epub
 
падключыць
слоўнікі

Ільля Гурскі

Вернутае жыццё

 

 

Да вайны Хрысціна і ўставала і лажылася спаць з песняй, і работа ў яе руках спорылася. А цяпер не было таго дня, каб яна не плакала, і ўсё з яе рук валілася.

Некалі таўшчэзныя, даўгія косы Хрысціны патанчэлі, высекліся, выцвілі і страцілі свой ранейшы бляск; блакітныя вочы, якія заўсёды смяяліся, упалі, сталі глыбокія, завастрыўся нос, на лобе з’явіліся маршчыны.

Вайна — вялікае гора, і кожны па-свойму нясе частку яго ў сэрцы. Але і яго лягчэй пераносіць, калі ёсць якія звесткі аб блізкіх. У Хрысціны такіх звестак не было. У першыя дні вайны правяла яна свайго Ігнася ў войска, і з таго часу ні слуху ні духу. Іншыя мужчыны, якія пайшлі з Ігнасём, павандравалі і вярнуліся дадому. Не ўсе, зразумела, а частка. Праўда, пасля яны падаліся ў партызаны і час ад часу давалі пра сябе знаць, а пра Ігнася і чутак не было. І што б цяпер Хрысціна ні рабіла, куды б яна ні ішла, перад ёю стаяў вобраз любага Ігнася. Аднойчы, ідучы па дарозе, абапал якой узвышаліся спелыя жыты, Хрысціна паглядзела наўкол, ці не ідзе хто за ёю, і гукнула:

— Ігнаська, мілы, дзе ты? Калі жывы, дык адгукніся!

Хрысціна прыслухалася. Ёй здалося, нібы нехта адгукнуўся. Жанчыне лягчэй стала на сэрцы, і яна прыбавіла кроку. І так часта было: калі Хрысціна адна ішла лесам ці сенажаццю, яна ўпаўголасу клікала свайго каханага, але дарэмнымі былі яе намаганні: нічога ніколі яна не чула. Ёй станавілася маркотна, і яна аблівалася слязьмі. Дзень станавіўся годам, цэлай вечнасцю. Хрысціна памагала чым магла партызанам: прыносіла патрэбныя звесткі з фашысцкага гарнізона, насіла туды лістоўкі, разносіла добрыя весткі пра народных мсціўцаў.

А Ігнась Налівайка з адступаючым войскам прайшоў аж да Куршчыны. Ён па дарозе ў часе бамбёжкі страціў дакументы, а таму яму не лёгка было давесці, што ён той, хто на самай справе ёсць, а не хто іншы. Яго не хацелі браць у армію, адсылалі ўсё далей і далей у тыл, а там у ваенкаматах калі-нікалі былі і непрыемныя часіны. І Ігнась падаваўся далей на ўсход, каб усё ж прызвацца ў войска. Валялася на дарогах паламаная тэхніка, ляжалі забітыя людзі. Жывым трэба было дбаць, як спыніць ворага, які стрымгалоў ірваўся на ўсход. Ігнась быў ад прыроды мяккай і добрай душы чалавек, але і ён паступова суравеў, загартоўваўся, у ім адточвалася ярасная нянавісць да фашыстаў, што спусташаюць родную зямлю, калечаць людзей.

Прыйшоў Ігнась у Замастоцкі райваенкамат на Куршчыне, абмакрэлы, адубелы, галодны і босы. Ён да таго падбіўся ў дарозе, што ледзь цягаў ногі. За час вандравання ён аброс рыжаю барадою. Ігнась доўга гаварыў з ваенкомам, па ўсім відаць было, што ваенком у першы час крыху сумняваўся ў ім: «А хто цябе ведае, хто ты, можа, баязлівец ці дэзерцір?» Ігнась усё расказаў пра сябе, і ваенком яму паверыў, ён прызваў яго і накіраваў у запасны пяхотны полк.

І ўсё ж пісар, які ўвайшоў у кабінет ваенкома, каб падпісаць паперы Ігнася Налівайкі, палічыў за абавязак выказаць і свае меркаванні.

— Каб не памыліцца нам, таварыш ваенком,— асцярожна сказаў ён, трымаючы ў руках мабілізацыйны лісток.

