epub
 
падключыць
слоўнікі

Ільля Гурскі

На берагах Прыпяці

 

 

Ляснымі сцежкамі ішоў салдат Кандрат Гарбачэня з вайны дахаты. Ён крочыў шырока і ўпэўнена, з высока паднятай галавою, цвёрда ступаючы па роднай зямлі. Гэта неяк адразу кідалася ў вочы. Ці то радасць з таго, што ён, нарэшце, вяртаецца дадому, так яго ўзбадзёрыла, ці то ў думках усплывала тое, пра што ён марыў расказаць сваім людзям пры спатканні,— як ён выканаў да канца свой абавязак салдата і як сам генерал паціснуў яму на развітанне руку і сказаў: «Дзякую за службу!» — але ў самой постаці салдата адчувалася, што ён вяртаецца дадому пераможцам.

Гарбачэня ўжо з гадзіну ішоў лесам. Як можна было акінуць вокам, нерухома стаялі смалістыя сосны. Сінія зубчастыя вершаліны іх узвышаліся і нібы ўразаліся ў высокае блакітнае неба. Пасля лес пачаў мяняцца: пракідаўся зялёны бярэзнік, пачалі трапляць прысадзістыя елкі, на зямлі, замест карычневай, сухой і слізкай ігліцы, слаліся дываны з сівых імхоў, купчастай папараці і зялёнага бруснічніку. Гарбачэня выйшаў на паляну. Кругом быў лес, які нагадваў яму мора, якое ён бачыў не так даўно там, на чужой зямлі. Але гэта лясное мора было сваім, родным і блізкім. Ён ведаў, што пройдзе яшчэ кіламетры два і пачнуцца шырокія палеткі калгаса «Чырвоныя паляшане», куды ён не раз хадзіў з хлопцамі на ігрышчы. Спачатку яму сапраўды падабаліся паляшанскія дзяўчаты, але калі ён пазнаёміўся з той, якая і цяпер не выходзіла з яго галавы, тады яны неяк збляклі ў яго вачах і памізарнелі.

І калі Гарбачэня ўвайшоў у калгас «Чырвоныя паляшане», у яго зноў з’явілася тое самае пачуццё да паляшанскіх дзяўчат. Насустрач яму траплялі яго былыя сяброўкі па гульнях. Яны спынялі яго, віталіся, часамі ў іх вачах ён мог прачытаць запытанне: ці не знойдзецца ў яго памяці месца для каторай. Але сэрца яго было спакойным, і ён спяшаўся далей.

У канцы вёскі Гарбачэню прыемна ўзрадавала адна з’ява: паляшане гуртам будавалі камяніцу — казалі, калгасную электрастанцыю. На рыштаваннях былі муляры, а навокал цесляры стукалі сякерамі, звінелі пілы. Гарбачэня спыніўся і доўга разглядаў будову. Ён уявіў будучыню паляшан і радасна ўсміхнуўся. Гарбачэня, яшчэ будучы малым, любіў будаваць гмахі і цярпець не мог тых хлапчукоў, якія разбуралі яго «будову». І вайна была не ў яго натуры. Але калі трэба было ваяваць, дык ён ваяваў, і ваяваў добра, паказаў, на што здольны тутэйшыя людзі.

