epub
 
падключыць
слоўнікі

Ільля Гурскі

Неспакойныя характары

 

 

— Добра кажаш, хлопча, што пра машыны нашай маркі яшчэ будуць песні спяваць,— сказаў Асадчы свайму субяседніку, рассекшы рукою паветра.— Гэта будзе, абавязкова будзе!

Яны сядзелі на лаўцы пад высокай, стройнай сасною. Каля новага дома, у які нядаўна пераехалі Асадчыя, на жоўтым пяску гулялі яго ўнукі. Шчаслівыя бацькі з акна наглядалі за малымі. Вось з чарапічнага даху зляцелі на зямлю галубы, дзеці сталі іх карміць.

— Дык як, Кузьма Аркадзьевіч, можа, пойдзем? — звярнуўся Бортнік да Асадчага.— Хлопцы ўжо збіраюцца...

— А што, уласна кажучы, вам ад мяне трэба? —хітра прыжмурыў вочы Асадчы.

— Пабудзеце з намі на маёўцы.

— Гэтым вы не задаволіцеся, ведаю вас,— усміхнуўся Асадчы.— Неспакойныя характары. Але што зробіш, злавілі на слове. Даў згоду, цяпер трэба ісці.

І Асадчы, пакрэктваючы, устаў з лаўкі.

— Куды ты, бацька? — выйшаўшы на ганак, запытаўся сын.

— Хлопцы запрашаюць да сябе.

— Пасядзелі б лепш дома, вы ж у адпачынку,— з дакорам сказала нявестка, выглянуўшы ў акно.— Што за чалавек!.. Чаго добрага, з камсамольцамі навыперадкі, як учора з малымі, бегаць будзеце?

— А што ж,— засмяяўся Асадчы.— Прыгадаем маладосць. Гэта карысна чалавеку!

— Дзеду, няўжо і вы былі камсамольцам? — здзіўлена спытаўся кучаравы хлопчык, у якога завіткі белых валасоў спаўзалі аж на каўнерык матроскі.

— Быў, унучак, ды яшчэ якім заўзятым,— хаваючы ў футляр акуляры, адказаў Асадчы.

— Не пусцім! — акружыўшы старога, наперабой загаманілі малыя.— А хто нам казку раскажа? Хто з намі ў кошкі-мышкі гуляць будзе? Не пусцім, вось і ўсё!

— Я не забаўлюся,— сказаў Асадчы і пагладзіў па галовах дзяцей.— Абяцаў жа я ў іх быць. А слова, што верабей, выпусціш — не зловіш...

На ўзгорку, каля Дома сацкультуры, сабраліся рамеснікі. Яны з нецярплівасцю чакалі свайго любімага настаўніка і шчырага сябра.

Асадчы некалі працаваў на Пуцілаўскім заводзе, удзельнічаў у штурме Зімняга палаца. У час грамадзянскай вайны з вінтоўкай у руках абараняў маладую рэспубліку. А ў Айчынную вайну партызаніў. На левай шчацэ ў яго астаўся шрам пасля ранення — памятка слаўных партызанскіх баёў. Шмат год Асадчы аддаў такарнай справе, а цяпер перадаваў свой багаты вопыт выдатнага майстра рамеснікам. Нездарма казалі, што ў Асадчага залатыя рукі. Ён па гуку мог вызначыць, у каго як працуе станок. Але не толькі гэта вабіла юнакоў да майстра. У Асадчым яны бачылі чалавека вялікага сэрца і адкрытай душы.

Убачыўшы Асадчага з Бортнікам, рамеснікі задаволена зашумелі.

— Добрага дня, арляняты! — падышоўшы да іх, прывітаўся Асадчы.

— Дзень добры! — дружна адказалі юнакі.— Дзякуем, што прыйшлі! А то мы па вас, Кузьма Аркадзьевіч, хацелі гуртам ісці. Вельмі ж ужо доўга чакаем...

— Даганяць і чакаць — няма горшага на свеце,— згадзіўся Асадчы.— То што вы тут робіце?

— У нас толькі што закончылася пасяджэнне камсамольскага камітэта,— адказаў адзін з юнакоў.

