epub
 
падключыць
слоўнікі

Ільля Гурскі

Складны ножык

 

 

Юрка Смоліч лічыў сябе дарослым. На гэта ў яго былі прычыны: па-першае, яго бацька, лейтэнант, аднойчы дазволіў яму ў ціры стрэліць з нагана, а па-другое, як-ніяк ён ужо скончыў чатыры класы; чаму ж яму не паганарыцца перад меншымі? Была і трэцяя прычына: яму першы раз у жыцці бацька дазволіў пакінуць на лета чуб. Але чубам не вельмі пафарсіш, бо ён не паспеў адрасці, і хоць Юрка знарок бегаў без шапкі, а толькі на чуб ніхто не звяртаў увагі.

А пакарыў сэрцы сваіх сяброў Юрка складным ножыкам, які падарыла яму маці ў дзень сканчэння пачатковай школы. Складны ножык, або, як маці называла яго, сцізорык, быў не абы-які, а адмысловы, з перламутравымі тронкамі, якія пераліваліся на сонцы рознымі фарбамі. На металічнай частцы тронкі было выгравіравана дробнымі літарамі: «Юрку ад маці». Дзеці з зайздрасцю паглядалі на складны ножык. Аўтарытэт Юркі адразу пасля гэтага пайшоў угару: у якую гульню ён ні сказаў бы гуляць, дзеці з ім згаджаліся. За гэта ён сяму-таму дазваляў патрымаць ножык, а то і абстругаць ім невялікі дубчык.

Шчаслівы Юрка ўсе дні праводзіў у гульнях. Ён незлічоную колькасць разоў вымаў з кішэні складны ножык і кожны раз знаходзіў, што ножык вельмі прыгожы і што ні ў кога з яго сяброў такога няма. Бестурботна гуляў з дзецьмі ён і ў суботу, напярэдадні вайны.

А досвіткам наступнага дня Юрку разбудзіла першая фашысцкая бомба, якая была скінута на горад Брэст, дзе ён жыў. У кватэры ад паветранай хвалі вылецелі ўсе шыбы, зазвінела шкло і рассыпалася па падлозе. Хлопчыку здалося, што нават дом захістаўся.

Бацька Юркі ўмомант адзеўся, пацалаваў сына і жонку і ўжо на хаду кінуў: «Падавайцеся за горад. Гэта не пагранічная сутычка, а самая сапраўдная вайна, — і пабег у крэпасць. Калі Юрка падышоў да акна, то ўгледзеў, што цераз вуліцу дом ахутан дымам, уверх узняўся вялізны слуп пылу. Потым пачулася артылерыйская кананада. У суседнім доме наскрозь прабіла сцяну, усярэдзіне дома загарэлася, паваліў чорны, едкі дым. Напалоханыя людзі беглі па вуліцы, шукаючы ратунку.

Пад разрывамі бомб і снарадаў Юрка з маткай выходзілі з горада.

За горадам іх падабрала машына. Усю дарогу ад Брэста і да Магілёва за імі ганяліся фашысцкія самалёты. Колькі разоў людзі саскоквалі з машыны, каб схавацца дзе ў жыце або прытуліцца каля прыдарожнага дрэва. Самалёты з крыжамі на крылах на брыючым; палёце праносіліся над жытамі, амаль дакранаючыся да каласоў, паліваючы зямлю свінцовым дажджом. Шмат хто не падняўся ўжо з жытоў, з прыдарожных канаў.

За дарогу Юрка нямала нагледзеўся на зялёныя дрымучыя лясы, на шырокія прасторы калгасных палеткаў, на празрыстыя рэчкі і сінія азёры. Да яго дзіцячай: свядомасці дайшло, што ўсё гэта хоча праглынуць ненажэрны фашыст, якога скрозь і ўсюды людзі клялі самымі гнеўнымі словамі.

Цяжкае падарожжа з Брэста да Магілёва застанецца ў Юркавай памяці на ўсё жыццё. Па дарогах ішлі панурыя людзі, несучы стомленых дзяцей. Гналі чароды кароў і коней, авечак і цялят. Пераганялі адна другую грузавыя машыны, на іх было поўна народу. Стаяў такі пыл, што нельга было дыхнуць. Людзі ішлі і ішлі, уцякаючы ад фашыстаў, як ад чумы.

