epub
 
падключыць
слоўнікі

Ільля Гурскі

Над Нёмнам

 

 

Раным-рана прачнуўся Алік Смушкевіч: ён, не снедаючы, збіраўся пайсці на рэчку з вудаю. Алік даўно наважыў злавіць галавача, але ніяк не ўдавалася. Не так лёгка рыбіну на кручок увабраць. Гэтай ноччу Алік нават сасніў галавача, які ледзь не ўцягнуў хлопчыка ў рэчку. Толькі Алік хоць паламаў вуду, але ж адолеў галавача, выкінуў яго на бераг.

— Нешта мне не хочацца, сынок,— нездаволена гаварыла Хрысціна,— каб ты сёння ішоў на рэчку. Час трывожны, мала што можа здарыцца. Дый мне будзе сумна без цябе. З Галачкай не пагаворыш, яна яшчэ маленькая. Не ідзі, дзіцятка.

— Ат!

— А памятаеш, калі бацьку праводзілі ў лагеры, дык ты яму абяцаў, што будзеш мяне слухацца.

— Я, мамка, не забаўлюся...

— Ну добра, схадзі, на часінку. Кажуць, немцы ўжо блізка.

— Уга!

— Так. Ад чужынцаў дабра не чакай. Мне хочацца, каб ты быў каля дому, спакайней на сэрцы гэтак...

— Калі не будзе лавіцца, то я... а ты, мамуся, не сумуй... нічога са мной не здарыцца...

І Алік, спяшаючыся, узяў бульбы на прыманку галавача, чарвякоў на акуня, гароху на плотку, зняў з частаколу гладыш і пайшоў на рэчку. Маці правяла сына добрымі вачыма, узяла даёнку і пайшла даіць карову, бо пастух ужо даўно галёкаў: «Выганяй!» Нешта сёння і яму не спалася, ён сваёю дудою раней як звычайна падняў усіх на ногі.

Узышло сонца, яно было ярка-барвовым. Алік, перастаўляючы, як бусел, даўгія ногі, ішоў па роснай траве, пакідаючы сляды. Заслухаўшыся, як у вішняку заліваўся салавей, хлапец на момант спыніўся, а потым пералез цераз плот і прыбавіў кроку. Яго вабіла рэчка, цягнуў галавач з дому. Алік спяшаючыся ішоў, па калені закасаўшы нагавіцы, ішоў напрасткі да лазняку, што звісаў над рэчкай.

Паволі плылі воды срабрыстага Нёмана, відаць было пясчанае дно прыгажуні ракі. Нёман быў на дзіва спакойны, велічны і магутны. Аліку здавалася, што нідзе ў свеце няма чысцейшай вады за нёманскую, што няма прыгажэйшай ракі.

Вось з-пад карча шмыгнуў язь, прамчалася чарада чырванапёрых плотак, а за імі гнаўся шчупак, разявіўшы зяпу. Раптам у зеллі залапатаў, як цецярук, галавач і схаваўся ў віры. Алік ціхенька, як спрактыкаваны рыбалоў, падышоў да свайго месца. Ён раскруціў вудачку, начапіў на кручок кавалачак бульбіны, папляваў на яе (гэтак заўсёды рабіў яго бацька), закінуў вуду і прагна чакаў улову.

Хлопчык з вудачкаю сядзеў над ракою, забыўшыся пра ўсё на свеце. Раптам імкліва праляцела ластаўка, яна даставала крыллямі ваду і парушала цішыню. А неўзабаве наляцеў вецер, зарабацела вада. «Няйначай будзе навальніца»,— падумаў Алік. Торкнула, пацягнула. Рыбалоў падхапіў вуду, кручок быў пусты. Хлопчык зноў начапіў прынаду, закінуў вудачку і цярпліва чакаў здабычы. Каб злавіць рыбіну, патрэбны спрыт і кемлівасць. Алік падняў вочы, убачыў над сабою блакітнае неба. З захаду паволі плылі хмаркі, пераганяючы адна адну. Яны, як у люстэрку, адбіваліся ў вадзе. Схавалася сонца і зноў выглянула, на гэты раз сагрэла Алікавы ногі. «Як добра пад сонцам,— падумаў Алік.— Хочацца доўга-доўга жыць, толькі каб татка і мамка жылі». Хлопчык так любіў сваю маці, што яму здавалася: нідзе ў свеце няма лепшай мамы за яго. І хоць ён лічыў сябе мужчынам, але неяк ад бацькі далей быў і сам не ведаў чаму, а каб хто маці крануў, то ён з тым гатоў быў біцца.