— А што? — узняў галаву ваенком.

— Чаго гэта чалавек блізкі свет, аж з Беларусі, сюды пёрся,— гаварыў пісар. — Я сігналізую... а там ваша справа... дый які з яго ваяка, ледзь ногі перастаўляе...

— З гэтага чалавека будзе добры воін,— нездаволена паглядзеў на пісара райваенком. — З-пад Мінска прыйсці пешкі аж на Куршчыну, каб узяць у рукі зброю, можа толькі савецкі чалавек гэта зрабіць. Ён будзе без літасці біць фашыстаў! Трэба вам лепш вывучаць людзей. Няма чаго на чалавека цень наводзіць!

Пісар казырнуў і хутка выйшаў, аддаўшы на калідоры Налівайку падпісаныя паперы, ён пасля размовы з ваенкомам адчуваў сябе як мыла з’еўшы. Такая асечка!

На салдацкіх харчах Налівайка хутка паправіўся. Ён быў моцна складзены мужчына, кемлівы і спрытны. Яго рыжыя вусы, якія ён адгадаваў у часе падарожжа, некалькі яго старылі, і ва ўзводзе яго звалі — бацькам, хоць яму ішоў толькі дваццаць восьмы год. Хадзіў ён уразвалку, гаварыў мала і запаволена, нібы ўзважваючы кожнае слова. Пра свае пакуты ў часе паходу ён, акрамя райваенкома, больш нікому не расказваў, лічыў гэта непатрэбным. Адзін дурань нават хацеў яго расстраляць, як шпіёна. Але што было, тое прайшло. Цяпер не было таго дня, каб ён не ўспомніў Хрысціну і сына. «Што яны зараз робяць? — думаў Налівайка. — Ці жывыя?» Ён успамінаў кожны куст, кожнае дрэва ў садзе, кожную сцежку, дзе малым хадзіў, і страшна сумаваў па сям’і і радзіме.

Яшчэ будучы ў запасным палку, Налівайка старанна вывучаў зброю, дакладна і хутка выконваў распараджэнні і звярнуў на сябе ўвагу камандавання.

«Дысцыпліна не шкодзіць чалавеку,— разважаў ён,— а памагае арганізаваць сябе, загартоўвае характар, без чаго немагчыма перамога».

А калі Налівайка апынуўся на фронце, пра яго хутка загаварылі. Праявіў сябе Налівайка на Курскай дузе. Сваім супрацьтанкавым ружжом Налівайка падбіў тры нямецка-фашысцкія танкі. Ён быў узнагароджаны ордэнам «Слава». Налівайку віншавалі саслужыўцы палка. Перш ён адчуваў сябе няёмка, а потым прывык да пахвалы. Але больш за ўсё здзівіла і ўзрадавала Налівайку тое, што ён атрымаў прывітальную тэлеграму ад райваенкома, які, як пасля высветлілася, увесь час цікавіўся лёсам салдата з Міншчыны і некалькі разоў пісаў у часць. Полк за гэты час удзельнічаў у многіх баях і шмат разоў папаўняўся.

Дывізія, у якой служыў Налівайка, стаяла ў абароне. Камандзір дывізіі правяраў палкі. Ён наўмысле шукаў сустрэчы з Ігнасём, хацеў даведацца, што можа салдат з той Слабады, дзе генерал калісьці лячыўся. Генерал яшчэ тады запісаў сабе ў блакнот прозвішча салдата, калі прадстаўляў да ўзнагароды. Спаткаўшыся, яны доўга гаварылі пра становішча на фронце.

— Калі ж ужо, таварыш генерал-маёр, пойдзем у Беларусь? — выцягнуўшыся, спытаўся Налівайка.

— А ў цябе хто там? — генерал прыжмурыў вока і хітра запытаўся: — Жонка чакае?

— Усе людзі нас чакаюць не дачакаюцца.

— Дык ты з Слабады, з Наднёмання?

— Так. А адкуль вы ведаеце?

— У Слабадзе, па-мойму, толькі адзін быў Налівайка?

— Але, мой бацька быў прымаком.

