Ірына Масляніцына, Мікола Багадзяж

Балерына і кароль (Апалонія Дарэўская)

Апалонія Дарэўская, другая палова XVIII ст.

 

...пан Тызенгаўз прыслаў танцорак -

Увесь кардэбалет, дзяўчатак мо

пад сорак...

А.Міцкевіч. «Пан Тадэвуш»

 

Апалоніі Дарэўскай, прыгоннай танцоўшчыцы Антонія Тызенгаўза, пашанцавала: у архівах захаваліся дакументы, па якіх можна з большай ці меншай дакладнасцю прасачыць яе шлях ад маленькай навучэнкі Гарадзенскай тэатральнай школы да бліскучай прыма-балерыны прыдворнага тэатра. Дзякуючы гэтаму, яшчэ адзін эпізод нашага мінулага набыў жывы, чалавечы твар. Апалонія Дарэўская - адна з тысячаў безыменных постацей, хто паклаў сваё жыццё на алтар мастацтва, хто стаяў ля вытокаў з'явы агульнаэўрапейскага маштабу, імя якой - беларускі балет.

Гісторыя каралеўскай сільфіды пачалася ў 1774 г. у Горадні, калі саракагадоваму падскарбію надворнаму літоўскаму, вялікаму аматару мастацтва Антонію Тызенгаўзу прыйшло ў галаву адкрыць сваю тэатральную школу. У ёй павінны былі выхоўваць з таленавітых сялянскіх дзяцей артыстаў для оперна-балетнай трупы тэатра Тызенгаўза. Тэатр гэты з'явіўся ў Горадні яшчэ раней - у 1769 г. Шмат у чым Антоній Тызенгаўз быў ахвярай моды, якая нарадзіла ў Заходняй Эўропе цэлы шэраг цудоўных прыватных тэатраў. Спачатку ў тэатры падскарбія надворнага літоўскага выступалі пераважна іншаземныя артысты, якіх Тызенгаўз запрашаў у Горадню, каб прыемна праводзіць свой вольны час і дастаўляць задавальненне гасцям, якія даволі часта наведвалі яго велікапышны палац. Але ён быў не толькі меламанам, а і ў поўнай меры патрыётам (і гэта - нягледзячы на сваё іншаземнае паходжанне!). Ён даволі хутка зразумеў, што тэатральныя пастаноўкі не пагоршацца ад таго, што італьянцаў у іх заменяць беларусы. З прыгонных можна будзе скласці пастаянную трупу, працаваць з якой будзе значна лягчэй. Так узнікла ў Горадні тэатральная школа.

У яе пачалі набіраць сялянскіх дзяцей з васьмігадовага ўзросту. У першы набор трапіла і маленькая Апалонія. Развітваючыся з ёю, бацькі галасілі, як па нябожчыцы. Палохалі панскія выбрыкі. У вёсках Тызенгаўза хадзілі чуткі, што ў школе збіраюцца зрабіць з дзяцей бязбожнікаў, навучыць распусце, загубіць чыстыя дзіцячыя душы.

Неадукаваныя бацькі Апалоніі не маглі зразумець, што чакае іх дачку, але адчувалі, што ёй будзе вельмі цяжка.

Дзяўчынка была залічана ў клас танца. Акрамя яго, існавалі яшчэ два: клас спеваў і клас музыкі, у якім дзяцей вучылі ігры на розных музычных інструментах. Агульнымі для ўсіх вучняў былі такія дысцыпліны, як нотная грамата, тэорыя музыкі, пісьмо, маляванне, французская і ангельская мовы, арыфметыка. Дзяўчынкам выкладалі яшчэ і рукадзелле.

Заняткі цягнуліся ўвесь дзень - дванаццаць гадзін. Напачатку дзеці хутка стамляліся і пераставалі ўспрымаць тое, што ім выкладаюць. За гэта іх сурова каралі. Пасля цяжкая праца стала звычнай.

