epub
 
падключыць
слоўнікі

Ільля Гурскі

Сустрэча

 

 

На ўскраіне горада, дзе раней рос бор і цяпер зрэдку пракідаюцца гонкія сосны, узвышаюцца карпусы трактарнага завода.

Удалечыні відаць фабрычна-заводскія трубы, з якіх узнімаецца дым, паволі разыходзячыся над гарызонтам. Заўсёды ў гэтым баку горада чулася лязганне жалеза, ракатанне і гул цяжкіх аўтамашын; лёгка вуркочучы, праносіліся матацыклы; чмыхаючы, марудна цягнуліся трактары,— уся гэта новая тэхніка сваім ходам, часта нават у святочныя дні, ішла да пагрузачных пляцовак.

Выпушчаныя новыя, пафарбаваныя ў чырвоны колер трактары «Беларусь» ужо выпрабоўваліся на палях шырокіх калгасных прастораў.

— Край палёў і лясоў стаў краем фабрык і заводаў,— сказаў адзін з рабочых, якія — хто з жонкамі і дзецьмі — ішлі на маёўку.

Астатнія задаволена ўсміхаліся.

— Яшчэ не гэта будзе, калі не перашкодзіць новая вайна,— дадаў другі рабочы.

— А што? — спытаўся нехта.

— Уся краіна ў садах зацвіце,— гаварыў даўнішні гараджанін, любуючыся пасаджанымі гэтай вясной ліпамі.— Усё зробім, каб упрыгожыць жыццё чалавека.

Гэтыя словы спадабаліся Тарасу Пінчуку, ужо немаладога веку мужчыне — яму падбіралася пад шосты дзесятак. Ён шырока ўсміхнуўся.

— Недарма мы жылі. Праўду кажу, старая! Ты толькі ўяві, як людзі зажывуць, калі ўсе здабыткі, якія яны ствараюць, пойдуць на іх карысць.

— Калі тое будзе?

— Усё да гэтага ідзе,— упэўнена заявіў Пінчук.

Рабочы, які ішоў побач з Пінчуком, усміхнуўшыся, сказаў:

— Тарас Кандратавіч правільна думае. Што для гісторыі значаць якія-небудзь чатыры дзесяткі год! А за гэты час трэцяя частка людзей свету вызвалілася з-пад ярма капіталу. Мне хочацца дажыць да таго часу, калі золата страціць сваё ранейшае значэнне, не будзе для людзей спакусай.

— Законнае жаданне! — засмяяўся Пінчук.

— Золата!..— цяжка ўздыхнуў рабочы.— Колькі праз яго людзей загінула...

— Дзіва! — усклікнула Марыя Паўлаўна.— А колькі пакалечана — целам і душою...

Прыгравала веснавое сонца, нават у шчылінах асфальту зелянела трава.

Група рабочых увайшла ў лясок і села ў цяньку, пад кашлатай, нібы пазалочанай, сасною, з якой дзе-нідзе жоўтымі пацеркамі сцякала смала. Дзесьці ў небе бесперастанку звінеў жаваранак.

— Хто яго ведае чаму, але я з маленства асабліва люблю гэтую птушку,— прыслухоўваючыся, гаварыў Пінчук.— Яшчэ калі я ў аднаго фальваркоўца на Палессі працаваў парабкам, яна заўсёды мяне сустракала на полі і праводзіла адтуль дадому...— Пінчук падумаў і зазначыў: — Вось з таго часу я і ненавіджу золата...

— Чаму? — спытаў рабочы.

— Доўгая песня.

— А ты ўсё ж раскажы.

— А ўжо ж, цікава паслухаць,— азвалася Марыя Паўлаўна.— Ты мне ніколі пра гэта не гаварыў.

Пінчук ямчэй прымасціўся каля сасны. З-пад кусцістых брывей заіскрыліся карыя вочы. Ён паволі пачаў апавядаць.

— Даўно было тое, аб чым я зараз раскажу. Ужо другі год ішла вайна з войскамі Вільгельма ІІ. Мала тады аставалася мужчын у вёсках,— белабілетнікаў і тых пабралі ў салдаты. А толькі Бараноўскія (тры хлопцы, як дубы) былі дома. Пра іх гаварылі, што яны адкупіліся золатам.

