epub
 
падключыць
слоўнікі

Ірына Масляніцына, Мікола Багадзяж

Лекарка манархаў (Саламея Рэгіна Русецкая)

Саламея Рэгіна Русецкая, 1718 - пасля 1760 гг.

 

...май літасці болей

Ты над лёсам няўдалым, над маёю

нікчэмнаю доляй,

Бо грахі мне прынеслі столькі

пакутаў,

І нястач, і нягод, і душы маёй мукаў.

С.Русецкая. «Песня»

 

Жанчына - пяшчотнае, слабае стварэнне, дэкаратыўная кветка, якая вырошчваецца ва ўмовах раскошы і бяздзейнасці, якой можна ганарыцца, паказваючы яе саноўным гасцям у час баляў і прыёмаў. Такой ва ўяўленні нашых продкаў павінна быць шляхцянка. Жанчына - гэта дамаседка, клапатлівая гаспадыня, маці і паслухмяная жонка. Такой хацелі бачыць продкі прадстаўніцу ніжэйшых саслоўяў.

Нарадзілася Саламея ў 1718 г. на Наваградчыне. Бацька яе, Яўхім Русецкі, хутчэй за ўсё быў прадстаўніком так званага трэцяга саслоўя, г. зн. мешчанінам. У 1731 г. чатырнаццацігадовую дзяўчыну выдалі замуж за лекара-немца Якуба Хальпіру. Маладажоны ў тым жа годзе накіраваліся ў Стамбул, дзе ў хуткім часе Хальпір распачаў лекарскую дзейнасць. Жонка нечакана для яго праявіла да заняткаў мужа вялікую цікавасць і неўзабаве пачала дапамагаць яму. А паколькі яна вызначалася назіральнасцю, розумам і даволі вялікімі здольнасцямі, то ў хуткім часе пачала працаваць самастойна. Выпадак зводзіць Саламею з іракскім лекарам, які, заўважыўшы цікавасць маладой жанчыны да медыцыны, навучыў яе лячыць некаторыя хваробы вачэй. Мала-памалу Саламея набыла столькі ведаў і вопыту, што атрымала дазвол самастойна практыкаваць. Па мусульманскіх звычаях мужчына, нават лекар, не мог наведваць гарэмы. А прававерныя мусульманкі не мелі права лекаваць пацыентаў-мужчын. Саламея ж магла практыкаваць і сярод мужчын, і сярод жанчын. Гэта зрабіла яе вельмі папулярнай.

Неўзабаве ў яе мужа здарылася вялікая непрыемнасць. Пасля прыняцця чарговай дозы мікстуры, якую выпісаў Хальпір, яго пацыент (важны саноўнік) нечакана памёр. Якубу пагражала пакаранне смерцю. Але ўмяшалася Саламея. Яна абвінаваціла ва ўсім канкурэнта свайго мужа лейб-медыка султана Даніэля Фансеку, які ў час прыгатавання мікстуры знаходзіўся ў тым жа памяшканні і быццам бы той знарок падмяшаў у мікстуру атруту. Так гэта было ці не - сказаць цяжка. Але Фансека спалохаўся і без пярэчанняў згадзіўся заплаціць велізарныя грошы сям'і нябожчыка ў якасці кампенсацыі. Саламея святкавала перамогу. Лейб-медык жа вырашыў адпомсціць ёй. Ён дабіўся таго, каб Саламеі забаранілі лячыць мужчын. У жанчын жа ёй дазвалялася лячыць толькі захворванні вачэй.

Вышэйпамянёны ўказ моцна ўдарыў па яе матэрыяльным становішчы. А яшчэ больш па самалюбству. Маладая лекарка пачала шукаць шляхі, якія далі б ёй магчымасць дабіцца адмены абмежаванняў. Дапамог выпадак. Адзін з прыбліжаных султана звярнуўся да яе з просьбай вылечыць сваяка. У таго была мочакаменная хвароба. Саламея згадзілася. Яна ўдала правяла лячэнне, і абмежаванні ў дзейнасці былі зняты.

Дзесьці ў гэты час ускладніліся адносіны з мужам. Паспрыяла таму раптоўная нервовая хвароба маладой жанчыны. У яе пачаліся істэрыкі, якія суправаджаў параліч. Саламея скардзілася на тое, быццам на яе наслалі чары зайздроснікі. Абстаноўка ў доме стала невыноснай, і Якуб збег у Боснію, пакінуўшы жонку з маленькай дачкой у Стамбуле.