— І што вы абмяркоўвалі на сваім пасяджэнні?

— Як правесці маёўку. А што?

— Так сабе...— Асадчы задумаўся, нешта ўспамінаючы, загаварыў: — У дзевятнаццатым годзе я быў прымацаваны да камсамольскай ячэйкі вячэрняй школы завода. Аднойчы прыходжу на пасяджэнне. Сакратар паведаміў парадак дня. Першае пытанне — аб умацаванні маладой Савецкай улады. З прычыны актывізацыі контррэвалюцыйных сіл — Юдзеніча, Дзянікіна і іншага гадаўя — бюро ячэйкі абвяшчала аб сваёй мабілізацыі. Другое пытанне — аб сусветнай рэвалюцыі. Пастанавілі: выкінуць сусветную буржуазію на сметнік гісторыі.— Асадчы ўсміхнуўся.— А вы што рашылі?

— Прагуляцца ў бліжэйшы лясок,— адказаў кірпаносы юнак з круглым тварам у вяснушках і, бліснуўшы карымі вачыма, паказаў рукою ўдаль,— і там правесці дзень. Люба-дорага!

— Люба-дорага, але не ўсім.

— А гэта зусім блізка, вунь, відаць!

— Блізка відаць, ды далёка дыбаць,— сказаў Асадчы.— Да таго ляска — кіламетраў пятнаццаць з гакам... Вам прагулка, а як мне?

— І калі вы набудзеце сабе «Масквіча»?

— Попыт вялікі, раскупілі ўсе машыны. Запісаўся ў чаргу. Хіба адзін я хачу ездзіць.

— Тады правядзём дзень тут,— прапанаваў Бортнік.— І папросім Кузьму Аркадзьевіча расказаць нам што-небудзь цікавае...

— Просім! — загаманілі рамеснікі.

— Не ведаю, ці будзе цікавае, але затое праўдзівае,— узыходзячы на ўзгорак, сказаў Асадчы.— Вось ён, прыгажун, наш аўтамабільны, як на далоні... Любуйцеся!

Прыгравала сонца. Сваімі яркімі праменнямі яно абпальвала твары юнакоў. Маладое лісце дваццаціпяцігадовых ліп, пасаджаных увосень, было яшчэ мокрае, на траве зіхацела раса. На заводскай агароджы серабрыўся зубр. У небе звінелі жаваранкі. Недзе ўводдалі закукавала зязюля.

Усё жывое славіла вясну.

— Не ў крыўду будзь сказана, ваша пакаленне прыйшло на гатовае,— прамовіў Асадчы, прысаджваючыся на траву.— Дык беражыце ж усё, чаго дасягнулі вашы бацькі і браты,— яно нялёгка далося. Цяжка было будавацца. Яшчэ некалькі год таму назад тут цямнеў густы лес. Але прыйшлі людзі і пачалі будаваць тут завод, ды не адзін, а адразу некалькі.

— Куды ні глянь,— ажывіўся Бортнік,— усюды новабудоўлі.

— Прыгажосць! — радасна асвятліўся твар у Асадчага.— Да часу вашага ўступлення ў жыццё наша краіна не толькі аднавіла зруйнаваныя вайной заводы, але і пабудавала новыя...

— Кузьма Аркадзьевіч! А калі нас паставяць на самастойную работу? — запытаўся Бортнік.— Нам бы хацелася, каб пачаць з хуткаснай апрацоўкі металу.

— Законнае жаданне,— падумаўшы, адказаў Асадчы.— Паспрабуем. Хоць, відаць, будуць праціўнікі.— Ён засунуў руку ў кішэнь пінжака.— Заўтра вы будзеце ля станкоў. І вось менавіта гэтымі разцамі мы будзем рабіць хуткасную апрацоўку.

Хлопцы цесна акружылі Асадчага, загаварылі наперабой. За шумам нічога нельга было разабраць.

— Цішэй вы, хлопцы,— папрасіў Асадчы.

— Кузьма Аркадзьевіч! — выгукнуў Бортнік.— Вы сваё вынаходства аддаяце нам?

