epub
 
падключыць
слоўнікі

Ільля Гурскі

Свежы вецер

 

Цёплым летнім днём па пясчанай прасёлкавай дарозе, якая праходзіла праз палі калгаса «Новы свет», ажыўлена размаўляючы, крочылі два мужчыны — адзін пажылы, а другі маладога веку. Пажылы, сухі і крыху сутулы чалавек з пышнымі пасівелымі вусамі — старшыня калгаса Барыс Ніканоравіч Драздовіч, а малады, стройны, бялявы — стажор Васіль Антонавіч Басалыга. Чалавек у гадах праз некалькі гоней спыніўся, нешта растлумачыў хлопцу, і яны зноў пайшлі. Так, гамонячы, яны дайшлі да жыта; яно было вышэй іх росту і на ўзгорках ужо залацілася.

Драздовіч — чалавек спрактыкаваны, пра яго казалі, што «ён прайшоў агні і воды». Гэта і на самай справе так, стары шмат дзе пабыў. Яшчэ і цяпер лясы былой Заходняй Беларусі разносяць славу пра атамана Грушу — гэта быў Драздовіч, — які наводзіў страх на магнатаў і асаднікаў, што гаспадарылі на «крэсах усходніх». Людзі помняць, як аднойчы Груша, тады яшчэ малады, але ўжо з вусамі, спыніў у чыстым полі трыбухатага пана Заянчкоўскага, які заўсёды ездзіў у карэце цугам на белых конях, і, адлупцаваўшы яго розгамі па тым месцы, на якім звычайна людзі сядзяць, на развітанне папярэдзіў: «Будзеш людзей крыўдзіць — скуру спушчу!..» Атаман Груша нават самога пінскага ваяводу частаваў «бярозавай кашай»! Потым Драздовіч быў у Іспаніі, камандаваў ротай у інтэрнацыянальнай брыгадзе, абараняў Мадрыд ад фашыстаў. Там яго ведалі як Тараса Палясоўшчыка, называлі «рускі крэмень». І нават тады, калі здрадніцкая хунта адкрыла фашыстам дарогу ў сталіцу, калі рэспубліканскія войскі былі разбіты, рэшткі роты Тараса Палясоўшчыка не здаліся на літасць пераможцаў, а пайшлі ў горы, біліся да таго часу, пакуль не вырваліся з франкісцкай Іспаніі. Вярнуўшыся на радзіму, Драздовіч працаваў у савецкіх установах. Ужо ў час вайны з фашысцкай Германіяй, ён добраахвотна едзе ў тыл ворага, б’ецца з фашыстамі, праяўляе сябе мужным чалавекам, якому свабода радзімы даражэй за ўсё на свеце. Пасля заканчэння вайны Драздовіч прыехаў у родную вёску Папялішчы (адкуль пайшла такая назва, дакладна ніхто не ведаў), дзе яго выбралі старшынёю калгаса «Новы свет», у якім ён і да гэтага часу працуе.

А што да Басалыгі, дык яго жыццёвы шлях вельмі просты. Ён родам з вёскі Забалоцце, на Мазыршчыне, але жыў і вучыўся ў горадзе. Дзядзька хлопца, рабочы скуранога завода ў Мінску, дапамог яму «выйсці ў людзі» (уся сям’я Басалыгі: бацька, маці, тры сястры і два меншыя браты — за сувязь з партызанамі была расстраляна фашыстамі). Скончыўшы інстытут, Басалыга падаў заяву ў сваю партарганізацыю, каб яго накіравалі на работу ў калгас.

Басалыга ўжо каля двух месяцаў стажыраваў у «Новым свеце». Ён вывучаў людзей калгаса, яго эканоміку, прыглядаўся да заведзеных тут парадкаў. Асабліва яго цікавіў Драздовіч, толькі яму не вельмі падабаўся характар гэтага чалавека, які шмат на сябе браў, часам камандаваў, а горш за ўсё — часта «якаў». Басалыга прыйшоў да вываду, што Драздовіча ў калгасе, ды і ў раёне, многія хутчэй баяцца, чым паважаюць. Вельмі ж ён нейкі востры, нібы брытва. Мірацца з ім толькі таму, што ён любіць гаспадарку. А каб стары заахвоціў людзей, калгас, на думку Басалыгі, яшчэ хутчэй пайшоў бы ўгару. І сапраўды, старшыня, захапіўшыся гаспадарчымі справамі, вельмі мала аддаваў увагі выхаванню людзей, а на стажора паглядаў зверху ўніз, — мала мець адукацыю, старшыні калгаса трэба мець арганізатарскія здольнасці. Драздовіч сам сабе думаў: «Не выйдзе з Басалыгі добры старшыня. У белых пальчатках не пабудуеш камунізм». І запрасіў Драздовіч Басалыгу прайсціся ў поле, каб яшчэ раз упэўніцца, што гэта за чалавек і ці будзе з яго які толк. Як-ніяк, а ў Драздовіча спытаюць, ці можна Басалыгу раіць старшынёю калгаса.

— А скажы, галубчык, ты сам падаў заяву, каб цябе паслалі ў вёску, ці добраахвотнік па прымусу? — хітра прыжмурыўшы вочы, спытаўся Драздовіч.

— Сам, — адказаў Басалыга. — Адміністрацыя інстытута не згаджалася адпускаць, хацелі пакінуць у аспірантуры, але мяне падтрымала партарганізацыя.

— А як табе, галубчык, падабаецца мая гаспадарка? Адных канапель колькі, палеткі рунеюць. Я гэтага дамогся...

Яны сталі на ўзгорку, навокал раскінулася зялёнае, мора, хвалямі пераліваўся на сонцы лён-даўгунец. Як вокам кінуць, раскінуліся шырокія калгасныя палі.

— Добрая гаспадарка, — сказаў Басалыга.

— А каб табе далі такую, ці здолеў бы кіраваць?

— Чаму ж не! А толькі калі б гэта здарылася, дык мы пайшлі б другім шляхам.

— Хто гэта — мы?

— Калгаснікі, на чале з партыйнай арганізацыяй. Я — нічога, а мы — усё. У калектыве — сіла.

— Гм, — насцеражыўся Драздовіч, з ім яшчэ ніхто гэтак не размаўляў. — Што ты мне, галубчык, яшчэ скажаш?

— Усё ў вас ёсць, што належыць мець добрым гаспадарам, — гаварыў Басалыга, — пародзістая жывёла, лепшыя гатункі палявых і агародніх культур, пладовых дрэваў, ягаднікаў. Калгас «Новы свет» — удзельнік выстаўкі, да вас прыязджаюць экскурсіі, вы робіце даклады, дзеліцеся вопытам. Далёка наперад пайшла ваша гаспадарка, а дамы ў вёсках асталіся такія ж, якія былі сорак год назад.

— Нічога не зробіш, бязлессе, з пяску не пабудуеш камяніцу!

— Умелыя рукі могуць ператварыць пясок у выдатныя пясчана-вапнавыя блокі, — запярэчыў Басалыга. — Час вам мець цагляныя дамы з верандамі, ваннамі, з усімі выгодамі.

— Фантазія!

— Без фантазіі нельга жыць. Калі б вы ў свой час не фантазіравалі, дык не стварылі б такой гаспадаркі. Бяда ваша ў тым, што вы спыніліся на дасягнутым і апошні час топчацеся на месцы.

Яны некаторы час моўчкі стаялі, нібы мераючыся сіламі, а потым зноў пайшлі. У Драздовіча закіпала злосць, стары намагаўся, каб стрымаць сябе і не нагава-варыць лішняга. У яго з’явілася жаданне давесці гэтаму блазнюку, што яго фантазія заснавана на пяску. А Басалыга абдумваў; як яму далікатней пекануць «старой качарзе», каб яму горача стала, іначай яго не проймеш. Больш зручнага моманту не знайсці. На людзях сказаць, што ён спыніўся на дасягнутым і далей не расце — закапыліць, наломіць дроў. Ён прывык, каб яго хвалілі, «курылі фіміям». А Драздовічаў не так многа, іх трэба берагчы. І ўберагчы можна толькі крытыкай.

— Ці не надумаўся ты мяне вучыць? — выгукнуў Драздовіч. — Будзь пэўны, стары конь баразны не папсуе.

— Каб гэтаму каню добрую прыпражку, дык ён яшчэ пацягне, — спакойна сказаў Басалыга.

Старшыня здзіўлена паглядзеў на стажора: куды хлопец хіліць?

— Прыпражку, — паўтарыў Драздовіч, сам з сабою разважаючы. — Што Фурманаў, каб не было Чапаева...

— А што Чапаеў, каб не было Фурманава, — у тон прамовіў Басалыга.

— Н-да-а, — расцягнуў Драздовіч, а потым сказаў: — Ну вось, мы прыйшлі да граніцы... Гэта поле калгаса «Чырвоны араты»... Пайшлі і яны ўгару... Хоць у мінулым годзе я даў сваім калгаснікам на працадзень па тры кілаграмы збожжавых і па пятнаццаць рублёў грашыма (лён выручыў!), а яны — па аднаму кілаграму збожжавых і па тры рублі і дзесяць капеек грашыма... А ўвесь час пасля вайны на грамах сядзелі...

Пачулася песня. Драздовіч і Басалыга прыслухаліся. Хор па некалькі разоў паўтараў адзін і той жа куплет, уражанне было такое, што гэта была рэпетыцыя.

 

Вечарынка у калгасе,

У «Чырвоным аратаю», —

Прыйшлі Сцёпкі, Пецькі, Васі,

Прыйшлі Зосі, Стасі, Касі,

        А гармонік грае, грае.

 

— Да песень яны здатныя, сваю капэлу стварылі, — усміхнуўся Драздовіч. — А я турбуюся, каб у чалавека на стале быў хлеб...

— Не адным хлебам жыве чалавек, — запярэчыў Басалыга. — Яны багацейшыя...