— Ага,— генерал паспешліва запытаўся.— А бацька жывы?

— Перад вайною памёр.

— Шка-а-да,— генерал некаторы час маўчаў, потым, гледзячы на захад, нібы сам з сабою разважаў: — Дык усё будзе ў свой час, мы — салдаты, загадаюць — пойдзем. А ты, бачу я, любіш сваю Беларусь. Гэта добра!

— Прызнацца па праўдзе, таварыш генерал-маёр, люблю свой кут больш за ўсё на свеце,— гаварыў Налівайка. — Як мне здаецца, нідзе няма прыгажэйшага краю. А можа, таму, што я там нарадзіўся.

— І мы, рускія людзі, любім беларусаў, лічым іх сваімі братамі. Шчыры там народ — апошнім падзеліцца,— прадаўжаў генерал. — Я гэта помню яшчэ па грамадзянскай вайне. Быў я на Нёмане цяжка паранены, мяне падабралі, вылечылі і пераправілі зноў у войска. Гэта не забываецца! — і генерал абняў салдата і пацалаваў.

— За што? — здзівіўся Налівайка.

— За тое, што ты некалі ў гумно прыносіў мне махорку, калі я ў вас паранены ляжаў, помніш? — сказаў генерал. — Крыўдна толькі, што памёр твой бацька, я з ім хацеў пабачыцца — душэўны чалавек,— генерал пасуравеў.

— Пачакайце,— успамінаў Налівайка,— дык жа ў нас тады быў салдат. Вы, мусіць, памыліліся?

— Не памыліўся! Тады салдат, а цяпер генерал.

— Правільна! — углядаўся Налівайка. — У вас на правай шчацэ павінен быць шрам. Бацька часта вас успамінаў... «З Івана Крывашэйна,— казаў,— будзе вялікі чалавек». А я вас не пазнаў...

— Дык ты, Налівайка, не сумуй, хутка будзем у Беларусі, яна нам таксама дорага, як табе Расія,— сказаў генерал, ён развітаўся і пайшоў.

Усхваляваны Налівайка ўспамінаў, як ён, будучы хлапчуком, прыносіў з мястэчка цяперашняму генералу тытунь, хадзіў па грыбы для яго. Яшчэ тады салдат Крывашэйн яго навучаў, што ніколі не трэба вырываць грыбы з карэннем, а ножыкам зразаць, пакідаючы ў зямлі грыбніцу. Налівайка перабіраў у памяці жыццё ў Слабадзе, сваё маленства, першае каханне, нараджэнне сына, прыпамінаў сяброў і знаёмых. Лежачы ў акопе пад гарачым сонцам, ён прыгадаў цяністыя лясы, калі ён з Хрысцінай хадзіў у арэхі, як шапацеў пад нагамі тады верас, спявалі на ўсе галасы птушкі, славячы жыццё. Налівайку падабаліся гоман лясоў, бязмежныя прасторы калгасных палёў, задумёныя песні дзяўчат.

 

Зорка Венера ўзышла над зямлёю,

Светлыя згадкі з сабой прывяла...

 

Пяхотная гвардзейская дывізія, у якой служыў Налівайка, з баямі прайшла сотні кіламетраў, гонячы фашыстаў з рускай зямлі. У баі пад Віцебскам Налівайка быў смяртэльна паранены. Нямецка-фашысцкія войскі паставілі сабе задачу — спыніць наступленне савецкіх войск. Яны пайшлі ў контратаку і на вузкім участку пусцілі больш за сорак танкаў. Мужна біліся савецкія гвардзейцы, але танкі рваліся наперад. Яны пагражалі змяць савецкія часці. Наступіў крытычны момант — забілі камандзіра роты і яго намесніка. Налівайка не разгубіўся і прыняў каманду на сябе. Сваім густым барытонам ён крыкнуў: «Памром за Радзіму, а не адступім!» Завязаўся гарачы бой. З-за ўзгорка выйшлі «тыгры», яны пайшлі ламаць нашу абарону. За «тыграмі» паднялася пяхота. У гэтым няроўным баі Налівайка асабіста вывеў са строю чатыры танкі ворага. І хоць страты роты былі вялікія, але фашысты не прайшлі; падаспелі савецкія танкі, і контратака нямецка-фашысцкіх войск захлынулася, іх супраціўленне было зламана, фашыстаў выбілі з умацаванняў і пагналі на захад. У палявы шпіталь санітары прынеслі Налівайку, хоць надзеі на яго выздараўленне і не было.