Ачуняўшы, Саламея накіроўваецца следам за ім. Яна марыць памірыцца. Грошай у яе, пэўна, было няшмат, таму жанчына вымушана была падзарабляць па дарозе. Можна меркаваць, што пацыенты плацілі ёй нядрэнна. Пра гэта сведчыць тое, што са Стамбула яна выехала толькі на павозцы і толькі з адным слугой. У горадзе ж Філіпбеі ўжо змагла наняць яшчэ двух слуг і дзесятак коней.

Шлях ляжаў праз Балканы, дзе яе падвяла яе ж вядомасць. Разбойніку Рудому Хусейну, які панаваў са сваёй шайкай у гэтых мясцінах, паведамілі, што з гандлёвым караванам, які накіроўваецца да перавалу, едзе лекарка Саламея, пераапранутая ў мужчынскае адзенне. Караван быў захоплены, усе спадарожнікі перабіты, а самой лекарцы разбойнікі загадалі ехаць з імі ў горад Карлава. Атаман пажадаў, каб Саламея занялася здароўем яго сваяка. Дарэчы, ён выказаў здзіўленне, чаму такая славутасць, як яго палонная, падарожнічае без канвою? Саламея зноў паказала свой розум і веданне чалавечай псіхалогіі. Яна адказала: «О, эфендзі, нават калі б у мяне быў канвой з пяцісот коннікаў, яны б не ўтрымалі націску воінаў храбрага віцязя Сары-Хусейна». Зразумела, што такі адказ узрушыў разбойніка.

Сваякі атамана сустрэлі лекарку як ганаровую госцю. Яе пасялілі ў асобным доме і прадаставілі ўсё неабходнае. Саламея цалкам задаволіла спадзяванні яе захопніка. Пацыент адчуў сябе лепей настолькі, што змог хадзіць, праўда, пры дапамозе мыліц.

Больш таго, маладая лекарка пазбавіла і самога Сары-Хусейна ад хваробы, якую ў сваім дзённіку, апублікаваным пазней, называла «чырвоныя вочы». Хутчэй за ўсё, гэта быў запушчаны кан'юнктывіт. Разбойнікі шчодра аддзячылі яе і адпусцілі, прыбавіўшы для праводаў і аховы ад «калег» Сары-Хусейна яго ганаровы канвой.

У Сафіі яна нечакана сустрэла мужа. Якуб прыехаў падлячыць свае суставы на мінеральных водах. Але радасці гэта сустрэча не прынесла ні яму, ні Саламеі.

Значна больш, чым муж, яе зацікавіў ці то слуга, ці то раб, які прыехаў разам з Хальпірам. Італьянец па паходжанні, ён служыў лекарам на караблі рыцараў-мальтыйцаў. За той час, які ён з Хальпірам правёў на мінеральных водах, італьянец паспеў значна пашырыць веды сваёй новай знаёмай. Дзякуючы яму, Саламея набыла, у рэшце рэшт, больш-менш сістэматычную медыцынскую адукацыю. Італьянец навучыў яе асновам латыні, прынамсі, - выпісцы рэцэптаў. У хуткім часе яго адпусцілі на волю і дазволілі вярнуцца на радзіму. На развітанне і ў знак падзякі італьянец падарыў вучаніцы набор кніг па медыцыне і фармакалогіі.

У сямейным жа жыцці Хальпіраў не адбылося ніякіх змяненняў. Пасля заканчэння курсу лячэння Якуб паехаў назад у Боснію. Саламея ж, якая ў гэты час была ўжо лекаркай шматлікіх жонак сафійскага пашы Купру-улу, засталася.

Канец сямейным сваркам паклала раптоўная смерць Хальпіра. Перад дзевятнаццацігадовай удавой адкрываліся шырокія перспектывы. Тым больш што грошы і маёмасць Якуба, якія належалі Саламеі па праву спадчынніцы, давалі ёй магчымасць на больш-менш забяспечанае існаванне.