Прыехаў Юрка ў вёску Пуцілкавічы, да бабкі, апоўдні, у гарачы чэрвеньскі дзень. Вёска гула трывогай, як разварушаны вулей. З хаты ў хату снавалі напалоханыя жанчыны. Юрку кінулася ў вочы, што ў вёсцы было мала мужчын. Вёска Пуцілкавічы славілася тым, што давала шмат рабочай сілы ў гарады. Сярод пуцілкаўцаў былі будаўнікі і металісты, машыністы і слесары, шахцёры і сталявары. Шмат хто з іх прыязджаў летам у вёску на адпачынак. Але сёлета нікога з іх не было, яны пайшлі ў армію.

Юрка падаўся з маткай на раку, каб змыць з сябе дарожны пыл. Вёска Пуцілкавічы стаяла на правым беразе Дняпра. За вёскай вышэй чалавечага росту ўзвышалася жыта. Яно шапацела, пераліваючыся на сонцы, поўныя каласы гнуліся долу. Дзень быў надзіва яркі, высока ўзнімалася блакітнае неба, дзе-нідзе праходзілі, пераганяючы адна другую, белыя пуховыя хмаркі...

Юрка ўпершыню за гэтыя дні заўважыў на вачах маці слёзы. Можа, яна і раней плакала, але ён не бачыў.

— Ты чаго, мамка? — спытаўся ўстрывожаны Юрка.

— Як там наш татка, ці жывы? — загаварыла маці. — І як мы цяпер будзем жыць?..

У Юркі зашчымела сэрца. Куды падзелася дзіцячая бестурботнасць. Ён падышоў да маці, яна прыгарнула яго да сябе. Яны некаторы час моўчкі сядзелі на беразе ракі, дзе, як у люстэрку, адбіваліся іх постаці. Ад ракі павявала халадком, безупынна рухалася срабрыстая вада. Вось праляцеў бусел з галінкаю ў дзюбе. Высока ў небе павольна праплыў крумкач, імкліва ўзляцелі дзікія качкі і селі недалёка ў азярцы. Звінеў жаваранак. Прырода жыла сваім звычайным жыццём.

— Усё было ў нас, сынок, ды нічога не стала, — раптам парушыла цішыню маці. Яна гэта сказала з вялікім болем у сэрцы.

— А я, мамка, усё ж ухапіў свой складны ножык. Бачыла?

— Добра, — абыякава сказала маці, бо ёй было не да гэтага.

Юрка глядзеў на быстрыя воды ракі, а потым перавёў погляд на зялёны бор, які сцяною агінаў пуцілкаўскія палі, і нічога яму не было мілым. Хлопчык, гледзячы, як маці пакутуе, гатоў быў заплакаць. Маці ўбачыла заклапочанасць сына, пагладзіла яго па галаве і сказала:

— От неяк жа будзем жыць, каму будзе жыцца.

Юрку адпала ахвота купацца: ён збольшага памыўся, адзеўся і падышоў да вярбы, голле якой спускалася аж да самай вады. Наляцеў лёгкі ветрык, зарабацела вада. У рацэ адна за другой падскоквалі сіляўкі: за імі, відаць, ганяўся ўвішны шчупак.

Раптам над галавой хлопца праімчаўся, парывіста гудучы, фашысцкі бамбардзіроўшчык; ён развярнуўся і пайшоў у піке. Напалоханая маці схапіла Юрку за руку і пацягнула ў жыта — іншага сховішча паблізу не было. Самалёт скінуў бомбы. Пачуліся страшэннай сілы выбухі, узляцела ўверх зямля, дым і пыл.

Потым самалёт зрабіў круг і пачаў паліваць з кулямёта жыта, у якім рассыпаліся байцы, што ішлі па шашы ў напрамку да фронту, насустрач ворагу.

Маці раптам крыкнула «а-ай!» і выпусціла Юркаву руку. Плачучы, Юрка клікаў маці, але яна не сказала ні слова.

— Сюды, хлопча, паўзі сюды, — пачуў Юрка голас байца. Самалёт яшчэ зрабіў адзін залёт і знік. Ад выбухаў бомб паміж жытоў засталіся вялізныя чорныя прагаліны.

Байцы на вінтоўках прынеслі цела Юркавай маці да бабчынай хаты.

За адзін дзень Юрка так змяніўся, што яго нельга было пазнаць. Людзі заўважылі на яго твары маршчыны, зусім не ўласцівыя дзіцяці.

* * *

Вораг ірваўся на ўсход, знішчаючы ўсё жывое на зямлі. Смерць гаспадыняй хадзіла па палях і пушчах, спраўляючы крывавы баль.

