epub
 
падключыць
слоўнікі

Ільля Гурскі

Настаўнік

 

 

Толькі пад вечар Ніканор Парфіравіч і Арына Міронаўна Карчагіны вярталіся са станцыі Мядзвецкае ў вёску Лясное, адкуль яны праводзілі ў войска сваіх былых вучняў. Сярод іх былі радавыя чырвонаармейцы і камандзіры запасу. Уся дарога ад Мядзвецкага і да самага Ляснога была абсаджана слівамі і вішнямі. Настаўнікам прыемна было бачыць вынікі свае працы, яны калісьці з сваімі вучнямі абсадзілі першы кіламетр гэтай дарогі пладовымі дрэвамі, рэшту закончылі людзі.

Сівенькая клінком бародка ў Ніканора Парфіравіча неяк задралася ўверх. Карчагін быў ніжэй сярэдняга росту. З-пад яго густых брывей, якія зрасліся на пераноссі, свяціліся задумёныя шэрыя вочы. Арына Міронаўна была вышэй сярэдняга росту і за апошнія гады папаўнела. Яна сама сябе за гэта не любіла. Арына Міронаўна была адзета ўся ў чорным, гэта некалькі скрадвала яе паўнату. На галаве ў яе быў старамодны чэпчык, з-пад якога вылезлі пасмы спрэс сівых валасоў. На твары і на лбе ляжалі глыбокія маршчыны; іскрыліся невялічкія блакітныя вочы.

Яны моўчкі ішлі па брукаванай дарозе, трымаючыся за рукі, як некалі ў маладосці. У Мядзвецкім шмат было народу, маладых і ў гадах, вясёлых і панурых, якія ехалі ў розныя бакі краіны, каб бараніць радзіму ад напасці, што так неспадзявана і раптоўна нахлынула. На вакзале вузлавой станцыі Мядзвецкае спявалі і плакалі, іграў гармонік, танцавалі, там было мора людскіх галоў. Людзі снавалі ў розныя бакі, некуды спяшаліся, усё гэта нагадвала разварушаны мурашнік, адчувалася трывога. Цяпер людзі разыходзіліся па вёсках, ішлі па дарозе, абганялі Карчагіных, спяшаліся дахаты.

Карчагіны былі бяздзетныя. Праводзячы былых вучняў на вайну, яны праводзілі іх, як сваіх дзяцей. Калі старыя развітваліся з імі, то час ад часу выціралі слёзы, лезлі ў галаву думкі, што, можа, шмат з кім яны ўжо больш ніколі не пабачацца.

Хораша пражылі свой век Ніканор Парфіравіч з Арынай Міронаўнай, недарэмна пражылі і калі б ільга было, то яны б спачатку паўтарылі сваё жыццё. Адно толькі, чым яны былі нездаволены, што ў іх не было дзяцей. Карчагіны настаўнічалі ў Лясным больш за сорак год. Шмат яны вывелі сялянскіх дзяцей у людзі.

Лясное ўтапала ў садах. Нямала Ніканор Парфіравіч уклаў сваёй кіпучай энергіі, каб людзі ў Лясным зажылі па-чалавечы. Калі ён з Арынай Міронаўнай прыехалі ў Лясное пасля сканчэння Нясвіжскай настаўніцкай семінарыі, на гэтым месцы, дзе цяпер узвышаўся прыгожы будынак школы, была карчма. А насупраць школы, дзе стаіць Дом культуры, была царква. Замест саду, які цяпер быў навакол школы, рос быльнёг. Першы год яны настаўнічалі ў курнай хаце, рыхтаваліся да заняткаў пры лучыне. А цяпер не толькі ў школе і Доме культуры, але і ў калгасным хляве была электрычнасць. Святло даваў млын. Шмат прыйшлося паваяваць, каб на месцы карчмы паставіць школу, дабіцца кавалка зямлі.

Першымі саджанцамі каля школы былі два срабрыстых таполі, якія цяпер разрасліся і ўзвышаліся, як маякі. У сонечную пагоду яны далёка былі відаць. Потым Ніканор Парфіравіч з вучнямі ўзяўся за школьны сад, а пазней і за сялянскія сады, рабіў сам прышчэпы. Кожнае садовае дрэва ў Лясным было ім самім выгадаванае. А з’явіліся сады, з’явіліся і пчолы, нават цэлыя пасекі.

Каля Ляснога некалі былі непраходныя балоты, людзі вясною цягалі кароў за хвасты. Ніканор Парфіравіч умяшаўся і ў гэту справу. Шмат было гвалту, некаторыя не хацелі лезці ў дрыгву, але цяпер расла цімафееўка. А ўздоўж невялічкай балотнай рэчкі Крывія, якая падковай агінала Лясное, з’явілася цэлая сістэма сажалак, там гадавалі карпаў. Дабрабыт людзей намнога палепшыўся.