Фальварковец Бараноўскі, вялізны і згорблены, з рудою барадою, зімой і летам хадзіў у пафарбаваных у сіняе зрэбных портках. У некаторых мясцінах яны парыжэлі, а на каленях і на тым месцы, якім садзяцца,— лата на лаце.

Бараноўскі доўгі час служыў у маёнтку Петражыцкага, там і нажыўся, прыдбаў фальварак гектараў на восемдзесят, запрудзіў ручаіну і пабудаваў невялічкі млынок і пры ім лесапілку. Млынок улетку часта стаяў з-за недахопу вады. Тады фальварковец хадзіў хмуры і злосны, прыгаворваючы: «Прыйдзецца, мусіць, ісці па свеце з торбамі...»

Акрамя трох сыноў у Бараноўскага былі чатыры дачкі. Маладзейшыя тры выйшлі замуж, а старэйшая, Разэля, твар якой быў з’едзены чорнаю воспай, асталася ў дзеўках і была ў хаце за гаспадыню. Жонка Бараноўскага яшчэ да вайны памерла.

Родам Бараноўскі быў з вёскі Навіны. Перш ён працаваў у Петражыцкіх конюхам, потым старшым рабочым і, нарэшце, стаў кіраўніком маёнтка. Звалі яго ў Навінах Янка Баранчык, але калі ён выбіўся ў падпанкі, дык прыняў каталіцтва і зрабіўся Януком Бараноўскім. Расказвалі, што аднойчы на фэсце ў Піне адзін навінаўскі мужчына, не зусім з палахлівых, першы падаў руку фальваркоўцу. Бараноўскі абразіўся і выставіў яму мезенец. Тады селянін расставіў указальны і сярэдні пальцы і выставіў яму палову вялікага, тыкнуўшы гэтай «камбінацыяй» фальваркоўцу ў нюхаўку. Збянтэжаны падпанак не ведаў, што рабіць. З таго часу Бараноўскага іначай не звалі, як «без фігі не падступіся».

Дом Бараноўскіх, абкружаны маладым садам, стаяў у нізіне, каля запруды, недалёка ад млына. Уласна кажучы, гэта была звычайная сялянская хата на дзве палавіны, пад саламянай страхой, пабудаваная з купленага ў пана свірна. У «чыстай» палавіне жылі гаспадары, а ў другой — парабкі. Там жа была і кухня.

Першыя і апошнія боты стары справіў, калі пакінуў пана Петражыцкага і збіраўся жаніцца. Гэта былі адмысловыя боты, юхтовыя выцяжкі з доўгімі халявамі, высокімі абцасамі, са скрыпам. «Без фігі не падступіся» надзяваў іх толькі ў вялікія святы, калі ехаў на кірмаш. У апошнія гады часам дазвалялася ў іх абуцца старэйшаму сыну, Юзіку, яму ўжо ішоў трыццаць пяты год. Ён настойліва дамагаўся дазволу жаніцца, але без бацькавай згоды не адважваўся.

Нораву стары Бараноўскі быў крутога. Бывала, сядуць за стол, і барані божа, хто раней за бацьку пачне сёрбаць з агульнай міскі капусту або якія там буракі! Стары так гляне сваімі зыркімі мышынымі вочкамі, што той гатоў скрозь зямлю праваліцца. Гэта ў лепшым выпадку. А калі хто асмеліцца першы ўзяць кавалак мяса, дык атрымае ад бацькі лыжкаю па лбе. У час яды звычайна панавала мёртвая цішыня.

Старэйшы сын, Юзік, быў выліты бацька,— і росту такога ж высокага, з крыху ўпалымі грудзьмі, і меў такі ж, дуляю, пасінелы нос, і такія ж быстрыя вочкі, толькі яшчэ больш прагныя. Ён кіраваў усёй гаспадаркай і патроху краў ад бацькі. Сярэдні сын, Янак, быў падобны на жончын род — каржакаваты, шырокі ў плячах, з вялікімі навыкаце вачыма і задзірыстым кірпатым носам. Ён быў млынаром і таксама налаўчыўся ад бацькі красці. А меншы сын, Стась, не падобны быў ні да бацькі, ні да маці. З твару ён быў нішто сабе дзяцюк: светлыя кучаравыя валасы, бледны твар, блакітныя, заўсёды неяк затуманеныя вочы. Гэта быў «цяля», нейкае нягеглае, кволае стварэнне. Ён заўсёды каля дому аціраўся.