— А ў мяне ад вас няма ніякіх сакрэтаў. Гэта не стары час, калі майстар баяўся перадаць свой вопыт другім...

— А што мы будзем вырабляць? — запытаўся вяснушкаваты хлопец.

— Асвойваць магутны дваццаціпяцітонны грузавік-самазвал,— усхвалявана паведаміў Асадчы.— Гэты арэшак не так проста раскусіць. У самазвале больш за дзве тысячы дэталей. Такая машына ствараецца ў нашай краіне ўпершыню. Адно яго кола вышэй за ўвесь аўтамабіль «Масквіч».

— Ого! — здзівіўся юнак.— А навошта такая машына?

— Для новабудоўляў,— адказаў Асадчы, падкручваючы парыжэлыя ад тытуню вусы.— Заўтра і я пайду на завод разам з вамі.

— Дык жа вы ў адпачынку,— запярэчыў Бортнік.

— Не магу сядзець без работы, такі ўжо ў мяне характар.

— Добры характар,— сказаў Бортнік.— Людзі зайздросцяць вашай энергіі...

— А нядаўна,— успамінаў Асадчы,— якіх-небудзь пяць год таму назад, мы сюды прыйшлі з кіркамі і рыдлёўкамі, каб расчысціць пляцоўку пад будоўлю... Тады яшчэ не было такой магутнай тэхнікі, як цяпер. Людзі начавалі ў шалашах, але працавалі па-геройску і верылі, што надыдзе лепшы час... Не так даўно і я пераехаў у новую кватэру. Гэта не дом, а палац... Калісьці, як я працаваў у Піцеры, мне і ў сне не снілася, што я на старасці год буду жыць у такой кватэры.

— Кузьма Аркадзьевіч! А ці праўда, што вы ў семнаццатым годзе штурмавалі Зімні палац? — хітра паглядаючы на хлопцаў, запытаўся Бортнік. Рамеснікі ўжо даўно хацелі запытацца пра гэта, але ўсё не адважваліся.

— Праўда,— пацвердзіў Асадчы.

— Можа, вы і Леніна бачылі? — дапытваўся Бортнік.

— А як жа! — загарэліся вочы ў Асадчага.— Уладзімір Ільіч на Другім з’ездзе Саветаў абвясціў Савецкую ўладу. З Леніным былі яго бліжэйшыя паплечнікі: Сталін, Свярдлоў, Дзяржынскі... Як радаваўся народ! Слоў не хапае, каб усё гэта перадаць...

— Шчаслівы чалавек! — вырвалася з грудзей у Бортніка.

— Шчаслівы! — згадзіўся Асадчы.— А толькі і вам няма чаго крыўдаваць на свой лёс. Не ведаю, ці давядзецца мне жыць пры камунізме, а вы будзеце ў ім жыць, абавязкова будзеце! Дык я павінен вам зайздросціць!

— Кузьма Аркадзьевіч! А дзе вы былі ў час грамадзянскай вайны? — дапытваўся Бортнік.

— На поўначы — Юдзеніча білі,— падумаўшы, адказаў Асадчы.— На поўдні — Дзянікіна гналі. На ўсходзе — Калчака грамілі. Гарачыя былі дні... Ну, і я не адзін фронт перамяніў...

— А ў Вялікую Айчынную вайну што вы рабілі? — цікавіўся юнак.

— Таксама не сядзеў склаўшы рукі. Хадзіў на жалезку, партызаніў,— расказваў Асадчы.— Але не трэба жыць толькі ўспамінамі. Давайце лепш падумаем, што будзем рабіць заўтра. Перад нашым заводам пастаўлена вялікая задача — стварыць дваццаціпяцітонны самазвал. Дак давайце, арляняты, закасаўшы рукавы, возьмемся за працу!

— Не сумнявайцеся, Кузьма Аркадзьевіч, не падвядзём,— запэўніў Бортнік.— Усё, што трэба для савецкай Радзімы, мы зробім.

— Правільна! — загаманілі хлопцы. Бортнік выказаў іх думкі.

— З вамі пабудзеш — памаладзееш,— весела сказаў Асадчы і ўзняў галаву.— Думаю я, што пра машыны нашай маркі і пра людзей, якія іх стварылі, будуць песні спяваць...