— Чым? — перабіў яго стары.

— У іх шмат большая партыйная і камсамольская арганізацыі, іх бібліятэка разы ў чатыры большая за нашу, у іх кожны калгаснік выпісвае газету, а некаторыя — і часопісы, да іх прыязджаюць пісьменнікі, наладжваюць літаратурныя вечары, абмяркоўваюць вершы, раманы, п’есы Праводзяцца семінары, нарады, паседжанні...

— Ого, гэтага ў іх хапае, — усміхнуўся Драздовіч. — Поўныя папкі пратаколаў і паўпустыя свірны, вясною да свінарніка не падысці, патрэбна лодка... як і ў нашай трынаццатай брыгадзе, дзе мы зараз з табою былі... І гэтая брыгада складаецца з далучанага да нас нядаўна калгаса «Прамень»...

Да іх падышлі загадчык фермы, заатэхнік і даярка.

— Вы нас шукалі? — запытаўся загадчык фермы.

— Шукаў, — адказаў Драздовіч. — Можа, мне скажаце, загадчык, чаму ў вашай брыгадзе не павялічваецца надой малака?

— Паша дрэнная, — адказаў ён.

— А што скажа заатэхнік? — спытаўся Драздовіч.

— Каровы нікуды не вартыя, — унурыў галаву заатэхнік.

— І даярка так думае? — звярнуўся да жанчыны Драздовіч.

— Не, — адказала Настася і дадала: — Таму, што ў нас загадчык фермы разгірэка...

Усе здзіўлена паглядзелі на яе.

— Як гэта? — спытаў Драздовіч.

— А так, — тлумачыла Настася, — адной нагой стаіць ва ўласным агародзе, а другой — у грамадскай гаспадарцы...

— Правільна! — засмяяўся Драздовіч, а потым рашуча дадаў: — Дык з сённяшняга дня, Настася, ты будзеш загадчыцай фермы... — Драздовіч звярнуўся да заатэхніка: — Родам я, як вам вядома, з вёскі Папялішчы, дзе цяпер цэнтр нашага калгаса. Дрэнна да рэвалюцыі жылі тут людзі. Вось неяк сяляне надумалі арганізаваць малочную ферму, з гэтай мэтай запрасілі з мястэчка ветэрынара, які ўзначаліў новую справу. Прайшло некалькі месяцаў, і звычайныя сялянскія каровы ў два, а некаторыя і ў тры разы сталі даваць больш малака. Убачыў гэта памешчык і перавабіў ветэрынара да сябе. А такога заатэхніка, як вы, памешчык прагнаў бы.

—Выходзіць, што мне трэба падаць заяву аб звальненні? — спытаўся заатэхнік.

— А гэта няхай вырашае загадчыца фермы, — адказаў Драздовіч. — Паглядзім, якая яна гаспадыня.

— Так, падавайце, вам у нас няма чаго рабіць, — адказала Настася.

— Мой стыль! — гаворачы да Настасі, але каб пачуў Басалыга, задаволена вымавіў Драздовіч.

Настася пайшла, а за ёю папляліся былыя загадчык фермы і заатэхнік.

— Дык на чым мы спыніліся? — спытаў Драздовіч.

— Калгас «Чырвоны араты» праз некалькі год не толькі вас дагоніць, але можа і перагнаць, — сказаў Басалыга.

— Дудкі! — аж прастагнаў Драздовіч.

— Гэта будзе, — падбіваў Басалыга.

— У мяне адных толькі грузавых машын больш дзесятка.

— Машыны — справа набыўная. А між іншым, яны далёка не заўсёды ў поўную меру выкарыстоўваюцца. Тэхніка для таго і ствараецца, каб палегчыць цяжкую працу селяніна.

— Я гэта і раблю, — думаў услых Драздовіч. — Нядрэнна было б займець сваю МТС, хопіць у нас работы...

— Во, во! Сваю МТС. Кулацкія настроі...

— Што-о? — аж затросся Драздовіч. — Ён мяне ловіць на слове?! Вы, галубчык, ведаеце пра кулакоў з кніг, а гэта зусім не тое, што з імі было сутыкацца. Памятаю, на Шклоўшчыне прыязджаю забіраць кулака. Ну, зразумела, абшукалі, знайшлі вінтоўку. Не паспеў я аглядзецца, як ён за сякеру і гах па руцэ, адсек усё запясце. «Навошта вы гэта зрабілі?» — пытаюся. А ён, скрыгануўшы зубамі, адказвае: «А гэта ёй пакаранне за тое, што яна, калі вы сюды прыехалі, здрыганула і не звяла вас са свету». От яно як! — Драздовіч растлумачыў: — Для абслугоўвання нашага калгаса патрэбна спецыяльная МТС, замацуй яе за намі, зусім іншая будзе рахуба.. Вось у якім сэнсе свая... — Стары падумаў. — Прыйдзецца вам, галубчык, нас пакінуць... Тут вам няма чаму вучыцца, вы самі пачынаеце «вучыць»... Калі хочаце ехаць, сёння ці заўтра... машыну я вам дам...

— Прабачце, Барыс Ніканоравіч, але калгас «Новы свет» не ваша вотчына і вы тут не гаспадарчык, ледзь стрымліваючы сябе, гаварыў Басалыга. — Мяне сюды прыслала партыя...

— Стажорам. А стажор, па Ушакову, — асоба, якая набывае практычны вопыт, — вучыцца, а не вучыць. Не-е, вам...

— Васіль Антонавіч, — падказаў хлопец.

— Вам... Басалыга, яшчэ шмат чаго не хапае, каб быць добрым старшынёю калгаса.

— Гэта праільна. Для таго я і прыехаў да вас, каб вучыцца.

— А выходзіць, што навучэнец ужо вышэй за настаўніка.

— Пакуль не. Але так павінна быць. Закон жыцця. Мы зямное жыццё пераробім!

— Ну і стрэмка! — памякчэў Драздовіч.

— Што вы сказалі? — перапытаў Басалыга.

— А так, — ухіліўся ад адказу Драздовіч і, падумаўшы, спытаўся: — А з-за чаго вы надоечы пасварыліся са старшынёю райвыканкома Невяроўскім?

— Я сказаў, што раней у воласці былі: старшыня, пісар, ураднік і поп, а цяпер у адным толькі райвыканкоме (праўда, раён большую займае тэрыторыю, чым воласць) працуюць дзесяткі людзей, ім няма чаго рабіць, — таўкуць у ступе ваду... Прасядзець дзень на прыёме — не жартачкі.

— А ён?

— Ваша, стажор, справа цялячая — пад’еў і ў хлеў... Не вялікі вы асэсар... У мяне розныя райзагі па тыдню дабіваюцца на прыём...

— А вы?

— Не ведаў, кажу, што сям-там у нас за сталамі яшчэ сядзяць жывёліны...

Драздовіч зарагатаў. Ён не любіў Невяроўскага, а пра Басалыгу падумаў: «Васцёр!» Яны вярталіся па другой дарозе, некаторы час ішлі моўчкі: «А можа, будзе з яго толк?»

— Ну добра, а калі б, скажам, заўтра вас выбралі старшынёю такога калгаса, як «Новы свет», дык з чаго вы распачалі б работу? — парушыў цішыню Драздовіч.

— Я пачаў бы з выкарчоўкі ўсяго старога, — адказаў Басалыга.

— Што гэта значыць?

— Эканамічна такі калгас, як «Новы свет», моцны але людзі ўсё яшчэ жывуць у брудзе мінулага, — разважаў Басалыга. — Яны церпяць ваша «ячаства»... А яно зусім вам не да твару...

— Што вы яшчэ мне скажаце? — нерваваўся Драздовіч.

— Многае, калі толькі ў вас хопіць сілы мяне выслухаць, — адказаў Басалыга.

— Давайце! — бліснуў вачыма Драздовіч.

— Памятаеце, з раёна я прывёз вам паперку, у якой прапанавалася з’явіцца на нараду ўсім старшыням калгасаў і даяркам. Калі б паслаць ад нас толькі даярак, дык набралася б іх каля дзесятка. Бясспрэчна, што было б неразумным адрываць ад работы гэтулькі людзей. Але навошта вы распараджаецеся сакратаром партарганізацыі, пасылаючы яго на гэтую нараду? Вы нават не запыталіся ў сакратара, ці выпадае яму ехаць, можа, у яго якая другая была работа? — Басалыга падумаў. — Гаспадарка «Новага свету» многагаліновая, вы ўсяго не паспяваеце ахапіць, актыву ў вас мала, — ён ёсць, але не прыцягнуты да работы.

— А хто ў гэтым вінен? Партыйная арганізацыя. Яна мне мала ў чым дапамагае.

— Вы з ёю не заўсёды лічыцеся... Вы часам забываеце, што вы толькі слуга народа, а не камандзір...

— Цікава! — Драздовіч сам сабе іранічна падумаў: «Глядзі ты, які свежы вецер».

— Зноў жа спецыялісты... Яны скаваны ў сваёй дзейнасці.

— Э, што вы гаворыце, многія з іх — што ўбіў, тое і ўехаў, як гэты заатэхнік...

— Таму, што глушыцца іх ініцыятыва, дый каму ахвота пачуць: «Прыйдзецца, галубчык, нас пакінуць... машыну я вам дам...» Не ўсякі адмовіцца ад такой ласкавасці, — гаварыў Басалыга. — А якую дапамогу маглі б сваімі парадамі аказаць старыя, а вы на іх махнулі рукою... Добры кіраўнік той, што ўмее ўсіх людзей прыстасаваць да карыснай працы... Зноў жа моладзь — гэта вялікая сіла... а яна далёка не выкарыстоўваецца... Чаму б, скажам, не ўзяцца за нашы дарогі, выбрукаваць іх, абсадзіць дрэвамі?..