Самі Бараноўскія елі добра. Стравы, што б там ні было — капуста ці буракі, бульбяная бабка ці верашчака,— заўсёды тлустыя. А парабкі душыліся на нішчымніцы. Калі часам улетку перападзе маслёнка — звычайна ёю гаспадары свіней кармілі,— тады было вялікае свята.

Нягоднейшая за ўсіх была Разэля. Яна, здавалася, на ўвесь свет злавала. Яе за вочы звалі «рабая». Калі часам хто-небудзь ёй не ўнаровіць, дык тады сцеражыся — што трымае ў руках, тым і запусціць хоць у каго з парабкаў ці наймічак. «Рабой» баяліся як агню. Яна за нішто магла збэсціць любога чалавека.

Бараноўскі не задавальняўся набытым, ён намагаўся выбіцца ў памешчыкі, а для гэтага ўсё ціснуў залатыя «гузікі» ў панчоху. Казалі, што ў яго шмат было золата, але ні нябожчыца жонка, ні дзеці не ведалі, дзе ён яго хавае. Адно толькі было вядома, што ён ў банку грошай не трымаў.

Вайна набліжалася. З кожным днём усё бліжэй і бліжэй чуліся гарматныя стрэлы. Пацягнуліся на ўсход уцекачы. Стары больш за ўсіх нерваваўся, не ведаючы, што яму рабіць,— шкада было пакідаць абжытае месца і падавацца ў дарогу. Ён дрэнна еў, амаль зусім не спаў, зблажэў і аднойчы пасля поўдня зусім нечакана даў дуба — выпрастаўся на ложку, нічога не паспеўшы сказаць пра золата. Сыны і дачка хадзілі як пад зямлёю, сноўдаліся з кутка ў куток, праклінаючы бацьку, што пазбавіў іх спадчыны.

Яшчэ Бараноўскага не пахавалі, як здарылася такое, пра што загаварылі па ўсёй ваколіцы. Адзін з парабкаў, скончыўшы касіць атаву, ішоў з касою на плячы дадому. Каля гумна на пляцы стары сабака Жук старанна капаў яму, мусіць, чуючы недзе мышэй. Касец паддаў яму ахвоты:

— Шукай, Жук, шукай!

Юзік, які быў у адрыне, дзе рабілі труну бацьку, пачуўшы гэтыя словы, выскачыў на двор. Ён убачыў напалову закапанага ў зямлю сабаку і схіленага над ім парабка.

«Няйначай натрапіў на золата. Бач, сквапны на чужое!» — нібы апаліла яго думка. Калоцячыся ад злосці і ўзбуджэння, выламаў Юзік кол з плота і кінуўся да парабка. Той стаяў, нічога не падазраючы. Юзік з размаху ўдарыў яго. Заліты крывёю парабак зваліўся на зямлю.

Да гумна, як груганы, чуючы здабычу, зляцеліся нашчадкі «без фігі не падступіся»: Янак, Стась і Разэля. Жук не ўнімаўся, капаў. Веерам ляцела з-пад ног кудлатага сабакі тлустая зямля. Паказалася нешта, закручанае ў анучку. Вось яно, бацькава золата!

— Чаго разявіў рот, асталоп! — накінуўся Юзік на Стася.— Сыдзі з вачэй!

— А хіба золата тваё? — заступіўся Янак.

— Маё! — закрычаў Юзік, яго вочы наліліся чырванню.— Я знайшоў!..

Паміж братамі пачалася бойка. Сярэдні з меншым наваліліся на старэйшага, а той, як раззлаваны мядзведзь, падмінаў іх пад сябе, мясіў цяжкімі кулакамі. Тым часам сястра выцягнула з зямлі закручаны ў анучку куфэрак з золатам. Тады ўсе трое братоў кінуліся да яе.

Разэля не выпускала з рук куфэрка. Пачалася калатня. Невядома, чым бы ўсё гэта скончылася, каб не наехаў ураднік, які выганяў усіх капаць акопы. Выклікалі станавога, пачаліся допыты, некалькі дзён цягнулася следства на месцы.