Паляшанскія дзяўчаты, якія падышлі да Гарбачэні, калі ён спыніўся каля будовы, запрасілі яго зайсці пачаставацца хлебным квасам, пагаманіць. Але Гарбачэня не хацеў бавіцца, яму яшчэ заставалася ісці да свае вёскі добрых кіламетраў пятнаццаць, калі не болей. Падзякаваўшы дзяўчатам за запрашэнне, ён развітаўся з паляшанамі і пайшоў. Скончыліся паляшанскія палеткі, і Гарбачэня зноў апынуўся ў густым цяністым лесе. Панура маўчаў велічны бор, пахла гніллю. У пушчы трапляліся невялікія прагаліны, месцамі лес быў дашчэнту спляжаны, пракладзены новыя дарогі, якіх перад вайною не было,— гэта сяляне тралявалі бярвенні. Гарбачэню пачала душыць смага. Ён, прайшоўшы яшчэ з паўкіламетра, угледзеў на паляне ручаіну і прыбавіў кроку. Паміж густымі чаротамі і шырокай асакой відаць была вада, уся пакрытая нейкай іржою. Гарбачэня разагнуў асаку і хацеў пілоткай зачарпнуць вады, але там нават простым вокам льга было разгледзець нейкую машкару і пацяруху. Калі Гарбачэня разагнуўся, то крокаў за дзвесце ад сябе ўбачыў падгалістую ласіцу з ласянём, якая, відаць, прыйшла на вадапой. Ласіца павяла мызай, угледзела чалавека, спудзілася і так скокнула, ажно суччо з трэскам паляцела ўверх. Гарбачэня рушыў далей. У лесе было ціха, нідзе нават птушка не ціўкне — яны не любяць гушчару. Гарбачэня збочыў, каб ісці нацянькі, і раптам спыніўся. Перад ім стаяў, можа, векавы дуб, мабыць, той самы, пра які яму бабка яшчэ ў дзіцячыя гады расказвала казкі. «Некалькі чалавек не маглі абняць прыгажуна дуба, цара пушчы»,— успомніў Гарбачэня словы бабкі. Кучаравы дуб велічна ўзвышаўся, распасцёршы сваё галлё. Пад ім было зусім цёмна, бо праменні яркага сонца не маглі прабіцца праз густое лісце. Гарбачэня падышоў да дуба і адчуў сябе нейкім прыціснутым да зямлі і малым, хоць быў дзябёлым мужчынам. Ён паволі абышоў кругом магутнага дуба, нібы прыкідваючы вачыма, колькі трэба чалавек, каб яго абхапіць. «Многа пакаленняў перажыў гэты дуб»,— падумаў Гарбачэня і паволі пайшоў.

Бор пачынаў крыху радзець. Часцей траплялі прагаліны, пракідваўся арэшнік, стаў з’яўляцца маліннік. Тут было ажыўленне, спявалі на ўсе галасы птушкі, кукавала зязюля. Асцярожныя глушцы, не падпускаючы і блізка да сябе чалавека, з цяжкім і рэзкім лопатам крылляў узнімаліся ўверх і знікалі паміж дрэвамі. Чырванагрудыя дзятлы парамі, адзін за адным, праляталі над дарогай. Паказалася лясное возера, якое кругом зарасло чаротам. Залапатала некалькі качак; яны імкліва, з крыкам падняліся ўверх і падаліся ў бок балотнай рэчкі. Адсюль да рэчкі, што цякла паміж Паляшанамі і Імшарамі, рукой падаць. Ідучы па родным лесе, Гарбачэня адпачываў душою. На ўскраіне лесу пастух пасвіў каровы; аднагучна звінелі начэпленыя на шыях у кароў званкі — гэта рабілася для таго, каб не пагубляць у лесе жывёлу. Мясцовай пароды цёмна-чырвоная карова з адным белым рогам, уся ў гразі, хадзіла па балоце, злізваючы языком, як касою, рэдкую траву. Наперадзе статка ішоў пастух, а ззаду — падпасак з даўжэзнай, у шмат разоў большай за яго пугай, якой практыкаваўся «страляць». Разы са два ён такі даволі гучна хлопнуў. Каровы паспяшаліся за пастухом.

— Куды цябе нячыстая гоніць! — буркнуў уголас нездаволены пастух на карову, якая вырвалася наперад за яго і ішла, не згінаючы галавы.

Але ўвага пастуха зараз жа адарвалася ад каровы, і ён пачаў углядацца ў падыходзячага Гарбачэню. Калі Гарбачэня параўняўся з пастухом, то, абы з ім загаварыць, спытаўся:

— Ці далёка, дзядзька, да вёскі Імшары?

— Нібыта Гарбачэня, няўжо ж,— прыглядаючыся, гаварыў пастух.— А божачка! Што значыць чалавек пабыў сярод людзей, як абцёрся — не пазнаць. А ты, Гарбачэня, як некалі наш балагол: сядзіць на возе, глядзіць угару і пытае, ці высока сонца...

