epub
 
падключыць
слоўнікі

Ільля Гурскі

Расцвілі вішні

 

 

На многія гектары раскінуўся на правым беразе Дняпра сад калгаса «Будучыня». Як вокам акінуць, зелянелі маладыя дрэўцы антонавак і слуцкіх бэраў, цыганкоў і папяровак, сліў і вішань.

Алёнка Лапцік і Сяргей Беражынскі з сяла Замчышча, дзе змяшчаўся цэнтр калгаса «Будучыня», яшчэ ў школе, калі яна вучылася ў дзевятым, а ён у дзесятым класе, падружылі. Сяргей Алёнцы ні ў чым не пярэчыў, і гэта, відаць, дзяўчыне падабалася. Цяпер Алёнка прыехала з Гродна, дзе яна вучылася на агранома, а Сяргей — з Мінска, з політэхнічнага інстытута, у якім ён скончыў механічны факультэт і быў прызначаны галоўным інжынерам суседняй МТС. Алёнка пасля сканчэння інстытута марыла падацца на Палессе, упэўненая, што і Сяргей за ёю паедзе.

Ужо каторы дзень, як яны былі ў Замчышчы, другія студэнты з першага дня працавалі ў калгасе, а яны ўсё ніяк не маглі налюбавацца адно адным, нагаварыцца. Сяргей не мог нагледзецца на Алёнчыны валасы льнянога колеру, заплеценыя ў дзве тоўстыя касы. Яму падабалася, як дзяўчына, часам забаўляючыся, перакідвала іх з-за спіны на грудзі.

У блакітным небе плавалі пуховыя хмары. Дзьмуў лёгкі ветрык, рабацела рака, а калі выглядала сонца з-за хмар, вада серабрылася.

Папраўляючы свае растрапаныя русыя кучары, Сяргей ішоў следам за Алёнкай і расказваў гісторыю, якая здарылася нядаўна ў іх інстытуце. Адзін са студэнтаў, выпускнік, рашыў кінуць жонку з дзіцем, спасылаючыся на тое, што ў яе толькі сярэдняя адукацыя, а ён як-ніяк інжынер. А між тым, калі муж вучыўся, гэтая жонка карміла, адзявала і абувала яго, яшчэ і на кішэнныя выдаткі прысылала грошы, на якія ён іншы раз частаваў каханку. І вось у гэтую справу ўмяшалася яго маці, простая жанчына, калгасніца. Яна пісала пісьмы ў арганізацыі інстытута, але не атрымоўвала ніякага адказу. Хто гэта будзе ўмешвацца ў «асабістыя» справы студэнта? Маці не вытрымала і прыехала ў горад. Яна прасіла сына ўзяцца за розум, не кідаць жонку, а памагчы ёй, калі ён ужо так хоча, паступіць у інстытут. Але ён і вухам не вядзе. Тады маці звярнулася да дырэкцыі з просьбай не выдаваць сыну дыплома. «Калі ён такі няўдзячны да жонкі і сям’і, дык гэткі будзе і да дзяржавы»,— сказала яна.

Вось студэнты і пачалі спрачацца. Адны гавораць: якая гэта маці, калі яна не спрыяе роднаму сыну, а другія даказваюць, што маці правільна паставілася.

— А як ты лічыш? — спынілася Алёнка.

— Мне думаецца,— гаварыў Сяргей,— што каб маці па-сапраўднаму любіла сына, дык гэтак бы не зрабіла. Яго могуць пазбавіць дыплома.

— А па-мойму, толькі сапраўдная маці гэтак магла зрабіць,— бліснула сінімі вачыма Алёнка і, паволі ідучы, гаварыла: — Мне пра гэтую гісторыю яшчэ ў Гродна расказвалі.— Алёнка скінула павуцінне з ружовай сукенкі.— Жонка таго студэнта хоць і менш адукаваная, але разумнейшая за яго ў некалькі разоў.

— А доказы? — высакамерна спытаў Сяргей. Яго шэрыя вочы сталі круглымі і вялікімі.

— Яна памагала яму, гадавала дзіця і старых бацькоў даглядала... Ён жа круціўся... А хто старых бацькоў і сваіх дзяцей не паважае, той не паважае і сябе... Калі ён, як маці казала, «не возьмецца за розум», дык скруціць сабе галаву!..

— Маці, відаць, таму і стала на абарону нявесткі, што тая паддобрылася.

— Старыя не хацелі, каб ён з ёю жаніўся, бо яна была яшчэ вельмі маладая... Але калі наперакор бацькам сын ажаніўся, дык, значыцца, гаварыла маці, моцна кахаў, а таму, будзь ласкаў, шануй жонку і не сарамаці старых. А ён, як слабавольны чалавек, пагнаўся за першай сустрэчнай, якая падкруцілася... Ёсць яшчэ ў нас такія жанчыны, якія без разбору кідаюцца ў абдымкі мужчынам... У яе ўжо не адзін такі быў... Ёй няма чаго траціць...

— Адкуль ты ведаеш усе гэтыя падрабязнасці?

— Мне ваша студэнтка расказвала...

— Можа, гэта і праўда,— згадзіўся Сяргей.— Маці, канечне, правільна паставілася...

Алёнка толькі глянула на яго, здзівіўшыся, што ён так хутка здаўся, але нічога не сказала. Яны прайшлі далей і селі пад старой яблыняй на беразе ракі. Гэта было любімае месца Алёнкі: адсюль, з узгорка, як на далоні, было ўсё відаць. Але яму не зусім падабалася, што яны тут спыніліся. Хацелася выбраць больш зацішны куток, далей ад людскіх вачэй, ды ён не хацеў пярэчыць.

З правага боку Дняпра ўдалечыні сцяною стаяў сіні бор, а з левага раскінуліся прасторы заліўных сенажацей. На поўдзень ад узвышша, у садзе, радамі стаялі рамачныя вуллі, з паўночнага боку выстраіліся маладыя елкі, пасаджаныя ў два рады.

З сяла паціху ішоў у напрамку да ракі Тодар Маркавіч Радкевіч, былы дваццаціпяцітысячнік. Ён доўгі час быў старшынёю гэтага калгаса, а як пастарэў, стаў садоўнікам. Алёнка з Сяргеем яго не заўважылі, дый ён іх не бачыў, іначай скіраваў бы ўбок.

— Колькі, Алёнка, прайшло часу, як мы з табою падружылі?

— А ўжо, мусіць, пяць год. І яшчэ ні разу не пацалаваліся,— яна прыгадала аднойчы сказаныя ім словы, вочы яе смяяліся.

— Калі дазволіш, дык пацалуемся.

У Алёнкі неяк у момант зарумяніўся твар, у вачах забегалі «чорцікі», хацелася сваволіць.

— А можа, Алёнка, мы прайшлі б далей? Вунь да тых вішань? Тут людзі ходзяць.

Гэта прапанова ёй не спадабалася.

— А ты хіба людзей баішся?

— Людзей я не баюся, але не люблю людской звягі,— сумеўся ён, а потым набраўся храбрасці і дадаў: — І сапраўды, колькі ідзе гаворкі пра наша каханне, а мы... я не магу больш...

— Наша ад нас нікуды не ўцячэ,— ужо сур’ёзна гаварыла Алёнка.— Мне яшчэ год астаецца вучыцца...

Радкевіч, апынуўшыся ў некалькіх кроках ад маладых людзей, супыніўся, не вытрымаў і кашлянуў. Алёнка з Сяргеем страпянуліся, пачырванелі, абаім стала няёмка. Будны дзень, а яны гуляюць.

— Тодару Маркавічу прывітанне! — выгукнуў Сяргей і папярхнуўся.— Хадзіце да нас!

— А ўжо ж, прыйдзецца, нявыкрутка,— падыходзячы, гаварыў Радкевіч, хітравата пасміхаючыся ў русыя з сівізною вусы.— Хоць дзе двое, там трэці лішні... Але паколькі мой век на сыходзе, дык можна быць спакойным, ножку не падстаўлю...

— Што вы, Тодар Маркавіч, вы яшчэ такі рухавы чалавек,— нараспеў вымавіла Алёнка.

— Дзе там, нявыкрутка. Бранхіяльная астма, каб яе пярун, даймае,— гаварыў, кашляючы, Радкевіч.— Дык ты, Алёнка, яшчэ не запляла валасы ў адну касу? Правільна! Няма куды спяшацца... Абы выскачыць за каго, не штука... Мужчынам што, а жанчынам нявыкрутка...

Яны засмяяліся.

— А як новы старшыня? — хацеў перавесці размову Сяргей.

— Нічога, сталы хлопец, рабочы! — з гордасцю заявіў Радкевіч.— Праўда, пакуль што яму цяжкавата...

— Няхай бы вы аставаліся старшынёй, а ён у намеснікі,— гаварыў Сяргей.— Кіраваць такою гаспадаркай...

