выявілася... і далей, далей бязупынна, бяз устанку. Для мастака няма такога, самаздаваленьня. Калі душа вылілася ў адным абразе, яна ўжо перарастае яго, шукае ў глыбіні свае сонечнае істоты яшчэ глыбейшага, яшчэ адпаведнейшага сваёй нутранай праўдзе. Дзеля гэтага мастацтва ня мае свайго канону, ня мае зацьверджаных шляхоў, абразкоў. Калі мастацтва ўступае на гэты шлях, яно гіне: так было з усімі прыкладамі мастацкага акадэмізму. Апошні, як прызнаньне азначаных шляхоў мастацтва і нейкіх абавязкавых абразкоў, душыць вольны творчы дух, і, ня творачы нічога новага, нарэшце, гіне ўва ўласным соку.

Вось як рашае пытаньне аб цякучасьці жывой чалавечай душы і прытарнаваньні да яе формы вышэйшая чалавечая парода, найболей сумленная парода творцаў: бязустаннай творчасьцю, адсутнасьцю самаздаваленьня, вечным шуканьнем, вечным імкненьнем далей, у глыбіню жыцьця.

Вось і мы ў нашым штодзенным жыцьці павінны стаць такімі тварцамі. Зьдзейсьнілі адну форму жыцьця, а ўжо ў глыбіні душы хаваецца новае; яшчэ смутнае і нявыразнае, а ўжо нездаваленьне, што дрэнна і тое й гэтае. Ня глушэце такога нездаваленьня і сапраўды ня «ўсё істнуючае - разумна», верце голасу вашага сумленьня, жаданьню зьмяніць, палепшыць жыцьцё. Разумней паляпшаць паступова, кожны дзень, слухаючы голасу сумленьня, чым у гаротныя часы рэвалюцыяў ня быць ў сілах стрымліваць голасу помсты і крыўды.

Хай ня будзе для чалавека нічога нярухомага, сьвятога: ні дактрын, хаваючых усё жыцьцё ў труну выразнай формы, ні зацьверджанай моралі на кожны дзень і гадзіну, на кожнае ўздыханьне. Хай ня будзе строгіх дырэктываў, падстава якіх незразумела і далёка пачуцьцю. Хай ня будзе «чалавекаў у футлярах», прыбраных золатам, з важнымі мінамі і пустых у сярэдзіне, як тыя «гробы павапленыя». Бо ўсё гэта затрымлівае жыцьцё, пазбаўляе яго творчасьці. Хай гучыць у сэрцы кожнага старое, як сьвет, і, як ён, праўдзівае:

«Ўсё рушыцца, ўсё цячэ, нельга два разы плёхнуцца ў адну раку».

 

* * *

 

Душа чалавечая, што прыходзіць у сьвет падзівіцца з яго хараства, што прыходзіць адзін раз у сьвет, ні да каго не падобная і адзіная на сваім шляху і назаўсёды выходзіць з матар'яльнага жыцьця, такая душа чалавечая павінна чуць сваё права жыць і тварыць, як кажа яе сумленьне. Ніхто іншы ня створыць душы, не заменіць ніводнага дня, ніводнай часіны яе самастойнага, самацэннага жыцьця. Чалавечая душа, што прышла ў сьвет адбіць радасьць ігры жыцьцявых косаў, напаіцца іх цяплом і ласкай, павінна разьвярнуць усю моц свае творчасьці, каб зьліцца ў творчым тэмпе сусьветнага дыханьня, сусьветнай гармоніі, прысутнасьць якой адчувалі зорныя душы піфагарэйцаў, каб потым у жыцьцявым стамленьні схіліцца ўзноў на ўлоньне вялікай Маткі-Матэрыі, Маткі-нявыразнасьці, Маткі-непачатасьці, поўнай сілы і моцы, поўнай смутку і нераджонага жыцьця.

Матка-Матэрыя - падстава ўсяго істнуючага. Ў ёй зьліты ўсе сілы: варожыя і кахаючыя, творчыя і руйнуючыя, але сама яна - нявыразнасьць, незразумеласьць - толькі магчымасьць тварыць, а не самая творчасьць. Яна - аснова жыцьця... Як старавечны бог Ксенафана - камяк гразі, дзе зьмешаны вада і зямля, паветра і агонь - ў нявыразнасьці, толькі ў магчымасьці і жаданьні радзіцца, стварыцца. Поўна Яна смутку, поўна галасоў неясных, быццам шапаценьне нераспушчанага лісьця, лепету нерадзіўшыхся дзяцей і зьвяркоў: быццам сокі жыцьця бродзяць, шукаючы сьвету, чакаючы свайго нараджэньня.

Вось адхіляецца прадвечны туман, быццам хмары нараджаюцца, быццам тоненькія цуркі цягнуцца ўвыш, угару... родзіцца першы нагад на жыцьцё: падзяляецца сьвет і нявыразнасьць змроку.., але яшчэ няма самага жыцьця, няма творчасьці. А калі зазіхаціць першая маланка, шырокай бліскучай істужкай, злучаючы высокія, быццам пазбаўленыя цяжкасьці, хмары і цёмнае, чорнае, нявыразнае ўлоньне Маці-Матэрыі, загрымяць грамніцы, патрасаючы выразным грукатам прадвечную безгалоснасьць, - гэта прачхнуўся, вышаўшы з лана Маці, адвечны Купала, гэта яго павіншаваньне сваёй матцы, гэта першая ласка сваёй жонцы. І ў стамленьні завеяўшага цяпла, дажджу і сьвету пруць узвыш яшчэ ў зыбаньні дажыцьцявога туману першыя расьціны, каторым жыцьцё дае Матка-Матэрыя і благаслаўляе прыгожай формай і хараством Бацька-Купала, жыватворны дух, жыватворная форма... Вось адвечная гармонія паміж нявыразнасьцю-матэрыяй, істотай усяго жывога, з творчым духам, каторы дае ўсяму жывому форму.