— А-а-а, дзядзька Тадэвуш! — вітаючыся, гаварыў Гарбачэня.— А балагол яшчэ жывы?

— Дзе ты бачыў. Усю сям’ю іх фашыст знішчыў. Зваў яго ў лес, не пайшоў, казаў: «Ад таго, што напісана на раду чалавеку, нікуды не ўцячэш». Дык цяпер, небарака, парыць у зямлі косці.

— А што вы ў лесе рабілі? — спытаўся Гарбачэня.

— Рэч ведама, што пастух робіць. Кароў даглядаў.

— Кароў? — перапытаў Гарбачэня.— І немцы іх не чапалі?

— Чаму б не зачапілі, каб чапіла хапіла! Ды, брат, рукі кароткія былі, не даставалі да партызанскіх кароў. Бачыш бугая? Сам прыдбаў. Спрытны бугаёк.

— Дзе вы яго дасталі?

— У фашыстаў адбіў.

— Хіба і вы ваявалі?

— Дзіва! — важна зазначыў пастух.— У нас усе ваявалі... Ты, можа, курыць маеш?

— Ёсць,— дастаючы тытунь, сказаў Гарбачэня. Яму, відаць, карцела хутчэй ісці, не хапала цярплівасці пастаяць з пастухом, пагаварыць. Пастух гэта заўважыў і сам сабе ўхмыльнуўся.

— Эх, салдат, салдат,— скручваючы цыгарку, гаварыў з дакорам пастух,— лепш страціць пяць пальцаў на руцэ, чымся цярплівасць і спакой духу. Гэта ж каб у нас не было цярпення і мы апусцілі рукі, калі Чырвоная Армія адступіла, дык нас бы фашысты па адным перабілі. А так вось жывём! Да ты прысядзь, не спяшайся!

Салдат з пастухом прыселі на купіне і закурылі. Пастух смачна зацягнуўся, ён расказаў пра імшараўскія навіны, паведаміў, што бацькі салдата жывыя і здаровыя і што шмат хто з імшараўцаў партызаніў. Яшчэ пастух сказаў, што немцы ў Імшарах схапілі некалькі дзяўчат і адправілі ў Нямеччыну. Гэтая вестка напалохала Гарбачэню, і ён пачаў распытвацца, каго забралі. Пастух паглядзеў на яго і назваў некалькі імён і прозвішчаў, а пасля расказаў пра імшараўскую настаўніцу Кацярыну Пальчэўскую, якая дручком аходала аднаго фашыста, а пасля невядома дзе знікла. Кацярына Пальчэўская была непрыступнай і гордай, сапраўднай савецкай дзяўчынай, якая казала, што некага кахае і чакае яго звароту. Ды вось не давялося...

Як толькі пастух загаварыў пра Пальчэўскую, Гарбачэня ўвесь ператварыўся ў слых і зрок. Ён некалькі разоў перапытваў у пастуха пра настаўніцу.

— Дзяўчына з характарам,— гаварыў пастух.— Людская будзе кабеціна! І з твару не благая, і розум мае. А што цябе яна так цікавіць?

— Так сабе,— ухіліўся Гарбачэня ад адказу.— Дык яе, значыць, няма?

— Не было яшчэ,— цяжка ўздыхнуўшы, адказаў пастух.— Мае дзеці кожны дзень яе ўспамінаюць. Прыйдзе восень, трэба школу адкрываць. Ого, якая яна настаўніца!

Нядобра стала на душы ў Гарбачэні, заныла сэрца, цяпер ён хацеў быць сам-насам, каб ніхто яму не перашкаджаў падумаць аб Кацярыне, успомніць мілыя рысы.

— Па табе бачу, хлопча, што і ты па ёй нудзішся,— сказаў пастух, праводзячы салдата добрым позіркам.— Дык, можа, яшчэ добра абыдзецца... Вяртаюцца ж некаторыя і адтуль...

— Адкуль?

— Прайшла чутка, што немцы яе недалёка ад Мазыра схапілі і разам з іншымі дзяўчатамі адправілі на работу ў Германію...