— Годзе! — перапыніў Драздовіч.

Яны далей ішлі моўчкі, спадылба паглядаючы адзін на аднаго. «Гэты свежы вецер можа галаву набок скруціць», — падумаў стары. На выгане пасвіліся каровы. Абодва спыніліся. Прыемна было глядзець на дагледжаны калгасны статак; жывёла ўжо выліняла і аж блішчала. Погляд Драздовіча як бы гаварыў: «факты упартая рэч. Вось ён, вынік майго гаспадарання». А Басалыга, успомніўшы размову з аграномам, падумаў: «Больш карысці было б трымаць кароў у стойлах. Колькі вазоў мурожнага сена маглі б даць гэтыя паплавы? Якой бы ні была добрай гаспадарка, але далёка не усе магчымасці выкарыстаны, яе можна значна палепшыць».

У гэты час замітусілася жывёла, схапіліся ўрожкі мажны бык з бычком-пералеткам; не паспеў падбегчы пастух, каб іх разагнаць, як бык здужаў пералетка. Пераможца схіліўшы набок галаву, каб падчапіць рогам, пагнаўся за свавольнікам, але ўвішны пералетак спрытна адскочыў і, апусціўшы галаву, зароў, ускідаючы капытамі зямлю, нібы зноў выклікаў на паядынак. Пастух ляснуў даўжэразнаю пугаю і пайшоў завярнуць кароў, якія сляпіцай лезлі ў канюшыну.

Апошнія некалькі гоней Драздовіч і Басалыга ішлі да сядзібы калгаса «Новы свет», не глянуўшы адзін на аднаго. Драздовіч думаў: «Ці ведаеш ты, галубчык, колькі патрачана сілы і энергіі, каб калгас «Новы свет» стаў такім, якім ён ёсць сёння? Шмат хто лічыць, што ў нас усё ішло гладка, як па масле. У «Новым свеце» ўстаноўлен жорсткі кантроль за выкананнем заданняў, мы неміласэрныя да бракаробаў, гультаёў і абібокаў, бязлітасна б’ём за нядобрасумленнае стаўленне да працы, — дарога наша да поспехаў не зусім гладкая». Разам з тым, Драздовіч адчуваў нейкі новы прыліў энергіі, жаданне яшчэ лепш працаваць, дабіцца яшчэ большых поспехаў. І ў Басалыгі мроіліся думкі, адна другую пераганяючы: «Няўжо стары мяне не зразумее, — не вораг я яму, а шчыры сябра. От каб мяне кінулі тут на некалькі год папрацаваць, мы ўдвух зрабілі б калгас непазнавальным!»

Парыла. З паўднёвага захаду веяў лёгкі ветрык. Па небе чародамі плавалі свінцовыя хмары.

* * *

Увайшоўшы ў вёску Папялішчы, цэнтр калгаса «Новы^свет», Драздовіч, не развітаўшыся, цяжка ступаючы, пайшоў у напрамку да праўлення. Яму хацелася пабыць аднаму але ля канторы стаяла легкавая машына (нехта прыехаў), трэба было ісці туды. У Драздовіча не адыходзіла злосць. «Я давяду гэтаму малакасосу, пакажу, як трэба працаваць! Вучыць мяне надумаўся?!» А Басалыга, пазнаўшы, што стаіць машына старшыні райвыканкома Невяроўскага, не жадаючы з ім сустракацца, накіраваўся да свае кватэры. Хлопец шкадаваў, што яму не удалося ўсё выказаць старшыні калгаса. «Драздовіч — хітры мужык, шмат яшчэ можа зрабіць карыснага, але недарма ён загаварыў пра Чапаева, яму сапраўды патрэбен Фурманаў. Бяда старога, што ён не мае добрага памочніка, які мог бы заўсёды сказаць праўду ў вочы. Стары стаў траціць пачуццё меры, хоць і знаходзіцца ў гушчы народа, але пачаў адрывацца ад яго. А новы час патрабуе і новых кіраўнікоў».

Драздовіч падышоў да машыны, якая стаяла ў цені пад ніцай бярозаю, і ўважліва пачаў яе разглядаць. Старшыня неабыякавы быў да тэхнікі. Заўважыўшы Драздовіча, Невяроўскі голасна загаварыў:

— А-а-а, Барыс Ніканоравіч, здароў! Я цябе доўга чакаю. Ну, як машына? Гэта ж мяне за лён прэміявалі.

— А ты яго сеяў?! — замест прывітання адрэзаў Драздовіч. — Па-мойму, ты летась пярэчыў супраць нашага плана...

— Прызнаюся, памыліўся, — прабасіў Невяроўскі. Ён быў без шапкі, з паголенай галавою, ад гэтага твар яго здаваўся круглым і нейкім халодным, як месяц.

— Прызнаваць памылкі ты налаўчыўся, але выпраўляць — невялікі ахвотнік, — сказаў Драздовіч і дадаў: — А час патрабуе іншага...

— Што з табою, налятаеш каршуном... — перабіў Невяроўскі. — Не пазнаю... Хто цябе гэтак узлаваў? Пэўна, той вучоны блазан!

Яны прывіталіся. Перад грузным Невяроўскім Драздовіч здаваўся яшчэ больш шчуплым. Прыжмурыўшы глыбока пасаджаныя блакітныя вочы, ён пазіраў знізу ўверх.

— Няўжо ж. Ён калючы, як вожык, голымі рукамі не возьмеш! — паволі гаварыў Драздовіч, скептычна аглядаючы Невяроўскага. — Басалыга наперад глядзіць...

— Чаго ты на мяне так углядаешся? — спытаўся Невяроўскі.

— Нішто сабе акругліўся, — усміхнуўся ў вусы Драздовіч.

У Невяроўскага ўсё выпірала — і ружовы карак з каўняра паўвайсковага гарнітура ахоўнага колеру, і пераціснуты шырокай папругай жывот, і лыткі з ссунутых у гармонік шаўровых халяваў, якія лопнулі ў швах. Дзіўна было, што і вочы, нейкага невыразнага колеру, нібы вылузваліся з арбіт. А што да носа, падобнага на дулю, дык ён, здавалася, расплыўся на ўвесь твар. І чамусьці ён быў сіні, як сліва.

Невяроўскі з Драздовічам прайшлі і селі на лаўку. Налева ад іх пралягла шырокая і роўная, абсаджаная таполямі вуліца, з абодвух бакоў параскіданы дамы калгаснікаў. Быў выхадны дзень. Па скрыпучых тратуарах чародкамі ішлі гаманлівыя дзяўчаты. Каля праўлення яны спыніліся, мусіць, чакаючы падыходу хлопцаў. _

— Куды вы сабраліся? — звярнуўся да іх Драздовіч.

— У «Чырвоны араты» на свята песні, — бойка паведаміла дзяўчына, звеннявая па ільне Марыя Вішнявецкая.

— А чаму б вам у сваім калгасе не арганізаваць хор? — прапанаваў Драздовіч.

— Не ў пашане ў нас культура, — разанула Марыя і пачырванела. Ружовага колеру сукенка вельмі пасавала да яе бялявага твару, быстрых сініх вачэй, тонкага носа, ноздры якога пры дыханні раздзімаліся. Дзяўчына павярнулася: відаць былі дзве тонкія, ніжэй паясніцы, русыя касы з уплеценымі ў іх ружовымі стужкамі.

— Ага, — падтрымала яе кірпаносая, на выгляд падлетак, дзяўчына. — Адно ведаем працаваць.

— А што ж ты думала?.. — павярнулася да яе Марыя. Яна прыгадала некалі сказаныя старшынёю словы: — «З гульняў не есці хлеба...»

Дзяўчаты весела засмяяліся. Адзетыя ў шоўк, у рознакаляровых хусцінках, яны нагадвалі вялікі букет кветак. Чуючы пах парфумы, над імі кружыліся пчолы.

Дзяўчаты, палахліва адганяючы іх, шчабяталі, як птушкі.

— Не пускай дзяўчат туды, а то да восені многіх не далічышся, у «Чырвоным аратым» хлопцы зухі, — гаварыў Невяроўскі. — Атрымаецца пасіўны баланс...

— За гэта я не баюся, — усміхнуўся Драздовіч, з гонарам дадаўшы: — За апошнія дзесяць год, галубчык, з «Новага свету» ні адна дзяўчына не выйшла замуж у другі калгас. Ён паказаў рукою. — Вось і на гэтай вуліцы жыве некалькі прымакоў... Адышла ў нябыт старая прыказка: «Прымачы хлеб сабачы»..; Ахвотна да нас ідуць хлопцы, толькі дзяўчаты вельмі ўжо сталі пераборлівыя.

— Вядома, — згадзілася Марыя. — Яшчэ чаго не хапала абы-каго браць. У нас цяпер дзяўчаты хлопцаў выбіраюць, а не хлопцы дзяўчат...

— А навошта табе аднекуль браць, калі і тут ёсць хлопец, — сказала кірпаносая дзяўчына. — Яшчэ які!

— Хто? — пацікавіўся Драздовіч.

— Басалыга! — выпаліла дзяўчына.

— Вунь што, — расцягнуў Драздовіч.

— Цяпер зразумела, чаму яна такая порсткая, — ціха вымавіў Невяроўскі. — Ёсць на каго абаперціся...

— Ды ўжо ж, — дадаў Драздовіч.

— А ты падвядзі рысу, — параіў Невяроўскі.

— Што гэта значыць? — не зразумеў Драздовіч.

— Ну, перастань браць прымакоў, — хітрыў Невяроўскі.

— А-а-а, — засмяяўся Драздовіч. — Хіба толькі... Але гэта ад нас не залежыць...

Яны некаторы час маўчалі.

— А ці ведаеш ты, што твой стажор за тваёю спінаю надумаўся рабіць? — таямніча загаварыў Невяроўскі. — Званіў з райвыканкома ў Мінск свайму сябру, мастаку, угаворваў таго прыехаць у калгас пісаць твой партрэт... «Угаворым, — кажа, — старога папазіраваць...»