Прачнулася вёска, загула, загаманіла: гаварылі людзі, рыкалі каровы, бляялі авечкі, пераклікаліся на ўсе галасы пеўні, скрыпелі калодзежы, нехта адбіваў касу, чутно было: «так-так-так»; з комінаў валам валіў дым. Узмацніўся вецер, запахла сырадоем і гноем. Каля старога бору, які шумеў, струною цягнулася гравійная дарога, абапал яе дбайнымі рукамі былі пасаджаны маладыя бярэзінкі, што цяпер гнуліся амаль да зямлі.

Хрысціна падаіла падласую і выганяла яе на пашу. Хрысцінай заўсёды вяскоўцы любаваліся. На ёй цяпер была кужэльная кашуля, вышытая гладдзю, падатканая спадніца, завязаная на галаве белая хустка, з-пад якой звісалі русыя валасы ў завітках. Шмат яна нацярпелася за гэтыя «завіткі», калісь за гэта нават у камсамол не прынялі, звалі — «паненка». На правай шчацэ Хрысцінінага белага твару была радзімка. Каб у Хрысціны не быў крыху кірпаты нос, яна была б прыгажуняй. Муж Хрысціны, Цімох Смушкевіч, які зараз быў на вайне, бывала, вачэй з яе не зводзіў. Пра Хрысціну ніхто ў вёсцы слова благога не сказаў.

Цяпер Хрысціна была ўстрывожана, нешта сэрца ныла, і хацелася плакаць. «Хоць бы там з Алікам чаго не здарылася,— думала яна.— Паслізнецца і — у рэчку, што я тады бацьку скажу? Гэта ж яго ўлюбенчык!» Яна хацела ісці да рэчкі і гукнуць Аліку, каб ішоў дадому, але малая Галачка ў хаце заплакала, і жанчына павярнула назад.

Знешне ў вёсцы Стары Бор як быццам нічога не змянілася, але ў сэрцах людзей быў вялікі смутак, трывога; усе нечага чакалі. Мужчыны, што падлягалі мабілізацыі, моўчкі рыхтаваліся ў паход; жанчыны плакалі. Перш у Старым Бары прайшоў слых, нібы нашы войскі занялі Кенігсберг, а потым сталі гаварыць, што немцы ў Баранавічах, нават бліжэй, у Стоўбцах, адкуль да вёскі рукою падаць. Праўда, дакладна ніхто нічога не ведаў, дзе немцы, а гэта яшчэ больш непакоіла людзей. Вёска Стары Бор стаяла недалёка ад гравійкі, і немец хутка мог сюды трапіць.

— Які гэта дурань сказаў, што вайна патрэбна чалавеку, як паветра? — пытаўся адзін селянін у другога.

— Хто табе пра гэта плёў?

— Мой падшыванец з школы прынёс.

— А ліха яго ведае,— гаварыў другі.— Як на мой дурны розум, то вайна чалавеку толькі шкодзіць. Колькі гіне дарэмна чалавечае працы, людзей. Але калі вайна пачалася, дык трэба ваяваць. Я хачу, каб маё дзіця мела свой куток, а таму з усіх сіл буду бараніць сваю радзіму. Дзякуючы Саветам чалавекам я стаў, нас людзьмі лічаць!

Раптам пачуўся гул матораў, людзі глядзелі ўгару, але нічога не было відаць. Гул набліжаўся. Паглядзеўшы на захад, людзі ўбачылі пыл, які высока паднімаўся ўгару. Народ нічога не бачыў, акрамя пылу. Нават неба засцілала пылам. З пылам прыходзіла навала.

