epub
 
падключыць
слоўнікі

Ільля Гурскі

Вярнуўся

 

Паволі адыходзіў поезд з Брэста на Мінск, паступова набіраючы хуткасць. Праехалі паўстанак Смалярнае. Відаць, тут яшчэ не так даўно былі велізарныя лясы, бо абапал балотнай рэчкі, куды ні кінуць вокам — тырчалі пачарнелыя пні. Паміж хмызнякоў, што раслі на ўзгорку, пракідаліся паляны. На адной з іх працаваў увішны трактар «Беларусь», яго праводзіла чарада варання. Поезд імчаў, убок адносіла з паравоза цёмны дым, які паволі развейваўся. Мільгалі ў вачах тэлеграфныя слупы, пералескі. На секунду паказалася на пераездзе цяжарная жанчына з жоўтым сцяжком — прапускала поезд. А да гэтага яна, мусіць, садзіла бульбу ў агародзе, бо там стаяў, унурыўшы галаву, запрэжаны ў плуг буланы конь...

— А мы, здаецца, з вамі недзе сустракаліся? — уладзіўшы на паліцах чамаданы, загаварыў Казімір Прыбыткоўскі.— Ці не ў Гомелі?

— Не толькі сустракаліся, але і гасцявалі разам, сядзелі за адным сталом,— шырока ўсміхнуўся Ціхон Паваротны.

— У Варатынскіх?

— Але.

— Паваротны ваша прозвішча?

— А ваша — Прыбыткоўскі?

— То як здароўе, калега?

— Дзякую, а ваша?

— Жывём!..— мнагазначна сказаў Прыбыткоўскі.

— І жыць будзем!..— у тон яму прагаварыў Паваротны.— Хоць, прызнацца па праўдзе, гарызонты нашы звужаюцца...

— Як у каго!..— не згадзіўся Прыбыткоўскі.

І яны паціснулі адзін аднаму рукі.

— Дык вы ў Мінск? — перапытаў Прыбыткоўскі.— Расце горад, шырыцца, прыгажэе... нават Свіслач у бетон бяруць... кажуць, ваду паднімуць...

— А чаму не, моры ствараюць, а то каб не падняць вады ў рэчцы,— ажывіўся Паваротны, дадаўшы: — Я вырас на адной з ускраін гэтага горада, Старажоўцы, там зазнаў першыя радасці жыцця...

— Выраслі ў Мінску? А ці ведаеце вы на былой Манастырскай домік з верандай?

— Не, не ведаю.

— Тады які ж з вас нарыхтоўшчык? Камерцыйны чалавек ды каб не ведаў доміка з верандай у слаўным горадзе Мінску на Свіслачы! — узняўшы галаву, гаварыў Прыбыткоўскі. Ён уважліва паглядаў на свайго суседа праз акуляры, якія моцна сядзелі над гарбінкай носа.— Чалавек адзін раз жыве на свеце, а жыццё вельмі кароткае, трэба дбаць, як лепей пражыць... Я хачу, каб у мяне заўсёды быў на стале белы хлеб, а ікра хоць бы сабе і чорная...— Прыбыткоўскі хітра ўсміхнуўся.— Вось вы ездзілі ў вобласць, каб набыць насення для падсобнай гаспадаркі... А навошта гэты клопат?.. Няўжо вам невядома, што ў сталіцы існуе арганізацыя, якая займаецца насенным фондам?.. Вы можаце атрымаць насення столькі, колькі вам трэба... толькі...

— А як? — падняў Паваротны круглую паголеную галаву. Ён глянуў на Прыбыткоўскага з захапленнем, бачачы ў ім дзелавога чалавека.

— Вельмі проста,— адказаў Прыбыткоўскі.— Вось мне неабходны трубы, а ў вас жа гэтага дабра хапае... Заводу патрэбна насенне... Дык у чым справа? Я вам дастану. Але...

— Што?

— Рука руку мые,— усміхнуўся Прыбыткоўскі.

— Ага!

— Дарэчы, у доміку з верандай бываюць такія жанчыны!

— Якія?

— Прыемныя ва ўсіх адносінах... Пабудзеш у вясёлай кампаніі, памаладзееш...

