epub
 
падключыць
слоўнікі

Ільля Гурскі

У вялікай дарозе

 

 

Высокі і стройны чалавек у паношаным чорным бобрыкавым паліто, у новай сіняй кепцы, насунутай на вушы, ішоў з даволі абтрапаным чамаданам на вакзал. Стаяў люты мароз, шчыпала за шчокі і зліпаліся вейкі. Світала. З комінаў старчма ўзнімаліся шэрыя дымы. На гарадскіх вуліцах ужо было шмат пешаходаў. Усе некуды спяшаліся. На вакзале, як заўсёды, было ажыўлена. Сярэдніх год невысокая жанчына, развітваючыся з дзябёлым мужчынам, пацалавалася; каржакаваты барадач, падобны да камінара, рабіў настаўленні яшчэ зусім жаўтаротаму хлапчыне ў вушанцы на патыліцы, каб той не піў, не курыў і ў карты не гуляў. «Гэта згуба!» — прабасіў барадач. Старая з зямлістым тварам рогам хусткі выцірала запалыя вочы, праводзячы чарнабровую маладзіцу з малым дзіцем на руках. Чуўся скрыпучы голас: «Ты хоць пішы, дачушка, як цябе там прымуць!.. І не гніся!..»

Чалавек падышоў да касы, паказаў пасведчанне і без чаргі купіў білет. Паглядзеўшы на гадзіннік (да адыходу поезда аставалася хвілін трыццаць пяць), пасажыр спакваля пайшоў у буфет. А тут яшчэ больш тлуму! За адным са сталоў чуліся ахрыплыя галасы: «Ты мне друг?» — «Друг!» — «То давай, братка, пацалуемся!» Пасажыр стаяў у нерашучасці каля буфета, яму з горычы карцела выпіць, але раніцаю і тым больш адзін ён ніколі не піў. Да яго падышоў чалавек немаладога веку і, спыніўшыся, загаварыў:

— Прабачце, калі не памыляюся, вы бралі білет да Дзятлавіч?

— Так. А што?

— Я таксама ў Дзятлавічы еду. А які ў вас вагон?

— Дзевяты.

— Купіраваны?

— Дваццаць першае месца.

— А ў мяне дваццаць другое,— узрадаваўся спадарожнік і прапанаваў: — То, можа, на дарогу, малады чалавек, возьмем чаго ў губу?

— З прыемнасцю. Каньячку, ці што?

— Не ўжываю каньяку, клапамі пахне. Лепшай за рускую горкую нідзе ў свеце не знайсці. Чыстая, як дзіцячая сляза!

Спадарожнікі выпілі, закусілі бутэрбродамі з чорнай ікрою і спяшаючыся пайшлі, бо з рэпрадуктара абвясцілі пасадку на поезд. У купэ было іх двое. Яны разгаварыліся.

— Вы, мусіць, малады чалавек, нечым моцна ўстрывожаны і нездаволены,— пачаў сусед, прычэсваючы пасівелы пушок на галаве. Твар у яго быў пасля выпітага, як рыжык, вочы шчырыя, добрыя, на вуснах ласкавая ўсмешка.— Такое ўражанне, што ў вас нешта не ладзіцца.

— Па чым гэта відаць?

— Па вачах. Вочы — люстра чалавека. Хоць, можа, я вам надакучаю роспытамі. Але трэба мірыцца з суседам, якога бог у дарозе паслаў,— усміхнуўся спадарожнік.— Цярпець...

— Так, не ладзіцца,— прызнаўся малады чалавек. Ён быў хмурны. Яму раптам захацелася расказаць гэтаму чалавеку, як бацьку, пра ўсё сваё жыццё: можа, лягчэй стане на сэрцы.— У мяне не толькі не ладзіцца, але, можна сказаць, развальваецца жыццё.

— Гэта горш. Раскажыце, калі не сакрэт.

— Сакрэту ніякага. А вы хто, кім будзеце?

— Мяне завуць Ціхон Платонавіч Залуцкі, працую я ў Камарынскай сярэдняй школе, выкладаю матэматыку.

— Камарынскай? У вас там калгас «Авангард»?

— Так, так, толькі ідзе не ў авангардзе. Сераднячок. Каб нашаму калгасу кіраўніка з розумам, ого! Прасілі, не даюць... Хоць, праўда, не адмаўляюць... абяцалі падшукаць сталага чалавека... Старшыня — першая скрыпка!

— Я аспірант сельскагаспадарчага інстытута, Аляксей Баравіцкі, еду ў Камарына. Мяне рэкамендуюць старшынёю аб’яднанага калгаса «Авангард».

— Цікава! — усклікнуў Ціхон Платонавіч.— Дык мы з вамі ў адну дарогу. От будуць рады авангардаўцы!

— Рады будуць, кажаце? — перапытаў Аляксей.

— Вось пабачыце,— запэўніў Ціхон Платонавіч.

І спадарожнікі паціснулі адзін аднаму рукі. У дарозе людзі чамусьці іншы раз хутка сыходзяцца, хутка раскрываюць душы адзін перад другім, а часамі бывае і так, што пасябруюць на ўсё жыццё.

— Толькі выглядаеце вы дрэнна. Цяжка вучоба прыйшлася ці што іншае?

— Было і гэта, і да гэтага. Раскажу вам усё, калі маеце ахвоту паслухаць,— адказаў Аляксей, ускінуўшы ўгару русыя валасы. У яго блакітных вачах свяцілася туга.— За вайну я страціў усю сваю сям’ю. У блакадзе загінулі бацька, маці, дзве старэйшыя сястры і меншы брат. Я быў у партызанах, а потым у войску. А як скончылася вайна, пайшоў вучыцца. Не скажу, каб мне лёгка давалася навука, асабліва на першым і другім курсах — перапынак у вучобе адчуўся,— але на трэцім курсе я набраў разгон і скончыў інстытут добра.

— Пахвальна,— адобрыў Ціхон Платонавіч.

— І вось мяне пакінулі ў аспірантуры,— прадаўжаў Аляксей.— На другім годзе вучобы я пазнаёміўся з дзяўчынай, Лізай Пракаповіч, студэнткай інстытута замежных моў. Аднойчы я ў іх забавіўся — мяне цягнула ў сям’ю — і не прыкмеціў, як праскочыў час. Маці з дачкою, палохаючы мяне ўсялякімі страхамі, не пусцілі дадому. Я пераспаў тую ноч у сталовай на канапе. А на другі дзень яны мне прапанавалі наогул перайсці да іх на кватэру, адвялі мне асобны пакой. Я згадзіўся. Мець хоць які куток шмат лепш, чымся жыць у агульным памяшканні.

— Зразумела,— сцвердзіў Ціхон Платонавіч.

— Ішоў дзень за днём. Па вечарах Ліза круціць патэфон, гучыць джазавая музыка: факстрот, чарльстон, танго, румба — гэтыя пласцінкі ў маці з вайны асталіся. Ліза вучыць мяне танцаваць, але поспехі нязначныя. Мне не падабаюцца гэтыя танцы, але я пакуль што цярплю. А Ліза ад іх у захапленні. «Ты,— кажа,— мужык і не разумееш сапраўднай культуры».

— Гм... Нічога сабе культура... Акрамя цынізму ў факстроце і сутаргі ў чарльстоне, больш у гэтых танцах я нічога не бачу,— на высокай ноце вымавіў Ціхон Платонавіч.

— Прыйшла вясна. Ліза здае дзяржаўныя экзамены. І раптам у іхні дом уварваўся скразняк. Ліза атрымала прызначэнне ехаць настаўніцай англійскай мовы ў Быстрыцкую школу.

— Ну і што тут такога? — здзівіўся Ціхон Платонавіч.— Быстрыца — раённы цэнтр, там ёсць дзве школы-дзесяцігодкі, руская і беларуская. Акрамя гэтага — бальніца, Дом культуры, кіно. Там шмат інтэлігенцыі.