— Нявыкрутка са здароўем,— уздыхнуў Радкевіч.— Хоць яшчэ пацягнуў бы гадоў некалькі, але дзеці настаялі... А толькі зусім працы не магу кінуць... Не сядзіцца дома, рупіць што-небудзь рабіць... Дык от у садоўнікі падаўся...

— Тодар Маркавіч! — ускінула вачыма Алёнка.— А вы таксама былі рабочым?

— А як жа! — збіраўся ісці Радкевіч.— У Ленінградзе...

— І ў рэвалюцыі прымалі ўдзел? — Алёнка хацела затрымаць Радкевіча.— Цікава!

— Пра рэвалюцыю ўсё ў кніжках расказана.— Сяргей хацеў хутчэй пазбавіцца ад старога.

— Далёка не ўсё,— запярэчыла Алёнка. Яна гатова была цягнуць за язык садоўніка.— А што вы рабілі?

— Царскіх афіцэраў браў на цыгундар,— у старэчых вачах Радкевіча засвяціліся іскаркі. Ён прысеў.— Далі нам бальшавікі вінтоўкі, і мы пайшлі на Неўскі па кватэрах, скрынкамі рэвальверы знаходзілі, кулямёты і нават пушкі (палявыя) выцягвалі з падвалаў... Але, прызнацца па праўдзе, у першы дзень каб давялося мне стрэліць у беляка, дык была б нявыкрутка... Саромеўся, бачыце, сказаць, што не ўмею страляць... Потым толькі авалодаў справай...

— Тодар Маркавіч! — вочы ў Алёнкі гарэлі ад цікаўнасці.— Раскажыце, як вы сталі бальшавіком?

— А вы нікуды не спяшаецеся? — спытаўся Радкевіч у дзяўчыны, але адрасавана гэта было хлопцу.— Можа, я вам перашкаджаю? Выйшлі пагуляць, а тут сур’ёзныя размовы...

— Прашу вас! — не магла дачакацца Алёнка.

— Што ж, калі так, тады можна,— сказаў Радкевіч.— Упершыню мяне бальшавікі заўважылі, калі Керанскі абвясціў прадаўжэнне вайны да «пераможнага канца». На заводзе быў мітынг. Тысяч дваццаць прысутнічала народу. Меншавікі і эсэры затлумілі галовы рабочым, заклікалі моладзь ствараць добраахвотныя атрады і ісці на фронт. Бальшавікам не давалі гаварыць, нават не дапускалі іх да трыбуны. Бачу, атрымоўваецца нявыкрутка. Тады я, упершыню ў сваім жыцці, з натоўпу папрасіў слова. Меншавікі і эсэры, што абкружылі трыбуну, мяне прапусцілі. Ну, то і пачаў я іх часаць, даваць нашатыркі, гаварыў (потым сябры ацанілі), як сапраўдны бальшавік,— што Часовы ўрад клянецца ў вернасці царскім дагаворам і абяцае праліць яшчэ гэтулькі народнай крыві, колькі спатрэбіцца для дасягнення «пераможнага канца», што нам, рабочым, не патрэбна гэтая вайна, і мы не пойдзем на фронт біцца за чужыя інтарэсы. Бачаць яны, што атрымалася асечка, не таму далі слова, каму трэба, і нібы неўзаметку пачалі мяне адціскаць, каб скінуць з трыбуны. Але я моцна ўхапіўся за парэнчу, упіраюся, хочацца сказаць пра ўсё, што набалела, дык не даюць, недавяркі. Адзін нейкі, як цяпер помню, на выгляд плюгавенькі меншавічок, так даў мне ў бок, што ў мяне і дух заняло. Дык я, раззлаваўшыся, наводмаш яму як смальну, то ён і з капытоў далоў. Скончыў я тады сваю прамову словамі: «Далоў вайну!», «Далоў дзесяць міністраў-капіталістаў», «Уся ўлада Саветам!»

— Здорава! — захапіўся Сяргей, але тут жа замяўся. Яму няёмка стала перад старым.

— Здорава, але не зусім,— успамінаў Радкевіч.— Меншавікі ўсё ж сапхнулі мяне з трыбуны, а навокал іхняя шація-брація, сталі штурхаць. Бачу — нявыкрутка, прыйшлося пусціць у ход кулакі, адбівацца нагамі, куды патраплю, і калі адзін нема заенчыў, дык толькі тады расступіліся і далі прайсці. Такім было маё першае публічнае выступленне.

— А што пасля? — пытала ўсхваляваная Алёнка.

— Ну, а ўвечары,— прадаўжаў Радкевіч,— да мяне прыйшоў вядомы бальшавік-падпольшчык Ясноў, я на ўскраіне горада наймаў «вугал»... Ён цікавіўся, з кім я дружу і што чытаю... А я тады чытаў, што пад рукі трапляла... Доўга ў той вечар мы з ім гаварылі, ён параіў мне, што ў першую чаргу трэба прачытаць, і ўвесь час потым накіроўваў мяне, а пасля даў мне рэкамендацыю ў партыю... От як яно ў мяне было...

— Вельмі цікава,— Алёнка крутнула галавою, і косы яе падскочылі.

— Так тады да людзей ставіліся, а ці гэтак мы цяпер робім? — хітравата гаварыў Радкевіч.— Часам каторы гульма гуляе, а каб, скажам, хоць парадай памагчы новаму старшыні, Віктару Трафімавічу Лісоўскаму, як узняць гаспадарку...

— У чый гэта агарод камень? — загарачыўся Сяргей.

— А хоць бы і ў ваш,— усміхнуўся Радкевіч.— Беражынскі, а не хочаце берагчы ні свой гонар, ні другіх... адно, каб самому было добра... часамі сам не ўмею гэтага зрабіць, а з другога буду патрабаваць...

— І, зразумела, у мой,— здагадалася Алёнка.

— У першую чаргу,— сцвердзіў Радкевіч.— Лісоўскі добры арганізатар, але не аграном. Зглуміць палетак пад кукурузай, новай для нас культурай, не штука.

— Чаму ж вы не паможаце? — пачынаў злавацца Сяргей.— Ці, можа, не падабаецца, што вас замянілі...

— Хе, малады чалавек, ходзіце вы ўпацёмку, слухаеце не таго, каго трэба,— прыжмурыў вока Радкевіч.— Калі хочаце ведаць, дык я дамогся таго, каб з нашага ж завода прыслалі мне замену...— Радкевіч, адкашляўшыся, прадоўжыў: — Аднойчы мяне выклікалі ў Н-скі полк, я ў час вайны захаваў іх сцяг, а таму яны выклікаюць мяне на ўсе свае святы... Пасля палкавога свята я заехаў на завод, зайшоў у партыйны камітэт, так і так, кажу, нявыкрутка, папрасіўся я ў сходу калгаснікаў, каб мяне на старасці вызвалілі ад старшынства, а яны і слухаць не хочуць. «Давай, кажуць, замену, і не абы-каго, а рабочага... пасябравалі мы з рабочым класам на векі вечныя...» Выслухалі мяне на заводскім партыйным камітэце, прыйшлося зрабіць падрабязны даклад аб справах у калгасе, дый вырашылі: задаволіць просьбу калгаснікаў «Будучыні»... Прыслалі Лісоўскага. Добры хлопец, з галавою, каб яму яшчэ ў дапамогу спадарожніцу з розумам, дык пайшлі б у нас справы... Але ўсё не выбера, пераборлівы надта... — Радкевіч перадыхнуў.— Каб я меў якую крыўду, што мяне замянілі, дык няўжо ж я пайшоў бы ў садаводы... гаворка!.. Але хочацца, каб у нашым калгасе яшчэ развесці вішань... Хораша, як зацвітуць вішні...

— Ну! — усклікнула Алёнка.— Я вам памагу з вішнямі... зраблю прышчэпку...

— А з кукурузай?

— І пра кукурузу раскажу, што ведаю.

— Ты пойдзеш Лісоўскаму памагаць,— насцеражыўся Сяргей,— які цябе абсмяяў... Яшчэ чаго не хапала!..

— Не Лісоўскаму, а калгасу,— крутнула плячмі Алёнка, што азначала: як захачу, так і зраблю.

— Я не дазволю! — выгукнуў Сяргей.

— Уга! — з дакорам глянула на яго Алёнка.

— А што ты за асэсар?! — падняў вочы Радкевіч.— Бачылі вы яго, уласніка... Не адабраю!..

— Як сабе хочаце! — на высокай ноце піснуў Сяргей.— А толькі Алёнка не пойдзе памагаць таму, хто яе надоечы перад усім народам вылаяў...

— Не вылаяў, а пакрытыкаваў,— паправіў яго Радкевіч.

— Усё роўна... Яна на канікулах і мае права адпачыць...

— То хіба Лісоўскі не дае ёй адпачываць?.. Наадварот, спрыяе... А калі спытаўся, як даглядаць кукурузу, дык калі Алёнка ведала, то павінна была сказаць...