Навокал гераічнага ўчынку Налівайкі ўжо ствараліся легенды, нібы ён у часе бою гаварыў: «Калі нават будзеш насмерць скошаны куляю, і то падай галавою на захад». На самай справе гэта былі словы генерал-маёра Крывашэйна. Праўда, Налівайку, відаць, яны спадабаліся, і ён, аддаючы распараджэнне — наладзіць сувязь з суседняй часцю, каб адчуць локаць, сваім аксамітным голасам іх паўтарыў.

Налівайка быў у стане шоку: з перабітай адной нагою і другой параненай, з акрываўленым тварам, акачанелы, ён нерухома ляжаў на перавязачным пункце. Налівайка не крычаў і не войкаў, ні на што не скардзіўся і нічога не патрабаваў. Цела яго было халодным, твар спалатнелы, як у мерцвяка, погляд нерухомы, нібы ён глядзеў удалечыню, пульс ледзь-ледзь праслухваўся. На пытанні ён зусім не адказваў. Становішча яго было цяжкае, ён ледзь прыкметна дыхаў.

— Бедны салдацік, а старэнькі які,— цяжка ўздыхнула бабулька Марыля, гаспадыня хаты, у якой змяшчаўся палявы шпіталь. А калі ўсе выйшлі ў сенцы, яна стала на калені і ціха шаптала: — Сыходзіліся, зліваліся дзве гары... зрасцецца цела з целам... костка з косткаю... жыла з жылаю...

У хату ўвайшоў малады энергічны хірург Астап Галота. Ён узяўся за аслабелую руку параненага і нахмурыў бровы. Звярнуўшыся да афіцэра сувязі, які з ім прыйшоў, хірург сказаў:

— Далажыце генерал-маёру, што становішча параненага Налівайкі (урач хацеў сказаць безнадзейнае, але ўстрымаўся) вельмі цяжкае... Усё ж паспрабую... прыму ўсе меры... за вынікі не ручаюся...

— Ёсць,— казырнуў афіцэр сувязі і хутка выйшаў.

Хірург вырашыў перш зрабіць пераліванне крыві, а потым аперыраваць. Забегалі сёстры, а больш за ўсіх клапацілася бабулька Марыля: ёй чамусьці асабліва шкада было параненага.

Налівайку хутка зрабілі пераліванне крыві. Становішча параненага крыху палепшылася, і хірург здолеў зрабіць яму складаную аперацыю: ампутаваць нагу, а на другую налажыць гіпс і дастаць з твару невялічкі асколак, які аслабеў і не вылез з-пад скуры. Але ў той момант, калі здавалася, што жыццё Налівайкі выратавана, наступіла рэзкае пагоршанне яго становішча. А праз некалькі хвілін перастала біцца сэрца і спынілася дыханне.

— Памёр салдацік, а недзе, можа, чарада дзяцей, жонка, маці чакаюць і больш не прычакаюцца,— гаварыла голасна бабулька Марыля. Бабка сама сабе мармытала, але ўсе чулі: — Санітар казаў, што гэты салдацік адзін сорак ерманскіх танкаў адагнаў... Колькі ён людзей уратаваў!.. А тут гэтулькі дактароў не могуць адхадзіць аднаго чалавека...

— А што, каб паспрабаваць вярнуць чалавеку жыццё? — уголас падумаў Астап Галота, і цяпер чамусьці ў яго асабліва адчуўся ўкраінскі акцэнт, мусіць, на матчынай мове лягчэй было думаць. — Галоўнае — не ўпусціць часу.

Хірург загадаў хутка падрыхтаваць патрэбную апаратуру. Забегалі ўсхваляваныя ўрачы і сёстры. Калі апаратура была ўстаноўлена, Астап Галота пачаў нагнятаць кроў і адначасна, уставіўшы металічную трубку ў дыхацельнае горла параненага, уводзіў паветра ў лёгкія з дапамогай спецыяльных прыладаў.