— Але ж гэта не сталіца,— зазначыў Аляксей і прадаўжаў: — Пачалася асада, слёзы, папрокі. Асабліва шалела маці. «Цяперашнія хлопцы — не хлопцы, а нейкія бярвенні,— бубніла яна, накрываючы стол.— Беднае дзіця едзе ў глуш, і хоць бы каму якая справа,— гаварыла яна сама сабе, але каб я чуў.— Ну і што яна, ластаўка мая, будзе рабіць у той Быстрыцы, там ад суму можна звар’яцець».

У Лізы пабялеў твар, параскідаліся чорныя локаны, вочы заплаканы, а пад імі — сінцы. Забалела ў мяне сэрца, калі я ўбачыў, як пакутуе дзяўчына. «Куды ёй, такой кволай, як былінцы, у вёску»,— падумаў я тады. Гаспадыня запрасіла нас да стала вячэраць, але сама не села, а потым і зусім сышла з хаты.

Я падумаў пра жаніцьбу. Мне Ліза падабалася, хоць і была мяшчаначкай. Думалася, настаўлю на свой лад.

Мы з Лізай весела гаварылі аб розных дробязях. Раптам у яе пырснулі слёзы, дзяўчына ўскочыла і пабегла ў свой пакой, пакінуўшы адчыненыя дзверы. Чую, як яна ўсхліпвае, а пасля наўзрыд заплакала. У мяне слабасць — не магу пераносіць слёз. Падышоў я да яе, пачаў суцяшаць...

— Н-да,— вымавіў Ціхон Платонавіч.— Слёзы жанчыны — іх зброя... Не кожны перад імі ўстаіць...

— А назаўтра мы з Лізай запісаліся...

— І, вядома, яна ў Быстрыцу не паехала.

— Зразумела, як жа яна пакіне мужа.

— А што далей?

— Далей? — перапытаў Аляксей.— У той жа дзень маці, а мая цешча, разнесла пагалоску, што яе дачка прыняла ў свой дом прымака. Часта ў доме была звадка. Не мог жа я са стыпендыі выстранчыць на ўсялякія там панаксаміты, якімі так стала захапляцца мая маладая жонка. У мяне нават не хапала на набыццё ёй халатаў, якія часта мяняліся. Таму прыйшлося прыхваткамі брацца за пабочную работу, каб хоць у якой-небудзь меры задаволіць патрэбу «маленькай ластаўкі», як гаварыла старая. То ў газету артыкул напішаш, а то проста вагон дроў разгрузіш. Не прывыкаць мне да работы!

— Не салодкі хлеб прымака,— паспачуваў Ціхон Платонавіч.

— А што да дамка, у якім мы жылі, дык ён мне вантробы ад’еў,— успамінаў Аляксей.— Цешча ўздумала абгарадзіцца, і мне прыйшлося паставіць шчыкеты вышэй чалавечага росту. А сад, агарод — усё было на мне. Суседзі мяне нават празвалі «чорным валом».

— Па ўсім відаць, што яно так і было,— заўважыў Ціхон Платонавіч.

— Але ўсё гэта нічога не значыла ў параўнанні з тым, што пачалося, калі мяне выклікалі ў райком партыі і прапанавалі паехаць у вёску старшынёй калгаса. Некалькі тыдняў ішла калатня. Прызнацца па праўдзе, я і сам некаторы час вагаўся. Разбіваліся ўсе мае планы з дысертацыяй, аднак пачуццё абавязку перамагло, і я даў згоду ехаць. Даведаўшыся пра гэта, цешча накінулася на мяне, што я такі і гэтакі, што мне трэба падбаць, каб скончыць дысертацыю і стаць навуковым супрацоўнікам, а калі дастану добры аклад, тады і жонка, як і ўсе жонкі дбайных мужоў, будзе хадзіць у шаўках. А што буду я мець старшынёю — адны прычэпкі начальства і вымовы. Потым навалілася на мяне, што я не сем’янін, толькі падмануў яе ластаўку, што я нікуды не павінен ехаць...

— А жонка што на гэта казала?

— Матцы падпявала,— Аляксей выняў папяросу, прапанаваў Ціхону Платонавічу, але той адмовіўся, тады ён сам задыміў, хоць відаць было, што курыць ён пачаў нядаўна.— Перш за ўсё жонка зрабіла мне істэрыку, потым стала даймаць, што куды б мяне ні папхнулі, туды я і іду, што я яе не кахаю, бо каб па-сапраўднаму кахаў, дык зрабіў бы ўсё для яе, чаго толькі яна захоча. А калі я ёй заявіў, што ўсё-такі паеду, што я не магу не паехаць, дык яна кінула мне: «Каб і не вярнуўся!» Дык як вы мяркуеце, пасля ўсяго гэтага лёгка ў мяне будзе на душы?

— Та-а-к,— ухіліўся ад адказу Ціхон Платонавіч.— А цешча як?

— На развітанне сказала: «Не ўздумай толькі не даваць разводу!»

— А як вы самі на гэта глядзіце?

— Проста не ведаю,— шчыра прызнаўся Аляксей. На яго высокім ілбе акрэсліліся дзве складкі.— У нашым родзе ніхто ніколі не кідаўся жонкамі. Да таго ж я адчуваю, што кахаю Лізу і, каб не маці, перавыхаваў бы яе. Цяпер жа мяне думка даймае, ці здолею я ў такім стане быць карысным у вёсцы. І яшчэ мне хочацца напісаць дысертацыю.

— Напішаце,— запэўніў Ціхон Платонавіч.

— А калі яны пойдуць на разрыў, дык ці знайду я сабе сяброў? — разважаў уголас Аляксей.— Цяжка чалавеку быць аднаму... нават няма з кім пагаварыць... душу адвесці...

— У вялікай дарозе, у якую вы зараз выбраліся, знойдзеце сабе сапраўдных сяброў,— спачувальна гаварыў Ціхон Платонавіч.— Ці мала што здараецца ў жыцці, толькі ніколі не трэба падаць духам.

— Дзякую за добрае слова,— крыху павесялеўшым тонам прамовіў Аляксей.

— А што да Лізы, дык калі яна вас кахае, то нідзе не дзенецца, прыедзе,— заключыў Ціхон Платонавіч.— А не захоча расстацца са сваім «мяшчанскім кодлам» — не шкадуйце... Добра, што самі вырваліся адтуль... Не ў кожнага хапіла б сілы... Балота засмоктвае...

* * *

Спадарожнікі пад’язджалі да Дзятлавіч. Абапал чыгункі рос змешаны лес, пад цяжарам снегу гнулася долу галлё елак, лёгкай шэранню пакрыліся голыя бярозы і асіны. Уздоўж дарогі ўзвышаліся, пабліскваючы на сонцы, гурбы снегу. Лашчыла вока дзівосная прыгажосць ляснога царства.

Праскочылі поле. Паказаліся старыя ліпавыя прысады. Поезд сцішыў хаду, пастуквалі на стыках рэек колы вагонаў, пазвоньвалі буферы. Нарэшце поезд паволі падышоў да невялічкага светлага будынка станцыі Дзятлавічы. На пляцы стаялі падводы, каля іх папасваліся памаўзлівыя козы. Паміж вазкоў і саней мітусіліся вераб’і, шукаючы сабе спажывы. Каля рослага варанога каня, закрываючы яму вока і моцна трымаючы за павады, стаяла дзяўчына ў кароткім кажушку і ў вялікай шэрай шарсцяной хустцы, якая звісала да каленяў. Ціхон Платонавіч накіраваўся проста да яе.

— Вось бачыце, па нас прыехалі,— звярнуўся ён да Аляксея. І з нездавальненнем дадаў: — Зноў на гэтым злыдні. Гэта не конь, а звер. І чым больш уграецца, тым шпарчэй бяжыць, рукі паздзіраеш, яго стрымліваючы.