— Я ведала, але спяшалася... — Яна вырвала некалькі рамонкаў і круціла ў руках.

— То і атрымала па заслугах...

— Ну,— згадзілася Алёнка, вінавата ўнурыўшы галаву.

У гэты час на матацыкле пад’ехаў Віктар Лісоўскі. Прывітаўшыся, ён устаў з сядзення і расправіў шырокія грудзі. Сіні камбінезон яго быў увесь у пыле. На правай шчацэ прадаўгаватага твару старшыні чырванела бародаўка. Выразна акрэсленая лінія яго рота гаварыла пра тое, што гэты чалавек калі чаго захоча, таго даможацца. На зямлі ён стаяў цвёрда, і было такое ўражанне, нібы ён урос у яе. Зняўшы кепку і выцершы хустачкаю загарэлы, як бронза, твар, Лісоўскі пяцярнёю загроб уверх цёмна-русыя валасы, павёў праніклівым позіркам і, сустрэўшыся вачыма з Сяргеем, які стаяў ссутуліўшыся, нібы памерыўся з ім сіламі. Звяртаючыся да Радкевіча, Лісоўскі сказаў:

— Гэта ж я, Тодар Маркавіч, спецыяльна заехаў у сад, каб убачыць вас і папрасіць падгледзець некалькі вулляў.

— А навошта?

— Праўленне пастанавіла даць падарункі студэнтам, якія прыехалі на канікулы.

— Усім? — спытаўся Радкевіч.

— Так,— адказаў Лісоўскі.— Тым, якія не працуюць,— трохі менш, няхай ім будзе сорамна.

— Не трэба! — рашуча запярэчыла Алёнка. З яе рук выпалі памятыя кветкі. Яна з дакорам глянула на Сяргея.— Ну!

— Яшчэ выдадзім бацькам авансам пшанічнай мукі і мяса, пусцім ялаўку і парсюка пад нож,— не слухаючы дзяўчыны, гаварыў Лісоўскі.

— Віктар Трафімавіч! — пачырванела Алёнка.— А кукуруза...

— З кукурузай справа высветлена, я ездзіў і пракансультаваўся ў занальнага агранома,— перабіў яе Лісоўскі. Ён сеў на матацыкл, уключыў матор і паехаў на поле. Траскучы гук паволі аддаляўся.

Убаку кружыў каршачок. Вось на яго наляцеў крумкач, пасыпалася пер’е. Над ракою імкліва праносіліся ластаўкі.

Алёнка ўскочыла, на яе вачах былі слёзы. Яна злосна глянула на Сяргея, узмахнула белай у сінія гарошкі хусцінкай і пабегла ў напрамку да сяла.

— Алёнка! — гукнуў Сяргей.— Мы ж збіраліся яшчэ прайсціся ў бор!..

Але Алёнка яго не слухала. Разгублены Сяргей пастаяў, а потым унурыў галаву і паволі пайшоў у адваротным напрамку, да бору. Накрапваў дождж. Радкевіч устаў, паглядзеў на вясёлку і пакандыбаў на пасеку падглядаць пчол, каб зрабіць студэнтам ад калгаса падарункі.

Ужо некалькі дзён Лісоўскі хадзіў пануры, нечым нездаволены, нерваваўся. Наглядальны Радкевіч не мог гэтага не заўважыць, але ў чым прычына, не ведаў. «А можа, старшыню абразіла,— думаў сам сабе Радкевіч,— што Алёнка не прыняла ад калгаса мёду, сказаўшы, што яна яго не заслужыла». Ва ўсякім разе, у Радкевіча была патрэба пагаварыць з Лісоўскім, але як да яго падступіцца, каб ён раскрыў душу, выказаў, што яму баліць?

Алёнцы таксама хацелася спаткацца са старшынёю і выказаць усё, што яна думае адносна яго гаспадарання ў калгасе. Яна не падзяляла поглядаў бацькоў: «Калі чалавек усёй душою горнецца да людзей,— дакарала маці,— дык нельга да яго ставіцца спінаю...» На думку Алёнкі, старшыня робіць памылку: трэба падбаць пра калгас, а потым і пра людзей. Нарэшце, што гэта такое — пасылаць ад праўлення падарункі? Нідзе так не робіцца.

Неяк у нядзелю пад вечар, спаткаўшыся на вуліцы з Лісоўскім, Алёнка звярнулася да яго:

— Віктар Трафімавіч! Мне з вамі трэба сур’ёзна пагаварыць.

— Калі ласка. Зойдзем да мяне, а то на вуліцы не зусім зручна абмяркоўваць сур’ёзныя справы.

— Не, лепей пойдзем у праўленне,— запярэчыла Алёнка.

— На жаль, сёння праўленне закрыта, і не ведаю, дзе знайсці вартаўніцу, каб узяць ключы,— сказаў Лісоўскі.— Ды не бойцеся вы зайсці да мяне на кватэру, нічога з вамі не здарыцца.

Дзяўчына хоць неахвотна, але згадзілася зайсці да хлопца ў дом. Будынак быў прасторны: тры пакоі і кухня. Яго Радкевіч на партыйным камітэце завода паабяцаў пабудаваць, і калгаснікі гэта адобрылі. Да прыезду Лісоўскага ў калгас дом ужо быў гатовы.

Сяргей тым часам ішоў да Алёнкі, каб паклікаць яе на вечарынку, якую хлопцы збіраліся рабіць. Убачыўшы Алёнку з Лісоўскім, Сяргей аж затросся ад злосці і подбегам накіраваўся да іх, але дзяўчына з хлопцам ужо ўвайшлі ў кватэру. Нервова круцячы ў пальцах непрыкураную папяросу, тытунь з якой ужо напалову высыпаўся, Сяргей снаваў узад і ўперад каля дома старшыні.

Лісоўскі правёў Алёнку ў кабінет. Там стаяла шафа з кнігамі, пісьмовы стол, канапа і некалькі крэслаў. На сценах, яшчэ не паклееных шпалерамі, віселі партрэт Леніна і некалькі рэпрадукцый з карцін. Жоўтыя бярвенні патрэскаліся, пахла смалою, якая пацеркамі выступіла на пасклюдаваных сценах. На падаконніках стаялі вазоны: кактус, альяс і дрэўца лімона. Алёнка заўважыла, што яны даўно ўжо не паліваліся. У акне білася аб шыбу пчала. Гаспадар асцярожна ўзяў яе за крыльцы і выпусціў у фортку.

— Сядайце,— запрасіў Лісоўскі.

— Дзякую,— Алёнка прысела.

— Слухаю вас,— Лісоўскі дастаў з партабака папяросу.— Не пярэчыце, калі я закуру?

— Вы ў сябе дома,— Алёнка збіралася з думкамі.— Віктар Трафімавіч! Мне думаецца, што вы няправільна гаспадарыце.

— Якія ў вас ёсць падставы так гаварыць? — Лісоўскі абвёў з галавы да ног дзяўчыну.

— Ну-у,— расцягнула Алёнка. Яна сядзела як на іголках.— Што вы лічыце галоўным у сваёй рабоце?

— Клопаты аб людзях,— вонкавы выгляд старшыні быў спакойны, але ўсярэдзіне ўсё гарэла.

— Калі так будзеце гаспадарыць, дык тое, што ваш папярэднік набыў, вы хутка пусціце на вецер,— выпаліла Алёнка.— Радкевіч, нябось, унь пасля вайны як адбудаваўся.

Дзяўчына глянула ў акно — відаць былі вялізныя хлеў і гумно, свіран і сілосная вежа. Пастухі з бляшанымі трубамі за плячыма гналі з пашы нанач кароў, больш за ўсё мясцовай пароды — чырвоных і кастрамскіх-мышастых. Іх сустракалі даяркі ў белых халатах з вёдрамі. Каля цялят круціліся піянеркі, якія любілі іх паіць. Двор напоўніўся гоманам жанчын, рыканнем кароў. Весела шчабяталі дзяўчынкі.

— Па-першае, пры ўсёй павазе да Радкевіча, не ён пабудаваў, а калгаснікі. Па-другое, калі мы падвядзем трывалую матэрыяльную базу, дык здолеем пабудаваць цагляныя грамадскія будовы, а калгаснікі выбудуюць камяніцы,— Лісоўскі выпусціў дым кольцамі.— Я ўжо бачу Замчышча белакаменным!

— Ну? І ў той жа час, замест таго каб выдаць касцам больш мяса, вы далі студэнтам. Ці не будзе гэта толькі падачкай? Хоць не! Хутчэй за ўсё гэта робіцца для таго, каб задобрыць людзей. Гэта разбазарванне грамадскай уласнасці!..

— Прабачце, але вы, Алёнка, мне нагадваеце дзіця, якое плакала горкімі слязьмі, калі рэзалі парасят, а потым з замілаваннем ела кумпячок... нават костачкі абсмоктвала...

