epub
 
падключыць
слоўнікі

Ільля Гурскі

Нараджэнне героя

 

 

Штодня над рабочым пасёлкам, разразаючы паветра, раве заводскі гудок. З утульных і прыгожых катэджаў на вуліцы, абсаджаныя маладымі дрэўцамі, выходзяць поўныя сілы рабочыя. Майстаравыя, спяшаючыся, ідуць тратуарамі і па бруку да прасторных карпусоў завода.

На даляглядзе маячыць лес стройных каміноў, якія ўздымаюцца да сонца. Захлёбваючыся, на ўсе галасы дрыжаць заводскія гудкі. Яны клічуць людзей на работу.

З аднапавярховага дома выйшаў энергічны юнак у сіняй блузе. У хлопца прабіваліся чорныя маленькія вусікі, раздзімаўся кірпаты нос, жмурыліся быстрыя вочы; яны па-гаспадарску аглядалі вуліцу. Угледзеўшы пахіленае дрэўца, юнак спыніўся. Нехта вывернуў калок, да якога прывязаны быў клёнік. Пасуравелі вочы ў хлопца, нахмурыліся бровы. Ён паправіў дрэўца, прывязаў яго да калка і пайшоў далей.

Міхась Гаркавец працаваў у дызельным цэху трактарнага завода. Хлопец лічыўся лепшым токарам цэха, з ім надоечы сам майстар Шульга раіўся, як прадоўжыць тэрмін службы інструмента на кожнай вытворчай аперацыі. Юнак апошні час гэтым жыў. Яму вельмі хацелася што-небудзь зрабіць, але нічога не прыходзіла ў галаву. «Новае нараджаецца ў пакутах»,— прыгадаў хлопец дзесьці прачытанае.

Міхась шырока ступаў па бруку, нікога перад сабою не заўважаючы. Галаву свідравала думка: як скараціць расход каштоўнага інструмента на сваіх аперацыях? Каленчаты вал — складаная дэталь, для яго апрацоўкі неабходна каля дзевяноста назваў толькі рэжучага інструмента, розных прыстасаванняў. А на выраб інструмента ідуць самыя гатунковыя маркі сталі. Трэба эканоміць метал.

«Грам тону беражэ»,— успомніў юнак словы майстра.

Убачыўшы ў прысадах пустую лаўку, Міхась звярнуў убок: яшчэ не было другога гудка, рана ісці на завод. Сеўшы на лаўцы пад ліпай, хлопец задумаўся.

«Відаць, прычынай павышанага расходу інструмента будзе не зусім якасная заточка»,— не выходзіла з галавы думка ў Міхася.

«А можа, сапраўды знойдзена звяно, ухапіўшыся за якое можна выцягнуць увесь ланцуг?» — думаў юнак.

«Пры правільнай заточцы тэрмін службы інструмента павінен прадоўжыцца,— меркаваў Міхась.— Тады можна будзе павялічыць падачу, зразумела, стварыўшы моцнае ахалоджванне».

Выйсце, здавалася, знойдзена, і ўсё ж закрадаліся сумненні, як яно там будзе. Неабходна было параіцца са старэйшымі, больш спрактыкаванымі ў жыцці і рабоце людзьмі. У яго хоць і адукацыя ніштаватая: скончыў дзесяцігодку, але практыка малая. А што, як высмеюць яго прапанову: «вынайшаў веласіпед».

«Трэба дзейнічаць! — неяк Міхасю раіў Шульга.— Адзін раз спатыкнешся, другі раз будзеш глядзець пад ногі. Кожная новая справа патрабуе рызыкі».

Да Міхася падышоў майстар дызельнага цэха Антон Гаўрылавіч Шульга, з парыжэлымі абвіслымі вусамі, пыхкаючы люлькай, якая даўно патухла: з ёю стары мала калі разлучаўся; часам пасля абеду, прылёгшы на канапе, ён нават засынаў курачы. Былі выпадкі, калі стары, моцна задумаўшыся, трымаючы ў руках люльку, шукаў яе. З-пад вялізных брывей майстра свяціліся добрыя вочы. На высокім ілбе і каля вуснаў акрэсліліся глыбокія складкі.