І сам Карчагін абжыўся. У яго была цэлая гаспадарка: карова, свінні, авечкі, куры, гусі і мноства трусоў. Хто б да яго ні зайшоў і ні заехаў, без пачастунку не абыходзілася. Нават жабракі і лірнікі былі частымі гасцямі ў Карчагіных. Ніканор Парфіравіч любіў пасядзець з людзьмі за чаркай, паслухаць навіны, песні, легенды і казкі. А Арына Міронаўна любіла дагадзіць госцю, хто б ён і адкуль ні быў. На стале з’яўляліся розныя прысмакі, аж вочы разбягаліся. Былі людзі, якія на Карчагіных крыва паглядалі. А перад самай калектывізацыяй некаторыя настаўнікі, з-за зайздрасці, пагаварвалі нават, каб Карчагіна раскулачыць. І каб сакратар Мядзвецкага райкома партыі не зацікавіўся і не выехаў сам на месца, прыйшлося б настаўніку развітацца з гаспадаркай і самому з Ляснога выбірацца.

Усе, хто вучыўся ў Ніканора Парфіравіча, да самай смерці яму ўдзячны. Пачатак заняткаў у школе быў святам для дзяцей. Трэба было бачыць, з якім хваляваннем і радасцю кожны год уваходзіў настаўнік першы раз у клас. Для яго было вышэйшым гонарам навучыць дзіця чытаць і пісаць першую літару. А як старанна ён выводзіў на дошцы: 1 + 1 = 2; ніхто ў ваколіцы з настаўнікаў не ўмеў так зацікавіць дзяцей матэматыкай. Карчагін сам любіў працу і прывіваў гэту любоў дзецям. Любімымі яго словамі былі, якія ён часта паўтараў: «Усё пераможа ўпартая праца». Ніканор Парфіравіч прывіваў любоў да роднага слова, літаратуры, радзімы. У Лясным было шмат музыкаў, і ў гэтым заслуга Карчагіных. Ніканор Парфіравіч і Арына Міронаўна ўвялі ўрок музыкі ў школе, і, што грэх таіць, часам ад Карчагіна некаторыя вучні атрымоўвалі смыка, але на гэта ніхто не крыўдзіўся.

Ніканор Парфіравіч з Арынай Міронаўнай прыйшлі з Мядзвецкага яшчэ завідна. У Лясным стаяла цішыня. Яны моўчкі прыселі на лавачцы пад адным з таполяў, каб крыху адпачыць.

— Ніканорушка, можа, есці будзеш? — парушыла цішыню Арына Міронаўна.

— Нешта, матуленька, не хочацца,— адказаў Ніканор Парфіравіч.

За лесам садзілася сонца. Гнаў пастух кароў. Ніканор Парфіравіч і Арына Міронаўна пайшлі ў кватэру, хоць ім і не хацелася нізавошта брацца, але трэба было прывесці гаспадарку да ладу. З Мядзвецкага яны прыйшлі нейкімі спустошанымі і вялымі.

На трэці дзень вайны на станцыю Мядзвецкае наляцелі фашысцкія самалёты. Было гадзін адзінаццаць ночы. Ад выбухаў бомбаў у Карчагіных пасыпаліся шыбы. Гарэў вакзал, высока шугала полымя, валіў чорны дым. Па пакоях у Карчагіных гулялі вятры. Завыла ў коміне. Пахла гарэлым. Старых апанаваў страх. Ніканор Парфіравіч накінуў на плечы Арыне Міронаўне асенняе паліто, а сам ахутаўся нейкай хусткай, і яны выйшлі на двор. То там, то сям чулася гамонка, не спалася людзям у тую ноч. Толькі досвіткам старыя, седзячы на лаўцы пад таполяй, тулячыся адно да аднаго, як галубы, крыху звялі вочы.

А праз тыдзень у Лясное чорнай хмарай нахлынула фашысцкае груганнё. Гітлераўцы ад салдата і да генерала былі нахабнымі, тупымі і самадавольнымі. Яны глядзелі на людзей з пагардай, зверху ўніз, насміхаліся. У школе змясціўся фашысцкі штаб. За некалькі дзён у Карчагіных сцерлася ўся іх гаспадарка.

Ніканору Парфіравічу не так шкода было маёмасці, як крыўдна за знявагу чалавека. Выкінуты з свае кватэры, ён з Арынай Міронаўнай туляўся па чужых хатах. Ён асунуўся і яшчэ больш пасівеў.