 

...Гарбачэня ўзяў правей вёскі Капаткевічы. Па праўдзе кажучы, вёскі той і не было; тырчалі там, як тычкі, коміны на руінах, і толькі нейкім цудам уцалела адна хата, што стаяла на ўскраіне. Гарбачэня абмінуў яе і, прайшоўшы былым загуменнем, па ўзбалоцці, увайшоў у алешнік. Дарога была звілістай і выбоістай,— вядома, на нізкім месцы,— але яна на нейкія два кіламетры скарачала шлях, бо ішла напрасткі, дый ісці ёю ў спёку было больш прыемна. Тут пахла вільгаццю, грыбамі і галубіцай, якая расла кустамі на купінах.

Хутка Гарбачэня дайшоў да ручая, які пачынаўся недалёка ад дарогі. Тут, каля крыніцы, колісь была капліца і штогод спраўляўся кірмаш, а цяпер калодзеж асунуўся і капліца разбурылася, кладкі пагнілі і заплылі гразёю, абраслі высокай асакой. Каля самага ручая, на прагаліне, нібы салдаты, выстраіліся ў шарэнгу буслы, паглядаючы на чалавека, што спыніўся на дарозе. Гарбачэня крута павярнуў і пайшоў па кладках, каб напіцца халоднай і чыстай вады. Тады буслы нездаволена і цяжка ўзняліся і паляцелі.

Ад крыніцы Гарбачэня пайшоў сцежкай. Ён успомніў, як перад вайною гэтай жа сцежкай ішоў з горада дамоў на пабыўку, калі працаваў у Мінску на станкабудаўнічым заводзе. З галавы не выходзіла Кацярына: дзе яна цяпер, ці жывая? Ястрабіны нос у Гарбачэні, здавалася, завастрыўся, глыбей запалі невялічкія шэрыя вочы, а каля рота з’явіліся горкія складкі.

Гарбачэню перад вайною было дваццаць тры гады, а Каці дзевятнаццаць. Пазнаёміўся ён з маладой настаўніцай на ігрышчы ў Імшарах, і ад таго вечара ўяўленне аб Каці і дагэтуль асталося ў яго памяці, як аб нечым светлым і дарагім: яна і ў танцы была, як пушынка, і смяялася званчэй і мілей за ўсіх, і ўсмешка яе была поўная бляску і зачаравання. Яны ў нейкім забыцці да таго закружыліся ў танцы, што і не заўважылі, як самыя заядлыя танцоры змарыліся і пакінулі скакаць і яны асталіся адны. Моладзь тады надзяліла іх воплескамі. Гэта было з суботы на нядзелю, а ў нядзелю Гарбачэня з Кацяй пайшлі ў поле, гулялі паміж жытоў, на сенажаці, у лесе, пераязджалі на чоўне рэчку, гулялі на берагах Прыпяці. А колькі яна ведае вершаў на памяць! Гарбачэня ўяўляў Кацю такою, якою яна была тады. Пачне чытаць верш, а потым кажа мне працягваць. Часамі даводзілася яму чырванець. Каця бегала разорамі паміж жытоў, ірвучы васількі, ганялася за матылькамі, як маленькая дзяўчынка, пляла вянкі і пускала на ваду. Спачатку яна толькі жартавала, але пасля ўсур’ёз сказала: «А цяпер напраўду пушчу два вянкі». Як на тое ліха, адзін вянок тады закружыў у віры, а другі паплыў.

— Мусіць, не бачыць мне шчасця. Такая ўжо мая доля,— сказала Каця. Яна схіліла галаву і засумавала. Каця хацела ісці дадому, але Гарбачэня ўгаварыў яе астацца. І вось тады Каця, седзячы пад купчастым дубам, над ціхай і паўнаводнай Прыпяццю-ракой, расказала Гарбачэню пра сваё маленства. Яна не ведала свайго бацькі. Ён памёр, калі дзяўчынцы было тры месяцы. Яны жылі ў Мазыры. Маці выйшла другі раз замуж. Каця гадавалася пры айчыму, які, акрамя сябе, больш нікога не любіў, і, ведама, яна не ведала бацькоўскай ласкі, а часам нават адчувала, што яна лішні чалавек у хаце. Айчым заўсёды быў надзьмуты як індык, і яна баялася з ім гаварыць. Адзінай уцехай для яе была праца. Калі Каця працавала, тады адпачывала душою. А потым, калі вучылася, з кнігай пасябравала. Кніга і вывела яе ў людзі. І ўсё ж ёй хацелася чалавечае ласкі...