І мы - з лана Маткі-Матэрыі з вечным творчым духам агнявога Купалы прыходзім у сьвет, каб тварыць формы, каб з мацярынскай нявыразнасьці стварыць нешта «па свайму образу і падобію», па образу нашай праменнай душы. Хай жа тое, што мы творым, ня робіцца нашымі багамі, бо мы яго творым, а не яно нас.

 

* * *

 

Калі асобная адзінка можа знайсьці свой індывідуальны ратунак у мастацкай або навуковай творчасьці, дык у сфэры соцыяльнай справа стаіць не так проста. Соцыяльная творчасьць затрымліваецца і робіцца блізка што немагчымай з дзьвёх прычын: першае, што некаторымі соцыяльнымі формамі карыстаюцца валадаючыя клясы і штучна затрымліваюць іх разьвіцьцё, а другое, што ўмовы соцыяльнай творчасьці вымагаюць болей спрыяючых абставін, чымся для творчасьці індывідуальнай. Нельга зразумець такой магчымасьці, каб учарайшы раб зрабіўся незалежным гаспадаром свайго жыцьця, каб учарайшыя падмятальшчыкі вуліц апыніліся вольнымі мастакамі. Дужа цяжка выхаваць у кожнай адзінцы імкненьне да агульнай творчасьці, зразуменьне неабходнасьці ісьці наперад, а не здаваляцца істнуючым.

Дзеля гэтага да нашых часоў соцыяльная творчасьць масаў ідзе не бязупынна, а скокамі. Творчасьць масаў павінна перамагчы інэрцыю зацікаўленых клясаў, і заўсёды толькі праз пераварот і рэвалюцыю масы ідуць да соцыяльнай творчасьці. Такі шлях - ненормальны, негарманічны і неэканомны ў страце чалавечай сілы. Масы павінны мець сталую магчымасьць творчасьці, але ў сучаснасьці такой магчымасьці нельга дасягнуць. Блізкая мінуўшчына вучыць нас, што адных рэвалюцыяў яшчэ далёка недаволі. Запэўніць творчасьць соцыяльную можа толькі творчая адзінка, маса творчых асоб. Творчасьць масаў грунтуецца на творчасьці адзінак. Прыклад Расеі кажа нам, што рэвалюцыя бяз індывідуальнае творчасьці - толькі вялікая смута бяз конца і прасьвету.

Выходзіць нейкі зачарованы круг: для соцыяльнай творчасьці павінна быць творчая адзінка, але ўзгадаваньне гэтай адзінкі ў значнай частцы залежыць ад разьвіцьця соцыяльнай творчасьці.

Нажаль, ўсё тое, што цяпер робіцца ў грамадзянскім жыцьці, якое мае свой найбольш інтэнсіўны выраз у палітычнай працы, вельмі далёка ад дасягненьня соцыяльнай творчасьці, ад узгадаваньня творчай адзінкі. Сучаснае грамадзянства, разьбітае на клясы, хоча зьдзейсьніць свой соцыяльны ідэал палітычным шляхам, г.зн. захапіўшы ў свае рукі ўладу, або маючы на яе значны ўплыў. Грунтуючыся на нейкай клясе, кожная партыя мусіць правадзіць думкі, карысныя для гэтае клясы. Партыя заўсёды кажа аб «рэальнай палітыцы», аб тым, што ў палітыцы няма сэнтыментаў, кажа аб канечнасьці «заднаважаньня» інтарэсаў па іх сапраўднай грамадзянскай вазе. Гэта знача, што справа заўсёды канчаецца тым, што чыя «вага» - большая, ў каго матар'яльная сіла - вялікшая, той усім і круціць. Праўда, кожная партыя мае харошую праграму, якая пачынаецца словамі аб дабры ўсяго народу, дзе спамінаецца аб лепшых чалавечых ідэалах, але аб істоце харошых слоў трэба разважаць па дзеле.

Напрыклад, Беларусі прышлося практычна пазнаёміцца з рознымі палітычнымі ўплывамі. Што ж можна сказаць аб партыях дэмакратычных? Перш-на-перш, неадпаведнасьць харошых слоў і дзела, ў каторай выяўляецца клясавая прагавітасьць і ўсё душачае, гвалцячае, сьціскаючае ў сваіх ланцугох духовае мяшчанства, аб якім казалі вышэй. Направер, калі выяўляюцца вынікі «рэальнай палітыкі», дык з-пад штандару з харошымі словамі «вольныя з вольнымі, роўныя з роўнымі» выглядае прагавіты твар шляхціца. І гэта зразумела, бо пры палітыцы рэальнай і дэмакратычнай, якая ня хоча лавіць жураўлёў ў небе, заўсёды ідзе аб скурных клясавых інтарэсах, аб скарыстаньні абавязкавага, прымусовага стану рэчаў у гаспадарстве. Тут нельга думаць аб магчымасьці соцыяльнай творчасьці.

Няздольнасьць соцыяльнай працы ў палітычнай форме датычыцца ўсіх партыяў, стоячых на клясавым грунце. Карысна-клясавая ад'знака характарызуе ня толькі буржуазна-дэмакратычныя партыі, але й соцыялістычныя. Прызнаць палітычную няздольнасьць соцыялізму тым горай, што да апошніх часоў соцыялізм быў адзінаю касулькаю, адзінай надзеяй на магчымасьць лепшай будучыны. Соцыялістычныя мучанікі сваёй крывёй, сваім бязрадасным, ахвярным жыцьцём без сьвятла і асабістага шчасьця рабілі, здавалася, фундамэнт сонечнай будучыны. Пачаткавы соцыялізм Р.Оўэна, Ш.Фур'е, С.-Сімона, які звалі ўтопічным, вязаў духовыя сувязі са ўсімі лепшымі барцамі за чалавецтва - першымі хрысьціянамі, гуманістымі... На іх штандартах стаяла: шчасьце ўсіх, шчасьце адзінкі. Так яшчэ Піліп Фор у ноч перад лютавым паўстаньнем парыскага пролетарыяту (1848 г.), ня ведаючы аб дактрыне Маркса, што шлях соцыялізму ідзе праз захапленьне палітычнай улады соцыялістычным пролетарыятам, але чуючы моцна сваю сувязь з тым Першым, што апавясьціў ўваскрасеньне праменнай чалавечай душы над цемраю і сьмерцю жыцьця, пісаў так: «Божа, даруй нам тое, што мы ня можам ісьці па Твайму шляху мучаніцтва, а станем заўтра на крывавую барацьбу».

