epub
 
падключыць
слоўнікі

Ільля Гурскі

На скрыжаванні дарог

 

 

Быстры, серабрысты Нёман у затоцы нібы спыніўся ў сваім імклівым бегу, закружыўшы ў віры пажоўклае лісце. Зайшло сонца. У сіняй гладзі вады, як у люстэрку, адбіліся блакітным ззяннем месяц, залацістыя зоры, пуховыя воблакі, што, як статкі баранчыкаў, паволі плылі з поўначы на поўдзень. На пагулянку выйшаў, відаць, сом. Ён раз-пораз усплёскваў ваду, парушаючы вячэрнюю цішыню.

На крутым беразе рэчкі раслі каржакаватыя дубы, раскінуўшы свае галіны, утвараючы своеасаблівыя шатры. Далей стройнымі радамі ўзвышаўся саджаны сасновы падлесак, пахла смалою. Дзесьці, нібы малое дзіця, заплакала сава: «Ку-га-а!», потым быццам засмяялася: «Хо-хо-хо-о!» Лес напоўніўся рэхам. З рэчкі павеяла прахалодай.

— До-о-бра-а!.. — гаворыць сам сабе Мірон Андрэевіч Корань, высокі і сутулы стары, з парэпанымі рукамі, у акулярах, з сівымі апушчанымі вусамі і шэрымі вачыма. Ён закінуў у рэчку вуду са званочкам, пасля ўзяў абвязаны белай анучкай збанок за ручку, ускінуў на плячо палінялы рукзак і цяжкаю хадою падышоў ла кастра.

Юшка са свежай рыбы ўжо кіпела, у носе казытаў прыемны пах. Корань зменшыў агонь, каб не выкіпаў навар, прысеў. Мы былі ў добрым настроі: як-ніяк, а на юшку рыбы налавілі, хацелася каля кастра пагаварыць, падумаць, памарыць. Яшчэ мне карцела пачуць ад старога пра першыя дні рэвалюцыі ў Петраградзе. Корань тады працаваў качагарам на Пуцілаўскім заводзе. Патрэсквала сухое голле, час ад часу ўзвіваліся языкі полымя, разразаючы цемень, навокал мігцелі цені.

— Ну і абмялеў Нёман, проста не пазнаць рэчкі, — загаварыў Корань. — Што ж, многа вады сплыло... Бывала, калі з бацькам плыты ганялі... Дзіва, гэтак лясы спляжыць!.. Быў я сёння на сваёй радзіме... Там, дзе раней шумела пушча, цяпер гола... хоць у бубен бі...

— А вы хіба з гэтых мясцін? — спытаў я.

— Родам я з вёскі Каласовічы, недалёка ад нас і пачынаецца славутая рэчка, — адказаў стары. — Дзе б я ні быў: ці ездзіў на паравозах і суднах, ці стаяў каля топак электрастанцый, я часта з замілаваннем успамінаў радзіму, сцежкі, дзе вучыўся хадзіць.

— Цікава, — аж прыўстаў я. — А мне адзін чалавек з сур’ёзным выглядам даводзіў: паколькі рабочы па сваёй прыродзе інтэрнацыяналіст, то што яму да радзімы...

— А па-мойму, — папраўляў агонь Корань, — толькі той чалавек, які па-сапраўднаму любіць радзіму, свой народ, сваю культуру, звычаі і мову, якой маці навучыла, можа быць сапраўдным інтэрнацыяналістам...

Мне ніколі не прыходзілася гаварыць з рабочым на гэтую тэму, а таму я пастараўся падтрымаць размову.

— Хто яго ведае чаму, але так здарылася, — пачаў я, — што на нашу краіну і на яе людзей некаторыя глядзелі зверху ўніз. Казалі, што наш народ забіты, не мае характару, чаго ад яго чакаць?..