— Добрай раніцы! — глухім голасам прывітаўся Шульга і, не чакаючы адказу, пасміхаючыся ў вусы, запытаўся: — Ты што, Міхасёк, так задумаўся? Мусіць, моцна здружыўся з дзяўчынай? А такі Галя Ганчарык удалая! Што ж, тады жаніся. З ёю не прападзеш... Усё ў яе неяк да толку...

— Дзень добры! — ветліва сказаў Міхась і ўскочыў з лаўкі, прапануючы: — Сядайце, Антон Гаўрылавіч! Мы яшчэ маем час.— Юнак падумаў і горача запярэчыў: — А толькі, Антон Гаўрылавіч, жаніцца мне яшчэ рана, нічога такога я не паспеў зрабіць. Дый, па праўдзе кажучы, Галю я мала ведаю... Якіх-небудзь некалькі месяцаў, як мы з ёю знаёмы... А спадарожніца ў жыцці, як вы казалі, вялікая справа...

— Вось ты які! — задаволена вымавіў Шульга.— Хвалю... А я ведаў аднаго хлопца, які пасля паўмесячнага знаёмства з дзяўчынай, не сказаўшы ні слова бацькам, пабег з ёю ў загс і распісаўся. Ён вучыўся на другім курсе інстытута, а яна на трэцім курсе тэхнікума. А цяпер ад бацькоў цягнуць грошы... Чалавеку, уступаючы ў жыццё, трэба мець талент у руках...

— Да таго ж мае бацькі яшчэ не бачылі ў вочы Галі. Ці адобраць яны нашу дружбу? — разважаў Міхась.— Дый бацькі Галіны нічога пра мяне не ведаюць. Яна чамусьці не адважыцца напісаць. Вось летам возьмем разам адпачынак і з’ездзім да маіх бацькоў у Гомель і да яе — у Старыя Дарогі...

— Вельмі добра! — усклікнуў Шульга.— А той хлопец, пра якога я табе казаў, жывучы ў адным горадзе, ніколі з ёю не зайшоў ні да сваіх старых, ні да яе... «Да чорта,— кажа,— старыя звычкі...» А тое, што ён да дваццаці сямі год жыве на бацькавым карку, лічыць зусім нармальным... Дык куды гэта годна! У моцнай дзяржаве і сям’я павінна быць трывалай...

— У мяне бацькі — самыя блізкія людзі,— падумаўшы, сказаў Міхась.— Я ніколі і нічога ад іх не таіў...

— Правільна! — адобрыў Шульга.— А той...

Шульга меў на ўвазе сына суседа-інжынера, які пакінуў бацькоў толькі таму, што тыя не дазволілі жаніцца з дзяўчынаю, якой ні яны, ні ён сам не ведалі. А можа, усё таму, што залішне песцілі сына, дзьмулі на яго. Вось і вырас ён беларучкай, прывык жыць на ўсім гатовым, не паважаў старэйшых і нават сваіх бацькоў ні ў грош не ставіў.

— Перш чым жаніцца, трэба цвёрда стаць на ногі,— прагаварыў Міхась.— І трэба яшчэ вывучыць характары: хлопец дзяўчыны, а дзяўчына хлопца... для гэтага можа спатрэбіцца год ці два.

— Во, во! Мы з сваёю старою, пакуль пажаніліся, пяць год дружылі... Затое потым век пражылі і ніколі ўсур’ёз не пасварыліся... Перагаворыш часамі, не без гэтага, але каб да сэрца прымаць... А адзін мой знаёмы так зрабіў: прызначыў у садзе тром дзяўчатам спатканне і даў слова: якая першай прыйдзе, з той і пажэніцца; ён так і зрабіў, а цяпер кожны дзень ідзе калатня...— Шульга перадыхнуў.— Дык ты з Гомеля, бацька рабочы... Мусіць, з маленства працуеш?