— А я дык люблю ездзіць на такіх конях, нечага не спі ў шапку,— адказаў Аляксей.

— Праўда? — падняў вочы Ціхон Платонавіч.— А наш цяперашні старшыня адмовіўся ад яго, дык гэта страказа ім авалодала.

Да Ціхона Платонавіча падбегла дзяўчына і пацалавала ў калючую шчаку. У яго па вуснах прабегла задаволеная ўсмешка, ён прыгарнуў дзяўчыну да сябе і пацалаваў у лоб.

— Знаёмся, дачка, наш новы старшыня.

— Вельмі прыемна,— зняўшы вышытую рукавічку, працягнула яна пульхную руку.— Настася!

— Аляксей Баравіцкі,— прывітаўся ён і звярнуўся да Ціхона Платонавіча: — Яшчэ ці выберуць...

— Выберуць,— запэўніла Настася.— Вам ужо і хату падрыхтавалі. Праўда, невялічкая хатка, але ўтульная, на вашу сям’ю хопіць. З райкома партыі паведамілі, што вас двое. А толькі чаму вы адны, хіба не збіраецеся доўга ў нас аставацца?

— Пагляджу, як людзі прымуць,— хітрыў Аляксей.— Можа, прыйдзецца ад варот зрабіць паварот...

— Нашы людзі такія: калі з добрымі намерамі да іх ідуць, сустракаюць, як самых дарагіх гасцей, а калі з благімі — гладкай дарогі.

— Настася! — нездаволена вымавіў Ціхон Платонавіч.— От страказа!..

Яны прайшлі да вазка. На паружавеўшы твар Настасі спаўзалі завіткі валасоў, падобных па колеру да спелай пшаніцы. Свяціліся агнём сінія вочы. Настася зняла з каня гуньку і паклала ў вазок, а потым пачала адвязваць ад слупка кантар. Аляксей залюбаваўся, як упраўна ў Настасі хадзілі рукі. Вараны не мог устаяць на месцы, грыз цуглі, біў капытамі зямлю.

— Што, застаяўся? — выбіраючы з-пад хамута грыву, прагаварыла Настася.— Зараз табе будзе добрая прамінка.

— Як маці? — пытаўся Ціхон Платонавіч.

— Здаровая,— коратка адказала Настася.

— А Славік?

— Ніяк не можа дачакацца, калі ты прыедзеш. Усім хваліцца, што прывязеш яму пісталет. Ці купіў хоць?

— Купіў,— усміхнуўся ў сівыя вусы Ціхон Платонавіч і, звяртаючыся да Аляксея, пахваліўся: — Унука маю. Вельмі любіць мужчын, мы з ім моцна дружым. Пацешны хлапчук!

Настася выкіравала каня і запрасіла садзіцца ў вазок.

— Давай мне лейцы,— прапанаваў Ціхон Платонавіч.

— Не, лепей я сама,— адмовілася Настася.— Я ведаю ўсе яго норавы.

Мужчыны селі ззаду, а Настася, як запраўскі фурман, уперадку, накрыўшы ногі гунькаю.

— Пайшоў! — злёгку тузанула ляйчынай Настася.

Вазок крануўся з месца, зарыпелі палазы. Нібы правяраючы, ці ў моцных руках лейцы, конь узмахнуў галавою і патрос доўгаю грываю. Настася важна сядзела з выцягнутымі ўперад рукамі. Вараны імчаўся рыссю, зграбна выкідваючы наперад моцныя ногі. З-пад капытоў ляцелі камякі снегу, стукаліся ў фанерны перадок вазка, рассыпаючыся бісерам. Вазок кідала ў бакі, у вушах свістаў вецер.

На ўскраіне Дзятлавіч вараны спудзіўся выбегшай з веснічак дзяўчыны з вядром, ірвануў убок, закусіў цуглі, выцягнуў шыю і панёс галопам. Настася ніяк не магла саўладаць з канём. Вазок ужо гатовы быў перакуліцца, ды Аляксей прытрымаў яго нагою. Настася з усяе сілы намагалася стрымаць каня, але нічога не магла зрабіць. Ціхон Платонавіч падаўся наперад, аднак увішны Аляксей выхапіў у Настасі лейцы, некалькі разоў з сілаю тузануў у бакі і асадзіў варанога, які ўвесь аж дрыжаў, а з разяўленага рота камякамі падала пена. Аляксей ударыў каня ляйчынай па баку, вараны, узмахнуўшы галавою, ірвануўся, але яздок асадзіў яго зноў.

— Стаяць! — скамандаваў Аляксей.— Цяпер паехалі ступою, а то яшчэ дыхавіцу нагоніш. Тады гора не абярэшся: не паспеў, скажуць, новы старшыня ўзяцца за работу, а ўжо каня загнаў. Будзь здароў! — гукнуў ён каню, які зафыркаў, прачышчаючы ноздры.

Настася, адчуўшы спрыт і сілу ў руках Аляксея, зірнула на яго з прыхільнасцю, задаволеная тым, што ўсё абышлося добра. Яна паправіла валасы, якія выбіваліся з-пад хусткі, і зноў узяла лейцы. Ехалі паволі. Дарогу замятала пазёмка.

Гаварылі аб тым аб сім, а пасля перайшлі на калгасныя справы. Настася ажывілася. Яна з гумарком расказвала, што ў іх часам у дванаццаць гадзін выходзяць на работу, што ў чацвёртай брыгадзе на трыццаць восем коней ёсць толькі тры хамуты і пяцёра саней, што ў першай брыгадзе летась не хапіла каровам корму. Людзі, замест таго каб працаваць у калгасе, ідуць у заработкі: адны ў леспрамгас, другія на торфараспрацоўкі, а трэція на чыгунку. Яна гаварыла так, нібы сама была вінавата ва ўсім. Аляксей, слухаючы Настасю, адчуў, што яна хварэе за ўсе непаладкі ў калгасе — гэта быў «смех праз слёзы».

— Што ў цябе, дачка, за настрой сёння? — спытаўся Ціхон Платонавіч.

— І сама не ведаю,— прызналася Настася.— Хочацца па-сапраўднаму ўзяцца за работу! І калгаснікі ў нас ёсць добрыя, і зямля ніштаватая, а справы ідуць, як мокрае гарыць...

— А хто ў гэтым вінаваты? — Аляксей павярнуўся да Ціхона Платонавіча, падставіўшы спіну ветру, каб закурыць.

— Кіраўніцтва,— хутка адказала Настася.— Наш цяперашні старшыня ў некалькіх калгасах працаваў...

І ўсюды ў сваю карысць...

— А ў чым прычына? — дапытваўся Аляксей.— Можа, яму не памагалі?

— Прычына? — перапытала Настася і горка ўсміхнулася. На яе разрумяненых шчоках відаць былі ямінкі.— Неяк запаўняў наш старшыня анкету і папрасіў мяне, каб я праверыла, ці не нарабіў памылак... Чытаю... «Пытанне: Ваша прафесія? Адказ: Кіруючы працаўнік». «На не кіруючай рабоце,— кажа,— я не спраўлюся...» Дык чаго ад такога чакаць?! Не ведаючы справы, не вельмі будзеш кіраваць...

Мужчыны зарагаталі.

— А як сёлета каровы, дагледжаны? — спытаўся Аляксей.

— Сёлета ў парадку, але колькі мне гэта каштуе,— уздыхнула Настася.

— І коні ў целе?

— А што ім зробіцца гуляючы? — усміхнулася Настася.— У нас ёсць гнедая жаробка, хоць якая яна жаробка, двое жарабят мела, а яшчэ ні разу ў хамуце не была. Ад хамута, як ад пудзіла, уцякае... А дровы для калгаса на трактары падвозяць... і ваду таксама... Дык куды гэта годна!..