Любімым настаўнікам Апалоніі быў харэограф-італьянец Гаэтана Петынеці. Ёй было цікава ўсё, што расказваў і паказваў гэты чалавек. Сам цудоўны танцоўшчык, Петынеці знаёміў сваіх вучняў з усім тым прагрэсіўным, што адбывалася ў свеце танца. Ад яго даведалася дзяўчынка пра тое, як у Італіі трыста гадоў назад узнік упершыню новы тып тэатральнага мастацтва - балет; як змяняліся, станавіліся больш лёгкімі і раскаванымі з цягам часу рухі танцоўшчыкаў; як зусім нядаўна ў Францыі артысты балета ўсталі на высокія паўпальцы, што стварыла незвычайны для танцаў усіх часоў і народаў эфект лёгкасці, паветранасці. Цяпер балерына сваім вялікім падабенствам можа паказаць у танцы лятучую паходку німфы альбо сільфіды.

Пасля гэткіх аповедаў хацелася працаваць з яшчэ большай стараннасцю. У Апалоніі аказалася вельмі гібкае цела і вялікая вынослівасць, што фармавала ў ёй стройную, тоненькую і ладную дзяўчыну. У адзінаццаць гадоў яна ўжо была зачаравана танцам настолькі, што ні аб чым іншым, акрамя сцэны, не магла і марыць. Менавіта ў гэтым узросце ёй упершыню была даверана невялічкая роля ў школьным спектаклі «Вясковы балет» - адной з маленькіх сялянак, сябровак галоўнай гераіні. Тым не менш Апалонія адчувала сябе на сцэне вельмі ўпэўнена. «Вясковы балет» быў задуманы Петынеці як своеасаблівая справаздача перад Тызенгаўзам. Падчас спектакля харэограф-настаўнік, які выконваў галоўную ролю, найбольш цяжкую, папераменна прадстаўляў пану сваіх вучняў, паказваў, што яны могуць.

Пан застаўся задаволены. Пасля было яшчэ некалькі вучэбных спектакляў: «Квартэт дудароў», «Балет пекараў». Петынеці эксперыментаваў. Ён рабіў свае балеты на мясцовыя сюжэты, выкарыстоўваючы не толькі нацыянальны каларыт, але і пэўныя рухі народнага танца.

Вырашыўшы, урэшце, што вучні яго гатовы для сур'ёзнай работы, харэограф з дазволу Тызенгаўза вывеў іх на сцэну сапраўднага тэатра. Цяпер падлеткі-танцоўшчыкі ўпрыгожвалі сваім мастацтвам многія спектаклі. Але для галоўных роляў яны былі яшчэ недастаткова дарослымі. Іх выконваў настаўнік і абаяльная пара танцоўшчыкаў-французаў Марэлі, якія неўзабаве атабарыліся ў Горадні.

У 1779 г. адбылася першая асабістая трагедыя Апалоніі. Яе любімы настаўнік вырашыў пакінуць Горадню. Гаэтана Петынеці перацягнуў у свой нясвіжскі тэатр Караль Станіслаў Радзівіл. Перад ад'ездам італьянец прадказаў маленькай танцоўшчыцы вялікую будучыню, як, дарэчы, і іншым сваім вучням: Бжазінскаму, Рымінскаму, Валінскаму, Малінскай і Пякарскай.

Першае пакаленне беларускіх артыстаў балета ўжо нарадзілася. Пасля Петынеці гарадзенскай балетнай трупай, у складзе якой было цяпер больш за 30 прафесійна падрыхтаваных артыстаў, пачалі кіраваць Марэлі - сям'я італьянскіх танцораў.

Але ў наступным годзе адбылася падзея, якая ўскалыхнула адносна спакойнае жыццё прыгонных артыстаў. Антоній Тызенгаўз стаў ахвярай інтрыг сваіх нядобразычліўцаў і трапіў у апалу да караля. Яго абвінавацілі ў палітычнай бяздарнасці, няўдалай гаспадарчай дзейнасці і адхілілі ад кіравання каралеўскімі эканоміямі.