— Або з мёдам... Што гэта такое? — Алёнка нервова круціла ў руках хусцінку.— Добры гаспадар так не робіць.

— Усё для чалавека,— Лісоўскі на момант задумаўся.— Ды ваш жа бацька і другія, адчуўшы, што аб іх клапоцяцца, будуць працаваць, як чэрці! Прызнацца па праўдзе, клапаціцца аб людзях мяне на фронце навучыў камісар Грыбаў, які заўсёды гаварыў: «Перш накармі салдата, а потым патрабуй службы». Паспрабуй, бывала, інтэндант не ўсё выдаць, што паложана салдату, загоніць у трубу... Я паставіў сабе задачу — перш за ўсё ўдосталь накарміць самога хлебароба, а потым як найболей даць прадуктаў гораду. Гэта ў мяне галоўнае!

Пад вокнамі ўжо не хадзіў, амаль бегаў Сяргей, яго даўно заўважылі, зразумелі, у чым справа, але спрэчка працягвалася.

— Некаторыя вас хваляць, але якая цана ўсёй гэтай славе?

— Хваляць?

— Ну. Толькі не ўсе. Што гэта такое: па званку выходзіць на работу? Гэта ж, можа, не завод!

— Работы многа.

— Я думаю, гэтулькі льну насеялі! — Алёнка падышла да самага галоўнага.— Не падумайце толькі, што я супроць гэтай культуры, наадварот, а толькі ўсё трэба рабіць з розумам. Па-першае, лён вельмі спусташае поле — забірае з глебы многа вапны і калія. Гэта ў будучым годзе дасць аб сабе знаць, бо ў вас не хопіць угнаення, каб аднавіць урадлівасць, па-другое, гэта самая працаёмкая культура. Я падлічыла, у калгасе няма сілы...

— Дрэнна ўмееце лічыць...

— Людзі круглы год дзень у дзень ідуць на работу, дысцыпліна...

— Гультаям гэта цяжка, у нас ёсць яшчэ такія, а сумленным людзям хоць бы што... Добра кажа ваш бацька: «Калі я працую, братачка, я жыву»... А праца ўзвялічвае чалавека, робіць яго высакародным. Усе веснавыя работы акуратна зроблены, спадзяемся...

— Куранят восенню падлічваюць...

— Ага, добра што ўспомнілі куранят. Дзіўная рэч, няма адгону ад каршакоў і груганоў, знікае пародзістая птушка... Калі будзе так, сапраўды, увосень шмат не далічым...

Сяргей не вытрымаў і пастукаў у шыбу. Лісоўскі адчыніў акно. У пакой уварвалася музыка. Ігралі польку, асабліва вылучаўся бубен.

— Алёнка! — гукнуў Сяргей.— Доўга цябе чакаць? Пойдзем на вечарынку!

— Ну! Я хутка! — Алёнка паглядзела на Лісоўскага і сумелася. Вочы ў яго хоць і былі задуменныя, але добрыя і, здавалася, смяяліся.— Чаго вы так на мяне глядзіце?

— Я дзіўлюся, адкуль у вас такі настрой, ці вы яго з інстытута сюды прывезлі, ці тут набраліся. Але ад каго? Пэўна, ад Сяргея Беражынскага?

— Што вы да яго маеце?

— Я чалавека ацэньваю па тым, як ён ставіцца да работы. Сяргея не цікавіць ніякая работа, значыць, чалавек з гнільцой... А мяркуе, што ён — пуп зямлі. Адным словам, па-мойму, Сяргей з адсталымі поглядамі...

— Паглядзім, як вы з вашымі перадавымі поглядамі пляснецеся ў лужыну,— перабіла Алёнка, хутка выходзячы.— Бывайце.

— А можа, да пабачэння! — паправіў Лісоўскі.

Алёнка нічога не адказала. Яна прамільгнула каля адчыненага акна і знікла.

Курачы папяросу за папяросай, Лісоўскі хадзіў па кабінеце, потым сеў на канапе, задумаўся. «Няўжо я такі даў маху, што дзяўчына ўзняла такі вэрхал,— думаў сам сабе ён.— Дый, напэўна, яна яшчэ не ўсё выказала: нарачоны пад вокнамі маячыў». Лісоўскі прыгадаў сваю работу ў калгасе з першага дня. Пачаў ён з таго, што сказаў: «Вы пасля вайны многа зрабілі, але маглі зрабіць яшчэ больш, каб была наладжана працоўная дысцыпліна».

Галоўная задача, якую Лісоўскі паставіў перад калгаснікамі,— падняцце ўраджайнасці. І гэта хоць з вялікімі цяжкасцямі, але выконваецца. Азімае летась пасеялі па ўсіх правілах, людзі гаварылі, што за іх памяць яшчэ ніколі не вывозілі на поле гэтулькі ўгнаенняў. І яно, нябось, сказала аб сабе: азімае вышэй чалавечага росту. А сёлета з ярыной яшчэ лепей выйшла, ні аднаго кавалка зямлі не засеяна без угнаенняў і па ўсіх правілах агратэхнікі,— гэта таксама дасць свае вынікі. Шмат ільну і канапель пасеяна? Дык жа гэтае пытанне абмяркоўвалася не толькі на праўленні, але і на сходзе калгаснікаў. Зноў жа з дысцыплінай — выходзіць на работу па званку — прапанова калгасніка Ручніка, адобраная сходам. А працаваць круглы год, каб не было перабояў, выказаў думку бацька Алёнкі. «Калі будзем рабіць, браткі,— гаварыў стары Лапцік,— дык будзем і мець». То ў чым тады справа? Людзі? Дык я не толькі сказаў, што сэнс маёй работы ў дабрабыце калгаса, клопатах пра людзей, але гэта і раблю. Мой прынцып: усё для чалавека, каб яму шчасна жылося. Але чалавека-працаўніка, які ўсяго сябе аддае калектыўнай гаспадарцы. «Пачакай, пачакай! — прамільгнула ў яго думка.— Дык гэта ж я прапанаваў вызваліць ад абавязкаў намесніка старшыні бацьку Сяргея. Яшчэ ён крычаў: «Не маеце права, я наменклатурны работнік!» Я тады адказаў: «Не трэба нам макулатуры!» А ён жа да аб’яднання працаваў у калгасе «Прамень» старшынёю і дабіў яго да ручкі. А калі стары Беражынскі адмовіўся ісці на работу радавым калгаснікам, на сходзе я паставіў пытанне аб яго выключэнні з калгаса. Дык вунь адкуль ветрык дзьме! Але дзіўная рэч, дзяўчына нагаварыла гэтулькі ўсяго ўсякага, і няма на яе ніякай крыўды. Што б гэта магло значыць?.. А вось Сяргей — гэта зусім іншая справа. Летась, яшчэ студэнтам, не пайшоў на работу ў калгас, а цяпер збівае Алёнку. Бацькам грошай ні капейкі не дае, тыя збіраюцца ў суд падаваць. На рабоце ўсіх павучае, хоць і не мае для гэтага даных».

У сяле іграла музыка, ды толькі цяпер Лісоўскі яе не чуў. Не пачуў ён таксама, як да яго зайшоў Радкевіч, і толькі калі той кашлянуў у парозе, старшыня нібы прахапіўся ад сну.

— Заходзьце, заходзьце! — запрашаў старога Лісоўскі.— Вельмі добра, што вы прыйшлі. Сядайце!

— Што з табою, Віктар Трафімавіч, ты на сябе не падобны,— занепакоіўся Радкевіч.

— Цяжка мне, Тодар Маркавіч,— прызнаўся Лісоўскі.

— Жаніцца трэба, от што! — Радкевіч падняў галаву.— Павуцінне ў кутку завялося...

— Вы ўсё заўважыце,— сказаў Лісоўскі, дадаўшы: — Не той узрост, каб абы жаніцца, а падыходзячай пакуль не бачу.

— Уг-га! Пашукаўшы, можна знайсці...

— Ох, як цяжка мне,— паўтарыў Лісоўскі,— кругом абстрэл.

— Які абстрэл? — здзівіўся Радкевіч.

— Людзі нездаволены.

— Гледзячы якія людзі. Калі такія, як стары Беражынскі (макулатуршчык), дык плюнь і нагою разатры! Усім не ўнаровіш, дый ніколі не трэба гэтага рабіць, іначай апынішся ў хвасце. Няўжо цябе так усхвалявала заява Беражынскага?

— Якая заява?

— А хіба з табою ў райкоме не гаварылі пра яе?

— Не.

— Значыць, згадзіліся са мною.

— А ў чым справа?