— Не. Але неяк так здарылася, што я, гуляючы, з шасці год стаў засцілаць свой ложак, чысціць чаравікі, а потым дроў прынясеш, вады... гэта ж няцяжка, у ахвоту зробіш!.. Я прывык да працы і без яе не магу жыць... Для мяне нічога не рабіць — гэта пакаранне.

— А як жа! Праца ўзвышае чалавека, робіць яго высакародным. А таму сынку, пакуль не ажаніўся і не пакінуў бацькоў, маці падавала начышчаныя генеральскія камашы: другіх ён не прызнаваў, бо трэба было згінацца і зашнуроўваць... А ў Галі бацькі, пэўна, інтэлігенты?

— Чаму?

— Яна заўсёды такая акуратная. Хоць і проста адзяецца, але з густам.

— Бацька яе працуе машыністам на паравозе, а маці некалі была кухаркай на станцыі. Старая цяпер дэпутат райсавета.

— А ўсё ж, Міхаська, што ў цябе за клопат? Калі, зразумела, не сакрэт?

— Задалі вы мне, Антон Гаўрылавіч, загадку: што зрабіць, каб прадоўжыць тэрмін службы інструмента? Думаў я крыху аб гэтым і вось што надумаў.

І хлопец выказаў майстру свае меркаванні. Расказваў ён хвалюючыся, як вучань на першым экзамене. Твар і нават вушы былі чырвоныя, а вочы іскрыліся агнём.

— А сынок мой! — узрадавана падскочыў Шульга.— А як жа ўсё гэта проста і пераканаўча. А я да гэтага і не дадумаўся. От што значыць навука і розум. Сёння ж параімся з тэхнолагам і прыступім да справы. Мне думаецца, што ў тваёй прапанове ёсць сэнс... А кінутае ў нашу глебу каштоўнае зерне ніколі не прападзе... яно абавязкова ўзыдзе... зарунее... З цябе будзе чалавек!.. От што...

Шульга запаліў сярнічку і задыміў люльку, запыхкаў. Узвіўся шызы дымок, запахла дабротным мультанам. Стары паволі падняўся, за ім лёгка ўскочыў юнак, і яны, ажыўлена размаўляючы, пайшлі ў напрамку да завода. Валам валілі рабочыя, весела пераклікаючыся паміж сабою. Шульга з Міхасём мінулі заводскія вароты. Прахрыпеў апошні гудок. Гаспадарамі майстар і токар зайшлі ў цэх. Каля станкоў ужо варушылася моладзь. Міхась адразу прыкмеціў, што Галя сёння нейкая неспакойная і нечым усхваляваная. Ён падышоў да дзяўчыны і пасля прывітання запытаўся:

— Што здарылася, Галюся, чаму ты сёння не такая, як заўсёды?

— А дзе ты прападаеш? — голас у Галі здрыгануўся, у ім прагучала нотка дакору.— Чаму познішся на работу?

— Пасля раскажу,— весела ўсміхнуўся Міхась.— Галка, каб ты толькі ведала... Цыганка!..

На гэтым іх размова скончылася, бо майстар з тэхнолагам паклікалі яго да сябе. Не бачыў Міхась, як у Галі задрыжалі вусны, як закруціліся ў чорных вачах слёзы, як наліліся чырванню, нібы пераспелыя вішні, смуглявыя шчокі. Не ведаў хлопец, што гэтай раніцай дзяўчына першы раз пераступіла парог яго кватэры, каб павіншаваць з днём нараджэння і разам ісці на работу, але не застала яго дома. Гаспадыня кватэры паказала халасцяцкі пакой. Там быў вялікі беспарадак, чаго раней за Міхасём ніколі не заўважалася. На стале ўзвышаўся стос кніжак, адна ляжала раскрытай, у сшытку былі зроблены нейкія запісы.