Фашысты за некалькі дзён стаянкі ў Лясным усё дашчэнту знішчылі. Не пазнаць, дзе былі палеткі, а дзе сенажаць. А калі Ніканор Парфіравіч па просьбе сялян паскардзіўся начальству, то яго збілі.

Марудна цягнуўся час фашысцкай акупацыі, дзень здаваўся годам, цэлай вечнасцю. Паволі паднімаўся народ на змаганне з фашыстамі. Людзі, якія апынуліся ў няволі, кідаліся з боку ў бок, як падстрэленыя птушкі, шукалі выйсця, ратунку. Лясное стала цэнтрам, дзе гартаваўся чалавек, адточвалася нянавісць да фашыстаў. Сюды збіраліся людзі, якія прыносілі і добрыя і дрэнныя навіны, а адсюль выходзілі акрыленыя, з думкай, што трэба брацца за дубіну і бараніцца, бо іначай фашысты са свету звядуць.

Ніканора Парфіравіча і Арыну Міронаўну да глыбіні душы патрэсла, калі яны даведаліся, што ў Мядзвецкім за адзін дзень фашысты знішчылі ўсіх яўрэяў. Ніканор Парфіравіч сваім вушам не верыў, калі яму расказалі, што фашысты пераламвалі дзецям хрыбты і кідалі іх у магілу. Каб пераканацца ў гэтым, ён сам пайшоў у Мядзвецкае, паглядзець сваімі вачыма, што там робіцца.

Настаўнік з кіем у руках ішоў у Мядзвецкае. Пераганялі адна адну свінцовыя хмары, якія сунуліся з захаду. Не пазнаць было дарог. Гусеніцамі танкаў паламаны былі, павыварачваны слівы і вішні. А дрэвы, якія стаялі, адзеліся ў жоўтае лісце. Адляталі журавы ў вырай, і жалобна чуліся іх крыкі ў вышыні.

На ўскраіне Мядзвецкага не была закапана адна вялізная яма з трупамі, бо яе яшчэ не запоўнілі. Калі Ніканор Парфіравіч угледзеў акрываўленых людзей, у яго пацямнела ў вачах, ён пахіснуўся і ледзь устаяў на нагах. А поруч, на пяску, ляжала маладая жанчына, яна сваімі застылымі рукамі прыціскала да грудзей хлапчанё, якому яшчэ не было і года. Ніканор Парфіравіч пазнаў жанчыну, гэта была жонка ўрача, які служыў у войску. Ён ведаў і гэтага хлопчыка, яго звалі Мотка, настаўнік не так даўно гэтае дзіця на руках трымаў і цешыўся з яго. Чорныя ў завітках валосікі ў Моткі зліпліся ад крыві, якая запяклася. На смуглым тварыку дзіцяці застыў спалох. Хлопчык вялікімі чорнымі вачыма глядзеў у неба, але не бачыў сонца.

У Ніканора Парфіравіча сціснулася сэрца, забалела, пуста стала на душы. Ён закрыў вочы і хутка пайшоў. Толькі праз некаторы час Ніканор Парфіравіч апамятаваўся, што ідзе не ў той бок. Ён, не заходзячы ў Мядзвецкае, павярнуўся назад і хутка пайшоў у Лясное.

Аднойчы, гэта было ў канцы 1941 года, ноччу, Карчагіным (цяпер ён жыў у сваёй кватэры пры школе) загрукалі ў акно. Цераз шыбу Ніканор Парфіравіч угледзеў дзве чалавечыя постаці.

— Хто там? — спытаўся Ніканор Парфіравіч.

— Адчыняй! — пачуўся хрыпаты голас.— Мы партызаны...

У пакой увайшлі два незнаёмыя, дзябёлыя мужчыны, адзін насіў маленькія чорныя вусікі, а ў другога не раслі ні вусы, ні барада, твар быў, як печаны яблык. Абодва яны былі з аўтаматамі.

— Ты, мусіць, баішся нас? — пытаўся чалавек з вусікамі.

— Няўжо ж,— пасміхаючыся, сказаў асіплым голасам чалавек, у якога не раслі вусы і барада.

— А хто вас ведае, што вы за людзі? — прагаварыў Ніканор Парфіравіч, у яго калаціліся рукі.— Пры дарозе жывём... Шмат рознага люду ходзіць... Калі з добрымі намерамі прыйшлі, то сядайце... Пагрэйцеся...

— Калі пяршак, то давай,— гаварыў чалавек з вусікамі.

— Чаго няма, дык няма...

— Ого! — прасіпеў другі.— У яго днём з агнём вады не дастанеш! Відаць птушка па палёту... Каб партызанам, дык напэўна б даў... Будзем «бамбіць»!..

Яны развярнулі ўсе спажыткі Карчагіных, узялі лепшую вопратку, дасталі з кубельца апошні кавалак сала, забралі са стала хлеб, бразнулі дзвярыма і пайшлі.

