epub
 
падключыць
слоўнікі

Ільля Гурскі

Сымоніха

 

 

— Заходжу гэта я да старшыні райвыканкома Круглікава,— расказвала Сымоніха мужу, падпіраючы рукою падбародак,— дый кажу яму: «Памажыце мне, саколік, кароўку прыдбаць».

«А вы хто такая? — пытаецца ён у мяне.— Адкуль будзеце? Я вас штосьці не ведаю. І ніколі я вам кароўкі не абяцаў. Я ў гэтым раёне не так даўно працую, але амаль ва ўсіх вёсках пабыў, а толькі вас нідзе не сустракаў».

«Хіба,— кажу,— не пазнаеце?» — Сымоніха хітра паглядзела на мужа і ўсміхнулася шэрымі невялічкімі вочкамі. Сымон таксама ўсміхнуўся ў шырокую, як лапата, рудую бараду і падкруціў вусы: ён уважліва і моўчкі слухаў жонку. Калі Сымоніха гаварыла, Сымон ніколі яе не перабіваў. Ён ведаў, што жонка на глум слова не скажа.

«Сымоніха я, з Дубровіна, няўжо забылі?» — напамінаю я старшыні. Жанчына аж прыўстала, маленькая постаць яе страпянулася.

«А я вас і не ведаў»,— адказвае ён.

«Новую хату нам памагалі будаваць?» — пытаю я.

Кабета нагадвала птушку ў палёце.

«Ну і што з гэтага? — І ён нахмурыўся, робячы выгляд, што вельмі заняты.— Хіба толькі вам? Цэлую вёску ўзнялі нанава. Праз некаторы час не пазнаць будзе Дубровіна... Бачыце план генеральны. Вось — плошча, а там — помнік Заслонаву. А гэта,— працягвае паказваць старшыня,— будзе сельсавет. Тут школа. Там дзіцячыя яслі. Каля рэчкі — лазня...»

«Чыгуначнікі настойваюць паставіць помнік Заслонаву ў Оршы»,— уставіла я.

«Паглядзім, можа, і ў Оршы»,— сказаў ён.

— І няўжо ў нас не будзе клуба? — хваляваўся Сымон.— Калі я, нарэшце, сыграю караля Ліра...

— Будзе і клуб,— заспакоіла Сымоніха.

— Добра,— вальней уздыхнуў Сымон і важна заявіў: — А то артысту без сцэны не выпадае.

«Дубровінцы,— кажа старшыня,— добра ваявалі з фашыстамі і зноў дружна ўзяліся за гаспадарку. Хто б ні ехаў з Масквы ў Мінск ці з Мінска ў Маскву, то каля Оршы спыніцца, каб завярнуць у Дубровіна ці на станцыю Орша (такі, мусіць, чыгуначнікі перамогуць) пакланіцца Заслонаву і паглядзець, як людзі жывуць на зямлі, па якой хадзіў Заслонаў і за якую склаў галаву. Дубровіна будзе зялёным горадам».

«Няўжо ж»,— кажу я.

«Але з крэдытам, каб прыдбаць карову, цётка, прыйдзецца пачакаць»,— гаворыць ён, а сам разглядае паперы і робіць выгляд, што не звяртае на мяне аніякай увагі, а толькі сяды-тады паўз рагавыя акуляры возьме дый гляне. А я з яго вачэй не спускаю. Бачу, ён пачынае нервавацца і пастуквае пальцамі па стале. Толькі што мне да гэтага? Я дамагаюся свайго. А чалавек ён, відаць па ўсім, добрай натуры, але яму за дзень натлумілі галаву. Перада мною з яго кабінета выйшаў цэлы гурт жанчын, былі там і дубровінскія.

«Ой, чалавеча,— кажу я,— навошта мне той крэдыт, мне б лепш за ўсё кароўку займець. Ёсць жа ў вас у хляве некалькі штук, што ў адступаючага ворага адбілі. Я ж да вас у партызаншчыну сама прывяла сваю падласую. Гэта дарма, што яна была з адным рогам, але малака шмат давала. Тады Заслонаў, паціскаючы мне руку, сказаў: «Дзякуй табе, цётка Сымоніха. Абяцаю, калі разаб’ем ворага, дык вернем табе лепшую. А калі не я вярну, то мае хлопцы гэта зробяць, у даўгу ў сваіх людзей мы не астанемся».

«Гаварыў мне так Заслонаў?» — пытаюся я.

«Здаецца, некаму так гаварыў,— успамінаючы, сказаў Круглікаў і трохі памякчэў.— А толькі не адна ж вы, цётка Сымоніха, прывялі тады карову».

«Не, не адна,— згаджаюся я.— Што праўда, то праўда, усе ў нас памагалі, хто чым мог, дзяліліся апошнім кавалкам хлеба».

— Яшчэ б,— зазначыў Сымон,— трэба было ўтрымаць гэтулькі лясных салдат.— Стары дадаў: — Нашы партызаны адны знішчылі больш фашыстаў, чым увесь другі фронт... А цяпер саюзнікі выхваляюцца — мы ваявалі!.. Цярпець не магу маны!..

«Вось бачыце!..— і ён падняў свой даўгі з гарбінкаю нос, на якім былі акуляры.— Прыйдзецца вам пачакаць. Усіх адразу не задаволіш. Нам трэба ў першую чаргу даць карову адной сям’і, іх адзінаццаць чалавек і амаль усе біліся з фашыстамі. Трэба такой сям’і даць карову?»

«Трэба»,— кажу я.

«Гэта сям’я заслужаная,— загарэўся ён і, выцягнуўшы з стала нейкую паперку, пачаў сыпаць: — Бацька, калі фашысты пачалі вайну, сказаў: гнеў народа — страшны гнеў. Ён змяце фашызм! Чулі?»