Поезд падыходзіў да вёскі Кнігаўка. Стройнымі радамі ўзвышаліся новыя хаты. Стаяла калона грузавых машын, калгаснікі разгружалі чарапіцу і шыфер, відаць, прызначаныя для грамадскіх пабудоў. А ці даўно замест гэтай вёскі тырчалі абгарэлыя коміны — тут быў вялікі «кацёл». Хто астаўся жывы, той добра яго помніць. Стаялі раскіданыя па полі, паразбіваныя танкі розных марак. Каля аднаго «тыгра», застыўшага на агародах, тоўпілася дзетвара. Найбольш спрытныя хлапчукі ўзбіраліся на дула гарматы.

— Дзе вы ваявалі? — паглядзеўшы ў акно і ўспомніўшы калісьці бачаную карціну, спытаўся Прыбыткоўскі.

— А вы? — збянтэжыўся Паваротны.

— Будзем гаварыць адкрыта?

— Вядома. Хіба мы не ведаем адзін аднаго?

— У асноўным на рынку.

— То і я там змагаўся.

— Выходзіць, мы выключэнне,— засмяяўся Прыбыткоўскі.— Не ўсім жа ваяваць...

Вёска пачала знікаць з вачэй. Прыбыткоўскі ўспамінаў: не так даўно на ўскраіне гэтай вёскі, пад кудравым клёнам, які пачынаў зелянець, каля танка стаяла палатка, якая замяніла хату людзям, што вярнуліся з гітлераўскай няволі. Тут жа сушылася бялізна, дражнілася дзіця з малым шчанём. Цяпер у баку ад старой вёскі, на беразе паўнаводнай рэчкі, людзі ставілі кроквы на калгасным хляве. Недалёка стаяў новы свіран, на ім бусел ужо змайстраваў гняздо. «Архітэктар» з яго, відаць, няважны, бо ва ўсе бакі тырчалі галіны, бачны былі вялікія дзіркі, у якіх вяліся вераб’і. Узвышалася сілосная вежа. Раскінуўся малады калгасны сад. Калгаснікі забудаваліся добра, па плану. Яшчэ і цяпер падвозілі яны на конях і валах лес і цэглу. Прыемна было глядзець на зладжаную працу, на абрысы новай вёскі.

— Бачылі таго, што ў падраным шынялі быў,— гаварыў Паваротны,— за камель бервяно падняў...

— Ага, жылісты...

Поезд прарэзваў спрадвечную пушчу. І тут асталіся сляды вайны. Стаялі напалам сцятыя снарадамі гонкія сосны, ляжала з карэннем вывернутая бярэзіна, відаць, ужо струхлелая, тырчала ссохлая елка са знятай вершалінай. Паказаліся лясныя завалы, зробленыя партызанамі. Колькі часу прайшло, а рубцы вайны яшчэ былі. З-пад кустоў ядлоўцу выскачылі два зайцы; ашаломленыя, яны некаторы час беглі навыперадкі з поездам, а потым кінуліся ўбок і зніклі ў гушчары.

— Не займаецеся паляваннем? — спытаў Паваротны.

— Шкадую ног,— адказаў Прыбыткоўскі.— Шмат прыемней правесці дзень з прыгожай жанчынай...

Цяжкую задачу задаў Прыбыткоўскі свайму спадарожніку. Паваротнага спакушаў домік з верандай, толькі ці няма там якой пасткі? Але калі паслізнуўся, дык цяжка ўтрымацца, каб не ўпасці. Маладая жонка Паваротнага патрабавала да сябе многа ўвагі, модных сукенак, а таксама дарагіх упрыгожанняў. Дый першай, старой жонцы, хоць яна і не патрабавала, сяды-тады трэба было што-кольвечы перакінуць. Паваротны са скуры вылузваўся, зусім аблысеў, каб толькі не страціць фасону. У час акупацыі ён гандляваў на рынку, а таму лічыў сябе спецыялістам па гэтай справе, і калі прыйшла Савецкая Армія, падаўся на завод нарыхтоўшчыкам і меў добры «прыбытак». Але ўсё не хапала. Зараз у Паваротнага трашчала галава, ён думаў, што прастудзіўся, і ўвесь час моргаў маленькімі зыркімі вачыма, без перастанку чмыхаў тоўстым, як дуля, носам. На самай справе і «катар» і «боль галавы» ішлі ад таго, што ён вёз маладой жонцы шкурку лісіцы, ад якой пахла нафталінам. Непакоілі і клопаты: ён абяцаў Тамары купіць сукенку — і не купіў; тады б не хапіла грошай на мяккае месца ў вагоне, а ён любіў, грэшнай справай, ездзіць з камфортам.

