epub
 
падключыць
слоўнікі

Ільля Гурскі

Жалейкава града

 

 

Я чуў гэты расказ ад вясковага паляўнічага.

Залатой восенню, удваіх, мы паехалі ў палескія лясы на паляванне. Стрэльбы ў нас былі адменныя: у мяне — айчыннай вытворчасці, па-мастацку аздобленая бескурковая дубальтоўка, а ў майго сябра — фірмы Заўэра, дарагое ружжо. Мы надзелі камбінезоны для палявання, курткі, асеннія шапкі-вушанкі, балотныя боты і падперазаліся патранташамі. У мяне за плячыма — паляўнічая сумка — ягдташ, а ў майго сябра — крошні. Запасліся мы таксама сеткамі для нашэння дзічыны. Адным словам, выгляд у нас быў сапраўдных паляўнічых.

Чаму мы выбралі менавіта Палессе? Па-першае — ніколі там не былі, хацелася паглядзець гэты край, а па-другое — у паляўнічым магазіне пачулі размову спрактыкаваных паляўнічых, што на Палессі ёсць добрыя бакасавыя і цецеруковыя месцы. Ну, а зайцы — яны ўсюды трапляюцца. Яшчэ ў суботу, прыляцеўшы на самалёце ў Пінск, мы адразу на спадарожнай машыне падаліся ў глыбіню Палесся. Заначавалі ў вёсцы Забалоцце. Хлебасольная гаспадыня частавала нас сопкай бульбай з кіслымі агуркамі, сырадоем, а мы яе малых дзяцей — пячэннем і цукеркамі. Меншы, гадоў трох, хлопчык, з чорнымі быстрымі вочкамі, усё падбіраўся да нашых стрэльбаў: падкрадзецца і гладзіць чахлы, але большыя хлапчукі неўзаметку давалі яму штурхеля і адганялі.

Усталі мы рана, выпілі малака і пайшлі. Першае, што за вёскай кінулася нам у вочы, хоць год быў сухі,— шмат усюды вады і нейкая яна ржавая. Мы прайшлі вялікае топкае балота, травяныя тарфянікі, усыпаныя купінамі, зарослыя асакой і пушыцай. Яшчэ здалёку мы ўбачылі пазалочаны лес, а каля яго стагі парыжэлага сена і сінюю стужку пакручастай, з нізкімі берагамі, рачулкі. Мы спадзяваліся на ўдачу: увечары гаспадар расказваў нам, што тут можна спаткаць мноства дзічыны. А ў апошнія гады нават янота проста ўбачыць, хоць яго і забаронена страляць. Прызнацца па праўдзе, у нас дух займала пры думцы аб блізкасці паляўнічага шчасця. Але прайшлі балота — і хоць бы ўгледзелі якую-небудзь птушку. Нарэшце ўвайшлі ў лес; пад нагамі зашапацела пажухлае лісце. Глухамань была такая, што нам здавалася — тут і мядзведзя можна напаткаць. На ўсякі выпадак мы падрыхтавалі патроны, набітыя кулямі. Шумеў лес, спяваючы сваю бясконцую песню. Пахла вільгаццю, перапрэлым лісцем. Чым далей мы ішлі па ўскраі лесу, тым больш змяняўся малюнак; чаргаваліся пясчаныя прасторы, астравы, берагавыя валы дзюнаў, віднеліся балоты. Пасля мы павярнулі ў глыбіню сасновага бору і апынуліся ў мохавых балотах, якія плямамі сустракаліся на пясках. Доўга мы хадзілі па градзе; тут раслі шыракалістыя пароды дуба і граба, ліпы і клёна, вяза і ясеня. Асаблівае ўражанне рабілі магутныя векавыя дубы; любуючыся прыгажунамі, мы забывалі, што прыйшлі на паляванне. І шум пушчы тут быў нейкі паважны і велічны. Потым мы наткнуліся на магілу-курган і на камені-помніку прачыталі: «Тут пахаваны Лявон Жалейка. Ад сялян вёскі Карэлічы».

