epub
 
падключыць
слоўнікі

Ільля Гурскі

Набег

 

 

Паволі плылі ціхія воды шырачэзнай Прыпяці. На левым беразе рэчкі раскінуліся, як мора шырокае, заліўныя лугі. Справа відаць былі прасторы калгасных палёў, схіліўшы поўныя каласы, стаялі пераспелыя жыты.

Над абрывам, пад купчастаю вярбою, з вудачкаю ў руках, разуўшыся, закасаўшы па калені штаны, сядзеў Фрыц Шпрэхер. Ён марыў пра куфель піва, успамінаў сваю Гертруду, малых дзяцей, што асталіся ў далёкай Баварыі. Галава Фрыца пасля добрай выпіўкі — у гонар перамогі на ўсходнім фронце — была пустою.

Падбіралася пад поўдзень. Пякло жнівеньскае сонца. На сенажаці покатам ляжала пераспелая трава, шапацела. Яе ніхто не касіў: не было рук. Дзынкалі пчолы, пераляталі з травінкі на травінку матылькі, стракаталі конікі.

Шпрэхер ужо каторы раз перачытваў пісьмо ад жонкі: «Мілы Фрыц! — пісала Гертруда.— Не будзь дурнем. Падумай пра тваіх маленькіх дзяцей. Прышлі сваёй дзяўчынцы сукенку. Не страшна, калі яна будзе бруднай ці ў крыві, адмыецца». Ён доўга думаў, дзе дастаць падарунак для сям’і. Фрыц лаяў сябе за непаваротлівасць. Яго сябры за месяц вайны паслалі на радзіму па некалькі пасылак.

Рыбалоў да таго задумаўся, што не заўважыў, як торкнула, пацягнула ў дно. Ён падхапіў вудачку, падрэзаў рыбіну, на паверхні паказалася чырванапёрая плотка, яна адарвалася, махнула хвастом і рванула да другога берага.

«Кругом не шанцуе!» — падумаў Фрыц, начэпліваючы на кручок чарвяка, які выслізваў з яго нязграбных, як граблі, даўгіх пальцаў.

Аглядаючы шырокія лугі, векавыя дубровы, Фрыц хваліў бога і фюрэра, што яны, нарэшце, падумалі пра «жыццёвыя прасторы» для немцаў. «Навошта гэтым дзікунам,— думаў Фрыц,— столькі зямлі? Дый наогул, ці маюць яны права на жыццё?» Ён марыў авалодаць тут па меншай меры фальваркам, калі не маёнткам, прывезці сюды жонку з дзецьмі і зажыць спакойным жыццём. «Трэба прымусіць гэтых тубыльцаў (якія астануцца жыць),— думаў Фрыц,— каб яны на нас працавалі». Яму асабліва падабаліся словы фюрэра: «Немцы — клас паноў»; па думцы Фрыца, і ён народжаны, каб кіраваць.

У Фрыца былі непамерна вялікая галава, шэрыя вочы, яны блішчалі, як у ката, пад носам тырчалі падстрыжаныя бялёсыя вусікі. Ён схіляўся над вадою і, як перад люстэркам, круціўся, любаваўся сабою, прыгладжваў непаслухмяныя белакурыя валасы.

У хвойніку, што недалёка быў ад рэчкі, кішмя кішэў народ — старыя, жанчыны з дзецьмі; яны ўцякалі з гарадоў і мястэчак, шукаючы ратунку. Людзі ішлі на ўсход. Яны цягнуліся туды, як цягнецца ўсё жывое да сонца. Але куды ты ўцячэш ад напасці? Людзей абганялі фашысцкія танкі. На ўскраіне лесу сядзела Ганна Бобрык, ураджэнка горада Мінска, з сваёю дачкою Алачкай, якая бесклапотна шчабятала, не разумеючы, што робіцца на свеце, чаго яны ўцякалі з горада, а цяпер зноў туды ідуць.

— А куды мы ідзем? — пыталася Алачка.

— Куды вочы глядзяць,— адказала заклапочаная маці, папраўляючы на галаве ў дзяўчынкі ружовы банцік.— Ды не круціся ты, от непаседа.

— А чаму мы ідзем? — не сунімалася дзяўчынка.

— Злыя людзі зрабілі набег,— тлумачыла маці, думаючы, чым пакарміць дзіця,— хочуць нас пакарыць. Дык ты мяне, птушачка, зусім не слухаеш. Куды так угледзелася?

— Матылькі! Матылькі! Матылькі! — сарвалася з месца дзяўчынка. Яна пабегла на сенажаць, даганяючы матылька. Бялявая дзяўчынка з ружовым банцікам апынулася каля рэчкі. Алачка разгарачылася, шчочкі яе сталі чырвоныя, як макі. Калі дзяўчынка ўгледзела каля рэчкі незнаёмага чалавека ў зялёным, што лавіў рыбу, яна аслупянела. У яе навярнуліся слёзы.

«Сукенка»,— мільганула думка ў галаве Фрыца. Ён паківаў пальцам дзяўчынцы. Яна, напалоханая, кінулася бегчы. Алачка падумала пра «злых людзей», аб якіх ёй толькі што казала маці.

— Хальт! — крыкнуў фашыст.