«А як жа!»

«Перш за ўсё ён знішчыў некалькі здраднікаў».

«Туды ім і дарога! Гадзюка раз у год са скуры вылузваецца, а здраднік кожны дзень».

«Адзін іх сын панфілаўцам быў. Пад Масквою біўся. Там фрыцам далі ў хвост і ў грыву. Факт?»

«Факт»,— кажу я.

«Другі сын біўся пад Сталінградам. Там фашысту наладзілі такое пабоішча, што ён больш не здолеў падняцца. Супраць факта не папрэш?»

«Не папрэш»,— кажу я.

«Трэці сын змагаўся на Арлоўска-Курскай дузе, там гітлераўцам добра наламалі бакі. Факт — упартая рэч?»

«Упартая»,— кажу я.

«Чацвёрты сын пад Ленінградам быў снайперам. Ён стаяў насмерць. Гэта важны факт?»

«Яшчэ які важны!»

«Пяты сын — партызанскі генерал. У яго шмат было ляснога войска, а хлопцы якія — агонь! Гэта вам не хаханькі!»

«Якія там хаханькі! Пад нагамі ў фашыстаў гарэла зямля».

«Шосты сын Берлін штурмаваў, памагаў знішчаць фашысцкую нечысць. Гэта, можа, што-небудзь ды значыць?»

«Дзіва! Дайсці да Берліна — патрэбна была сіла».

«Сёмы сын — танкіст. Дачка — лётчыца, другая, праўда, яшчэ пешшу пад стол ходзіць, але, кажуць, не саступіць старэйшай — у разведку хадзіла. У нас жанчына — сіла».

«Ого, яшчэ якая!»

«Маці аднойчы фашысту адсекла: сонца не закрыеш рэшатам».

«Правільна!» — згадзілася я.

«Яна, кажуць, партызанам хлеб пякла, а муж мінёрам быў. Калі ішла «рэйкавая вайна», ён цуды тварыў. На паседжанні райвыканкома многа пра гэтую сям’ю гаварылі. Шкада, сам яшчэ з імі не пазнаёміўся,— і зноў да мяне: — Дык хіба можна ім не даць каровы?»

«Не,— кажу,— язык не павернецца, каб адмовіць».

«Вось бачыце! — заўважыў ён.— А вы што — ужо ў слёзы. Калі я сказаў, што карова будзе ў вас, дык будзе. Слова Заслонава — для мяне закон».

«Плачу я, саколік, не таму,— сказала я,— сына свайго ўспомніла, Паўліка. Дзіцятка — нават ні разу не пагаліўся. Ён таксама пад Масквою біўся і не вярнуўся адтуль».

«Нічога не зробіш,— пасуравеў старшыня.— Перамога не лёгка далася. Шмат наш народ меў ахвяр».

«І дачка мая,— кажу,— згарэла з сваім самалётам».

«Так,— гаворыць ён.— Вайна — гэта мацярынскія слёзы. Праца і мір — думы нашых людзей. А толькі, калі трэба, мы ўмеем ваяваць. Наглядны ўрок далі і сучасным, і будучым ахвотнікам на сусветнае панаванне!»

«Яшчэ які!» — кажу я.

«А вы, Сымоніха,— устаў ён з-за стала,— не гаруйце. Даю вам слова, што мы вам паможам. Другая чарга — за вамі».

«Добра»,— згаджаюся я.

«Мы вырашылі,— працягвае ён,— перш за ўсё даць карову жанчыне-гераіні, Сцепанідзе Аляксандраўне Корчык».

«Каму, каму?» — перапытваю я.

«Сцепанідзе Аляксандраўне Корчык,— паўтарае ён.— Яна сапраўдная гераіня. Выгадаваць гэтулькі дзяцей, выхаваць іх не так лёгка. І вы, цётка Сымоніха, дарэмна сумняваецеся. Вось паглядзіце, пра яе пішуць у газеце. Знатная жанчына! Вы яе, напэўна, ведаеце?»

«Ведаю. Сцепаніда Аляксандраўна Корчык — гэта я, а толькі якая я гераіня? Я ж, можа, гэтак, як мой Сымон, не хадзіла на жалезку міны падкладваць. А што хлеб пякла...»

«Вы Сцепаніда Аляксандраўна Корчык?! — перапыніў ён мяне.— Чаму ж вы раней мне гэтага не сказалі?»

«Няма чым хваліцца»,— кажу я.

«Як гэта! — запярэчыў старшыня і расплыўся, як месяц.— Вось чытайце газету. На першай старонцы. Вы ўзнагароджаны ордэнам «Мацярынская слава». Ну, бачылі? Віншую!»

«Дзякую!» — адказваю я.

«Дык ідзіце, Сцепаніда Аляксандраўна, і бярыце карову. І даруйце, што так выйшла».

Сымоніха заззяла ад шчасця, здавалася, што глыбокія маршчыны, каля вачэй, вуснаў і на лбе, у яе на момант згладзіліся.

— Так што, бацька, мы цяпер з малачком. Будзе чым дзяцей сустракаць з войска, яны, нябось, па малаку засумавалі,— заключыла свой расказ Сымоніха і весела засмяялася.— А помніш, я гаварыла: закінеш наперад, як знойдзеш. Толькі вось, Сымонка, няма ў нас даёнкі.

— Нічога, Сцепаніда Ляксандраўна,— адказаў Сымон, разгладжваючы бараду.— Калі ёсць кароўка, дык будзе і даёнка.

1945

 


1945?

Тэкст падаецца паводле выдання: Гурскі І. Лясныя салдаты: Апавяданні і аповесць. – Мінск, Мастацкая літаратура, 1979. – 552 с., 1 л. іл. – (Б-ка беларус. прозы)
Крыніца: скан