Уз’ехалі на горку. У нізіне раскінулася вёска Камарына — цэнтр калгаса «Авангард», якую падковай агінала невялічкая рэчка. Узвышалася школа, у якой Ціхон Платонавіч не толькі выкладаў матэматыку, але таксама быў дырэктарам. Аляксей уважліва ўглядаўся, яму пачынала падабацца гэтая мясцовасць. Але калі апынуліся на калгаснай сядзібе, дзе пад пластом снегу ржавелі розныя машыны, стаялі калёсы, як на кірмашы, з пазадзіранымі аглоблямі, Аляксей спахмурнеў. Двор быў неабгароджаны, па ім сноўдаліся коні, падбіраючы расцярушанае сена. Заўважыўшы, як Аляксей змяніўся ў твары, Ціхон Платонавіч спытаўся:

— Што так задумаліся? — і, не дачакаўшыся адказу, дадаў: — Не сумуйце. Народ чакае сапраўднага старшыні, і калі вы ім будзеце, дык у крыўду не дасць, усімі сіламі падтрымае... А па ўсім відно, што вы здолееце кіраваць... Дык бярыцеся аберуч, шчаслівай вам дарогі!..

* * *

Пасля справаздачнага сходу, мнагалюднага і шумнага, на якім Аляксей стаў старшынёю, адбылося не вядомае дагэтуль ажыўленне ў калгасе «Авангард». На другі дзень новы старшыня калгаса Аляксей Баравіцкі за гадзіну да світання правёў лятучку з членамі праўлення і брыгадзірамі, на якой дамовіліся, што рабіць у гэты дзень. Былі вызначаны людзі, сабраны хамуты і сані — набралі пакуль што семнаццаць падвод — пачалі вывазку вапеннага торфу, якога тут аказалася ўдосталь. Старшыня ўзрадаваўся: для падняцця ўраджайнасці кіслай глебы вапнаванне — самы лепшы сродак. А ўвечары Аляксей правёў незвычайную нараду — савет старэйшых. Іх з пашанай прывозілі з брыгад да праўлення.

— Я папрасіў вас сабрацца, бацькі, каб параіцца, што рабіць,— пачаў Аляксей.— У нашым калгасе, сорам людзям сказаць, не хапае ні хамутоў, ні саней... А на сходзе выказваліся супроць пазыкі ў дзяржавы. Як жа тады быць? Можа, варта было б нам, калі вы на гэта згодны, звярнуцца да калгаснікаў за дапамогай... Я адказваю галавою, што праўленне ўсё верне людзям, што толькі на час пазычыць. Каб людзі не сумняваліся, дамо кожнаму распіску з пячаткай... Другога выйсця няма, у касе праўлення — ні капейкі... Можна было б, канечне, знайсці што-небудзь прадаць, але якая з гэтага карысць... Выбракуеш, скажам, карову, а яе цяпер, не тое што летам,— за паўцаны аддасі... А збыць лягчэй, чым набыць... Дый якія там каровы, толькі што хвасты...

У глыбокім задуменні сядзелі старыя. Адзін з іх, з шырокаю сівою барадою, бліжэй падсунуўся да старшыні і наставіў руку да вуха, каб лепш чуць. Сухенькі стары, з гладка паголенымі ўпалымі шчокамі і абвіслымі вусамі, уважліва ўглядаўся ў твар новага старшыні, нібы хацеў заглянуць у душу гэтага чалавека, які аказаў такі гонар бывалым людзям — раіцца з імі, як наладзіць гаспадарку. А адзін стары, высокі і сутулы, з доўгімі натруджанымі рукамі, без канца моргаў вачыма і варушыў губамі, нібы паўтараючы словы Аляксея. Сярод старых быў таксама Ціхон Платонавіч, але наперад не высоўваўся, яго цікавіла, што будуць гаварыць людзі. А на Аляксея ён паглядаў з замілаваннем: «Нарэшце прыйшоў сапраўдны гаспадар, ён навядзе парадак». Некаторы час панавала маўчанне. Потым загаварыў з кутка невялікі жвавы дзед. Пастукваючы кійком і пераступаючы нагамі, ён спытаў:

— А можа, яно ўсё ж каб у дзяржавы крэдыт узяў?

— Як ні пярэчаць многія, а да дзяржавы такі прыйдзецца звярнуцца,— гаварыў Аляксей,— але пра гэта будзе ісці асобна гаворка. Нашы грамадскія будовы нікуды не вартыя. Да будучай зімы трэба будзе абавязкова паставіць кароўнік.

— Па-мойму, мужчыны, як той казаў, гэтак, калі да нас чалавек павярнуўся тварам,— загаварыў дзед,— дык мы да яго ўсім сэрцам і душою. Дзела Аляксей Ігнатавіч гаворыць! Па ўсім відаць, што ён на глум слова не скажа, от што! Дый нам не так ужо шмат і патрэбна грошай. У нас ёсць свае і рымары, і сталяры, і кавалі... Абы толькі было з чаго рабіць... як той казаў... гэтак... от што!.. Адным словам, збяром грошы...

— Ды яно ж так,— азваўся дзед з шырокаю сівою барадою,— у калгас на работу мне цяжка зімою хадзіць, сустаўны раматус, каб ён згарэў, да таго ж удушша, ліха на яго, а седзячы ў цяпле, каб быў тавар, дык я магу на ўвесь калгас нарабіць хамутоў... А мае хамуты не горшыя за куплёныя...

— Дзіва! — сказаў нехта.

— А ў мяне і палазы ёсць, і да палазоў, магу сані праз некалькі дзён выставіць, а там колькі ацэніце,— голасна прамовіў высокі і сутулы стары, моргаючы вачыма.— Вось толькі грошай няма, у нядзелю, што зарабіў, робячы кадушкі, дочкам на строі аддаў... Такое насенне, браце ты мой, адна перад адной, навыперадкі!..

— Уга! А каб сказаў, мая каторая там да паркалю ці мультану падышла, дык і ў той бок не глядзіць... Толькі бацька паспявай зарабляць!.. Але ж калі трэба для гаспадаркі, дык трэба памеркавацца, нідзе не дзенецца... На многа няма чаго спадзявацца, а якую там паўсотню...— абарваў на гэтым гаворку з кутка стары.

— Можа, таварыш старшыня, пачнем колы рабіць? — пытаўся высокі і сутулы дзед, яшчэ больш моргаючы вачыма.— Вясна не за гарамі... Закінеш наперад, як знойдзеш... А драбіны яно і без мяне каторы там саб’е... Поўная хата, я ж кажу, дзяўчат, адна перад адной навыперадкі!.. Хлопцы, дык яны ў хату цягнуць, а дзяўчаты з хаты...

— Пачнем рабіць і колы,— адобрыў старшыня.

— Што тут нам доўга гаварыць,— падышоў да стала Ціхон Платонавіч.— Я мяркую, значыць, што выкажу агульную думку савета старэйшых,— мы цалкам адабраем прапанову нашага старшыні звярнуцца да калгаснікаў з просьбаю пазычыць праўленню неабходныя сродкі... У нашых умовах гэта самае разумнае рашэнне...

— Ці ўсе згодны з прапановаю Ціхона Платонавіча? — спытаўся Аляксей.

— Усе,— загулі галасы.

— І яшчэ ў мяне ёсць адна справа,— гаварыў Аляксей.— Вось у нас у свінарніку няма загародак, а хутка пачнецца апарос, колькі будзе страт у гаспадарцы...

Свінні ў нас добрыя, вялікі прыбытак могуць даць... Як бы гэта сабраць дошак... Не пазней лета будуць вернуты...

— Дошкі яно, канечне, у кожнага з нас ёсць, кругом быў лес, хто не ленаваўся... Цяпер, праўда, калгасны лес спляжылі, кала няма дзе высекчы...— гаварыў худзенькі стары.— Але, як той казаў, не пры нас будзь сказана, як каторы дасць дуба... тады што, га?..

— Адкладзем гэты невясёлы занятак, дзед Архіп, гадкоў на некалькі,— усміхнуўся Аляксей.— Мне хочацца з вамі яшчэ папрацаваць...