— Што-о? — здзівіўся Драздовіч. — А хто яго аб гэтым прасіў?

— Ну, з цябе пісаць яшчэ туды-сюды, дык і з даярак, і з ільнаводак, і з свінарак, і з цялятніц... Ці ненадоўга толькі ён хоча ў тваім калгасе абсталёўвацца?!

— Цікава, — вымавіў Драздовіч. — Сапраўды, мусіць, ён нешта надумаў рабіць...

— Дзіва! — падхапіў Невяроўскі. — Але, па-мойму, і табе палец у рот не кладзі... «Трэба, — кажа, — простых людзей паказваць у мастацтве... Яны стваральнікі матэрыяльных каштоўнасцей...»

Падышлі хлопцы, а з імі і Басалыга, у шэрым гарнітуры і вышыванай шаўковай з жаўтаватым адценнем беларускай кашулі.

— Дык вось для каго ты вышывала, — усміхнулася кірпаносая дзяўчына, звяртаючыся да Марыі.

— А табе што? — роблена злосным голасам прамовіла Марыя, сама любуючыся сваёй работаю.

— Бачыў ты яго, як ён хутка сваю асабістую справу правярнуў, — іранічна сказаў Невяроўскі. — Спрытнюга!

Драздовіч змаўчаў, але па ўсім відаць было, што гэта яго ўкалола. Ён пабялеў і неяк абмяк, імкнучыся разгадаць, што надумаў рабіць стажор, а таксама куды хіліць Невяроўскі.

— Барыс Ніканоравіч! — выгукнуў Басалыга. — Задання ніякага не будзе ў «Чырвоным аратым»? Вы нечага збіраліся іх наведаць...

— Не, — глуха адказаў Драздовіч, а калі моладзь пайшла, прагаварыў: — Пад корань сячэ... Марыя лепшы ільнавод... важак моладзі...

— А ты яе прабяры...

Драздовіч маўчаў. Ён сядзеў задумаўшыся, відаць, у яго ішла нейкая ўнутраная барацьба. Драздовіч да таго ўвайшоў у самога сябе, што забыўся на прысутнасць Невяроўскага і ўголас прамовіў: — Што далей, то тужэй завязваюцца вузлы... Паглядзім, што з гэтага атрымаецца?

— Гані ты вон з калгаса гэтага выскачку! — параіў Невяроўскі.

— Га? — нібы прачнуўся Драздовіч. — Што ты сказаў?

— Не падабаецца мне гэты лайдак. Наровіць з часам у «Новым свеце» старшынстваваць. Няхай туды ідзе, дзе справа не наладжана, і там сябе паказвае. — Невяроўскі перамяніў тон. — Ніколі я табе не гаварыў, а цяпер мушу сказаць: ты мудры чалавек. Але падняць на такую вышыню калгас, а пасля перадаць гэтаму фарсуну... Кіраўніцтва раёна заўсёды на тваім баку. Старую кадру не дамо ў крыўду!

— А ён і табе наступіў на мазоль?

— Мне — не, а вось пад цябе падкопваецца.

— Адкуль табе вядома?

— Нутром адчуваю. Дзеля чаго ён пайшоў з моладдзю? Каб паддобрыцца, хіба ён не ведае, што яна — сіла? У яго вока сквапнае, — прыйшоўшы на ўсё гатовае, кожны можа гаспадарыць.

— Аднак ты не вельмі рвешся.

— Чаму ты сёння такі калючы?

— Скажы, чаго ты сюды прыехаў? — нібы не пачуўшы, спытаў Драздовіч і дадаў: — Каб заўтра ў райкоме сказаць, што ты нават у выхадныя дні займаешся кіраўніцтвам, бываеш у калгасах. Але ж гэта не так, табе захацелася адпачыць, поўная машына вудаў. Дык едзь сваёй дарогай і не тлумі мне галавы, яна і так баліць.

— А можа, які-небудзь іншы інтэрас маеш, цябе сам чорт не разбярэ. 1

— Не ведаў я, што ты такі дробязны чалавек, — загарачыўся Невяроўскі. — Вуды ўбачыў... Я толькі на часіну выскачыў...

— Хоць на дзве, якая мне да гэтага справа, — перабіў яго Драздовіч. — Кожны чалавек па-свойму скарыстоўвае свой вольны час...

— Я з табою сур’ёзна хацеў пагаварыць, а ты ніяк не даешся. Ды і шпількі твае дарэмныя: мяне не доймеш.

— Ого, ты цвердаскуры.

— Што гэта ўсё значыць? — пабарвавеў Невяроўскі, а потым усё ж стрымаўся і хітра загаварыў: — Я заехаў цябе папярэдзіць, што над табою навісла навала: гэты бойкі малады чалавек у райкоме ў прысутнасці прадстаўніка ЦК нагаворваў, што табе патрэбна падпора... Дык няўжо ты, як тое струхлелае дрэва, якое можна лёгка абярнуць?! Ды ты, нібы дуб, табе ніякая навальніца не страшна, ты любую справу можаш у цэнтры правярнуць... Ва ўсякім разе на мяне ты можаш спадзявацца, заўсёды падтрымаю...

— Не за гэтым, галубчык, ты сюды прыехаў, — кальнуў вачыма Драздовіч.

— А за чым? — насцеражыўся Невяроўскі.

— Не хочаш ехаць старшынёю ў калгас «Сцяг камунізму», — адрэзаў Драздовіч. — Прагаварыўся сам на сходзе, што ўсёй душою імкнешся працаваць у калгасе, але цябе не адпускаюць з раёна. А калі калгаснікі «Сцяга камунізму» паставілі гэта пытанне перад райкомам, дык ты адмовіўся туды ехаць. Заўтра пленум райкома, напэўна, гэта пытанне будзе пастаўлена, дык ты заехаў, каб я цябе падтрымаў, высунуў кандыдатуру Басалыгі.

— Ты закругліўся?

— Што-о?

— Ну, усё сказаў?

— Пакуль.

— Разумееш, пад мяне падкопваюцца, хочуць выжыць з раёна.

— Хто?

— Есць такія. Урэшце, я не маю вопыту.

— Як? Адам Іванавіч! Ты ж аграном. Быў дырэктарам МТС. Табе і карты ў рукі, — Драздовіч перадыхнуў. — Што, хіба шкада пакінуць у Соснах уласны дом, агарод, ганчакоў, машыну?

— Дзеці вучацца, не хочацца іх зрываць.

— У «Сцягу камунізму» будзе дзесяцігодка.

— Чакай, калі яе пабудуюць.

— А ты паскорыш.

— Мяне мучыць задышка.

— Нічога, — глянуў на яго Драздовіч. — От як паходзіш пешшу, згоніш жывот, дык тваю задышку як рукою зніме.

— Павінен табе шчыра сказаць, Барыс Ніканоравіч, што ты жорсткі чалавек.

— О, так, — згадзіўся Драздовіч. — Мне так падабаецца часам супраць шэрсці пагладзіць якую-небудзь жывёліну...

— Ну, я займеў домік, каб дзеці мелі прытулак, насадзіў сад, трэба ўпрыгожыць жыццё дамачадцаў, завёў ганчакоў (праўда, не ўсе мае, частка аднаго майго знаёмага — навуковага супрацоўніка), патрэбен жа і мне адпачынак; набыў машыну, гэта хутчэй для жонкі, а то рознае плявузгалі, нават у «Вожыку» прапісалі, што на службовай ездзіць на базар. Ну, а чым ты жывеш? Што ў цябе галоўнае ў жыцці? Выкладай свае аргументы, калі ты супраць камфорту...

— Барацьба з усім старым, не затрымлівацца на дасягнутым — вось што ў мяне галоўнае, — Драздовіч сам сабе ўсміхнуўся: ён злавіў сябе на тым, што паўтарае думку Басалыгі, які ўвесь час не выходзіў з галавы, і дадаў: — Як бачыш, розніца паміж намі вялікая. Ты хочаш ствараць сабе «камфорт», а я ад яго адмовіўся, пакінуў добра абсталяваную кватэру ў сталіцы, нават разышоўся з жонкай — яна не захацела са мною паехаць у калгас. Ты дбаеш пра сябе, а я пра ўсіх. Раю табе добра падумаць...

— Не паеду! — загарачыўся Невяроўскі.

— Дык у мяне з табою няма ніякай гаворкі. Гэта ты адчыніў вароты?

— Я. А што?

— То зачыні, галубчык, іх з таго боку.

— Праганяеш? — усхапіўся Невяроўскі.

— Раней у нас казалі: глухому дзвюх абедняў не служаць, — Драздовіч устаў.

— Пакуль што я кіраўнік раёна і знаходжуся на уверанай мне тэрыторыі...

— Гэтая зямля дзяржавай навечна замацавана за калгасам, — гаварыў Драздовіч. — Яго ўладары даверылі мне... — Стары не скончыў думкі, рэзка падняў руку: — Прашу, галубчык, да мяне з рознымі сваімі камбінацыямі не прыязджаць!

— До-о-бра! — працадзіў праз зубы Невяроўскі. — Я табе гэтага не дарую. Дробны ты чалавечак!

— Які ўжо ёсць, — усміхнуўся Драздовіч. — Хоць нядаўна я ў цябе быў мудрым чалавекам... Добра, што я магу разбіраць, дзе праўда, а дзе падлізніцтва...

— Бывай! — не вытрымаў Невяроўскі.

— Гладкай дарогі!