Апальны магнат рэзка адчуў матэрыяльныя цяжкасці, у выніку чаго давялося прадаць будынак тэатра, а артыстаў перавезці ў Паставы, якія належалі ў той час таксама Тызенгаўзу. Маленькі пастаўскі тэатр стаў, па сутнасці, тэатрам балета, бо танцоўшчыкі Тызенгаўза былі больш прафесійна падрыхтаваны, чым спевакі. Іх не сорамна было паказаць нават на каралеўскай сцэне. Пра гэта апальны пан думаў усё настойлівей. Магчыма, кароль, калі яму даставіць задавальненне, зноў наблізіць Тызенгаўза да сябе?

У Паставах Апалонія блізка сышлася з дзвюма таленавітымі дзяўчатамі, Магдаленай Карніцкай і Марыянай Чаклінскай, такімі ж вучаніцамі балетнай школы, як і яна сама. Дзяўчаты ўжо даўно прыглядаліся адна да адной і, урэшце, адчулі сябе здольнымі на сапраўднае сяброўства. У далейшым гэтыя тры выдатныя балерыны былі разлучаны лёсам, але заўсёды з цікаўнасцю сачылі адна за адной. Цяжкі ж шлях станаўлення ім давялося падзяліць на траіх.

У Паставах Апалонію чакала тое ж, што было ў Горадні: доўгія, знясільваючыя практыкаванні і кароткія бліскучыя хвіліны поспеху. Танец выкладалі цяпер француз Ле Ду і танцоўшчык з прыгонных - Рымінскі. Яны вылучылі Апалонію сярод іншых. Дзяўчыне пачалі давяраць галоўныя ролі.

У 1785 г. мара Тызенгаўза пра паказ свайго балета ў Варшаве збылася. Гэта быў спектакль «Гілас і Сільвія», створаны Ле Ду. На жаль, нам невядома дакладна, хто з дзяўчат выконваў тады галоўную ролю. Можа, яна - васемнаццагадовая Апалонія іграла Сільвію?

Як бы там ні было, але польскі кароль Станіслаў Аўгуст Панятоўскі прыйшоў у захапленне.

У гэтым жа 1785 г. Тызенгаўз памёр. Перад смерцю ён паспеў скласці завяшчанне, у якім перадаваў артыстаў у каралеўскую ўласнасць.

Так Дарэўская трапіла на Варшаўскую сцэну.

Трупа, першай салісткай якой стала Апалонія, насіла гучную назву «Таварыства танцоўшчыкаў яго каралеўскай вялікасці». Гэта была першая польская трупа. А існавала яна з 1780 г. Усе артысты, што ўваходзілі ў яе, былі сялянскага паходжання. Амаль трэць танцоўшчыкаў трапіла сюды з Беларусі. Гэта іх вельмі збліжала паміж сабой.

Станіславу Аўгусту Панятоўскаму, які лічыў сябе «ліцьвінам знатнага паходжання», бо нарадзіўся і прыняў хрост на літоўскіх землях, пэўна, было вельмі прыемна, што славу Польшчы ствараюць яго землякі. Ён усяляк заахвочваў і вылучаў іх.

Яго вялікасць адразу заўважыў яркую знешнасць Апалоніі і сказаў, што ёй вельмі падыдуць ролі гераінь тэмпераментных, жывых, вясёлых. І харэографы, каб дагадзіць манарху, пачынаюць складаць рэпертуар «пад Апалонію». Дарэўская з вялікім поспехам танцуе ў балетах «Мірза і Ліндор», «Рыбакі», «Лукас і Калінета». Дарэчы, у апошнім знайшліся выгадныя ролі і для яе сябровак Чаклінскай і Карніцкай. Акрамя каралеўскіх сцэн, усе тры дзяўчыны выступаюць і ў Тэатры паспалітым. Неўзабаве Апалонія Дарэўская становіцца папулярнай асобай. Яе ведаюць і любяць.

1794 год, які карэнным чынам паўплываў на лёс Польшчы, змяніў і жыццё каралеўскай прыма-балерыны. Другі падзел слабай Рэчы Паспалітай драпежнікамі (Аўстрыяй, Прусіяй і Расеяй) ускалыхнуў народныя масы. Пачалося паўстанне. Армію паўстанцаў узначаліў генерал Тадэвуш Касцюшка.