— Адкуль ён мяне ведае? — сказаў убок задаволены дзед і выйшаў наперад: — Ды яно, як той казаў, спяшацца на той свет няма чаго... Хто як хоча, мужчыны, агітаваць вас не буду, а я дошкі дам...— Стары ўхмыльнуўся.— А толькі, таварыш старшыня, можа, мне распісачку дасце, не на дошкі, канечне, а каб якіх гадкоў колькі яшчэ пажыць на белым свеце...

— Магу з гарантыяй!.. — весела сказаў Аляксей.

Старыя засмяяліся.

— Аб чым гаворка, збяром дошак,— рассек рукою паветра дзед з шырокаю барадою.— Быць не можа, паставім гаспадарку на ногі, а то сорам на людзях паказвацца... Не трэба далёка за прыкладам хадзіць, унь суседзі толькі грашыма па дваццаць рублёў атрымалі... Дык хіба дзіва, што іхнія дзяўчаты будуць купляць шаўкі...

— Вот калі! — падтрымаў высокі і сутулы стары.— А нашы за імі рвуцца, навыперадкі!..

— Аляксей Ігнатавіч! — выйшаў з кутка невялікі рухавы стары з кійком.— На мінулым сходзе, як я зразумеў, вы націскалі на кукурузу... Гаварылі, харч добры, малакагонны, і ўсё такое... А ці не выгадней нам садзіць бульбу? Сала, яно трывалей за малако... га?..

— Не,— запярэчыў Аляксей.— У шматгаліннай гаспадарцы патрэбна і бульба, і кукуруза...

— Зноў жа лён — працаёмкая культура,— прадаўжаў стары.— Ці выцягнем? Рабочых рук мала!

— Пра ўсё гэта ў наступны раз мы спецыяльна пагаворым,— адказаў Аляксей.— Калі не пярэчыце, дык тыдні праз два збяром савет старэйшых... тады і вырашым гэту справу... я падрыхтуюся, і прашу вас падумаць, якія культуры нам выгадней сеяць... А кукуруза і ў нашых умовах апраўдвае сябе, я ўжо не кажу пра лён, суседзі ім азалаціліся...

— Згодны! — пачуліся галасы.— Пагаворым наступным разам...

— Я тут хацеў спытаць...— пастукаў кійком аб падлогу стары.

— Калі ласка.

— Ці надоўга маеце намер у нас аставацца, га?.. Я гэта да таго, што без жонкі прыехалі...

— Мяркую, калі справы пойдуць на лад, назаўсёды ў калгасе астацца,— падумаўшы, адказаў Аляксей.

— Гэта дзела! — загаманілі мужчыны.

— А што да жонкі,— дадаў Аляксей,— дык з дня на дзень чакаю ад яе адказу... не хацелася ёй ехаць у вёску... можа, перадумала... Добра было б, а то аднаму ні туды ні сюды...

— Пэўна! — прамовіў скрыпучым голасам высокі сутулы дзед.— А калі не паедзе, дык такой жонкі няма чаго і шкадаваць... Гладкай дарогі!..

...Ужо дзён праз дзесяць усе коні калгаса «Авангард» былі заняты на вывазцы ўгнаенняў, недахопу хамутоў і саней не было: што купілі, а што самі змайстравалі. Акрамя гэтага, з’явіліся на полі трактар, некалькі машын і экскаватар, прысланыя шэфамі з горада, на ўсіх відах транспарту ішла вывазка вапеннага торфу. Неабходна было нагнаць упушчанае. З самага рання і да позняга вечара, нягледзячы на марозы, працавалі людзі.

* * *

Аднойчы пад вечар паштальён разам з газетамі на імя старшыні прынёс яму на кватэру і пісьмо. Аляксей па почырку пазнаў, што пісала Ліза. Ён узрадаваўся і занепакоіўся, асцярожна разарваў сіні канверт. Ліза была няўмольная, яна патрабавала неадкладна даць згоду на развод. Аляксей хацеў быў ёй напісаць, каб яна не спяшалася, добра падумала, перш чым разводзіцца, але потым вырашыў: «Разбітае не склеіш». Яму сябра перад гэтым пісаў, што бачыў некалькі разоў Лізу з Дубіцкім, які працаваў прадаўцом у ларку і «з пены піва» пабудаваў камяніцу. Аляксей тут жа сеў за стол і напісаў, што згодзен развесціся. Але падняцца з-за стала не мог — неяк ацежалелі ногі. Апаноўвалі розныя думкі: што рабіць? «Сумна чалавеку толькі для самога сябе жыць, зусім нецікава!..» У стане роспачы і застала яго заатэхнік Настася. Яна прыйшла зацвердзіць рацыён для жывёлы.

— Вы што, Аляксей Ігнатавіч, над дысертацыяй працуеце? — спыталася Настася.— Цікава, якую вы абралі тэму?

— Тэма маёй дысертацыі — «Дзейнасць груналяванага суперфасфату ва ўмовах вапнавання дзірванова-падзолістых глеб»,— паведаміў Аляксей.— А толькі, Анастасія Ціханаўна, я не над дысертацыяй працаваў, а вось жонцы напісаў, што даю згоду на развод. Не захацела, бачыце, паехаць у вёску.

Настася так і села з паперкай у руках.

— Няўжо так далёка зайшоў разлад,— гаварыла яна,— што няма дарогі да прымірэння? Хіба, як кажуць, характарамі не сышліся?

— А сапраўды, характары ў нас розныя,— Аляксей прайшоўся.— Бацьку вашаму ў поездзе я расказваў пра сваё жыццё. Ён нічога вам не гаварыў?

— Казаў пра чутую ў вагоне адну чалавечую гісторыю...

— Тады вам усё вядома. Адзін з герояў гэтай чалавечай гісторыі ваш пакорны слуга.

— Вы?

— Так,— сцвердзіў Аляксей.— Дык як вы думаеце, лёгка мне? Хоць, што я пытаю; хто не перажыў падобнага, той мяне не зразумее...

— Чаму? — здзівілася Настася.

— А таму,— ухіліўся ад адказу Аляксей.— Вы калі-небудзь кахалі?

— Кахала. Нават сына маю.

— Жартуеце! — недаверліва паглядзеў на яе Аляксей.

— Ніякіх жартаў. Славікам завуць.

— Калі ж вы паспелі, вы такая маладая. Колькі вам год? Хоць такіх пытанняў жанчынам не задаюць, але ў вашым узросце яшчэ можна. Я даў бы вам гадоў дваццаць.

— Дваццаць адзін. А сыну тры гады.

— А муж дзе працуе?

— Не ведаю, я назаўсёды выкінула яго з галавы.

— Як?!

— Калі на тое пайшло, магу расказаць пра сваё няўдалае каханне.

— Вельмі цікава.

— Мне было семнаццаць год, калі я закахалася ў аднаго,— Настася паклала паперку на тапчан.— А яму было дваццаць сем гадоў, здавалася, чалавек павінен быць сталым. Я тады яшчэ сама вучылася, а ён ужо другіх вучыў.

— Хто ён? — спытаўся Аляксей.— Як яго прозвішча?

— А гэта не мае значэння,— павяла плячыма Настася.— Нават не хочацца ўспамінаць яго, такі ён стаў мне агідны.

— То, можа, вы яго не кахалі?

— Ой, што вы! — рашуча запярэчыла Настася.— Я і клалася спаць і ўставала з яго імем на вуснах. Ён таксама гаварыў, што кахае мяне, кляўся быць верным да магілы, а аказалася...— Настася пасуравела.— Я тады вучылася ў заатэхнікуме. Пачалося ў нас з таго, што на адным з студэнцкіх вечароў ён запрасіў мяне станцаваць з ім вальс. Я ахвотна згадзілася. Мы ўвесь вечар танцавалі. Памятаю, што я была на сёмым небе, калі ён мяне праводзіў у інтэрнат. Я ўпершыню ішла з хлопцам пад руку, у мяне так лёгка было на душы, што я не адчувала зямлі пад нагамі.