Загуў матор, задрыжала машына і рэзка скранулася з месца. Вадзіцель, нібы яго падганяў гаспадар, спрытна вывернуў аўтамабіль з варот, прасігналіў і даў газ. Машына імчалася па калгаснай вуліцы, разганяючы курэй, узнімаючы пыл, які ветрам адносіла ўбок. Драздовіч пастаяў, потым зачыніў вароты і паплёўся да свайго дома. «Ну і дзянёк выпаў, вось дык адпачыў!» — горка ўсміхнуўся ён. «Няйначай будзе навальніца, — убачыўшы кучавыя воблакі, падумаў Драздовіч. — Яно не блага было б, каб прайшоў добры дождж». Стары паволі крочыў, трэба было абдумаць, што прынёс сённяшні дзень, а ён жа яшчэ не скончыўся. «Бываюць дні, — думаў стары, — якія астаюцца ў памяці на ўсё жыццё». Драздовіч павярнуў налева, на галоўную вуліцу калгаса, яму цяпер хацелася толькі аднаго: хутчэй дабрацца да канапы, прылегчы, заплюшчыўшы вочы, паляжаць, паспрабаваць разабрацца ў тым, што адбылося. «Фантазіраваць! — думаў Драздовіч. — Так, гэта трэба рабіць, каб не апынуцца ў хвасце...»

* * *

Ужо ўзышоўшы на двор, Драздовіч заўважыў, што перамяніўся напрамак ветру, значыць, не мінуць навальніцы. Бліснула маланка, пачуўся моцны кароткі ўдар грому, а потым залапаталі па даху буйныя кроплі дажджу. Драздовіч заспяшаўся на ганак. Нікога з дамашніх у хаце не было, недзе, мусіць, гулялі. «А гэта добра, падумаў Драздовіч, — можна будзе адчыніць акно». Яны баяліся грому, заўсёды закрывалі комін у печы і нават форткі ў вокнах. Зноў бліснула маланка, пачуўся прыглушаны нарастаючы грукат, які, дасягнуўшы вялікай сілы, паступова заціхаў. Пачаўся лівень, пацяклі раўчукі, сплывала розная труха. Драздовіч глянуў на барометр: ён паказваў «навальнічны нос». Усё ж стары падышоў да акна і стаў адчыняць. Секануў касы дождж, заліўшы падаконнік, апырскаўшы фіранкі. Пацягнула свежасцю. Прыйшлося зачыніць акно. Шыбы вокнаў былі ўсыпаны дажджавымі кроплямі, якія зігзагамі сцякалі на зямлю. Скалануў вецер у агародчыку яшчэ маладзенькую грушу, упала недаспелая сапяжанка, скацілася з грады і плюхнулася ў поўную вады разору.

Драздовіч адышоўся ад акна і сеў на канапу. Пасярэдзіне сталовай на вялізным дыване стаяў круглы стол, засланы вышытым абрусам, у чахлах — цвёрдыя крэслы, на сцяне цікаў гадзіннік — было без чвэрткі тры гадзіны. У кутку стаяла шмат вазонаў, сярод іх фікус і пальма ўзвышаліся аж да столі. Стары сцягнуў боты і прылёг на канапе, але сон не браў, успомнілася гутарка са стажорам. «Бачыў ты яго, — падумаў Драздовіч, — вучыць пачынае». Ён прыгадаў свой прыезд у Папялішчы адразу пасля вайны. Перад вачыма паўстаў Грамабой, адзіны на ўсю вёску кульгавы конь з кляймом на сцегняку; каня вайскоўцы кінулі на дарозе; уцалела некалькі кароў (на іх вясной аралі), рабы певень і некалькі курэй. Вось і ўся жыўнасць на шэсцьдзесят тры хаты. «Цяпер можна гаварыць — Драздовіч камандуе, — злаваўся стары, — а што мне было рабіць? Прыходзілася на таго-сяго і прыкрыкнуць. Былі такія, што не хацелі выходзіць на работу». А цяпер гаспадарка, ёсць дзе разгарнуцца. Адной толькі ворыўнай зямлі каля трох тысяч гектараў, каля паўтары тысячы буйной рагатай жывёлы, частка пародзістай. Толькі кормных свіней больш за тысячу штук, каля паўтары сотні коней, а колькі птушкі! Сапраўдная шматгалінная гаспадарка. «Кажуць, Драздовічу дзяржава дапамагла, — у думках пярэчыў стары, — ну, добра, галубчыкі, а каму яна не дапамагала, але ў іншых усё гэта ішло як у прорву. Да таго ж, я з дзяржавай поўнасцю разлічыўся». Ну, а людзі, якія за вайну абнасіліся і хадзілі ў лахманах (некаторыя з іх тады чухаючыся выходзілі на работу), цяпер вунь як жывуць, не хочуць купляць якога-небудзь там корту, мультану ці паркалю, а давай ім сукно, шоўк ці шэрсць. Ці ўзяць, скажам, абутак: дзяўчаты дык на іншы і не глянуць, як на мадэльны. А дзе ты яго на ўсіх набярэшся. Вось якія ў Папялішчы адбыліся перамены, а ўсё чагосьці чалавеку не хапае, хочацца яму лепшага. «Хоць гэта, можа, — закон жыцця — думаў Драздовіч. — Не, мусіць, стажор да мяне падкопваецца. Канечне, не ўсё яшчэ ў нас даведзена да ладу. Свядомасць людзей адстае... А хіба я сам не ведаю, што свядомасць людзей адстала ў сваім развіцці ад фактычнага іх становішча... Я гэта ўлічу... Я... Вось толькі гэтае чортава «я», каб яго пярун!.. Тут ён мяне падкаваў... Але я (зноў «я», каб яно згарэла!) усё ж не здамся!..» «А чаго яму падкопвацца? — раптам прыйшла старому ў галаву думка. — Мяне не так лёгка абярнуць! А падпора, сапраўды, не пашкодзіла б. Басалыга, відаць, падышоў бы. Колькі работы! Хочацца, каб і ў нас быў узорны парадак. І ён будзе! А што да таго, што ў «Новым свеце» хаты такія ж, як былі сорак год назад, дык гэта ж праўда...»

Ураган утаймоўваўся, чуліся далёкія раскаты грому, ляскатала па жалезнаму даху, ішоў спорны дождж. Драздовіча хіліла на сон. Пакрэктваючы, стары ўстаў, прайшоўся і адчыніў акно. У лужынах падскоквалі бурбалкі. З-за хмар выглянула сонца, на небасхіле акрэслілася вясёлка. Павыбягалі дзеці з хат, па ручаінах паплылі папяровыя і выструганыя з кары караблікі. Драздовіч пацягнуўся, пазяхнуў, вярнуўся да канапы, грузна апусціўся, лёг і неўзабаве моцна заснуў. Ён не чуў, як вярнулася жонка. Яна сумысля бразгала на кухні, каб разбудзіць мужа абедаць, але ён нават не зварухнуўся. Яна трохі пабыла дома і зноў некуды пайшла.

Толькі пад вечар, як вярталася моладзь з «Чырвонага аратага», Драздовіч паварушыўся і, пачуўшы знаёмую мелодыю, хутка ўскочыў і высунуўся з акна. Каторы раз чуў ён гэтую песню, а заўсёды яна кранала за душу, хвалявала, навяваючы думкі аб мінулым. Хлопцы і дзяўчаты не зусім зладжана спявалі:

 

Ой, бярозы ды сосны —

Мае родныя сёстры,

Ой, шумлівы ты лес малады!

Толькі сэрцам пачую

Тваю песню лясную,

Ды успомню былыя гады.

 

Асабліва вылучаліся — адзін дзявочы голас, Драздовіч яго пазнаў: званочкам звінела Марыя Вішнявецкая, і хлапцоўскі тэнар, якога стары ніколі не чуў. Паміж імі ішло ці то спаборніцтва, ці то змаганне — не было ніякай зладжанасці. Няўжо гэта Васіль Басалыга салаўём заліваецца? Пры адной толькі думцы аб стажору старшыня нахмурыўся і пасуравеў. Але Драздовічу чамусьці зноў захацелася спаткацца з Басалыгам, пагаварыць, даць зразумець, што ён, Драздовіч, сам разумее, дзе слабы бок — недастатковая работа з людзьмі. І, разам з тым, стары адчуваў, што ў яго з'явілася патрэба спаткацца з гэтым неспакойным маладым чалавекам. Гэта ж, па сутнасці, Басалыга настроіў па шчырасці пагаварыць з Адамам Невяроўскім, — успамінаў Драздовіч, — з якім разышліся як у моры караблі. А заўтра ён выступіць на пленуме райкома з крытыкай такіх Невяроўскіх, якія адарваліся ад народа, выставіць патрабаванне ўзмацніць работу ў масах, аднавіць ленінскі прынцып калектыўнага кіраўніцтва. І сам у парадку самакрытыкі скажа, што часамі камандаваў у калгасе і з гэтым трэба рашуча канчаць. Калі моладзь параўнялася з домам старшыні, Драздовіч гукнуў:

— Васіль Антонавіч! Зайдзіце, калі ласка, да мяне.

— Добра.

— Можа б, і ты, Марыйка, заглянула? — прапанаваў Драздовіч.

— Другім разам, Барыс Ніканоравіч, — адмовілася дзяўчына. — Я ўся змокла, трэба пераадзецца.

— Ну, як сабе хочаш.

Па тым, як Марыя капрызна крутнула вострымі плечукамі, спадылба глянула на Басалыгу, Драздовіч здагадаўся, што паміж дзяўчынаю і хлопцам адбылася нейкая спрэчка.

«Ну і ферт! — падумаў Драздовіч. — І ёй паспеў насаліць. А яе не так лёгка вывесці з раўнавагі. З перчыкам малады чалавек. З ім трэба трымаць вуха востра».

Басалыга ў сенцах знарок расшпіліў каўнер вышытай кашулі і засунуў пад пінжак. Ён дакараў сябе, што яе адзеў, бо моцна паспрачаўся з Марыяй — часткова з-за льну, але больш за ўсё з-за старшыні і парадкаў у калгасе, што не скарыстоўваюцца магчымасці, людзі жывуць у старых хатах.