— Дык як, па руках? — спытаўся Прыбыткоўскі.— Дарэчы, у мяне можна будзе дастаць мануфактуру, зразумела, такую, якой няма ў магазінах.

Апошні козыр ён пусціў, звярнуўшы ўвагу на пах нафталіну і здагадаўшыся, што гэта нейкі падарунак жонцы.

— Давайце! — загарэўся Паваротны.

— Магарыч мой,— сказаў Прыбыткоўскі і дадаў: — Прапаную перакусіць, а ў Мінску сходзім у домік з верандай, паспытаеце хатніх абедаў... пальчыкі абліжаш!..

На невялічкім століку ў купэ мяккага вагона з’явіліся каньяк і бутэрброды з кетавай ікрою і паляндвіцай. Адразу ж пасля першай чаркі твар Паваротнага пачырванеў, ён шмат гаварыў, а Прыбыткоўскі, наадварот, пасінеў, стаў больш стрыманы і падкрэслена ветлівы. За бутэлькай Прыбыткоўскі канчаткова ўмовіўся, што Паваротны дае яму з завода трубы, а ён узамен — насенне для падсобнай гаспадаркі, а таксама падкіне дэфіцытнай мануфактуры. На гэтай справе яны абодва добра зараблялі, дык трэба было як след замачыць кантракт. За размовамі яны і не заўважылі, як пад’ехалі да Мінска. Горад, што ў недалёкім мінулым ляжаў у руінах, ажыў. Праўда, сёе-тое нагадвала аб вайне, сям-там яшчэ прасвечвалі вокны ў каробках абгарэлых дамоў.

Сышоўшы з поезда і здаўшы цяжкія рэчы ў камеру хавання багажу, Прыбыткоўскі і Паваротны вырашылі пайсці ў домік з верандай. Ад станцыі да доміка было кіламетры чатыры. Таксі яны не ўзялі, а паціху, нібы прагульваючыся, пайшлі па горадзе. Прыгравала сонца, зелянелі ліпы, расцвіталі высаджаныя па баках вуліцы кветкі. Каля аднаго новага прыгожага дома стаяў гурт моладзі, нешта абмяркоўвалі. «А чаму б тут не прыбіць дошку з імем архітэктара, каб людзі ведалі, чый праект і кім пабудаваны дом?» — выказаў думку юнак. «Добра гаворыш!» — падхапіла дзяўчына. Гэта, відаць, была экскурсія школьнікаў старэйшых класаў з раёна, бо з імі была маладая жанчына, падобная да настаўніцы; яна запісала прапанову юнака ў блакнот. Ускінуўшы вочы на дом і зрабіўшы кіслую грымасу, Паваротны сказаў:

— Нічога цікавага! Чаго толькі людзям не ўзбрыдзе ў галаву — дошку прыбіваць, каб ведалі, хто будаваў? Хе!

— А як вам яна падабаецца? — акінуўшы поглядам з галавы да ног экскурсаводку, спытаў Прыбыткоўскі і дадаў: — Нішто тавар...

— Хо-хо!

Прыбыткоўскі з Паваротным, звярнуўшы з праспекта, доўга ішлі па розных вуліцах. Нарэшце паказаўся і домік, абгароджаны шчыкетамі і абсаджаны клёнамі. Зблізку ён быў не такі ўжо маленькі і меў добры выгляд: пафарбаваны ў зялёны колер, з белымі аканіцамі, уся веранда зарасла дзікім вінаградам.

Гаспадыня спаткала іх яшчэ на ганку, ветліва прывіталася з Прыбыткоўскім, пазнаёмілася з Паваротным, які чамусьці назваў толькі сваё імя і імя па бацьку, і правяла іх у сталовую. Гаспадыня была дзябёлая, з пафарбаванымі кароткімі валасамі, размалёванымі шчокамі і падведзенымі дугою бровамі.

— Абедаць будзеце? — запыталася яна і, весела ўсміхнуўшыся, паказала два рады залатых зубоў, якія бліснулі полымем.