Стаміўшыся, мы накіраваліся на ўскрай лесу, каб трохі перакусіць. Нам стала холадна, трэба было раскладаць касцёр, каб крыху пагрэцца, дый каля агню неяк весялей чалавеку. Ламачча ўсялякага тут хапала, хоць гаць гаці. Мы распалілі вялізны касцёр і збіраліся падмацавацца. Раптам даляцела яхканне ганчака, потым грымнуў стрэл — недалёка хадзіў паляўнічы. Нас зацікавіла, якое ж яго паляўнічае шчасце. Чакаць доўга не давялося, да нас падышоў вясковы чалавек з бярданкай, у куртцы з армейскага шынельнага сукна, у старой вайсковай з малінавым аколышам шапцы з патрэсканым брылём, у крамных чорных майтках і ботах з кірзавымі халявамі. Рабаціністы, з вогненна-рыжага колеру калючкамі на ўпалых шчоках і на барадзе з ямкай, твар вясковага паляўнічага свяціўся радасцю, маленькія быстрыя вочкі смяяліся. Дык як было яму не радавацца: ён увесь быў увешаны дзічынаю, а зайца, якога толькі што забіў, трымаў у руках.

— Дзень добры! — ветліва прывітаўся ён, кладучы шэрага. Паляўнічы разрадзіў і павесіў на сук елкі бярданку руляю ўніз.— Можна каля вас прыпыніцца?

— Калі ласка,— адказаўшы на прывітанне, наперабой запрашалі мы, з зайздрасцю паглядаючы на дзічыну.— Просім! Давайце перакусім разам!

Мы сталі раскладаць закуску, дасталі каньяк, дарожныя чаркі. У гэты час над намі закружыў груган. Мы схапілі стрэльбы. Бах-бах! Але з гругана і перца не ўпала.

— А каб яго качкі, апошні набой на гэта паскудства прыходзіцца псаваць,— вясковы паляўнічы хутка зарадзіў бярданку, злажыўся і стрэліў. Груган сутаргава ўзмахнуў крыллямі і каменем паляцеў на зямлю.— Рыжок, прынясі! — скамандаваў ганчаку паляўнічы.

Рыжы сабака з светлымі грудзямі і белымі пярэднімі лапамі імкліва кінуўся ў гушчар. Неўзабаве ён заскавытаў. Мы хацелі бегчы на дапамогу; відаць, груган яшчэ быў жывы і не даваўся сабаку.

— Нічога, рыжы яго аходае,— запэўніў вясковы паляўнічы.

І сапраўды, хутка Рыжок прыцягнуў птушку. Пер’е на крыллях драпежніка аж сінела. Я ўзяў гругана за адно крыло і падняў на ўзровень грудзей — перабітае другое крыло даставала зямлі. Мы пагадзіліся, што з яго будзе добрае чучала.

Мой сябра хацеў зарадзіць стрэльбу.

— Не варта трымаць стрэльбу зараджанай,— параіў вясковы паляўнічы.

— А засцерагальнік для чаго?! — запярэчыў мой сябра.

— Стрэльбы, каб на іх качкі, адзін раз у год самі страляюць,— не згадзіўся вясковы паляўнічы.— Неяк раз я быў на паляванні з адным настаўнікам, дык ён ледзь не забіў майго друга,— вясковы паляўнічы паказаў на ганчака.— Ну што ж, Рыжок, падсілкуемся! — Паляўнічы, перш чым самому паесці, стаў карміць сабаку.— Ты сёння добра папрацаваў.

Мы запрасілі вясковага паляўнічага выпіць з намі па чарцы, ён ахвотна згадзіўся, але ад шпротаў і чорнай ікры з рускай булкай адмовіўся, а закусваў салам, прыпраўленым часнаком і рознымі іншымі прысмакамі («сала шмат трывалей!»), з пахучым чорным хлебам, спечаным на аеры. Ён прапанаваў і нам паспытаць сала вясковай засолкі. Для прыліку мы ўзялі па скрыліку ружаватага сала, але яно было такое смачнае, што мы адклалі ўбок усю нашу закуску.