— Хто яны? — спыталася напалоханая Арына Міронаўна.

— Грабіцелі. Плача па іх асіна,— адказаў Ніканор Парфіравіч.

Раптам пачулася страляніна. Карчагін хутка патушыў газоўку. І так старыя да самай раніцы не спалі. На золку, калі да іх зайшлі сапраўдныя партызаны, яны даведаліся, што адзін эсэсавец (з чорнымі вусікамі) забіты, а другі ўцёк.

Гарачай была сустрэча. Арына Міронаўна і Ніканор Парфіравіч ад радасці плакалі. Яны ўпершыню сустрэлі людзей з чырвонымі істужкамі на шапках. Арына Міронаўна і Ніканор Парфіравіч сцягвалі партызанам боты, каб пераабуцца, частавалі тытунём-мультаном (стары пачаў курыць), падзялілі напалам апошні бохан хлеба. Як высветлілася, барацьба вялася паміж заставай эсэсаўцаў і засадай партызан за млын.

Партызаны ў Лясным папоўнілі свае рады. Адзінаццаць малайцоў з рэзерву настаўніка пайшлі з партызанамі ў лес. Ніканор Парфіравіч перад імі трымаў прамову (усе яны былі яго былымі вучнямі), якую закончыў словамі:

— Пайшлі б і мы з старою ў лес, але сілы бракуе. Каля печы мерзнем. Сэрцам і душою мы з вамі, і чым здолеем, заўсёды будзем вам памагаць. Ніколі не мінайце нашай хаты, будзем рады вас бачыць. Зычым вам шчасця ў ваенных паходах!

Праз некалькі дзён у Лясным адбылося страшнае. Пад поўдзень эсэсаўцы прыехалі ў Лясное. Падпалілі млын, спалілі хаты разам з сем’ямі адзінаццацерых партызан, што падаліся ў лес. Прычапіліся эсэсаўцы і да настаўніка. Арына Міронаўна заступілася за Ніканора Парфіравіча. Тады эсэсавец, у якога не раслі барада і вусы, вывеў яе на двор і з аўтамата прашыў. Яна так і засталася ніцма ляжаць у садзе. А над настаўнікам яны яшчэ доўга глуміліся, білі, дапытвалі, дзе лагер партызан, але нічога не дабіліся. Ён хоць і ведаў, дзе стаяць партызаны, але нічога не сказаў.

Абяссіленага настаўніка таксама вывелі на двор, падвялі да таполі, накінулі пятлю на шыю і павесілі на галіне. Хруснула суччо, абламалася галіна, і настаўнік паляцеў на зямлю.

— А-ах! — у адзін голас пракацілася па натоўпе. Фашысты сагналі шмат людзей на месца кары настаўніка.

— Значыць, суджана настаўніку доўга жыць,— нехта сказаў у натоўпе.

— Чаму? — запытаўся другі.

— Ёсць такі закон,— гаварыў трэці.— Калі адарвецца вісельнік, яго ў другі раз не вешаюць.

Лёгкім ветрыкам па натоўпе пракацілася надзея, што настаўнік астанецца жыць. Але каты, спяшаючыся, прымайстроўвалі пятлю, прабавалі рукамі, ці вытрымае галіна.

— Фашыстам закон не пісаны,— цяжка прагаварыў Ніканор Парфіравіч, калі каты зноў надзявалі яму на шыю пятлю.— Не плачце! Усіх не перавешаюць! Яшчэ ўзыдзе сонца...

Фашыст з дзікай злосцю выбіў табурэт з-пад ног настаўніка, ён страпянуўся і павіс на галіне таполі. Фашысты прывязалі да грудзей настаўніка дошчачку, на якой было напісана: «Я партызант».

Дагарала школа. Людзі з жахам глядзелі на павешанага. Усхадзіліся вятры, пачалася завіруха, гойдалася на вяроўцы цела настаўніка, перакручвалася, паскрыпвала галіна таполі, нібы стагнала дрэва. Фашысты забаранілі знімаць настаўніка з шыбеніцы на працягу двух тыдняў.

Калі Савецкай Арміяй было вызвалена Лясное, людзі агледзелі магілу Карчагіных, паставілі помнік. Пад таполяй, лісце якой срэбрам паблісквала на сонцы, на камені было высечана: «Любімым настаўнікам ад удзячных вучняў».

1945

 


1945

Тэкст падаецца паводле выдання: Гурскі І. Лясныя салдаты: Апавяданні і аповесць. – Мінск, Мастацкая літаратура, 1979. – 552 с., 1 л. іл. – (Б-ка беларус. прозы)
Крыніца: скан