— Н-да!.. — пасуравеў Корань. — Давайце ўдакладнім: хто імкнуўся прынізіць беларусаў? Паны распаўсюджвалі аб іх думку, што гэта людзі цёмныя, што ім не ўласцівы высокія ідэалы. З лёгкай рукі нейкага пана, які напісаў пра беларуса, пэўна, з расказу такога ж самага пана, яго іначай і не ўяўлялі, як з каўтуном на галаве, ціхім і пакорлівым. Давайце разбяромся, ці гэта так.

Мяне і раней цікавіў Корань, з ім было аб чым пагаварыць, але сёння ён паўставаў у іншым святле. Недарма кажуць: каб чалавека пазнаць, трэба з ім пуд солі з’есці. Не звяртаючы ўвагі на юшку, якая моцна кіпела, я слухаў старога. Але Корань не з такіх, каб дарэмна псаваць рыбу, — ён зняў з палкі закураны салдацкі кацялок з юшкай і паставіў збоку на вуголле.

— І трэба ж было беларусу пасяліцца на скрыжаванні дарог, — набіўшы люльку мультаном, задыміў Корань. — Колькі па іх праходзіла ўсялякіх заваёўнікаў, якія імкнуліся захапіць дабро, здабытае працаю нашых рук. Разам з рускімі і ўкраінцамі беларусы білі Мамая на Куліковым полі, Радзівіла пад Мінскам, Карла XII каля вёскі Лясная і пад Палтавай, Напалеона на Бярэзіне, войскі кайзера Вільгельма II і легіёны Пілсудскага, нарэшце, білі орды Гітлера. Незлічоныя курганы, дзе парахнеюць косці чужынцаў, — гэта нямыя сведкі шматлікіх бітваў, што тут адбываліся. На беларускай зямлі неаднойчы разыгрываліся крывавыя драмы, і, зразумела, нашаму брату нямала пападала. Не раз крывёю ўмываліся. Прайшоўшы праз такую школу выпрабаванняў, беларус загартаваўся, на векі вечныя парадніўся з братнімі народамі, стаў незалежным і больш за ўсё любіць радзіму і свабоду. — Корань падумаў. — Мінчане адны з першых у семнаццатым годзе патрабавалі рашучых дзеянняў, звяржэння ненавіснага Часовага ўрада. Значыць, разумелі, што да чаго! Палешукі першыя ў васемнаццатым годзе паднялі паўстанне супраць кайзераўцаў. Гэта што-небудзь ды значыць!

— Плысці супраць плыні нялёгка, — уставіў я. — Колькі гаварылі і пісалі, што беларус ціхі, няздатны пастаяць за сябе. У некаторых гэтая думка ўсталявалася. Паспрабуй давядзі ім.

— А давесці трэба! — Корань пастукаў люлькай па абцасе юхтовага бота, выбіваючы попел. — Англічане кажуць: «Чыстае сумленне не баіцца абвінавачванняў». Беларус таму, што яго зневажалі, не стаў горшы. Бруднае да чыстага не прыстае. Праўда, беларусы, як і ўсе людзі на зямлі, неаднолькавыя. Трапляе часам і людскі шлак, але не яго я маю на ўвазе, калі гавару пра беларусаў.

Мне прыемна было пачуць ад рабочага такую думку аб сваіх людзях.

— Мірон Андрэевіч! — звярнуўся я да Кораня. — дзе вы былі і што рабілі ў час вайны?

— Якой вайны? Я іх тры перажыў.

— Вайны з фашыстамі. .

— А-а-а... — Стары падумаў. — Пра сябе як быццамі не зручна гаварыць, але раскажу.

У гэты час забрынкаў званочак, і Корань стрымгалоў кінуўся да рэчкі, адкуль у яго спрыт узяўся.Ён выхапіў вудзільна, пацмокаў, паахаў, зноў начапіў прынаду і закінуў вуду.

— Недарма кажуць: паспяшыш — людзей насмяшыш, — вяртаючыся да кастра, шкадаваў ён. — І нешта добрае бралася... Няйначай галавень... толькі луской бліснуў...