І шмат паўстаўшых сталі сапраўднымі мучанікамі. На крывавым шляху соцыялістычнага мучаніцтва лятуцелі не аб захапленьні ўлады, не аб дыктатуры штыха і кулямёта, а аб звальненьні чалавечага духу, аб праменнасьці жыцьця для ўсіх зьняважаных і пакрыўджаных.

Так было да тэй пары, пакуль соцыялістыя не пашлі на палітычную працу ў буржуазным, клясавым гаспадарстве. Пачынаючы ад Маркса, згасьлі вялікія жаданьні і лятункі аб вольным чалавеку. Заместа «утопіяў» высунулася «навучная» ідэя захапленьня палітычнага апарату, каб сілком вясьці масы ў соцыялістычны рай. Натхнёнасьць соцыялізму зьнікла, замянілася пустой, буржуазнага характару, крыважорнай дактрынаю: Маркс спусьціў соцыялізм з «утапічнага неба» ўроўнь звычайнай дэмакратычнай партыі, якая марыць аб захапленьні ўлады, зьмяніўшы сьвятую справу чалавечага вызваленьня на дасягненьне клясавай перамогі. Праўда, трэба ўзяць пад увагу, што тут ідзе аб клясе прыгнечанай, абрабаванай; але кожны, хто ведае сучасныя адносіны, павінен прызнаць, што з учарайшага раба выходзіць найлепшы рабаўладца. Знача, справа ня ў тым, хто будзе каваць кайданы, а хто будзе насіць іх, справа ў тым, каб зусім спыніць няволю. Марксістыя адкажуць, што ў ідэале захапленьня ўлады і дыктатуры ёсьць адсутнасьць прыгнечаных, бо ўладаром павінны быць усе прыгнечаныя, усе працуючыя. Направер выходзіць ня так. Як толькі выяўляецца элемэнт улады, яна заўсёды застанецца ў руках невялікай групы: такая ўжо істота ўлады. Марксізм лічыць магчымым даць уладу толькі пролетарыяту, ну, а сялянства павінна цярпець яго, хоць і «працоўную», дыктатуру. Знача, ўжо рабы і ўладары ёсьць; і прыклад камуністычнага досьледу Расеі сьведчыць, што працоўныя ўладары могуць быць вельмі жорсткія і несправядлівыя да сваіх працуючых рабоў.

Сур'ёзна казаць аб розьніцы паміж соцыялізмам і камунізмам, ведама, ня можна, бо ў іх адзін слуп - марксізм і дактрына захапленьня ўлады. Тое, што робяць маскоўскія камуністыя, ў належачых абставінах паўтарылі б і варшаўскія соцыялістыя. Розьніца толькі ў тым, што соцыялістыя - болей практычныя рэалістыя, а камуністыя-романтыкі не бяз дзіцячай самапеўнасьці. Але як адзін, так і другі кірунак жадае зьдзейсьніць дыктатуру пролетарыяту, абмінаючы другія бязумоўна працоўныя клясы, бо аб апошніх марксізм заўсёды кажа з вялікім тактычным рэвэрансам.

Ёсьць яшчэ грамадзкія кірункі, якія завуць сябе соцыялістымі, але з марксізмам супольнага маюць або мала, або воража да яго настроены. Гэта тыя, што прызналі спадчыну «утопічнага» соцыялізму: на захадзе - хрысьціянскія соцыялістыя, на ўсходзе - народнікі (палітычны іх выраз - эс-эры). Беларускія рэвалюцыённыя соцыялістыя (быўшыя с.-р.), маючыя свае карані ў народніцтве, моцна адхіліліся ў бок марксізму. Што гэта - наплывовае, ці істотнае - таксама будучыня. Гэтыя кірункі соцыялізму болей чулыя да справы агульначалавечага адраджэньня, «вераць у неабходнасьць» творчай чалавечай адзінкі, меней апіраюцца на клясавы грунт, але практычна, як кожная сэкта, былі абхоплены духовым мяшчанствам, застылі ў пакланеньні дактрынам і аўторытэтам і меней дасягнулі, чымся іх спрытныя колегі. Але трэба прызнаць, што гэты немарксіцкі соцыялізм мае жывыя карані ў грунце жыцьця і зьмярцвеў толькі з-за свайго сэктантства, вузкасьці, духовага мяшчанства, каторае пашкодзіла яму выйсьці на шырокі шлях.

Так ня здолелі актыўныя палітычныя партыі разьвязаць справу вольнай творчай асобы і соцыяльнай творчасьці, бо ў ідэале кожнай быў ланцуг, прымус, дыктатура, як для іншых, так і на саміх сябе. Сучасныя партыйна-клясавыя групы і ўрады, што апіраюцца на такія групы, скончылі поўным банкруцтвам. Сваймі сіламі, ня грунтуючыся на ўсёй грамадзянскай працоўнай масе, а толькі баючыся і асьцярагаючыся яе, яны ня здолелі зьдзейсьніць тых лёзунгаў, якія так шчодра абяцалі сваім народам. Ўсе дэмакратычныя вольнасьці здратованы дэмакратычнымі ўрадамі, соцыялістычны ідэал зусім далёкі ад зьдзейсьненьня ўрадамі, якія завуць сябе соцыялістычнымі. Ніхто з сучасных сьвядомых грамадзян, калі ён не адтрымлівае значнай урадавай падмогі, шчыра ня пойдзе бараніць афіцыяльных перакананьняў, ніхто ня пойдзе паміраць за гукі дэмакратычнай марсэльезы ці соцыялістычнага інтэрнацыяналу. Так тыя, што пачыналі шумлівай палітычнай бутафорыяй, вывярнулі шубу шэрсьцю ўверх. Іх сучасная, гінучая сіла апіраецца пакуль на народнай цемнаце і несьвядомасьці, на прыхільнасьці да гучных незразумелых формул-заклінаньняў.