Але ўсе планы перакрэсліла вайна, якую ў гэты час Турцыя вяла з Расеяй. Правіцелі Аўстрыі і Венгрыі выкарысталі такую сітуацыю для ажыццяўлення сваіх захопніцкіх планаў. Яны справакавалі паўстанне прыгнечаных туркамі сербаў і балгар. Больш таго, яшчэ і ўступілі ў вайну на баку Расеі. Але пышныя парадныя генералы аўстрыйскага і венгерскага манархаў аказаліся бяздарнымі палкаводцамі. Яны пацярпелі паражэнне і адступілі, а няшчасныя сербы і балгары, што даверыліся ім і падтрымалі, былі жорстка пакараны туркамі. На працягу трох сутак салдаты турэцкага султана забівалі ўсіх знойдзеных імі мужчын ад 18 да 60 гадоў. Жахі, сведкай якіх аказалася Саламея ў тыя дні, настолькі ўразілі яе, што яна вырашыла пакінуць службу ў пашы (дарэчы, вельмі выгадную для яе). Саламея пераапранулася ў адзенне янычара, узяла дачку і слугу і збегла з Сафіі.

Лёс прывёў яе ў Відзін - горад, які быў галоўным фарпостам туркаў на некаторай частцы Балгарыі. Тут яна ўбачыла вартую жалю карціну - тысячы закутых у кайданы аўстрыйскіх салдат і афіцэраў. Яна ведала, што большасць з іх чакае рабства. Сэрца яе напоўнілася жалем, і Саламея выкупіла чатырох афіцэраў і адну афіцэрскую ўдаву. Пасяліліся яны ў доме выратавальніцы. Саламея, аднак, разлічвала на тое, што ёй кампенсуюць панесеныя расходы. І вось у Аўстрыю пайшлі лісты. Родныя большасці з выкупленых Саламеяй адгукнуліся вельмі хутка. Толькі ад родзічаў прапаршчыка Фартуната-Ежэфа дэ Пільштына ніякіх вестак не прыйшло. І ён пакуль вымушаны быў застацца з Саламеяй.

У гэты час лекарку напаткала новая непрыемнасць. Відзенскі паша Хайваз Мехмет загадаў ёй вылечыць трансільванскага князя Іожэфа Ракачы. Туркі былі вельмі зацікаўлены ў яго здароўі, бо мелі намер зрабіць яго венгерскім каралём. Лекарка выканала загад. Пацыент нечакана захапіўся ёю і пачаў заляцацца. Ды і нядзіўна. Саламея была вельмі прыгожай жанчынай. Тым не менш усе заляцанні аказаліся марнымі. Тады Ракачы вырашыў пакараць непрыступную прыгажуню. Ён настрачыў данос, абвінаваціўшы Саламею ў шпіёнстве на карысць Аўстрыі. І жанчыне давялося бегчы пад пагрозай смерці. Разам з дачкой, слугамі і апошнім выкупленым палонным на выпадковым караблі яна адплывае ўніз па Дунаі. Саламея так спяшалася, што не ўзяла нават пашпарт. З-за гэтага ў горадзе Рушчуку яе арыштавалі. Зноў ёй пагражае смерць. І зноў Саламею выратоўвае яе майстэрства. Якраз у тую ноч, калі яе схапілі, захварэў сын мясцовага скарбніка. Ніводзін лекар не змог дапамагчы яму. Тады арыштаваная прапанавала свае паслугі. На трэці дзень хворы адкрыў вочы, а пасля поўнага курсу лячэння (сорак дзён) цалкам ачуняў.

Турэцкі скарбнік аказаўся больш удзячным, чым трансільванскі князь - і Саламея атрымала волю і нават дазвол ехаць у Расею. Прычыну для выезду яна знайшла вельмі хутка - пад Азовам у расейскі палон трапіла некалькі турэцкіх афіцэраў, якія паходзілі з Русы. Саламея паабяцала вызваліць іх. На тэрыторыі Рэчы Паспалітай лекарка выйшла замуж за Пільштына. Муж яе паступіў на службу да вялікага гетмана літоўскага Міхала Радзівіла Рыбанькі. Русецкая нядоўгі час папрацавала ў Нясвіжы доктаркай, а затым, пакінуўшы мужа і дачку, якую ўладкавала да манахінь бенедыктынак, накіравалася праз Рыгу і Нарву ў Пецярбург.