Настася перадыхнула.

— Потым мы сталі амаль кожны вечар сустракацца, хадзілі ў кіно, у тэатр, на вечары з танцамі. Я раней вельмі любіла танцы! Адны сяброўкі мне зайздросцілі, лічылі яго вельмі прыгожым, а другія зняважліва называлі «сэрцаедам», але я нічога гэтага не чула. Аднойчы, гэта было вясною, толькі расцвітаў бэз, ён прапанаваў зайсці да яго на кватэру. Я, не падумаўшы, згадзілася. Ён пачаставаў мяне віном, а сам выпіў гарэлкі. Ці ад хмелю, ці ад чаго іншага ў мяне так закружылася галава, што я вымушана была прылегчы на канапу.— У Настасі навярнуліся слёзы.— Ён быў настойлівы, а я страціла над сабою кантроль — і тут здарылася самае страшнае...

Наступіла няёмкая паўза. Насця хусцінай выцірала слёзы. Усхліпнуўшы і глыбока ўздыхнуўшы, яна зноў працягвала:

— Пасля мы яшчэ сустракаліся. А калі мяне пацягнула на кіслае, ён адвярнуўся ад мяне — не захацеў мець дзіцяці... Не ўтойваю, каб дагадзіць яму, я гатова была на такі крок. Я паехала дадому і прызналася ва ўсім сваім бацькам. Яны катэгарычна забаранілі мне гэта рабіць, асабліва бацька. Я вярнулася ў горад, каб перадаць яму сваё рашэнне, але яго ўжо не застала. Ён збег з горада, як апошні баязлівец. Потым толькі я даведалася, што ён не адну мяне так падмануў...

— І вы яго так і не шукалі?

— Не.

— Дарэмна, трэба было правучыць нягодніка!

— Такіх людзей нічым не проймеш,— Настася схамянулася.— Прабачце... Я вам першаму пасля бацькоў расказала гэтую сумную гісторыю. І, можа, толькі таму, што спачуваю вашаму гору.

— Выходзіць, мы з вамі сябры па няшчасцю.

— Так атрымоўваецца,— Настася ўздыхнула.— Дык вось як часам бывае ў жыцці. Цяпер, мусіць, я ніколі не буду мець шчасця.

— А чаму? Значыць, і мой такі лёс?

— Што вам, вы — вольны казак.

— Раны кожнаму баляць.

— З часам загояцца.

— Дык і ў вас таксама.

— У мяне іншая справа...

Яны некаторы час маўчалі: у абоіх было цяжка на душы. Потым Настася ўстала, узяла паперку і падала старшыні.

— Паглядзіце, Аляксей Ігнатавіч, ці правільна я вызначыла рацыён?

— Добра,— прабегшы вачыма, адказаў Аляксей і спытаўся: — Дарэчы, калі мы зоймемся распрацоўкай плана па жывёлагадоўлі? Адклад не ідзе на лад. Можа, сёння? Згодны?

— Трэба малога класці спаць.

— А-а-а. Тады іншая справа.

— Заходзьце калі да нас! А то вы ўсюды ўжо былі, а нас мінаеце. Бацькі крыўдзяцца.

— Дзякую, зайду!

Настася развіталася і пайшла, Аляксей правёў яе да дзвярэй, мімаволі затрымаўшы позірк на яе стройных нагах. Расказ Настасі зрабіў вялікае ўражанне на Аляксея. Ён падумаў, што яе лёс нейкім чынам нагадвае яго, калі яшчэ не горшы. А чалавек яна, па ўсім відаць, не благі, з адкрытаю, шчыраю душою.

Аляксей успомніў, што яшчэ не абедаў. Дастаўшы з печы капусту, звараную вартаўніцай, ён прымайстраваўся на кухонным століку і пачаў есці. Гэта ў яго быў абед і вячэра. Раніцаю ён піў толькі чай. Падсілкаваўшыся, Аляксей пачытаў газеты, прагледзеў часопісы і лёг спаць, але доўга не мог заснуць. Яго непакоіла, што на мінулую ранішнюю лятучку спазніўся адзін брыгадзір, а на сённяшнюю — ужо два, затрымаўшы ўвесь актыў на паўгадзіны. Трэба было адразу ж прыняць меры, а ён гэтага і другі раз не зрабіў. Так да дабра не дойдзеш. Аляксей нават не падазраваў, што гэта было выпрабаванне яго як кіраўніка. Трэба будзе прыняць крутыя меры, каб раз і назаўсёды спыніць нядбальства. Яшчэ трэба будзе сказаць, што летам лятучкі будуць праводзіцца за паўгадзіны да ўсходу сонца. І калі хто з брыгадзіраў любіць позна спаць, дык няхай складзе з сябе абавязкі. Гэта не яго, Аляксея, новаўвядзенне, ёсць шмат людзей, якія ўжо даўно так працуюць. А галоўнае — сказаць, што за ўзняцце сельскай гаспадаркі ўзяўся ўвесь народ і варта яму толькі раззлавацца, як тыя, хто свядома ці несвядома перашкаджаюць руху наперад, будуць сцёрты ў парашок.

...А на трэці дзень, раніцаю, як і трэба было чакаць, спазніліся ўжо тры чалавекі. З іх брыгадзір чацвёртай брыгады Адам Грыцкевіч, які першы раз спазніўся на пятнаццаць хвілін, цяпер прыйшоў пазней на цэлую гадзіну. Ад яго яшчэ несла гарэлкай. Паволі збіраўся народ.

— Перш чым ад людзей патрабаваць дысцыпліны, трэба самому кіраўніку быць дысцыплінаваным,— горача загаварыў Аляксей.— А таму я лічу, што брыгадзір чацвёртай брыгады Грыцкевіч не заслугоўвае таго, каб быць кіраўніком. Гэта ён у брыгадзе завёў такія парадкі, што даваў коней узараць агарод або прывезці дроў толькі тым калгаснікам, якія абяцалі паўлітэрку. Стаўлю пытанне перад праўленнем: вызваліць яго ад абавязкаў брыгадзіра.

— Вы што ж, думаеце ўсіх брыгадзіраў змяніць? — адразу ўзняў голас Грыцкевіч.

— Не ўсіх, а вас аднаго. І будзем так рабіць з кожным, хто пойдзе па вашых сцежках,— абарваў яго Аляксей.— Бачылі, як народ узяўся за работу? Не перашкаджайце яму! Усякага, хто стане ўпоперак дарогі, народ змяце са свайго шляху!

— Ён за народ лічыць заатэхніка, з якой вядзе адну лінію,— іранічна вымавіў Грыцкевіч.— Хутка яна яго апрацавала... Але што, вопытная, з маладых, а ранняя...

— Не смець пра Анастасію Ціханаўну так гаварыць,— крыкнуў Аляксей.— Вам трэба яшчэ павучыцца ў яе... Яна дбае пра гаспадарку, а вы разбураеце...

Узняўся шум, некаторым не падабалася «лінія», як гаварыў Грыцкевіч. Яго падтрымалі кумы, сваты, сябры па бутэльцы. У спрэчках выявілася, што ўчора вечарам у чацвёртай брыгадзе з-за гулянкі брыгадзіра не былі падвезены кармы каровам.

Большасцю галасоў брыгадзір чацвёртай брыгады быў вызвален ад работы. Гэта выклікала шмат размоў, пасыпаліся скаргі на новага старшыню, але пераважная большасць людзей адобрыла рашэнне праўлення.

З гэтага часу ўмацавалася думка, што новы старшыня не толькі добра ведае гаспадарку, але і чалавек цвёрдага характару: нават брыгадзір чацвёртай брыгады, які пры былым старшыні хадзіў на галаве, закліканы да парадку, а значыць, пастаўлены на ногі. Паходзіць у радавых, возьмецца за розум. Гэта лепшыя лекі.