— Абавязкова,— сказаў Прыбыткоўскі.— А пакуль...

— Зразумела,— кіўнула гаспадыня.— З халодных закусак ёсць: селядзец з гарнірам, марынаваныя грыбы, рыба заліўная, цяляціна, смажанае парася...

— Усяго пакрысе,— распарадзіўся Прыбыткоўскі, дадаўшы: — За мой кошт...

Гаспадыня забегала. Яна ведала круты нораў Прыбыткоўскага, яго густ, шырокі размах у гульні. Паваротны акінуў вачыма ўтульны пакой з круглым сталом пасярэдзіне, з хрусталёвым посудам у буфеце, піяніна і карцінамі на сценах. Дзверы ў другія пакоі былі зачынены. У адзін момант быў накрыты стол, з’явілася ў графіне халодная гарэлка. Калі крыху выпілі, Прыбыткоўскі ўстаў, прайшоўся, а потым спытаў:

— Дык вы, кажаце, змянілі старую жонку?..

— Ага! — з гонарам адказаў Паваротны.— Маладая мая жонка — цудоўны чалавек. А старая не дай бог, шалёная нейкая. Колькі я з ёю гора набраўся, але нарэшце разышліся. Дзесяць год з ёю прамучыўся. Лішняе не выпі, не згуляй, дык якое ж гэта жыццё?! Прыгожая ў мяне маладая жонка. І калі ні прыйдзеш — дома. Часамі ўвечары выскачыць на пару гадзін да сваіх сябровак у дурня ці прэферанс згуляць, і зноў дадому. А вы як жывяце?

— Нарэшце і я пасталеў,— сказаў Прыбыткоўскі.— Мала калі даю волю душы, а гэта ж трэба...

Яны чарку за чаркай выпілі графін рускай горкай. Потым пілі каньяк, зноў гарэлку і нарэшце перайшлі на піва. За півам яны канчаткова ўмовіліся, што трубы, якія вырабляў завод звыш плана, браў Прыбыткоўскі, за што ён даваў заводу гародніну і мяса для сталовай і дома адпачынку, а таксама, калі спатрэбіцца, неабходную мануфактуру.

П’яны Паваротны не пераставаў хваліцца маладою жонкаю, прычым паўтараў адно і тое ж па некалькі разоў, лез цалавацца.

— Што ты ўсё хвалішся, як маладажон? І цалавацца з мужчынамі я не люблю,— усміхнуўся Прыбыткоўскі, ён таксама быў п’яны.— Сумна, брат, з табою. Хоць бы ў карты згуляць, ды толькі няма кампаніі.

— Зараз будзе,— угодліва сказала гаспадыня і, звярнуўшыся да Паваротнага, спытала: — Як усё ж ваша прозвішча?

— А вам не ўсё роўна? — ухіліўся ад адказу Паваротны.

Неўзабаве ў сталовую ўвайшла чарнявая жанчына з радзімкай на твары. Прыбыткоўскі кінуўся ёй насустрач.

— А, Тамара Маркаўна, прывітанне! Згуляем у дурня ці прэферанс?

Паваротны аслупянеў: перад ім стаяла яго маладая жонка, у доўгай чорнай сукенцы з панаксаміту, уся ў золаце і брыльянтах. Жанчына толькі на секунду разгубілася.

— Ты тут? — здзіўлена-радасна звярнулася яна да Паваротнага.— А я яго шукаю. О, мой ослік! Ты мне лісіцу прывёз?..

І, каб схаваць няёмкасць, узялася патрашыць пакунак, які быў прывязаны да знаёмага ёй дарожнага партфеля.

— О-о-о! Якая лісіца! А дзе сукенка?

— Тамара! — прабасіў нарэшце збянтэжаны Паваротны, не верачы сваім вачам.— Як ты тут апынулася?

— Дарагі мой! Я даведалася, што ты прыехаў, і пайшла ў пошукі,— не задумаўшыся, выпаліла Тамара.

— Як жа гэта так?..— сурова глянуўшы на гаспадыню, ціха спытаў Прыбыткоўскі.

— А чаму ён не сказаў прозвішча,— вінавата апраўдвалася тая.

— Ну і ціхоня! Пайшлі дадому! — схапіла Тамара мужа за руку.

— Прэч! — аж папярхнуўся Паваротны. Ён хацеў падняцца і сцягнуў абрус, зазвінеў посуд.— Прэ-э-эч!