Але патрапіць на прыём да імператрыцы Ганны Іванаўны аказалася вельмі цяжка. А без гэтага вызваліць туркаў было немагчыма. Не дапамаглі ні рэкамендацыі, ні тое, што Саламея вылечыла некаторых з саноўнікаў. Цікавасць імператрыцы да лекаркі ўзнікла, як ні дзіўна, дзякуючы плёткам, што ішлі сярод слуг. Тыя былі сведкамі аперацыі па выдаленню катаракты, якую правяла Саламея. Лекарка выратавала ад слепаты простую дзяўчыну, што працавала ў доме старога бандурыста. У той жа вечар лекарку запрасілі да імператрыцы. Тая адразу прыняла лекарку ў штат прыдворнай абслугі. Да Саламеі адразу пачалі звяртацца прыдворныя дамы. Можа, зайздрасць, а можа, антынавуковыя метады, якімі карысталася новая лекарка, выклікалі незадавальненне яе калег. Пачаліся інтрыгі. Аднак Саламея, дзякуючы сваім здольнасцям і жывому розуму, падабалася імператрыцы. Да ўсяго ж тую вельмі цікавілі расказы прыхільніцы пра яе жыццё ў Турцыі, пра звычаі і норавы, якія бытавалі там. Карыстаючыся такімі адносінамі, лекарка папрасіла падарыць ёй двух палонных туркаў. Імператрыца расшчодрылася і падарыла чатырох. А на развітанне наказала выдаць тысячу рублёў, набор срэбраных кубкаў, адрэзы тканіны і сурвэткі з гербамі.

Па ўказу імператрыцы Саламеі аддалі чатырох туркаў - двух янычараў і двух афіцэраў-сіпахаў. Да мяжы Рэчы Паспалітай дабраліся спадарожнікі амаль без прыгод. Праўда, у адной карчме прыйшлося адбівацца ад нападу разбойнікаў. Але ўсё скончылася добра. А вось на Беларускай зямлі... Тут Саламея пабедавала. Рыбанька, які памятаў, як уцякла ад яго лекарка, забраў туркаў і адправіў на радзіму, а нашу гераіню паслаў да мужа. Той служыў у гэты час у глухой палескай вёсцы Лахва, размешчанай на тэрыторыі цяперашняга Лунінецкага раёна. Ціхае, размеранае жыццё не спадабалася Саламеі. Ды і Пільштын пачаў расчароўваць яе. Хутка яна засумавала і стала шукаць падставу пакінуць гэтыя мясціны. Аднойчы Саламея заявіла, што едзе да бацькоў мужа, каб спагнаць з іх тыя грошы, якія заплаціла за яго ў якасьці выкупу. Ёй дазволілі. І вось, нягледзячы на тое, што яна чакае дзіця, яна едзе ў Аўстрыю. Дарэчы, дачку сваю прыгодніца зноў пакінула. Толькі на гэты раз не ў кляштары, а ў жонкі смаленскага каштэляна Шчыта.

Бацькі Фартуната сустрэлі нечаканую госцю вельмі цёпла. Праўда, аддалі ёй толькі трэць сумы, якую яна затраціла на выкуп. З размоў Саламея зразумела, што бацькі яе мужа былі ім вельмі не задаволены. Той з дзяцінства вызначаўся непаслухмянасцю, растраціў шмат грошай, а галоўнае - насуперак волі бацькі паступіў на ваенную службу.

Падарожніца накіроўваецца ў Вену і пачынае хадайнічаць, каб імператарская казна вярнула ёй грошы. Яна дайшла да імператара Карла VI. Той паабяцаў выканаць просьбу, але падмануў. У роспачы Саламея звярнулася да імператрыцы і атрымала ад яе... 5 залатых дукатаў. У рэшце рэшт прасіцелька зразумела, што ўсе яе намаганні марныя. Трэба было вяртацца дадому. Але грошы скончыліся. Ды яшчэ і час родаў набліжаўся. Адчай прымусіў яе звярнуцца да пасла Турцыі Джані-бея Алі-эфендзі з прапановай сваіх паслуг у якасці лекаркі членаў пасольства. Той згадзіўся: новая лекарка выдатна ведала турэцкую мову і магла абыходзіцца без перакладчыка. Хутка яе майстэрства стала вядома і жыхарам Вены. Да Саламеі пачалі звяртацца і аўстрыйцы.