— Не ведаем, што робіцца з хлопцам,— паведамляла гаспадыня кватэры.— Позна прыходзіць, кажа, што працаваў у бібліятэцы. Не чуем, калі лажыцца спаць, і раней за ўсіх устае. Сёння мы яшчэ спалі, калі ён пайшоў. Мусіць, нават забыўся пра свае імяніны. Муж уранні хацеў яго за вушы пацягаць. Адно ж уцёк! — дадала яна, усміхаючыся.

Галі хацелася прыбраць у пакоі, але яна не адважылася: яшчэ і так можа дрэннае падумаць пра яе гаспадыня. Дзяўчыне здалося, што хоць жанчына была ветлівай і стрыманай, але, пэўна, у душы насміхалася. Прынамсі, яе вочы казалі пра гэта.

«І навошта я туды ішла,— дакарала сябе Галя,— толькі будуць лішнія размовы. Дый, чаго добрага, Міхась падумае, што я за ім бегаю, заганарыцца. Хлопцы астаюцца хлопцамі! Ім нельга паказваць, што ў іх закаханы. Яшчэ і падарунак пакінула — чайны сервіз». Але яна ўзяла слова з гаспадыні, што тая не скажа, хто да яго заходзіў. Ой, гэтая маладосць, на якія толькі неабдуманыя ўчынкі здольны людзі!.. «І куды ён мог так рана пайсці?.. Дык жа і ўвечары позна прыходзіць... Можа, падружыў з якой дзяўчынай?..»

Галіна нібы прачнулася: яе сяброўкі працавалі, а яна яшчэ наладжвала станок. Заўсёды шустрая, цяпер дзяўчына чамусьці была вялай. Рознае лезла ў галаву. Няўжо ён пакахаў другую?

Спрактыкаваны майстар Шульга ўбачыў у прапанове Міхася такое наватарства, якое можа даць добрыя вынікі, і хлопца горача падтрымаў. У старога было такое адчуванне, нібы расчынілі вокны і ў цэх павеяў свежы красавіцкі вецер. Лёгка дыхалася. Пасля некаторага вагання і тэхнолаг згадзіўся паспрабаваць, што з гэтага выйдзе, хоць у размове нібы між іншым кінуў: «Вельмі смелы эксперымент».

— А па-мойму, хлопча,— звяртаючыся да Міхася, гаварыў Шульга,— цябе чакае ўдача. На вас, маладых, не ўплываюць старыя прывычкі... Ты любіш працу і дружыш з кніжкай... Дзейнічай!.. От што...

— Дзякую, Антон Гаўрылавіч, за добрае слова,— загарэўся Міхась. Ён адчуваў у сабе сілы, і здавалася, зможа адолець любыя цяжкасці. Падтрымка старога майстра яго акрыліла.— Што ж, паспрабую, а не выйдзе — зноў буду шукаць... Калі ў гэтым будзе неабходнасць, то і прапановы з’явяцца... Пачну!..

— Жадаю поспеху,— сказаў Шульга.— Гонар працы!

— Яшчэ раз дзякую!

Міхась уключыў матор. Як у ліхаманцы закружылася, загуло. Змейкай выкручвалася сіняватая металічная стружка. Раптам здалося, нібы ўздрыгануўся станок. Юнак, хвалюючыся, выключыў ток. Аказалася, выкрышыўся разец. Токар здзіўлена паглядзеў на майстра, які неўзаметку кусаў вус. А ў тэхнолага, хоць ён умеў хаваць свае пачуцці, усё ж па вачах можна было прачытаць: «Ну, а што я казаў?»

Зірнуўшы на тэхнолага, Шульга прагаварыў:

— Што ж, адзін раз не выйшла, гэта не значыць, што другі раз, трэці не выйдзе...