* * *

Неяк Аляксей зайшоў да Залуцкіх. Да гэтага ён пабыў амаль ва ўсіх калгаснікаў, паглядзеў, як жывуць людзі. У Залуцкіх, вядома, было лепей, але нічога лішняга не кінулася ў вочы. Ён застаў дома Ціхона Платонавіча, Настасю і Славіка. Усе былі вельмі рады яго прыходу, асабліва хлопчык. Ён хутка пабратаўся з Аляксеем, узлез да яго на калені, доўга прыглядаўся, а пасля спытаў:

— А ты адкуль прыехаў?

— З горада,— адказаў Аляксей.

— З горада? — перапытаў Славік. Вочы яго акругліліся (хлопчыку ўвесь час гаварылі, што бацька жыве ў горадзе), ён рэзка павярнуўся на каленях у Аляксея і нечакана спытаў: — Ты мой тата ці так сабе?

Аляксей на момант разгубіўся, а пасля, засмяяўшыся, адказаў:

— Так сабе... Мяне завуць Аляксей. Будзем сябрамі. Згодзен?

Хлопчык моўчкі кіўнуў галавою. Усе вальней уздыхнулі. Але Славік зноў атакаваў госця:

— Дзядзька Аляксей, а ты да нас назусім прыехаў ці толькі пагуляць?

— Назусім, працаваць,— адказаў Аляксей.— Вось прыйдзе вясна, мы з табою будзем хадзіць у поле, пабудуем цёплы кароўнік, тады каровы будуць даваць больш малака.

— Аляксей Ігнатавіч, а як будзе з цялятнікам? — спыталася Настася.

— А мы, мамуля, і цялятнік пабудуем,— заявіў важна Славік.

— Нічога, мусіць, не зробіш, прыйдзецца і цялятнік будаваць,— усміхаючыся, гаварыў Аляксей.

— Слаўка, сынуля! Дзевяць гадзін,— абвясціла Настася.— Спаць!

— Я зараз, мамка, толькі яшчэ дам салют.

— За што? — вочы Ціхона Платонавіча смяяліся, стары быў задаволены ўнукам, сваёй уцехай.

— За цялятнік,— сказаў Славік і стрэліў з пісталета.

— Вось і паспрабуй цяпер не пабудаваць,— весела засмяяўся Аляксей. — Тады і па дружбе.

Настася пайшла ўкладваць Славіка, а Аляксей з Ціхонам Платонавічам яшчэ доўга гутарылі.

* * *

Даволі вялікая частка вёскі Камарына па левым беразе рачулкі Цнянкі за вайну з фашыстамі была спалена. Згарэла і школа. Пасля вайны на тым жа самым месцы па тыпавому праекту пабудавана двухпавярховая драўляная дзесяцігодка. Школьны ўчастак з маладым садам абгароджан з двух бакоў шчыкетамі і ад рэчкі — частакол у шашкі з галін вярбы. Паўз агароджы ўзвышаліся дрэўцы вяза, ліпы, рабіны, клёна, белай акацыі, таполі пахучай і канадскай, слівы ўсурыйскай — усё гэта было пасаджана рукамі вучняў, заахвочаных Залуцкім. З усіх дрэваў у садзе выстаяў вайну толькі дуб, галінасты прыгажун. На яго купчастую вершаліну вучні старэйшых класаў зацягнулі дзедаўскую барану з драўлянымі зубамі. Хутка тут асталяваліся буслы. Вось і цяпер адзін з іх стаяў на высокіх чырвоных нагах і чырвонай доўгай дзюбай старанна чысціў сваё пер’е. З гнязда шуганула дробнае птаства і шэрымі камякамі рассыпалася па зямлі, жаласна ціўкаючы.

Часта Аляксей не без зайздрасці паглядаў на школу, марачы ў думках зрабіць сядзібу калгаса яшчэ лепшай, бо хоць Аляксей і абгарадзіў грамадскія будовы плотам у тры жэрдкі, аднак гэта ўражання не рабіла. Але больш за ўсё цягнула Аляксея да школы тое, што там жыла Настася. Яна з кожным днём станавілася для яго даражэйшай. Усё больш Аляксей пераконваўся, што ў іх многа агульнага не толькі ў лёсе, але і ў думках, у поглядах на рэчы і справы. Ён ніяк не мог забыць аднаго бурнага сходу, на якім былы брыгадзір Грыцкевіч ледзь не праваліў план пасеву кукурузы і льну. Толькі энергічная падтрымка Настасі і яе важкія довады ў карысць прапаноў Аляксея далі перавагу на некалькі галасоў, і план быў прыняты. Фактычна, вырашылі справу жанчыны, якія паверылі Настасі і пайшлі за ёю. Аляксей адчуў, што Настася глыбока запала яму ў душу, дый Настася, па ўсім было відаць, гарнулася да яго, хоць і стрымлівала свае пачуцці.

Ужо даўно адсеяліся. Прайшла самая гарачая пара, калі, як кажуць хлебаробы, дзень год корміць. І вось аднойчы ў нядзелю Настася з Аляксеем, узяўшы з сабою і Славіка, выйшлі ў поле пагуляць і заадно агледзець палеткі. Аляксей намерыўся пагаварыць з Настасяй па душах, прапанаваць ёй выйсці за яго замуж, ды ўсё ніяк не мог пачаць гаворку.

Удалечыні зелянела рунь, а за ёю ўзвышаліся зубчастыя вершаліны лесу. Радавалі вока дружныя ўсходы яравых; па ўсіх адзнаках, ураджай павінен быць добры. Яны цешыліся з першых, яшчэ кволых лісцяў маладых бярозак, пасаджаных гэтай вясною абапал гравійкі. А калі дайшлі да азімых, настрой у Аляксея неяк знізіўся.

— Што вы засумавалі?

— А чаму не сказаць «ты»?

— Ніяк не адважуся.

— Трэба было б падкарміць азіміну, але няма чым і купіць няма за што...

— А хіба крэдыт ужо ўвесь?

— Крэдыт пайшоў на будоўлю.

— Што ж тады рабіць? — заклапочана спытала Настася.

— Прыйдзецца, мусіць, рызыкнуць: частку грошай пусціць на штучнае ўгнаенне. Як ты на гэта глядзіш?

— Другога выйсця не бачу.

— Так і быць. Але ці ведаеш ты, чым гэта пагражае? — павярнуўся да яе Аляксей.

— Зрывам будаўніцтва цялятніка.

— Не зрывам, а невялікай затрымкай.

— Ну што ж, прыйдзецца згадзіцца.

Яны некаторы час ішлі моўчкі, неўзаметку любуючыся адно адным. Нейкая невядомая сіла збліжала іх гарачыя сэрцы.

— Мілая Настаська, як мне лёгка, калі ты побач са мною,— прызнаўся нарэшце Аляксей.— Ты для мяне самы лепшы друг і дарадчык...

— І мне, Алёша, з табою прыемна,— Настася і не заўважыла, як перайшла на «ты».

— Настаська, ты ведаеш аб маіх пачуццях да цябе,— хвалюючыся, працягваў Аляксей.— Я крыху здагадваюся аб тваіх... Таму скажы мне адразу: ці згодна ты будзеш звязаць са мною свой лёс?

— Я ж, Алёша, не адна,— пабялела Настася.— Падумай добра, за цябе любая дзяўчына пойдзе... Будуць папрокі...

— Што ты, ніколі,— рашуча запярэчыў Аляксей.— Мы выхаваем Слаўку сапраўдным чалавекам...

— Дзядзька Аляксей, мамка, пачакайце,— гукаў Славік.

— Ты хочаш, каб ён зваў мяне таткам?

— А табе гэта прыемна будзе?

— Яшчэ пытаеш!

— Тады згода.

Яны, узяўшыся за рукі, ішлі, поўныя шчасця.