Не больш як праз гадзіну ў параненага забілася сэрца, а праз некалькі хвілін з’явілася самастойнае дыханне, і праз некалькі гадзін Налівайка апрытомнеў.

— Дзе я? — слабым голасам запытаўся Налівайка. — Чаму я нічога не бачу?

— Будзеце бачыць,— заспакойваючы, сказаў хірург. Ён быў узрушаны, задаволена пасміхаўся, што ўдалася такая рэдкая і складаная аперацыя.

— Жывы! — узрадавалася бабулька Марыля.

— Хвораму патрэбны абсалютны спакой,— паглядзеўшы на бабульку Марылю, сказаў хірург, і ўсе выйшлі з хаты, акрамя ўрача.

Налівайка трызніў:

— Каля пчалы патрэбна, каб хадзіў акуратны і спакойны чалавек... Пчала любіць догляд... Рой!.. Бачылі, колькі раёў... Хрысціна!.. Я жывы...

Санітары знайшлі ў гімнасцёрцы Налівайкі запіску, у якой гаварылася:

«Дарагія таварышы!

Калі загіну ў баі, прашу лічыць мяне камуністам.

Ігнат Налівайка».

У гэты час зайшоў у шпіталь генерал-маёр Крывашэйн. Яму паказалі запіску.

— Налівайка варты таго, каб быць камуністам,— сказаў генерал.

Даведаўшыся ад урача пра стан здароўя хворага, павіншаваўшы маладога хірурга з удалай аперацыяй, ён выказаў меркаванне, што добра было б пакласці Налівайку ў нармальныя клінічныя ўмовы.

— Вы самі не ўяўляеце, што вы зрабілі,— гаварыў генерал-маёр Крывашэйн, звяртаючыся да хірурга.— Над праблемай ажыўлення нябожчыка працавалі далёкія нашы продкі... Але аднымі заклінаннямі не паднімеш чалавека... Узброіўшыся сучаснай навукай, вы зрабілі скачок у будучыню... Ваш вопыт прадоўжаць і дасягнуць яшчэ большага...

Пад вечар хірург Астап Галота з хворым Ігнасём Налівайка пакінулі палявы шпіталь у вёсцы Брылёўка. Іх праводзілі: генерал, усе супрацоўнікі шпіталя і мясцовыя сяляне. Зрабіўшы круг над вёскай, лётчык паківаў крыллямі і ўзяў курс на Маскву. Бабулька Марыля перахрысціла ў паветры самалёт і ціха прашаптала:

— Шчаслівай дарогі!

Праз двое сутак, ужо будучы ў Маскве, Налівайка ўгледзеў запаленую лямпу, а праз некалькі дзён разгледзеў свайго ўрача, які не адыходзіў ад хворага. Праз два тыдні пасля аперацыі Налівайка прачытаў некалькі радкоў тэксту ў газеце.

 

Войскі Савецкай Арміі з баямі рваліся на захад. Не памагалі гітлераўцам ніякія іх умацаванні. Трэцяга ліпеня тысяча дзевяцьсот сорак чацвёртага года быў вызвалены Мінск, а праз некалькі дзён і вёска Слабада, у якой жыла Хрысціна. Цяпер яна кожны дзень чакала весткі ад мужа. І вось аднаго дня Хрысціна атрымала пісьмо з фронту — пісаў мужаў саслужывец; ён паведамляў, што ў баі пад Віцебскам Налівайка быў цяжка паранены і, мусіць, не выжыў. Саслужывец сваімі вачыма бачыў смяртэльна параненага яе мужа, разумеў, што ніякіх надзей на яго выздараўленне не было, бо ён сцёк крывёю. І яшчэ саслужывец пісаў, што яна павінна ганарыцца сваім мужам, ён сапраўдны чалавек. Саслужывец хацеў быць падобным на Налівайку, адважнага і гордага сына свае Радзімы.

Засмуцілася Хрысціна, яна доўга горка плакала, ламала рукі, а нарэшце прымірылася, што не ў яе аднае гора і што не адна яна асталася ўдавою, а дзіця сіратою. Ёй хацелася толькі даведацца, дзе пахаваны яе муж, і яна напісала пра гэта ў часць, дзе ён служыў.