Тут, у Вене, яна нарадзіла хлопчыка, які атрымаў імя Францішак-Ксаверый. Здавалася б, усё ідзе добра. Але зямлячку нашу зноў пацягнула ў дарогу. Не спыніла нават тое, што шлях яе пралягаў па ахопленых вайною землях. Якраз перад гэтым памёр Карл VI, і яго сусед - прускі кароль Фрыдрых II - вырашыў скарыстаць гэты момант для павелічэння тэрыторыі свайго каралеўства. Дарэчы, прыгодніца змагла прабіцца на прыём да ваяўнічага Фрыдрыха. І нават ён не ўстаяў перад яе абаяннем і дазволіў выехаць з захопленай ім Сілезіі.

Дома Саламея са здзіўленнем даведалася, што Фартунат забраў сваю падчарку і выхоўвае яе сам.

«Добрыя людзі» паведамілі ёй таксама, што ў яе мужа былі «амуры». У адчаі Саламея вырашае схавацца ў кляштары ў Львове. Фартунату ўдаецца на гэты раз вярнуць яе ў сям'ю. Аднак, нягледзячы на ўсе яго намаганні, сямейнае жыццё так і не наладзілася.

Хутка Саламея зноў вырашае кінуць мужа і выехаць за мяжу. Падстава - неабходнасць атрымаць выкуп ад турэцкіх афіцэраў, якіх яна вызваліла калісьці з расейскага палону. Усё было амаль як і ў мінулы раз. Зноў падарожжа па выкуп. Зноў за мяжу. Зноў яна чакае дзіця. Дачку, праўда, яна пакінула на айчыма, але двухгадовага сына чамусьці даверыла не яму, а ўдаве брацлаўскага каштэляна. Зноў недахоп грошай. Зноў Саламея займаецца лячэннем у кожным сустрэчным горадзе. У адным з іх - Бухарэсце нараджае сына, якога называе Станіслаў Костка.

А з атрыманнем грошай зноў клопаты. Янычары адразу заплацілі названую ёю суму, а вось сіпахі адмовіліся. Яны спасылаліся на тое, што з няволі іх адпусціў Радзівіл, потым пачалі сцвярджаць, што нібыта самі збеглі з палону, а лекарка, маўляў, толькі дапамагла ім перабрацца з Расеі. Каб не плаціць, сіпахі звярнуліся ў стамбульскі дыван. Але Саламея аказалася хітрэйшай. Яна звязалася з былым паслом Турцыі ў Расеі. Ях'я-паша ведаў яе яшчэ па Пецярбургу. І вось саноўнік атрымаў ад султана фірман, у якім гаварылася аб вырашэнні справы на карысць Саламеі.

І вось суд у Русе. Сіпахі падаюць суддзі рашэнне дывана, паводле якога яны павінны вярнуць лекарцы толькі выдаткі за праезд ад Нарвы да Беларусі. Усе, як кажуць, задаволены. Але тут Саламея паказвае фірман. Агульная разгубленасць. Ніхто не чакаў такога павароту справы. Адзін сіпах згаджаецца тут жа аддаць грошы. А вось другі пачынае пагражаць Саламеі, больш таго - заяўляе, што хутчэй расправіцца з ёю з дапамогай слуг, чым аддасць грошы. Нечакана і для яго, і для іншых удзельнікаў дваццацідвухгадовая танклявая жанчына выхоплівае невядома адкуль пару пісталетаў і заяўляе: «І ў мяне хопіць пораху на тваіх слуг. Аддай мне тое, што належыць, а пасля няхай будзе, што Бог дасць». Пад дуламі гэтых пісталетаў сіпах вымушаны быў аддаць грошы. Адкуль яму, бедалазе, было ведаць, з кім ён звязаўся? Ды і хто мог падумаць, што грацыёзная жанчына з дзяцінства любіць стральбу?

Пасля гэтых падзей Саламея яшчэ два гады пражыла ў Турцыі. Затым перабралася ў Рэч Паспалітую. Усю сям'ю сабрала ў Камянцы-Падольскім. Здавалася, што ў рэшце рэшт пачнецца ціхае сямейнае жыццё. Але тут жа амаль адначасова на яе абрынуліся два няшчасці. Яе кінуў Фартунат Пільштын. Да таго ж камендант мясцовага замка Бякерскі арыштаваў яе, а маёмасць апячатаў. Зрабіў ён гэта для таго, каб не аддаваць пазычаныя ў лекаркі грошы. Аднак Саламеі ўдалося збегчы. Праз пэўны час яна змагла сустрэцца з вялікім каронным (польскім) гетманам Юзэфам Патоцкім. Аповед дваццаціпяцігадовай жанчыны аб яе бедах, аб той беззаконнасці, якую праявіў Бякерскі, расчуліў Патоцкага. Маёмасць была вернута.