— Праз паўгода надумаўся ўзняць пытанне, мусіць, сын падбухторыў, нібы ты на сходзе ўсіх наменклатурных працаўнікоў назваў макулатурнымі. Запыталі ў мяне, ці было гэтак? Я сказаў, што не, гэта датычылася яго. А ад сябе дадаў, што часцей трэба праз рэшата прасейваць «наменклатуру», каб сапраўды адсейваць «макулатуру», людзей, падобных да Беражынскага. Ён нечым мне нагадвае крумкача, а сын — увішнага каршачка, якія так і наровяць, каб дзе што ўхапіць.

— Скажыце, няўжо і вам так цяжка было пачынаць працаваць у вёсцы?

— Доўгая песня...

— А ўсё ж...

— Ты вось сказаў пра абстрэл, маючы на ўвазе старога Беражынскага, дык гэта дробязь,— успамінаў Радкевіч.— Узяць хоць бы наша сяло Замчышча, я тут праводзіў калектывізацыю. Некалькі месяцаў спатрэбілася, пакуль арганізаваў калгас. А як было? Нарэшце людзі згадзіліся — навокал ужо былі калгасы,— што аб’яднаюць гаспадаркі, дык нявыкрутка, ніхто не хоча запісвацца першым. Тады вырашылі па кругу распісацца, каб не было відаць, хто першы і хто апошні. Ну, няхай будзе так. Пасля трэціх пеўняў разышліся. Стомлены, але задаволены, што нарэшце пайшла справа, іду дамоў. Раптам стрэл, мяне як агнём апякло.

— Сапраўдны стрэл?

— А ты думаў які, з абрэза...

— Кулак страляў?

— Няўжо ж. Гірс такі быў у Замчышчы, свіньмі гандляваў. Даўгавата прыйшлося мне ў пасцелі пакачацца.

— А як паводзіў сябе Беражынскі?

— Гэтак, як можа сябе паводзіць слабавольны чалавек. Усё спасылаўся на жонку; ён ірвецца ў калгас, але кабета муляецца. А тымчасове апошнім падышоў да стала і пакуль распісаўся, дык абліўся потам. Калі хочаш ведаць, дык Беражынскі свайму роднаму бацьку есці шкадаваў, карміў старога асобна...

— А чаму вы асталіся ў Замчышчы, а не ў другім якім-небудзь месцы?

— Гэта быў самы цяжкі калгас, ніхто не хацеў сюды ісці працаваць старшынёю, а мне ён стаў дарагі, бо каштаваў крыві. Захацелася вывесці людзей з глухамані на светлы прастор. Адсюль і назва калгаса «Будучыня».

— Баюся я, Тодар Маркавіч, каб мне не растрэсці тое, што вы набылі! — унурыў галаву Лісоўскі.

— Яшчэ што! — рашуча запярэчыў Радкевіч.— Ты правільна і, прызнацца па праўдзе, лепей за мяне вядзеш гаспадарку. Пасля вайны ў мяне была нявыкрутка, трэба было адбудаваць хлявы, свірны і іншыя грамадскія будовы, а таму часам калгасніку мала чаго аставалася выдаваць... У нас людзі вялікага сэрца і чыстай душы... доўга цярпелі і ўсё спадзяваліся на лепшае... Да таго ж аднойчы я злавіў сябе на думцы, што часта вяртаюся да мінулага, вось тады я і паставіў пытанне аб новым старшыні... А ты глядзіш наперад... з твайго боку такая вялікая ўвага да чалавека, гэтага не схаваеш... Прызнацца па праўдзе, пры табе і я памаладзеў, хочацца жыць, працаваць, убачыць наш калгас, як ты кажаш, белакаменным...

— Дысцыпліна некаторых палохае.

— Сумленнаму калгасніку дысцыпліна не страшна, а для абібокаў... хоць і яны заварушыліся... Я на некаторых ужо махнуў рукою. Людзі, бывала, ідуць на жніво, а яны ў ягады. А ты і такіх прымусіў працаваць. Гэта вялікае дасягненне! — Радкевіч раптам перамяніў тон.— А ўрэшце я не разумею твайго сённяшняга настрою... Няўжо засумаваў па праспекце, па выгадным жыцці? Дык трэба тут яго зрабіць такім жа... Я веру ў твае планы, ты даможашся большага, чым я... для гэтага ёсць усе магчымасці... А можа, пакахаў якую дзяўчыну, а яна адмовіла ва ўзаемнасці? — усміхнуўся Радкевіч.

— Не.

— І не маеш нікога на воку?

— Што з таго, калі...

— А я думаю, у яе нешта робіцца на душы...

— У каго? — падняў галаву Лісоўскі.

— У Алёнкі...

— Дык жа яна з Сяргеем ужо даўно любіцца...

— Па ўсім відно, што не надта... Сяргей па бацьку пайшоў, таксама слабавольны... і такі ж прагны... А такой дзяўчыне, як Алёнка Лапцік, хоць ёй даўно час змяніць прозвішча на якую-небудзь Чаравічкіну або Чаравічак, патрэбен моцны чалавек, на якога можна абаперціся ў жыцці... і з чыстаю душою...

— Адкуль вы ўсё гэта ўзялі?

— А скажы, табе Алёнка падабаецца? — адказаў пытаннем на пытанне Радкевіч.

— Вельмі ўжо яна нейкая порсткая,— ухіліўся ад адказу Лісоўскі.

— Гэта ад лішку энергіі,— гаварыў Радкевіч.— У такім узросце людзям здаецца, што яны ўсё ведаюць, разумнейшыя за другіх, самыя перадавыя і самыя справядлівыя. Ёй жа хацелася мёду, якая гэта дзяўчына не любіць салодкага, але гонар не дазволіў прыняць «падачку»... Яна і астатняе адправіла б, каб была дома, а ўсё з-за кукурузы... Сумленне мучыла, што не сказала, як даглядаць... Спяшалася, бачыш, патанцаваць... Не трэба за гэта на яе крыўдаваць...

— А чаму вы думаеце, што яна не надта любіць Сяргея? Чаго ж яны заўсёды разам ходзяць?

— І нядаўна я іх бачыў удваіх, але як? Ён, унурыўшыся, ішоў наперадзе, нібы яна яго гнала. А ў яе на твары такі выраз, нібы перад ёю не чалавек, а цяля. Значыць, нейкая нявыкрутка,— Радкевіч успамінаў.— Ага, яна дакарала: «І чаго ты ходзіш у хвост за мною? І навошта табе канечне было сланяцца пад вокнамі? Пасеш мяне, ці што? Няўжо ж ты забароніш мне заходзіць да людзей у хату!» А ў каго яна была, дык я не ведаю.

— У мяне.

— О-о-о, дык у цябе ўжо наладжан кантакт.

— Ніякага. Наадварот, разышліся ва ўсім.

— То, можа, яшчэ сыдзецеся,— Радкевіч памаўчаў.— Тым больш што бацьку Алёнкі не падабаецца яе дружба з Сяргеем... Стары цярпець не можа Беражынскіх...

— Чаму?

— І Лапцік і Беражынскі да ўступлення ў калгас былі сераднякамі... Лапцік таксама хістаўся, але потым зусім перамяніўся, з першага дня пайшоў на работу ў калгас і ўвесь час сумленна працуе... А Беражынскі ўсё хітруе. Перш пакінуў жонку ў калгасе, а сам падаўся працаваць у смалярню, пасля нейкім чынам пралез у старшыні, нарэшце, пасля аб’яднання калгасаў крыкуны з «Праменя», хоць я і пярэчыў, падсунулі яго да мяне ў намеснікі...

— Ну, і памагаў ён вам?

— Як кашаль хваробе,— Радкевіч зрабіў паўзу.— Дык ведаеш, чаго я да цябе зайшоў?

— Не.

— Скажы, ты сёння абедаў?

— А як жа!

— Заўсёды ўдаецца паесці?

— Як калі.

— То мая старая не пакідае дзяўбці, каб да таго часу, пакуль ты сабе знойдзеш гаспадыню, у нас жыў. Паглядзі ў люстэрка, на каго ты падобны. Нос завастрыўся, твар змізарнеў, так ты доўга не пацягнеш. А ўсё з-за сваёй упартасці.

— А хіба вашы ніхто не прыедуць у госці?

— Чакаю старэйшага, доктара. Прызнацца, паскардзіўся, што ўдушша даймае, прасіў, каб абавязкова заглянуў хоць на пару тыдняў «падлячыць». Можа, хіба гэта падзейнічае?

— Дык самі бачыце, што не выпадае мне да вас пераходзіць.

— Тады хоць у нас сталуйся, а спаць можаш сабе дома.

— Добра, дзякую, пагляджу.

— Тады дабранач! — Радкевіч устаў і хацеў ісці.

— І я з вамі прайдуся!

Лісоўскі зачыніў акно і за адным скрыпам выйшаў са старым. Чулася музыка. Яны прайшлі да клуба. Унутры танцавала моладзь, а на дварэ круціліся падшывальцы. Яны перадалі, што ідуць былы і цяперашні старшыня. Весялей зайгралі музыкі.