Напалоханая Тамара выскачыла са сталовай, як корак з бутэлькі, але ўсё ж чарнабуркі не выпусціла з рук. Яна на хаду прагаварыла:

— Ну і чорт з табою!.. На ліха ты мне здаўся... Падумаеш, набраўся фанабэрыі... Лысы асёл!

Паваротны, сціснуўшы кулакі, кінуўся за ёю, але Прыбыткоўскі затрымаў яго, пасадзіў у крэсла, наліў піва. Паваротны зрабіўся чырвоны як рак, у яго вачах гарэлі нядобрыя агеньчыкі. Ён залпам выпіў куфель піва і мнагазначна сказаў:

— Не вер каню ў дарозе, а жонцы дома...

— Дзіва што...— зазначыла гаспадыня.

— Маўчаць! — стукнуў кулаком па стале разгневаны Паваротны.— А хто ў гэтым вінаваты? Вы!

Паваротны ўстаў і пайшоў да выхада. Прыбыткоўскі паспрабаваў яго затрымаць, але не здолеў.

— А як кантракт, у сіле? — запытаўся Прыбыткоўскі.

— Пайшоў ты к чорту! — вызверыўся Паваротны.— Пусці, кажу, іначай нюхаўку растаўку! Прэферансіст!..

— Вось няўдача,— застагнаў Прыбыткоўскі.— На чорта я сюды яго вёў... А мне да зарэзу патрэбны трубы...

Вярнуўшыся, ён грузна сеў на канапу, задумаўся і неўзабаве заснуў.

Гаспадыня не захацела чапаць п’янага і, згорбіўшыся, выйшла.

Доўга Паваротны блукаў па горадзе, абдумваючы сваё жыццё. Ён вырашыў кінуць Тамару і вярнуцца да старой жонкі. Не заўважыў, як апынуўся на Старажоўцы, перад знаёмымі веснічкамі. «Дзеці пэўна ўжо спяць»,— падумаў ён. Паваротнаму захацелася паглядзець на іх, хоць сонных. Ён рашуча адчыніў веснічкі і зайшоў на двор, нясмела пастукаў. У акне мільганула жаночая постаць.

— Хто там? — пачуўся заспаны голас.

— Гэта я, Ціхон.

— Што табе трэба?

— Адчыні! Я да цябе...

Жанчына запаліла лямпу, ускінула на плечы паліто, адчыніла дзверы. Паваротны першы раз за пяць год разлукі зайшоў у кватэру, у якой жыў больш за дзесяць год. На стале ляжаў разгорнуты сшытак старэйшага сына, ён, відаць, увечары рыхтаваў урокі. У кутку сталовай былі акуратна складзены лялькі, якія Паваротны калісьці купляў. Там жа стаяў абшарпаны белагрывы конь, што некалі з Масквы прывёз сярэдняму сыну. Новых цацак не было, бо завошта іх купіць маці? Ёй трэба было ламаць галаву, як пракарміць і адзець дзяцей. Тут кожная рэч нагадвала яму пра роднае, блізкае. У дзіцячым пакоі скрыпнуў ложак, Паваротны зрабіў некалькі крокаў, каб паглядзець на сваіх дзяцей, але жанчына рашуча перагарадзіла яму дарогу.

— Я хачу паглядзець на дзяцей.

— А ў цябе іх няма,— цвёрда сказала яна.— Ты страціў права на бацькоўства. На слізкі шлях ты ступіў, Ціхон. На грошы з мазаля не вельмі будзеш гуляць. Думаеш, на заводзе не ведаюць, што ты махлюеш?

— Не злавіў за руку, не кажы — злодзей...

— Зловяць! Няма нічога тайнага, каб не стала яўным...

— Наталля, даруй... Я рашыў... Я вырашыў... Тут мае дзеці... Тут мой кут...— гаварыў, запінаючыся, Паваротны, намерваючыся прайсці да дзяцей, але жанчына яго не пускала. Ён адштурхнуў яе.— Пу-у-сці!..

— Не пушчу! — сказала жанчына.— У мяне няма жыцця... І ім хочаш загарадзіць дарогу ў будучыню... Лепей свае скарынкі, чым чужы пірог... Ты крадзеш на заводзе, што пад руку трапляе, і гэтым ганьбіш сваіх дзяцей. Не патрэбен ім такі бацька.