— Добры вечар! — прывітаўся Басалыга.

— Здароў, — адказаў Драздовіч, але зноў перайшоў на «вы». — То што ў вас з Марыяй такое адбылося, што яна не захацела разам зайсці? Раней яна ніколі не абыходзіла нашай хаты...

— Нічога асаблівага, — ухіліўся ад адказу Басалыга і дадаў: — Аднак які вы наглядальны чалавек, псіхолаг...

— Трошкі, — разгладзіў вусы Драздовіч. Ён падышоў да буфета, пастаяў, а потым дастаў бутэльку цынандалі, адкаркаваў, паставіў бакалы і сыр з кменам, наліў віно. — От пакуль няма дома старой... Ну, росы цёплыя!

Яны чокнуліся, выпілі і сталі закусваць.

— Сыр з кменам? — здзівіўся Басалыга. — Першы раз бачу. Ну і смачны!

— А як віно? Падабаецца?

— Нішто сабе. Квасок!

— Н-да, — ухмыльнуўся Драздовіч, а потым спытаўся: — Дык як прайшло свята песні?

— Добра.

— А ў каго гэта, галубчык, з нашых хлопцаў такі прыгожы тэнар?

— Прызнацца, не прыслухоўваўся, спявалі — хто ў лес, а хто па дровы...

— Ага, па-мойму, тэнар не даваў разгарнуцца сапрана... Можа такое быць?..

— А хто яго ведае...

— Мне здалося, што хлопец, які валодае тэнарам, не вельмі хацеў спяваць у хоры, а хутчэй імкнуўся паказаць сваю перавагу над іншымі...

— Магчыма, — цяжка вымавіў Басалыга. — ёсць у чалавека такая слабасць — парысавацца... Яна ўласціва і старым і маладым, калі чалавек губляе над сабою кантроль і паблізу няма сапраўднага сябра, які пра гэта сказаў бы яму адкрыта... Чалавек — натура складаная...

— Ого, каб чалавека пазнаць, трэба многа солі з’есці...

— І шмат выпіць віна, — падкалоў Басалыга.

Драздовіч вачыма ўсміхнуўся, потым прадаўжаў размову:

— А за што вы з Марыяй пасварыліся?

— Вырашалі, як далей жыць.

— Цікава, — разліў па бакалах віно Драздовіч. — Аднавілі нашу размову?

— Прыкладна. А толькі адкуль вам вядома?

— Галубчык! Гэта дзяўчына такая, што з-за пустога не надзьмецца. І, канечне, калі загаварылі пра парадкі ў калгасе, мяне абараняла.

— Гарой за вас стаіць.

Яны выпілі і абодва крыху захмялелі.

— Дык ведаеце, чаго я вас паклікаў? — хітра прыжмурыў вочы Драздовіч.

— Не, — паціснуў плячыма Басалыга.

— Каб сказаць, што аднаму чалавеку не пад сілу скапаць гару.

— Не разумею.

— Хоць, што гуляць у кошку і мышку, — устаў і прайшоўся па дыване Драздовіч. — Вы чаму-небудзь навучыліся ў нас?

— Многа навучыўся, — лыпаў вачыма Басалыга.

— Як вы глядзіце на тое, каб вам узяць калгас «Сцяг камунізму»?

Басалыга ўскочыў, хацеў нешта рэзкае сказаць, але стрымаўся.

— Я вам дапамагу, а потым паспаборнічаем.

— Дзякую, — становішча госця абавязвала Басалыгу трымацца ў пэўных рамках. — Праўда, у мяне выспявалі іншыя планы.

— Стаць старшынёю «Новага свету»? Ды я сам яшчэ не ўломак!

— Не. Сакратар райкома прапанаваў паставіць пытанне перад ЦК, каб мяне пакінуць сакратаром партарганізацыі ў «Новым свеце». Я даў на гэта згоду. Не скапаць гару, а падперці...

— Гэта дзела! — пасля роздуму загарэўся Драздовіч. — Заўтра еду ў райком, угавару сакратара райкома неадкладна зрабіць перавыбары...

— Сакратара райкома, можа, вы і ўгаворыце, але мяне цяпер ніхто не прымусіць тут астацца, — захваляваўся Басалыга. Ён зашпіліўся на ўсе гузікі. — Дзякую за пачастунак!

— Куды вы спяшаецеся, Васіль Антонавіч? Вып'ем яшчэ па бакалу, — прапанаваў збянтэжаны стары. — Прашу вас!

— Не, — наадрэз адмовіўся Басалыга, збіраючыся выходзіць. — Усяго добрага! Больш мае тут нагі не будзе... Ніякая сіла не прымусіць... Скапаць такую гару я не збіраюся... І суседні з вамі калгас браць не магу...

Стары перагарадзіў яму дарогу:

— Супакойцеся, Васіль Антонавіч, ну чым я вас пакрыўдзіў? Мне проста хацелася, каб вы сталі маім суседам... Я да вас прыязджаў бы, а вы да мяне.... Раіліся б, як узняць і адну, і другую гаспадаркі... Да таго ж, з вамі можна і розум патачыць, пафантазіраваць... А калі вы згаджаецеся быць сакратаром партарганізацыі, тым лепш...

— Я ўжо сказаў, што мяне цяпер ніякая сіла не прымусіць тут астацца, — Басалыга вырваўся і пайшоў за дзверы.

«Ну і характар!» — падумаў Драздовіч.

Стары, праводзячы вачыма хлопца, успомніў пра вышытую кашулю, задаволена ўсміхнуўся і ўголас прамовіў:

— Ёсць такая сіла, галубчык, якая цябе ўціхамірыць... Схіліш галаву перад ёю, ганарлівец!..

У гэты час зазваніў тэлефон.

— Я слухаю! — зняў трубку Драздовіч. — Прывітанне! Чым угнявіў старшыню райвыканкома? Сказаў яму ўсё, што пра яго думаў. Што? Па-мойму, гаваруну Невяроўскаму не месца і ў партыі... Згодзен? Дык у гэтым напрамку і дзейнічай... Як? Затое народ адобрыць... Га? Дрэнна чутно? Нехта перабівае. Дзяўчыначка-галубачка! І не сорамна вам падслухоўваць чужыя размовы? Цяпер чуваць? Вось і добра. Як я гляджу — выбраць Басалыгу сакратаром партарганізацыі? Ты з ім гаварыў пра гэта? Станоўча гляджу, галубчык, а толькі, мусіць, з гэтага нічога не выйдзе... Ага, паспелі пацапацца... Згодзен, што падтрымка была б надзейная. Хоць і нялёгка было б з ім працаваць... Што? Але. Напала каса на камень. А ўсё ж, як той казаў, лепей з разумным згубіць, чым з дурнем знайсці. Разумееш, свежы вецер... Што? Гэта не толькі мне карысна, галубчык, але і табе. Чакай заўтра ад мяне нашатыркі. Ніякай літасці!.. За што? Трэба перабудоўваць усю работу райкома, больш аддаваць увагі людзям, адмовіцца ад кіраўніцтва па тэлефоне. Адным словам, заўтра пагаворым па душах. Што? Райком будзе раіць Басалыгу? Вітаю! Паклікаць яго да тэлефона? Лепей пазвані ў праўленне. Да пабачэння!

У сталовую зайшла жонка, дабрадушна бубнячы, што парушан усталяваны ўклад сям’і. Яна накрывала на стол.

* * *

Змяркалася, запальваліся агні ў дамах. Каля клуба баяніст зайграў «Пераможны вальс». З усіх бакоў хлынула моладзь у напрамку да цэнтра. Заўважыўшы Марыю Вішнявецкую, выйшаў з двара на вуліцу Драздовіч.

Ён спыніў дзяўчыну і хітравата спытаў:

— Кажуць, Марыйка, што ты збіраешся пакідаць нас?

— Як гэта?

— Нібы з Васілём мяркуеце некуды падацца.

— Хто вам сказаў? .

— Людзі гавораць, — таямніча паведаміў Драздовіч.

— Нікуды я са свайго калгаса не пайду, — выпаліла Марыя. — А хіба Васіль намераны адсюль перабірацца? Яму нешта раней не хацелася.

— Нешта ж, мусіць, здарылася, што гэтак ірвецца кудысьці. і

— Дарэмна, ніхто за ім не пабяжыць!..

— То і я гэтак мяркую... Яшчэ не было ў нас такога выпадку... Хоць, ён вучаны...

— Дык што з таго?! — узняла горда галаву Марыя. — Калі...

Падышла моладзь, і дзяўчына замялася, не дакончыла свае думкі. Усе пайшлі ў клуб, а за імі і Драздовіч, з зайздрасцю паглядаючы на маладых і здаровых юнакоў. Каля іх круціліся падлеткі, яны стараліся быць ветлівымі і далікатнымі, каб часам не далі па карку і не пагналі спаць. Нарэшце прыйшоў Басалыга, адзеты ў цёмна-сіні гарнітур, у белай кашулі з гальштукам. Сярод дзяўчат вылучалася Марыя, тонкая, стройная, з густам адзетая. На яе квяцістую сукенку спаўзалі косы. Марыя была жвавай і порсткай, яе, нібы вытачаныя, ногі, здавалася, не маглі стаяць на адным месцы, прасілі танца.

З’яўленне Драздовіча на танцах першы раз за ўсе гады бянтэжыла моладзь, дый стары няёмка сябе адчуваў. Нарэшце ўсё ж баяніст зайграў вальс. Моладзь захапілася музыкай. Дзе ты ўтрымаешся, калі самі ногі танцуюць! Асобна ў кутку даволі зграбна танцавалі дзве дзяўчынкі. Яны пырхалі, як матылькі, а астатнія малыя, як камары, таўкліся на месцы. Мімаволі залюбаваўшыся прастатою танца, натуральнасцю рухаў, ажыўленасцю, Драздовіч сам, паддаўшыся агульнаму настрою, гатоў быў у гэтую хвіліну пайсці танцаваць. Ды толькі ён не ведаў, добра гэта ці блага, што ў гэтулькі год ахапіла яго такая спакуса. «Далей ад граху! — падумаў стары. — А то людзі засмяюць».