* * *

На другі дзень яшчэ да першага гудка хлопцы сабраліся ў прысадах, недалёка ад заводскай брамы, каб ісці на работу. Школьную бестурботнасць як рукою зняло. Яны адчувалі сябе рабочымі. А ў Бортніка сёння, здавалася, нават паходка стала іншая, некалькі падобная да паходкі Асадчага, нібы хлопец цвярдзей стаяў на зямлі.

Відаць было, што хлопцы хваляваліся, як іх спаткае мнагатысячны калектыў ужо спрактыкаваных рабочых, сярод якіх ёсць выдатныя майстры, далёка вядомыя за межамі завода.

— Галоўнае, хлопцы, не бянтэжыцца,— загаварыў Бортнік.— Не ўдаецца каму што, звяртайцеся за дапамогай да старэйшых.

— А чаго нам вельмі палохацца,— азваўся вяснушкаваты хлопец.— Не ў лес ідзём, што заблудзіцца можна. Кругом свае людзі; калі здарыцца якая бяда — выручаць.

Падымалася сонца, якое часам засланялі хмары, што чародамі плавалі ў небе. Дзьмуў паўночны вецер, круціла, узнімаўся пыл слупам. Праляцела некалькі шпакоў, праплыў бусел, несучы галінку ў дзюбе.

Неяк захлёбваючыся, пачаў гусці гудок, яму, мусіць, перашкаджаў моцны вецер. Але потым гудок набраў сілы, загучаў голасна, бадзёра.

У прысадах сталі з’яўляцца рабочыя. Яны ішлі да завода і не звярталі ўвагі на рамеснікаў, хоць спіс скончыўшых рамесніцкую школу сам Асадчы перадаў у аддзел кадраў і хлопцаў ужо залічылі рабочымі.

Нарэшце паказаўся Асадчы. Хлопцы ажывіліся, яны рады былі майстру, як дзеці свайму бацьку.

— Добрага рання, арляняты! — прывітаўся Асадчы, пыхкаючы люлькай, з якой ён мала калі разлучаўся.

— Добрай раніцы! — загаманілі наперабой хлопцы.

— Што ж гэта вы сёння нейкія такія, нібы вам крыллі хто паадразаў? — усміхнуўся Асадчы.

— А што? — запытаў вяснушкаваты хлопец.

— Пасінелі. Калоціцеся як асінавае лісце.

— Бо холадна,— азваўся самы малы хлопец.— А мы рана выйшлі, цярпення не хапіла чакаць у інтэрнаце.

— А гэта ўжо блага, калі людзі трацяць цярпенне,— сказаў Асадчы.— З сённяшняга дня вы рабочыя...

— Якія ж мы яшчэ рабочыя? — з сумненнем у голасе перапыніў яго малы хлопец.

— Сапраўдныя рабочыя! — цвёрда сказаў Асадчы. Вочы ў яго весела смяяліся, ён ганарыўся новым пакаленнем будучых майстроў.

Міма іх праходзілі ўвесь час рабочыя; пераганяючы адзін аднаго, яны віталіся, жартавалі. Пайшлі і хлопцы на чале са сваім настаўнікам. Да вуха Асадчага даляцеў жарт.

— Бачылі, Кузьма Аркадзьевіч дзіцячы сад на завод вядзе,— выгукнуў нехта і дадаў: — Вось і зніжай тут брак і ўзнімай вытворчасць...

Пачуўся смех.

— Будзь пэўны, ідуць людзі з гарачымі сэрцамі, прыйдзецца за імі падцягвацца,— адпаліў Асадчы.

Хлопцы, падтрыманыя ў такі крытычны, як ім здавалася, момант, яшчэ цясней акружылі свайго майстра, гатовыя абараняцца ад любога нападу.

— Яшчэ паглядзім, хто чаго варты,— не вытрымаў Бортнік.

Усе заўсміхаліся.