Шмат бяссонных начэй правёў у пошуках юнак. Хлопец не здаваўся, не такой ён быў натуры. «Упарты»,— казалі пра яго.

«А што, калі змяніць геаметрыю разца?» — нарэшце прыйшла думка Міхасю. Юнак ледзь не ўсклікнуў: «Знойдзена!»

Міхась даў свае чарцяжы для заточкі інструмента, змяніўшы крыху вугал разца. Потым павялічыў на такарным станку падачу, а на фрэзерных — удасканаліў рэжым рэзання і адрэгуляваў ахаладжэнне.

Цяпер стала ясна, што пачын токара-камсамольца мае вялікую будучыню. Практыка паказала, што фрэзы ад заточкі да заточкі могуць апрацоўваць не восем валаў, як было дагэтуль, а адзінаццаць-дванаццаць. А потым электраіскравае ўмацаванне фрэзаў дазволіла павялічыць колькасць апрацаваных паміж заточкамі валаў да чатырнаццаці-пятнаццаці. Змена ж геаметрыі разца зусім спыніла паломку. Разец больш не выкрышваўся.

Міхась так аддаўся працы, так загарэўся і захапіўся наватарствам, што ў апошні час яму зусім не было калі пагаварыць з каханай дзяўчынай. Гаспадыня стрымала слова: яна не сказала хлопцу, хто яму прынёс падарунак. Гэта юнака вельмі інтрыгавала, ён аднойчы хацеў нават падысці да Галі і запытацца, ці не яна тут замешана, але не адважыўся, бо ведаў, што яна не прызнаецца. Галя ўсе гэтыя дні нечага дзьмулася на яго, а калі часам сустракаліся, дык старалася глядзець у другі бок, каб не сустрэцца вачыма. Ёй сказалі сяброўкі, што Міхась перапісваўся з нейкай гамяльчанкай, з якой вучыўся ў адной школе. Галя пры спатканні з Міхасём злавала на яго, а на адзіноце сумавала па ім і ўздыхала.

Поспехі, якіх дабіўся Міхась, ускалыхнулі ўвесь дызельны цэх. Асабліва імі ганарыўся майстар, бо па яго падліках гэта давала вялікую эканомію. Шульга настаяў, каб неадкладна склікаць сход інжынерна-тэхнічных работнікаў і перадавікоў цэха. На ім быў вызначаны план арганізацыйных і тэхнічных мерапрыемстваў па ўкараненню пачыну токара.

Неяк Шульга, праходзячы па цэху, спыніўся каля Галі. Ён ведаў пра яе адносіны да Міхася, і таму незразумелым быў сумны настрой, які апанаваў дзяўчыну ў апошні час.

— Галя! Чаго ты насупілася? Няўжо цябе не радуе нараджэнне героя?

— Якое нараджэнне?..— перапытала Галя.— У каго?

— Я пра Міхася. Хіба гэта цябе не радуе?

Зашчымела ў Галі сэрца, цёмна стала ў вачах, пабялелі шчокі. «Значыць, праўду дзяўчаты казалі пра гамяльчанку,— падумала Галя.— А цяпер нараджэнне...»

— Чаго ж мне радавацца? — паглядзела сумнымі вачыма Галя на майстра.— Я такі дагадвалася...

— Як? — здзівіўся Шульга, нічога не разумеючы.— Увесь цэх радуецца, увесь завод. Такая эканомія!.. Патрыятычны пачын маладога рабочага Міхася Гаркаўца радуе не толькі рабочых нашага завода... От што! А ты кажаш, «дагадвалася»...

— Гэта і мяне радуе,— хвалявалася Галя.— Але нараджэнне...

— А як па-твойму, няўжо ты не бачыш, што Міхась — гэта чалавек, які клапоціцца аб заводзе, аб ўсёй краіне? — пытаўся Шульга.— Вось табе і нараджэнне героя...

— Што? — схамянулася Галя.— Дык вы ў Міхасю бачыце нараджэнне героя?

— Канечне.