— Пу-у-сці!

— Не,— сказала як адрэзала жанчына.— Дзеці доўга па табе сумавалі... Яны пачалі ўжо цябе забываць... І раптам сёння ўбачылі, як ты з нейкім гарбаносым мужчынам ішоў па былой Манастырскай вуліцы ў бок тупіка... Я наглядала за Юрыкам, як ён увечары браўся некалькі разоў за адзін падручнік і ўсё ж не зрабіў урокаў... Дзецям патрэбен бацька, але што ты зробіш, калі ён валацуга?.. Не трэба да іх ісці... Ты сам... і іх хочаш загубіць...

— Я кончаны чалавек, ты гэта хацела сказаць? — адступіўшы назад і цяжка апусціўшыся ў крэсла, спытаўся Паваротны.— Не верыш мне?

— Тамара да дабра не давядзе... Дзеля яе ты кінуўся гандляваць, не пайшоў ні ў армію, ні ў партызаны, употайкі з ёю сустракаўся... А калі перайшоў зусім да яе, стаў красці ў дзяржавы... Так, так!.. Гэты крадзеж у вас па-другому завецца, але сутнасць адна... Тамары патрэбны транты, а не ты... Яна ўсё кіне пад ногі і растопча, абы мець лішнюю анучу... за анучу і цябе прадасць... Ідзі адсюль, калі ў цябе яшчэ хоць трохі асталося сумлення...

— А-а-а,— нібы прасвятлеў розум Паваротнага. Ён убачыў у дзвярах старэйшага сына, які недаверлівымі вялізнымі вачыма глядзеў на бацьку.— Сынок, Юрачка, хадзі сюды.

Маці, абяссіленая, апусціўшы рукі, адышла ўбок. «Хоць бы не прачнуліся меншыя дзеці»,— падумала яна і пакутлівымі вачыма паглядзела перш на бацьку, а потым перавяла вочы на сына.

— Ну, падыдзі, сынок, да бацькі,— ціха сказала жанчына. Яна ніколі дзецям пра яго нават благога слова не сказала. Навошта? Каб яны яшчэ пакутавалі? «Падрастуць,— думала яна,— самі разбяруцца».

— Не хачу! — буркнуў Юрка. Вочы яго былі поўныя слёз.— Чаго вы прыйшлі сюды? Што вам трэба ад нас?

— Вось бачыш,— падтрымала маці сына.— Прашу цябе, не трывож ты дзяцей... Ідзі адсюль...

— Гоніце?.. Ну што ж... пайду...

Маці ўзняла галаву, у вачах свяціўся гонар за сына. «Вось і гаспадар ёсць у хаце»,— ласкава падумала яна, бачачы, як сын падае бацьку партфель.

— Нашы дзверы не наглуха закрываюцца,— прагаварыла з болем Наталля.— Ты зможаш пераступіць гэты парог, але толькі пры адной умове: калі станеш жыць сумленна, не з махлярства, а з працы рук сваіх, з мазаля, як усе добрыя людзі жывуць. Тады прыходзь да нас, мы забудзем усё старое... Праўда, Юрачка?

— Праўда,— сказаў Юрка. У яго скалануліся плечы, і ён выбег у свой пакой.

— Называецца, вярнуўся,— горка скрывіўся Паваротны.— Нябось сустрэча!..

— А ты іншай чакаў? — праз зубы працадзіла Наталля.— Па заслугах...

Спустошаны, ён устаў і, цяжка ступаючы, моўчкі выйшаў з кватэры. Паваротны адчуў сябе бяздомным бадзягам. Ён успомніў Прыбыткоўскага і пашкадаваў, што не скруціў яму шыю. Паваротны да раніцы блукаў па горадзе, а калі пачуўся гудок, пайшоў на завод з намерам расказаць пра ўсё і, калі даруюць, прасіцца хоць на самую цяжкую работу,— у гэтым ён бачыў свой ратунак.

1956

 


1956

Тэкст падаецца паводле выдання: Гурскі І. Лясныя салдаты: Апавяданні і аповесць. – Мінск, Мастацкая літаратура, 1979. – 552 с., 1 л. іл. – (Б-ка беларус. прозы)
Крыніца: скан