Падсілкаваўшыся, мы разгаварыліся. Наш новы знаёмы — Рыгор Рэкуць, былы партызанскі снайпер, а цяпер брыгадзір калгаса «Палессе». Ці то ад кастра, ці ад чаркі вясковы паляўнічы расчырванеўся, ад яго дыхала здароўем. Размова ў нас зайшла пра палешукоў, і мы, гарадскія, сцвярджалі, што вельмі ж ужо яны нейкія нясмелыя і ціхія людзі.

— Нясмелыя — гэта як сказаць, а ціхія — да пары,— рашуча запярэчыў Рэкуць.— Для прыкладу ўзяць хоць бы нябожчыка Лявона Жалейку; які гэта быў чалавек, ого!

— А хто такі Жалейка? — не вытрымаў я.

— Хто такі Жалейка? — перапытаў Рэкуць, збіраючыся з думкамі.— Паляшук,— з гордасцю вымавіў ён.— Амаль усё жыццё Лявон Жалейка батрачыў у тутэйшага пана Жылінскага і толькі тады зажыў па-чалавечы, калі браты з усходу падалі нам руку дапамогі. Дарваўшыся да зямлі, ён працаваў як вол, каб дзяцей вывесці ў людзі. Залаты быў чалавек, з характарам, уга!

— Чаму ён у лесе пахаваны? — спытаўся мой сябра.

— Не забягайце наперад, усё раскажу.— Рэкуць падумаў і працягваў: — Пасля вызвалення ад панскай няволі Жалейка атрымаў зямлю, пабудаваўся і жыў у вёсцы Карэлічы. Росту ён быў — мне рукой не дастаць, крыху сутулы, белавусы, з зыркімі блакітнымі вачыма, доўгімі ў мазалях рукамі. Хадзіў Жалейка ўлетку босы, у белых зрэбных портках і даўгой кужэльнай кашулі, падпяразаны вузенькім паяском, а ўзімку абуваў лапці і апранаў кажух увесь у латках. Першыя свае юхтовыя боты, пашытыя перад вайною, ён так і не данасіў. Жонка ў яго была маленькая, худзенькая, з прыгаршчы кабеціна. У іх было чатырнаццацера дзяцей, праўда, выжылі з іх толькі шасцёра, чатыры хлопцы і дзве дзяўчыны, астатнія памерлі.— Рэкуць глянуў на нас.— Ці мо вы стаміліся?

— Што вы гаворыце! — усклікнулі мы.— Цікава паслухаць.

— Да самай вайны з фашыстамі Жалейка вёў аднаасобную гаспадарку, ніяк не мог нацешыцца з зямлі, пра якую з маленства марыў. У нядзелю, бывала, выйдзе на палетак, возьме ў жменю кавалак глебы, расцісне на далоні і рассее.

Вайна была вялікім горам для людзей. У Карэлічах няма такой хаты, каб каго не пакалечылі або не забілі фашысты. Вядома, вёска на скрыжаванні дарог. Пайшлі і Жалейкавы чатыры сыны ў армію. Дочкі да гэтага часу павыходзілі замуж. Старыя засталіся адны. Калі наша армія адступала, Жалейчыха горка плакала, дзялілася з салдатамі апошнім кавалкам хлеба. Але неўзабаве іх меншы сын, Андрэй, пакруціўшыся недзе, вярнуўся дадому. Хлопец быў такой прыгажосці, што дзяўчаты з яго вачэй не зводзілі. Ды толькі не доўга ён аціраўся дома, а падаўся на «сабачы хлеб», у «бобікі» (паліцаі) і нечым так выслужыўся, што хутка стаў начальнікам.

Гэта старых надламала. Бацька сланяўся, як цень, але яшчэ трымаўся, маці ж, пасля таго як пабыла ў Андрэя і на каленях прасіла яго кінуць сабачую службу і не ганьбіць увесь іх род, а сын не паслухаў яе,— зусім здалася. Яна не паказвалася ў вёсцы, дні і ночы плакала, аслепла ад слёз, адраклася ад сына і пракляла яго. Нарэшце звар’яцела і неўзабаве памерла. Яе праводзілі ў апошні шлях толькі Жалейка і сусед, стары дзядок. Яны, абодва згорбленыя, ішлі за труною.