— Гэта, пэўна, адбілася на маім характары,— гаварыла Каця.— Я сёння не такая, як заўсёды. Звычайна я бываю панурай, маўклівай, люблю адзіноту. Я вельмі рэзкая, хоць па мне гэтага не відаць. Калі мне было сем год, маці адвезла мяне ў вёску да бабкі. Бывала, я паганю кароў і ўвесь дзень плачу: горка мне, што ў мяне няма дзяцінства. А прыганю з поля кароў, павячэраю — і зноў у слёзы. Вось таму, мусіць, мне хочацца, каб у будучым дзеці па-інакшаму гадаваліся, каб усе мелі маленства. А як гэта зрабіць, я і сама не ведаю. А толькі трэба нешта рабіць.— Каця падумала.— А сёння мне чамусьці было асабліва добра, хацелася гаварыць, бегаць, дурэць, спяваць, зусім як малой дзяўчынцы. Ці не прыйдзецца толькі пад вечар плакаць? А можа, гэта я развітвалася з сваёй маладосцю і ўступіла ў сталасць? Я даўным-даўно хацела з табою спаткацца, помніш, як ты зімою прыязджаў у вёску, але ты тады на мяне нават не паглядзеў.

— Не паглядзеў? — сказаў Гарбачэня.— Да цябе нельга было падступіцца.

І Каця, і Гарбачэня нават не заўважылі, як перайшлі на «ты», і ім абоім гэта спадабалася.

— Я ўвесь час думаў пра цябе,— прадаўжаў Гарбачэня,— хацеў пісьмо напісаць, але не адважыўся. Дзеля цябе я, уласна, прыехаў цяпер у вёску. Мяне пасылалі на курорт, але я адмовіўся. І ты ў гэтым прычына.

— А ў мяне, мусіць, душа адчувала, што ты прыедзеш,— прызналася Каця і пачырванела.— Мяне маці з айчымам звалі ў Мазыр, але я напісала, што цяпер не магу прыехаць.

Каця цягнулася да Гарбачэні, як лісце дрэва да сонца. Вялікія сінія вочы яе гарэлі агнём. Яна палажыла Гарбачэню руку на плячо і, як малое дзіця, якое апяклося ад лямпы, адхінулася ад яго.

Хто яго ведае, колькі б яны тады яшчэ сядзелі каля рэчкі ці, можа б, гулялі па полі або ў лесе, каб да іх не падбег меншы брат Гарбачэні і не паведаміў, што пачалася вайна. Адно слова «вайна!», а колькі яно прынесла людзям пакут, разбіла маладых сэрцаў. Каця адчула, што хутка разлучыцца з мілым сэрцу чалавекам і з жалю расплакалася. Яна доўга чакала спаткання з Гарбачэнем, і раптам такая навала — вайна.

Пад вечар Гарбачэня выбраўся з Імшараў. Ён паехаў у горад, яму ў першы дзень вайны трэба было з’явіцца ў ваенкамат. Нядобра было на сэрцы ў Гарбачэні, нешта трывожыла. Гарбачэня адчуў, што ён пакахаў Кацю не на жарты, усёй душою.

Калі Гарбачэня з бацькам праязджалі каля школы (іх праводзілі ўсе сяляне вёскі), з хаты выйшла Каця. Яна была ў белай сукенцы, якая ішла дзяўчыне да твару. Каця нагадвала маладую, што збіралася да шлюбу. Яна страшэнна хвалявалася, нібы пераступіла парог і ўвайшла ў новае, невядомае ёй жыццё. На яе твары быў смутак.

За вёскай з Гарбачэнем развітваліся людзі, якія ведалі яго з маленства і паважалі. Падышла да Гарбачэні і Каця. Яна была ўзрушана і не ведала, як на людзях сябе паводзіць і што сказаць.

— Каця, будзеш мяне чакаць? — ціха спытаўся Гарбачэня.