 

* * *

 

Ў апошнія гады беларусы практычна пазнаёміліся амаль што з усімі кірункамі палітычнай думкі, і хто-б да нас ні прыходзіў, ніхто не папытаў наш працоўны, сялянскі народ, ці таго ён хоча; ніхто не зацікавіўся, а як жа ён надумаў пабудаваць сваё жыцьцё. Навет магчымасьці голасна гаварыць, ці тарнуецца тое, што нам прапануюць няпрошаныя госьці, ня было дано беларускаму народу. Лёзунгі захацелі жыць і даводзілі сваю жыцьцёвасьць сілай пагрозы расстрэлу, катаваньнем гумовай палкай, зьдзекам над кожнай праявай сьвядомых адносін да свайго зьместу. Толькі засьценкі Ўсходу і Захаду могуць пасьведчыць, колькі чалавечых ахвяр прынясла Беларусь за самае маленькае імкненьне быць сама сабой. Трудна ў такіх абставінах казаць аб соцыяльнай творчасьці, калі да нас прыходзілі з гатовымі формуламі і прымушалі супакоіцца на такім пракруставым ложы. Казаць аб соцыяльнай творчасьці ў нашым становішчы, гэта - казаць няпрыстойныя анэкдоты ў доме мерцьвяка.

А жыцьцё цячэ. Можна з пеўнасьцю сьцьвердзіць, што ўжо ўсё тое, з чым прышлі да народу нечаканыя апякуны, ўсё гэта ўжо спарахнела і зусім нягожа да жывога. Бо галоўнай умовы грамадзянскага жыцьця - магчымасьці тварыць - мы ня маем.

Перажытае і тыя акалічнасьці, якія мы наглядаем навакол сябе, кажуць нам, што запеўніць магчымасьць грамадзянскай творчасьці мы можам толькі ў разе адсутнасьці перш-на-перш чужынскага прымусу. З гэтага выплывае падстава да неабходнасьці палітычнай незалежнасьці як першая падстава для народу быць самім сабой. Ў гэтым кірунку пачала працаваць беларуская палітычная думка. Але трэба ад'значыць, што дамаганьню незалежнасьці як падставе грамадзкай творчасьці гэтай творчасьці і не хапала. Трэба прызнацца, што справа незалежнасьці толькі ў першыя часы свае неазначанасьці мела свой праўдзівы, шчыры характар, за што той пэрыяд (ураду А.Луцкевіча) і можна назваць «утопічным», романтычным. Калі ж справа незалежнасьці скіравалася на практычны шлях сучаснай палітычнай працы, яна апынулася ў шпонах палітычнага прымусу, палітычна-клясавай зацікаўленасьці і ад сучаснай палітыкі мала чаго можа чакаць народ, быццам ён выкарыстае яе для свае народнае творчасьці.

Як жа стаіць справа ў жыцьці? Першы беларускі Ўрад, што стаяў на грунце прыцыповай незалежнасьці, не дасягнуў ніякіх практычных вынікаў. Першымі спробамі «рэальнай» палітыкі былі спробы яго наступнікаў. Так, знамянітая «Найвышэйшая Рада», або «Дырэкторыя», хацела згаварыцца са шляхоцкім урадам Пілсудскага, і, пеўна, стоячы на грунце незалежнасьці, Дырэкторыя была фактычна блізка ад здаваленьня культурна-нацыянальнай аўтаноміяй, аб чым сьведчыць прамова ў Польскім Сойме прэм'ера Скульскага. Гэты кірунак як мала жыцьцёвы практычна адкінуты.

Ў ліпні 20 г. групка фэдэралістычна настроенай беларускай інтэлігэнцыі прызнала «беларускі савецкі ўрад»: савецкую Беларусь за магчымасьць легальнай працы. І гэтая спроба рассыпалася, не пакінуўшы навет ніякіх сьлядоў.

Цяпер найболей рэальным шляхам здаецца ўмова с.-р.-аўскага ўраду з ліцьвінамі. Але і тут толькі сьляпы ня ўбачыць, што палітыка міністэрства па беларускім справам у Ліцьве сьведчыць аб тым, што ліцьвіны маюць уласныя зданьні, непадобныя да зданьняў саміх беларусаў. (Тут маюцца на ўвазе Летува і летувісы. - заўвага Internet-рэдактара)

На гэтых кароткіх увагах хацелася затрымацца, каб паказаць, што ў сучасных умовах так далёка нам яшчэ да запеўненьня грамадзянскай творчасьці шляхам аднэй палітычнай працы. Ясна, што пад чужацкім панаваньнем мы, як і іншыя здаровыя народы, ахвярованы на паўстаньне, або на дэгэнэрацыю. Але і сучасная палітычная дзейнасьць у кірунку незалежнасьці, падгрунтованая на захапленьні ўлады палітычна-клясавымі органамі, мала можа здаволіць сумленнага чалавека. Яна не дасягне ўсё роўна забесьпячэньня грамадзкае самадзейнасьці і можа выклікаць новую роспач і нездаваленьне.