Ліпеньскім поўднем цераз Пуцілкавічы праскочылі першыя фашысцкія матацыклісты. Потым пайшлі танкі. На некалькі кіламетраў было чуваць лязганне жалеза, чулася чужая, непрывычная вуху гамонка. Юрка не мог спакойна глядзець на фашыстаў: яму хацелася адпомсціць за маці, але як, ён і сам не ведаў.

У тыя дні нідзе ў Пуцілкавічах нельга было ўбачыць усмешкі, пачуць песні — усюды была жалоба. Фашысты з пазакасванымі рукавамі хадзілі па хатах, адбіраючы ў дзяцей апошнюю шклянку малака...

У сорак другім годзе ў вёску Пуцілкавічы пачалі даходзіць чуткі пра партызан. Гаварылі таксама пра эсэсаўцаў, якія шукаюць партызан, здзекуюцца з людзей, паляць вёскі.

Аднойчы раніцай вёску Пуцілкавічы акружылі фашысты. Яны дапытваліся, дзе мужчыны, ім адказвалі, што ў войску, у гарадах, але фашысты не верылі. Яны забралі ўсе людскія пажыткі, а пуцілкаўцаў сагналі ў некалькі хат.

Да хаты падышло некалькі фашыстаў на чале з афіцэрам. Бабка рукамі прыціснула Юрку да зямлі і прыкрыла сваім целам. Афіцэр скамандаваў: «Агонь!» Пачуліся стрэлы. Юрка толькі тады апамятаваўся, калі хата напоўнілася дымам. Бабка была яшчэ жывая, але яна нічога не гаварыла, а толькі аслабелаю рукою паказвала на акно ў процілеглым баку хаты. Юрка выскачыў з акна і знік у каноплях. Па ім стралялі, але ён усё ж уратаваўся.

Усяго хапіла Юрку, калі ён блукаў па чужых вёсках. Неяк выпадкам у сяле Бабры, куды яго закінуў лёс, Юрка спаткаўся з партызанскім разведчыкам Лявонам Бокуцем. Сяло Бабры, як і Пуцілкавічы, напалову было спалена фашыстамі, і амаль усе людзі загублены ў агні. У дзядзькі Лявона фашысты таксама спалілі ўсю сям’ю. Можа, таму ён цяпер так гарнуўся да малых. Прыйдзе дзядзька Лявон у Бабры і разашле хлапчукоў у разведку. Юрка ў яго быў зусім сваім хлопцам, якому дзядзька Лявон даваў не адно даручэнне. Паміж Юркам і дзядзькам Лявонам завязалася сапраўдная баявая дружба. Дзядзька Лявон расказаў хлопцу пра сябе: ён стары салдат, удзельнік руска-японскай і грамадзянскай войнаў. Аднаго разу паміж Юркам і дзядзькам Лявонам адбылася такая гутарка.

— Ну што ж, Юрка, час табе ў партызаны падавацца, — прапанаваў дзядзька Лявон, пыхкаючы люлькаю і разгладжваючы сваю чорную бараду. — Я пра цябе гаварыў з камандзірам атрада, бацькам Сяргеем. Будзеш маім памочнікам. Згодзен?

— Я даўно гэтага хацеў, — узрадаваўся Юрка. — Хачу адпомсціць фашыстам і за маму, і за бабку.

— І за бацьку таксама, — пасуравеў дзядзька Лявон.

— Як! — ажно пахіснуўся Юрка, у яго пацямнела ў вачах. — І таткі няма ў жывых?

— Няма, сынок, — цяжка вымавіў дзядзька Лявон. — Я гаварыў з камандзірам атрада, ён сказаў, што з Брэсцкай крэпасці амаль ніхто не выйшаў... Яны стаялі насмерць, больш трох тыдняў змагаліся...

— І татка загінуў, — прагаварыў Юрка. З яго вачэй сыпаліся буйныя, як боб, слёзы. — Мы ім не даруем!

— Не даруем, сынок! — сказаў дзядзька Лявон. — У нас з табою... Ды што казаць, мы ім адпомсцім...

Пайшлі цяжкія партызанскія будні: засады, смелыя налёты, рэйкавая вайна, баі з эсэсаўцамі, якія блакіравалі партызан. Юрка з дзядзькам Лявонам не разлучаліся ні на адзін дзень. Яны хадзілі разам у разведку, не раз былі на валаску ад смерці. Юрка быў добрым памочнікам старому партызану.