Корань прымайстраваўся каля шурпатага дуба і загаварыў:

— На другі дзень, калі фашысты прыйшлі ў Мінск, я кінуў работу на электрастанцыі і з сям’ёю падаўся на бацькаўшчыну, у Каласовічы. З блізкіх родных там нікога не асталося — адны паўміралі, а другія разбрыліся па свеце. Бацькава хата даўно струхлела, і нават вуглоў не было. Закватаравалі мы ў канцавой хаце, ва ўдавы Мальвіны Дзяругі, старой кабеты. Яна была ціхая, здавалася, вады не замуціць, толькі ўпалыя вочы неяк асабліва гарэлі. Я неяк застаў яе за работаю: яна выкройвала торбу з кужэльнага палатна. Адна ўжо была гатова. «Навошта вам, цётка Мальвіна, гэтыя торбы?» — спытаўся я. «Родненькі, — апаліла яна мяне сваімі праніклівымі вачыма, — не чакай дабра ад гэтага гадаўя. Чаго іх прынесла нячыстая сіла да нас? Каб парабаваць. То, можа, торбы спатрэбяцца — ці схаваць што, ці хадзіць з імі...» Праз некаторы час Мальвіна стала разведчыцай. Але я забягаю наперад.

— Хіба вы былі ў партызанах? — пацікавіўся я.

— Так, — сцвердзіў Корань. — Павінен вам сказаць, што не ў маёй натуры выхваляцца, але я падняў Каласовічы на барацьбу. Хоць каб не я зрабіў, другі б знайшоўся. Праўда, пакуль разварушыліся каласавічане, прайшоў пэўны час. Людзі нездаволены былі, што савецкае войска так паспешліва адступіла. «Нейкі, мусіць, непарадак, — гаварылі. — Пэўна, нехта даў зяўка». Але калі падняліся, горача было фашысту на нашай зямлі. Што праўда, то праўда, — ціхі наш народ, але да пары, пакуль разгневаецца, а потым толькі трымайся! Мне нашы людзі нагадваюць захаваную сілу спружыны, якая моцна б’е, вызваляючыся ад сціскання.

— А для чаго цётцы Мальвіне патрэбны былі торбы? — напомніў я.

— Начапіўшы торбы, прыкінуўшыся жабрачкай, з кіем у руках, уся ў чорным, цётка Мальвіна скалясіла некалькі раёнаў, збіраючы звесткі аб праціўніку, — паведаміў Корань. — Пра яе кемлівасць і адвагу шмат можна гаварыць, але я раскажу пра самае галоўнае. Аднойчы на наш атрад наваліліся вялікія сілы гітлераўцаў з танкамі. Прызнацца па праўдзе, моцна тады фашысты білі партызан — мы сыходзілі крывёю. У нас не было чым абараняцца ад танкаў. І вось у баі пад вёскай Забалоцце, дзе партызанам пагражала поўнае акружэнне, гэтая старая жанчына са звязкай гранат выйшла на паядынак з танкам. У танку разляцелася гусеніца, і страшыдла з крыжам задыміла. Сваёй геройскай смерцю Мальвіна Дзяруга натхніла партызан і фактычна выратавала атрад. І гэта зрабіла простая беларуская сялянка. Пазайздросціць можна!

— Згодзен, — сказаў я.

— А колькі было слаўных спраў у іншых нашых жанчын у час вайны, я ўжо не кажу пра мужчын — партызан і савецкіх воінаў, — усхвалявана гаварыў Корань.— Уся Беларусь узнялася на барацьбу. Нашаму народу даражэй за ўсё свабода. Дзеля яе нашы людзі не шкадавалі жыцця. Два мільёны дзвесце тысяч загінула нашых людзей на фронце і ў тыле праціўніка. Акрамя гэтага, гітлераўцы трыста восемдзесят тысяч юнакоў і дзяўчат вывезлі ў Германію. Фашыстам ва ўсім памагалі людзі з чорнымі душамі — беларускія буржуазныя нацыяналісты, будзь яны праклятыя! Але народ выстаяў. — Корань уздыхнуў. — Як ні цяжка нам узнімаць гарады і вёскі, але трэба паклапаціцца і пра герояў нашага народа, ушанаваць іх памяць.