Ужо чутно было лязганне машын. З лесу выскачылі матацыклісты, яны імчаліся да вёскі і бязладна стралялі.

— Немцы! — крыкнуў нехта.

Людзі кінуліся ў хаты, шукаючы ратунку, але хіба ў хаце схаваешся ад гэтай навалачы? Ехала бяда, закаваная ў броню, везучы з сабою смерць. Стары Бор абдало пылам, пасівелі сады, асунуліся людзі, задыхаліся. Нахлынула ў хаты бяда. Фашысты абівалі ў садах яшчэ няспелыя яблыкі, выдзіралі з вулляў соты. Спыніўшыся ў Старым Бары на кароткі прывал, гітлераўцы жэрлі награбленае ў сялян сала, масла, яйкі, малако, пацягваліся і кракталі.

— От гадаўё, колькі нарабілі смуроду! — бубніў селянін.— І як іх толькі зямля носіць, поскудзь такую. А каб яны спруцянелі. Недавяркі, каб яны свайго ценю баяліся.

У хату да Хрысціны заскочыў немец: ногі дугою, вушы абвіслыя, твар блінам, вочы мышыныя. Па яго пасінелым, як сліва, пляскатым носе відаць было, што ён любіць выпіць. І цяпер обер-яфрэйтар быў пад градусам, ад яго несла перагарам і нейкай кісляцінай. Ён стрыг вачыма, як злодзей. Падкідаючы ў руках гранату, як мячык, мусіць, каб запалохаць жанчыну, немец падышоў да куфра. Хрысціна скончыла карміць Галачку і з дзіцем на руках падышла да граткі, узяла талерку з яйкамі, каб аддаць прышэльцу. А фашыст гэтым часам не драмаў, ён падышоў да куфра, паклаў на лаву гранату і стаў перабіраць рэчы, адкладаючы лепшыя ўбок. Ён кожную рэч разгортваў і разглядаў, што б там ні было: мужчынская кашуля, жаночая кофтачка або нават трусікі. За гэтым заняткам і ўбачыла Хрысціна обер-яфрэйтара. З рук яе выпала талерка з яйкамі. Фашыст адскочыў ад куфра і схапіўся за аўтамат, але пераканаўшыся, што яму нічога не пагражае, працягваў сваю справу па адбору рэчаў. Хрысціна, сцяўшы зубы, маўчала, думаючы: «Рабунак сярод белага дня». Уся збялелая, яна так і стаяла ў нерашучасці да той пары, пакуль фашыст не пачаў адбіраць дзіцячыя рэчы. Нарэшце ён дабраўся да кавалка фланелі, што прызначаўся Галачцы на пялёнкі, і таксама яго адклаў.

— Ах ты, гадзіна! — не сцярпела Хрысціна, схапіла фланель і пачала ёю хвастаць фашыста па твары.— Дык ты за гэтым сюды прыйшоў, каб грабіць! А каб ты сцежкі не бачыў, валацуга! Вось табе, вось табе!

Для немца гэта было зусім нечакана, збянтэжаны, ён адступіў. Потым схапіў за руку і пачаў выкручваць.

— Пусці! — дзіка закрычала Хрысціна, выпусціўшы крамніну.— Пусці, кажу, зладзюга! Цьфу ў твае паганыя бельмы, рыжая морда! — і яна плюнула яму ў вочы.

Фашыст выпусціў руку. Хрысціна, прыціскаючы да сябе Галачку, кінулася ўцякаць. Ёю апанаваў страх, яна ўся калацілася. З вачэй Хрысціны каціліся слёзы. Трывога маці, відаць, перадалася дзяўчынцы, яны абедзве плакалі.

— Хальт! — выцершы вочы, крыкнуў немец.

Але Хрысціна не спынілася.

Тады немец выскачыў на ганак і пусціў кароткую чаргу з аўтамата ў жанчыну з дзіцем. Хрысціна ўпала, сутаргава абнімаючы зямлю, вымавіўшы: «Праклятыя!» А Галачка дык і не пікнула, у яе з галоўкі цякла кроў. Немец задраў нос, як быццам ён зрабіў важную справу. Цяпер толькі фашыст агледзеўся, што астаўся адзін, і, спяшаючыся, сеў на матацыкл, паехаў даганяць сваю часць.