— Буду, Кандратка, буду! — узрадаваўшыся, адказала Каця. Яна чакала такога пытання. Каця падаравала Гарбачэню вышытую хустачку са сваімі ініцыяламі.— Абавязкова буду,— паўтарыла Каця. У яе страсянуліся плечы, яна адвярнулася і заплакала.

Прайшло чатыры гады, як яны не бачыліся, а ён не мог яе забыць. Дзе б ён ні быў і што б ні рабіў, яна стаяла перад яго вачыма. Цяпер ён вырашыў абавязкова яе адшукаць і калі не жаніцца з ёю (можа, яна за гэты час пакахала другога і выйшла за яго замуж), то хоць адным вокам паглядзець на яе і пагаварыць. Гарбачэня падыходзіў да Прыпяці. Спакойна плылі глыбокія воды шырачэзнай рэчкі. І Гарбачэню зноў прыйшла ў галаву Каця. Не можа быць, каб яна загінула. Можа, яна вярнулася з Германіі і рыхтуе памяшканне для школы на зіму. Яму хацелася хутчэй дайсці да Імшараў. Моста цераз рэчку не было, а паром стаяў на другім баку.

— Гэй, давай паром! — крыкнуў што было моцы Гарбачэня.

— Адкуль ты такі порсткі? — пытаўся тоненькім галаском паромшчык.— Буду я дзеля аднаго чалавека гнаць паром. Яшчэ чаго не хапала. Падыдуць людзі, тады і перавязу.

Ён зайшоў у будку, што стаяла недалёка ад рэчкі, і доўга не паказваўся. Стомлены Гарбачэня падняўся крыху ўверх рэчкі (там быў жоўты пясок), зняў боты, трохі змыў дарожны пыл, сеў і закурыў.

«Мусіць, за чаркаю забавіўся,— падумаў Гарбачэня пра паромшчыка.— Пратрымае да вечара».

Гарбачэня адчуваў, як стукае ў яго сэрца, лезлі ў галаву розныя думкі: «Можа, яна не ў Германіі, а выйшла замуж і куды-небудзь з’ехала». Каля пераправы ўжо сабралася шмат людзей, а паромшчыка ўсё не было. Цяжка нагружаная, са скрыпам пад’ехала падвода. Узмылены невялікі конік, у якога тырчалі рэбры, ніяк не мог аддыхацца. У яго ходырам хадзілі бакі. Конь быў дыхавічны. Каля воза стаяў высокі худы падводчык. На ім былі караткаватыя шарачковыя порткі і падраная куртка, ён быў падпяразаны кавалкам нейкай аборыны. Падышоў з граблямі гурт дзяўчат, у якіх стракацелі ўсіх колераў сукенкі. Сярод дзяўчат круціўся падлетак. Дзяўчаты з ім гулялі, жартавалі, а часам і без усякай прычыны голасна рагаталі.

— Адзін мужчына і той нейкі нягеглы,— жартуючы сказала дзяўчына, у якой увесь нос быў у рабацінні.— Давайце яго ўтопім.

Дзяўчаты з рогатам неслі хлопца да рэчкі, той брыкаўся, крычаў, але яму самому, відаць, падабалася такая вялікая да яго ўвага. Нарэшце ён вылузаўся з рук дзяўчат і, адбегшыся, дражніўся:

— От сарокі-белабокі! А ўсё-такі не ўтапілі!

— Няхай хоць адзін будзе на развод,— адказала кірпаносая дзяўчына, і ўсе зноў зарагаталі.

Да рэчкі падышла нейкая жанчына з клункам. Яна была да таго стомленай, што ледзь перастаўляла ногі. Нарэшце паказаўся паромшчык, ён хацеў падаваць паром, але ў яго нешта не клеілася, відаць было, што ён п’яны.

— Зноў дзядзька Саўка шклянога бога бачыў,— сказаў хлопец.

Дзяўчаты голасна зарагаталі, падводчык пагразіў пальцам, і яны сціхлі.

— Ну і чаго вы, хочаце заначаваць тут, дык гэтага ў Саўкі не купіць,— гаварыў падводчык.