Корань гаспадарлівым вокам паглядзеў на юшку, зняў кацялок з вуголля, і мы сталі рыхтавацца да вячэры. Разліўшы страву — мне ў вялікую салдацкую конаўку, а сабе ў пагнутую алюмініевую міску, — стары вывернуў рыбу ў агонь.

— Што вы зрабілі? — здзівіўся я.

— Н-да... — Корань ухмыльнуўся. — Сапраўдны рыбак ніколі не будзе есці вываранай рыбы. Які з яе наедак!

Стары моўчкі сёрбаў юшку. Я спрабаваў загаварыць пра самае галоўнае, дзеля чаго паехаў на рыбалку, пра Петраград, але ён зрабіў выгляд, што не чуе мяне. Тады я пачаў есці. Якая гэта была смачная юшка, можа ведаць толькі той, хто хоць раз у жыцці ласаваўся ёю каля кастра ўначы. Не ў крыўду хай будзе сказана: ні адна самая найлепшая гаспадыня на кухні такой ежы не згатуе! Павячэраўшы, Корань закурыў, потым памыў кацялок, набраў вады і паставіў на жар для чаю.

— Чалавек, груба кажучы, нагадвае мне крыху топку катла, — сказаў Корань. Добра заправіш яе — пары будзеш мець у дастатку...

— Мірон Андрэевіч! А як вы гледзіце на тое, што паравыя катлы, на якіх вы паўвека працуеце, у будучым страцяць сваё ранейшае значэнне? — запытаўся я.

— Як я на гэта гляджу? — Корань, відаць, не чакаў такога пытання, ён моцна пацягнуў з люлькі і закашляўся. — Катлы зрабілі сваю справу і ў музеі зоймуць належнае месца... Хоць не адмовіліся ж мы ад каня, а чаму адмаўляцца ад катла... Ён яшчэ паслужыць чалавеку...

Мне казалі, што Корань, працуючы качагарам на Кіраўскім (былым Пуцілаўскім) заводзе, чуў прамову Леніна. Мяне гэта вельмі цікавіла, і я хацеў навесці яго на ўспаміны.

— Мірон Андрэевіч! Кажуць, што вы бачылі Леніна? — нарэшце спытаў я. — Які быў Ільіч?

— Помню — жвавы такі, але не мітуслівы, — заззяў Корань, — на ўсіх ласкава паглядае. Яго слова разумеў кожны, ды і як не разумець, калі яно гаварылася ў інтарэсах рабочага і ў абарону ўсяго народа. Вядома, яго разумелі лепш, чым іншых.

І Корань расказваў далей:

— Гэта было ў маі 1917 года. Эсэры хацелі правесці на Пуцілаўскім заводзе мітынг. Пры дапамозе салодкіх прамоў Чарнова яны думалі сагітаваць сорак тысяч пуцілаўцаў на падтрымку Часовага ўрада.

А Чарноў толькі на словах афарбаваны ў колер рэвалюцыі. Акрамя сувязі з масамі, якім ён гаварыў адно, Чарноў меў сувязь з буржуазіяй, якой гаварыў зусім другое.

Эсэры пачалі агітаваць рабочых: прыходзьце, моў, на сход. Прыедзе красамоўнейшы з прамоўцаў — Віктар Чарноў.

Даведаўшыся пра гэта, мы, беспартыйныя, пачалі прасіць бальшавікоў паведаміць у ЦК партыі, у палац Кшэсінскай.

Пуцілаўскі завод — найвялікшы арсенал, які вырабляў ваеннае ўзбраенне, вялікая маса рабочых, спаяных адзінай воляй і пралетарскімі інтарэсамі. Гэты калектыў заўсёды даваў рэвалюцыйны тон усяму рабочаму Піцеру, наводзіў страх на буржуяў стальной сваёй згуртаванаю грамадой. Калі рушыць саракатысячная маса Пуцілаўскага завода да Нарвскіх варот, якая сіла спыніць?