— Мама, мамка! А я галавача злавіў! — узрадавана крычаў Алік, хутка ўваходзячы на двор, раптам астыў, выпусціў з рук вуду, галавача і гладыш, ад якога асталіся адны чарапкі.— Хто цябе, матуля?

— Пракляты фашыст, каб ён галавою налажыў,— слабым голасам паспела сказаць Хрысціна і страціла прытомнасць; яна пачала канаць.

— А-ай! — закрычаў спалоханы Алік.

— Супакойся, дзіцятка,— суцяшала суседка,— не плач, дай маці спакойна памерці, а то доўга будзе мучыцца.

Хмары, пераганяючы адна адну, закрылі сонца, узмацніўся вецер. Алік паглядзеў перш на маці, а потым на сястрычку, якія ляжалі мёртвымі. Яны на момант здаліся хлопчыку далёкімі. Яму страшна стала, як ён будзе жыць адзін. Аднак Алік не плакаў, неяк сэрца акамянела. Не любы цяпер быў яму і галавач, што ляжаў, разявіўшы рот, увесь упэцканы ў пясок. Падкралася нечае кацянё, хацела пацягнуць рыбіну, але не дало рады. Зашумела, загуло, бліснула маланка, ударыў гром. Закруціла, замяло, на вуліцы падняўся пыл слупам. Перад вокнамі Смушкевічаў раслі дзве вішні, іх пасадзіў Цімох, калі ажаніўся з Хрысцінай. Наляцеў вей-вецер, скруціў адну вішню, зламаў. Пачынаў секчы дождж. Людзі ўнеслі забітых маці з дачкою ў хату, паклалі на лавы. Гуло ў коміне, пастуквалі акяніцы, бразгацелі шыбы. Алік угледзеў каля акна гранату, узяў яе, вынес у сенцы, схаваў.

Пахавалі Хрысціну з Галачкай у адной магіле. Усе вяскоўцы, ад старога да малога, прыйшлі на могілкі, каб аддаць апошняе: «Бывайце!» Стоячы над свежай магілай, Алік горка плакаў. Гледзячы на Аліка, плакалі мужчыны і жанчыны, старыя і дзеці, яны плакалі над горкім сірочым лёсам. А толькі суседка заспакойвала:

— Нічога, гэта ж не дзяўчынка, а хлопчык, сябе ў крыўду не дасць.

Аліку ішоў трынаццаты год, на выгляд ён быў старэйшы. Цяпер у хлопчыка ад той бесклапотнасці і жыццярадаснасці, якая была раней, не асталося і напамінку. Аліку чамусьці здавалася, каб ён паслухаўся маці, дык нічога б гэтага не здарылася.

Вярнуўшыся з могілак, Алік нават баяўся заходзіць у хату, але перасіліў страх. Пастух гнаў кароў з пашы. Алік пераняў сваю падласую, загнаў у хлеў. У каровы распірала вымя. Не бачачы гаспадыні з даёнкаю, падласая была неспакойнай, яна прасіла, каб яе падаілі. Не знайшоўшы на месцы даёнкі — вядома, столькі ў хаце народу перабыло,— Алік узяў збанок і хацеў падаіць карову, але яна не дала малака. Мала гэтага, падласая добра насцябала хлапца хвастом па твары. На выручку прыйшла суседка, яна падаіла карову, напаіла Аліка сырадоем, запрасіла да сябе начаваць, бо заўважыла, што ён баіцца адзін аставацца ў хаце. Алік дрэнна спаў, варочаўся, круціўся, кідаўся, праз сон гаварыў: вядома, такое гора звалілася на яго галаву.