А Налівайка гэтым часам правіўся, твар зарубцаваўся, ён прабаваў ужо хадзіць на пратэзнай назе. Налівайка вырашыў не пісаць дадому, што астаўся калекам, каб не прымушаць Хрысціну раней часу пакутаваць. І прыехаць ён хацеў пад чужым прозвішчам, нібы мужаў сябра, і сказаць жонцы, што яе муж астаўся калекам і ці прыме яна яго такім, а калі адмовіцца, нічога ёй не казаць і пайсці ў свет. Калі рукі ёсць, то будзе на стале і кавалак хлеба. А што Хрысціна яго не пазнае, ён у гэтым быў упэўнены. Шрам на твары і вусы, якія ён за гэтыя гады адгадаваў, зусім змянілі яго аблічча.

 

Аднойчы пасля паўдня Налівайка злез на паўстанку Пагарэлы двор. Там стаяла адна-адзіная падвода з Слабады, хлопчык з сялянамі прывозіў здаваць збожжа, але тыя паехалі ўжо. Неўзабаве яны рушылі ў дарогу. На мышастым коніку яны трушком ехалі па знаёмай дарозе, падымаючы лёгкі пыл, які адносіла ўбок. Хлопчык расказваў Налівайку пра слабадскія навіны, якія адбыліся за час вайны. Ад хлопчыка ён даведаўся, што ў Слабадзе яго, Ігнася Налівайку, лічаць забітым і нібы ён быў вялікім начальнікам, камандаваў у баі цэлай часцю.

Яны ўехалі ў дрымучы лес. Гаманілі хвоі, сведкі нядаўніх гарачых дзён. Відаць былі завалы, пасткі, якія наладжвалі партызаны. Цяпер у лесе было так ціха, што нават быў чутны камарыны перазвон. Налівайка заўважыў, як упаў жоўты кляновы лісток, падобны на гусіную лапу. «Восень на дварэ,— падумаў Налівайка.— Як там дома?» Хлопчык апавядаў пра кожную падзею, якая тут адбылася, нібы сам быў удзельнікам яе. І чым бліжэй яны пад’язджалі да Слабады, тым больш Налівайка хваляваўся. Са слоў хлопчыка ён даведаўся, што яго сын вельмі ганарыцца сваім бацькам і крыху задзірае нос, а жонка Хрысціна паплакала і перастала. Да Хрысціны прыходзілі сваты, але яна і гаварыць з імі не стала, усё чагосьці чакае, не верыць, што яе муж загінуў. «Ну і малайчына,— падумаў Налівайка,— столькі гора звалілася на долю гэтай жанчыны. Дый я вінаваты, трэба было напісаць, што жывы». Калі хлопчык гаварыў, Налівайка ганарыўся тутэйшымі людзьмі, што ў час суровых выпрабаванняў яны не пакарыліся і не сталі на калені. Такі народ будзе жыць! Калі хлопчык расказаў пра жыццё-быццё яго жонкі і іншых кабет, што, нягледзячы на пагрозу смерці, усім памагалі партызанам, а потым нават узялі вілы і дубіны,— задаволена пасміхаўся, думаючы: «Горача тут было фашыстам». Змяркалася, калі Налівайка прыехаў дадому. Усё тут было блізкім і родным, а дзве бярэзінкі, якія ён пасадзіў у той год, калі пажаніліся з Хрысцінай, ужо высока ўзнімаліся над хатай. Праўда, у адной з іх асколкам снарада была адламана галіна, але бярэзінка жыла.

— Я сябра вашага мужа, мы з ім разам служылі ў адным палку,— сустрэўшы Хрысціну, гаварыў, хвалюючыся, Налівайка. Хрысціна з падаткнутай спадніцай упраўлялася каля гаспадаркі. Яна занепакоілася і прывяла сябе ў парадак. Налівайку хацелася кінуцца да Хрысціны, абняць яе, прыціснуць да грудзей, расцалаваць, але ён сябе стрымліваў. Яшчэ больш Налівайка захваляваўся, калі ўгледзеў сына, які памагаў маці ў рабоце.— Вам пісалі, што ваш муж загінуў... Але, як высветлілася, ён быў цяжка паранены... і выжыў...