Мітынг пачаўся ў тры з паловай гадзіны дня на вялізнай плошчы заводскага двара. Гэта было вядомае месца пуцілаўскіх агульназаводскіх сходаў.

Трыбуна была на скорую руку збіта будаўнічым цэхам без усялякага ўбрання, без кветак, простая драўляная трыбуна.

Калі прагуў гудок, рабочыя першай змены выйшлі з цэхаў, спяшаючыся, на хаду пакуллем выціраючы рукі.

Хутка запаўняецца плошча, рабочыя займаюць чыгуначныя платформы: хто стаіць, хто садзіцца на край; усаджваюцца і стаяць на балванках, узбіраюцца на прылягаючыя карпусы — сталепракатны і жалезапракатны, на старую галоўную кантору. Тут і барадатыя старыя, і сярэднія, і зялёна-маладыя — стракаты пуцілаўскі састаў. Тут і салдаты, якія тады працавалі на заводзе.

Прамоўца Чарноў красамоўна заклікае масу падтрымліваць Часовы ўрад, выплаўляць гарматы, рабіць снарады — шасцідзюймовыя, фугасныя і саракадвухсантыметровыя і, галоўным чынам, — гарматы, гарматы і гарматы для прадаўжэння вайны.

Не цяжка было ў той час сабраць мітынг, але не кожны прамоўца мог уздзейнічаць на рабочага.

Слухаюць яго ўважліва, ветліва, хоць ведаюць, што ён гаворыць не тое, чаго хочуць усе.

Тады яшчэ меліся сярод некаторай часткі рабочых абарончыя настроі. Не такі просты быў пераход да ліпеньска-кастрычніцкай барацьбы.

Калі скончыў гаварыць Чарноў, раптам з’явіўся Ільіч. Неяк знянацку, з саракатысячнай масы падняўся ён на трыбуну.

І ў процівагу таму, што гаварыў Чарноў, Ленін давёў, што неабходна перш за ўсё заключыць мір без анексій і кантрыбуцый, спыніць кровапраліцце і голад, якія перажывае краіна.

Не ведаю, ці знойдуцца такія словы, каб перадаць тое вялікае захапленне, тую сілу, якой ён падпарадкаваў усіх, хто яго слухаў.

І калі Ільіч, гаворачы ад імя ўсіх і за ўсіх, выказаў свае думкі адносна вайны, пералом сярод пуцілаўцаў адбыўся на вачах, і чацвёртага мая пуцілаўцы на Неўскім, а потым першага ліпеня ля магілы ахвяр рэвалюцыі патрабавалі:

— Далоў дзесяць міністраў-капіталістаў, далоў Мілюкова і Гучкова дарданельскіх!

Рабочыя і цяпер помняць усё, што гаварыў Ільіч.

І кожны пуцілавец помніць гэтую грандыёзную карціну мітынгу рабочых, гатовых пайсці на любую барацьбу.

Гэты мітынг даў вельмі многа для гісторыі. Ён нацэліў пуцілаўскую масу, а пуцілаўская маса нацэліла ў рэвалюцыю. І гэты дзень я памятаю як самае цудоўнае ў маім жыцці, таму што ў гэты момант я ўбачыў велізарны пералом у розумах рабочых, зроблены сілай ленінскай праўды.

Корань змоўк. Я быў узрушаны ад простага, але пераканаўчага расказу старога, які сам усхваляваўся і мне перадаў гэта хваляванне.

— Скажыце, можа, вам яшчэ калі прыходзілася бачыць Леніна? — спытаўся я.