Прачнуўшыся раніцою, ён пайшоў дахаты. У Аліка зарадзілася думка — адпомсціць фашыстам, але як, хлопчык і сам яшчэ не ведаў. У яго руках зноў апынулася граната, якую ён доўга разглядаў, круціў у руках, меркаваў, што з ёю зрабіць: выкінуць ці схаваць, каб ніхто не знайшоў, а можа, калі-небудзь спатрэбіцца. І тут вырашыў: «Фашысцкую гранату запусціць у фашыста»; адпомсціць за маці і сястрычку. «Значыць, каб жыць,— прыйшла Аліку думка,— трэба змагацца. Можа, каб мама забіла таго фашыста, дык сама б асталася жыць».

Алік раней за ўсіх выгнаў карову ў поле, вярнуўся ў хату і з нейкай урачыстай узнятасцю рыхтаваўся паляваць на фашыста. Спакайней у яго стала на душы. Алік зірнуў на фота маці, якое вісела на сцяне, хлопцу здалося, што маці заклікае яго да помсты. Алік надзеў святочнае адзенне і выйшаў на двор. У агародзе пахла тытунём, яго яшчэ бацька садзіў, а маці палівала. У агародчыку перад вокнамі хаты ляжала зламаная вішня, на ёй трапятала пажухлае лісце.

— Куды ты выфранціўся? — спытала суседка.— Лепей прыбраў бы вішню.

— Пайду прайдуся.

— У будны дзень гуляць? — не паверыла суседка.— Што ты наважыў рабіць? З гуляння не наясіся хлеба. Нашы людзі любяць працаваць, яны, як мурашкі, усё цягнуць да гурту. Растрэсці гаспадарку кожны дурань здолее. Трэба думаць, як жыць, паклапаціцца пра будучыню.

— Пайду фашыста біць,— выпаліў Алік.

— Чым, мяшалкаю? — усміхнулася суседка.

— Во, граната,— паказаў Алік,— немец у хаце пакінуў. А гэта запал, уставіў і — гатова. Нам у школе старэйшыя хлопцы паказвалі. Ёю можна не аднаго фашыста забіць, а шмат. Забі фашыста — іначай ён цябе заб’е.

— Вой, вой! — жахнулася суседка.— Не трэба, дзеткі, гэтага рабіць, цябе заб’юць, і мы загінем. Адзін у полі не воін.

— Ого, яшчэ які воін!

— Дзіцятка, не трэба. Хто сцеражэцца, таго бог сцеражэ.

— А нашто яны маму і сястрычку забілі?

— Хіба ты не бачыш, колькі фашыстаў ідзе. Наляцелі, як саранча на нашы палі. Глянь, у паветры кружыць чорнае груганнё. Што ты ім зробіш?

— Пайду,— цвёрда сказаў Алік.

— Не хадзі, Алічак,— прасіла суседка,— можа, татка прыйдзе, а цябе дома няма.

— Не ўгаварвайце, пайду.

— А я людзей паклічу! — гразіла суседка.— Па бацьку пайшоў, хоць ты кол яму на галаве чашы. Не пушчу!

— Калі я сказаў пайду, то пайду,— як стары, гаварыў Алік.

— Тады хоць далей ад вёскі адыдзіся,— бачачы, што не ўгаварыць хлопца, гаварыла суседка,— каб не падумалі на нас, а то са свету звядуць. Ты не ведаеш яшчэ фашыста, гэта такая пошасць, не дай бог. Каб самому нажэрціся, фашыст гатоў другога задушыць. Але ён зломіць сабе галаву.

— Сам не зломіць.

— Але,— згадзілася суседка і параіла: — То ты, дзіцятка, ідзі ў шумігайнаўскі лес, там нідзе блізка вёсак няма і табе будзе спадручней асачыць звера.

— Добра,— абяцаў Алік.— А толькі вы нікому не кажыце, куды я пайшоў і чаго.

— Яшчэ што!