Старога Бараноўскага і касца пахавалі, а нашчадкаў «без фігі не падступіся» разам з золатам забралі ў воласць. Астаўся ў фальварку толькі Жук, які некалькі дзён жаласна выў, а потым і зусім сышоў з дому.

З таго часу я зненавідзеў золата — гэта яно калечыць людзей, робіць іх звярамі.

Марыя Паўлаўна ўважліва слухала, забыўшыся нават пра тое, што ёй трэба рыхтаваць «стол» для маёўкі. Жанчына, цяжка ўздыхнуўшы, прамовіла:

— От бо людзі! Нізавошта звялі са свету парабка.

— У нас у кавальскім працуе нейкі Бараноўскі, нешта ён мне не падабаецца. Можа, які атожылак Бараноўскіх, пра якіх ты расказваў? — загаварыў адзін з прысутных, Міхаіл Аляксандравіч Зуеў, зменны майстар. У яго была шырокая натура, любіў ён кампанію, хутка збліжаўся з людзьмі.

— Ці мала такіх прозвішчаў? — умяшалася Марыя Паўлаўна.— Мне нехта казаў, што ў Маскве жыве больш за сорак тысяч Івановых...

— І то праўда,— падумаў уголас Зуеў і шматзначна працягнуў: — Та-а-ак... А заакіянскія акулы яшчэ больш прагныя да золата... Колькі яны за дзве сусветныя вайны яго награбілі! І ўсё мала... Яшчэ не нажэрліся... Рыхтуюць трэцюю вайну...

— Калі толькі ім удасца развязаць яе, дык яны захлынуцца ва ўласнай крыві,— сурова вымавіў Пінчук.— Гэта будзе апошні і рашаючы бой...

Да ўзгорка падыходзілі рабочыя, каб правесці маёўку, прыносілі з сабою закуску і віно, далучаліся да агульнага «стала». У Пінчука і Зуева было прыемнае адчуванне: дзе б яны ні з’явіліся — ці то ў сваіх цэхах, ці на сходзе,— да іх цягнуліся людзі. Пінчук працаваў у ліцейным цэху трактарнага завода, раней жа на заводзе «Бальшавік» (былым Абухаўскім) у Ленінградзе. Пра блакаду, якую ён правёў у асаджаным горадзе і ні на адзін дзень не пакінуў завода, рэдка каму расказваў. Там Пінчук пахаваў свайго старэйшага сына, шмат сяброў. Аставацца далей жыць у горадзе, дзе так багата ён страціў блізкіх сэрцу людзей, было цяжка, а таму, калі яму прапанавалі паехаць на новабудоўлю ў Мінск, ахвотна згадзіўся. Марыя Паўлаўна, не вагаючыся, падтрымала мужа. Тут, на трактарным заводзе, Пінчук завёў новых сяброў, з якімі разам перажываў радасць вялікіх творчых поспехаў.

А людзі ўсё падыходзілі і падыходзілі. Пінчук з Зуевым заўважылі, што тут ужо многа было аўтазаводцаў, галоўным чынам моладзь, якая хутчэй знаёміцца, лепш умее весяліцца. Ажыў лес, напоўніўся стракатымі сукенкамі, усіх колераў хусцінкамі, вясёлым смехам дзяўчат. «Стол» прыняў акрэсленую форму літары «П». Вось падышоў інструментальшчык Качура Ігнат Міхайлавіч з жонкай Палашкай і чатырохгадовым унукам Славікам. Яны прынеслі з сабою самавар і бочачку з вадою. Качура надоечы ў клубе адзначаў свой саракагадовы юбілей інструментальшчыка. Стары быў любімцам моладзі. Яго абкружылі дзяўчаты і хлопцы. Славік пайшоў па руках, яго песцілі, падкідалі, як мячык.

Пачуліся галасы:

— Калі Ігнат Міхайлавіч прыйшоў, то можна пачынаць!

— Правільна!

— Славік, а кім ты будзеш?

— Стлюментальцыкам,— ледзь вымавіў хлопчык.

— Ах ты, гарбуз!

Усе весела смяяліся.

Ярка свяціла вясенняе сонца. У блакітным небе — ні адзінай хмаркі. І людзям здавалася, нібы сонца таксама смяялася, радуючыся іх шчасцю. Бесперастанку спяваў жаваранак, гулі пчолы, невядома адкуль сюды прыляцеўшыя, заліваліся на ўсе галасы птушкі.