— Не, больш не давялося, — адказаў Корань. — А вось майму сябру, рускаму рабочаму, аднойчы пашчаслівіла гаварыць з Леніным вось так, як я з вамі гавару. Гэты сябар узяў замуж маю зямлячку. Яны жылі ў Ленінградзе, і ў час блакады ён памёр. Калі скончылася вайна, жонка вярнулася на радзіму. Я на днях быў у яе... Кабета перадала мне адну цікавую рэч. — Корань дастаў з кішэні пацёртую запісную кніжачку і ўрачыста прамовіў: — Мой сябар вось у гэтай кніжачцы — ён ніколі не разлучаўся з ёю да апошняга дыхання — расказвае пра Ільіча.

— Прачытайце, калі ласка, — узрадаваўся я.

Мы падклалі галля, ярка ўспыхнуў агонь. Корань разгарнуў запісную кніжачку (папера пажоўкла ўжо, сцерліся асобныя літары) і, запінаючыся, пачаў чытаць:

«Калі Часовы ўрад быў скінуты, Керанскі, які ўцёк, пераадзеўшыся ў жаночую вопратку, дваццаць сёмага кастрычніка павёў красноўскую банду на Петраград, і пад Лугу хлынулі з фронту верныя яго абаронцы, сябры Керанскага.

Ваенна-рэвалюцыйны камітэт у Смольным, спяшаючыся, арганізаваў баявыя атрады для адпору Керанскаму. Але пуцілаўцы, не чакаючы агульнай мабілізацыі Петраграда, самі арганізавалі атрады Чырвонай гвардыі і проста з тэрыторыі завода паяздамі і пеша пайшлі на Заходні фронт, на Краснае Сяло, на Тайцы, на Лугу, супраць контррэвалюцыйнай арміі.

Некалькі дзён быў я з атрадам пад Лугай. Там, у лясах Лужскіх, прыйшлося нам сустрэцца з атрадамі Керанскага. Мы ім падсыпалі куль, і яны вымушаны былі ўцякаць, як пацукі. Але ў нас не хапала панарам для гармат і не было правадоў і апаратаў для палявой тэлефоннай сувязі, а яшчэ прадбачыліся сутычкі з гатчынскай кераншчынай.

Тады я быў тэрмінова камандзіраваны на Пуцілаўскі завод для неадкладнай дастаўкі на фронт панарам і тэлефоннага абсталявання.

Я вярнуўся ў Піцер, прыняў усе неабходныя меры і, пакуль таварышы рыхтавалі ўсё патрэбнае, дзяжурыў у заводскім камітэце.

Пад трыццатага кастрычніка, прыкладна ў гадзіну ночы, дзяжурыў я з адным таварышам у памяшканні былога вагоннага аддзела Пуцілаўскага завода. На дварэ было сыра і холадна. Прагаладаліся. На пліце ў маім салдацкім кацялку зварылі бульбу, якую нам прынёс заводскі агароднік. Згатавалі чаю і размаўлялі аб падзеях. Я расказваў пра тое, як мы біліся на фронце.

Раптам аднекуль у суседнім пакоі, які вядзе да выхаду, з’яўляюцца дзве постаці. Адна — у скураной куртцы, у скураных штанах і ў рускіх ботах, з пісталетам на баку, а другая — сярэдняга росту, у асеннім паліто з паднятым каўняром і кепкай на галаве. Уваходзяць ціха і ідуць да нашага стала.

Мы ў сваю чаргу ідзём да іх насустрач.

Я зараз не помню, хто быў другі, але чалавек у паліто быў Ленін.

Мы трохі захваляваліся, чаму так позна Ільіч на заводзе. Спачатку меркавалі, што якое-небудзь асаблівае здарэнне яго сюды прывяло.

Яны прыйшлі да нас у пакой, і Ільіч пачаў распытваць. Ён задаваў мноства пытанняў, сярод якіх мне запомніліся:

— Які настрой на заводзе? Як рэагуюць рабочыя на захоп улады? Ці ідуць рабочыя на фронт?