І ён пайшоў. «Ні пуху ні пер’я! — падумала суседка і перахрысціла хлопчыка.— Хоць бы твая рука не дрогнула, каб ты не прамахнуўся». Алік ішоў па прасёлкавай дарозе, ног пад сабой не адчуваючы. З-пад шапкі ў хлопчыка вылезлі выгаралыя на сонцы, падобныя на лён пасмы валасоў. Увесь твар у яго быў у рабацінні, аблупіўся нос. За адны суткі ў Аліка ўваліліся блакітныя, як неба, вочы, хлопчык неяк змізарнеў. Столькі гэтае дзіця перанесла пакут, што другі чалавек за ўсё жыццё гэтага не перажыў. З-пад ног у Аліка выпырхнула птушка. Ён забыўся і пабег за ёю, а потым спыніўся, няёмка стала самому. Як гэта, каб воін даганяў нейкае там птушаня. Калі ж угледзеў васількі ў жыце, то ўспомніў маці, яна летась навучыла яго віць вянок з іх. Ён нарваў кветак, але звіць вянка не здолеў. Забыўся за зіму, як гэта робіцца. «Ну і не трэба,— падумаў Алік,— віць вянкі — справа дзявочая. А мы — мужчыны, нам трэба ваяваць, каб абараніць бацькаўшчыну. Вернецца татка дадому, раскажу яму, як хадзіў паляваць на фашыстаў». У Аліка не выходзілі бацькі з галавы: «Мама так чакала тату, а цяпер яго не ўбачыць. І Галачка добрая, гэта дарма, што яна цягала мяне за валасы, бо была маленькай, дурненькай, а падрасла б, то ведала б, што мне баліць».

Думы Аліка парушылі нямецкія самалёты, якія ішлі на ўсход. «Яны ж таксама нясуць некаму смерць,— падумаў ён.— Праклятыя! Але нас не чапай, а калі зачапіў, галаву скруцім». Алік мацней сціснуў у руках гранату і прыбавіў кроку. Яму здавалася, што кожная травінка пад нагамі шапацела: «Забі фашыста, іначай ён цябе заб’е». Наперадзе паказаўся шумігайнаўскі лес, ён клікаў да сябе хлопчыка.

Алік увайшоў у лес, як у родны дом. Ці раз ён тут з бацькам збіраў грыбы, хадзіў у ягады, а то маці пасылала вязаць венікі. Стройнымі радамі стаялі хвоі, іх голле цягнулася на поўдзень. Шастаў пад нагамі верас, гулі шэршні, відаць, недзе блізка было іх гняздо. Дзе-нідзе пракідаліся лісічкі, траплялі часам сыраежкі, убаку стаяў мухамор. Алік, праходзячы каля яго, капнуў нагою і далей пайшоў. Ён наступіў на сук, хруснула пад нагамі, аднекуль выскачыў са складзенымі вушамі заяц. «Які порсткі!» — падумаў хлопчык. «І чаму зайцы такія баязлівыя? — прагаварыў Алік.— Усяго палохаюцца». Хлопец у думках разважаў: «А ёсць жа і людзі такія, што ўсяго баяцца. Мусіць, цяжка жыць на свеце чалавеку з заечаю душою. Я такім не буду, не хачу. Толькі каб не памерці. А чаму нельга зрабіць, каб жыць і жыць?» Ён зусім не заўважыў, што апынуўся ў беразняку, па яго меркаваннях, ён не павінен быў так хутка сюды дайсці. Алік угледзеў на бярэзіне пажоўклы лісток, ён ледзь трымаўся, трапечачыся на сонцы. «І чаму гэта дрэвы знізу жаўцеюць? — думаў Алік.— Ага, дык жа яны знізу і зелянеюць». Ён наглядаў гэта на вішнях, якія раслі пад вокнамі. Хлопчык перарэзаў граду, на якой раслі хвоі-разгірэкі, што нахіляліся ў розныя бакі (гэта месца звалі «п’яны бор»), і неўзабаве апынуўся на ўскраіне лесу, недалёка ад палянкі, куды некалі ездзіў з бацькам сена касіць.