Панятоўскі апынуўся ў няпэўным становішчы. З аднаго боку, ён не мог хаця б на словах не падтрымаць дзеянні сваіх падданых, з другога ж - добра памятаў, што ўзышоў на прастол па волі расейскай імператрыцы Кацярыны II.

Калі ў 1764 г. перад Расеяй паўстала пытанне, чыю кандыдатуру падтрымліваць на польскую карону, Кацярына ўспомніла сваё даўняе каханне, маладога сакратара ангельскага пасольства Станіслава Панятоўскага, ад сувязі з якім у яе была нават дачка Ганна.

Стаўшы польскім каралём, Панятоўскі заўсёды прымаў такія рашэнні, якія маглі быць патрэбны расейскай імператрыцы.

На гэты раз ён даволі доўга хістаўся, але ў рэшце рэшт зноў аддаўся на волю ўладнай Кацярыны II. Паўстанне Касцюшкі было задушана. У 1795 г. Аўстрыя, Прусія і Расея здзейснілі трэці, і апошні, падзел суседняй дзяржавы, пасля якога Рэч Паспалітая перастала існаваць. Станіслаў Аўгуст быў вымушаны адмовіцца ад прастола. Кацярына пасяліла экс-караля ў Пецярбургу, дзе ён жыў у дастатку, але, вядома, без пашаны.

Падчас названых падзей танцоўшчыкі яго вялікасці раптам аказаліся без гаспадара. Але цяпер ужо слава працавала на Апалонію. З 1794 па 1797 г. яна танцуе ў прыватных антрэпрызах Варшавы і Гданьска і пад уласным імем і пад псеўданімам - Дарота. Магдалена Карніцкая выбрала такі ж шлях, але працавала ў іншых антрэпрызах. Яна выйшла замуж і змяніла прозвішча на мужава - Дырэнталь. Марыяна Чаклінская, атрымаўшы волю, пасля 1797 г. пакінула сцэну.

Ці часта ўспамінала Апалонія Дарэўская пра свайго караля? Шкадавала ці асуджала яго ў душы?

Многія ў тыя часы наракалі на Панятоўскага, бо з-за яго бесхрыбетнасці Польшчы давялося перажыць не толькі тры ганебныя падзелы, але і нечуваную абразу ўласнага гонару - сімвал каралеўскай улады, трон, які ў якасці трафея быў дастаўлены з Варшавы ў Пецярбург, Кацярына II прыстасавала пад начны гаршчок. Праўда, імператрыца якраз седзячы на гэтым гаршку - польскім троне, хутка памерла, што палякі расцанілі як помсту ёй з боку ўсявышняга.

Не раз успомніў былы кароль пра шчаслівы час, калі ён знаходзіў задавальненне ў наведванні варшаўскіх тэатраў. Неяк Панятоўскі загадаў знайсці Апалонію і прывезці яе ў Пецярбург. Ён хацеў мець побач з сабой жывы напамін пра радзіму. І яна паспела прыехаць і суцешыць таго, хто быў яшчэ зусім нядаўна яе манархам. Праз год Станіслаў Аўгуст памёр (1798). Апалоніі было тады больш за трыццаць. Не жадаючы перажыць уласную славу, яна пакінула сцэну. Далейшы яе лёс невядомы.

У розны час у Расею трапілі і многія іншыя беларускія танцоўшчыкі, сярод якіх найбольшую вядомасць атрымалі дынастыі Ніжынскіх і Кшысінскіх. Сваёй творчасцю яны прымнажалі славу расейскага балета, яшчэ заклаўшы раней фундамент беларускага, які зараз, безумоўна, перажывае час свайго росквіту і міжнароднага прызнання.




Крыніца: Ірына Масляніцына, Мікола Багадзяж. Слава і няслаўе. Менск, Народная асвета, 1995.

Беларуская Палічка: http://knihi.com