Аднойчы Юрка з дзядзькам Лявонам паехалі ў разведку ў варожы гарнізон. Юрка разведаў, якія там стаяць сілы, падлічыў танкі, а дзядзька Лявон ухітрыўся ўмасціць міну пад падрубу ў будынку камендатуры. Ужо ад’язджаючы, разведчыкі пачулі выбух.

— Дзядзька Лявон! — ускрыкнуў узрадавана Юрка. — Сёння ў вас павінен быць добры настрой. Чулі, як гахнула!..

— Чуў, сынок, чуў... а толькі хутчэй адсюль...

У мястэчку ўзнялася трывога. Увесь гарнізон быў пастаўлены на ногі. Фашысты з умацаванага пункта адкрылі беспарадачную стральбу. Адна куля дагнала-такі разведчыкаў і цяжка параніла дзядзьку Лявона. Напалоханы Юрка пачаў хутчэй паганяць каня.

— Цішэй, сынку, усё адно яны ноччу не паедуць нас даганяць, пабаяцца засады, — слабым голасам сказаў дзядзька Лявон, а потым дадаў: — Дрэнна мне... Не ведаю, ці выжыву... Дык слухай мяне...

І дзядзька Лявон расказаў Юрку, як ён улетку 1941 года, калі пачаўся бой за сяло Бабры, пад выбухамі снарадаў падпоўз да забітага савецкага сцяганосца, зняў палотнішча сцяга з дрэўка, схаваў яго на грудзях і папоўз назад.

Ледзь дзядзька Лявон паспеў расказаць Юрку, дзе схаваны сцяг, як страціў прытомнасць. Юрка думаў, што дзядзька Лявон памёр. Хлапцу стала страшна, але ён трымаўся і ўсё паганяў каня. Позна Юрка прыехаў у лагер партызан. Цяжка параненага дзядзьку Лявона адправілі на партызанскі аэрадром, каб разам з другімі партызанамі везці ў Маскву. З гэтай прычыны хлапец моцна засумаваў.

Юрка застаўся зноў адзін. Раней у яго складны ножык быў зашыты ў ватоўцы, а цяпер ён яго дастаў і часта круціў у руках, думаючы сваю невясёлую думу. Неяк яму прыйшло ў галаву: «Мама падаравала гэты складны ножык, каб завострываць аловак, а я вось каля трох год нічога не пісаў і нават алоўка ў руках не трымаў...»

Хлапцу захацелася вучыцца. «Чалавек з розумам і з навукай, — некалі гаварыў Юркаў бацька, — можа шмат больш прынесці карысці, чым невучоны чалавек». Юрка вырашыў, як толькі скончыцца вайна, пайсці вучыцца. Ён марыў стаць афіцэрам, каб вадзіць салдат у баі і паходы.

Цяпер Юрка часта хадзіў адзін у разведку. Ён адзяваўся пастухом, жабраком ці звычайным падарожнікам. Часта ён трапляў у складаны пераплёт, але дапамагала кемлівасць і практыка, набытая з дзядзькам Лявонам, якога Юрка часта ўспамінаў. У атрадзе Юрку любілі і прарочылі яму вялікую ваенную кар’еру. Апынуўшыся сярод чужых людзей, Юрка забываўся аб сваім сіроцтве, часам жартаваў, на яго твары згладзіліся заўчасныя маршчыны. Але здаралася, калі ён забіраўся ў свой шалаш, успамінаў бацькоў і бабку, дзядзьку Лявона, то паціху, каб ніхто не пачуў, плакаў. Гэта найбольш здаралася тады, калі ў яго не было ніякага задання і не было чаго чытаць.

Пра дзейнасць юнага мсціўца ведалі не толькі ў атрадзе, але і ў партызанскай брыгадзе і нават у Маскве. На грудзях у Юркі ўжо красаваўся ордэн Чырвонай Зоркі.

Неяк камандзір атрада, цяпер прызначаны камандзірам брыгады, выклікаў Юрку да сябе. Усе ў брыгадзе звалі камандзіра бацькам Сяргеем. А гэтаму бацьку яшчэ не было нават трыццаці год, а выглядаў ён яшчэ маладзей. Камандзір брыгады заўсёды быў паголены, чысты і падцягнуты.

— Кім бы ты, Юрка, хацеў быць? — запытаўся бацька Сяргей.

— Не ведаю, — адказаў Юрка.

— Можа, хочаш у сувораўцы пайсці?

— А што гэта значыць?