Нашы прарокі-песьняры, мусіць, марылі аб сапраўдна вольным жыцьці ў сваіх несьмяротных абразох:

 

«І будзе ўнукаў панаваньне

Там, дзе сягоньня плача дзед» (Я.Купала),

 

аб праўдзівай незалежнасьці, вольнасьці духу:

 

«Прыйдзе к нам воля святая, чаканая» (А.Гарун),

 

бо гэтыя пранікнёныя словы ня могуць адносіцца да куртатай палітычнай незалежнасьці пад ласкай сымпатычных суседзяў ці навет да незалежнасьці гаспадарсьцьвеннай з абавязковай дыктатурай якой-небудзь кіруючай клясы. Бо для нас, грамадзян-беларусаў, ўсё роўна, хто паложыць на наш стол свой капыт у лякерках, ці свой шляхціц-пан, ці соцыялістычны таварыш, ці запанелы мужык, - ня ў гэтым знойдзе свой выраз «воля сьвятая, чаканая»... Не аб гэтым лятуцелі вяшчуны.

І вось калі чалавек даволі малады сэрцам, каб мець надзею, што з жыцьця можна зрабіць нешта цікавае і каштоўнае, затрымаецца думкай над сучасным жыцьцём, дык спачатку яму пачне здавацца, што выхаду няма, што сьветлае і праменнае - толькі мана, а направер усё апыняецца пылам і гразьзю. Запраўды, дзе ж той сьветагляд актыўных людзей, шчыра кахаючых працоўны народ, для якіх яго доля - іх доля, дзе ж такі сьветагляд, каб ён здаволіў сумленнага чалавека?

Ўсе істнуючыя пагляды на жыцьцё можна груба і прыблізна падзяліць на два станы: адны кажуць - ўсё істнуючае - разумна, другія ж - неразумна. Хай выбачыць нам Гэгэль, што мы яго формулу скарыстаем у тым сэнсе, як яе ўжывае грамадзянства, а ня ў такім, які ўлажыў у яе вялікі філёзоф.

Прыхільнікі таго, што «ўсё істнуючае - разумна», не становяць якой-небудзь выразнай групы, тут мы знойдзем думкі і кірункі, належачыя да розных чалавечых груп. Найболей выразны прадстаўнік гэтага кірунку - офіцыяльнае хрысьціянства, як яго тлумачыць духавенства. «Любі бліжняга і ня рыпайся, бо нічога ня зробіш... Ніводзін волас не спадзе з твае галавы па тваёй волі... Калі бачыш несправядлівасьць, гэта ад Бога, так павінна быць... Паважай начальнікаў, ня лай багатых, бо нічога не паможа»... Быццам так запаведаў Той, быццам такі гнілы спакой запаведаў Той, хто казаў: «Ня мір прынёс Я вам, а меч». Быццам Той казаў паважаць бязумоўна старэйшых, Хто, блішчучы вачыма, мятаў на іх громы і самую крыўдную лаянку: «Ліцамеры, зьмеі, параджэньні ехідніны... вар'яты і сьляпыя... хай упадзе на вас уся кроў праведная, якую вы пралілі... вось застаўляецца дом ваш пуст»... і гразіў ім вечным агнём і скрыгатаньнем зубоў і праклёнам, як на няплодную смакоўніцу.

«На маісеявым сядалішчы селі кніжнікі і фарысеі», гэта ж літаральна адносіцца да сучасных прапаведнікаў афіцыяльнага хрысьціянства, каторыя забыліся аб тым, што «і Айцом нікога не завеце, бо адзін у вас Айцец на небе, і настаўнікамі не завецеся, бо адзін настаўнік - Хрыстос». Сучасныя айцы і настаўнікі высмакталі з пальца тое, чаму вучаць народ, і істота вялікага, несьмяротнага вучэньня ў іх вуснах пажоўкла, ссохла, страціла жывы дух. Хрыстос казаў, што мы - сыны Божыя, нам кажуць, што мы дзеці нячысьціка. Ён казаў, што мы павінны рабіць волю Айца нашага нябеснага, сучасныя айцы і настаўнікі, што - іхнюю, бо вольны, творчы дух не ад Бога, а ад нячысьціка. Так адмаўляецца творчасьць, імкненьне да сьвятлейшага, а жыцьцё ўганяецца ў форму выгляднай набожнасьці.

А вось з другога канца вучэньне аб разумнасьці істнуючага. «Ўсе факты грамадзкага жыцьця знаходзяцца ў залежнасьці ад «гістарычнай неабходнасьці». Тое, што ёсьць, мае сваю гістарычную падставу - такая істота погляду на жыцьцё як рэформа-соцыялістых, якіх камуністыя завуць соцыяль-здрайцамі, так і кожнага, хто хацеў нешта стварыць з жыцьця і спасаваў перад ім. Мы бачылі праменнасьць пахаджэньня самага соцыялізму, а рэфармістыя кажуць: «вось гэтыя зьявішчы жыцьця - гістарычныя, неабходныя, знача і соцыялісты навет іх павінен прыняць...» Бараніць бацькаўшчыну трэба - знача, трэба войска. Трэба войска - патрэбны вайсковыя крэдыты. Вайна вымагае тайны, знача, гэтыя крэдыты не падлягаюць народнаму кантролю. Так рэфармістыя адмаўляюцца патроху ад усіх жаданьняў соцыялізму, трацячы сэнс свайго істнаваньня.

Вынік з гэтага той, што разам з разумным пачынае істнаваць і неразумнае, і калі жыцьцё прынята цалком, дык трэба прымаць усе яго бакі. І вось, калі вы сустракаеце чалавека, які згаджаецца з асновай істнуючага (проці дэталяў ён можа рабіць опозыцыю), дык робіцца ясным, што творчае і жывое ў ім памерла, што ён здольны толькі на маленькае, што яму не дасягнуць агульнага і вечнага.

Ёсьць другі тып сьветагляду: «ўсё істнуючае - неразумна». Тады нехапаючая папярэдняму тыпу актуальнасьць у грунтоўным перабудаваньні жыцьця кідаецца ў другую скрайнасьць. «Так далей жыць нельга», - любімы выраз Бакуніна, і бакунізм зьяўляецца найболей ясным прыкладам гэтага ультра-актыўнага сьветагляду.