Драздовіч заўважыў, што ні Марыя, ні Басалыга не танцавалі. Што б гэта магло значыць? Заўважыўшы погляд старога, дзяўчына адвярнулася, пастаяла крыху, а пасля хутка выбегла за дзверы. Басалыга, сустрэўшыся са злосным і дакорлівым поглядам Драздовіча, выйшаў за дзяўчынай на двор. Захопленыя танцам, плаўна кружыліся пары. Ніхто, акрамя Драздовіча, не заўважыў, што Марыя і Васіль зніклі. Драздовіч глянуў у акно: дзяўчына з хлопцам аб нечым горача спрачаліся. Васіль узяў пад руку Марыю, але яна вырвалася ад яго і затупала дробнымі крокамі ў напрамку да свайго дома. Васіль у нерашучасці трохі пастаяў, а потым, цяжка ступаючы, пайшоў яе даганяць. «Нічога, мусіць, з гэтага не будзе, — падумаў Драздовіч. — Вельмі ж ужо Марыйка нейкая кволая, колькі той дзяўчыны, з прыгаршчы... Увабраць такога мядзведзя, відаць, ёй такі не па сіле». Пастаяўшы крыху, панаглядаўшы за моладдзю, якая цяпер танцавала польку, забыўшыся пра ўсё на свеце, стары паволі пайшоў дахаты, страціўшы ўсялякую надзею на тое, што ўдасца залыгаць хлопца.

Увайшоўшы ў кватэру і замкнуўшы дзверы, Драздовіч, не запальваючы святла, ціхенька прайшоў у сталовую. Яму здалося, што ў пакоі душна, ён адкрыў фортку і падпёр яе на кручок. Пачуўшы бразганне, жонка спрасонку прамармытала:

— Што ты сёння ніяк не ўпынішся, кладзіся спаць... Ага, каб не забыцца, званілі з райкома, што пленум пачнецца ў дзесяць гадзін. І стажора туды клічуць...

— Добра.

Стары, не спяшаючыся, раздзяваўся. Ён успомніў сказаныя хлопцам на полі словы: «Мы зямное жыццё пераробім!» «Штосьці знаёмае, але дзе і калі я чуў ці чытаў? — намагаўся ўспомніць Драздовіч, наракаючы, што многае стаў забываць. — А-а-а, дык гэта ж Маякоўскі! Вунь яно што!» Яму стала прыемна на душы, што колішняя яго мара стала марай іншых. Такім і саступіць дарогу не страшна. Яны давядуць распачатую справу пераробкі свету да канца. «І ўсё ж, як бы яно там ні было,— думаў стары, — а не хочацца здавацца — ранавата яшчэ ісці ў архіў. Калі па праўдзе сказаць, дык чартоўскі хочацца жыць, працаваць. Але і моладзь пайшла, не нацешышся! А калючы Васіль прымушае думаць, яму мала таго, што ёсць, ён хоча большага. А і сапраўды, хаты ў нас такія, як і сорак год таму назад. Трэба падумаць пра пясчана-вапнавыя блокі. От каб гэта зрабіць, тады і паміраць можна».

З вуліцы даносіўся прыглушаны гоман. Драздовіч падышоў да акна. Ішла пара ў напрамку да клуба. Хлопец трымаў дзяўчыну пад руку. Праходзячы каля дома старшыні, маладыя людзі зусім спынілі гаворку. Стары пазнаў іх — гэта былі Марыйка і Васіль. Яны хутка зніклі ў цемры. Потым зноў загаманілі, але слоў нельга было разабраць. «Памірыліся, падумаў Драздовіч. — Цікава, хто ж з іх перамог?»

Драздовіч прайшоў у спальню, лёг і спрабаваў заснуць, але сон не браў. Ці, можа, таму не спалася, што ён днём прыкархнуў, ці з прычыны падзей, якія адбыліся за дзень? Дрэмлючы, ён бачыў перад сабою Невяроўскага, які зматваў вуды, а рыбы, забаўляючыся, выскоквалі з вады і памахвалі хвастамі... Нарэшце, змогшыся, заснуў. Сніліся розныя сны. То ён бачыў Папялішчы зялёным горадам, дзе радамі выстраіліся белыя камяніцы, усе ў садах... То ён замяніў старшыню райвыканкома Невяроўскага і завёў такія парадкі: адвёў самы лепшы пакой пад рэгістрацыю шлюбаў, упрыгожыў памяшканне гербам і сцягам рэспублікі, дыванамі, добрай мэбляй, кветкамі. Нібы вось-вось павінны прыехаць рэгістравацца Басалыга і Марыйка... Нарэшце прыехалі, ён у чорным, яна ў белым убранні, як да шлюбу... Драздовіч, хвалюючыся, надзявае сабе цераз плячо шырокую атласную стужку з чырвоным і зялёным колерам і ўрачыста пытае:

— «Марыя Вішнявецкая, жадаеце вы стаць жонкаю Васіля Басалыгі?»

— «Так», — адказвае яна.

— «Васіль Басалыга, жадаеце вы стаць мужам Марыі Вішнявецкай?»

— «Так», — адказвае ён.

Маладыя, распісаўшыся ў тоўстай, прыгожа аформленай кнізе, цалуюцца. Драздовіч іх віншуе:

«Жадаю вам шчасця, доўгіх год жыцця і дзетак чараду!»

На гэтым ён прачнуўся, паляжаў з адкрытымі вачыма, чыркнуў запалку, — была гадзіна ночы, — павярнуўся на бок і моцна заснуў.

Доўга ўвечары Марыя і Васіль хадзілі па вуліцах. Абоім карцела патанцаваць, але спрэчка з-за парадкаў у «Новым свеце» не давала спакою.

— Скажы, чаму ты ўцякла з ігрышча? — ідучы побач з дзяўчынаю, спытаў Васіль.

— Я прыйшла ў клуб, каб патанцаваць... Мяне запрашалі на вальс, я ўсім гаварыла, што занята... і асталася дурніцаю... хлопцы танцуюць і ўсміхаюцца, а ты і ў той бок не глядзіш... Сам гаварыў пра чужое «я», а сваё вунь як беражэш...

— Каб ты ведала, якія ў мяне непрыемнасці, дык гэтак бы са мною не абыходзілася... Мне не хочацца пакідаць «Новы свет», а прыйдзецца... У мяне кошкі душу скрабуць, а яна... Не кахаеш ты мяне...

— Што ты гаворыш? Адумайся, хіба ты не бачыш майго кахання... Свет мне засланіў, яшчэ і насміхаецца... Ужо шушукаюцца і рознае пра нас плявузгаюць...

— Калі па-сапраўднаму кахаеш, — захваляваўся Басалыга, — дык ці згодна будзеш са мною выехаць адсюль?

— А ты мяне па-сапраўднаму кахаеш? — замест адказу спытала Марыя.

— Гэта лішняе пытанне... Без цябе я не змагу жыць, — прызнаўся Басалыга, узяў пад руку дзяўчыну і прыціснуў да сябе. Яна не адхінулася. — Мне з табою гэтак добра...

— А калі так, дык астанешся тут...

— Прымаком?..

— Хоць бы і так...

— Не!.. — рашуча запярэчыў Басалыга. Ён дастаў папяросу і стаў прыкурваць.

— Значыць, па-сапраўднаму не кахаеш, — узяла яго пад руку Марыя.

— Дадуць мне калгас, хоць самы горшы, гэта ж цікава, за год-два паднімем гаспадарку, забудуемся...— марыў Басалыга.

— А чаму тут нельга гэтага зрабіць? Разам будзем будаваць хаціну, хоць чаму хаціну — дом паставім, які ж ты прымак тады?.. Гонар мужчынскі не дазваляе?!. А яшчэ лічыш сябе перадавым чалавекам, а ў самога старое ў галаве.

— Не прыйшоўся я тут да двара... Драздовіч...

— Не разумееш, Васіль, ты гэтага чалавека. Ён усё сваё сэрца аддаў калгасу... Стары цябе і так паверне, і гэтак пакруціць, з усіх бакоў прыглядаецца, ці здольны ты перш быць яго добрым памочнікам, а потым павесці гаспадарку лепей, чым ён... Я гэта па сабе ведаю. Калі я вучылася ў дзесятым класе, аблюбаваўшы мяне, ён паўгода абходжваў, угаворваў астацца ў калгасе. «Зразумей, Марыйка, — казаў ён, — цяпер і ў калгасе павінны быць адукаваныя людзі. Галаву даю на адрэз, не будзеш шкадаваць, калі астанешся. Знатным чалавекам станеш... Лепш у вёсцы быць першым, чым у горадзе апошнім...» І я не шкадую! Выпрабоўваючы, на што ты здатны, ён можа з табою і чарку выпіць... Дарэчы, чым ён цябе сёння частаваў?..

— Віном. .

— Яшчэ дойдзе і да гарэлкі... Ён і сам можа выпіць,зойдзе да чалавека, калі той запрашае, скажам, на вяселле ці радзіны, з сабою абавязкова што-небудзь прынясе, вып’е разам з усімі, паспявае, але мяжы не пераступіць і на заўтра, як заведзены гадзіннік, у вызначаны час будзе праводзіць ранішнюю лятучку.

— Дык няўжо ж ты думаеш, што я не падыходжу яму ў памочнікі, а потым не здолеў бы павесці гаспадарку так, як ён, а то, можа, яшчэ і лепей за яго?