Авантурыстка, лекарка, падарожніца, Саламея ўсё ж заставалася жанчынай, не застрахаванай ад чараў кахання. Яе страснасць накладвала адбітак на ўсе яе справы. Можа, таму, мяркуем мы зараз, праз 200 гадоў пасля таго, як адбываліся ўсе гэтыя падзеі, не ўдалося давесці гэтай таленавітай жанчыне да канца ніводнай са сваіх задум? Яна змагла стаць вельмі добрай і нават моднай у вышэйшых колах лекаркай, але залішняя страснасць і нецярплівасць яе чыста жаночага характару не дазволілі ёй у поўнай меры прысвяціць жыццё медыцыне. Няўрымслівая натура Саламеі прымушала яе часта мяняць месцажыхарства. Вандроўніцтва прыносіла маладой жанчыне вялікае задавальненне. Яна нават вяла дзённік, запісваючы ў яго ўсё ўбачанае і пачутае. Але сістэмнасці, як у сапраўднага падарожніка, у яе пераездах не было. Саламею вельмі цягнула на авантуры. Яна любавалася сабою, апранаючыся ў мужчынскае адзенне і распіхваючы па кішэнях пісталеты. У крытычных сітуацыях яна са сваёй вынаходлівасцю выглядала больш прывабнай, чым у ціхія перыяды свайго жыцця. Але ніякай мэты ў пагоні за прыгодамі перад сабою Саламея не ставіла.

Магчыма, такое дзіўнае спалучэнне моцы са слабасцю, яркага розуму і таленту з легкадумнасцю робіць асабліва прывабным для нас яе вобраз.

Усе гэтыя думкі прыходзяць у галаву, калі знаёмішся з усімі падзеямі, якія былі звязаны з першым у яе жыцці каханнем; калі бачыш, як вялікае вельмі моцнае і... сумнае пачуццё прыносіць ёй боль і гора. А прыйшло ўсё гэта пасля знаёмства з вельмі прыгожым афіцэрам. Заўважым, што гэты васемнаццацігадовы войт быў ужо закаранелым мотам і сэрцаедам. Ён выкарыстоўваў частыя ад'езды лекаркі то да аднаго хворага, то да другога, для чарговых гулянак. Мала таго, што каханак прамотваў усе грошы Саламеі, дык яшчэ аднойчы закрыў старэйшага сына яе ў сырым склепе. Зрабіў ён гэта, каб хлопчык не ўбачыў і не расказаў маці аб яго п'янках і аб пасіях. Дзіця застудзілася і памерла ад запалення лёгкіх.

Саламея вырашыла пакінуць пасля ўсіх гэтых падзей Польшчу і пераехаць у Расею. Яна спадзявалася стаць лекаркай пры двары расейскай імператрыцы Лізаветы Пятроўны, якая змяніла на прастоле Ганну Іванаўну. Саламея была ўпэўнена, што ўлады дазволяць ёй выехаць, таму ў чарговы раз змясціла дачку ў кляштар. Але падарожную ёй не выдалі. Да таго ж Расея ўвяла саракадзённы каранцін для ўсіх, хто перасякаў яе мяжу. Наша ж гераіня, абмінаючы перашкоды, таемна едзе ў Кіеў, дзе трапляе на прыём да генерал-губернатара. Зноў яна прымяніла сваё абаянне, і сэрца чарговага аб'екта не вытрымала яе псіхічнай атакі. Губернатар дараваў Саламеі яе ўчынак і дазволіў жыць у горадзе. Саламея звярнулася да імператрыцы з просьбай дазволіць прыехаць у Пецярбург і ўладкавацца лекаркаю пры двары. У чаканні мінуў амаль год. І вось - станоўчы адказ. Пачаліся зборы. І якраз у гэты час у Кіеве з'явіўся былы каханак з сябрам. Ён сустрэўся з лекаркай, нагаварыў ёй кучу прыгожых слоў, і яна... растала. Дзіўнае жаночае сэрца! Але каханак нядоўга гасцяваў у сваёй «адзінай». Ён абакраў яе і на яе ж санях збег у Рэч Паспалітую. Саламея кінулася са скаргай да генерал-губернатара. Той даў ёй дваццаць кавалерыстаў, каб злавіць злодзея. Але каханак раней іх паспеў да граніцы. Кавалерыстам засталося толькі скрыгатаць зубамі ад злосці, мацюкацца ды прыгаворваць: «Ах, ... збег лях, хахол, злодзей...»