 

«...мы стары сьвет зруйнуем

Да аснаваньня... А затым

Мы наш, мы новы сьвет збудуем.

Хто быў нічым, той будзе ўсім», -

 

так пяюць сучасныя актывістыя - прыхільнікі ІІІ Інтэрнацыяналу. Іх досьлед зроблены. Ад старой Расеі не засталося і каменя на камені. Грунт жыцьця стаў новым, але чаму ж у дэталях жыцьцё так прыкра падобна да старога? Чаму трудавая павіннасьць падобна да паншчыны, сучасныя адміністратары да старых гараднічых, чаму адкрыта кажуць: «Не абманеш - не паедзеш», чаму ў працоўнай рэспубліцы ніхто літаральна ня мае магчымасьці жыць з уласнай працы, а павінен шукаць непрацоўнага заробку: ў спэкуляцыі, хабарніцтве і іншым, што забаронена законамі? Чаму гэта дэталі жыцьця так зьдзекуюцца з яго, калі зьменена самая аснова? Ёсьць і ў сучасных камуністых свайго гатунку рэфармістыя і хрысьціянскія моралістыя, якія кажуць, што наагул усё добра, а перашкаджаюць толькі «маленькие недостатки механизма», што вінавата ня зьмена асновы, а гэтыя самыя дэталі: тут маем ужо справу з вечнай праявай духовага мяшчанства.

Справа ж, пеўне, толькі ў тым, што на зьмененым грунце жыцьця людзём не хапае творчай здольнасьці, каб вытварыць адносна да новага грунту і ўсе дэталі. Не хапае творчай энергіі, і мімаволі драбніцы вяртаюцца да старога, абяртаючы жыцьцё ў дрэнную карыкатуру, на новае віно ў старым мяху, або труп, убраны ў балёвую вопратку.

Гэтага страшнага выгляду спужаліся найбольш сумленныя камуністыя. Пасьля актыўнага выступленьня нямецкай камуністычнай партыі ў марцы сёл.г., творчасьць якое вызначылася ў сотнях сьмерцяў, узрывах, псаваньні дарог і інш., іх быўшы правадыр Леві адхіліўся ад іх, пачаўшы голасна маракаваць:

«Таварышы, што вы робіце?.. вы, што кажаце аб долі і волі работнікаў - чаму кідаеце іх на сьмерць, голад і нядолю?». Так кліча і кожны шчыры прыхільнік працоўных масаў. «Сама» Кляра Цэткін зрабіла прапазыцыю аб зьмене партыйнай тактыкі, якая больш падобна да бакунізму, чымся камунізму...

Абодва погляды на жыцьцё, як «ўсё істнуючае - разумна», так і праціўны, маюць у сабе частку праўды. Першыя кажуць аб магчымасьці зьмены цэлага і патрэбы працаваць над дэталямі. Тут ёсьць рацыя, бо чалавек павінен тварыць жыцьцё цалком і ў вялікім і ў малым. А патрэба тварыць вялікае вечнае, што здаецца немагчымым першаму сьветагляду, падчыркнена другім кірункам. Чалавек павінен тварыць вялікае, ён чуе, што ён - сын Божы, што ён - частка Бога, што ён павінен тварыць волю Айца свайго.

Так абодва кірункі зьліваюцца ў адзін «усё істнуючае - творча», гэта знача, вымагае творчасьці, працы, а што істнуючага няма ні разумнага, ні неразумнага. Пакуль яно істнуе, як-бы стаіць, патуль яно неразумна і вымагае творчасьці; цераз творчасьць яно імкне да разумнага, але па сваім зьдзейсненьні зараз жа робіцца неразумным, г.зн. вымагае новае творчасьці. Ў жывым няма ні разумнага, ні неразумнага, гэта - катэгорыі няжывога. Жыцьцё вечна імкне, ліецца, цячэ. Вечны творчы працэс ад неразумнага да разумнага і ніколішняе недасягненьне да апошняга - вось істота жыцьцёвага працэсу.

 

 

ІV

 

Гістарычныя шуканьні няпрымусовых формаў соцыяльнага аб'яднаньня. - Сучасная каапэрацыя як узор няпрымусовага злучэньня. - Адвечны шлях.

 

Няхай сучасная палітычна-грамадзянская дзейнасьць - банкрут, няхай найбольш пашыраныя сьветагляды не развязваюць найбольш канечных жыцьцёвых пытаньняў, а выхад ёсьць, быў адвеку, мігаціць адвечны веснавы прасьвет: ён у сталай творчасьці бязупыннай, бязустаннай. Ні прымусовае гаспадарства, ні сучасныя палітычныя партыі, пачынаючы ад чырвона-соцыялістычных і канчаючы чорна-клерыкальнымі, якія лятуцяць аб захапленьні ўлады і аб бязьлітаснай дыктатуры, ня выхаваюць творчага чалавека. Будучына іх - духовая сьмерць.

Неабходна стварэньне новых соцыяльных аб'яднаньняў, ў якіх гарманізавалася б магчымасьць істнаваньня вольнай незалежнай адзінкі асобы і плоднай соцыяльнай паступовай працы, не затрыманай прагавітым эгоізмам адзінкі. Незалежная творчая адзінка ў творчым, няўзьдзержным адзіначным эгоізмам хаўрусе - ідэал будучыны. Ён быў часткай зьдзейсьнены ў прошласьці, ў малой долі ёсьць і цяпер.