З нейкай урачыстасцю, усхваляваныя, прайшлі хлопцы заводскую браму, мяжу, ад якой пачыналася сталасць і новае жыццё. Вось яны зайшлі ў прасторны і светлы аўтаматычны цэх. Радамі выстраіліся станкі, дзе-нідзе ўжо стаялі рабочыя, адны надзявалі блузы, другія падрыхтоўвалі інструмент. Асадчы паказаў месцы маладым рабочым. Станкі былі такія вялікія, што з-за іх некаторых хлопцаў і не было відаць.

— Ну што ж, хлопцы, возьмемся з вамі асвойваць хуткасныя метады,— паведаміў Асадчы.

— Ого, маладыя, а раннія,— прагучаў непадалёку нечы голас. Чалавек, які гэта сказаў, хутка знік за станкамі, паказаўшы свае сутулыя плечы.

— Хто гэта? — запытаўся Бортнік.

— Няважна! — голасна сказаў Асадчы, каб пачуў той чалавек.— Малаверы заўсёды бываюць бітыя.

Асадчы выняў чарцяжы дэталей і падрабязна тлумачыў, што і як трэба рабіць. Ён укладаў усю душу, перадаючы свой вопыт. А ў яго было чаму павучыцца. З ім часта раіліся нават інжынеры. Яго прапанова аб вырабе прыстасавання, якое значна зніжае брак пры фрэзераванні квадратаў, прынесла заводу вялікую эканомію, а яму заслужаную славу. Кузьма Аркадзьевіч выконваў зменную норму больш чым на дзвесце працэнтаў.

Усю сваю ўвагу сёння Асадчы аддаў Бортніку, які, як яму здавалася, павядзе за сабою астатніх. Кузьма Аркадзьевіч уставіў дэталь у патрон, замацаваў разец і, уключыўшы матор, пачаў спакойна паварочваць ручку кіравання.

Бортнік стаяў моўчкі. Ён бачыў, як Асадчы ўважліва сачыў за складанай апрацоўкай дэталі, як ён, спыняючы станок, правяраў дакладнасць размеру. Усё гэта Кузьма Аркадзьевіч рабіў не спяшаючыся, без лішняй мітусні.

— Ну што ж, дружа, у дарогу,— прапанаваў Асадчы.— Асмельвайся!

Бортнік падышоў да станка і сам уключыў матор.

У гэты час у вяснушкаватага хлопца паламаўся разец. Асадчы заспяшаўся да яго, паглядзеў, растлумачыў, у чым прычына паломкі, памог наладзіць работу станка.

Да маладых рабочых падыходзіў інжынер Істомін, ужо ў гадах чалавек, з круглым тварам, у рагавых акулярах. За ім ішоў начальнік цэха Панасюк, з хваравітым тварам і нейкімі напалоханымі вачыма. Ён быў высокі, тонкі і сутулы. Гэта Панасюк раніцаю жартаваў з хлопцаў. Убачыўшы інжынера і з ім ужо знаёмую сутулую постаць, хлопцы захваляваліся. І зноў здарылася няшчасце: некалькі станкоў адразу спынілася.

— Ну, а што я казаў: ім у дзіцячым садзе ў цацкі гуляць, а яны за хуткасную апрацоўку ўзяліся,— іранізаваў Панасюк.— Вось тут і выконвай праграму!

— Кузьма Аркадзьевіч! — загаварыў Істомін.— Я вельмі вас паважаю як выдатнага перадавіка, але вы задумалі не тое, што трэба...

— Дзіва! Нездаровая фантазія! — падтрымаў Панасюк.— Першы дзень прыйшлі на работу і за хуткасную апрацоўку ўзяліся. Толькі паважаючы вашу сівізну, Кузьма Аркадзьевіч, я...

— Хлопцы самі гэтага пажадалі, яны не хочуць пачынаць работу з пройдзенага,— перапыніў яго Асадчы.— І нічога не зробіш, прыходзіцца з імі згадзіцца, яны глядзяць у заўтра.

— Гм, іх цікавіць заўтра, а мяне сёння,— выгукнуў Панасюк.— Ад мяне дырэкцыя патрабуе выканання плана.

— План будзе выкананы,— цвёрда сказаў Асадчы, пранізаўшы вачыма начальніка цэха. Гэта азначала, што размова скончана.