Хлопчык ужо гадзіны са дзве сядзеў каля дарогі і, як спрактыкаваны паляўнічы, з-за таўшчэразнага дрэва высочваў фашыста-звера, чакаў зручнага моманту, каб адпомсціць за маці і сястрычку, за ўсіх людзей. «Не, фашысту не ўдасца заняволіць нас»,— успомніў ён словы дзеда Ахрэма. З грукатам праязджалі нагружаныя машыны, падвозячы да фронту боепрыпасы. Недалёка ішоў бой, чутна была не толькі артылерыйская кананада, але ружэйная і кулямётная стральба. З таго боку ішло шмат лёгка параненых салдат. Цяжка параненых везлі на машынах. Вось прагналі групу палонных чырвонаармейцаў. Алік углядаўся, можа, дзе бацька ідзе. Адзін палонны не мог ісці, ён сеў, каб адпачыць. Падышоў канваір, нешта сказаў, але палонны не паднімаўся. Канваір спакойна нацэліў аўтамат і застрэліў параненага палоннага. У Аліка аж закалаціліся рукі, ён заскрыгатаў зубамі. А машыны з фашыстамі ўсё ішлі і ішлі да фронту. «Паглядзім, як вы будзеце назад уцякаць,— зноў прыгадаў Алік разважанні дзеда Ахрэма.— От горача вам будзе!» Раптам на дарозе паказалася некалькі легкавых аўтамабіляў. У адной з машын — яны ўсе былі адкрытыя — Алік угледзеў чалавека ў акружэнні афіцэраў. «Мусіць, важная шышка»,— падумаў Алік і, падняўшыся ва ўвесь рост, выбег на шашу і з размаху кінуў гранату. Пачуўся выбух. «Важная шышка», у форме генерала, узляцела ў паветра. З машыны, што ішла за генеральскаю, пачуўся сухі трэск, гэта біў аўтаматчык. Алік убег у лес. Дзынкалі кулі, разрываліся. На галаву Аліка пасыпалася галлё. Хлопчык здагадаўся, што па ім страляюць, ён, прыгінаючыся, што ёсць сілы бег па лесе і хутка знік у гушчары. І генеральская ахова туды хлынула, але дарэмна. Аліка і след прастыў. Ён, калі скончылася страляніна, выйшаў на прасёлкавую дарогу і важна крочыў дадому, адчуваючы сябе пераможцам. Аб адным толькі Алік шкадаваў, што яму не ўдалося авалодаць генеральскаю шапкай, каб пахваліцца перад хлопцамі, чаго ён варты. А так, чаго добрага, яшчэ могуць не паверыць, што ён знішчыў фашысцкага генерала.

Алік ішоў паўз лес. Гаманіў бор. Яму здавалася, што нават лес ухваляе яго ўчынак. Шапацелі жыты, нібы размаўлялі паміж сабою калоссі. Хлопчыку здалося, што ён чуе іх галасы: «Добра зрабіў, што забіў фашыста». На вуліцы Аліка пераняла суседка:

— Што з табою, дзіцятка, чаму ты ў крыві! Адзежа ўся парвана?

Цяпер толькі Алік агледзеўся, што ў яго твар абдзёрты, падрана рубашка, расшастана калашына яго святочных портак. Суседка абмыла яго, пакарміла, улажыла спаць. Вестка аб гераічным учынку стараборскага хлопчыка хутка абляцела ўсё Наднямонне. «Значыць, фашыста можна біць»,— гаварылі людзі. А свавольству фашыстаў не было межаў. Неспакойна стала над Нёмнам, яго воды разносілі гнеў народны. Знішчэнне генерала было баявым хрышчэннем юнага мсціўца. З таго часу Алік Смушкевіч ходзіць па дарогах вайны, сее фашыстам смерць. І нават калі вайна скончыцца, ён не забудзе свае крыўды, не даруе фашыстам, што гэтулькі прынеслі людзям гора. Вялікая нянавісць у народа да фашыстаў. Партызаны ў кожным кутку б’юць фашыста і прыгаварваюць: «Хто пасее вецер, той пажне буру».

1944

 


1944

Тэкст падаецца паводле выдання: Гурскі І. Лясныя салдаты: Апавяданні і аповесць. – Мінск, Мастацкая літаратура, 1979. – 552 с., 1 л. іл. – (Б-ка беларус. прозы)
Крыніца: скан