Самыя пачаткавыя людзкія грамадкі былі пабудованы на падставе прымусу. І пачаткавы радавы камунізм і сямейныя колектывы, на якія распалася радавая камуна, былі пабудованы на абавязковай прыналежнасьці кожнага сябра да свайго роду або сямьі. У нутраных адносінах панавала старое абычаёвае права ды воля старшага як бязумоўная ўлада. Трудна было шукаючай адзінцы здаволіцца такімі абставінамі. Яна рвалася на волю, але там чакалі яе дзікія зьвяры, голад, небясьпечнасьць; у грамадзе - прымус, неадпаведная жаданьням праца, зьдзек дужэйшых над слабымі. І вось яднаюцца грамадкі нездавольненых і адыходзяць ад роднага карэньня. Прадгістарычныя часы і ранейшая гісторыя славянаў ведае бяз ліку гэткія грамадкі-аб'яднаньні, каторыя шукаюць новага жыцьця, новае долі. Беларускія сябрыны, паўночна-славянскія ватагі, чорнагорскія ўдружэньні, чэскія задругі то на лёгкіх чаўнох па рэках і морах, то сухім шляхам ідуць на новыя месцы, займаюцца промысламі, творачы сабе жыцьцё, якое ім здаецца лепшым. Калі сябру што не падабаецца, ён вольны пакінуць сябрыну, адыйсьці; калі ўсе нездаволены, сябрына распадаецца і сябры ідуць шукаць лепшай долі. Такім крокам ідзе славянская колёнізацыя, пакуль цяжкая рука земскай ўлады не накладае ярмо на новыя колёніі і не аплятае іх прымусам гаспадарсьцьвеннасьці.

Да позьняга веку затрымалася адна такая грамада, якая давала магчымасьць дыхаць іншым паветрам украінскім і беларускім сялянам. Гэта - Запарожская Сеча. Адсутнасьць прымусу да сваіх сяброў была галоўнаю яе ад'знакаю: прыходзіў, хто хацеў і адыходзіў, калі яму падабалася. Сеча з аружжам у руках бараніла чалавечае права на волю і незалежнасьць, але ніколі ня была разбойным гняздом гультаёў і зладзеяў, як яе хочуць выставіць шляхоцкія гісторыкі. Запарожцы жылі працай, займаліся гандлем, езьдзілі чумакаваць па соль у Крым, займаліся рыбным і зьверавым промыслам, некаторыя навет працавалі на ральлі ў сваіх хутарох. Але пацяг да вольнага, бяспрымусовага істнаваньня гнаў іх зноў і з правага і з левага берагу Дняпра ў незаўсёды сытую і добра ўбраную Сечу, каб тут даць волю сваім індывідуальным жаданьням, хоць і былі яны вельмі простыя і здаваляліся гульнёй, добрым таварыствам і першабытным спортам.

 

* * *

 

Цяпер істнаваньне такіх рыцарстваў-брацтваў - немагчыма (а шкада!), бо прымусовая партыйна-клясавая гаспадарсьцьвеннасьць на ўсё павінна налажыць свой штэмпэль. Дык праявы зьяднаньня вольных адзінак у няпрымусовыя грамады ўсе ж такі ёсьць у тых кірунках жыцьця, дзе іх забараніць нельга.

Сучасная каапэрацыя, якая працуе толькі ў эканамічным кірунку, зьяўляецца адным з узораў няпрымусовага аб'яднаньня. Некаторым такое цьверджаньне можа здацца сьмешным, калі глянуць на сучасную, тым болей краёвую, каапэрацыю, якая ўся ўпэцкалася ў селядцовым сосе і, здаецца, болей пасьвяціла свае сілы нячыстай спэкуляцыі, чымся ідэі стварэньня вольнай адзінкі ў вольным хаўрусе. Але направер выходзіць, што каапэрацыя - адзінае грамадзянскае зьявішча, якое няпрымусова аб'еднавае сяброў і не дэкляруе прымусу для іншых.

Трэба ад'значыць, што ў каапэрацыі, нягледзячы на яе сур'ёзныя жыцьцёвыя заданьні і вагу, няма нічога падобнага да палітычнай пляцформы. Каапэрацыя ня мае азначанага ідэалу, які мог бы зрабіцца Малохам каапэрацыйнага руху, вымагаючым чалавечых ахвяр. Рух каапэрацыі кіруецца выняткава жыцьцёвымі заданьнямі, і ніякай папярэдняй ідэёвасьці ў ім няма. Былі спробы ў гэтым кірунку, каб стварыць каапэрацыйны ідэал, як скончыліся яны няўдачаю. Перад істнуючымі ідэаламі - буржуазным і соцыялістычным - каапэрацыя ў сваёй цэласьці галавы ня схіляе. Рух соцыялістычнай каапэрацыі, дзе яна падпарадкоўваецца марксіцкаму ідэалу, толькі вынятак, які яшчэ больш падчыркавае агульнае правіла.

Каапэрацыя ня кажа: «Я маю гатовую праўду: прыходзь і бяры», яна толькі кажа: «Твары, творачы - руйнуем». Ў каапэрацыі няма гатовых шаблёнаў, штампаў на кожны выпадак жыцьця; калі такія штампы зьяўляюцца, жыцьцё іх выкідае вельмі лёгка, без рэвалюцыяў, за вакно.

Ў сваім аб'яднаньні асоб каапэрацыя не застаецца абавязковай: калі табе па дарозе, ідзі разам, а не - ідзі, куды хочаш. Жыцьцё такое вялікае і яшчэ незразумелае, што ня можа быць штампаваных, для ўсіх абавязковых, шляхоў.

Каапэрацыя ня мае гатовых рэцэптаў палепшаньня жыцьця. Маючы вялікія эканамічныя заданьні, яна ведае, што сваймі каапэратывамі не замесьціць усяго гандлю і вытвару. Калі ёсьць незразумелыя тэорэтыкі (Шарль Жыд), што кажуць, быццам каапэрацыя захопіць усю эканамічную справу ў свае рукі, дык сапраўдная каапэрацыя адказвае яму: «Дурны хлопец, ці можна жыцьцю прадмаўляць гатовыя шляхі».

Але пеўна, што праўдзівы жыцьцёвы кірунак - той, якім ідзе каапэрацыя.