— От бо дурная, а я немаведама што пра яго падумала,— узрадавалася дзяўчына.— Антон Гаўрылавіч! То вы хоць яму нічога не кажыце...

— Да самага вяселля буду маўчаць. А толькі ці хутка яно будзе?

— Не ведаю,— засаромелася Галя.

— Чаму? — задыміў люльку Шульга, запыхкаў, як паравоз.— Не абавязкова адкладваць паездку да бацькоў на лета... Пры жаданні можна і раней управіцца...

— Адкуль вам усё гэта вядома? — здзівілася Галя.

— Дрэннае далёка чуваць, а добрае яшчэ далей,— прыжмурыў вочы Шульга.— Вось паглядзіш, Галя, пра пачын Міхася хутка будзе ведаць увесь горад, уся рэспубліка... З нараджэннем новых заводаў нарадзіліся новыя людзі... У Міхасю бачу я рысы чалавека будучыні... От што!..

— Ага,— задумалася Галя, паглядаючы на свае ногі.— А людзі будучага ці будуць кахацца? Бо некаторым і цяпер няма часу...

— А як жа,— разгладзіў вусы Шульга, нічога не падазраючы.— Пры камунізме чалавецтва дасягне вышыні свайго росквіту... Людзей не будзе спакушаць ні золата, ні іншыя каштоўнасці... Чалавек стане абсалютна незалежны, і каханне будзе самае высакароднае... От што!

У гэты час паказаўся Міхась. Ён ішоў хутка, шукаючы некага вачыма.

— Антон Гаўрылавіч! — радасна гукнуў Міхась.— Можна вас? На хвілінку!

Майстар павярнуўся і паволі пайшоў у бок канторы цэха. Радасна ў Шульгі было на душы. Не прапала дарэмна праца многіх год, растуць новыя рабочыя...

— Антон Гаўрылавіч! — весела спаткаў старога Міхась.— Мяне ўвечары выклікаюць у гарком партыі... Можа, і вы са мною паедзеце?..

— А пры чым тут я? — запярэчыў Шульга.

— Як пры чым? — здзівіўся Міхась.— Вы ўвесь час накіроўвалі маю думку ў пэўным напрамку... І вось вынікі...

— Не, Міхасёк, я шчыра рады за цябе, а толькі не хачу быць вясельным генералам,— цвёрда сказаў Шульга.— Ты расправіў свае крыллі сам, без чыесьці дапамогі, дык і ляці ў вышыню... А калі хто варты таго, каб яго спамянулі добрым словам, дык скажы... Адно ў мяне толькі пажаданне: не спыняйся пасярод дарогі.

— Дзякую, Антон Гаўрылавіч, шчыра дзякую,— і так паціснуў руку, што ў старога аж звяло пальцы.— Я ніколі не забуду вашых клопатаў пра мяне, пра ўсіх нас, маладых...

— Ага,— успомніў Шульга.— Не сушы дзяўчыну... Заняўся наватарствам і яе закінуў... Не адабраю... От што!..

— Паскардзілася? — Міхась хацеў пайсці да Галі, але скончыўся перапынак на абед, і ён узяўся за работу.

На другі дзень у газетах была надрукавана пастанова гаркома аб пачыне токара Міхася Гаркаўца.

Майстар цэха, Антон Гаўрылавіч Шульга, надзеўшы акуляры, чытаў і перачытваў кароткую заметку аб наватары. Вочы яго смяяліся, ён ад душы радаваўся нараджэнню героя. Згарнуўшы газету, Шульга падкруціў свае вусы і закурыў люльку. Спявалі на ўсе галасы станкі, і сэрца старога прасіла песні.

1952

 


1952

Тэкст падаецца паводле выдання: Гурскі І. Лясныя салдаты: Апавяданні і аповесць. – Мінск, Мастацкая літаратура, 1979. – 552 с., 1 л. іл. – (Б-ка беларус. прозы)
Крыніца: скан