Дрэнныя чуткі хадзілі пра Андрэя, шмат людзей ён са свету звёў. Гаварылі, што начальнік паліцыі здзекаваўся з дзяўчат, жанчын і нават дзяцей, якія траплялі ў яго рукі. Потым і старога часта можна было ўбачыць заплаканым. Яму крыўдна было, што ён дажывае свой век сярод людзей, якія пры спатканні пранізваюць яго гнеўнымі вачыма, поўнымі нянавісці. «За што такая кара? — размаўляў уголас Жалейка.— Ды што, у сям’і не без вырадка». І сапраўды, тры сыны яго былі ў арміі, дочкі з мужамі і дзецьмі ў партызанах. Ён і сам не супраць быў пайсці ў партызаншчыну, як ён казаў, але ці ж прымуць? Хто яму паверыць, што ён прыйшоў з чыстым сумленнем? Змыць гэтую пляму можна толькі сваёй крывёю.

У канцы сорак другога года гітлераўцы кінулі на партызан вялікія сілы з артылерыяй і самалётамі. Цэлымі вёскамі ўцякалі ў лес сяляне пад ахову партызан. Аднаго дня ўранні падняліся і Карэлічы, толькі Жалейку і яго суседу, старому дзядку, не было чаго траціць, яны засталіся на месцы. «А чаго Жалейку непакоіцца? — гаварылі аднавяскоўцы.— Яго не крануць фашысты, іх правая рука — яго сын-галаварэз». Яшчэ шмат чаго абразлівага даходзіла да вушэй старога, і сэрца яго аблівалася крывёю.

А пад вечар у апусцелыя Карэлічы з’явіўся атрад паліцыі на чале з Андрэем Жалейкам — прыйшоў у разведку. Андрэй зайшоў да бацькі. Перад старым Жалейкам стаяў у фашысцкай форме, з жалезным крыжам на грудзях, узброены з ног да галавы, малады прыгажун Андрэй. Сын падаў бацьку руку; сэрца не камень — стары працягнуў сваю. «А дзе ж маці?» — спытаў Андрэй. «Памерла,— цяжка вымавіў бацька.— З-за цябе памерла, ты ёй укараціў век». — «Глупства! — холадна сказаў Андрэй.— Прыйшла пара паміраць, дык і памерла». Стары Жалейка, сцяўшы зубы, змаўчаў. Доўга яны тады гаварылі, Андрэй усё дапытваўся ў бацькі пра партызан, але стары ні слова яму не сказаў, хоць і ведаў, дзе яны. Потым бацька расказаў сыну, з якой нянавісцю ставяцца да яго людзі. «Хто-о?» — запытаў Андрэй. Бацька назваў некалькі прозвішчаў, сын іх запісаў. «А навошта ты ўсё гэта бярэш на заметку?» — спытаўся бацька. «Патрапяць яны да мяне, я з іх жывых жылы выцягну»,— адказаў сын. Бацька пашкадаваў, што сказаў пра гэта сыну, але ўсё ж падышоў да яго, па-мужчынску абняў і вымавіў: «Яшчэ не зусім позна, Андрэй, вазьміся за розум, на небяспечны шлях ты стаў. Маці з-за цябе страціла розум. Яна не магла чуць, што ты да людзей ставішся, як і нашы ворагі, не па-чалавечы; у цябе, як і ў іх, нічога няма святога. Ты страціў аблічча чалавека». Але сын спадылба так кальнуў бацьку вачыма, што стары ўздрыгануўся і змоўк. У гэты час на ўскраі вёскі завязалася перастрэлка. Партызаны пацяснілі паліцаяў, і тыя, адстрэльваючыся, уцякалі. Андрэй спалатнеў: «Дзе б схавацца?» — «Хіба ў гумне,— адказаў бацька, услых разважаючы: — А куды я дзенуся ад людскіх вачэй? Нікуды ад ганьбы не ўцячэш. Як змыць пляму?» — «У цябе, бацька, ёсць чым бараніцца?» — не слухаючы старога, спытаў Андрэй. «У сваёй хаце і нож зброя,— спыніў Жалейка погляд на нажы, які быў убіты ў сцяну каля граткі.— У гэтым мой ратунак». Стары ўзяў нож і засунуў за пазуху. Страляніна набліжалася. «Хавай, бацька, мяне хутчэй, іначай і табе дабра не будзе». — «Схаваю!» — мнагазначна вымавіў стары. Андрэй выскачыў з хаты і, прыгінаючыся, пабег у гумно, бацька ледзь паспяваў за ім. «А ён не толькі здраднік, але і баязлівец»,— падумаў бацька. У гумне Лявон Жалейка сказаў: «Лажыся, сынку, цябе тут ніхто ніколі не знойдзе». Толькі Андрэй сабраўся класціся, як бацька ўсадзіў нож у грудзі сыну. «Што ты, тата, зрабіў?» — прастагнаў Андрэй. «Я, сынок, выканаў прысуд маці, яна цябе пракляла і хацела бачыць толькі ў труне». Прыкрыўшы труп, Лявон Жалейка выйшаў на прыгуменне. Сыпаў снег, завываў і скуголіў вецер, ірвучы саламяныя стрэхі. Кругом стралялі, свісталі кулі, але Лявон Жалейка не звяртаў на гэта ніякай увагі. Ён зайшоў да суседа, старога дзядка, пра ўсё яму расказаў. «Правільна ты зрабіў, Лявоне, людзі цябе за гэта не асудзяць». У часе перастрэлкі было падпалена некалькі хат, загарэлася і гумно Лявона Жалейкі, але тушыць пажару не было каму. Партызаны і паліцаі пастралялі і разышліся. Усю ноч Лявон Жалейка правёў каля палаючага гумна, у якім згарэў і труп яго сына.