— Глядзіце самі,— развёў рукамі Істомін.— А толькі я вымушаны буду далажыць дырэкцыі завода.

— Калі ласка.

А Бортнік, не звяртаючы ўвагі на размову, прадаўжаў старанна апрацоўваць дэталь. Панасюк падышоў да яго і зласліва спытаўся:

— А ў вас як справы, малады чалавек, колькі мне разцоў сапсулі?

— Вельмі прашу вас, не перашкаджайце мне працаваць,— спакойна адказаў Бортнік.— У канцы змены падлічым...

— Ну і людзі пайшлі, да трох не гавары. До-о-бра. Канец змены пакажа, чаго вы варты.

Інжынер Істомін і начальнік цэха Панасюк нездаволеныя пакінулі хлопцаў. Панасюк увесь час нешта нашэптваў Істоміну, той, відаць, з ім згаджаўся і ківаў галавою. Асадчы паглядзеў ім услед і ўсміхнуўся:

— Пачалося сапраўднае жыццё. Што ж, пацягаемся. Іх канёк — невыкананне дзённай нормы. Дык мы яго выб’ем. Я стану за станок, і няўжо нам не ўдасца разам асіліць план?

— Пастараемся! — загаманілі хлопцы.

Увесь астатні час маладзёжная брыгада на чале з Асадчым працавала напружана. Шмат было непаладак, майстар вымушаны быў спыняць свой станок і памагаць маладым рабочым. Ён не гарачыўся, а цярпліва кожны раз тлумачыў няўдачу таго або іншага хлопца.

Да канца змены Кузьма Аркадзьевіч так змогся, што як прысеў, дык не хацеў уставаць. Але калі падлічылі зробленае і высветлілася, што брыгада ў цэлым не толькі выканала, але і перавыканала на дваццаць працэнтаў дзённую норму, у майстра ад радасці засвяціліся вочы. Больш за ўсіх з маладых рабочых зрабіў Бортнік.

— Выходзіць, мы самі з вусамі,— звяртаючыся да Бортніка, задаволена ўсміхаўся Асадчы.

У канцы работы да маладзёжнай брыгады падышлі інжынер Істомін і начальнік цэха Панасюк, які быў упэўнены, што план сарваны, бо паціраў рукі. Насустрач ім падняўся Асадчы і далажыў аб выкананні задання маладзёжнай брыгадай. Істомін і Панасюк разгубіліся, начальнік цэха не ведаў, куды дзець вочы.

— Нічога, пойдзе справа,— упэўнена заявіў Бортнік.— Праўда, у першы дзень Кузьма Аркадзьевіч нам памог, але ў будучым мы самі з усім справімся.— Бортнік падумаў: — І добра зрабілі, што пачалі з хуткаснай апрацоўкі. Накладныя расходы апраўдаюцца. Мы перад дзяржавай не астанёмся ў даўгу. Сказалі — зрабілі.

— Ды ўжо ж,— згадзіўся Асадчы.— Пройдзе час, і вучні перарастуць свайго настаўніка.

— А вы хіба шкадуеце? — усміхнуўся Істомін.

— Наадварот, для мяне будзе вялікай радасцю. Так ужо вядзецца ў жыцці.

Прагуў гудок, які апавясціў аб сканчэнні дзённай змены. З цэхаў пачалі выходзіць людзі. Моладзь, ідучы поруч з Кузьмой Аркадзьевічам, весела гаманіла. Асадчы быў хоць стомлены, але таксама вясёлы — выйграна «першая разведка боем». Ён быў упэўнены, што хлопцы авалодаюць хуткаснай апрацоўкай металу. А што можа быць для камуніста большай радасцю, як бачыць вакол сябе людзей, здольных давесці справу, за якую ён змагаўся, да канца.

Прыемна было на душы ў старога майстра.

1952

 


1952

Тэкст падаецца паводле выдання: Гурскі І. Лясныя салдаты: Апавяданні і аповесць. – Мінск, Мастацкая літаратура, 1979. – 552 с., 1 л. іл. – (Б-ка беларус. прозы)
Крыніца: скан