З узгорка відаць былі прыземістыя карпусы заводаў з вялізнымі вокнамі, высокія карычневыя трубы, светлыя катэджы з чырвонымі дахамі, у рыштаваннях клеткі вялізных жылых дамоў, шэрая стужка асфальтаванай дарогі, акаймаванай зелянінай. Па дарозе шпацыруе моладзь, новае пакаленне рабочых. Хлопцы адзеты больш строга, у гарнітуры, а дзяўчаты — у рознакаляровыя сукенкі, ад чаго рабацела ў вачах.

Паселі, хто дзе мог,— на пнях, на газетах, а то і проста на зямлі, усланай ігліцаю. Толькі Славік ніяк не мог угаманіцца. Вырваўшыся з рук дарослых, ён гаспадарыў каля самавара, збіраў і кідаў у трубу шышкі. Адтуль валіў дым, як з паравоза.

— А мой ты ўнучак, працавічок мой маленькі, усё каля гаспадаркі ўвіхаешся, няйначай хочаш бабку падмяніць,— задаволена ўхмыльнулася Палашка.— Дай жа я табе памагу, саколік!

— Я сам! — насупіўся Славік.

Усе засмяяліся.

— Дык што ж, можа, пачнём? — спытаўся Зуеў.

— Ага, чаго марудзіць!

— Хто хацеў, той прыйшоў!

— Будзем пачынаць!

— Можа, выберам тамаду для парадку? — прапанаваў Зуеў.

— А як жа, трэба!

— Каго?

— Пінчука!

— Што вы, браткі, давайце каго-небудзь другога,— запярэчыў Пінчук.— Вось хоць бы Качуру, ён тут старэйшы за ўсіх нас, самы паважаны, яму і карты ў рукі.

— У мяне голас слабы,— азваўся Качура.

— Пінчука тамадою, а Качуру і Зуева — намеснікамі,— прабасіў хлопец.

Усе яго падтрымалі.

— Што ж, голас народа — голас божы,— звярнуўся да Пінчука Качура, жмурачы хітрыя старэчыя вочы.— А толькі, як гэта кажуць: «Кіраваць — кіруй, але не вельмі тузай...»

— Праўду кажаш,— згадзіўся Зуеў.— Менш тостаў! Людзі прыйшлі адпачываць. Захоча чалавек сказаць, няхай гаворыць, але каб не было прымусу.

— То і я баюся, каб не ператварыць маёўку ў вытворчую нараду,— прызнаўся Пінчук. Відаць, ён хваляваўся, не ведаў, з чаго пачаць. «Шмат значыць задаць тон»,— думаў ён.

А людзі ўсё падыходзілі, далучаючыся да агульнай кампаніі.

— Во, глядзіце,— перабіў гутарку Зуеў,— ідзе Бараноўскі з жонкай. Цікава, куды яны звернуць.

Шмат позіркаў скіравалася ў іх бок. Жонка, відаць, цягнула мужа ў агульную кампанію, але ён упіраўся, даказваў нешта і, нарэшце, пацягнуў яе далей ад шумнага месца.

Бараноўскі з жонкаю апынуўся пад хвойкаю-спарышом. Ад камня яна была пакручанай, нібы з яе хто намерваўся віць вяроўкі, уся ў нейкіх гузаках, а вышэй, дзе раздваілася, расла разгірэкай, пайшла ў сукі, тоўстыя, кашчавыя, на іх блішчала на сонцы золатам кара, а месцамі пакручаныя пасмы яе трымцелі, гудучы чмялямі.

— Будзем пачынаць! — выгукнуў хлопец.

— Правільна, чаго марудзіць! — загаманілі прысутныя.

— Дарагія сябры! — усхвалявана загаварыў Пінчук. І адразу ўсталявалася цішыня, адзнака таго, што паміж выступаючым і слухачамі ўстаноўлен кантакт.— Я прапаную выпіць першую чарку за нашу партыю, якой мы абавязаны ўсімі перамогамі. Яна вядзе па слаўным ленінскім шляху. Слава партыі камуністаў!

— Слава! — выгукнуў радасны Славік.