І без таго пасівелы, Лявон Жалейка за тую ноч стаў белы, як голуб. Ён быў нібы ў нейкім забыцці, да ўсяго абыякавы, гатовы і сабе ўсадзіць нож у сэрца. У такім стане яго і засталі раніцаю гітлераўцы.

— Што тут было? — праз перакладчыка спытаўся фашысцкі афіцэр.

— Учора ўвечары крыху пацапаліся партызаны з паліцаямі,— паведаміў Лявон Жалейка.— Вось у гэтым гумне згарэў начальнік паліцыі, мой сын Андрэй.

— Андрэй Жалейка — твой сын? — перапытаў афіцэр.

— Так,— адказаў стары.

— Тады ты правядзеш нас праз Жабіны балоты на Жылінскага граду,— прапанаваў афіцэр.

— Добра,— адказаў Жалейка.

— Пайшлі! — загадаў афіцэр.

— Я толькі пераадзенуся,— паволі ўстаў Жалейка.

Стары зайшоў у хату, дастаў чыстую бялізну, крамныя порткі, яшчэ перад вайною купленыя, але ні разу не адзяваныя, юхтовыя боты, новы кажух, не спяшаючыся адзяваўся, паглядаючы на сцены новай хаты, нібы назаўсёды развітваючыся з ёю. А калі афіцэр адвярнуўся, стары неўзаметку сунуў пад кажух нож.

Потым Жалейка ўстаў, перахрысціўся перад абразамі і сказаў:

— Можам ісці.

— Партызаны на Жылінскага градзе зімуюць? — павярнуўшыся да Жалейкі, спытаў афіцэр.

— Не ведаю,— адказаў Жалейка.— Партызаны, што птушкі, сёння тут, а заўтра там.— Стары падумаў.— А толькі, пан афіцэр, павінен вас папярэдзіць, што праз Жабіны балоты нават зімою нялёгка прайсці. Глядзіце, каб у дарозе не дакаралі, цяжкі будзе шлях.

— Вядзі! — сказаў афіцэр; гэта быў загад.

Адчуваючы нядобрае, да Жалейкі зайшоў сусед, стары дзядок. На двары яны спаткаліся. Дзед нічога не гаварыў, а толькі сурова глянуў на Жалейку, нібы пытаючыся, куды ён ідзе.

— Як вы мяркуеце, дзед, кудою лепей прайсці па Жабіных балотах на Жылінскага граду, мусіць, цераз Броды? — голасна спытаўся Жалейка, бо сусед недачуваў.