...Свяціла яркае вясенняе сонца. Настася, Аляксей і Славік стомленыя вярталіся з поля. Яны ішлі другой дарогай. Недалёка ад рэчкі, на месцы будоўлі кароўніка, ляжалі смалістыя бярвенні, узвышалася складзеная цэгла для шулаў. Аляксей нёс на плячах Славіка, той, здавалася, спаў. Аляксей з Настасяй вялі гаворку пра вяселле, сышоўшыся на тым, што не варта надоўга адкладваць. А калі яны падышлі да старога Залуцкага, які сядзеў каля хаты на прызбе, Славік страпянуўся і адрапартаваў:

— Дзеду! Дзеду! У тую нядзелю ў нас будзе вяселле, ага!

— Якое вяселле? — здзівіўся Ціхон Платонавіч, а пасля здагадаўся: — Гэта праўда, дзеці?

Настася кіўнула галавою.

— Калі будзе на гэта ваша згода,— прамовіў Аляксей.

— Абы вы былі згодны,— сказаў Ціхон Платонавіч.— Ну што ж, значыць, ад усяго сэрца жадаю вам у жыцці шчасця.

— Я рады, бацька, што ў вялікай дарозе, пра якую вы мне гаварылі ў поездзе, я ўладкаваў і свае асабістыя справы.

— Мне думаецца,— гаварыў Ціхон Платонавіч,— што вы будзеце жыць добра. У вас абоіх шчырыя сэрцы...

Усе зайшлі ў хату. Ціхон Платонавіч паслаў Славіка да суседзяў па бабку, а сам выйшаў у сенцы, як ён сказаў, «па чыпурышку». Нельга ж не выпіць на заручынах, так ужо заведзена ў гэтых краях.

* * *

Восень у калгасе «Авангард» была багатай, аднак, не ўсё прыйшлося размеркаваць на працадні. Патрэбны былі вялікія сродкі для будаўніцтва, для пакупкі племянных кароў, для насаджэння калгаснага саду і развядзення пчол.

Распачатая Грыцкевічам «кампанія» супраць Аляксея з трэскам правалілася. Яшчэ тады, калі Грыцкевіч выступіў проціў незразумелага новаўвядзення — вапнавання глебы, Аляксей даў яму добрую водпаведзь. Непісьменныя сяляне Крычаўшчыны, гаварыў ён, у другой палове васемнаццатага стагоддзя ведалі і прымянялі вапнаванне, а ён, Грыцкевіч, прабыў з дзесятак год старшынёю, а потым брыгадзірам і не ведае пра гэты спосаб. А калі ўрадзіла кукуруза і было вырашана пытанне з кармамі ды зарадзіў лён, Грыцкевіч апусціў галаву, хоць часам і падпускаў шпількі.

— Аляксею Ігнатавічу проста шанцуе, нават жонку ўзяў з такім пасагам,— хіхікаў Грыцкевіч, седзячы ў кругу сваіх сяброў.— Ужо адно гэта гаворыць, які ён майстар...

— От не плявузгай абы-чаго, пэцкаль,— не сцярпела Грыцкевічыха.— Лепш бы на работу хадзіў, як усе людзі. Спанеў, як пабыў начальствам.

Усе зарагаталі.

Кпіны Грыцкевіча даходзілі да Аляксея, але ён рабіў выгляд, што нічога не заўважае. Аднак усяму ёсць мяжа. Аднойчы, спаткаўшыся з Грыцкевічам адзін на адзін, Аляксей сурова яго папярэдзіў:

— Памятайце, Адам Адамавіч, калі я хоць раз яшчэ дачуюся, што вы абражаеце Анастасію Ціханаўну, дык тады крыўдуйце на сябе...

— Прабачце, Аляксей Ігнатавіч, больш гэтага не будзе,— неяк сагнуўся Грыцкевіч.— Справа, канечне, не ў Анастасіі Ціханаўне... З вамі я, як кажуць, браўся ў рожкі, але не выстаяў... Паклалі вы мяне на абедзве лапаткі... Нават суседзі, мільянеры, здзіўляюцца, як вы паднялі калгас за такі кароткі тэрмін...

— Не я зрабіў, а людзі...

— Усё гэта правільна,— прадаўжаў былы брыгадзір.— Але першую скрыпку вы ігралі...— Грыцкевіч замяўся.— Вось я хачу папрасіць вас, каб далі мне якую работу...

— Толькі буду рады, калі вы возьмецеся за розум,— сказаў Аляксей. Яму проста не верылася, што Грыцкевіч скарыўся, але гэта была праўда: жонка яго даняла, прыгразіўшы разводам, калі ён і далей будзе «біць лынды».

— Дзякую,— глуха сказаў Грыцкевіч і працягнуў Аляксею сваю дужую руку.

У гэты час выйшла з хаты з рыдлёўкай у руках Анастасія Ціханаўна. Яна прыкметна папаўнела, цяжарнасць адразу кідалася ў вочы.

— Ты куды, Настаська, сабралася ісці? — спытаўся Аляксей, з замілаваннем аглядаючы яе фігуру.

— Сад садзіць,— адказала Настася.

— Табе няможна, без цябе абыдземся.

— У цябе ж людзей не хапае.

— Даруйце мне, Анастасія Ціханаўна, за ўсё,— вінавата загаварыў Грыцкевіч.— А што да людзей, дык хопіць, сёння выйдуць нават тыя, якія ўлетку на печы сядзелі... Запэўніваю вас!.. А вы не ідзіце, гэта зацяжкая для вас работа...

Грыцкевіч павярнуўся і хутка пайшоў у другі бок вёскі.

— Што з ім такое здарылася? — спыталася Настася.

— Не ведаю, паглядзім, што далей з гэтага будзе,— паціснуў плячыма Аляксей.— А ты ўсё ж не ідзі, прашу цябе.

— Добра,— згадзілася Настася.

З хаты выбег Славік, ружовашчокі, з маленькай рыдлёўкай, і весела зашчабятаў:

— Татка, а ты мяне возьмеш сад садзіць?

— Вазьму,— падхапіў яго на рукі Аляксей і пацалаваў.— Будзеце расці разам — паглядзім, хто хутчэй — ты ці сад?

...Ужо ўся першая брыгада была на полі, падыходзілі другая і трэцяя, за імі паказалася чацвёртая брыгада. Наперадзе крочыў Грыцкевіч. Аляксей здзівіўся: ішлі на пасадку саду старыя і малыя, некаторых ён першы раз бачыў на рабоце,— адны з іх былі на «адыходных промыслах», а другія, акрамя свайго агарода і ягад, нічога не хацелі знаць.

— Дзякую вам, Аляксей Ігнатавіч,— усхвалявана гаварыла Грыцкевічыха са слязьмі радасці на вачах,— што вы і майго чалавека скіравалі на добрую дарогу.

— А вы ўпэўнены, што ён будзе працаваць? — спытаўся Аляксей.

— Будзе,— запэўніла Грыцкевічыха.— Я яго не першы год ведаю... Што казаць, выгуляўся... Цяпер ён пачне рваць... Ого!

— Дык тут, па-мойму, больш вашай заслугі...

— Ёсць крыху і маёй,— згадзілася Грыцкевічыха.— Ой загаварылася, пабягу!.. Унь аж дзе нашы...

Калгаснікі рассыпаліся па полі. Трэба было пасадзіць у гэтым годзе дваццаць гектараў саду. Аляксей са Славікам спяшаліся: яны першыя пасадзілі яблыньку.

Прыемна было на душы ў Аляксея. Цяпер ён па-сапраўднаму адчуў, што знаходзіцца ў вялікай дарозе. Ён успомніў пра дысертацыю і сам сабе сказаў: «Я павінен яе напісаць і напішу».

1954

 


1954

Тэкст падаецца паводле выдання: Гурскі І. Лясныя салдаты: Апавяданні і аповесць. – Мінск, Мастацкая літаратура, 1979. – 552 с., 1 л. іл. – (Б-ка беларус. прозы)
Крыніца: скан