Зазвінелі чаркі, людзі выпілі. Пачалася ажыўленая бяседа. Зноў пачуўся звонкі Славікаў голас: «Хацу галэлкі!» Нехта з моладзі наліў яму ліманаду, дзіця выпіла і скрывілася, пераймаючы старэйшых. Гэта зноў рассмяшыла людзей. Малога падхапілі на рукі, падкідалі вышэй галоў, ён весела смяяўся.

— Хочацца, каб у дзяцей не сыходзіла з вуснаў усмешка,— любуючыся ўнукам, сказала Палашка і заключыла: — А для гэтага патрэбен мір на зямлі.

— Правільна,— згадзіўся Качура.— Але мір трэба заваяваць, ён сам па сабе не прыйдзе. І заўсёды трэба быць напагатове, каб на нас не напалі знянацку.

— Так,— згадзіўся Зуеў.— Мы заняты мірнымі справамі і не да вайны нам. Але калі не хочаш вайны, дык будзь гатовы да яе, каб ва ўзбраенні спаткаць агрэсара.— Зуеў паглядзеў убок і ўжо інакшым тонам зазначыў: — А Бараноўскі і тут астаўся верны сабе, унь дзе рассеўся, мусіць, не хоча падзяліцца сваімі прысмакамі. От скнара!

— А як яго зваць? — спытаўся Пінчук.

— Іван, а жонка Янкам кліча,— адказаў Зуеў.

— Можа, і ён,— падумаў уголас Пінчук.— Жывучы Бараноўскіх род...

— Ліха ведае, што з ім,— разважаў Зуеў,— здаецца, не дурны чалавек, а чамусьці ўпёрся, не хоча ўкараняць бесперапынна-кальцавы метад нагрэву загатовак і цягне назад увесь кавальскі цэх.

— Няўжо ён супраць новага?

— Да той пары, пакуль пераканаецца, што ад гэтага будзе мець лішнюю капейку...

— Прагны?

— Не дай бог!

— А майстар які?

— Нішто.

— Цікава.

У гэты час Бараноўскія выпівалі і закусвалі, але гаворка паміж імі не клеілася. На беласнежнай сурвэтцы ляжалі хатняга вырабу вэнджаная паляндвіца, вяндліна і каўбаса. З купленых прадуктаў былі плаўлены сыр, чорная ікра, булка. Стаяла бутэлька зуброўкі, прыгатаваная гаспадаром, а побач — шампанскае. У Бараноўскага ўжо закружыла ў галаве, а калі ён падап’е, дык становіцца гаваркі.

— От што я табе скажу, Стэфа, мы з табою век зжылі і не блага, ніколі наперад не пнуліся, але і не адставалі.

— Заўсёды ўбаку...

— Ну і што з таго! — перабіў яе Бараноўскі.— Табе не падабаецца?

— Чаму ты цураешся людзей? — спыталася Стэфа і сама спалохалася сваіх слоў, але ўсё ж дадала: — Нашу хату людзі абыходзяць...

— Дык што ж, кліч сюды ўсіх, пажаруць!..— на высокай ноце выкрыкнуў Бараноўскі і закашляўся.

— Не бойся, няўжо ж людзі з галоднага краю?!

— От што, кабета, за мной ты не гаравала.

— Але і шчасця не бачыла, ды толькі не гэта мяне непакоіць.

— А што?

— Дзеці і тыя выракліся дому,— сумна вымавіла Стэфа, кусаючы вусны. Яна заміргала вачыма, адвярнулася, скалануліся яе вострыя плечы.

— Падзяка бацьку за тое, што даў дзецям лад.

— Не ты, Янак, даў ім лад, а Савецкая ўлада. А таму яны і не шануюць цябе.

— Ах, вось што! — пацверазеў Бараноўскі.— Хто цябе так настроіў? Гэта мне за тое, што выцягнуў цябе з балота?

— Ты хочаш сказаць, што я была бяднячкай, калі выходзіла за цябе замуж?

— Хоць бы і так. Памятаеш, колькі з мяне тады кпілі, што я прывёз цябе ў сваю хату ў лапцях?

— То ведай, што хоць я з беднай сям’і, але мае бацькі былі сумленныя людзі, з адкрытымі душамі, а як трапіла да вас, што за золата гатовы былі душу прадаць, дык апынулася ў сапраўдным балоце, адкуль ніяк не магу выкараскацца. Шчасце маё толькі ў тым, што дзяцей я хоць выхавала не такімі, якімі ты хацеў іх бачыць.