Лекарка паехала па сваю маёмасць у Камянец-Падольскі. Там яна збіралася падаць у суд. Ды і «каханаму-любаму» хацела паглядзець у вочы. Але ёй паведамілі, што той схаваўся ў кляштары. Праз некалькі дзён наша зямлячка зайшла ў касцёл на споведзь і нечакана для сябе сустрэла там каханка. Ён са слязьмі на вачах прасіў Саламею не губіць яго, не ўзбуджаць судовай справы. Пры гэтым зноў прыгадваў аб сваім каханні, даваў абяцанні вярнуць усё, што ўкраў. Жанчына, як ні дзіўна, зноў паверыла яму. І зразумела, зноў падманулася. Ёй вярнулі далёка не ўсё.

Усё гэта настолькі выматала бедную Саламею, што яна і думаць не магла аб тым, каб кудысьці ехаць альбо чагосьці дабівацца. Злодзей са сваім сябрам так і не быў пакараны. Ды і ад вандроўкі ў Пецярбург давялося адмовіцца. Саламея пасялілася ў Дубне. Яна забрала з кляштара дачку і хутка выдала яе замуж. Сына, які ў гэты час вучыўся ў школе, перавезла з Львова ў Камянец-Падольскі, бліжэй да сябе.

Мінула некалькі гадоў. Але характар вечнай вандроўніцы зноў заварушыўся. Саламея перабіраецца ў іншае месца. Яна пасялілася ў турэцкіх уладаннях у Малдавіі. Пра гэта даволі хутка даведваецца вялікі янычар-ага (галоўнакамандуючы янычарскім войскам), у якога была хворая пляменніца. Яна страціла зрок у маладыя гады. І вось Саламею запрашаюць у Стамбул. Для гарантавання ж бяспекі накіравалі да яе восем янычараў.

Так лекарка зноў апынулася ў горадзе, дзе прайшло яе юнацтва. Яна вылечыла пляменніцу янычар-агі. Таксама паспяхова прайшло лячэнне і іншых хворых, сярод якіх былі турэцкія саноўнікі, сёстры султана Айшэ і Асма, яго ж жонкі і наложніцы. Праз пэўны час Саламея стала лекаркай султанскага гарэма.

Здаецца, што ў рэшце рэшт жыццё вечнай вандроўніцы наладзілася. Усеагульная павага, пастаяннае месца працы, добрыя грошы, спакой. Але ў 1760 г. у Стамбул прыязджае польскае пасольства. У яго склад уваходзіў сябра былога каханка С.Завадскі і... васемнаццацігадовы сын Саламеі Станіслаў. Яна вельмі ўзрадавалася, хацела, каб ён застаўся з ёю. Але той ці то па свайму жаданню, ці то па парадзе Завадскага, які настройваў юнака супраць маці, адмовіўся і паехаў дадому. Гэта вельмі яе засмуціла. Каб забыць такое здарэнне, Саламея зноў адправілася ў падарожжа. На гэты раз яна збіраецца пабываць у «Святой зямлі». У яе планы ўваходзіла наведаць не толькі Палесціну, але і Егіпет.

Ажыццявіла яна свой намер ці не, невядома, як невядомы і далейшы яе лёс. Аб папярэднім, ужо расказаным да гэтых старонках бурным, поўным прыгод і самых неверагодных здарэнняў жыцці Саламеі Русецкай мы даведваемся дзякуючы яе дзённіку. Напісаны ён па-польску. Рукапіс знаходзіцца ў Кракаве, у Нацыянальным музеі.

Беларускі чытач змог пазнаёміцца з гэтым дзённікам у 1993 г., калі выдавецтва «Мастацкая літаратура» выпусціла ў свет беларускі пераклад кнігі пад назвай: Саламея Пільштынова «Авантуры майго жыцця».


1994?

Тэкст падаецца паводле выдання: Ірына Масляніцына, Мікола Багадзяж. Слава і няслаўе. Менск, Народная асвета, 1995.
Крыніца: скан