— А як з вішнямі? — успомніў Лісоўскі.

— З вішнямі пайшло на лад, Алёнка памагае,— адказаў Радкевіч.— Зацвітуць вішні...

— Алёнка ўсё ж пайшла на работу?

— Пайшла, не ўтрымаў яе Сяргей...

— Віктар Трафімавіч! Тодар Маркавіч! — чуліся вясёлыя галасы моладзі.— Хадзеце да нас, патанцуеце!

— А як жа, толькі мне з вамі выдрынгваць,— усміхнуўся Радкевіч.— Хоць пагляджу, як вы танцуеце, а мне нявыкрутка...

Яны зайшлі ў клуб. Сяргей заўзята біў у бубен, відаць, ён нечым быў незадаволены, а ўбачыўшы Радкевіча з Лісоўскім, пабялеў і зусім збіўся з рытму. Да яго падбег юнак. Сяргей, мусіць, на развітанне са злосцю ўдарыў па талерцы, яна жаласна зазвінела. Алёнка стаяла ўбаку і не танцавала. Пасля невялікага перапынку музыкі зайгралі вальс, дзяўчаты запрашалі хлопцаў на танец. Алёнка смела падбегла да Лісоўскага і пацягнула яго танцаваць. Хлопец быў не ў настроі, але, каб не пакрыўдзіць дзяўчыну, згадзіўся.

— Вы на мяне не злуеце? — танцуючы, спыталася Алёнка.

— А хіба можна на вас злаваць? Малому заўсёды дарогу саступлю,— сказаў Лісоўскі.

— Які вы ўсё ж упарты!..

— О, так!

Сяргей закурыў і, не зводзячы вачэй, сачыў за імі. Задумаўшыся, ён узяў у рот не тым канцом папяросу, з горычы кінуў яе ў адчыненае акно і выйшаў на двор. Адтуль з цемені наглядаў ён за танцорамі, злуючы на сябе і на ўвесь свет. Радкевіч пастаяў трохі, паглядзеў, пацешыўся з моладзі і выйшаў, каб ісці дадому. Яму тут не было чаго рабіць. Праз некаторы час Сяргей, у знак пратэсту — нічым іншым ён не мог даняць Алёнку,— пайшоў дахаты.

...Алёнка за канікулы зрабіла гэтулькі прышчэпак, што хапіла б для некалькіх калгасаў. Але Радкевіч запэўніў яе, што мала будзе нават для таго, каб насадзіць у садзе і абсадзіць дарогі вішнямі. Гэта была яго запаветная мара. Алёнка была на раздарожжы, з Сяргеем у яе пачаліся нелады, асабліва пасля таго, як яна пайшла на работу ў калгас. А з Лісоўскім не наладжваліся сяброўскія адносіны, часта паміж імі ішла перапалка. Лісоўскі больш спрактыкаваны ў жыцці, але Алёнка лепш тэарэтычна падрыхтавана. Адчуўшы гэта, Лісоўскі засеў за кнігі, а Алёнка ўзялася за працу ў калгасе. Хлопец з дзяўчынаю рэдка сустракаліся, а пры спатканні абавязкова спрачаліся і гаварылі адно аднаму колкасці. Часам такія спрэчкі ўзнікалі, што, як кажуць, аж іскры ляцелі. Бачачы гэта, Радкевіч махнуў рукою: «Нічога, мусіць, у іх не выйдзе». Сяргей хоць і заўважыў, што Алёнка пахаладзела, але не траціў надзеі. Алёнка яго ўсё яшчэ канчаткова не адкідала, хоць часамі і можна было ад яе пачуць: «Мне сумна з табою!» Тады пакрыўджаны Сяргей па некалькі дзён увечары не выходзіў на вуліцу, але потым не вытрымліваў і зноў ішоў да дзяўчыны.

— Ці не спадабаўся табе хто другі? — неяк ідучы з Алёнкай па садзе, спытаў Сяргей.— Можа, Лісоўскі?

— А ён хлопец не благі, з размахам,— адказала Алёнка.— Хоць з характарам... Надумаўся — зрабіў... У заўтра глядзіць...

— Эт, які там размах, прыйшоў на ўсё гатовае.

— Паглядзім, як ты размахнешся... Ільноцерабілку не здолеў адрамантаваць...

— Бо не хацеў...

— Ведаю... — Алёнка памаўчала.— А чаму бацькоў крыўдзіш, ні капейкі не даеш?

— Для цябе збіраю грошы.

Дзяўчына пранізала яго вачыма і накіравалася проста да садоўніка, які тупаў каля пчол. Хлопец прайшоў за ёю ўслед некалькі крокаў, а потым павярнуў назад і пайшоў у сяло.

Працуючы ў садзе, Алёнка адпачывала душою. Гэта лета было ёй добраю школай. Ад Радкевіча яна даведалася шмат цікавага як з часоў грамадзянскай вайны, так і вайны з фашыстамі. Але самым галоўным, што дало ёй знаёмства з садоўнікам, гэта разбірацца ў людзях. Яна цвёрда і канчаткова прыйшла да вываду, што людзі, падобныя да Сяргея, якія так ставяцца да сваіх бацькоў, не створаць шчаслівай сям’і. Ад Радкевіча яна чэрпала народную мудрасць. Неяк ён сказаў: «Моцны целам пераможа аднаго, моцны розумам — тысячы»; гэтыя простыя словы здзівілі яе сваёй пераканаўчасцю. Раней яна не магла налюбавацца атлетычнай фігурай Сяргея, а цяпер не хацелася зусім яго бачыць.

Усё часцей Алёнка прыгадвала Лісоўскага. Яна сэрцам адчула, што пакахала яго. З кожным днём ёй станавілася цяжэй. Невядомае дзяўчыне дагэтуль пачуццё раптам праявілася бурна, кіпуча. Яна злавіла сябе на думцы, што ёй хацелася б пасля заканчэння інстытута абавязкова астацца працаваць у сваім калгасе, быць разам з гэтым неспакойным чалавекам. Да гэтага часу яна марыла пра калгас дзе-небудзь на Палессі. Там ёсць магчымасць разгарнуцца, паказаць, на што здольна жанчына. Сяргей згодны быў паехаць за ёю ў любое месца.

Алёнцы падабалася пахадзіць па полі, палюбавацца, як расце ярына, азімае, але яна яшчэ не была на тым палетку, дзе пасеяны лён, яе галоўны саюзнік супраць Лісоўскага. І вось аднойчы дзяўчына завітала туды. Лён ужо зацвіў, калыхаўся, як сіняе мора. На славу вырас лён-даўгунец, ад яго нельга было адвесці вачэй. Ёй прыгадаліся словы любімага з маленства паэта:

 

Ой, лянок, лянок мой чысты,

Валакністы, залацісты!

 

Дзяўчына адчула, нібы яе сэрца пранізала страла. А калі яна вярталася дадому, дык усю дарогу Лісоўскі не выходзіў з яе галавы.

Пад вечар Алёнка, зайшоўшы ў сад, убачыла там Радкевіча. Ён глянуў на дзяўчыну і спытаўся, што за трывога ў яе на душы. Алёнка прызналася старому, як бацьку, што пакахала Лісоўскага, але чамусьці баіцца гэтага кахання.

— А вы, Алёнка, спаткаліся б з ім, пагаварылі,— сказаў стары.

— Не, не! — замахала рукамі дзяўчына.

На гэтым размова Алёнкі з Радкевічам абарвалася. Чамусьці развітаўшыся са старым, дзяўчына ледзь не подбегам памчалася ў сяло, а на другі дзень раніцай пайшла на станцыю. Бацькі здзівіліся, што дачка, не дачакаўшыся канца канікул, раптам абвясціла, што ў яе ёсць неадкладныя справы ў інстытуце, і выехала ў горад.

Праз некаторы час ў Радкевіча з бацькам Алёнкі адбылася размова.

— Дзе ж дачка пасля сканчэння інстытута мяркуе працаваць? — пытаў Радкевіч.

— Нібы на Палессі...

— А чаму б ёй не прыехаць да нас?

— Мы са старою яе ўгаворвалі і прасілі, братачка, дык не даецца нават гаварыць. «Не хачу,— кажа,— быць другарадным працаўніком».

— Як гэта?

— А так, кажа, хто б у нас ні быў аграномам, то старшыня будзе даваць тон.

— Дык гэтак і трэба, на тое ён кіраўнік.

— То і я ёй, братачка, гэтак сказаў.

— А яна што?

— «У калгасе «Будучыня»,— гаворыць,— мне няма чаго рабіць». А толькі, братачка, нешта тут другое, а што, дык ніяк не можам са старой раскусіць...