— Ого, як загаварыла! — Бараноўскі грозна прыўстаў, але непадалёку загучалі воплескі, і ён, спалохаўшыся, грузна апусціўся, сагнуўся і неяк змізарнеў.— Колькі той кабеты, з прыгаршчы, а гэтулькі злосці! У-ух, шкада, што ты не дома! Я цябе правучыў бы!

— Хапіла мне гэтай навукі за свой век. Што я бачыла ў жыцці? Заўсёды хадзіла ў сіняках. Першы раз выйшла на маёўку і то наводшыбе прымасцілася. Людзі весяляцца, а я...

— Годзе! — узняў голас Бараноўскі.

— Не! — рашуча запярэчыла Стэфа. Яна сядзела маленькая, худая, без пары згорбленая, толькі вочы паблісквалі слязьмі. Уся яе постаць цяпер нагадвала птушку, гатовую абараняць сваіх птушанят.— Біць ты мяне тут не асмелішся, а дадому не пайду. Паеду хоць да каторага з сыноў ці дачок, яны мяне даўно клічуць да сябе, але я ўсё не адважвалася.

— Стэфа! — прастагнаў Бараноўскі. Ён быў разгублены — у яго яшчэ ніколі не было такой размовы з жонкай, яна заўсёды яго слухала.— Чаго ты ад мяне хочаш?

— Каб ты быў чалавекам, сапраўдным рабочым.

— А хіба я не рабочы?

— Ты рабочы, залатыя рукі маеш, але нутро ў цябе ўласніцкае.

— А дзеля каго я стараюся? Хочацца, каб кавалак хлеба быў на стале. Ты за мною ніколі не была ў нястачы. Скажы, хоць адзін дзень сядзела без хлеба?

— Твой хлеб у мяне калом у горле стаіць. Ты заўсёды ім упікаеш. Зараз скажаш, што да цябе ела мякіну.

— А ці ж не праўда!

— Праўда, а толькі гонару чалавечага не страціла.

— Даволі! — прасіпеў Бараноўскі.

— Хоць раз у жыцці выслухай мяне,— хвалявалася Стэфа.— Для людзей завод — родны дом, а для цябе — адыходны промысел. Ты ўсё адтуль цягнеш, нібы завод дойная карова.

— Цішэй ты! Людзі пачуюць.

— Няхай чуюць... Дзеці не такім цябе хочуць бачыць. Адумайся!.. Свет на новы лад перарабляецца...

— Дык што з таго... Якім я быў, такім і астануся.

Гучная мелодыя песні «Ляцяць пералётныя птушкі» заглушыла іх размову. Моладзь даволі зладжана спявала. Паступова да хору далучаліся старыя рабочыя. Песня прыгожа плыла над лесам.

...Даўно пераваліла на другую палову дня. З захаду, насустрач паслабеўшаму ветру, паволі насоўваліся навальнічныя хмары, засланяючы сонца. Старэйшыя людзі, як больш практычныя, паглядаючы на неба, пачалі збірацца дадому, а моладзь па-ранейшаму бесклапотна весялілася. Што ёй навальніца, калі душа спявае!

Папіўшы чаю, Пінчук, Зуеў і Качура, Марыя Паўлаўна з Палашкай і Славікам сабраліся ісці дахаты.

У гэты час сварка паміж Бараноўскім і Стэфай разгарэлася на ўсю сілу. Бараноўскі злосна вылаяўся і памкнуўся да Стэфы, якая прытулілася да дрэва і, згорбіўшыся, чакала ўдару.

— Гэта яшчэ што такое?.. — рашуча закрочыў Пінчук да Бараноўскіх.

— Лаецца?! — нездаволена вымавіў Качура і пайшоў за Пінчуком.

— А чаго ад яго чакаць!..— дробна патупаў за ім Зуеў.— Перажытак...

Бараноўскага абкружыў натоўп. Наперад прашыўся Славік і зашчабятаў:

— Ты не лайся, дзядзя...— і запнуўся, разгублена паглядаючы на бабку.

Яна падказала:

— Пры Савецкай уладзе.