Дзяўчынка ўцякала. Тады Фрыц прыцэліўся і стрэліў. Дзяўчынка, бездапаможна замахаўшы ручкамі, як матылёк крыллямі, упала. Ружовы банцік з пасмачкай бялявых валасоў адляцеў убок. Усё ў вачах дзяўчынкі перавярнулася, яна ў апошні раз бачыла сонца, якога ўсю зіму чакала. Фрыц, спяшаючыся, ішоў да дзяўчынкі. Ён быў задаволены, што выканаў просьбу жонкі, пашле сваёй дачцэ сукенку. «Ой, як яна будзе рада,— думаў Фрыц.— От, каб яшчэ чаравічкі дастаць, меншым дзецям крамніны, то і пасылку можна ладзіць». Ён накінуўся на дзяўчынку, як каршун на куранё, здымаў з неастыўшага яшчэ цела белую ў чорныя кропелькі сукенку.

— Дарма, што ў крыві, адмыецца,— падумаў уголас Фрыц.— Каб яшчэ чаравічкі і крамніны, дый жонцы што-небудзь трэба, хоць яна нічога і не піша пра гэта.

— А-ай, дзіця забілі, душагубы! — з крыкам кінулася бегчы Ганна.— Людцы, памажыце! Разбой сярод белага дня!

Вестка пра забойства дзіцяці маланкай абляцела вёску, якая над Прыпяццю стаяла.

Старая сялянка, маці трох сыноў, што ў першы дзень вайны пайшлі ў войска, Кацярына Вярбіцкая, спакойная жанчына, якая, бывала, кураняці не пакрыўдзіць, клікала да помсты.

— Людзі добрыя! — гаварыла сурова Кацярына жанчынам-сялянкам, што сабраліся каля яе, як кураняты каля квактухі ў час небяспекі.— Дараваць фашысту-кату нельга! Дзяўчынка нашае крыві. Спрадвеку так было, калі да нас прыходзілі чужаніцы, людзі іх білі, хто чым мог. Тутэйшы чалавек цярпець не мог, каб яго зямлю таптала розная там погань. Прагонім з нашае зямлі навалач. Пастаім за свой чалавечы гонар. Не дамо праклятаму фашысту здзекавацца з нашых людзей. За кроў дзіцяці фашыст павінен заплаціць сваёю паганаю крывёю.

І Кацярына, высока трымаючы галаву, гордая, свабодная жанчына зямлі беларускай, са сціснутымі кулакамі, у якіх былі каменні, пайшла да рэчкі, а за ёю сялянкі. Яны ішлі, і здавалася, што трава ім нізка кланялася; шумеў бор, журчала крынічная вада, клічучы да помсты.

Кацярына некалі была лепшая жняя ў полі, першая песенніца за сталом, добрая маці (яна нарадзіла шаснаццацера дзяцей, і ні адно з іх не памерла, усе былі дагледжаныя, хоць і жылі ў нястачы), яшчэ і цяпер яна выглядала значна маладзей сваіх год. Хто яе не ведаў, ніколі б не паверыў, што ёй ішоў пяцьдзесят чацвёрты год. Яе вочы гарэлі агнём нянавісці.

— Ірады! — ідучы, грозна гаварыла Кацярына.— Не бачыць вам пакоранай Расіі, як сваіх вушэй.

«О, знаходка! — думаў Фрыц.— І чаравікі. Будзе маёй маленькай Клары радасці».

Фрыц спакойна сцягваў з ног забітай Алачкі паношаныя чаравічкі. Яны не злазілі, тады ён дастаў складны ножык, парэзаў шнуркі.

Павеяў вецер. Загаманіў бор, застагнаў. Усхваляваныя людзі гулі, як патрывожаныя пчолы ў вуллі. Ганна з распушчанымі валасамі, з жахам і боллю, са злосцю і адчаем на твары падбегла да фашыста. У яе вачах было поўна слёз, калаціліся рукі. З ярасцю яна схапіла Фрыца за горла і пачала душыць. Яны тузаліся. Неяк вылузаўшыся, фашыст стрэліў. Ганна грузна апусцілася на зямлю, хацела нешта сказаць, але не магла. Скрывіўшыся ад болю, яна схіліла галаву, страціла прытомнасць і так нерухома застыла.

Беглі ўстрывожаныя жанчыны, яны трэслі кулакамі, падступалі да фашыста, крычалі на ўсе галасы:

— Крывапіўцы!

— Вон з нашай зямлі!

Напалоханы Фрыц адступаў, ён выставіў аўтамат, але страляць не адважваўся. Жанчыны прыціскалі фашыста да рэчкі. Ён апынуўся над абрывам.

— Чаго глядзіце, жанчыны? — крыкнула Кацярына.— Фашыст сам не палезе ў вір, яго трэба папхнуць. За што ты дзіця забіў? Зялёная жаба! Утапіць гэтую поскудзь, каб не паганіла нашу зямлю.

— Ута-а-пі-і-іць! — зашумеў натоўп.

Жанчыны з крыкам сапхнулі Фрыца ў рэчку. Ён паспрабаваў ухапіцца за бераг, але Кацярына стукнула яму каменем па галаве, сялянкі закідалі яго зямлёй, палкамі. Фрыц Шпрэхер некалькі разоў крыкнуў, набраў вады ў рот, захлынуўся і пайшоў на дно.

1944

 


1944

Тэкст падаецца паводле выдання: Гурскі І. Лясныя салдаты: Апавяданні і аповесць. – Мінск, Мастацкая літаратура, 1979. – 552 с., 1 л. іл. – (Б-ка беларус. прозы)
Крыніца: скан