— Жывы! Жывы мой Ігнасёк! Жывы, родны! — узрадавалася Хрысціна. Яна плакала і смяялася. — Вы з ім служылі? Разам? А божухна, якое шчасце! Заходзьце, калі ласка, у хату, расказвайце. Гэта вы пісалі мне? Чаму вы не адказалі на маё пісьмо? Каб вы ведалі, як мы чакалі адказу... Сынок, наш татка жывы!.. Ты не будзеш сіратою...

— Жывы, а толькі... — абапіраючыся на палку, прайшоў да лавы Налівайка.

— Вы хочаце сказаць, што ён калека? Гаварыце. Я да ўсяго падрыхтавана. Які б ён ні быў, хоць без ног, абы жывы... Я яго не кіну, не-е! Ён жа на вайне стаў калекам... нас абараняючы... Жывы, мой саколік! — і Хрысціна запаліла лямпу.

Хлопчык падышоў да «невядомага» дзядзькі, разглядаў яго ўзнагароды; ён думаў: «Пэўна, і ў майго таткі ёсць ордэны, дый напэўна ёсць!»

— Ну, Віця, як ты тут без бацькі гадаваўся? — спытаўся Налівайка.

— Адкуль вы ведаеце, што майго хлопчыка Віцем завуць? — зацікавілася Хрысціна. — Вам муж гаварыў? — і раптам схамянулася, вельмі ж ужо голас знаёмы, пачала прыглядацца. — Ігнаська! Няўжо ты? Мой родны! Дарагі! Нібы з таго свету... Але ж трэба так падрабіць голас... Як з-пад зямлі загаварыў...

І Хрысціна, радасная, павісла на шыі мужа; яна цалавала яго ў вусны, у параненую шчаку, у бровы.

— А такі нібы з таго свету... — пасміхаючыся ў вус, гаварыў Налівайка. — Не завідна там... Сынок мой, ну падыдзі да мяне! Хіба не рады бацьку? А які ты вялікі вырас! А я ўяўляў цябе такім, якім пакінуў!

Налівайка схапіў на рукі сына і моцна прыціснуў да сябе. Ён частаваў сына цукеркамі, якія яшчэ ў шпіталі падрыхтаваў для малога. Налівайка не ўтрымаўся, каб адразу ж не расказаць жонцы, як яму было вернута жыццё. Малады ўрач Галота выратаваў. Сам генерал Крывашэйн на самалёце адпраўляў яго з урачом у Маскву.

— Дзякуй савецкім вучоным,— шчыра вымавіў Налівайка.— Ну, а вы як тут жылі?

— І мы пры фашыстах хадзілі, як пад зямлёю,— гаварыла Хрысціна, шчокі яе гарэлі макавым цветам.— Выходзіць, што Савецкая Армія і нам вярнула жыццё. Яно так і ёсць!

— Хрысціна, а як нашы пчолы?

— Гітлераўцы з сотамі выдралі, ліха на іх галаву.

— Ну што ж, абы жылося — завядзем новыя.

У гэты час зайшоў калгасны пісьманосец, ён прынёс паведамленне ад генерал-маёра Крывашэйна, што Ігнась Налівайка жывы, знаходзіцца ў шпіталі ў Маскве і што ён хутка павінен вярнуцца дадому.

Неўзабаве ў хаце набралася гэтулькі народу, што не было дзе яблыку ўпасці. Усе хацелі паглядзець на свайго аднавяскоўца і паслухаць праслаўленага салдата. На стале з’явілася чарка. Гаманілі людзі. І Хрысціна, узяўшы чарку, упершыню за гады вайны заспявала, а песня была ад сэрца, на поўныя грудзі, песня ад душы.

1945

 


1945

Тэкст падаецца паводле выдання: Гурскі І. Лясныя салдаты: Апавяданні і аповесць. – Мінск, Мастацкая літаратура, 1979. – 552 с., 1 л. іл. – (Б-ка беларус. прозы)
Крыніца: скан