Славік паўтарыў. Усе засмяяліся.

Пінчук нейкі момант глядзеў на мужчыну. Так, гэта быў Янак, толькі стаў яшчэ больш непаваротлівы і поўны, а рысы твару агрубелі — старасць накладвала свой адбітак.

— А-а-а, Бараноўскі, жывы? — расцягнуў Пінчук.— Вось дык сустрэча.

— Не чакаў?..— спытаўся Качура, паглядаючы на Бараноўскага.

— Стэфа! — здзівіўся Пінчук.— На каго ты стала падобна?.. Гэтак пастарэць?.. Мусіць, не з добрага жыцця...

— Што праўда, то праўда,— згадзілася Стэфа.

І яна расказала, што замужам не было дня, каб яна не плакала. Перш паміж братамі і сястрой ішла калатня, што «сплыло» золата. Старэйшы брат, Юзік, шалеў ад злосці, бо растраціў грошы, пакуль адкупіўся ад турмы за забойства парабка. Юзік паступова авалодваў гаспадаркай: меншага брата Стася, а таксама сястру Разэлю зрабіў парабкамі. Ішло змаганне з Янакам, яе мужам, які гаспадарыў на млыне. І вось аднойчы паміж братамі вырашылася і гэтае пытанне. Юзік так змясіў калом Янака, што яна за некалькі месяцаў ледзь яго адхадзіла. Яны кінулі фальварак — сіла была на баку старэйшага брата: ён падкупіў усіх, аж да самага ваяводы — і падаліся ў Піну. Янак пабудаваў у мястэчку кузню, і з гэтага жылі. Якое там было жыццё, але гэтак гаворыцца. Там пакутавалі аж да таго часу, пакуль не прыйшла Савецкая Армія. Пасля вызвалення перабраліся ў Мінск, Янак пачаў працаваць на заводах. Стала жыць лепш, весялей. Дзеці знайшлі дарогу да жыцця. Але Янака прагнасць заядае, клопаты пра «чорны дзень». Людзі жывуць як людзі, працуюць і весяляцца, а ён усё збірае грошы. Збярог некалькі залатых «гузікаў», дык яны не даюць яму спакою, ноччу нешта сасніць, а раніцаю бяжыць на двор праверыць, ці цэлыя грошы. Дзе ён там іх хавае, яна не ведае.

— Стэфа! — лагодна загаварыў Бараноўскі.— Ты нагаворваеш і на мяне, і на сябе...

— Нічога я не нагаворваю. Мне хочацца аднаго: вытруціць з цябе звера, каб ты стаў чалавекам,— сказала Стэфа.

— Прашу цябе, не гавары лішняга,— прабасіў Бараноўскі.

— Не,— рашуча запярэчыла Стэфа.— Яшчэ не ўсё сказала... Ты ніколі не можаш прыйсці з завода, каб не прыцягнуць дадому якой-небудзь ламачыны... Калі б так усе рабілі, расцягнулі б увесь завод...

— Скончана маё жыццё,— сумна вымавіў Бараноўскі. Згорбіўшыся і хістаючыся, ён паплёўся з маёўкі.

— Вось яно як бывае,— шматзначна прагаварыў Пінчук.— А мне думалася, што ў нас са старым жыццём даўно скончана...

У гэты час бліснула маланка, ударыў гром. Зашумеў лес, прадвяшчаючы буру. Старэйшыя пайшлі дадому, а моладзі хоць бы што, яна і з месца не кранулася. Зайгралі на баяне вальс «На сопках Маньчжурыі». Моладзь пайшла танцаваць, на іх з зайздрасцю паглядалі старыя.

— Усё, наша песня праспявана,— сумна зазначыў Качура.— Куды нам да іх? Маладосць!

Раптам закружыў вецер, узняўся пыл слупам, ударыў раскацісты гром, секануў буйны дождж. Марыя Паўлаўна і Пінчук угаварылі Стэфу пайсці да іх. Людзі пад праліўным дажджом разбягаліся па дамах.

1956

 


1956

Тэкст падаецца паводле выдання: Гурскі І. Лясныя салдаты: Апавяданні і аповесць. – Мінск, Мастацкая літаратура, 1979. – 552 с., 1 л. іл. – (Б-ка беларус. прозы)
Крыніца: скан