Пасля ад’езду Алёнкі Лісоўскі доўгі час хадзіў пануры, нерваваўся, вельмі перажываў яе незразумелы ўчынак. Яна выехала, нават не развітаўшыся і не пакінуўшы ніякай запіскі. «Чым я гэтак яе ўгнявіў? — разважаў Лісоўскі, ідучы паглядзець лён.— Няўжо тым, што не згадзіўся з яе поглядам? І не згаджуся! Такі лён зарадзіў, каб толькі ў пару ўбраць, дык ого, які будзе даход. Сама меней дамо грашыма калгаснікам па пятнаццаць рублёў на працадзень». Лён ужо даўно адцвіў, зялёныя буйныя галоўкі пачыналі рыжэць, перашэптваліся на ветры. Лашчыў вока даўгунец, або, як тут яго звалі, растун. Паступова яго думкамі авалодала Алёнка... З ёю было пра што пагаварыць, паспрачацца, памарыць пра будучыню. З такою не засумуеш ні дома, ні ў дарозе, усюды добра з ёю! А ў танцы якая яна лёгкая, як пушынка.

Радкевіч выйшаў з саду і збіраўся ісці ў сяло, але, убачыўшы Лісоўскага, які ішоў з поля, прысеў на спілаваны пень вымерзлай грушы і стаў яго чакаць.

— Тодар Маркавіч! — яшчэ здалёк гукнуў Лісоўскі.— Дадому сабраліся?

— Ага, цябе чакаю, каб разам ісці,— устаў Радкевіч.— Дзе ты быў?

— Лён аглядаў.

— Ну і як? Не сорамна будзе на выстаўцы ў Маскве паказваць?

— Ого! Толькі каб убраць.

— Убяром! Усіх паставім на ногі. А калі хто сумняваецца, дык не звяртай на іх увагі. Малавераў, як правіла, заўсёды б’юць.

— Алёнка не з малавераў, але і яна гаварыла, што не ўправімся з работай.

— Ты зноў пра Алёнку. Нідзе яна не дзенецца. Паглядзіш, што прыедзе да нас у калгас працаваць.

— Праўда? — узрадаваўся Лісоўскі.

— Я ў гэтым пераконаны,— запэўніў Радкевіч.

— Адкуль вам вядома?

— Яна не менш цябе кахае, чым ты яе.

— Няўжо?

— Дапраўды.

— Дык чаго ж яна так паспешліва ўцякла?

— Баялася...

— Чаго?

— Сама сябе...

— Не разумею...

— Што можа быць у дзяўчыны з хлопцам, калі ў абоіх у грудзях агонь...

— Тодар Маркавіч! — узрадаваўся Лісоўскі.— То калі так, дык я горы гатоў варочаць...

— Горы няхай сабе стаяць, а вось лён трэба ўбраць у пару. Выбіць у яе апошні козыр... Практыка часта папраўляе навуку...

— Убяром! — упэўнена заявіў Лісоўскі.— І поле не пакінем спустошаным. Я сёння ж напішу ёй пісьмо, няхай не сумняваецца...

— А вось гэтага і не трэба рабіць... Калі яна спалохалася кахання і ўцякла, не развітаўшыся нават і не пакінуўшы запіскі, дык няхай першая падасць аб сабе вестку...

— Што вы! Дзяўчына ніколі гэтага не зробіць... Яна такая гордая...

— А яна табе і не будзе пісаць.

— А каму?

— Мне,— важна заявіў Радкевіч.

— Не можа гэтага быць.

— Паглядзіш. Гатоў ісці аб заклад.

— На што?

— Сам выбірай.

— На тузін шампанскага.

— Расход вялікі. Купі лепей бутэльку натуральнага віна. Рыслінг мне даспадобы... Пастаў, а калі яна прышле да мяне пісьмо, якое будзе тычыцца цябе, дык тады на радасцях разап’ём.

— Згодзен!

Яны моцна адзін аднаму паціснулі рукі.

— Усё ж адкуль у вас такая ўпэўненасць?

— Не дапытвайся, не скажу, яшчэ заганарышся.

Радкевіч з Лісоўскім развіталіся.

...Людзі дзівіліся, што стала з Лісоўскім. Заўсёды вясёлы, падцягнуты, з усмешкай на вуснах, з любімай песняй «Вараг». «Лісоўскі таму перамяніўся,— гаварылі многія,— што перайшоў сталавацца да Радкевіча. Старая адпаіла сырадоем». Новы старшыня і да гэтага добра працаваў, а ўсё ж не было таго запалу, а цяпер, як казаў Радкевіч, «знайшоў ключ да чалавечых сэрцаў», падняў усіх людзей і павёў у паход за ўраджай. Ніколі яшчэ не нарыхтоўвалі гэтулькі кармоў для жывёлы, як цяпер. Увесь палетак пад азімае ўгнаілі і засеялі толькі гатунковым насеннем; з поля ўсё ўбралі, у тым ліку і лён, не страціўшы ні аднаго каліва; абсадзілі сад і ўсе дарогі прышчэпленымі Алёнкай вішнямі...

— Дык ты часам не ведаеш, Тодар Маркавіч, што дасць нам у гэтым годзе працадзень? — пакуючы скрынкі з антонаўкамі і слуцкімі бэрамі для сельскагаспадарчай выстаўкі, пытаўся стары Лапцік.— Мусіць, добра пацягне?

— Падлічана... Толькі грашыма выходзіць па шаснаццаць рублёў,— адказаў Радкевіч.

— А братачка, дык гэта такі праўда?

— На тваю сям’ю, мусіць, прыпадзе тысяч трыццаць... Што ты будзеш з імі рабіць?

— Ой, братачка, дзірак шмат: хата старая, падрубы пагнілі, трэба замяніць...

— А чаму б табе не паставіць новы дом?

— Параюся са старою... А ўсё Лісоўскі. Гэта чалавек, галава варыць...

— От быў бы зяць!..

— А братачка, каб мая воля, але ж цяперашнія дзеці... Напішу Алёнцы, што нам далі ў гэтым годзе тэхнічныя культуры, лён і каноплі... Гэта ж, братачка, як я некалі працаваў на аднаасобнай гаспадарцы, біўся як рыба аб лёд, дык ніколі не меў такога прыбытку...

— А помніш, Лапцік, як ты хістаўся?..

— Уга! Чаму ж не? Затое цяпер, братачка, упэўніўся, што партыя селяніна тады на правільную дарогу скіравала... Зараз ніхто мяне з яе не зверне... Дудкі!..— Лапцік з хвіліну падумаў.— Хоць што ты, братачка, кажаш, хістаўся, такі ўжо характар у нашага брата, сем разоў адмерае, а раз адрэжа, але калі што зробіць, дык грунтоўна... от што! Тутэйшаму чалавеку можна даверыцца і ў радасці і ў горы... Адзінкі могуць быць ні богу свечка, ні чорту качарга, у сям’і не без вырадка... — у Лапціка загарэліся вочы.— Шмат я, братачка, за гэты час перадумаў, адзіная наша дарога — У камуну... га?

— Правільна разважаеш, Лапцік, — сказаў Радкевіч.— Рыба шукае дзе глыбей, а чалавек дзе лепей...

...Шмат хто з калгаснікаў, у якіх хаты старыя, сталі пагаворваць адносна пабудовы камяніц. Але дзе будавацца і як? Праўленне распрацавала план забудовы. Будучы цэнтр калгаса пераносіўся да рэчкі, там разбілі сквер, насадзілі дрэў. Да самай гравійкі праклалі новую дарогу, роўную, як струна.

Але гэта толькі адзін бок справы. Лісоўскі арганізаваў у калгасе заняткі. Усе людзі па вечарах вучыліся ў розных гуртках. Сам Лісоўскі кіраваў партыйнай вучобай і вучыўся ў агранамічным гуртку.

...Ад Алёнкі ўсё не было пісьма. Неяк напрадвесні Радкевічыха збіралася ісці ў сельмаг. Стары сказаў ёй, каб яна заадно купіла вінаграднага віна.

— Навошта яно табе спатрэбілася? — спыталася яна.— Чакаеш каго?

— Я аб заклад пабіўся з адным чалавекам і, мусіць, прайграў,— адказаў ён.— Нявыкрутка, прыйдзецца ставіць.

У магазін якраз нечага зайшоў Лісоўскі. Ён пацікавіўся, ці не прыехаў хто з дзяцей, бо віно без прычыны не бяруць.

— Мой стары некаму прайграў бутэльку,— нічога не падазраючы, сказала Радкевічыха.— Дык от купіла...

Лісоўскі збялеў. «Усё прапала,— падумаў ён.— Не бачыць мне Алёнкі, як сваіх вушэй. Ну што ж, Віктар, трымайся! Не першы раз табе прымаць удары». Ён забыўся, чаго прыйшоў у магазін, пастаяў трохі ля прылаўка, унурыў галаву і пайшоў у праўленне. А неўзабаве туды забег Радкевіч, каб узяць нарад, яму патрэбны былі людзі для работы ў садзе.