 

* * *

 

Пеўна, што выпрашэньне будучыны - ў зьніштажэньні прымусу, ў аб'яднаньні ўсяго грамадзянства для здаваленьня яго патрэб у такія грамады, якія падобны да сучасных каапэратываў. Кожны павінен быць вольны ў сваіх жаданьнях. Ніякіх прымусовых ахвяр, ніякіх багоў не павінна быць. Вытвар, гандаль, прасьвета, гаспадарчыя патрэбы здаваляюцца вольнымі аб'яднаньнямі спажыўцоў і вытварцоў.

Гэта цяпер здаецца дзіўным і немагчымым, але жыцьцё кіруецца на гэты шлях. Мы надта здэморалізованы прымусам, што ня можам адразу стаць вольнымі, навет марыць аб гэтым. Але галоўнае жаданьне чалавека, гэта - жаданьне быць вольным, быць тварцом свайго жыцьця.

Тыя перашкоды, што здаюцца нязломнымі, ўпадуць разам з прымусам. Такія забабоны, як прыватная ўласнасьць, якая становіць камень датыканьня буржуазных і соцыялістычных вучэньняў, яны згінуць, як туман перад сонцам, калі згіне прымус, калі запануе вольная творчая асоба. Прымусам не абараніць прыватнай уласнасьці і ня зьнішчыць яе. Добры прыклад зноў - Расея. Тамака зьнішчана ня толькі ўласнасьць на нярухомасьць, а амаль і самая нярухомасьць, затое ўласнасьць на рухомыя рэчы яшчэ павялічылася. Ні ў аднэй старонцы жыцьцё чалавека не раўняецца некалькім фунтам хлеба, а ў Расеі гэта - факт.

Адсутнасьць прымусу павінна пранікнуць увесь грамадзкі быт: палітычны, эканамічны, моральны бакі жыцьця, бо толькі з гэтай умовай знойдзе свой выраз творчасьць як асобы, так і соцыяльнага цэлага. Ў гэтым - наша надзея, ў гэтым нагад на прадсьвет і запраўдны жыцьцёвы кірунак.

Не адразу ўсяго дасягнуць. Не адразу выхаваць творчую адзінку. Будучына належыць да творчай асобы, але яшчэ доўгія гады «мёртвыя будуць хаваць сваіх мерцьвякоў». І нечалавечы ўціск, і неміласэрныя рэвалюцыі, і паўстаньні павінна яшчэ перанесьці чалавецтва. Тое, што істнуе цяпер: прымусовае гаспадарства, ўрады, цьвёрды закон, турма, кара - ёсьць вынік чалавечай, грамадзянскай нятворчасьці. Гэта ўсё згіне не пад прымусам, ня будзе зруйнована сілай, а будзе зруйнована далейшай чалавечай творчасьцю. Бо калі сілай зьнішчыць істнуючы парадак, дык нятворчасьць сучаснай чалавечай масы створыць сабе назаўтра яшчэ горшыя кайданы, турмы і мукі. Такі досьлед усіх рэвалюцыяў старавечнасьці і сучаснасьці.

Тыя погляды, якія тут выяўлены, шмат каму здадуцца анархізмам. Ад гэтага шыльду, як ад кожнае іншае вызначаючае формы, трэба адмовіцца, бо ён мае ўжо свой перакручаны жыцьцёвы зьмест, і заместа развагі лепей прывесьці для зьясьненьня такую расейскую частушку:

 

«Анархистик утащил

Полушубок тёткин,

Ах, тому ль его учил

Господин Крапоткин?»

 

Гэтыя эскізы мелі на мэце не правядзеньне якіх-небудзь групавых поглядаў, а выяўленьне тае істоты жыцьця, якая істнавала ад самага пачатку чалавецтва і рабіла спробы зрэалізавацца ў розных кірунках: эльлінскай культуры, хрысьціянсьцьве, гуманізьме, ў дэмакратычным і соцыялістычным рухах, паміж іншым і ў анархізьме, покуль усе гэтыя рухі не зьмярцьвіла застылая форма. На шляху чалавечай творчасьці вырастала перашкода ў постаці, хочучай валадаць формы. І форма захапляла жыцьцё, дыктавала свае ўмовы. А чалавечая душа рвалася з яе кайданоў, хацела спарадкаваць жыцьцё так, як казала ўласнае сумленьне, хацела ісьці за сваімі ўласнымі імкненьнямі, чула, што гэта - непатрэбна «зьвязаваць ярма цяжкія і незнасімыя і ўскладаць на плечы людзям». І ўцякала ад гвалцячага жыцьця, шукала свайго ратунку.

І як вызваленьне яшчэ на зары чалавецтва, загучэлі чароўныя вечна-прыгожыя, вечна-жывыя словы Бога аднаўленьня, Бога ўваскрасеньня:

«Прыходзьце да Мяне ўсе струджаныя і пакрыўджаныя і я супакою вас. Бярыце ярмо маё на сябе і навучэцеся ад мяне; бо я - сьціплы і сьмірны сэрцам, і знойдзеце спакой душам вашым. Бо ярмо маё - добрае, і цяжар мой лёгкі».

Так у глыбіні вякоў знайшло свой выраз імкненьне заравой чалавечай душы ісьці ўласным шляхам да боскае творчасьці, скінуўшы ланцугі тугі і пакуты. І цяпер прабуджаныя да творчасьці народныя масы, чуючы ў сабе прысутнасьць творчай Міравой душы, з пеўнасьцю кажуць: «творачы - зруйнуем».

 

Вільня, 12 траўня 1921 г.


12.05.1921

Тэкст падаецца паводле выдання:
4-е выданьне: Ігнат Абдзіраловіч. Адвечным шляхам. Менск, Навука і тэхніка, 1993.
1-е выданьне: Ігнат Абдзіраловіч. Адвечным шляхам. Вільня, Беларускае Выдавецкае Т-ва, 1921.
Крыніца: скан