— Кажаце, Саўка з норавам? — падыходзячы, паглядаючы на другі бок рэчкі, голасна сказаў Гарбачэня і дадаў: — Наравістаму каню пуга памагае.

— Наадварот,— зазначыў падводчык,— ласкай хутчэй скранеш з месца.

— Ах так! — прасіпеў паромшчык, ён пачуў словы Гарбачэні, зазлаваў і амаль з сярэдзіны рэчкі павярнуў назад.— Калі ж ты такі разумны, то і сядзі сабе на тым баку...

Па натоўпе пракаціўся гул нездаволення, усе з дакорам паглядзелі на салдата. І Гарбачэня няёмка сябе адчуў.

— Нічога, закінем кручок, можа, торкне, а не, дык будзем фарсіраваць рэчку,— не разгубіўся Гарбачэня. Ён, пасміхаючыся, дастаў з кайстры бутэльку. Круцячы ў руках паўлітра, Гарбачэня голасна крыкнуў:

— Гэй, Саўка, бачыў?

— А чаму ж не? — сказаў Саўка і павярнуў паром да берага з людзьмі.— Што ў мяне: вочы не вочы ці я сабе вораг? Тады другі інтэрас!

Усе задаволена пасміхаліся, толькі жанчына з клункам ніяк не рэагавала, яна абыякава на ўсё глядзела сваімі бяздумнымі вачыма, нікога не пазнавала. Гарбачэня паглядзеў на жанчыну з клункам і падумаў: «Відаць, хапіла табе, кабецінка, гора». Хоць твар у жанчыны і быў яшчэ даволі маладым, але яна выглядала старой. Сівыя пасмы валасоў выбіваліся ў яе з-пад хусткі. Гарбачэня, заклапочаны перавозам, спачатку не звярнуў на жанчыну асаблівай увагі. Але штосьці ў вачах жанчыны было вельмі яму знаёмым.

— Каця, любая! — нарэшце пазнаў Гарбачэня і кінуўся да яе.— Што з табою стала?

— Кандратка, родны! — вымавіла Каця, яна захісталася, падняла рукі і паклала іх на плечы падбегшаму да яе Гарбачэню.

— Ты адкуль?

— З Нямеччыны, такі дайшла,— бязгучна прашапталі яе вусны, і дзяўчына абвісла. Гарбачэня падхапіў Кацю. Яна сканала ў яго на руках. Людзі, напалоханыя, стаялі наўкол Гарбачэні, спачуваючы яму. Саўка падагнаў да берага паром.

— Эй, хто там дражніўся паўлітрам, давай яго сюды! — сказаў паромшчык.

— Цішэй ты, як табе не сорамна, тут дзяўчына памерла, а ён лезе з паўлітрам,— прагаварыў злосна падводчык.

Паромшчык хацеў нешта сказаць, але яго перапынілі.

— Дзяўчына немаведама адкуль ішла,— разважаў уголас падводчык,— і на табе, можна сказаць, на сваім парозе адышла ў нябыт. І што было б увайсці ў хату, дык не судзіў лёс,— і ён памог Гарбачэню пакласці яе на воз.

— А хто яна? — спытаў паромшчык.

— Імшараўская настаўніца, Кацярына Ігнатаўна Пальчэўская,— адказаў падводчык.

— Пальчэўская? — пацверазеў паромшчык і зняў шапку.

Падвода з паланянкай паволі ўз’ехала на паром. Людзі моўчкі стаялі, перажываючы з Гарбачэнем яго гора. Гарбачэня, з разбітым сэрцам, глядзеў кудысьці ўдалечыню, але нічога не бачыў. З яго вачэй каціліся буйныя слёзы, якія ён выціраў вышытаю нябожчыцай хустачкаю з яе ініцыяламі. Адчаліў паром. Пракаціўся лёгкі ветрык, зарабацела вада. Сонца зайшло за лес, павеяла холадам.

1945

 


1945

Тэкст падаецца паводле выдання: Гурскі І. Лясныя салдаты: Апавяданні і аповесць. – Мінск, Мастацкая літаратура, 1979. – 552 с., 1 л. іл. – (Б-ка беларус. прозы)