— Дык што будзем рабіць, Тодар Маркавіч, без агранома мне, як без рук,— глуха загаварыў Лісоўскі. — Вясна не за гарамі, хутка пачнем сеяць...

— Пачакаем,— няўпэўнена сказаў Радкевіч.— Абы-каго возьмеш, толку не будзе...

— Няма чаго чакаць, трэба браць... Мне аднаму не пад сілу...

— Што гэта ў цябе раптам стала сілы бракаваць... Горш за ўсё, калі чалавек страціць цярпенне...

— Будзем браць агранома,— цвёрда заявіў Лісоўскі.

— Ну што ж, бяры,— неахвотна згадзіўся Радкевіч. Ён усё яшчэ не мог пагадзіцца з тым, што Алёнка не вернецца ў калгас.

— Дык як, ставіце віно? — крыва ўсміхаючыся, спытаў Лісоўскі.

— Не,— падумаўшы, адказаў Радкевіч.— Пакуль не здаюся... Яшчэ сэрца мяне ніколі не падводзіла...

— Гэты раз, пэўна, падвяло... Іначай, не запасаліся б віном...

— На ўсякі выпадак,— глянуў Радкевіч на Лісоўскага.— Потым можа не быць такога...

На другі дзень увечары на праўленні абмяркоўвалі пытанне адносна агранома. Нягледзячы на тое што Радкевіч настойліва раіў пачакаць выпуску, каб узяць маладога спецыяліста, Лісоўскі настаяў на сваім. Большасць была схільна не адкладваць пытання. Гэта была вострая спрэчка паміж старым і новым старшынёю. Члены праўлення не ведалі яе прычыны і хоць прагаласавалі за прапанову Лісоўскага, але, адумаўшыся, сталі сумнявацца ў правільнасці рашэння. Яны ведалі, што Радкевіч на глум слова не скажа. Хоць ён цяпер і не старшыня, але пра калгас дбае. Праўленцы сталі выказваць свае меркаванні старшыні, але ён не захацеў слухаць. Лісоўскі даў заяўку ў раён, каб прыслалі агранома, аднак падабраць спецыяліста для калгаса «Будучыня» было не так-та лёгка, а пасылаць абы-каго не хацелі, ведаючы, што ў Лісоўскага ён доўга не ўтрымаецца. Таму справа пасылкі спецыяліста зацягвалася.

...Ужо расцвілі вішні ў садзе, зазелянелі маладыя, прышчэпленыя мінулым летам дрэўцы. Сад калгаса «Будучыня» ўпрыгожыўся белымі і ружовымі, сабранымі ў суквецці-парасончыкі, кволымі кветачкамі, І вось аднойчы Радкевічу паштальён прынёс разам з газетамі сіні канверт. Почырк быў незнаёмы. Стары, спяшаючыся, разарваў пісьмо, надзеў акуляры і стаў чытаць.

 

«Дарагі Тодар Маркавіч!

Вы, напэўна, здзівіцеся, што я Вам пішу. Мяне вельмі цікавіць, ці прыняліся нашы вішні. Мне даўно хацелася Вам напісаць, але я саромелася свайго неабдуманага ўчынку летась: кінула ўсіх і паехала. Пішу Вам, як роднаму бацьку, які ведае мае пачуцці. Не дакарайце мяне, я іначай зрабіць не магла. Наколькі мне стала вядома, вы адзіны чалавек, які не забыўся пра мяне. Ад усяго сэрца Вам дзякую.

У мяне ўсе адзнакі добрыя і выдатныя. Праз некаторы час пачынаюцца дзяржаўныя экзамены. Прызнаюся, я ўвесь гэты год марыла, што прыеду ў свой калгас, насадзім з Вамі сады. Але калі ён (Вы ведаеце, пра каго ідзе гаворка) гэтага не захацеў, запрасіў агранома, дык няхай будзе так. Значыць, не суджана нам быць разам. Я сёлета не прыеду дадому, хоць, прызнацца па праўдзе, вельмі хацелася пабрадзіць па тых сцежках, дзе вучылася хадзіць, заглянуць у школу, дзе пазнала прыгоства роднага слова, падзякаваць маім мілым настаўнікам, мілым бацьку і маці (у тым ліку і Вам), што прышчапілі густ да працы. Мне прапануюць астацца пры інстытуце, але мяне цягне на практычную работу. Відаць, паеду на Палессе.

Бывайце! Моцна цісну Вашы залатыя рукі. Вы, дарагі Тодар Маркавіч, чалавек з халоднай галавой, гарачым сэрцам і чыстай душою. Жадаю Вам добрага здароўя. Жывіце доўга-доўга, працуйце на шчасце людзей.

Алёнка».

 

Радкевіч, крануты высакароднасцю душы дзяўчыны, забыўшыся нават надзець шапку, амаль выбег на двор, каб хутчэй паведаміць Лісоўскаму, што яго, старога, меркаванне спраўдзілася. Ён хутка ішоў па вуліцы, вецер раздзімаў пасівелы пушок на галаве. Па дарозе стары спаткаў Сяргея Беражынскага, які ехаў на эмтээсаўскай машыне.

— Чаму вы прагналі трактарыста з саду? — запытаўся Сяргей.

— А чаго вы пасылаеце да мяне пэцкаля,— буркнуў нездаволены Радкевіч.— Паабломваў мне галіны... агрэхаў нарабіў...

— Што з імі рабіць, не слухаюць,— развёў рукамі Сяргей.

— Калі не ўмееце людзьмі кіраваць, дык не бярыцеся,— раззлаваўся Радкевіч.

— Добра, добра, прышлю больш акуратнага,— паабяцаў Сяргей і спытаўся: — Дык як вы жывяце?

— А вы як, яшчэ не жаніліся? — замест адказу спытаўся Радкевіч.

— Нешта Алёнка не піша, мусіць, з вучобай не ладзіцца. Эт, з жанчыны такі аграном, як з мяне аптэкар...

— І не напіша,— секануў Радкевіч.— А з яе лепшы будзе аграном, чым з вас інжынер... І чалавек — не вам раўня... Бацькам праз суд аліменты плаціць... Эх, вы...

— Каб добрыя былі бацькі, дык не падалі б у суд...

— Яблычка ад яблынькі не адкоціцца.

Сяргей нешта хацеў сказаць у апраўданне, але Радкевіч не стаў яго слухаць. Ён пайшоў прама да дома старшыні. З грукатам адчыніўшы дзверы хаты, стары абвясціў:

— Танцуй, Віктар Трафімавіч, Алёнка прыслала пісьмо, засумавала па родным краі і, мусіць, больш за ўсё па табе...

Радкевіч паказаў пісьмо. Лісоўскі, прачытаўшы, увесь ззяў і аж памаладзеў.

— Даставай сваю бутэльку,— прапанаваў Радкевіч.— Нябось выстаялася, памацнела...

— Прабачце, Тодар Маркавіч, пасля таго праўлення...— Лісоўскаму стала няёмка.— Але...

— Будзеш плаціць штраф,— перабіў яго Радкевіч.— Не спадзявайся, я не дарую.

— Згодзен хоць цэлую скрынку выставіць,— сказаў Лісоўскі.

— Я жартую. Віно нікуды не дзенецца,— ужо сур’ёзна гаварыў Радкевіч.— А дзяўчына, што птушка, можа пырхнуць і паляцець... Не выпускай шчасця.

— Я зараз жа напішу, каб адразу пасля экзаменаў ехала сюды...

— Бо табе патрэбен аграном...

— Не аграном... Толькі ці паедзе?

— Прыедзе,— запэўніў яго Радкевіч.— Іначай бы не пісала... Жанчын трэба разумець... Вялікія практыкі... Хітрухі... Але і без іх нявыкрутка...

Шчаслівы Лісоўскі сеў пісаць пісьмо. Забыўшыся пра ўсё, ён уголас гаварыў, рука не паспявала перадаваць на паперу яго думкі, гэта быў голас сэрца:

«Мілая Алёнка!

Прыязджай да нас. У нас ужо расцвілі вішні. Калі я гляджу на іх, мне адразу ўспамінаешся ты. І мне робіцца і радасна, і сумна, бо я адзін, без цябе.

Алёнка! Ніяк не магу дачакацца, калі я з табою спаткаюся, каб разам прайсціся па абсаджаных вішнямі дарогах і сказаць табе ўсё...

Каб ты ведала, Алёнка, як я цябе кахаю, дык...»

Задаволены Радкевіч не стаў глядзець, што піша Лісоўскі. Стары ціха выйшаў, радуючыся за чалавечае шчасце.

1954

 


1954

Тэкст падаецца паводле выдання: Гурскі І. Лясныя салдаты: Апавяданні і аповесць. – Мінск, Мастацкая літаратура, 1979. – 552 с., 1 л. іл. – (Б-ка беларус. прозы)
Крыніца: скан