— Угу,— паспакайнеў той, у думках благаслаўляючы Жалейку.— Другой дарогі няма для гэ...— ён на паўслове абарваў гаворку.

...Лявон Жалейка на чале фашысцкага атрада цяжка крочыў па Жабіных балотах, месцамі правальваючыся па калені. За ім мясілі гразь гітлераўцы. Дзьмуў сіберны вецер, мяло, за некалькі крокаў перад сабою нічога не было відаць. Праз некаторы час трохі сцішылася. Ужо некалькі гадзін Лявон Жалейка хадзіў па кругу сярод непраходных балот. Вясковыя дазорцы заўважылі варожы атрад, пазналі правадніка і, здагадаўшыся, у чым справа, паслалі сваіх сувязных, каб сказаць партызанам. Нарэшце Лявон Жалейка завёў фашыстаў у такую дрыгву, што ніякага выйсця адтуль не было: з трох бакоў «зыбуны» — вада ніколі не замярзала, а дарогу назад павінны адрэзаць партызаны.

Лявон Жалейка спыніўся, выцер шапкаю пот на лбе, расшпіліў кажух і, цяжка ўздыхнуўшы, прамовіў:

— Ну вось, шлях мой скончаны... Дзеці, я дзеля вас гэта зрабіў!.. Спадзяюся, што род мой паляшуцкі не ўспамяне Лявона Жалейку благім словам...— Стары выхапіў з-за пазухі нож.— А вам, пачвары, тут будуць канцы...

І, не чакаючы расправы, Лявон Жалейка сам усадзіў сабе нож у сэрца. Гітлераўскі афіцэр, спахапіўшыся, што трапіў у пастку, са злосці разрадзіў у старога пісталет. У стане ворагаў паднялася паніка. Падаспелі партызаны, завязаўся бой. Хто з фашыстаў быў забіты, хто захлынуўся ў балотах, а каго ўзялі ў палон.

Толькі на другі дзень мы адшукалі скрамсанае цела Лявона Жалейкі і пахавалі на Жылінскага, цяпер Жалейкавай, градзе, з партызанскімі ўшанаваннямі. А калі скончылася вайна, сяляне вёскі Карэлічы насыпалі там курган і паставілі помнік.

Рыгор Рэкуць цяжка ўздыхнуў.

— Гэта ўсё, што я меўся расказаць. Вось якія бываюць палешукі.

— І сапраўды,— усхапіўся з месца мой сябра.— Прайсці праз вякі і не схіліцца перад чужынцамі, пераадолець нястачу і здзекі, каўтун, захаваць свае песні,— а песня — душа народа,— маглі толькі смелыя і моцныя людзі...— Ён звярнуўся да мяне: — Цікава, гатовае апавяданне...

— Ага, каб хто запісаў,— згадзіўся Рэкуць.

— Калі дазволіце, то я паспрабую,— сказаў я.

Ужо было позна, мы збіраліся ў дарогу. Нам трэба было зрабіць вялікі круг, каб выйсці на шашу. Рэкуць паглядзеў на нашы парожнія паляўнічыя сумкі і прапанаваў нам па зайцу.

— А колькі будзе каштаваць? — спытаўся мой сябра.

— Паверце мне, я ніколі дзічыны не прадаваў,— адмовіўся Рэкуць.— Гэта вам мой падарунак.

— Мы прымаем ад вас зайцоў толькі пры ўмове, што вы возьмеце наш падарунак з горада — порах і шрот,— сказаў я.

— Вельмі буду рады,— задаволена ўсміхнуўся Рэкуць.— А то ў нас цяжкавата ўсё гэта даставаць.

Мы з удзячнасцю ўзялі зайцаў, каб дома з нас не смяяліся. Рыгор Рэкуць напрасткі правёў нас цераз балоты на шашу. Мы запісалі яго адрас і, развітаўшыся, пайшлі ў кірунку Пінска, спадзеючыся сесці на спадарожную машыну.

1955

 


1955

Тэкст падаецца паводле выдання: Гурскі І. Лясныя салдаты: Апавяданні і аповесць. – Мінск, Мастацкая літаратура, 1979. – 552 с., 1 л. іл. – (Б-ка беларус. прозы)
Крыніца: скан