— Не ведаю, — ухілілася ад адказу Марыйка. — Мой тата заўсёды кажа: гаспадарку весці — не лапці плесці... От каб ты пацёрся каля яго годзік-другі, тады іншая справа... Але, каб нам зноў не пасварыцца, дык пойдзем лепей патанцуем...

— Згодзен!..

Яны зайшлі ў клуб. Усе на іх звярнулі ўвагу, сталі шаптацца, мнагазначна падміргваць і пасміхацца. Басалыга, зрабіўшы выгляд, што нічога гэтага не заўважае, прайшоў да баяніста і папрасіў зайграць «вальс-мазурку». Марыйка не зусім смела выйшла, рухі яе былі скаванымі, а потым, як гэта кажуць, маючы добрую апору, паступова ўвайшла ў ролю: люба было глядзець, як спраўна ходзяць яе ногі, як лётае ў паветры яе стройная фігурка. Яшчэ адна пара паспрабавала за імі прайсці, але ў іх нічога не выходзіла, і яны спасавалі. Марыя з Басалыгам выйшлі пераможцамі, цяпер ужо ніхто над імі не падсмейваўся, а, наадварот, зайздросцілі. Толькі каля трох гадзін ночы скончылася ігрышча. Моладзь неахвотна разыходзілася па хатах.

Драздовіч, як заўсёды, прачнуўся ў пяць гадзін раніцы, але нешта доўга муляўся, мыючыся, фыркаў, галава была цяжкая. На заўвагу жонкі, чаму гэта ён сёння гэтак неспакойна спаў, стары адказаў: «З Невяроўскім ваяваў, наводзіў у райвыканкоме парадак».

Даўно ўжо была праведзена лятучка, размеркаваны ўсе работы, усюды заглянула вока старшыні; ён пабыў і ў кароўніку, і ў свінарніку, і ў птушніку, і на будоўлі — усюды зрабіў патрэбныя ўказанні. Нарэшце, стары зайшоў у канцылярыю праўлення, каб падпісаць паперы, даць распараджэнне бухгалтэрыі падрыхтавацца да выдачы авансу на працадні. Калі ён прысеў, дык адчуў, што баляць ногі, не хацелася ўжо ўставаць. «Першая адзнака старасці, — падумаў Драздовіч. — Мусіць, доўга не працягну». У гэты час зазваніў тэлефон, з райкома камсамола прасілі перадаць, каб з’явілася на нараду перадавікоў па ільне, Марыя Вішнявецкая.

Зрабіўшы ўсё, што трэба было, Драздовіч звярнуўся да шафёра:

— Возьмеш Марыю Вішнявецкую і Васіля Басалыгу, а потым заедзеш да мяне. Без чвэрткі дзесяць мне трэба быць у раёне.

— Шанцуе, — усміхнуўся шафёр.

— Каму? — не зразумеў Драздовіч.

— Гэтай парачцы.

Стары нічога не адказаў. Шафёр адчуў сябе няёмка, што ўмяшаўся не ў сваю справу.

Дарога была недалёкая. Што значыць для «Пабеды» якіх-небудзь чатырнаццаць кіламетраў да раённага цэнтра Сосны... Ехалі з хуткасцю шэсцьдзесят кіламетраў у гадзіну, шуршэла пад коламі машыны, пастуквалі каменьчыкі аб крыллі, ляцелі ў бакі пырскі з лужын. Тут, відаць, яшчэ і ноччу ішоў дождж. Маладыя белыя бярозкі па баках гравійкі былі памытыя і свежыя, як нявесты.

Драздовіч сумысля скіраваў размову пра будаўніцтва. Басалыга ажывіўся. Ён прапанаваў пабудаваць у «Новым свеце» завод, які за змену даваў бы прыкладна да тысячы шлакаблокаў, арганізаваць выраб чарапіцы, рам, дзвярэй і вокнаў.

— Мною падлічана, — гаварыў Басалыга, — што такі дом будзе каштаваць нядорага, калгаснік за некалькі год здолее яго выплаціць.

— Гэта дзела! — падумаўшы, сказаў Драздовіч.

Потым гаварылі пра розныя нязначныя дробязі. Нарэшце, Драздовіч расказаў пра свой сон — як ён віншаваў Марыю і Васіля з уступленнем у шлюб.

— Значыць, не быць гэтаму, — збялела Марыя.

— Чаму? — здзівіўся Басалыга.

— Яшчэ што! — Стары ўжо і сам быў не рад, што пра гэта загаварыў. — Выдумала нейкія забабоны.

— І мая бабка заўсёды гэтак адгадвала сны, — сказаў шафёр.

— От, нейкае глупства! — суцяшаў Басалыга. — Калі на тое пайшло, дык можам хоць сёння распісацца...

— А дзе будзем жыць? — ажывілася Марыя.

— Пабудуем камяніцу, — сказаў Драздовіч. — Сёння ж увечары збяром праўленне, абмяркуем пытанне адносна вырабу шлакаблокаў... Пасаг табе дамо, будзь спакойна... Хіба ж не заслужыла... За большае не ручаюся, а на паўкамяніцы... — Стары падумаў. Мяркую, Васіль Антонавіч, што і вас не пакрыўдзім, дамо аванс на паўкамяніцы... Глядзіш, і дом, яшчэ і які!.. Драздовіч павярнуўся да шафёра. — Як мяркуеш, Сяргей, падтрымае мяне праўленне?

— Уга! — адобрыў шафёр. — Займець у калгасе такую пару з іскрынкай!..

— Хопіць жартаваць, — уздыхнула Марыя.

— У кожным жарце ёсць крыху праўды, — заключыў Драздовіч. — Варта і над гэтым падумаць.

Яны ўехалі ў раённы цэнтр Сосны. Машына спынілася каля сквера, у якім густа раслі клёны і ліпы.

Марыйка выскачыла з машыны і хутка закрочыла ў напрамку да райкома камсамола. Па ўсім відаць было, што яе нешта хвалявала: гарэлі шчокі, крывіліся вусны, вось-вось з вачэй пырснуць слёзы.

— Ну, а мы з вамі, Васіль Антонавіч, можа, скокнем на «ражок», — хітра пасміхаўся Драздовіч. — У нашым распараджэнні дваццаць хвілін.

— Чаго? — не зразумеў Басалыга.

— Паклонімся Бахусу, — тлумачыў Драздовіч, вочы яго смяяліся. — Возьмем для храбрасці па шклянцы «жывіцы»..

— Што вы, Барыс Ніканоравіч, у нас жа ёсць справы, Басалыга ўспомніў размову з Марыяй і ўхмыльнуўся. — Як кажуць: скончыў дзела, гуляй смела...

— Ну, няхай будзе на потым, — адобрыў Драздовіч.

— Выпрабоўваеце, так сказаць, — не ўтрымаўся Басалыга, каб не падпусціць старому шпільку.

— Вы самі да гэтага дайшлі? — спытаўся Драздовіч.

— Не зусім, — шчыра прызнаўся Басалыга.

— Гэта ўжо горш, — засмяяўся Драздовіч, а потым, нібы між іншым, кінуў: — А памочніца ў вас будзе не благая... З ёю і дома не засумуеш, і на людзях не пачырванееш...

Да іх падышоў Невяроўскі. Ён трымаўся так, нібы ў яго з Драздовічам нічога не адбылося. Яны прывіталіся.

— А тут вас шукае мастак, — паведаміў Невяроўскі. — Не ведае, як дабрацца да «Новага свету».

— Сяргей, зараз падкінеш яго ў калгас, а потым вернешся сюды, — распарадзіўся Драздовіч.

— Добра, — адказаў шафёр.

— Вось каго трэба раіць старшынёю «Сцяга камунізму», гэты вывезе, — звяртаючыся да Басалыгі, гаварыў Невяроўскі.

— Вывезці-то ён вывезе, але і ты можаш упрагчыся ў гэты воз, — умяшаўся Драздовіч. — Сам напрасіўся, а потым у кусты...

— Задышка, — скардзіўся Невяроўскі.

— Паедзеш, я на гэтым стаяў і стаяць буду.

— Не паеду! Басалыгу туды, даволі яму ў стажорах ацірацца...

— Басалыгу райком раіць сакратаром партарганізацыі «Новага свету». Лепшага я на прыкмеце не маю... Згодны ў нас астацца?

— Калі выберуць...

— Узначаліш тады будаўніцтва...

— З вялікаю ахвотаю!..

— Пойдзем у райком, там усё абмяркуем, — прапанаваў Драздовіч. — А табе, Невяроўскі, даўно не месца ў партыі... Адарваўся ад народа...

— Што ты, братка, выдумляеш? — лапатаў Невяроўскі. — Я ж сам даў згоду паехаць у калгас, вось толькі здароўя не маю... Якія вы ўсе жорсткія...

— Жыццё суровае, суровыя і законы, — гаварыў Драздовіч. — Увесь народ узяўся за падняцце сельскай гаспадаркі... І ты ўключайся... А не хочаш, дык як той казаў, злазь з даху і не псуй гонты...

— Нічога не разумею, што навокал робіцца, — разгублена прамовіў Невяроўскі, — людзей не пазнаю...

— Павеяў свежы вецер, — мнагазначна вымавіў Драздовіч, — ён ачысціць паветра... Быць не можа, пры такой вялікай увазе ўзнімем сельскую гаспадарку...

На гэтым яны абарвалі размову і пайшлі ў райком. Басалыга пачынаў разумець, што ў жыцці ўсё складаней, чым у кнігах, па якіх ён вучыўся, што яму, куды б яго ні паслалі, будзе вельмі цяжка працаваць. Разам з тым, у яго з’явілася ўпэўненасць і вера: якія б ні былі цяжкасці, ён іх пераадолее...

1955

 


1955

Тэкст падаецца паводле выдання: Гурскі І. Расцвілі вішні. Апавяданні. – Мінск, Мастацкая літаратура, 1989. – 311 с.
Крыніца: скан