Мы яму растлумачылі, што настрой на заводзе добры, вялікая колькасць рабочых паслана ўжо на фронт. Узбраення спачатку не хапала, але зараз дастаткова. Арганізуем дадатковыя атрады. З пульманаўскіх вагонаў для перавозкі вугалю са спецыяльнай сталі, якая ёсць на заводзе, зрабілі нядрэнны браняпоезд.

Тут я яшчэ дадаў:

— Бяру неабходныя для фронту панарамы і тэлефонны матэрыял для сувязі і вяртаюся заўтра з імі ў атрад.

Затым прапанавалі мы яму чаю і звараную бульбу:

— Можа быць, хочаце, Уладзімір Ільіч, есці?

Ён ахвотна згадзіўся:

— Не зашкодзіць...

Ён з’еў бульбы з хлебам і выпіў шклянку чаю. І я сказаў бы, што ён быў галодны. Бачыў я — еў ён з ахвотай. Відаць, заняты сур’ёзнымі справамі, не меў часу падумаць пра яду.

Калі мы запыталі яго аб прычыне прыезду, ён сказаў, што вяртаецца з фронту.

— Я заехаў па дарозе даведацца, якое становішча на Пуцілаўскім заводзе.

Мы сядзелі ўчатырох. Паўгадзіны Ільіч з намі гутарыў.

Гэтую гісторыю пра тое, як Ільіч еў бульбу ў пуцілаўскім заўкоме, ведаюць усе пуцілаўцы.

Было ўжо вельмі позна, калі Ільіч, цёпла развітаўшыся з намі, паціснуўшы нам моцна рукі, пажадаў поспехаў і выказаў упэўненасць у тым, што мы пераможам.

Мы яго праводзілі да выхаду з завода і выпусцілі праз брамку вагоннага аддзела.

Потым мы вярнуліся ў памяшканне заводскага камітэта, поўныя пачуцця асаблівай радасці ад гэтай сустрэчы».

Скончыўшы чытаць, Корань беражна паклаў запісную кніжачку ў кішэню пінжака. Мы былі пад уражаннем падзей даўно мінулых дзён, з якіх пачалася вясна чалавецтва.

— Мірон Андрэевіч! А што вы рабілі ў першыя дні рэвалюцыі? Дзе былі?

— У шмат якіх месцах быў, — успамінаў Корань. — Між іншым, разам з братвой з «Аўроры» ўдзельнічаў у разгроме контррэвалюцыйнай Стаўкі ў Магілёве... Салдаты пры мне на станцыі царскага генерала Духоніна, які спрабаваў наладзіць контррэвалюцыйны мяцеж супраць Савецкай улады, уходалі... З таго часу ў Беларусі асталяваўся... Пацягнула на радзіму...

— Чаму ж вы асталіся беспартыйным?

— У той час я меў адукацыю за народную школу, а калі падвучыўся, шмат у мяне на гэта пайшло часу, дык адчуў, што старэць пачынаю, — уздыхнуў Корань. — Але душою я заўсёды з партыяй... Яна вывела мяне, маіх дзяцей і мой народ у людзі... З нашай сям’і ў шаснаццаць чалавек толькі я са старой і трое ўнукаў беспартыйныя... Добра з партыяй і ў радасці і ў горы... Партыя, як маці, і патрабавальная і ласкавая... Яна ўзняла і тутэйшага чалавека на недасягальную вышыню... — Стары падумаў і заключыў: — Так што беларусы разам з рускімі і ўкраінцамі, з усімі савецкімі людзьмі заўсёды былі і будуць на перадавой лініі агню, такі іх характар...

Корань змоўк і паглядзеў на кацялок, у якім вада напалову выкіпела. Мы пачалі рыхтавацца піць чай. Стаяла цішыня. Толькі калі-нікалі было чуваць, як пляскаліся хвалі, набягаючы на пясчаныя берагі.

1956

 

 


1956

Тэкст падаецца паводле выдання: Гурскі І. Расцвілі вішні. Апавяданні. – Мінск, Мастацкая літаратура, 1989. – 311 с.
Крыніца: скан