— Вучыцца на афіцэра Чырвонай Арміі.

— Хачу, — адразу ж згадзіўся Юрка.

— Дык збірайся тады, паляціш на Вялікую зямлю, у Маскву.

— Не магу.

— Чаму? — здзівіўся бацька Сяргей.

— Мне дзядзька Лявон пасля яго ранення даручыў адну важную справу. Не выканаць яе я не магу.

— Якую справу?

— Не выпадае неяк гаварыць.

— Сакрэт які?

— Ага.

— Няўжо і мне нельга сказаць?

— Вам можна, — пасля некаторага вагання адказаў Юрка і расказаў бацьку Сяргею ўсё, што перадаў яму стары партызан.

— А перадаручыць ты гэту справу нікому не можаш? — спытаўся бацька Сяргей.

— Каму? — запытаўся Юрка.

— Ну, хоць бы мне? Я цябе не падвяду. Мне ты можаш паверыць?

— Вам — магу.

— Тады збірайся і паедзем.

— А я гатовы, хоць цяпер можна ляцець, маё ўсё пры мне.

— Дарэчы, ведаеш, дзядзька Лявон папраўляецца і хутка будзе тут.

— О, тады я зусім спакойна магу ехаць.

Усхваляваны Юрка з радасцю збіраўся на Вялікую зямлю. Але калі ён падышоў да самалёта, то засумаваў і апусціў галаву. «Зноў буду адзін», — падумаў Юрка. Яму шкада было пакідаць людзей, да якіх прывык, як да самых блізкіх і родных. Потым ён памацаў, ці пры ім складны ножык, зняў шапку, пакланіўся партызанам, якія прыйшлі з ім развітацца, пакланіўся пушчам, дзе правёў гэтулькі трывожных дзён, і палез у самалёт.

* * *

Скончылася вайна. Людзі з прагнасцю ўзяліся за аднаўленне разбураных фашыстамі гарадоў і вёсак. А Юрка прадаўжаў вучыцца ў сувораўскім вучылішчы. І вось аднойчы, гуляючы ў горадзе, Юрка ўбачыў незвычайнага барадача-сцяганосца, які крочыў наперадзе палка. «Што за дзіва», — падумаў сам сабе Юрка, разглядаючы барадача ў форме старшага сяржанта, з ордэнам Чырвонага Сцяга і двума медалямі. Зацікаўлены Юрка ішоў па тратуары крок у крок са сцяганосцам аж да самых казарм гвардзейскай дывізіі, успамінаючы, дзе б ён мог бачыць яго.

— Ды гэта ж дзядзька Лявон, — усклікнуў Юрка, нарэшце пазнаўшы барадача.

Старшы сяржант, які толькі што перадаў сцяг дзяжурнаму па палку, дапытліва паглядзеў на хлапца.

— Няўжо памыліўся, — усумніўся Юрка. — Скажыце мне, хто вы такія?

— Ганаровы воін, гвардыі старшы сяржант Лявон Андрэевіч Бокуць, — прабасіў барадач. — Прыехаў з сяла Бабры на свята дывізіі. А ты хто, адкуль?

— Я... мяне завуць Юрка... суворавец, — расхваляваўся хлапец. — Памятаеце... складны ножык...

— А-а-а, Юрка, добры дзень, — узрадаваўся дзядзька Лявон хлапцу, як роднаму сыну. — Цябе не пазнаць...

— І вас таксама...

Яны на радасцях абняліся і пацалаваліся. З вачэй у старога салдата пырснулі слёзы, і ён іх не саромеўся.

Дзядзька Лявон расказаў, як ён пасля шпіталя вярнуўся ў сваё сяло Бабры, а калі прыйшла Чырвоная Армія, з’явіўся да камандзіра часці і перадаў яму сцяг. За гэта ўрад Савецкага Саюза ўзнагародзіў яго ордэнам Чырвонага Сцяга, а міністр Узброеных Сіл загадам занёс яго прозвішча пажыццёва ў спіс дывізіі.

Доўга ў той дзень гаварылі паміж сабою ганаровы воін з юным сувораўцам, успамінаючы баявыя паходы. Не абышліся яны без таго, каб і цяпер не паглядзець складны ножык, як самую дарагую рэліквію, успамін аб мінулых днях.

1945

 


1945

Тэкст падаецца паводле выдання: Гурскі І. Расцвілі вішні. Апавяданні. – Мінск, Мастацкая літаратура, 1989. – 311 с.
Крыніца: скан